РЫ́ЖЫКАЎ Іосіф Іванавіч (2.9.1893, в. Рацава Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 10.12.1979),

партыйны і дзярж. дзеяч БССР, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху ў Вял. Айч. вайну. З 1914 у арміі, з 1918 у ЧК, асобым аддзеле Чырв. Арміі. З 1923 на гасп. і парт. рабоце, з 1934 у Камісіі парт. кантролю пры ЦК ВКП(б) па БССР, нарком лясной прам-сці БССР, з 1939 1-ы сакратар Гродзенскага райкома КП(б)Б, нарком прам-сці будматэрыялаў БССР. У Вял. Айч. вайну сакратар ЦК КП(б)Б, узначальваў Заходнюю аператыўную групу ЦК КП(б)Б, упаўнаважаны ЦШПР на Сталінградскім фронце, нам. нач. БШПР, прадстаўнік ЦШПР і чл. ваенсавета Калінінскага і 1-га Прыбалт. франтоў. З 1944 міністр, з 1953 1-ы нам. міністра жыллёва-грамадз. буд-ва БССР, гарадскога і сельскага буд-ва БССР, у 1958—59 нам. міністра буд-ва БССР. Чл. ЦК КПБ у 1929—30, 1934—38, 1952—54. Чл. ЦВК БССР у 1931—35. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—59.

т. 13, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́Т ПА АПЕ́ЦЫ ААН,

адзін з галоўных органаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у 1945—94. Складаўся з дзяржаў — членаў ААН, якія кіравалі тэрыторыямі пад апекай; з пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН, якія не кіравалі тэрыторыямі пад апекай, і інш. членаў, выбраных Ген. Асамблеяй ААН на 3-гадовы тэрмін з такім разлікам, каб агульная колькасць членаў Савета размяркоўвалася пароўну паміж першымі і другімі. Пад кіраўніцтвам Ген. Асамблеі Савет быў правамоцны: разглядаць справаздачы ўлад, якія кіравалі адпаведнай тэрыторыяй; прымаць петыцыі і разглядаць іх, кансультуючыся з кіруючай уладай; перыядычна наведваць адпаведныя падапечныя тэрыторыі ва ўзгодненыя з кіруючай уладай тэрміны і рабіць захады ў адпаведнасці з умовамі пагадненняў аб апецы. Ён распрацоўваў анкеты адносна паліт., эканам., сац. прагрэсу і прагрэсу ў галіне адукацыі насельніцтва падапечных тэрыторый, а кіруючыя ўлады кожнай такой тэрыторыі прадстаўлялі Ген. асамблеі штогадовыя даклады на аснове гэтых анкет. Да 1994 усе 11 падапечных тэрыторый, якія знаходзіліся ў веданні Савета, набылі самастойнасць. У сувязі з гэтым неабходнасць у Савеце адпала (гл. таксама Апека міжнародная).

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЕ́ВІЧ Платон Васілевіч (30.11.1892, б. вёска Раматова Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. — 28.9.1956),

дзяржаўны дзеяч Беларусі. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1911), Камуніст. ун-т імя Свярдлова (1924). З 1913 у арміі. Удзельнік устанаўлення сав. улады ў Віцебскай губ. З сак. 1919 у Чырв. Арміі. З 1924 на парт. рабоце ў Ніжагародскай губ. З 1926 дэкан і рэктар Бел. с.-г. акадэміі, з 1929 рэктар Камуніст. ун-та Беларусі, з 1932 дырэктар Ін-та гісторыі партыі і Кастр. рэвалюцыі пры ЦК КП(б)Б, з 1933 заг. кафедры Вышэйшай камуніст. с.-г. школы Беларусі, з 1939 выкладчык парт. курсаў пры ЦК КП(б)Б. Удзельнік Вял. Айч. вайны; камісар палка, нам. нач. палітупраўлення, нач. аддзела фронту; паліт. саветнік дэлегацыі ў сав.-амер. камісіі па Карэі. У 1947—51 міністр асветы БССР. Чл. ЦК КП(б)Б у 1932—34, 1949—52. Чл. ЦВК БССР у 1923—31. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—50. У маі 1951 беспадстаўна арыштаваны. 28.11.1951 Ваен. трыбуналам БВА прыгавораны да 25 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Рэабілітаваны ў 1954.

П.​Дз.​Лапец.

т. 14, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́ТУР Мікола (Мікалай Ігнатавіч; 3.3.1919, урочышча Застар’е Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 24.3.2001),

бел. перакладчык. Скончыў Мінскі настаўніцкі ін-т нацменшасцей (1937). Настаўнічаў, з 1944 працаваў у Дзярж. выд-ве БССР, з 1963 у выд-ве «Полымя», Бел. аддз. літ. фонду СССР, у 1970—79 у Бюро прапаганды маст. л-ры Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1948. Пераклаў на бел. мову многія творы рус., укр., польскіх і інш. пісьменнікаў: аповесці А.​Гайдара «Школа» (1948), А.​Мусатава «Стажары» (1950), раманы В.​Ажаева «Далёка ад Масквы» (1951; з У.​Шахаўцом), М.​Нікіціна «Паўночная Аўрора» (1953; з В.​Зубам), У.​Кочатава «Журбіны» (1955), К.​Брандыса «Грамадзяне» (1958; з Я.​Міско), А.​Венцлавы «Дзень нараджэння» (1961; з С.​Дзяргаем), Г.​Лупан «Трэція пеўні» (1971), Э.​Бээкман «Чародка белых варон» (1973), А.​Ірасека «Скалакі» (1974; з Я.​Васілёнкам), У.​Умарбекава «Зялёная зорка» (1976), апавяданні А.​Вішні, Л.​Первамайскага, С.​Лема, Я.​Гушчы, Я.​Івашкевіча, М.​Твэна і інш.; для тэатраў — творы Назыма Хікмета, Б.​Васільева, Л.​Зорына, А.​Ліндгрэн, Г.​Запольскай і інш. Пісаў літ.-крыт. артыкулы, эпіграмы.

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАКА́ЙСКІ ЗА́МАК,

помнік абарончага дойлідства 2-й пал. 14 — пач. 15 ст. ў г. Тракай (Літва). Размяшчаецца на в-ве воз. Гальве. У 15 ст. адна з рэзідэнцый вялікіх князёў ВКЛ, месца ўрачыстасцей і прыёмаў дыпламатаў. У замку ў 1415 і 1416 кн. Вітаўт вёў перагаворы з магістрамі Лівонскага ордэна, у 1483 кароль Казімір IV Ягелончык — з вял. магістрам Тэўтонскага ордэна. Замак часта перабудоўваўся і прыстасоўваўся да патрэб сваіх гаспадароў. У вайну 1655—60 зруйнаваны і з часам прыйшоў у заняпад. Адбудаваны ў 1953—61 паводле праекта арх. Б.​Крумініса, прызамкавая ч. адбудоўвалася з 1961 (праект арх. С.​Мікулёніса). Палац (узведзены ў 1342) канвентнага тыпу, складаецца з 2 паралельна пастаўленых 3-ярусных, прамавугольных у плане карпусоў (маюць контрфорсы, галерэю на 2-м ярусе, высокія 4-схільныя дахі) і 3-яруснага данжона. Будынкі (з чырвонай цэглы) размешчаны вакол невял. ўнутр. двара. Для аздаблення інтэр’ераў выкарыстаны прафіляваная цэгла, дэкар. кафля, вітражы і інш. Пад падлогай абсталявана спец. ацяпленне. Палац быў абкружаны абарончай сцяной з 3-яруснымі вежамі. Цяпер у Т.з. гіст. музей.

Літ.:

Микуленис С.А. Тракайский замок. Вильнюс, 1978.

Тракайскі замак.

т. 15, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ЙНІЦКІ ЗА́МАК Існаваў у 17—18 ст. у г. Хойнікі Гомельскай вобл. Пабудаваны ў 1-й пал. 17 ст. кн. Вішнявецкімі. Пазней перайшоў да кн. Прозараў, з 1698 уладанне пана Слушкі, у якога ў 1721 замак выкупіў біскуп Юзаф Парышэвіч. Займаў невял. пясчаную дзюну ў забалочанай пойме р. Квеся. Выцягнутая з Пн на Пд авальная пляцоўка замка (35 × 25 м) была абкружана запоўненым вадой ровам, які з боку мястэчка меў шыр. 28—30 м, з інш. бакоў — 10—18 м. Акрамя таго, быў ахаваны вял. поймай. На земляным вале стаялі драўляныя абарончыя сцены-гародні, мелася і ўязная вежа з варотамі. Сувязь з горадам ажыццяўлялася па дамбе і драўляным мосце. Паводле інвентара за 1721, Х.з. быў абкружаны парканам, меў 2-павярховую ўязную вежу, зрубленую з брусоў і накрытую дранкай. Першы паверх вежы займалі ўязны праезд з варотамі і 2 памяшканні, адведзеныя пад турму, на 2-м паверсе зала са шклянымі вокнамі ў драўляных рамах. На ўзроўні 2-га паверха ўкругавую ішоў балкон. На падворку замка размяшчаліся гасп. пабудовы. Х.з. спыніў існаванне ў 18 ст.

М.​А.​Ткачоў.

т. 17, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ЙНЫ КУСТ, чай (Thea),

род кветкавых раслін сям. чайных; часам уключаюць у род камелія. 2 віды: Ч.к. кітайскі (T. sinensis) і асамскі (T. assamica), які часта лічаць разнавіднасцю кітайскага. Радзіма — горныя раёны Паўд.-Усх. Азіі. Уведзены ў культуру з 4 ст. н.э. ў Кітаі, з 9 ст. — у Японіі і Карэі, з пач. 19 ст. — у Інданезіі, Індыі, Шры-Ланцы; вырошчваюць у Афрыцы, Паўд. Амерыцы, В’етнаме, Іране, Турцыі і краінах Б. Усходу. Чайны напой у Еўропе спажываюць з 16 ст.

Невял. вечназялёныя дрэвы (у культуры — кусты). Жывуць 100 і больш гадоў. Лісце кароткачаранковае, эліптычнае, даўж. 7—10 см. Кветкі адзіночныя або па 2—4 у пазухах лісця, белыя ці ружовыя, духмяныя. Плод — каробачка. Лісце Ч.к. мае 1,5—3,5% кафеіну, 20—24% дубільных рэчываў, флаваноіды, вітаміны групы B, C, нікацінавую і пантатэнавую к-ты. З лісця і маладых парасткаў (флешаў) выпрацоўваюць прадукт (байхавы, плітачны і інш. чай), з якога гатуюць напітак; з адходаў атрымліваюць кафеін, вітамінныя прэпараты, вяжучыя сродкі; з насення — алей. Лек., харч., тэхн. расліны.

Парасткі, лісце і кветка чайнага куста кітайскага.

т. 17, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫТА́,

горад, цэнтр Чыцінскай вобл. Расіі, пры ўпадзенні р. Чыта ў р. Інгада. 303,3 тыс. ж. (2001). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Аэрапорт. Буйны прамысл. і культ. цэнтр Усх. Сібіры. Прам-сць: машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць станкоў, аўтазборка і інш.), дрэваапр., лёгкая (тэкст., гарбарна-абутковая, футравая), харч. (мясная, малочная, мукамольная); здабыча бурага вугалю. ДРЭС. Ін-т прыродных рэсурсаў Сіб. аддз. Рас. АН. 3 ВНУ. Тэатры: драм., лялек. Філармонія. Музеі: краязнаўчы, маст., дзекабрыстаў. Арх. помнік — царква Міхаіла Архангела («Царква дзекабрыстаў», 1771).

Вядома з 1653 як пас. Інгадзінскае зімоўе. З 1690 слабада, у якой жылі казакі і прамыслоўцы. У 1699 пабудаваны астрог, дзе з 1827 адбывалі катаргу многія дзекабрысты. З 1821 паселішча наз. Чыцінскім, з 1851 — горад і цэнтр Забайкальскай вобл., тут размяшчалася ўпраўленне Забайкальскага казацкага войска. Эканам. значэнне яе вырасла пасля буд-ва Забайкальскай чыгункі (1900) і калі Ч. стала рэзідэнцыяй упраўлення Нерчынскай горнай акругі. Ў 1920—22 Ч. — сталіца Далёкаўсходняй рэспублікі. З 1922 — цэнтр Забайкальскай губ., з 1926 — Чыцінскай акругі Далёкаўсходняга краю, з 1937 — Чыцінскай вобл.

Чыта. Царква Міхаіла Архангела («Царква дзекабрыстаў»).

т. 17, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́ВЕЛЬ Сяргей Аляксандравіч (н. 17.10.1940, в. Геруцева Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. сацыёлаг і філосаф. Д-р сацыялагічных н. (1990), канд. філас. н. (1977). Скончыў Маскоўскі ун-т (1969). З 1969 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. З 1970 у трэсце «Беларусмантажспецбуд». З 1974 у БДУ. З 1981 у Ін-це філасофіі і права, з 1990 заг. аддзела Ін-та сацыялогіі і сац. тэхналогій Нац. АН Беларусі (у 1991—93 нам. дырэктара). Навук. працы па праблемах сац. палітыкі, развіцця сац. сферы і сац. структуры грамадства, матывацыі і стымулявання працы і эканам. актыўнасці, тэорыі і методыкі сацыялагічных даследаванняў.

Тв.:

Социальная сфера общества и личность. Мн., 1988;

Социальная политика суверенной Беларуси. Мн., 1996 (разам з Р.​А.​Смірновай);

Тенденции изменения социальной структуры Беларуси. Мн., 1996;

Социальная структура, мобильность, идентификация. Мн., 1998 (разам з А.​У.​Рубанавым, Р.​А.​Смірновай);

Трудовой коллектив и рынок: опыт социол. анализа. Мн., 1999 (разам з В.​В.​Бушчыкам);

Политические элиты России и Белоруссии. М.; Мн., 2000 (у сааўт.).

т. 17, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЛЁЎКА,

знадворная абшыўка дошкамі ці дранкамі сцяны, франтона і інш. элементаў драўлянага будынка. Выконвае дэкар. і засцерагальную функцыі. З’явілася ў бел. манум. дойлідстве 17 ст. (пераважна ў сядзібна-палацавым і культавым) пад уплывам мураванай архітэктуры стылю рэнесансу. Пашырылася ў 2-й пал. 18 ст. ў архітэктуры стыляў класіцызму і ампіру. Стварала гарыз. (у сядзібным дойлідстве) ці верт. (у культавым дойлідстве) рытм. У нар. дойлідстве шырока выкарыстоўваецца з 1940—50-х г. Вядомы Ш. верт., верт. з нашчыльнікамі, гарыз., гарыз. з нашчыльнікамі, камбінаваная, у елачку, ромбападобная і інш. Найб. пашырана Ш. сцен з шэрагу гарыз. паясоў адметнага малюнка. Вуглы закрываюцца дошкамі, часта з накладнымі элементамі ці прапілоўкай. Дэкар. акцэнт узмацняюць фігурныя паяскі, ажурныя карнізы і інш. Арыгінальная Ш. франтонаў жылля цэнтр. Палесся з выкарыстаннем салярных матываў. Маст. выразнасць Ш. ўзмацняецца расфарбоўкай з выкарыстаннем кантрастных колераў ці розных адценняў аднаго колеру. Іл. гл. таксама да арт. Народнае дойлідства.

Я.​М.​Сахута.

Віды шалёўкі: 1 — вертыкальная; 2 — гарызантальная з нашчыльнікамі; 3 — гарызантальная; 4 — ромбападобная; 5 — у елачку; 6 — камбінаваная.

т. 17, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)