МЫ́ЛЬНІК,

сапанарыя (Saponaria), род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі 2 віды: М. лекавы — мыльны корань, ці сабачае мыла (S. officinalis), і інтрадукаваны ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН — М. базілікападобны (S. ocymoides). Трапляецца ў хмызняках, на лясных палянах, па берагах рэк.

Адна-, двух- і шматгадовыя травы. Сцёблы голыя ці апушаныя, прамастойныя, ляжачыя або прыўзнятыя. Карані пры расціранні ў вадзе мыляцца і даюць пену (адсюль назва). Лісце шырокалінейнае ці лопасцевае. Кветкі двухполыя ў мяцёлчатых або галоўчатых суквеццях. Плод — каробачка. Карэнішча і карані М. лекавага (т.зв. чырв. мыльны корань) маюць сапаніны, слізь і выкарыстоўваюцца ў медыцыне і ветэрынарыі, для мыцця шэрсці і шоўку, вырабу халвы, шыпучых напіткаў, піва. У кветкаводстве вырошчваюць махровыя формы.

Мыльнік лекавы.

т. 11, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫШАЛО́ВЫ (Circus),

род птушак сям ястрабіных атр. сокалападобных. 9 (12) відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей. На Беларусі 4 віды: М. балотны, або чаротны (нар. назва балотны шуляк) — C. aeruginosus; М. лугавы — C. pygargus; М. палявы — C. cyaneus; М. стэпавы — C. macrourus. Трымаюцца адкрытых ландшафтаў, паблізу вадаёмаў. М. стэпавы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. цела 40—60 см, маса 230—1000 г. Афарбоўка ў маладых самцоў і самак амаль аднолькавая, у дарослых адрозніваецца. Па баках галавы падабенства тваравага дыска, характэрнага для соў. Крылы і хвост доўгія, прыстасаваны да павольнага бясшумнага палёту нізка над зямлёй, калі М. высочваюць здабычу. Кормяцца пераважна мышападобнымі грызунамі (адсюль назва), дробнымі вадаплаўнымі птушкамі, жабамі, насякомымі.

Мышаловы: 1 — палявы; 2 — лугавы; 3 — стэпавы; 4 — балотны (а — самец, б самка).

т. 11, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВАЙ СІБІ́РЫ ГО́РЫ,

горная краіна на Пд Сібіры, якая ўключае Алтай, Салаірскі краж, Кузнецкі Алатау, Зах. і Усх. Саяны, горы Тывы, Прыбайкалля, Забайкалля, Станавы хрыбет, а таксама міжгорныя катлавіны: Кузнецкая, Мінусінская, Тувінская, Таджынская і інш. Пл. каля 1,6 млн. км². Горы складзены пераважна з пратэразойскіх і ніжнепалеазойскіх парод. Ва ўтварэнні рэльефу вял. ролю адыгралі мезакайназойскія і найноўшыя тэктанічныя рухі. Пераважае сярэднягорны (800—2000 м) рэльеф; для асобных хрыбтоў і масіваў характэрны высакагорны рэльеф і сучаснае зледзяненне; у перыферычнай ч. — нізкагор’і (300—800 м). Найвышэйшы пункт — г. Бялуха (4506 м). Высокая сейсмічнасць. Радовішчы руд каляровых і рэдкіх металаў, каменнага вугалю, азбесту. На схілах горна-таежныя лістоўнічныя і цемнахвойныя лясы, вышэй за 2000—2500 м — горныя тундры і альпійскія лугі; у міжгорных катлавінах стэпы.

т. 12, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІАМІ́ДНЫЯ ВАЛО́КНЫ,

сінтэтычныя валокны, атрыманыя фармаваннем з расплаваў ці раствораў поліамідаў. Каля 98% ад агульнай вытв-сці П.в. складаюць валокны з аліфатычных поліамідаў, пераважна полікапрааміду (гандл. назвы капрон, найлан-6, перлон, дэдэрон, амілан, рэлон і інш.) і полігексаметыленадыпінаміду (анід, найлан-6,6, глацэм і інш.).

Характарызуюцца высокімі трываласцю, эластычнасцю, устойлівасцю да сцірання, шматразовага выгінання і многіх хім. рэагентаў. Маюць нізкую гіграскапічнасць (прычына павышанай электрызавальнасці), святло- і тэрмаўстойлівасць (макс. рабочая т-ра 80—150 °C). П.в. з араматычных поліамідаў (напр., полі-м-феніленізафталаміду) тэрмаўстойлівыя: прыдатныя для эксплуатацыі пры 250—500 °C. Выкарыстоўваюць для вытв-сці трыкатажу, тканін, дываноў, шыннага корду, гумава-тэхн. вырабаў, рыбалоўнай сеткі, канатаў. вяровак. фільтравальных матэрыялаў для харч. прам-сці і інш.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРМУ́ДСКІЯ АСТРАВЫ́ (Bermuda),

уладанне Вялікабрытаніі на аднайм. астравах у Атлантычным ак. (900 км на У ад Паўн. Амерыкі). Пл. 53,3 км². Нас. 60,7 тыс. чал. (1993), каля 60% — негры, астатнія пераважна англічане і амерыканцы. Адм. ц. і порт — г. Гамільтан (на найб. в-ве Бермуда). Афіц. мова англійская. Большасць вернікаў англікане і метадысты. Астравы каралавыя, складзены з вапнякоў, размешчаны на вяршыні патухлага падводнага вулкана. Выш. да 79 м. Клімат трапічны, умерана вільготны. Сярэдняя т-ра самага халоднага месяца (сак.) 16,7 °C, самага цёплага (жн.) 26,7 °C. Ападкаў да 1350 мм за год. Аснова гаспадаркі (занята палавіна самадзейнага насельніцтва) — курортная справа і абслугоўванне турыстаў (больш за 500 тыс. чал. за год). Вырошчванне кветак (вывозяцца ў ЗША), агародніцтва (ранняя агародніна і бульба) і пладаводства (бананы, цытрусавыя). Прам-сць: нафтаперапр., фармацэўтычная, хім., харч., у т. л. рыбаперапрацоўчая; суднабудаванне (спарт. судны, яхты) і суднарамонт; здабыча і перапрацоўка вапняку. Транспарт аўтамаб. (7 астравоў злучаны дамбамі і мастамі). Міжнар. аэрапорт (в-аў Бермуда). Гандл. сувязі пераважна з ЗША, Вялікабрытаніяй, Канадай. Грашовая адзінка — бермудскі долар.

Гісторыя. Адкрыты ў 1522 ісп. мараходам Х.​Бермудасам. У 1609 тут з’явіліся першыя англ. пасяленцы, з 1684 Бермудскія астравы — калонія Вялікабрытаніі. Да 1862 важны ваенна-марскі порт і месца ссылкі. У час 2-й сусв. вайны мелі стратэг. значэнне як брыт. марская авіябаза. З 1941 арандаваны ЗША (ваен. базы).

З 1968 унутр. самакіраванне (у 1973 пашырана). Дзеянні брыт. і мясц. адміністрацыі з мэтай атрымання Бермудскімі астравамі незалежнасці (канец 1970-х г.) не падтрыманы насельніцтвам. Дзейнічае канстытуцыя 1968 (са зменамі 1973 і 1979). Брыт. манарх прадстаўлены ген.-губернатарам. Заканадаўчы орган — двухпалатны парламент. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе прэм’ер-міністр. Паліт. партыі: Аб’яднаная бермудская партыя, Прагрэс. лейбарысцкая партыя, Нац. ліберальная партыя. Прафсаюзы: Бермудскі саюз прамысл. працоўных, Бермудская асацыяцыя дзярж. служачых.

т. 3, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЛА́ЧЫ (Appalachian Mountains),

горы на У Паўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Працягнуліся з ПдЗ на ПнУ на 2600 км; асн. хрыбты: Блу-Рыдж, Уайт-Маўнтынс, масіў Адырондак, Грын-Маўнтынс. Сярэдневышынныя. Пераважаюць выш. 1300—1600 м, найб. 2037 м, г. Мітчэл (Блу-Рыдж). Падзяляюцца Апалачы на Паўночныя і Паўднёвыя (мяжа па рэках Мохак і Гудзон). Паўночныя Апалачы — хвалістае пласкагор’е выш. 400—600 м, над якім узвышаюцца асобныя масівы і хрыбты, вяршыні згладжаны, ператвораны ледавіком у трогі. Паўднёвыя Апалачы складаюцца з восевай зоны хр. Блу-Рыдж, з У да якога прымыкае плато Підмант, з ЗАпалачскае плато. Утварыліся Апалачы ў перыяд каледонскай складкавасці і герцынскага арагенезу, амалоджаны неатэктанічнымі падняццямі. Паўночная і паўд.-ўсх. ч. Апалачаў складзена з крышт. парод, зах. і паўд.-зах.пераважна з асадкавых (пясчанікі, даламіты, вапнякі). Карысныя выкапні: каменны вугаль (гл. Апалачскі вугальны басейн), нафта, прыродны газ, жал. руда, тытан, азбест. Клімат на Пн умераны, на Пд субтрапічны, фарміруецца пад уплывам Атлантычнага ак. і асабліва Мексіканскага заліва. Сярэднія т-ры студз. вагаюцца ад -12 на Пн да 8 °C на Пд, ліп. адпаведна ад 18 да 26 °C. Ападкаў 1000—1300 мм за год. Рэкі цякуць у глыбокіх далінах, найбольшыя — Канектыкут, Гудзон, Саскуэхана і Тэнесі. Расліннасць паўн. ч. — хвойныя і мяшаныя лясы (елка, піхта, туя, гемлока, клён, вяз, гікоры), на Пд ад 41° паўд. ш. ў ніжнім поясе горныя шыракалістыя лясы (каштан, дуб, клён і эндэмікі — цюльпаннае дрэва, платан, магноліі), вышэй за 1000 м — мяшаныя і хвойныя лясы, затым субальпійскія лугі. Жывёльны свет — пераважна эндэмікі: віргінскі алень і віргінскі апосум, дрэвавы дзікабраз, мядзведзь барыбал, рысь, янот, скунс, выдра. Апалачы — раён турызму, лыжнага і воднага спорту, палявання. У Апалачах нац. паркі Грэйт-Смокі-Маўнтынс (Тэнесі), Шэнандоа (Віргінія), Алалачская дарога ўздоўж хрыбта Блу-Рыдж.

М.​В.​Лаўрыновіч.

Апалачы. Хрыбет Блу-Рыдж.

т. 1, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАЗО́НКА (Amazonas),

рака ў Паўд. Амерыцы, пераважна ў Бразіліі, найбольшая ў свеце па памерах басейна і воднасці і другая па даўжыні. Утвараецца ад зліцця рэк Мараньён і Укаялі. Даўж. ад вытоку р. Мараньён 6400 км, ад вытоку Укаялі больш за 7000 км. Пл. бас. 7180 тыс. км². Б. ч. басейна Амазонкі ў межах Амазонскай нізіны. Пачынаецца ў Андах, упадае ў Атлантычны ак., утварае самую вял. ў свеце ўнутраную дэльту (больш за 100 тыс. км²) і лейкападобнае вусце. Больш за 500 прытокаў, род іх каля 20 даўжынёй больш за 1500 км. Найб. справа — Журуа, Пурус, Мадэйра, Тапажос, Шынгу, Такантынс (упадае ва ўсх. рукаў дэльты Амазонкі — Пару), злева — Жапура, Рыу-Негру (прыток Касік’ярэ злучае бас. Амазонкі з р. Арынока — найб. выразны прыклад біфуркацыі рэк). Шыр. Амазонкі ў месцы сутокаў Мараньёна і Укаялі 1,5 км, у сярэднім цячэнні да 5 км, у ніжнім 15—20 км, перад вусцем 80—150 км. Жыўленне пераважна дажджавое. Рака паўнаводная ўвесь год, макс. ўзровень у маі—ліп., мінімальны — у жн.—верасні. Сярэднегадавы расход вады ў ніжнім цячэнні каля 220 тыс. м³/с, макс. — больш за 300 тыс. м³/с. Сярэднегадавы сцёк каля 7000 км³ (каля 15% агульнага гадавога сцёку ўсіх рэк зямнога шара). Прылівы падымаюцца ўверх па рацэ на 1400 км. Амазонка і яе прытокі багатыя арган. рэчывамі. У водах Амазонкі — кайманы, прэснаводныя дэльфіны, ламанціны. Рыбалоўства. У Амазонцы і яе прытоках 2 тыс. відаў прэснаводных рыб, сярод якіх драпежныя піранья, электрычны вугор. Амазонка мае значны энергет. патэнцыял. Даўжыня ўсіх водных шляхоў у бас. Амазонкі каля 25 тыс. км. Рака суднаходная на 4300 км ад вусця (да Андаў), да г. Манаус (1690 км) падымаюцца акіянскія судны. Гал. парты: Белен (Пара), Сантарэн, Обідус, Манаус (Бразілія), Ікітас (Перу).

Рака Амазонка.

т. 1, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯНДЛЯ́РНЯ,

устаноўка (печ, шафа, апарат, камера) для вэнджання мясных прадуктаў, сала, рыбы, сыру і інш. ўздзеяннем дыму, цяпла, вяндлярных вадкасцей. Прамысл. вяндлярні бываюць перыядычнага (камерныя, пралётныя) і неперарыўнага (тунэльныя, вежавыя, шахтавыя) дзеяння.

Дым атрымліваецца ў топцы печы або ў спец. дымагенератары (часцей размешчаны па-за печчу) пры няпоўным згаранні драўніны ці пілавіння пераважна лісцевых парод. Перад паступленнем у зону вэнджання дым праходзіць праз фільтры для ачысткі ад канцэрагенных рэчываў. Для цеплавой апрацоўкі выкарыстоўваюць дым у сумесі з паветрам або толькі паветра, якія награюцца ў каларыферах і перамяшчаюцца вентылятарамі. Выкарыстоўваюць і інфрачырвоныя прамяні. Вяндлярныя вадкасці (іх наносяць на прадукты, дадаюць у фарш або ў сумесь для салення) атрымліваюць у асн. дыстыляцыяй, перагонкай і адсорбцыяй з воднага канцэнтрату дыму. Эфектыўныя і эканамічныя эл. вяндлярні, напр. вертыкальнага тыпу з сістэмай шахтаў, канвеерам і эл. прыстасаваннямі. У іх падсушка і прапяканне (рыбы) робяцца інфрачырвоным выпрамяненнем, само вэнджанне — дымам ад дымагенератара (часцінкі дыму іанізуюцца ў эл. полі і асаджваюцца на паверхні прадукту).

На Беларусі здаўна былі пашыраны вежавыя пераважна двух’ярусныя вяндлярні. На іх 1-м ярусе распальвалі агонь, на 2-м на жэрдках падвешвалі прадукты. Палілі сырую яблыню, галлё ядлоўцу, граба, дуба, тырсу і інш. У апошні час будуюць цагляныя або каменныя кампактныя вяндлярні, выкарыстоўваюць міні-вяндлярні, заводскія і самаробныя, падручныя прыстасаванні (бочкі, бітоны, каністры, вёдры без дна, трубы, скрыні і г.д., апрача пакрытых лакам, палімернымі смоламі і зробленых з ДСП).

К.​В.​Фамічэнка.

Вяндлярня (прамысловая печ): 1 — рама; 2 — вентылятары; 3 — каларыферы; I — зона падсушкі; II — зона абсмажвання; III — зона варкі.
Вяндлярні для невялікіх прадпрыемстваў: а — універсальная камера на 900 л; б — камера (6) з дымагенератарам (1), якія працуюць у замкнёным цыкле без забруджвання асяроддзя (2, 3 — дросельныя засаўкі, 4 — засаўка для рэгулявання выкіду дыму ў атмасферу, 5 — засаўка падачы свежага паветра).

т. 4, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУЦЬ,

рака ў Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абл., правы прыток р. Дняпро. Даўж. 295 км. Пл. вадазбору 5020 км². Пачынаецца за 1 км на З ад в. Раздольная Талачынскага р-на Віцебскай вобл., вусце на паўд. ускраіне г. Рагачоў. Агульная даўж. рачной сістэмы Д. 2000 км. Асн. прытокі: Крывая, Няропля, Вабіч, Арлянка, Балонаўка, Грэза (злева), Аслік, Малыш, Даўжанка, Дабрыца (справа). Вадазбор у вярхоўі ў межах Аршанскага ўзв., на астатнім працягу — ва ўсх. ч. Цэнтральнабярэзінскай раўніны.

Даліна да ўпадзення р. Крывая невыразная, ніжэй трапецападобная шыр. 1,5—2,5 км. Схілы парэзаныя, выш. 8—30 м, да г.п. Бялынічы адкрыцця і пад ворывам, ніжэй па цячэнні пераважна пад лесам. Левы схіл больш спадзісты, правы сярэдне стромкі, нярэдка абрывісты. Пойма ў асноўным двухбаковая (на асобных участках у нізоўі левабярэжная, у верхнім цячэнні часткова затопленая Цяцерынскім, у ніжнім Чыгірынскім вадасх.), адкрытая, лугавая. Паверхня поймы ў прырэчышчавай ч. роўная, месцамі ўзгорыстая, перасечаная старыцамі, асушальнымі канавамі. лагчынамі. Рэчышча каналізаванае на 2 участках у вярхоўі агульнай працягласцю каля 16 км, на астатнім працягу моцназвілістае, свабодна меандрыруе, ніжэй упадзення р. Вабіч разгалінаванае на пратокі і рукавы са шматлікімі старыцамі і залівамі. Шыр. ракі ў межань у вярхоўі 10—20 м, ніжэй 30—50 м. Берагі пераважна стромкія, месцамі абрывістыя (выш. да 5 м), у вусцевай ч. спадзістыя (выш. да 1 м). Жыўленне мяшанае: снегавое, дажджавое, грунтавое. Асаблівасць рэжыму — вельмі выразнае веснавое разводдзе, на якое прыпадае 54% гадавога сцёку. Веснавы крыгаход каля 3 сутак. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 31,6 м³/с. Рака прымае сцёк з меліярац. каналаў. Суднаходная ніжэй плаціны Чыгірынскага вадасх. (за 84 км ад вусця) у паўнаводны перыяд. У ніжнім цячэнні каля в. Чыгірынка Чыгірынская ГЭС. На Д. гарады Талачын і Рагачоў, г.п. Круглае і Бялынічы, зоны адпачынку Чыгірынка, Маліна, Друць, Лужкі.

Рака Друць каля г.п. Бялынічы.

т. 6, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЕ́ЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

на ПдУ Украіны. Утворана 2.7.1932. Пл. 26,5 тыс. км². Нас. 5,2 млн. чал. (1996), гарадскога 90%. Цэнтр — г. Данецк. Найб. гарады: Марыупаль, Макееўка, Горлаўка, Краматорск, Славянск, Канстанцінаўка, Янакіева.

Прырода. Паверхня пераважна раўнінная. Большая ч. тэр. — Данецкі краж (выш. да 240 м) і Прыазоўскае ўзв., на ПнЗ — Прыдняпроўская нізіна. Карысныя выкапні: каменны вугаль (гл. Данецкі вугальны басейн), каменная соль, ртутныя руды, вогнетрывалыя гліны, даламіты, флюсавыя і буд. вапнякі, мергель, мел, кварцавыя пяскі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -5 °C да -8 °C, ліп. 21—23 °C. Гадавая колькасць ападкаў каля 500 мм. Гал. рэкі: Северскі Данец, Воўчая, Самара, Кальміус, Крынка, Кальчык. Вобласць размешчана ў межах стэпавай зоны. Глебы пераважна чарназёмныя. Пад лесам і лесапасадкамі каля 6% тэр. (дуб, ясень, клён, ліпа). Запаведнік Хамутоўскі стэп.

Гаспадарка. Буйны раён вугальнай прам-сці (шахты ў Данецку, Макееўцы, Горлаўцы, Янакіева, Шахцёрску, Вуглягорску і інш.), здабыча каменнай солі (Славянск, Арцёмаўск), руд ртуці. Развіты чорная (чыгун, сталь, пракат, стальныя трубы і інш.) і каляровая (цынк, ртуць) металургія, коксахім., хім. (мінер. ўгнаенні, кіслоты, сода, сінт. смолы, пластмасы і інш.) прам-сць, цяжкае машынабудаванне (горнашахтавае і металургічнае абсталяванне, чыг. вагоны, станкі, прэсы). Вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент, шыфер, вогнетрывалыя матэрыялы і інш.), лёгкая (тэкст., абутковая, швейная), харч. (рыбныя і агароднінныя кансервы, шампанскія віны, кухонная соль) прам-сць. ДРЭС: Вуглярская, Старабешаўская, Славянская, Курахоўская, Міронаўская і інш. Пасевы пшаніцы, ячменю, кукурузы. Вырошчванне соі, сланечніка, кармавых культур, агародніны. Пладаводства. Вінаградарства. Малочная і малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, авечкагадоўля. Буйныя масівы арашальных зямель. У вобласці самая густая чыг. сетка на Украіне; праходзяць чыгункі Данецк—Харкаў, Ясінаватая—Крывы Рог; аўтадарогі Харкаў—Растоў-на-Доне, Бярдзянск—Марыупаль—Таганрог, Данецк—Марыупаль. Марскі порт Марыупаль. Курорты: Славянск, Славянагорск, Марыупаль.

С.​І.​Сідор.

т. 6, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)