нарвежскі акіянолаг, даследчык Арктыкі, грамадскі дзеяч. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1898). У 1880—82 вучыўся ва ун-це ў Осла, з 1897 праф. гэтага ун-та. У 1888 перасек Грэнландыю (на лыжах), вызначыў характар яе ледавіковага покрыва. У 1893—96 на судне «Фрам» дрэйфаваў ад Новасібірскіх а-воў да в-ва Шпіцберген. Даказаў наяўнасць вял. глыбінь у Арктыцы, даследаваў структуру і паходжанне яе водных мас, адкрыў уплыў вярчэння Зямлі на рух ільдоў. У 1900 вывучаў цячэнні ў Паўн. Ледавітым ак. У 1923 праплыў уздоўж берагоў Расіі да вусця р. Енісей, падарожнічаў на ПдУсх. Сібіры і Д. Усходу. Імем Н. названы падводны хрыбет, праліў, востраў, катлавіна ў Паўн. Ледавітым ак., гара на п-ве Таймыр. Нобелеўская прэмія міру 1922.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—5. Л., 1937-40.
Літ.:
Нансен-Хейер Л. Книга об отце: Пер. с норв. 2 изд. Л., 1986.
чарнагорскі паэт і дзярж. дзеяч. З дынастыі Негашаў. Уладыка (свецкі і духоўны правіцель) Чарнагорыі [1830—51] пад імем Пятра II Петравіча. Умацоўваў цэнтр. ўладу ў краіне (у 1831 створаны Правячы сенат), адстойваў яе незалежнасць ад замахаў Турцыі і Аўстрыі. Арыентаваўся на падтрымку Расіі, якую наведаў у 1833 і 1837. У сталіцы Чарнагорыі г. Цэтыне заснаваў першую школу і друкарню. У 1834 выдаў у Цэтыне зб. вершаў «Цэтынскі пустэльнік» і «Аблічча лютасці турэцкай», у 1845 зб.нар. і сваіх песень «Люстэрка сербскае», які адкрыў вершам-прысвячэннем «Цені Аляксандра Пушкіна». У паэме «Свабадыяда» (нап. 1835, апубл. 1854) услаўляў барацьбу сербаў і харватаў за нац. незалежнасць Вяршыня яго творчасці — драм. паэма «Горны вянец» (1847) пра барацьбу чарнагорцаў супраць тур. няволі ў канцы 17 ст. Аўтар філас. паэмы «Прамень мікракосма» (1845) і драм. паэмы «Самазванец Сцяпан Малы» (нап. 1848).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЦЯЖА́ЦЕЛІ,
рэлігійна-палітычная плынь у Расіі канца 15 — пач. 16 ст., прыхільнікі якой выступалі з патрабаваннем адмаўлення царквы ад «сцяжання» (набыццё зямельных і маёмасных каштоўнасцей), якое пярэчыць евангелічным ідэалам і шкодзіць аўтарытэту царквы. Гэта патрабаванне абгрунтавана ў працах Ніла Сорскага, Васіяна Патрыкеева, старца Арцемія і інш. У «Манастырскім статуце» Сорскі сцвярджаў, што набыццё ўласнасці несумяшчальна з манаскім зарокам, які абавязвае адмовіцца ад усяго свецкага, патрабуе весці строгі, аскетычны лад жыцця, карыстацца вынікамі ўласнай працы. Яго вучань Патрыкееў выступаў за канфіскацыю манастырскіх зямель і стварэнне манастырскага фонду для надзелу дробных і сярэдніх феадалаў. Несцяжацельства адпавядала інтарэсам буйнога баярства і ўдзельных князёў, якія імкнуліся захаваць свае ўладанні і задаволіць патрэбу велікакняжацкай улады ў зямлі для дваранства за кошт секулярызацыі царк. зямель. Супраць Н. выступалі іасіфляне на чале з Іосіфам Валоцкім, якія пераканалі Івана III адмовіцца ад падтрымкі несцяжацеляў як праціўнікаў палітыкі ўзмацнення велікакняжацкай улады. Н. зганьбаваны на царк. саборах 1503, 1531.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЯЛО́ЎСКІ (Францішак Ксаверы) (18.12.1771, г. Ляхавічы Брэсцкай вобл. — 15.9.1845),
дзяржаўны і ваен. дзеяч ВКЛ. Сын Ю.Несялоўскага. Вучыўся ў Гал. школе ВКЛ у Вільні (1785—88). З 1788 шэф 6-га рэгімента (палка) пяхоты войска ВКЛ. Удзельнічаў у вайне 1792 з Рас. імперыяй. У час паўстання 1794 вызначыўся са сваім палком у шэрагу бітваў. Трапіў у палон, адмовіўся прысягаць Кацярыне II і выехаў у Германію. У 1796 вярнуўся, у 1798 абвінавачаны ў падрыхтоўцы новага паўстання, зняволены ў Вільні. Падтрымаў план А.Чартарыйскага пра адбудову Польск. дзяржавы пад суверэнітэтам Расіі. У 1812 прызначаны Напалеонам чл. Вайсковага к-та ў Вільні, ген. брыгады, інспектар пяхоты арміі ВКЛ, паспалітага рушэння. Адступіў з напалеонаўскімі войскамі за мяжу. У 1814 пасля амністыі вярнуўся на Беларусь, прадаў родавыя маёнткі (Варончу і інш.) і з’ехаў у Польшчу. У 1830 выбраны паслом сейма Каралеўства Польскага. У час паўстання 1830—31 намеснік губернатара Варшавы, камандаваў брыгадай пры абароне горада, быў сенатарам-кашталянам. Пасля задушэння паўстання на некалькі гадоў дэпартаваны ў Волагду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ЧКІНА (Міліца Васілеўна) (25.2.1901, г. Нежын Чарнігаўскай вобл., Украіна — 16.5.1985),
расійскі сав. гісторык. Акад.АНСССР (1958), правадз.чл.АПНСССР з 1947. Скончыла Казанскі ун-т (1921). З 1921 у ВНУ і НДІ Казані і Масквы, у 1934—54 праф. Маскоўскага ун-та. З 1935 у Ін-це гісторыі АНСССР. Асн. творы па гісторыі рэв. руху і грамадскай думкі ў Расіі 19 ст., у т. л. дзекабрысцкага руху: «А.С.Грыбаедаў і дзекабрысты» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Рух дзекабрыстаў» (т. 1—2, 1955). Адзін з аўтараў прац па гістарыяграфіі і метадалогіі гісторыі. Гал.рэд. і аўтар «Нарысаў гісторыі гістарычнай навукі ў СССР» (т. 2—4, 1960—66).
Тв.:
В.О.Ключевский: История жизни и творчества. Мн., 1974;
Встреча двух поколений: Из истории рус. рев. движения конца 50-х — нач. 60-х гг. XIX в.: Сб. ст.М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́БЕЛІ (Nobel),
шведскія вынаходнікі, прадпрымальнікі і прамыслоўцы. Паходзілі са стараж.швед. роду Рудбекаў, адзін з прадстаўнікоў якога ў 1682 змяніў прозвішча на Нобеліус (пазней трансфарміравалася ў Нобель) па назве мяст. Нёбёлеў, дзе жыў род. Эмануэль (24.3.1801—3.9.1872), вынаходнік падводных мін. Бацька Людвіга, Роберта, Эміля і А.Б.Нобеля. У 1842—59 жыў з сям’ёй у С.-Пецярбургу, дзе заснаваў мех.з-д. У час Крымскай вайны 1853—56 пастаўляў рас. войскам узбраенне і міны. Людвіг (27.7.1831, Стакгольм — 12.4.1888), канструктар станкоў, нафтапрамысловец, інжынер-тэхнолаг. Ператварыў заснаваны бацькам з-д у буйны маш.-буд.з-д «Людвіг Н.» (цяпер «Рускі дызель» у С.-Пецярбургу). У 1876 разам з братамі Робертам і Альфрэдам заснаваў нафтапрамысловае прадпрыемства ў Баку (з 1879 «Т-ва братоў Нобель»), якое стала найбуйнейшай нафтафірмай у Рас. імперыі. Увёў транспарціроўку нафты па трубаправодах, упершыню ў свеце выкарыстаў марскія і рачныя нафтаналіўныя судны. Эмануэль (22.6.1859—31.5.1932), сын Людвіга. У 1888—1917 узначальваў прадпрыемствы сям’і Н. у Расіі. З 1918 у Швецыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫ БЫ́ХАЎ,
вёска ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл., на правым беразе р. Дняпро. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на ПдУ ад г. Быхаў, 73 км ад Магілёва, 24 км ад чыг. ст. Тошчыца. 622 ж., 245 двароў (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Магілы сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Каля вёскі комплекс археал. помнікаў Новы Быхаў.
У канцы 16 ст. мястэчка Магілёўскага пав.ВКЛ, пабудаваны кальвінскі збор. У розны час належала Хадкевічам, Сапегам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 занята войскамі гетмана І.Залатарэнкі. З 1772 у складзе Рас. імперыі. У 1886 — цэнтр воласці Быхаўскага пав. Магілёўскай губ.: 1298 ж., 166 двароў, школа, валасное праўленне, 2 царквы, 2 яўр. малітоўныя дамы, 3 млыны, корчмы. З 1924 цэнтр сельсавета Быхаўскага р-на. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі ў лют. 1944 часткова спалілі вёску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЧА́Й (Іван) (? — пасля 1669),
палкоўнік казацкага запарожскага войска на Беларусі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Паходзіў з Мсціслаўскага ваяв. У 1649 у Брацлаўскім палку, якім камандаваў яго брат Д.Нячай. У 1650—54 казацкі прадстаўнік пры двары крымскага хана. У 1655 у войску І.Залатарэнкі, удзельнічаў у аблозе Старога Быхава. Страціўшы надзею на поспех, казакі адышлі на Украіну, пакінуўшы на Беларусі частку войска на чале з Н. 29.1.1656 Хмяльніцкі прызначыў Н. «палкоўнікам беларускім». У 1657 Н. узяў Стары Быхаў. У 1658 ён адкрыта перайшоў на бок Рэчы Паспалітай. У снеж. 1658 пацярпеў паражэнне ад рас. войск каля в. Благовічы Мазырскага пав., 11.3.1659 — каля Мсціслава. Пасля ўзяцця рус. войскамі Старога Быхава (4.12.1659) трапіў у палон і адпраўлены ў Маскву. 6.10.1660 сасланы ў Табольск. Вярнуўшыся са ссылкі, Н. у 1669 неаднаразова ездзіў на Украіну да гетмана Дарашэнкі ў якасці палкоўніка літ. казацкага палка. Далейшы лёс невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКРО́ЎСКІ (Міхаіл Мікалаевіч) (29.8.1868, Масква — 10.4.1932),
савецкі гісторык, парт. і дзярж. дзеяч. Акад.АНСССР (1929) і АНБССР (1928). Скончыў Маскоўскі ун-т (1891). Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. Прыхільнік «легальнага марксізму». З 1909 у эміграцыі. У 1910—13 выдаў 5 тамоў «Рускай гісторыі са старажытных часоў», апублікаваў «Нарыс гісторыі рускай культуры» (ч. 1—2, 1915—18). З 1917 у Расіі, удзельнік Кастр.ўзбр. паўстання ў Маскве, старшыня Массавета. У пач. 1918 удзельнічаў у мірных перагаворах з Германіяй у Брэсце, далучаўся да «левых камуністаў». 3 мая 1918 нам. наркома асветы РСФСР. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Камуніст. акадэміі, Ін-та Чырвонай прафесуры, Ін-та гісторыі АНСССР, Цэнтр. архіва, адзін з заснавальнікаў і рэдактараў час. «Историк-марксист», «Красный архив», «Борьба классов». Пад яго рэд. апублікавана серыя дакументаў «Міжнародныя адносіны ў эпоху імперыялізму» (т. 1—9, 1931—37), «Паўстанне дзекабрыстаў» (т. 1—6, 1925—29) і інш. У 1930-я г. ў сав.гіст. навуцы дамінавала гіст. «школа П.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАТА́,
рака ў Пскоўскай вобл.Расіі і Полацкім р-не Віцебскай вобл. Беларусі; правы прыток р.Зах. Дзвіна. Даўж. 93 км. Пл. вадазбору 651 км². Выцякае з воз. Колпіна за 1,4 км на ПнУ ад в. Колпіна Невельскага р-на, цячэ праз воз. Неклач (Расія), па Полацкай нізіне і воз. Ізмак. Вусце ў межах г. Полацк. Даўж. на тэр. Беларусі 86 км, пл. вадазбору больш за 470 км². Прытокі: Лютая, Страдань (справа), Тросніца і Чартоўка (злева). Даліна трапецападобная, шыр. 100—400 м. Пойма двухбаковая, месцамі адсутнічае, шыр. 150—300 м. Рэчышча моцназвілістае, на асобных участках у верхнім і сярэднім цячэнні на працягу 14,2 км каналізаванае: шыр. яго 5—10 м, ніжэй упадзення р. Лютая месцамі да 30 м. Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у пач. красавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,8 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац.сістэм. Пры ўпадзенні ў Зах. Дзвіну — г. Полацк.