БЕЛАВЕ́ЖСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ, мучкапскае міжледавікоўе, гюнц-міндэльскае міжледавікоўе,

другая міжледавіковая эпоха ранняга плейстацэну Беларусі (каля 543—532 тыс. гадоў назад). Наступіла пасля ясельдзінскага зледзянення (гюнцкага, данскога). Вылучана Л.М.Вазнечуком у 1958. Тыповы разрэз адкладаў міжледавікоўя каля в. Боркі Пружанскага р-на Брэсцкай вобласці (сапрапеліты і мергелі на глыб. 80—87 м). Магутнасць адкладаў Белавежскага міжледавікоўя 20 і больш метраў, пераважаюць азёрныя — сапрапеліты, мергелі, дыятаміты, супескі і суглінкі. Пароды Белавежскага міжледавікоўя найб. пашыраны ў Палессі, на Беларускай градзе і прылеглых раўнінах. Залягаюць блізка ад паверхні зямлі (нярэдка ў адорвенях) і да глыб. 210 м. Раней яны разглядаліся як адклады шклоўскага міжледавікоўя.

У час кліматычнага оптымуму міжледавікоўя раслі шыракалістыя лясы з дубу, вязу, ліпы, клёну, сярод вышэйшых раслін было 28% невядомых у сучаснай флоры Беларусі, развівалася адметная флора дыятомавых водарасцяў з характэрным відам цыклятэля рэчыцкая.

Літ.:

Геология СССР. Т. 3. Белорусская ССР. М., 1971;

Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;

Проблемы плейстоцена. Мн., 1985;

Плейстоцен Речицкого Приднепровья Белоруссии. Мн., 1986;

Березовский страторайон плейстоцена Белоруссии. Мн., 1993.

Г.​К.​Хурсевіч.

т. 2, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛО́Э (Aloe),

род кветкавых раслін сям. асфадэлавых. Каля 350 відаў. Растуць у пустынных і засушлівых раёнах Афрыкі, на Пд Аравійскага п-ва і Міжземнамор’я (1 від). Многія з іх лек., харч., меданосныя, тэхн. (валакністыя) і дэкар. расліны; вырошчваюць у пакоях, аранжарэях і цяпліцах. На Беларусі ў пакаёвай культуры найб. вядомы: алоэ дрэвападобнае (aloe arborescens), альяс, цвіце вельмі рэдка і таму наз. сталетнікам; алоэ мыльнае (aloe saponaria), алоэ паласатае (aloe striata), алоэ стракатае (aloe variegata), алоэ асцюковае (aloe aristata).

Шматгадовыя травяністыя, кустападобныя і дрэвападобныя сукуленты з простым кароткім або развітым, тоўстым разгалінаваным або тонкім ліянападобным сцяблом, часцей зусім без яго (разеткападобныя формы). Лісце мясістае, часта з васковым налётам, плямамі і палосамі, па краях з зубцамі, у густых прыкаранёвых ці канцавых (у дрэвавых формаў) разетках або двухраднае. Кветкі чырвоныя, аранжавыя, жоўтыя, зялёныя, рэдка крэмавыя і белыя, у суквеццях. Плод сухая каробачка. З лісця некаторых відаў вырабляюць сабур (слабіцельны сродак), экстракты, сокі, сіропы, тэрапеўтычныя сродкі. Прэпаратамі алоэ карыстаюцца ў тканкавай тэрапіі (біястымулятары). У нар. медыцыне свежае лісце ўжываюць пры бранхіяльнай астме, язве страўніка і кішэчніка, туберкулёзе, ранах, нарывах.

Алоэ дрэвападобнае.

т. 1, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЭ́СТ (Crossularia),

род кустовых раслін сям. агрэставых. Больш за 50 відаў, пашыраных у Паўн. Амерыцы, Еўропе, Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі культывуецца агрэст адхілены (G. reclinata). Каля 10 відаў інтрадукаваны Цэнтр. бат. садам АН Беларусі як ягадныя і дэкар. расліны.

Агрэст адхілены вядомы з 11 ст. Родапачынальнік большасці культурных сартоў. Выш. кустоў 60—120 см. Цвіце ў 1-й пал. Мая. Плады — несапраўдныя ягады, голыя або апушаныя, белыя, жоўтыя, зялёныя, чырвоныя, пурпурныя. Маюць цукру 5—12%, арган. к-т 1—2%, пекцінавыя рэчывы, вітамін С, карацін. Пладаносны пачынае на 3-і год. Размнажаецца насеннем, чаранкамі, атожылкамі. Лепш расце на дастаткова вільготных угноеных сугліністых глебах. Ураджайнасць 10—15 т/га. Сарты, пашыраныя на Беларусі: Яравы, Куршу дзінтарс, Беларускі, Малахіт, Шчодры. Ягады спажываюцца свежыя і перапрацаваныя (джэм, варэнне, мармелад, сок). Агрэст мае радыепратэктарныя ўласцівасці (садзейнічае вывядзенню з арганізма радыенуклідаў). Выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне. Асн. шкоднікі: пільшчыкі, агрэставы пядзенік: хваробы: сфератэка, іржа, антракноз, септарыёз.

Літ.:

Бурмистров А.Д. Ягодные культуры. 2 изд. Л., 1985;

Сергеева К.Д. Крыжовник. М., 1989.

Агрэст адхілены.

т. 1, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ТАЎКА (Melampyrum),

род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 6 відаў. Найчасцей трапляюцца братаўка дуброўная, або Іван-ды-Мар’я (M. nemorosum), братаўка польская (M. polonicum) і братаўка лугавая (M. pratense); растуць у лясах, хмызняках, на палянах, лугах і балотах. Больш рэдкія віды: братаўка грабеньчатая (M. cristatum), трапляецца на поймавых лугах і ў хмызняках; братаўка лясная (M. sylvaticum) — у лясах пераважна ў паўн. і зах. раёнах; братаўка палявая (M. arvense) — рэдкая занесеная расліна, расце каля дарог і на палях.

Аднагадовыя травяністыя паўпаразітныя расліны з прамастойным простым або разгалінаваным сцяблом і слаба развітым коранем, на якім размешчаны гаўсторыі. Лісце супраціўнае ці амаль супраціўнае, ад лінейнага да лінейна-яйцападобнага, суцэльнае і суцэльнакрайняе. Кветкі жоўтыя, ружовыя або белаватыя, размешчаны па адной у пазухах буйных лістападобных, часта ярка афарбаваных прыкветкаў, сабраны ў канцавыя гронка- ці коласападобныя суквецці. Плод — сціснутая з бакоў каробачка з 2 створкамі. Дэкар., лек., меданосныя і ядавітыя (насенне мае ядавітыя алкалоіды і гліказід рынанцін) расліны; некаторыя віды — пустазелле.

Братаўка: 1 — лугавая; 2 — дуброўная.

т. 3, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РЫВА,

асноўны прыём мех. апрацоўкі глебы адвальнымі плугамі. Падтрымлівае рыхласць ворнага слоя, садзейнічае рэгуляванню паветранага, воднага, цеплавога і пажыўнага рэжымаў глебы, знішчэнню шкоднікаў культурных раслін, узбуджальнікаў хвароб і пустазелля. Пры ворыве адбываецца падразанне пласта, яго пераварочванне, крышэнне, рыхленне, перамешванне, зараўноўванне, паскарэнне мінералізацыі раслінных рэшткаў, арган. і мінер. угнаенняў, меліярантаў.

Ворыва робяць плугамі рознага тыпу суцэльным (гладкім) або загонным спосабам. Від і глыбіня ворыва залежаць ад глебава-кліматычных умоў, тыпу глебы і яе грануламетрычнага складу, магутнасці перагнойнага гарызонта, эрадзіраванасці глебы, біял. асаблівасцей с.-г. культур, апрацоўкі глебы для папярэдніка, фітасанітарнага стану і інш. Рэкамендуюцца таксама безадвальная апрацоўка глебы і глыбокае падворыўнае рыхленне — спосабы, якія садзейнічаюць прыродаахоўным і энергазберагальным тэхналогіям. Адрозніваюць віды ворыва: культурнае — плугам з перадплужнікам або камбінаванымі адваламі; адваротам пласта — абгортванне на 180°; плантажнае — на глыб. больш за 40 см; яруснае (паслойнае) — па гарызонтах (слаях) на глыб. 0—15, 15—30 см і болей з вынясеннем або без вынясення ніжніх падворыўных слаёў. Ва ўмовах Беларусі час ворыва ў сістэме зяблевай апрацоўкі — восень.

Л.​В.​Круглоў.

т. 4, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫДЗЯЛЕ́ННЕ, экскрэцыя,

вывядзенне з арганізма канчатковых і прамежкавых прадуктаў метабалізму, чужародных, таксічных і залішніх рэчываў, вады, солей, газаў; частка абмену рэчываў. Забяспечвае аптымальны склад унутр. асяроддзя (гамеастаз) і нармальную жыццядзейнасць арганізма. У працэсе выдзялення ў пазваночных удзельнічаюць ныркі, стрававальна-кішачны тракт, лёгкія, шчэлепы, скура, слізістыя абалонкі, плацэнта (гл. Выдзяляльная сістэма). Асновай механізмаў выдзялення ў розных органах з’яўляюцца працэсы пераходу прадуктаў абмену рэчываў праз клетачныя мембраны з вобласці з больш высокай іх канцэнтрацыяй у вобласць з больш нізкай канцэнтрацыяй. У выдзяленні адрозніваюць 3 групы з’яў: выдзяленне вуглекіслаты ў знешняе асяроддзе ў газападобнай форме (у наземных жывёл); выдзяленне канчатковых прадуктаў азоцістага абмену (аміяк, мачавіна, мачавая кіслата, гуанін) і чужародных рэчываў, якія ўсмоктваюцца; рэгуляцыя асматычнага ціску ўнутр. асяроддзя арганізма праз выдзяленне вады і солей. У норме выдзяленне прадуктаў абмену прапарцыянальнае інтэнсіўнасці іх утварэння. Паміж органамі выдзялення існуюць функцыян. і рэгулятарныя ўзаемасувязі. У раслін адрозніваюць актыўнае выдзяленне — спецыялізаванымі залозамі або ўсёй паверхняй клетак і пасіўнае выдзяленне — змыванне і вышчалочванне ападкамі. Парушэнне выдзялення вядзе да павелічэння канцэнтрацыі рэчываў, якія выдзяляюцца ва ўсіх клетках арганізма, і абумоўлівае парушэнне іх нармальнага функцыянавання.

А.​С.​Леанцюк.

т. 4, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРГІ́НЯ (Dahila),

род кветкавых раслін сям. астравых. 27 відаў. У дзікарослым стане пашыраны ў горных раёнах Мексікі, Гватэмалы, Калумбіі, у культуры — па ўсім зямным шары. На Беларусі культывуюць 2 віды: вяргіня культурная (Dahila cultorum) і вяргіня перыстая (Dahila pinnata), якія выкарыстоўваюць для рабатак, бардзюраў, групавых і адзіночных пасадак.

Шматгадовыя караняклубневыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым унутры пустым сцяблом выш. да 2 м. Лісце супраціўнае, непарнаперыстае, зрэдку суцэльнае, на чаранках. Кветкі двух тыпаў — язычковыя (рознай велічыні, формы і колеру, простыя і махрыстыя, размешчаны па краі) і трубчастыя (дробныя, жоўтыя або карычневыя, у цэнтры суквецця), сабраны ў прыгожыя паніклыя кошыкі 3—35 см у дыяметры. Плод — сямянка. Цвітуць з чэрвеня да замаразкаў. Размнажаюць чаранкамі, дзяленнем клубняў, насеннем. Вядомы шматлікія сарты вяргінь, атрыманыя пераважна гібрыдызацыяй (каля 8 тыс.). Клубні некаторых відаў ядомыя, багатыя крухмалам і інулінам. У калекцыі Цэнтр. бат. саду АН Беларусі больш за 600 сартоў розных селекцыйных груп — пампонавых, каўняровых, шарападобных, анемонападобных, кактусападобных, хрызантэмападобных і інш.; бел. селекцыянерамі выведзены сарты вяргінь: Браслаўскія азёры, Бусел, Вера Харужая, Дзед Талаш, Купальская ноч, Лявоніха, Янка Купала і інш.

Вяргіні.

т. 4, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛА́ПАГАС (Galápagos),

нацыянальны парк Эквадора, на а-вах Галапагас (архіпелаг Калон) у Ціхім ак., каля 1000 км на З ад Паўд. Амерыкі. Размешчаны на вял. а-вах Ісабела, Санта-Крус, Сан-Крыстобаль і інш. Засн. ў 1936. Пл. 691,2 тыс. га. У флоры каля 700 відаў раслін, з якіх больш за 40% эндэмічныя віды. У прыбярэжных раёнах звычайныя вялізныя кактусы (часцей трапляецца апунцыя, выш. да 10 м), вышэй — калючыя хмызнякі, у верхняй зоне — паласа сырых эндэмічных вечназялёных лясоў з папарацямі і імхамі. Унікальная фауна небагатая — каля 90 відаў птушак і з дзесятак рэптылій: уюркі (13 відаў, у т. л. дарвінавы, вялікі кактусавы і інш.), пінгвіны (каля 1,5 тыс. асобін), нелятаючыя бакланы (каля 1 тыс.), фрэгаты і інш.; гіганцкія слановыя чарапахі (масай да 250 кг), яшчаркі ігуаны (у т. л. марская, насякомаедная і інш.); наземныя млекакормячыя прадстаўлены хамякамі і кажаном; эндэмічныя галапагоскія марскі леў і коцік. На в-ве Санта-Крус з 1964 існуе Міжнар. н.-д. станцыя імя Ч.​Дарвіна. Галапагас уключаны ЮНЕСКА у спіс аб’ектаў сусв. культурнай і прыроднай спадчыны.

т. 4, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛЕР, Халер (Haller) Альбрэхт фон (16.10.1708, г. Берн, Германія — 12.12.1777), швейцарскі і нямецкі прыродазнавец, пісьменнік. Вучыўся ў Цюбінгенскім і Лейдэнскім ун-тах. З 1727 д-р медыцыны; у 1736—53 праф. Гётынгенскага ун-та, дзе заснаваў анатамічны т-р і бат. сад. У 1751 стварыў у Гётынгене Каралеўскае т-ва навук і быў яго прэзідэнтам. З 1753 у Берне. Прапанаваў сваю сістэму раслін, заснаваную на іх вонкавым выглядзе і будове плода. У галіне фізіялогіі эксперыментальна выявіў уласцівасці мышачных валокнаў. Унёс шэраг дапаўненняў да вучэння У.Гарвея, удакладніў сувязь розных звёнаў сістэмы кровазвароту. Яго зб. «Спробы швейцарскай паэзіі» (1732) адкрываецца паэмай «Альпы», у якой апяваецца прыгажосць гор. Аўтар вершаваных сатыр «Сапсаваныя норавы» (1731), «Модны герой» (1733), раманаў «Узонг» (1771), «Альфрэд, кароль англа-саксаў» (1773), «Фабій і Катон» (1774). Адзін са стваральнікаў ням. дыдактычна-метафізічнай паэзіі (паэмы «Думкі пра розум, забабоны і нявер’е», 1729; «Ілжывасць чалавечых дабрачыннасцей», 1730; «Аб паходжанні зла», «Пра вечнасць», абедзве 1734).

Літ.:

Гейман Б.Я. Галлер // История немецкой литературы. М., 1963. Т. 2.

Г.​В.​Сініла.

т. 4, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЧАРЭ́НКА (Рыгор Рыгоравіч) (н. 30.11.1950, г. Талас, Кіргізія),

бел. вучоны-генетык. Чл-кар. АН Беларусі (1996), д-р біял. н. (1991), праф. (1993). Чл. Амерыканскай АН і мастацтваў (Нью-Йорк; 1995). Скончыў Новасібірскі ун-т (1979). З 1982 у Гомельскім ун-це, з 1986 у Ін-це лесу Нац. АН Беларусі (Гомель). Навук. працы па генетыцы прыродных папуляцый жывёл і раслін, генасістэматыцы, малекулярнай эвалюцыі, радыяцыйнай генетыцы і мутагенезе, кіраванні генет. рэсурсамі прыродных папуляцый у лясных экасістэмах, будове генет. картаў, энтамалогіі. Прэмія АН Беларусі 1995.

Тв.:

Руководство по исследованию хвойных видов методом электрофоретического анализа изоферментов. 2 изд., Гомель, 1989 (разам з У.​Я.​Падутавым, У.​У.​Паценка);

Intra-and interspecific genetic differentiation in closely related Pines from Pinus subsections Sylvestres and Cembrae in the former Soviet Union (разам з А.​Я.​Сіліным, У.​Я.​Падутавым) // Plant systematics and evolution. Vienna, 1992—95;

Allozyme variation in natural populations of Eurasian Pines (з імі ж) // Silvae Genetica. Frankfurt a M., 1993—96. Vol. 42—43, 45.

Р.Р.Ганчарэнка.

т. 5, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)