РАКЕ́ТНА-Я́ДЗЕРНЫ ЎДАР,

удар ракетамі з ядзернымі зарадамі з мэтай паражэння аб’ектаў праціўніка. Можа наносіцца ракетнымі войскамі, а таксама ракетамі з падводных лодак і надводных караблёў, ракетаноснай авіяцыяй і інш. Р.-я. ў. могуць быць адзіночныя, групавыя і масіраваныя (гл. Ядзерны ўдар).

т. 13, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ВІЧ (Рыгор Аляксеевіч) (н. 13.2.1955, Мінск),

бел. вучоны-прававед. Д-р юрыд. н. (1994). Засл. юрыст Беларусі (1994). Скончыў БДУ (1980). З 1983 на выкладчыцкай рабоце ў БДУ, з 1986 — у сакратарыяце Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. З 1994 член, з 1997 Старшыня Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь. Даследуе праблемы прац. і канстытуцыйнага права. Аўтар прац: «Адказнасць бакоў працоўнага дагавору за нанесеную шкоду» (1989), «Парламент Рэспублікі Беларусь. Канстытуцыйна-прававы аспект» (1995) і інш.

т. 4, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬ I Дзмітрыевіч

(30.12.1371, Масква — 27.2.1425),

вялікі князь маскоўскі [1389—1425]. Старэйшы сын Дзмітрыя Іванавіча Данскога. Жанаты з Соф’яй, дачкой вял. князя літ. Вітаўта. Да Маскоўскага княства далучыў у 1392 Суздальска-Ніжагародскае і Мурамскае княствы, у 1397—98 — Волак Ламскі, Бежацкі Верх, Волагду, Вялікі Усцюг і землі комі. Для барацьбы з татарамі заключыў з ВКЛ саюз (1392), які распаўся ў сувязі з захопам Вітаўтам у 1403—04 Смаленска і Вязьмы.

т. 4, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РНЕР ((Werner) Абраам Готлаб) (25.9.1750, Вераў, каля г. Гёрліц, Германія — 30.6.1817),

нямецкі геолаг і мінералог; заснавальнік навук. геал. Школы. З 1771 вывучаў прыродазнаўчыя навукі ў Лейпцыгскім ун-це; з 1775 выкладаў у Фрайбергскай горнай акадэміі. Распрацаваў класіфікацыю горных парод і мінералаў, заснаваную на вонкавых прыкметах з улікам хім. саставу. Узначальваў кірунак у геалогіі — нептунізм, паводле якога ўсе горныя пароды, у т. л. і вывергнутыя, узніклі як асадкі з вады.

т. 4, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІБРАМО́ЛАТ,

ударна-вібрацыйная машына для забівання і выцягвання з грунту паляў, шпунтоў, труб, а таксама для ўшчыльнення грунту, бетону і інш. Вібратар вібрамолата злучаецца з нагалоўнікам пагружальнага элемента спружыннай падвескай і разам з вібрацыйным уздзеяннем перадае яму ўдарныя імпульсы, што інтэнсіфікуе, напр., працэс забівання. Найб. пашыраны вібрамолат з 2 электрарухавікамі. Гл. таксама Вібрацыйная тэхніка.

Схема вібрамолата: 1 — вібраўзбуджальнік ваганняў; 2 — дэбаланс; 3 — баёк; 4 — кавадла; 5 — спружынны падвес; 6 — паля.

т. 4, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯНЬКО́Ў (Павел Пятровіч) (8.12.1879, г. Казань — 16.1.1949),

узбекскі жывапісец. Засл. дз. маст. Узбекістана (1939). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1901 — 06), у акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1906). Чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (1922—32). Майстар пленэру з тонкім адчуваннем прыроды і нац. каларыту Сярэдняй Азіі. Сярод работ: «Старая Бухара» і «Дзяўчаты-хівінкі» (1931), «Ліст з фронту» (1945), «Дзяўчына з дутарам» (1947), «Зноў на радзіме» (1948) і інш.

П.Бянькоў. Дзяўчына з дутарам. 1947.

т. 3, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРДЗЯ́ЕЎ ((Bierdiajew) Валерыян) (7.3.1885, г. Гродна — 28.11.1956),

польскі дырыжор, педагог. Вучыўся ў Лейпцыгскай кансерваторыі ў М.Рэгера (кампазіцыя), К.Нікіша (дырыжыраванне), Х.​Зіта (скрыпка). Інтэрпрэтатар рус. музыкі, твораў Л.​Бетховена. З 1908 дырыжор Марыінскага т-ра ў Пецярбургу. У 1921—30 працаваў у Польшчы, Расіі, на Украіне. З 1930 выкладаў у Варшаўскай кансерваторыі (з 1945 праф.), Вышэйшых муз. школах у Кракаве, Познані. З 1947 дырэктар і дырыжор Кракаўскай філармоніі. Дзярж. прэмія Польшчы 1951.

т. 3, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛ (ваен.),

насып (земляны, з камянёў, са снегу, палітага вадой, часта з ровам спераду), які служыў перашкодай для тых, хто атакаваў, і адначасова баявой пазіцыяй і ўкрыццём для тых, хто абараняўся. Валам называюць таксама сістэму ўмацаваных палос і пазіцый тыпу рымскіх валоў (Адрыянаў вал), «Атлантычнага вала», «Усходняга вала». Як элемент крэпасці валы выкарыстоўваліся ў спалучэнні з крапаснымі сценамі або замест іх. Звычайна мелі брустверы і валгангі (пляцоўкі з уступамі).

т. 3, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБАКУ́ЛАЎ (Ахмад) (н. 17.1.1931, г. Душанбе),

таджыкскі спявак (драм. тэнар). Нар. арт. СССР (1971). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1954). У 1954—56 і з 1966 саліст Таджыкскага т-ра оперы і балета, адначасова з 1966 заг. кафедры ф-та мастацтваў Таджыкскага пед. ін-та (праф. з 1977). Сярод партый: Садык («Вяртанне» Я.​Сабзанава), Мадан («Камдэ і Мадан» З.​Шахідзі), Каварадосі («Тоска» Дж.​Пучыні), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала). Дзярж. прэмія Таджыкістана 1966.

т. 2, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНО́Д (ад грэч. anodos узыходжанне),

1) дадатны полюс (клема) крыніцы эл. току (гальванічнага элемента, акумулятара, эл. машыны). Ад анода ў знешнім эл. ланцугу накіраваны эл. ток.

2) Дадатны электрод электравакуумных і іонных прылад, звычайна выраблены з тугаплаўкіх металаў (тантал, малібдэн, чэрнены нікель), калі ахаладжэнне прымусовае — з медзі; іонных прылад — з матэрыялаў з малой другаснай эмісіяй (графіт, жалеза).

3) Дадатны полюс электрычнай дугі, электралітычнай ванны (гл. ў арт. Электроліз).

т. 1, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)