УСТАЎНЫ́Я СКА́ЗЫ,

сінтаксічныя канструкцыі, якія ўводзяцца ў пэўны сказ і выконваюць у ім тыя ж функцыі, што і ўстаўныя словы. Маюць форму простых і складаных сказаў рознай будовы. Далучаюцца да паясняльных ці ўдакладняльных членаў асн. сказа пры дапамозе сэнсава-інтанацыйнай, злучнікавай сувязі і займаюць у адносінах да іх постпазіцыйнае становішча. У адрозненне ад пабочных сказаў не маюць суб’ектыўна-мадальных значэнняў.

У мове выконваюць важную семант. ролю. Могуць выражаць значэнні: суадпаведнасці — «Мікола Ігнатовіч, — а гэта быў ён — без асаблівага энтузіязму пераступіў парог» (М.​Лынькоў); супраціўнасці, супрацьпастаўленасці або ўступальнасці — «Я гляджу і не магу нагледзецца (што з таго, што ноч і змрок густы!) на цябе, Вялікая Мядзведзіца» (П.​Панчанка), «Не будку мае Жук — палацы (хоць не свае, вядома, працы)» (К.​Крапіва); падкрэсленасці — «Максім з чамаданам і клункамі ў руках увайшоў у прасторную і высокую — хоць цэпам махай — залу вакзала» (М.​Машара); прызначанасці — «А ніжэй маста, адразу ж ад дарогі (дарога нібы мяжой была) пачынаецца заліўны луг» (І.​Шамякін); абумоўленасці — «І цікавілася маці — сэрца матчына вядома, — як на службе там дзіцяці, ці там лепей, ці мо дома» (Я.​Купала); месца — «У адным сяле (не важна дзе) хадзіў Баран у чарадзе» (К.​Крапіва); часу — «На трэці дзень увечары (пазнавата ўжо было) Пятро Тодаравіч вярнуўся дадому» (К.​Чорны); прычыны — «Яны аднекуль здалёку прывезлі калючых саджанцаў — блізка ад Рослікаў саду нідзе не было» (Р.​Сабаленка); умовы — «Я свой абавязак (калі спатрэбіцца) заўсёды выканаю» (А.​Якімовіч); паяснення — «Дзям’ян быў з тых на Панятоўшчыне (так называлася вёска, дзе ён жыў з маленства), якія маўкліва і засмучана сустрэлі ворагаў» (П.​Кавалёў); заўвагі аб характары дзеяння, эмацыянальным стане, паводзінах асобы, яе адчуванні і інш. У.с. ўзбагачаюць зместава-інфармацыйную структуру сказа, яго семант. аб’ём, унутр. моўна-стылістычныя, выяўл. магчымасці і як сродкі дакладнага адлюстравання рэчаіснасці шырока ўжываюцца ў розных жанрах маст. л-ры.

Літ.:

Гл. пры арт. Устаўныя словы.

А.​І.​Наркевіч.

т. 16, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕЛЬЕТО́Н (франц. feuilleton ад feuille аркуш),

жанр мастацка-публіцыстычнай літаратуры, якому ўласцівы надзённасць, элементы сатыры (іронія, сарказм), экспрэсіўнае выяўленне адносін аўтара. Засн. пераважна на рэальным факце, накіраваны супраць канкрэтных з’яў і асоб. Пішацца празаічнай і вершаванай моваю, выкарыстоўвае розную літ. форму — дзелавога ліста, дзённіка, даклада, маналога і інш.

Першапачаткова ў Францыі (з 1800) Ф. наз. ўкладзены ў газету спец. лісток для тэатр. хронікі, рэцэнзій, паведамленняў пра моды і інш. (выкарыстоўваўся як назва рубрыкі). Як публіцыстычны жанр народжаны франц. рэвалюцыяй 1789—94 (памфлеты Ж.​П.​Марата, К.​Дэмулена). У жанры Ф. актыўна выступалі Г.​Гейнэ, Г.​Веерт, Ф.​Фрэйліграт і інш., у рус. і сав. л-ры — С.​Алейнік, А.​Вішня, М.​Горкі, У.​Дарашэвіч, М.​Зошчанка, І.​Ільф і Я.​Пятроў, У Маякоўскі, М.​Салтыкоў-Шчадрын, Г.​Успенскі і інш.

Найб. значныя здабыткі бел. л-ры ў жанры Ф. звязаны з імёнамі К.​Крапівы (зб-кі «Асцё» і «Крапіва», 1925; «Ухабы на дарозе», 1930), К.​Чорнага (зб. «Кат у белай манішцы», 1942), М.​Лынькова, А.​Макаёнка, П.​Панчанкі, М.​Лужаніна, У.​Корбана (зб. «Мы іх ведаем», 1950), Н.​Гілевіча (зб-кі «Да новых венікаў», 1963, «Ці грэх, ці 2», 1970), а таксама А.​Зэкава. ФЕ́ЛЬЗЕНШТАЙН, Фельзенштэйн (Felsenstein) Вальтэр (30.5.1901, Вена — 8.10.1975), нямецкі оперны рэжысёр; рэфарматар ням. муз. т-ра. Чл. (1951) і віцэ-прэзідэнт (1959) АМ ГДР. З 1923 акцёр, з 1926 і рэжысёр у розных т-рах Германіі. У 1938 эмігрыраваў у Швейцарыю. З 1947 кіраўнік створанага ім т-ра «Комішэ опер» у Берліне (ГДР). Прынцыпы Ф. блізкія опернай рэжысуры К.​Станіслаўскага. Сярод пастановак оперы і аперэты. Аўтар кніг «Пра музычны тэатр» (1970) «Гутаркі пра музычны тэатр» (выд. 1976) і інш. Нац. прэміі ГДР 1950, 1951, 1956, 1960, 1970.

т. 16, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІЯКРА́ТЫ (франц. physiocrates ад грэч. physis прырода + kratos сіла, улада, панаванне),

прадстаўнікі аднаго з кірункаў класічнай школы палітэканоміі і сацыялогіі эканамічнай 18 ст.

Школа Ф. узнікла ў Францыі, тэорыі Ф. распрацоўваліся таксама ў Італіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Швецыі і інш. Заснавальнік кірунку Ф. — Ф.Кенэ, асн. прадстаўнікі — А.Р.Ж.Цюрго, П.С.Дзюпон дэ Немур, В.​Мірабо, Г.​Летрон, П.​Мерсье дэ ла Рыўер. Філас. аснова вучэння Ф. — ідэя натуральнага права. У процівагу меркантылізму Ф. лічылі, што асн. багацце дзяржавы паходзіць з вытв-сці, найперш сельскагаспадарчай, а не з грашовага абарачэння. Абсалютызуючы эканам. і сац. значэнне с.-г. працы, яны вылучалі ў грамадстве класы вытворчыя (працаўнікі сельскай гаспадаркі, землеўладальнікі) і непрадукцыйны (бясплодны, які аб’ядноўваў сац. слаі, што не мелі непасрэднага дачынення да земляробства). Ф. адстойвалі ідэю неўмяшання дзяржавы ў эканоміку, крытыкавалі спробы ўлады рэгуляваць прам-сць, асабліва з дапамогай падаткаабкладання.

На Беларусі вучэнне Ф. пашырылася ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Прыхільнікам ідэі натуральнага парадку выступаў І.Страйноўскі, які разумеў пад ім адзінства фіз. і маральнага парадку, законаў прыроды і грамадства; прынцыпы натуральнага права ён разглядаў у якасці крытэрыяў дасканаласці сац.-паліт. ладу, крыніцы правоў асабістай свабоды, узаемнай дапамогі, прыватнай уласнасці. Ідэю натуральнай абумоўленасці грамадскіх адносін падтрымліваў І.Я.Масальскі, які падкрэсліваў неабходнасць больш эфектыўнага выкарыстання зямлі і сял. працы як адзінай крыніцы ўсіх багаццяў, выступаў за паляпшэнне матэрыяльных умоў жыцця і ўзроўню адукацыі сялян. І.І.Храптовіч звязваў магчымасць пастаяннага росту забяспечанасці і асветы для ўсіх з арганізацыяй грамадскага жыцця ў адпаведнасці з патрабаваннямі натуральнага парадку, згодна з якім кожны павінен працаваць на тым месцы, якое яму наканавана. Погляды Ф. развівалі М.​Ф.​Карповіч, В.​Калінскі, якія лічылі, што ўзровень дзярж. дабрабыту залежыць ад земляробаў — асн. стваральнікаў багаццяў, а ўсе сац. супярэчнасці яны звязвалі з цяжкім эканам. становішчам і нізкім узроўнем адукацыі сялянства.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 16, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУКО́ (Foucault) Мішэль Поль (15.10.1926, г. Пуацье, Францыя — 25.6.1984),

французскі філосаф і культуролаг, прадстаўнік постструктуралізму. Д-р філасофіі (1961). Выкладаў ва ун-тах Клермон-Ферана, Ліля, Упсалы, Варшавы, Гамбурга, Венсена і інш., з 1970 — у Калеж дэ Франс. Аснову яго філасофіі складае пераасэнсаванне ўзаемаадносін унутры сістэмы «суб’ект — пазнанне — свет». Імкнуўся да пераадолення антрапалагічнай накіраванасці філасофіі. Сцвярджаў, што асн. характарыстыкі суб’екта (рацыянальнасць, сексуальнасць) і феномен суб’ектыўнасці ўвогуле — не вечныя і аб’ектыўныя, а гістарычна абумоўленыя, сацыяльна зададзеныя катэгорыі. Даследаваў інстытуты і механізмы іх распаўсюджвання і замацавання (царква, медыцына, права, мастацтва, сям’я і інш.). У процівагу традыц. гісторыі з яе кумулятыўнасцю і эвалюцыянізмам распрацаваў «археалагічны» метад (рэканструкцыя агульнага поля ведаў пэўнай гіст. эпохі і даследаванне ўмоў магчымасці іх узнікнення), заснаваны на ідэі перарыўнасці гіст. працэсу. У працы «Словы і рэчы» (1966) вылучаў 2 «разрывы» ў гісторыі еўрап. культуры і адпаведна 3 эпістэмы: рэнесансавую, класічную (з сярэдзіны 17 ст.) і сучасную (з пач. 19 ст.). Распрацаваў канцэпцыю ўладных адносін («генеалогію ўлады»), заснаваную на даследаванні ўзаемасувязі ўлады і ведаў, аналізаваў латэнтныя механізмы і інструменты, з дапамогай якіх улада, фарміруючы свядомасць індывіда, ажыццяўляе маніпуліраванне і дыктат над ім.

Тв.:

Бел. пер. — Чым ёсць аўтар // Фрагменты. 1997. № 1/2. Рус. пер. — Слова и вещи: Археология гуманит. наук. СПб., 1994;

Археология знания. Киев, 1996;

Воля к истине: По ту сторону знания, власти и сексуальности. М., 1996;

История безумия в классическую эпоху. СПб., 1997;

Рождение клиники. М., 1998;

История сексуальности — III: Забота о себе. Киев, 1998.

Літ.:

Делез Ж. Фуко: Пер. с фр. М., 1998;

Розин В.М. Опыт гуманитарного изучения творчества: (Эволюция взглядов М.​Фуко) // Обществ. науки и современность. 2000. №3;

Ашкеров А.Ю. Политика и человеческое бытие в работах Мишеля Фуко // Человек. 2002. № 1.

Л.​Г.​Кісялёва.

т. 16, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР РАСІ́ЙСКАЙ А́РМІІ акадэмічны. Створаны ў 1929 у Маскве як Цэнтр. т-р Чырв. Арміі, з 1951 Цэнтр. т-р Сав. Арміі, з 1975 акад., з 1993 сучасная назва. Гал. рэжысёры: Ю.​Завадскі (1932—35), А.​Папоў (1935—58), Б.​Марозаў (з 1995), маст. кіраўнікі: А.​Дунаеў (1959—62), Папоў (1962—73), Р.​Гараеў (1974—78), Ю.​Яромін (1981—87), Л.​Хейфец (1988—94); вядучы рэжысёр А.​Бурдонскі (з 1994). Засн. для абслугоўвання Чырв. Арміі, спектаклі даваліся ў ваен. гарнізонах, часцях, пагран. заставах. Вял. ўплыў на творчы рост калектыву Завадскага; пастаўлены ім у 1932 спектакль «Мсціслаў Удалы» І.​Прута стаў этапным. Значнае месца ў рэпертуары займала ваен.-патрыят. тэматыка: «Даўным-даўно» А.​Гладкова (1942), «Барабаншчыца» А.​Салынскага (1957), «Акіян» А.​Штэйна (1961), «Валакаламск—Масква» А.​Бека (1966) і інш. Ставяцца рус. і замежная класіка, сучасная драматургія. Сярод лепшых спектакляў «Мяшчане» (1935) і «На дне» (1998) М.​Горкага, «Утаймаванне свавольніцы» (1937), «Сон у летнюю ноч» (1941) і «Атэла» (1999) У.​Шэкспіра, «Настаўнік танцаў» Лопэ дэ Вэгі (1946), «Каса марэ» (1961) і «Святая святых» (1977) І.​Друцэ, «Вішнёвы сад» А.​Чэхава (1965), «Смерць Іаана Грознага» (1966) і «Дон Жуан» (1996) А.​К.​Талстога, «Арфей спускаецца ў пекла» Т.​Уільямса (1978), «Радавыя» А.​Дударава (1985), «Павел I» Дз.​Меражкоўскага (1989), «На бойкім месцы» (1994) і «Сэрца не камень» (1997) А.​Астроўскага, «Запрашэнне ў замак» Ж.​Ануя (1999), «Дуэт для салісткі» Т.​Кемпінскі (2000) і інш. У розныя гады ў т-ры працавалі і працуюць акцёры Л.​Галубкіна, Л.​Дабржанская, Д.​Зяркалава, Л.​Касаткіна, І.​Ледагораў, А.​Меньшыкаў, А.​Пакроўская, А.​Пятроў, Ф.​Ранеўская, Н.​Сазонава, У.​Сашальскі, Л.​Фяцісава, А.​Хахлоў, Ф.​Чаханкоў, Л.​Чурсіна і інш. З 1940 працуе ў спец. пабудаваным будынку, які ў плане ўяўляе сабой 5-канцовую зорку.

Л.​В.​Календа.

Будынак Цэнтральнага тэатра Расійскай Арміі.

т. 17, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРТЫ́ЗМ (англ. chartism ад charter хартыя),

масавы рэвалюцыйны рух англ. рабочых у 1830—50-я г. за паліт. правы, паляпшэнне свайго сац. і эканам. становішча. Назва ад т.зв. Нар. хартыі — апублікаванага рабочым-сталяром У.​Ловетам праекта закона аб выбарчай рэформе з 6 пунктаў: права голасу ўсім мужчынам з 21 года; тайнае галасаванне; падзел Англіі на роўныя выбарчыя акругі з адным прадстаўніком у парламенце ад кожнай; штогадовыя выбары ў парламент; адсутнасць маёмаснага цэнзу пры допуску да выбараў у парламент; грашовае ўтрыманне для членаў парламента. У хартыі рабочыя ўбачылі сродак ліквідацыі паліт. панавання буйной буржуазіі і землеўладальнікаў. 4.2.1839 у Лондане адбыўся 1-ы кангрэс (канвент) чартыстаў. У 1840 у г. Манчэстэр створана Нац. чартысцкая асацыяцыя — 1-я ў гісторыі масавая рабочая партыя (каля 50 тыс. чал.). Палажэнні хартыі разам з інш. паліт. і сац.-эканам. патрабаваннямі ўключаны ў калект. петыцыі 1839 (1,2 млн. подпісаў), 1842 (3,5 млн. подпісаў) і 1848 (5 млн. подпісаў), якія былі пададзены ў парламент, але адхілены ім на падставе фармальных зачэпак. Падача петыцый суправаджалася масавымі выступленнямі рабочых і дробнай буржуазіі, якія часам пераходзілі ва ўзбр. сутыкненні з паліцыяй і войскамі. Унутры Ч. вяліся спрэчкі паміж прыхільнікамі мірных сродкаў барацьбы за хартыю («маральнай сілы»; Ловет) і абаронцамі рэв. метадаў барацьбы («фізічнай сілы»; Ф.​О’Конар, Дж.​О’Браен). У 1845 левыя чартысты разам з рэв. эмігрантамі шэрагу краін Еўропы стварылі ў Лондане міжнар. т-ва «Брацкія дэмакраты», лідэры яго левага крыла Дж.​Гарні і Э.​Джонс уступілі ў Саюз камуністаў. Чартысцкі друк апублікаваў англ. пераклад «Маніфеста Камуністычнай партыі» К.​Маркса і Ф.​Энгельса. Пасля 1848 Ч. пайшоў на спад. У 1851 чартысцкі Канвент прыняў праграму сацыяліст. пераўтварэння грамадства. У 1854 чартысты склікалі ў Манчэстэры Рабочы парламент, але масавай рабочай арг-цыі стварыць не здолелі. З ростам рэфармісцкіх тэндэнцый у рабочым руху (гл. Рэфармізм) Ч. сышоў з паліт. арэны Вялікабрытаніі.

Літ.:

Рожков Б.А. Чартистское движение 1836—1954. М., 1960.

т. 17, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЦВЁРТЫ З’ЕЗД КП(б)Б [XI канферэнцыя КП(б)Б]. Адбыўся ў Мінску 25.2—2.3.1921

(паводле некат. крыніц завяршыў работу 1.3.1921). Прысутнічала 110 дэлегатаў з рашаючым і 42 з дарадчым голасам ад 6 павятовых арг-цый і армейскіх часцей, што размяшчаліся на тэр. ССРБ. Яны прадстаўлялі 3000 чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦК КП(б)Б (І.​А.​Вайнер),

Рэвіз. камісіі КП(б)Б, Кантрольнай камісіі КП(б)Б, ЦК ЛКСМБ (Кузняцоў); даклады: Сацыяліст. рэспубліка ў капіталіст. акружэнні (А.​Р.​Чарвякоў); прафсаюзы, іх роля і задачы; пытанні парт. будаўніцтва (В.​Г.​Кнорын); міліцыйная сістэма і Чырв. Армія; Галоўпалітасвета і агітац.-прапагандысцкая работа (Кнорын); выбары. З’езд адзначыў неабходнасць умацавання сав. улады ва ўмовах капіталіст. акружэння, наладжвання больш цеснай работы парт. арг-цый з саюзамі моладзі і ўсямернай дапамогі ім. Асаблівая ўвага звернута на ўмацаванне парт. дысцыпліны, абавязковасць для «ўсіх арганізацый бясспрэчна кіравацца Статутам, дакладна і своечасова выконваць усе распараджэнні ЦБ». З’езд канстатаваў, што Чырв. Армія працягвае заставацца апорай сав. улады, але яна павінна быць рэарганізавана, колькасна скарочана і якасна палепшана. Асн. задачай Галоўпалітасветы павінна стаць «масавая камуністычная прапаганда і агітацыя»; усе паліт.-асв. аддзелы пры наркаматах падлягалі скасаванню. Гал. рашэнні з’езда прымаліся на аснове матэрыялаў, распрацаваных у ЦК РКП(б) і апублікаваных як праекты рэзалюцый X з’езда РКП(б). У іх праглядаецца курс на барацьбу з апазіцыяй і іншадумствам у партыі. З’езд выбраў ЦК КП(б)Б з 11 чл. і 4 канд. у чл., Кантрольную камісію з 3 чл. і 2 канд. у чл., Рэвіз. камісію з 3 чл. і 2 канд. у чл., 5 дэлегатаў з рашаючым і 5 з дарадчым голасам на X з’езд РКП(б).

Літ.:

Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2 (1921—1966). Мн., 1967;

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. 1918—1927. Мн., 1983.

В.​Ф.​Кушнер.

т. 17, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́РАП,

шкілет галавы пазваночных жывёл і чалавека; таксама храстковая капсула, якая ахоўвае мозг у галаваногіх малюскаў. У пазваночных утвораны храстком і (або) косцю.

Ч. жывёл змяняецца ў ходзе эвалюцыі, што абумоўлена прагрэсіўным развіццём галаўнога мозга і органаў пачуццяў, заменай жабернага дыхання лёгачным і зменай спосабаў харчавання пры выхадзе арганізма з воднага асяроддзя на сушу. Адрозніваюць Ч. восевы і вісцэральны. Восевы або мазгавы — пярэдні працяг восевага шкілета тулава, які разрастаецца вакол галаўнога мозга, органаў нюху і ўнутр. вуха. Вісцэральны, або тваравы Ч. — шкілет пярэдняга аддзела кішэчніка (глоткі). Сярод сучасных пазваночных найб. прымітыўна пабудаваны Ч. у кругларотых. У касцявых рыб мазгавы Ч. укрыты накладнымі касцямі. У птушак і млекакормячых рэзка павялічваецца аб’ём чарапной поласці. Для Ч. многіх млекакормячых характэрна ўтварэнне комплексных касцей (напр., скроневай).

Ч. чалавека складаецца з 23 касцей: 8 парных — цемянныя, скроневыя, верхнясківічныя, ніжнія насавыя ракавіны, паднябенныя, скулавыя, слёзныя, насавыя; 7 няпарных — лобная, патылічная, клінападобная, рашэцістая, сашнік, ніжнясківічная, пад’язычная. Дзве апошнія косці сучленены з Ч. рухома, астатнія нерухома, праз швы. У дзяцей да года ў месцы злучэння касцей Ч. ёсць перапончаты прамежак — цемечка. Праз шматлікія каналы і адтуліны асновы (ніжняй часткі) Ч. праходзяць чэрапнамазгавыя нервы і крывяносныя сасуды, а праз вял. патылічную адтуліну поласць Ч. злучаецца са спіннамазгавым каналам. Тваравы Ч. (складаецца з 14 дробных касцей) утварае касцявы шкілет верхніх аддзелаў органаў дыхання (нос) і стрававання (рот, глотка), у ім размешчаны органы слыху, зроку, нюхальная ч. носа. Паводле асаблівасцей будовы Ч. чалавека вызначаюць антрапалагічныя тыпы.

Літ.:

Сперанский В.С., Зайченко А.И. Форма и конструкция черепа. М., 1980;

Ромер А.Ш., Парсонс Т.С. Анатомия позвоночных: Пер. с англ. Т. 1. М., 1992.

А.​С.​Леанцюк.

Чэрап чалавека. Косці: 1 — насавая; 2 — слёзная; 3 — рашэцістая; 4 — лобная; 5 — цемянная; 6 — скроневая; 7 — клінападобная; 8 — скулавая; 9 — ніжнясківічная; 10 — верхнясківічная.

т. 17, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭСПУБЛІКА́НСКІ ІНСТЫТУ́Т ВЫШЭ́ЙШАЙ ШКО́ЛЫ Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

Засн. ў 1973 як Ін-т павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў грамадскіх навук пры БДУ. Сучасная назва з 2000. У 2003/04 навуч. г. ф-ты: павышэння кваліфікацыі, адукац. паслуг; цэнтры (метадычнага забеспячэння навуч.-выхаваўчага працэсу вышэйшай школы; навуч. кнігі вышэйшай школы; аховы працы і прамысл. бяспекі; дзелавой адукацыі; тэхналогій кіравання бізнесам; экспертыз і прызнанняў кваліфікацый адукацыі; якасці і стандартызацыі адукацыі; Рэсп. Інтэрнет-адукацыі); аддзелы (навук.-метадычны, аспірантуры па 9 спецыяльнасцях, навучальны).

У ін-це ажыццяўляецца павышэнне кваліфікацыі, падрыхтоўка і перападрыхтоўка кіруючых работнікаў і спецыялістаў сістэмы адукацыі. інш. галін нар. гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Ін-т выконвае функцыі галаўной установы па нарматыўна-метадычным забеспячэнні якасці адукацыі ў вышэйшай школе, гуманіт. адукацыі на ўсіх узроўнях. У 2000—03 штогод выконвалася больш як 30 н.-д. работ фундаментальнага і прыкладнога характару, распрацаваны і выдадзены 35 тыповых праграм сац.-гуманіт. цыкла, больш за 50 навуч. дапаможнікаў, курсаў лекцый і манаграфій для сістэмы павышэння кваліфікацыі і ВНУ. Ін-т адыграў вядучую ролю ў распрацоўцы Канцэпцыі вышэйшай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. канцэпцый пераходу на двухступеньчатую сістэму вышэйшай адукацыі, развіцця сістэмы прыёму ў ВНУ, 10-бальнай сістэмы ацэнкі ведаў і кампетэнтнасці студэнтаў. На базе ін-та рэгулярна праводзяцца міжнар., рэсп. і міжінстытуцкія канферэнцыі і семінары.

За гады існавання ін-та кваліфікацыю ў ім павысілі больш як 40 тыс. чал. У ін-це працуюць (працавалі) акад. і чл.-кар. Нац. АН Беларусі Я.М.Бабосаў, А.П.Дастанка, Ф.М.Капуцкі, У.М.Сікорскі, В.С.Сцёпін, Л.М.Сушчэня, д-ры навук Г.А.Васілевіч, Г.Ц.Кавалеўскі, А.С.Кляўчэня, А.М.Малашка, М.С.Сташкевіч, А.М.Тур і інш. Пастаянна і на аснове сумяшчальніцтва ў ін-це працуюць каля 70 выкладчыкаў, больш за 65% з іх маюць вучоныя ступені д-роў і канд. навук. Выдаюцца навук. час. «Вышэйшая школа» (з 1996) і «Рынак каштоўных папер» (з 1999).

М.​І.​Дзямчук.

т. 18, кн. 1, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛА́ЦТВА,

сялянская буржуазія, якая выкарыстоўвала наёмную працу парабкаў, сельскай беднаты, займалася ліхвярствам, гандлем, адначасова прымала непасрэдны ўдзел у с.-г. і прамысл. вытворчасці. Кулак выступаў і як прадпрымальнік-капіталіст, і як ліхвяр, гандляр. Ён спалучаў таварна-капіталіст. земляробства з аддачай зямлі ў кабальную арэнду, адработкамі, ліхвярствам, скупкай хлеба, лёну, пянькі і інш. Многія кулакі трымалі прамысл.-гандл. прадпрыемствы (млыны, крупадзёркі, алейні, крамы і інш.), дзе таксама шырока выкарыстоўвалі наёмную рабочую сілу. У Рас. імперыі перыяду феадалізму ва ўмовах запрыгоньвання пераважнай часткі сялянства і панавання натуральнай сял. гаспадаркі, нягледзячы на істотныя зрухі ў развіцці таварна-грашовых адносін, К. як тып сял. насельніцтва не існавала. Яно пачало складвацца пасля сялянскай рэформы 1861. Да канца 19 ст. на Беларусі налічвалася прыблізна 50 тыс. (каля 8%) кулацкіх гаспадарак. Ва ўмовах капіталіст. развіцця К. паступова сканцэнтроўвала ў сваіх руках усё больш зямлі, рабочай і прадукцыйнай жывёлы, с.-г. машын, палепшаных прылад працы і ў выніку — с.-г. вытворчасці. Яно значна ўмацавалася пасля сталыпінскай аграрнай рэформы. У Беларусі напярэдадні 1-й сусв. вайны К. складала каля 11% усіх сял. гаспадарак, валодала амаль 20% сял. надзельнай і больш як 80% купленай зямлі. вял. плошчай арандаваных зямель, 26,7% коней, 36,6% плошчы пасеваў. На яго долю прыпадала 37% сял. вытворчасці збожжа, 38,8% — бульбы. У Рас. імперыі, у т. л. ў Беларусі, працэс фарміравання К. ў выніку расслаення сялянства быў далёка не завершаны.

У першыя гады пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 шырокія масы былі ўцягнуты ў бескампрамісную барацьбу з К. як «класавым ворагам». Вынікам яе стала аслабленне заможных груп сялянства, яго колькаснае змяншэнне. У 1920 К. складала не больш за 2% аднаасобных гаспадарак Віцебскай і Гомельскай губ. (супраць амаль 10% на Беларусі ў 1917). Кулак як самастойная сіла ці сельскі капіталіст, што жыў за кошт наёмнай працы, па сутнасці перастаў існаваць. Дзейснымі спосабамі барацьбы з ім былі адзяржаўленне сельскай гаспадаркі, раскулачванне, харчразвёрстка, абмежаванні ў правах (забарона арэнды і найму рабочай сілы, паліт. ізаляцыя і інш.). У гады новай эканамічнай палітыкі з правядзеннем курсу на абмежаванне і выцясненне К. рост яго аднавіўся. У 1927 удзельная вага кулацкіх гаспадарак сярод сял. гаспадарак БССР складала 4,1%. У 1928 з пачаткам пераходу да выцяснення К. гал. чынам адм.-паліт. метадамі пачалося яго эканам. аслабленне і адноснае скарачэнне (да 1929 да 2%). Гэтаму садзейнічалі таксама пашырэнне «самараскулачвання», абвастрэнне напружанасці ў вёсцы, акты тэрору. У канцы 1929—30 у сувязі з пераходам да палітыкі ліквідацыі К. як класа на базе суцэльнай калектывізацыі асн. метадам змагання з ім стала экспрапрыяцыя. Барацьба з К., паводле вызначэння некат. даследчыкаў, паставіла вёску на мяжу «сапраўднай (адкрытай) сялянскай вайны», «грамадзянскай вайны» ці «ўсеагульнага сялянскага паўстання».

Да 1933 К. як клас, паводле вызначэння І.​В.​Сталіна, было разгромлена, але не дабіта. У ходзе барацьбы з рэшткамі К., хутарской сістэмай і іншадумствам адначасова з поўнай ліквідацыяй К. практычна перастала існаваць аднаасобная гаспадарка. Паводле афіц. звестак, да сярэдзіны 1934 у БССР раскулачана 35 тыс. гаспадарак. У перыяд суцэльнай калектывізацыі (1929—32), згодна з ацэнкамі некат даследчыкаў, пад раскулачванне трапіла каля 48—64 тыс. гаспадарак. У Зах. Беларусі ліквідацыя К. пачалася пасля ўз’яднання яе з БССР, завяршылася ў пач. 1950-х г. З канца 1920-х да пач. 1940-х г. і ў пасляваен. гады ў бел. вёсцы пацярпелі як кулацкія каля 8% сял. гаспадарак, а сярод ліквідаваных — пераважная большасць. Барацьба з К. з’явілася эфектыўным спосабам паскарэння калектывізацыі, ліквідацыі традыцыйных форм гаспадарання, падпарадкавання сельскай эканомікі задачам парт.-дзярж. улады.

Літ.:

Ленін У.І. Развіццё капіталізма ў Расіі // Тв. Т. 3. (Полн. собр. соч. Т. 3);

Ковальченко И.Д. Некоторые вопросы генезиса капитализма в крестьянском хозяйстве России // История СССР. 1962. № 2;

Шабуня К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—1907 гг. Мн., 1962;

Социально-экономические преобразования в Белорусской ССР за годы Советской власти. Мн., 1970;

Липинский Л.П. Столыпинская аграрная реформа в Белоруссии. Мн., 1978;

Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг. Мн., 1990;

Сарокін АМ. На крутым павароце рэвалюцыйных і ваенных падзей на Беларусі, 1917—1921 гг. // Человек и экономика. 1997. № 5;

Яго ж. На перавале: (Некаторыя аспекты метадалогіі нэпа і яго супярэчнасцей) // Гуманітарна-экан. весн. 1998. № 2.

В.​П.​Панюціч (да 1917), А.​М.​Сарокін (1917—1950-я г.).

т. 8, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)