СУРГА́НАЎ Фёдар Анісімавіч (7.6.1911, в. Суднікі Віцебскага р-на —26.12.1976),
дзяржаўны і парт.дзеяч Беларусі, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Скончыў Бел.с.-г.ін-т (1939). У 1931—34 аграном у сістэме Наркамзема БССР. З 1939 на камсам. рабоце, у 1942—15 сакратар ЦК ЛКСМБ У 1942—43 у складзе аператыўнай групы ЦККП(б)Б і БШПР на Калінінскім фронце. У жн. 1943—ліп. 1944 у тыле ворага: упаўнаважаны ЦККП(б)Б і ЦШПР, адзін з кіраўнікоў партыз. руху і падполля на тэр. Вілейскай, Баранавіцкай і Беластоцкай абл. З 1945 нам.заг. аддзела ЦККП(б)Б. У 1947—56 2-і, І-ы сакратар Мінскага абкома КПБ, старшыня Мінскага аблвыканкома. Са жн. 1956 сакратар, з крас. 1959 2-і сакратар ЦККПБ. У 1962—65 старшыня Бюро ЦККПБ па кіраўніцтве сельскай гаспадаркай. У 1971—76 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета БССР, нам. Старшыні Вярх. Савета СССР. Канд. у чл.ЦК у 1949—56, чл.ЦК і Бюро ЦККПБ у 1956—76. Канд. у чл.ЦК у 1956—61, чл.ЦККПСС з 1961. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1951—76, нам. Старшыні Прэзідыума Вярх. Савета БССР у 1955—71. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1954—76, нам. Старшыні Савета Нацыянальнасцей Вярх. Савета СССР у 1962—66. Загінуў у аўтакатастрофе. Яго імем названа вуліца ў Мінску.
Тв.:
Белорусская Советская Социалистическая Республика. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАКВІ́ЛЬ (Tocqueville) Алексіс (29.7.1805, Вернёй-сюр-Сен, Францыя — 16.4.1859),
французскі сацыёлаг, гісторык-і паліт.дзеяч. У 1831—32 вывучаў пенітэнцыярную сістэму ў ЗША. З 1838 чл. Акадэміі маральных і паліт. навук, з 1841 — Франц. акадэміі. З 1839 чл. Палаты дэпутатаў, з 1848 — Устаноўчага, з 1849 — Заканад. (віцэ-старшыня) сходаў. Міністр замежных спраў (1849). Адзін з лідэраў кансерватыўнай Партыі парадку. У працах «Аб дэмакратыі ў Амерыцы» (1835), «Стары парадак і рэвалюцыя» (1856) аналізаваў супярэчнасці «дэмакр. рэвалюцыі», сутнасць і перспектывы дэмакратыі. Першая фаза развіцця дэмакратыі, на яго думку, — стварэнне абс. манархіі, у якой «знаць ужо зламана, а народ яшчэ не ўзняўся», у сувязі з чым уладары «цешацца паліт. стабільнасцю і ўсемагутнасцю». Рэвалюцыя, у т. л. і Франц. рэвалюцыя 1789—94, звяргае абсалютызм, адмяняе феад. прывілеі, зацвярджае трыумф эгалітарызму, але не пазбаўляе грамадства ад вынікаў абсалютызму, замяняе старую форму тыраніі дэмакр. дэспатызмам, а феад. няроўнасць — неабмежаваным панаваннем «іерархіі функцыянераў», якія складаюць «машыну кіравання». У гэтых умовах народ адхілены ад улады, ператвараецца ў аднародную масу, якая набывае скажоную форму роўнасці — «роўнасць у рабстве». У выніку ўзнікае індывідуалізм. які адхіляе людзей ад улады, ізалюе іх адзін ад аднаго і падштурхоўвае іх да прыватнага жыцця, у бок ад грамадскіх адносін і палітыкі. Каб абясшкодзіць грамадства ад новых форм дэспатызму, якія ствараюцца самім развіццём дэмакратыі, апорай свабоды павінна стаць, на думку Т., развіццё самасвядомасці і самакіравання, добраахвотных асацыяцый грамадзян, а таксама пашырэнне рэліг. перакананняў, якія па сваёй прыродзе несумяшчальныя з усеўладдзем дзяржавы і яго культам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫЧЫ́НА Паўло Рыгоравіч (27.1.1891, с. Пяскі Бабровіцкага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 16.9.1967),
украінскі паэт, дзярж. і грамадскі дзеяч. Акад.АН Украіны (1929), чл.-кар.Балг.АН (1947). Герой Сац. Працы (1967). Скончыў Кіеўскі камерцыйны ін-т (1917). У 1936—39 і 1940—43 дырэктар Ін-та ўкр. л-ры АН Украіны. У 1943—48 міністр асветы Украіны. Друкаваўся з 1912. Першы зб. «Сонечныя кларнеты» (1918). Шырокі эпічны план у паэме «Шабля Катоўскага» (1938), драм. паэме «Шаўчэнка і Чарнышэўскі» (1939). У зб. «Перамагаць і жыць» (1942), паэме «Пахаванне сябра» (1943) — гераізм людзей у Вял.Айч. вайну. Аўтар зб-каў «Плуг», «Замест санетаў і актаў» (абодва 1920), «Вецер з Украіны» (1924), «Пачуццё сям’і адзінай» (1938, Дзярж. прэмія СССР 1941), «Сталь і пяшчота» (1941), «І расці, і дзейнічаць» (1949), «Магутнасць нам дадзена» (1953), «Мы — сумленне чалавецтва» (1957), «Расці, цудоўны свет» (1960). Паэзіі ўласцівы багацце рытмікі, сувязь з укр. песеннасцю. На працягу многіх гадоў Т. звязвала творчая дружба з Я.Купалам і Я.Коласам. Пераклаў асобныя творы Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, К.Чорнага, П.Броўкі, М.Танка, П.Панчанкі. На бел. мову яго творы перакладалі М.Аўрамчык, Броўка, А.Вялюгін, Х.Жычка, Я.Колас, М.Танк і інш.Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1962.
Тв.:
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1954;
Рус.пер. — Избр. произв.Т. 1—2. М., 1971.
Літ.:
Ахрыменка П. Паўло Тычына і Беларусь // Ахрыменка П. Летапіс братэрства. Мн., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАБРЫ́ЦЫУС Ян Фрыцавіч (26.6.1877, хутар Ванкстрэйбей Вентспілскага р-на, Латвія — 24.8.1929),
савецкі ваен.дзеяч. Скончыў Рыжскую гімназію (1894), акад. курсы вышэйшага камсаставу РСЧА (1925). Удзельнічаў у рэвал. руху, быў у ссылцы. З 1915 у арміі, удзельнік 1-й сусв. вайны, вёў рэв. работу сярод лат. стралкоў. У Кастр. рэвалюцыю камандзір батальёна, камісар 1-га лат. палка. Са студз. 1918 член ВЦВК, старшыня ВРК Пскоўскага пав. У канцы 1918 — пач. 1919 камісар 2-й і 10-й стралк. дывізій, што ўдзельнічалі ў вызваленні Латвіі. З кастр. 1919 камандзір 48-й брыгады 16-й стралк. дывізіі, што дзейнічала супраць Дзянікіна, потым (у 1920) на Зах. фронце — супраць войск Польшчы (дзе вызначыўся як арганізатар прарыву Смаргонскага ўмацаванага р-на). Удзельнік ліквідацыі антыбальшавіцкага паўстання ў Кранштаце. У 1921—23 нач. камандных курсаў РСЧА у Полацку, пяхотных курсаў камсаставу ў Мінску. У 1923—24 камандзір і камісар 2-й Бел.стралк. дывізіі, з 1927 камандзір 4-га стралк. корпуса ў Віцебску. З 1928 пам. камандуючага асобнай Каўказскай арміяй. Чл.ЦККВКП(б) з 1927. Чл.ЦККП(б)Б у 1927—28. Канд. у чл.ЦВКСССР у 1929. Чл. ВВК БССР у 1922—23, 1927—28. Першы кавалер 4 ордэнаў Чырв. Сцяга (1919, 1920, сак., снеж. 1921), 2 з якіх атрымаў у час савецка-польскай вайны 1920 на тэр. Беларусі.
Літ.:
Чудов И.С. Ян Фабрициус. М., 1960;
Владимиров А.В. Четверо легендарных. М., 1969;
Легендарный комбриг: Воспоминания о Я.Ф.Фабрициусе. Рига, 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́ДЗЬКА (Барэйка) Ян
(24.6.1777, г.п. Крывічы Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 10.11.1851),
бел. грамадскі дзеяч, пісьменнік. Бацька А.Ходзькі, І.І.Ходзькі, М.Ходзькі. З 1793 цывільна-вайск. камісар Ашмянскага пав., з 1795 асэсар суда ў Паставах, з 1798 падсудак, з 1808 падкаморы Вілейскага пав., з 1811 старшыня Гал. цывільнага суда ў Мінску, інспектар шкал у Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. Адзін з арганізатараў масонскіх лож у Мінску і Вільні. Прытрымліваўся памяркоўна-асветніцкіх поглядаў. Прыхільнік асветы для народа. За сувязь з т-вам філаматаў у 1826 зняволены. За ўдзел у паўстанні 1830—31 сасланы на Урал (1830—34). Пісаў на польскай мове. Класіцыст, потым псеўдакласіцыст-маралізатар. Аўтар камедыі «Вызваленая Літва, або Пераход Нёмана» (1812), трагедыі «Кракус» (нап. 1816), аповесцей «Пан Ян са Свіслачы...» (1821) і «Брат і сястра» (1845), трактата «Аб эксдывізіях, або Аб судовым падзеле маёнтка даўжніка на карысць крэдытораў» (1816), успамінаў і артыкулаў па гісторыі Міншчыны, адметных жывасцю апавядання і значнай колькасцю беларусізмаў. Друкаваўся ў час. «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»), альманаху «Rubon» («Рубон») і інш. П’есы Х. ставіліся ў Мінску на аматарскай сцэне ў 1812.
Тв.:
Pisma rozmaite autora «Pana Jana ze Świsłoczy». T. 1—12. Wilno, 1837—42;
Diccezja Mińska około 1830 roku. T. 1. Struktury parafialne. Lublin, 1998.
Літ.:
Chodżko D.C. Jan Chodżko: Obrazek życiorysowy // Teka Wileńska. 1858. № 5;
Turska H. Język Jana Chodźki. Wilno, 1930;
Мархель У. Як свечка перад згасаннем // Мархель У. Прысутнасць былога. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРАПУ́К Янка (Іван Антонавіч; псеўд.Янка Змагар; 24.8.1896, мяст. Новы Двор Падляскага ваяв., Польшча — 16.11.1957),
бел.паліт.дзеяч. Скончыў мужчынскую гімназію Відэмана ў Пецярбургу (1914), вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 ініцыятар стварэння ў Пецярбургу грамадскай культ.-асв. арг-цыі «Вольныя беларусы», сакратар Пецярбургскага прадстаўніцтва (місіі) Цэнтр.Укр. рады. Пазней у Кіеве, супрацоўнік Мін-ва замежных спраў Укр.Нар. Рэспублікі, чл.Бел. рады на Украіне, ініцыятар стварэння партыі бел. незалежных рэвалюцыянераў. З канца 1918 на Гродзеншчыне, чл.Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Удзельнік Бел. з’езда Віленшчыны і Гродзеншчыны (ліп. 1919), сакратар Цэнтр.бел. рады Віленшчыны і Гродзеншчыны. Друкаваўся ў газ. «Беларусь» і «Родны край» (Гродна), «Наша думка». З канца 1919 у Рызе, сакратар вайскова-дыпламат. місіі БНР у Латвіі і Эстоніі, адначасова дыпламат. кур’ер пры ўрадзе БНР на чале з А.Луцкевічам. У снеж. 1919 кааптаваны ў склад Рады БНР, пасля яе паліт. расколу прыхільнік урада В.Ластоўскага. Як паўнамоцны прадстаўнік БПС-Р і прадстаўнік урада БНР удзельнічаў у канферэнцыях бел.сац. партый (крас. 1920) і бел.дзярж. і грамадскіх дзеячаў (чэрв. 1920) у Рызе. У жн. 1920 узначальваў дэлегацыю БНР на міждзярж. канферэнцыі балт. дзяржаў. У 1921 сакратар дыпламат. місіі БНР у Каўнасе, уваходзіў у ініцыятыўную «тройку» па стварэнні Загранічнага к-та БПС-Р. Удзельнік 1-й Усебел. канферэнцыі ў Празе (1921). З 1922 у эміграцыі ў ЗША, актыўны ўдзельнік грамадска-паліт. жыцця бел. дыяспары, ініцыятар стварэння шэрагу бел.-амер. арг-цый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНЯХО́ЎСКІ Іван Данілавіч (29.6.1906, с. Аксаніна Уманскага р-на Кіеўскай вобл., Украіна — 18.2.1945),
савецкі ваен.дзеяч. Ген. арміі (1944). Двойчы Герой Сав. Саюза (1943, 1944). Скончыў Кіеўскую артыл. школу (1928), Ваен. акадэмію механізацыі і матарызацыі РСЧА (1936). У Чырв. Арміі з 1924. У 1938—41 у БВА: камандзір легкатанк. палка, нам. камандзіра танк. дывізіі. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах., Варонежскім, Цэнтр., 1-м Укр. франтах: камандзір танк. і стралк. дывізій, танк. корпуса, камандуючы арміяй. Удзельнік абароны Ноўгарада, Варонежа; вызначыўся ў Курскай бітве, Чарнігаўска-Прыпяцкай аперацыі 1943, Варонежска-Касторненскай, Кіеўскай, Жытомірска-Бярдзічаўскай, Роўна-Луцкай наступальных аперацыях. З крас. 1944 камандуючы войскамі 3-га Бел. фронту, якія разам з 1-м Прыбалт. фронтам ажыццявілі Віцебска-Аршанскую аперацыю 1944, а з 1-м і 2-м Бел. франтамі — Мінскую аперацыю 1944, стварылі мінскі «кацёл»; вызвалілі Віцебск, Оршу, Барысаў, Мінск, Ліду, Вільнюс і інш. населеныя пункты. Войскі на чале з Ч. першыя ўступілі ва Усх. Прусію і Паўн. Польшчу, выйшлі на подступы да г. Кёнігсберг. Каля г. Мельзак (цяпер г. Пянежна, Польшча) Ч. смяротна паранены. Каля в. Рэдзькі Дубровенскага р-на на месцы каманднага пункта Ч. мемар. пліта, у в. Сцешыцы Вілейскага р-на яго бюст. У гонар Ч. г. Інстэрбург Калінінградскай вобл. (Расія) перайменаваны ў г. Чарняхоўск.
Літ.:
Люди бессмертного подвига. Кн. 2. 4 изд. М., 1975;
Герои огненных лет. Кн. 6. М., 1983;
Шарипов А.А. Черняховский. 3 изд. М., 1985;
Алексеев Н.И. Осколком оборванная жизнь. 2 изд. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРТАРЫ́ЙСКІ Адам Казімір (1.12.1734, г. Гданьск, Польшча — 19.3.1823),
дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай. Фельдмаршал аўстр. арміі (1808). З роду князёў Чартарыйскіх. Выбіраўся паслом на соймы 1756, 1758, 1760, 1762. З 1758 генеральны староста падольскі. У 1764 выбраны маршалкам канвакацыйнага сойма і фаміліяй Чартарыйскіх вылучаны кандыдатам на трон Рэчы Паспалітай, але пад націскам Кацярыны II адмовіўся ад яго на карысць свайго стрыечнага брата С.А.Панятоўскага. Ініцыятар (разам з фаміліяй) правядзення карэнных рэформ дзярж. ладу Рэчы Паспалітай. У 1766 яму даручана рэфармаванне войска ВКЛ. У 1767 далучыўся да Радамскай канфедэрацыі і ўзначаліў магнацкую апазіцыю каралю. У выніку канфлікту з каралём выехаў за мяжу. З 1768 камендант Варшаўскага кадэцкага корпуса, камандзір палка пешай літоўскай гвардыі, ген.-лейтэнант (1775), камандзір 1-й і 2-й дывізій войска ВКЛ (да 1783). У 1773—76 чл.Адукацыйнай камісіі. У 1786 атрымаў ад імператара Іосіфа II тытул князя «Свяшчэннай Рымскай імперыі» для сябе і сваіх нашчадкаў, а для старэйшага ў родзе — тытул герцага Галіцыйскага каралеўства. Выбраны паслом на Чатырохгадовы сойм 1788—92, прыхільнік Канстытуцыі 3 мая 1791, зблізіўся з каралём. Адмовіўся -ад патрабаванняў Расіі далучыцца да Таргавіцкай канфедэрацыі і выехаў у Вену. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) асн. маёнткі Ч. апынуліся ў Аўстрыі і ён прыняў аўстрыйскае падданства. У 1809 прыняў падданства Варшаўскага княства. Пасля прыходу войск Напалеона ў Варшаву ў 1812 выбраны маршалкам Надзвычайнага сойма і Генеральнай канфедэрацыі. Пазней адышоў ад паліт. дзейнасці. Рэзідэнцыя Ч. ў Пулавах была асяродкам грамадска-паліт. і культ. дзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЖУ ДЭ (6.11.1886, пав. Ілун, прав. Сычуань, Кітай — 6.7.1976),
кітайскі ваенны, паліт. і дзярж.дзеяч. Маршал КНР (1955). Скончыў Юньнаньскае ваен. вучылішча (1911). У 1909 уступіў у рэв. арг-цыю Тунмэнхой, вучыўся ў Гётынгенскім ун-це (1922—24, Германія). Удзельнік Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13. Да 1922 афіцэр у войсках мілітарысцкіх груповак (камандзір брыгады). У 1925—26 у СССР. Потым у Кітаі, далучыўся да Нац.-рэв. арміі (НРА), удзельнічаў у Паўночным паходзе 1926—28. Адзін з кіраўнікоў Наньчанскага паўстання 1927. Сфарміраваў 4-ы корпус Чырв. арміі (з Мао Цзэдунам), з 1931 галоўнакаманд. Чырв. арміі Кітая. Ваен. кіраўнік Паўночна-заходняга паходу 1934—36. У час Нацыянальна-вызваленчай вайны кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45 камандуючы 8-й арміяй, якая дзейнічала ў тыле яп. войск у Паўн. Кітаі. У ходзе трэцяй грамадзянскай вайны ў Кітаі 1946—49 камандаваў узбр. сіламі КПК — Нац.-вызв. арміяй Кітая (НВАК), якая нанесла паражэнне рэжыму Гаміньдана. У 1945—54 галоўнакаманд. НВАК. У 1954—59 нам. старшыні КНР, з 1959 старшыня Пастаяннага к-та Усекіт. сходу нар. прадстаўнікоў. З 1934 чл.ЦК і чл. Палітбюро ЦККПК, у 1956—69 і 1973—76 чл. Пастаяннага к-таЦККПК. Дачка Ч.Д. Чжу Мінь, прыехаўшы ў чэрв. 1941 у піянерскі лагер у Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., у час Вял.Айч. вайны знаходзілася да 1944 на тэр. Беларусі (была арыштавана ням.-фаш. захопнікамі, але не апазнана; пасля вызвалення хавалася ў мірных жыхароў і партызан).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАРАНГО́ВІЧ Васіль Фаміч (4.3.1897, в. Качаны Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 15.3.1938),
дзяржаўны і парт.дзеячБССР, удзельнік устанаўлення сав. ўлады на Беларусі, грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20. З 1918 у Чырв. Арміі. У 1919—20 на падп. рабоце ў Мінскай губ., быў арыштаваны польск. ўладамі. У 1921—26 нам. наркома юстыцыі, пракурор БССР, заг.арганізац. аддзела і адказны сакратар Цэнтр. Савета прафсаюзаў Беларусі. З 1926 на прафс. рабоце ў Сібіры, 1-ы сакратар Іркуцкага акр.к-таВКП(б). З кастр. 1930 да лют. 1934 2-і сакратар і чл. Бюро ЦККП(б)Б. З 1934 чл. Камісіі парт. кантролю пры ЦКВКП(б), упаўнаважаны КПК па Казахстане, з 1936 — па Харкаўскай вобл. З сак. да ліп. 1937 1-ы сакратар і чл. Бюро ЦККП(б)Б. Чл.ЦККП(б)Б у 1925—27, 1932—34, 1937. Чл.ЦВКБССР у 1925—26, 1931—34 і яго Прэзідыума ў 1931—34. Зняты з пасады 1-га сакратара паводле пастановы Палітбюро ЦКВКП(б) «Па пытанні аб кіраўніцтве КП(б)Б» ад 27.7.1937 і ў той жа дзень арыштаваны ў Маскве. Неабгрунтавана абвінавачаны ў варожай дзейнасці супраць сав. улады. 13.3.1938 ваен. калегіяй Вярх. суда СССР прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў Маскве. Рэабілітаваны ў 1957.
Літ.:
Адамушка У.І. Дзесяты першы сакратар // Памяць. Гіст.-дак. хроніка Мядзельскага р-на. Мн., 1998.