ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́СКАЙ МО́ВЫ імя Ф.Скарыны (ТБМ),
бел. добраахвотная грамадская арганізацыя. Засн. ў 1989 у Мінску. Арганізатары-заснавальнікі: Саюз пісьменнікаў Беларусі, мін-вы адукацыі, культуры Рэспублікі Беларусь, ін-ты мовазнаўства і літаратуры Нац.АН Беларусі, Дзярж.к-т Рэспублікі Беларусь па друку, Бел. фонд культуры, т-ва «Радзіма», Бел.т-ва дружбы і культ. сувязі з замежнымі краінамі, Нац. тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь. Старшыні т-ва: Н.С.Гілевіч, з 1997 Г.М.Бураўкін, з 1999 А.А.Трусаў. Вышэйшы кіруючы орган — з’езд, які склікаецца 1 раз у 2 гады, кіруючы орган паміж з’ездамі — Рэсп. рада ТБМ, выканаўчы орган — Сакратарыят. Рэвізійная камісія кантралюе дзейнасць выбарных органаў і структурных падраздзяленняў т-ва. Мэты т-ва: аднаўленне ў грамадстве стаўлення да роднай мовы як да нац. святыні, пашырэнне яе ўжытку ва ўсіх сферах жыцця рэспублікі, усебаковае развіццё і захаванне яе чысціні і самабытнасці. Пры т-ве дзейнічае 8 камісій: адукацыйная, арганізацыйная, выдавецкая, па культуры мовы і ўдасканаленні правапісу, па сувязях з замежнымі краінамі, па тапаніміцы і гіст. сімволіцы, тэрміналагічная і інш. Працуе ініцыятыўная група па стварэнні Бел.нац. ун-та, бел. бацькоўскі к-т, кніжны і відэаклуб. Мае б-ку стараж.бел. кнігі (больш за 600 асобнікаў рэдкіх бел. кніг). За час існавання т-вам выдадзена больш за 20 кніг мастацкай, навуковай, навукова-папулярнай, асветніцкай л-ры, у т. л. тэрміналагічныя слоўнікі па фізіцы, вышэйшай матэматыцы, зоапаразіталогіі, батаніцы, бел. вайсковы слоўнік і інш. З сак. 1990 выдае штотыднёвую газ. «Наша слова». У 1990 прымала ўдзел у падрыхтоўцы Закона «Аб мовах у Беларускай ССР», арганізацыі кантролю за выкананнем гэтага закона, у стварэнні «Дзяржаўнай праграмы развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Рэспубліцы Беларусь» (1991). ТБМ правяло рэсп. канферэнцыі: «Шляхі станаўлення нацыянальнай беларускай школы» (1990), «Інтэлігенцыя і нацыянальна-культурнае адраджэнне Беларусі» (1991), «Беларуская мова і нацыянальна-дзяржаўны суверэнітэт Беларусі», «Шляхі ўдасканалення правапісу беларускай літаратурнай мовы» (1992), сумесна з Мін-вам адукацыі па праблемах бел. тэрміналогіі (1994, 1995), «Закон аб мовах — вынікі і перспектывы», «Беларуская тапаніміка. Гісторыя і сучаснасць» (2000). Падтрымлівае беларускамоўныя класы і школы, прапагандуе родную мову і культуру. Удзельнічала ў перапісе насельніцтва Беларусі (1999). Ім перададзена бязвыплатна каля 10 тыс. асобнікаў кніг для рэгіянальных суполак ТБМ, а таксама для вясковых, школьных і раённых б-к. Структуры т-ва працуюць у кожным раёне Мінска, ва ўсіх буйных гарадах і 64 раёнах Беларусі, а таксама ў Вільні, Рызе, Іркуцку, Маскве, С.-Пецярбургу, Севастопалі, існуе суполка ў Германіі. На 1.1.2001 у ТБМ больш як 5500 актыўных членаў і каля 10 000 прыхільнікаў. Мае сваю афіцыйную сімволіку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЦІ́ШЧАЎ Васіль Мікітавіч (29.4.1686. каля г. Пскоў, Расія — 26.7.1750),
расійскі дзярж. дзеяч, гісторык. Род Т. паходзіў ад смаленскіх князёў. Удзельнік Паўночнай вайны 1700—21, у т. л. баявых аперацый 1705—06 на тэр.ВКЛ і Польшчы, Палтаўскай бітвы 1709. Выконваючы ваен.-дыпламат. даручэнні Пятра I за мяжой, Т. узбагаціў свае веды ў галінах філасофіі і гісторыі, геаграфіі і горнай справы, эканам. і паліт. вучэнняў, што пазней дазваляла яму грунтоўна асвятляць адпаведныя пытанні ў сваіх творах і запісках. У 1720—22 і 1734—37 кіраўнік казённых заводаў на Урале, заснаваў г.Екацярынбург (1721); 1741—45 астраханскі губернатар. Аўтар прац па гісторыі, геаграфіі, філасофіі, эканоміцы (пры яго жыцці амаль не друкаваліся). На падставе шматлікіх летапісаў і інш. крыніц стварыў абагульняльную працу «Гісторыя Расійская з самых старажытнейшых часоў» (кн. 1—5, 1768—1848), дзе ўпершыню ў рас. гістарыяграфіі зрабіў спробу знайсці заканамернасці ў гіст. развіцці Расіі; гіст. прагрэс звязваў з развіццём асветы. Сярод выкарыстаных Т. крыніц былі летапісы, якія не дайшлі да нашага часу, у т. л. адзін са спісаў Полацкага летапісу. Па яго творах удакладняюцца многія падзеі з гісторыі Беларусі: месца бітвы кн. Уладзіміра Святаславіча з Яраполкам (на р. Друць), прычыны нападу Уладзіміра Святаславіча на Полацк у 980 (напад полацкага кн. Рагвалода на ўладанні Ноўгарада), уладкаванне спраў полацкіх князёў з Уладзімірам Усеваладавічам Манамахам у 1121, час заснавання Навагрудка (1044), Барысава (1102), акалічнасці ўзнікнення ВКЛ (вакол Навагрудскага княства), помсты Войшалка забойцам яго бацькі Міндоўга і інш. Т. упершыню даследаваў паходжанне тэрміна Белая Русь, які лічыў указаннем на прыгажосць і багацце гэтай зямлі і адносіў яго ўзнікненне да 12 ст. Даследаваў узнікненне герба ВКЛ«Пагоня», які лічыў запазычаным у стараж.-рус. княстваў. Т. паклаў пачатак этнаграфіі і крыніцазнаўства ў Расіі, упершыню апублікаваў Рускую праўду, Судзебнік 1550. Аўтар першага рас.энцыкл. слоўніка — «Лексікон расійскі гістарычны, геаграфічны, палітычны і грамадскі» (ч. 1—3, 1793, да літары «К»). Да праблем эканам.развіцця Расіі Т. падыходзіў з пазіцый развітога меркантылізму, адводзячы дзяржаве вырашальную ролю ў кіраўніцтве эканам. жыццём краіны. У працах па эканоміцы абгрунтоўваў тэорыю «гандл. балансу» і значную ролю купецтва ў павелічэнні даходаў дзяржавы. Адным з першых выказаў меркаванні аб неабходнасці банкаў, у т. л. для крэдытавання прам-сці і гандлю.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М., 1994—96;
Записки. Письма, 1717—1750 гг.М., 1990.
Літ.:
Юхт А.И. Государственная деятельность В.Н.Татищева в 20-х — начале 30-х гг. XVIII в. М., 1985;
Шакинко И.М. В.Н.Татищев. М., 1987;
Кузьмин А.Г. Татищев. 2 изд. М., 1987;
Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. Мн., 2000;
Штыхаў Г.В. Дзевяць стагоддзяў Барысава. Мн., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРА́НСПАРТ (ад лац. transporto пераношу, перамяшчаю, перавожу),
галіна вытв-сці, якая ажыццяўляе перавозкі грузаў і пасажыраў. Адрозніваюць Т. наземны (аўтамабільны транспарт, трубаправодны транспарт, чыгуначны транспарт), водны (марскі транспарт, рачны транспарт), паветраны транспарт (гл. таксама Грамадзянская авіяцыя). Падзяляецца на Т. агульнага карыстання, які абслугоўвае галіны эканомікі і насельніцтва, і неагульнага карыстання — ведамасны Т., прамысловы транспарт. Адрозніваюць Т. пасажырскі, грузавы (гл.Грузавыя перавозкі), асабістага карыстання (легкавыя аўтамабілі, матацыклы, веласіпеды, лодкі, яхты і інш.).
Прымітыўнымі сродкамі Т. (павозкі, веславыя судны, уючныя жывёліны і інш.) карысталіся яшчэ ў стараж. часы. Т. агульнага карыстання вылучыўся ў асобную галіну вытв-сці ў перыяд прамысл. перавароту ў Зах. Еўропе (1860-я г.). Да сярэдзіны 19 ст.чыг. лініі агульнага карыстання будаваліся ва ўсіх краінах Еўропы і ў ЗША. У пач. 20 ст.сусв.чыг. сетка складала больш за 1100 тыс.км. Хутка развівалася марское і рачное суднаходства, аўтамаб. Т., у 1920-я г. з’явіўся паветраны Т.
На Беларусі першая чыгунка, якая злучыла Парэчча з Гродна (участак дарогі Пецярбург—Варшава) здадзена ў 1862, у 1866 пачаўся рух на ўчастку Бігосава—Віцебск (Дынабургска-Віцебская чыгунка), у 1874 — Вілейка—Гомель (Лібава-Роменская чыгунка) і інш. У 1913 працягласць чыгункі складала 3,8 тыс.км, аўтамаб. дарог — 3,5 тыс.км. Першая транспартная авіялінія Мінск—Глуск—Парычы—Мазыр пачала дзейнічаць у 1933. Развіццё трубаправоднага Т. пачалося з 1960, калі ўведзены ў дзеянне газаправод Дашава—Мінск. У 2001 трансп. сістэма Беларусі складалася з 5533 кмчыг. ліній агульнага карыстання, у т. л. 894 км электрыфікаваных, 74,4 тыс.кмаўтамаб. дарог (66,3 тыс.км з цвёрдым пакрыццём), 99,1 км трамвайных, 466,6 км тралейбусных, 23,7 км метрапалітэнных ліній, 6,7 тыс.км магістральных газаправодаў, 2,9 тыс.км нафтаправодаў, 1,2 тыс. нафтапрадуктаправодаў, сотні тэхнічна аснашчаных чыг. станцый, аўтавакзалаў і інш. У структуры валавога ўнутр. прадукту на Т. прыпадала 9,5% (асн. паказчыкі развіцця транспарту агульнага карыстання Беларусі гл. ў табл.). Гл. таксама раздзел Транспарт у арт.Беларусь.
Грузавыя і пасажырскія перавозкі асобнымі відамі транспарту Беларусі
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮРЫДЫ́ЧНАЯ НАВУ́КА, правазнаўства, юрыспрудэнцыя,
грамадская навука, якая вывучае права як сістэму сацыяльных норм, а таксама асобныя галіны права, гісторыю дзяржавы і права, функцыянаванне дзяржавы і паліт. сістэмы грамадства ў цэлым; адна з найб.стараж. навук, якая гістарычна звязана з узнікненнем і развіццём права. Найважн.тэарэт. праблемы Ю.н. пастаўлены ўжо ў стараж.-грэч. філасофіі. Рымскія юрысты выпрацавалі прававыя паняцці і канструкцыі, якія захавалі сваё значэнне і ў нашу эпоху. Сучасная Ю.н. дыферэнцыравана на шэраг галін: цывільнае права, крымінальнае права, тэорыя дзяржавы і права, гісторыя права і прававых вучэнняў і інш. Прыкладнымі Ю.н. з’яўляюцца судовая медыцына, крыміналістыка, крыміналогія, юрыд. і суд. псіхіятрыя.
На Беларусі навук. і публіцыст. працы, у якіх асвятляліся пытанні дзяржавы і права, вядомы з пач. 16 ст. Створаны першыя ў Еўропе зборы дзеючага права — Статуты ВКЛ (1529, 1566, 1588). Грамадскі і дзярж. лад ВКЛ аналізавалі Ф.Скарына, М.Гусоўскі, С.Будны і інш. дзеячы 16—17 ст. Значны ўклад у развіццё Ю.н. зрабілі М.В.Доўнар-Запольскі, М.В.Каяловіч, І.І.Лапо, Ф.І.Леантовіч, М.К.Любаўскі, У.Д.Спасовіч і інш. Першымі нарматыўнымі канстытуцыйнымі актамі Беларусі былі ўстаўныя граматы БНР (1918), Маніфест Часовага ўрада, які 1.1.1919 абвясціў утварэнне Беларускай ССР, Канстытуцыя Рэспублікі і Дэкларацыя, прынятыя на 1-м з’ездзе Саветаў Беларусі. З 1921 цэнтрам Ю.н. і гал.навуч. установай Беларусі, дзе рыхтаваліся юрыд. кадры, быў Белдзяржуніверсітэт. З заснаваннем АНБССР (1929) у яе складзе як структурнае падраздзяленне створана кафедра сав. будаўніцтва і права, дзе даследаваліся пытанні арганізацыі і дзейнасці дзярж. апарату, развіцця заканадаўства краіны, прычыны злачыннасці, абагульняўся вопыт прымянення дзеючага заканадаўства. Створаны ў 1931 Мінскі юрыд.ін-т рыхтаваў кадры юрыстаў і распрацоўваў асобныя пытанні Ю.н. У 1931 у складзе АН Беларусі створаны Ін-тсав. будаўніцтва і права. Пазней пры ім існаваў сектар, аддзел, а ў 1965 арганізаваны Ін-т філасофіі і права АН Беларусі. На яго базе створаны 2 сектары — тэорыі і гісторыі дзяржавы і права; сацыялогіі права. Пазней у складзе ін-та ўтвораны: аддзел тэорыі і гісторыі дзяржавы і права; аддзел дзярж. права і кіравання; аддзел прац. і гасп. права; аддзел с.-г. і экалагічнага права. У 1999 арганізаваны самаст.Ін-т дзяржавы і права Нац.АН Беларусі.
Вучоныя-юрысты Беларусі праводзяць даследаванні амаль па ўсіх прававых праблемах. Вынікам іх даследчай работы з’явіўся шэраг навук. прац (манаграфій і калектыўных зборнікаў) па розных галінах права, каментарыяў па іх практычным выкарыстанні. Навук. даследаванні вядуцца таксама на ф-тах ун-таў, Акадэміі МУС Беларусі і інш.навуч. устаноў. Н.-д. работай па актуальных праблемах дзяржавы і права займаюцца таксама практычныя работнікі праваахоўных органаў краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЯДНА́НЫ ІНСТЫТУ́Т ПРАБЛЕ́М ІНФАРМА́ТЫКІНацыянальнай АН Беларусі.
Створаны ў Мінску ў 2002 з мэтай паглыблення даследаванняў па кібернетыцы, аўтаматызацыі, прыкладной матэматыцы, інфарматыцы і ўздзеяння перспектыўных інфарм. тэхналогій на ўсе сферы інфарматызацыі краіны і грамадства. У яго ўвайшлі Ін-ттэхн. кібернетыкі (існаваў з 1965), прадпрыемства «Сістэмы аўтаматызацыі» і праграмна-каардынуючыя аддзелы былога н.-д. аб’яднання «Кібернетыка» (існавала з 1996) Нац.АН Беларусі. Асн.навук. кірункі: аўтаматызацыя праектавання тэхн. сістэм, мадэліраванне тэхнал. працэсаў, лагічнае праектаванне дыскрэтных прылад; апрацоўка і распазнаванне сігналаў, відарысаў і вуснай мовы; геаінфарм. і лічбавыя картаграфічныя сістэмы, аўтаматызацыя картаграфічнай вытв-сці; камп’ютэрныя сеткі, базы даных і тэлематычныя дапасаванні; увод і вывад відэаінфармацыі; даследаванне аперацый і дыскрэтная аптымізацыя; прагназіраванне і прыняцце рашэнняў у надзвычайных сітуацыях; эрганоміка, бія- і медінфарматыка; ахова інфармацыі. У ін-це тры н.-д. аддзяленні (мадэліравання інтэлектуальных працэсаў; мадэліравання працэсаў фарміравання і распазнавання вобразаў; інфарм. тэхналогій і сістэм), 23 лабараторыі і аддзелы, аспірантура, дактарантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.
Ін-т ажыццяўляе функцыі галаўной арг-цыі па праграме фундаментальных даследаванняў па навук. асновах новых інфарм. тэхналогій, якая накіравана на развіццё інфарм.-вылічальных сістэм і сетак, метадаў сістэмнага аналізу, матэм. мадэліравання, выліч. і прыкладной матэматыкі і іх масавага выкарыстання ў розных галінах ведаў. Ін-т з’яўляецца вядучым у выкананні буйных навук.-тэхн. праграм: перадавыя інфарм. і тэлекамунікацыйныя тэхналогіі; камп’ютэрныя тэхналогіі праектавання і вытв-сці новай прадукцыі; распрацоўка і асваенне ў серыйнай вытв-сці сям’і мадэлей высокапрадукц. выліч. сістэм з паралельнай архітэктурай (кластэрных суперкамп’ютэраў «СКІФ») і стварэнне на іх аснове магутных прыкладных праграмна-апаратных комплексаў для машына- і прыладабудавання, медыцыны, дзейнасці банкаўскай сістэмы, метэапрагнозаў, рашэння трансп. і інш. навукаёмістых задач; распрацоўка і выкарыстанне перспектыўных сродкаў і тэхналогій атрымання, апрацоўкі і адлюстравання касм. інфармацыі. З удзелам ін-та ствараецца Бел.касм. сістэма дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, якая дазволіць аператыўна вырашаць праблемы прыродакарыстання, экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя, пытанні картаграфіі. Праведзены Першы бел.касм. кангрэс (28—30.10.2003), на якім абмеркаваны асн. кірункі развіццякасм. даследаванняў і тэхнікі ў Беларусі. З 2004 выпускае штоквартальны час. «Інфарматыка». Распрацаваныя ў ін-це сістэмы, метады, спосабы і сродкі адзначаны Дзярж. прэміяй СССР 1985 і Дзярж. прэміямі Беларусі 1978, 1986, 1998. За цыкл даследаванняў «Распазнаванне і аналіз стахастычных даных і лічбавых відарысаў» і ўкараненне важных прыкладных сістэм на іх аснове прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 2002 групе вучоных (С.У.Абламейка, Р.Х.Садыхаў, В.В.Старавойтаў, А.В.Тузікаў, Ю.С.Харын). У ін-це працуюць чл.-кар.Нац.АН Беларусі С.У.Абламейка, А.Дз.Закрэўскі; працавалі акад. В.С.Танаеў, чл.-кар. Г.К.Гаранскі, Е.С.Кавалёў, Г.Р.Маньшын, Г.В.Рымскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ТРАМ, Беларускі дзяржаўны цэнтральны тэатр рабочай моладзі. Існаваў у Мінску ў 1929—37 (з 1934 прафес.). Створаны з «трупы забаўнікаў» (арганізавана ў 1928 з драм. гуртка клуба «КІМ»). Спачатку існаваў як трам-ядро. У вер. 1929 ператвораны ў т-р. Узначальваў яго П.Шамшур, рэж. Б.Дольскі, муз. часткай кіраваў І.Любан. Арыентаваўся на трамы Ленінграда і Масквы. Праводзіў маст.-прапагандысцкую работу ў горадзе і на вёсцы. На матэрыялах агітац. паездак т-ра зроблены інсцэніроўкі «Як Мікіта і Панас працаваць ішлі ў калгас», «Плёткафон» (1930). Першыя спектаклі т-ра — тыпова трамаўскія сінтэтычныя відовішчы з музыкай, песнямі і танцамі, фізкультурнымі практыкаваннямі, масавымі сцэнамі на будоўлі і камсамольскім гуляннем, кантактамі паміж сцэнай і глядзельнай залай. Яны вызначаліся надзённасцю, жыццярадаснасцю, гал. дзейнай асобай іх быў камсамольскі калектыў: «Першы штандар» (1930, напісана трамаўскімі аўтарамі А.Есаковым, У.Стэльмахам, Шамшурам, М.Юдэлевічам), «Трывога» Ф.Кнорэ (1931) і «Новы горад» І.Гурскага (1932, рэж. усіх Дольскі). У 1933 у сувязі з агульнай рэарганізацыяй трамаў па краіне пачалася перабудова і Бел. трама. Вясной 1934 з мэтай авалодання асновамі акцёрскага мастацтва для т-ра арганізаваны курсы пры Ленінградскім тэатр. тэхнікуме (педагог У.Салаўёў), дзе падрыхтаваны спектакль «Тарцюф» Мальера. У 1934 т-р узначаліў М.Зораў, пад кіраўніцтвам якога калектыў стаў на шлях прафес.развіцця. Трам адмовіўся ад уласцівага яму агітац.-публіцыст. стылю і быў пераўтвораны ў маладзёжны т-р звычайнага тыпу. У спектаклях удзельнічалі акцёры М.Зораў, К.Міронава і П.Малчанаў. З лепшых пастановак: «Працяг будзе» А.Бруштэйн, «Арыстакраты» М.Пагодзіна (абодва 1935), «Музыканцкая каманда» Д.Дэля (1936), «Дон Жуан» («Севільскі спакуснік») Тырса дэ Маліны (1937). У 1937 т-р расфарміраваны, яго акцёры папоўнілі інш.тэатр. калектывы рэспублікі, у т. л. БДТ-1, Т-р юнага гледача БССР. У т-ры ў розны час працавалі акцёры Б.Аляксеенка, А.Бараноўскі, Л.Баброў, В.Брайчэўская, М.Васілеўскі, В.Вашкевіч, В.Гапеенка, С.Глікман, Б.Дакальская, Р.Драздоў, Л.Жукава, Я.Краўчанка, Б.Кудраўцаў, Г.Лаўроў, В.Лерман, Л.Міхайлаў, М.Міхайлаў, Ф.Мяфёдаў, У.Палцеўскі, У.Скакун, У.Стэльмах, С.Фрыд, Г.Ціханоўскі, Л.Яноўская і інш.; рэжысёр Ю.Палічынецкі, мастак А.Марыкс, дырыжор В.Белкін. У стварэнні спектакляў прымалі ўдзел рэжысёры Г.Ферман і В.Галаўчынер, мастакі І.Ахрэмчык і З.Азгур, балетмайстры К.Алексютовіч і Л.Крамарэўскі, кампазітары М.Іваноў, М.Красеў, Я.Цікоцкі.
Літ.:
Аляхновіч М., Стэльмах У. Беларускі дзяржаўны тэатр рабочай моладзі // Мастацтва і рэвалюцыя. 1932. № 3—4;
Пятровіч С.А. Тэатральная самадзейнасць Савецкай Беларусі. Мн., 1972;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛІК І ЭКАНАМІЧНЫ АНАЛІЗ
У выніку развіццяэканам. працэсаў узнікла патрэбнасць выкарыстання адпаведнай сістэмы бухгалтарскага ўліку і аналізу для фарміравання інфарм. базы іх функцыянавання як неабходнай умовы кіравання эканомікай і прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў. У 1925—36 на Беларусі функцыянавала Аб’яднанне работнікаў уліку, якое распрацоўвала і ўкараняла ў практыку асн. прынцыпы бухгалтарскага ўліку. Даследаванні ў гэтай галіне значна пашырыліся ў пасляваенны час. Даследаваліся пытанні тэорыі бухгалтарскага ўліку (С.Р.Аўсяннікаў, Б.І.Гаўрылаў, М.І.Дэмбінскі), уліковай практыкі ў прамысловасці (І.Л.Грунфест, А.К.Марчанка, Б.С.Шчаглоў), у сельскай гаспадарцы (С.Р.Аўсяннікаў, А.Г.Калевіч, І.Д.Чашынскі, І.Ф.Шыпуноў), выдаткаў на вытворчасць і калькуляванне сабекошту прадукцыі (І.А.Басманаў, П.А.Жасцюк), аналізу гасп. дзейнасці прадпрыемстваў (С.Р.Аўсяннікаў, А.П.Варабейчыкаў, Д.І.Дзяркач, М.У.Дэмбінскі, М.З.Каўфман, В.І.Стражаў).
Пераўтварэнні ў эканоміцы краіны ў 1990-я г. абумовілі развіццё новых кірункаў бухгалтарскага ўліку, звязаных з патрабаваннямі рыначных падыходаў у кіраванні эканомікай. Бухгалтарскі ўлік рэфармаваўся шляхам гарманізаванага спалучэння і ўвязкі нац. сістэмы бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці з міжнар. стандартамі. Цэнтрам даследаванняў стаў Бел.эканам.ун-т. Атрымалі далейшае развіццё пытанні тэорыі бухгалтарскага ўліку (П.Я.Папкоўская, М.А.Снітко), уліку выдаткаў і калькулявання (І.М.Белы, А.П.Міхалкевіч, П.Я.Папкоўская, І.Я.Цішкоў), галіновыя кірункі бухгалтарскага ўліку (Г.І.Грынман, М.П.Драбышэўскі, М.І.Ладуцька, П.Р.Панамарэнка, Л.І.Сцешыц, А.П.Шаўлюкоў). Вывучаецца вопыт уліковай практыкі замежных краін (А.П.Міхалкевіч, Дз.А.Панкоў). Шматбаковыя даследаванні праводзяцца па пытаннях эканам. і фін. аналізу (Л.Л.Ермаловіч, Л.І.Краўчанка, Г.В.Савіцкая, В.І.Стражаў).
Літ.:
Марченко А.К. Бухгалтерский учет в промышленности. Мн., 1972;
Стражев В.И. Оперативное управление предприятием: проблемы учета и анализа. Мн., 1973;
Снитко М.А. Теория бухгалтерского учета Мн., 1996;
Папковская Л.Я. Курс теории бухгалтерского учета. Мн., 1996;
Яе ж. Производственный учет в АПК: теория и методология. Мн., 1999;
Ладутько Н.И. Учет, контроль и анализ материальных ресурсов. Мн., 1997;
Пономаренко П.Г. Бухгалтерский учет в потребительской кооперации. Мн., 1998;
Бухгалтерский учет в торговле. Мн., 1999;
Михалкевич А.П., Белый И.Н. Калькуляция себестоимости продукции АПК. Мн., 1999;
Ермолович Л.Л. Анализ хозяйственной деятельности. Мн., 2001;
Шевлюков А.П. Бухгалтерский учет в системе макроэкономических балансов. Мн., 2001;
Михалкевич А.П. Бухгалтерский учет в зарубежных странах. Мн., 2003;
Папков Д.А. Бухгалтерский учет в зарубежных странах. Мн., 2003;
Савицкая Г.В. Анализ эффективности деятельности предприятия: методологические аспекты. Мн., 2003;
Дробышевский Н.П. Бухгалтерский учет в строительстве. Мн., 2004;
Кравченко Л.И. Анализ хозяйственной деятельности в торговле. Мн., 2004.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭРМАТАЛОГІЯ
Даследаванні па дэрматалогіі на Беларусі пачаліся ў 19 ст.Бел. ўрачамі апісана крапіўніца (Л.Багушэвіч), герпес (А.Ланіеўскі), фізіялагічныя асаблівасці скуры (Я.І.Рэмізаў), класіфікаваны хваробы скуры (І.Каржанеўскі) і інш. Станаўленне і развіццё дэрматалогіі як навукі звязаны з заснаваннем у 1923 кафедры дэрматавенералогіі на мед. факультэце БДУ і стварэннем скурна-венералагічнага НДІ (1932—88). Арганізацыя і станаўленне дэрматалагічнай службы адбывалася пад кіраўніцтвам В.Ю.Мранговіуса, А.П.Комава, А.Я.Пракапчука і інш. Заснавальнік бел. школы дэрматавенеролагаў — А.Я.Пракапчук. Паспяхова развіваўся навук. кірунак па вывучэнні патамарфалогіі дэрматозаў, гістахімічных парушэнняў у скуры пры псарыязе (Н.А.Жураўская, Я.С.Пеўзнер, Пракапчук). У наш час даследаванні па дэрматалогіі вядуцца ва ўсіх мед.ВНУ краіны, Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, у рэсп. кансультацыйна-дыягнастычным цэнтры па дэрматалогіі і венералогіі пры Мінскім скурна-венералагічным дыспансеры. Даследавана электронна-мікраскапічная структура нармальнай і паталагічна змененай скуры (Пракапчук, А.Ц.Сасноўскі, Л.Р.Фёдарава), узбуджальнікаў скурных хвароб (Пракапчук, П.Ф.Смольскі). Вывучаны мікрафлора скуры чалавека (Н.І.Чарнаморцава), фізіка-хім. ўласцівасці скуры пры псарыязе і мікозах ступняў (Комаў, Панкратаў), утрыманне макра- і мікраэлементаў і ферментаў у структуры скуры ў антагенезе (М.З.Ягоўдзік і інш.). Ацэнены стан імуннага статуса пры псарыязе, пузырчатцы, піядэрміях і інш. (У.П.Адаскевіч, У.М.Козін, Комаў, Э.І.Федаровіч), вызначана роля метабалічных працэсаў у патагенезе туберкулёзу скуры, псарыязу, экзэмы, атапічнага нейрадэрміту (Л.І.Гакінаева, Козін, Пеўзнер, Пракапчук, Ягоўдзік і інш.). Метад лячэння чырвонай ваўчанкі акрыхінам, створаны Пракапчуком, атрымаў сусветнае прызнанне. Даказаны негатыўны ўплыў хранічнага танзіліту на цячэнне псарыязу, экзэмы і інш. дэрматозаў (П.М.Лявоненка, Л.П.Цімафеева і інш.), прамянёвага ўздзеяння і стэроідных гармонаў на цячэнне кандыдозаў (А.Д.Паповіч, Ф.А.Хоміч). Вывучаны клініка і механізмы развіцця туберкулёзу скуры (Ф.І.Іванкова, Пеўзнер), экзэмы і атыпічнага дэрматыту (Адаскевіч, Лявоненка, Цімафеева і інш.), себарэі і лімфом скуры (Ю.Ф.Каралёў), пузырчаткі (Яўгодзік і інш.), прафес. пашкоджанняў скуры (І.І.Багдановіч, Л.Г.Барабанаў, Мранговіус, С.У.Федаровіч і інш.). Распрацаваны метады лячэння дэрматозаў ультрагукам (Л.І.Багдановіч), нейрадэрматозаў іголкарэфлексатэрапіяй (Адаскевіч), дэрматозаў лекавымі травамі (У.Ф.Корсун) і інш. Поспехі айч. дэрматалогіі ў дыягностыцы, лячэнні і прафілактыцы грыбковых хвароб, піядэрмітаў значна знізілі ўзровень гэтых хвароб у параўнанні з 1960-мі гадамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАНТЫ́ЗМ (франц. romantisme),
мастацкі стыль і кірунак у еўрап. і амер. л-ры і мастацтве канца 18—1-й пал. 19 ст. Выявіўся таксама ў гіст. навуках, філасофіі, сацыялогіі, некат. галінах прыродазнаўства. Проціпаставіў сябе класіцызму і Асветніцтву.
Тэрмін «romantic» з’явіўся ў англ. мове ў 18 ст. і азначаў «падобны на раман сярэдневякоўя». Рамантычным называлася ўсё фантаст., незвычайнае, дзіўнае, якое сустракалася ў кнігах, а не ў рэчаіснасці. Адметныя рысы Р. — прыхільнасць да суб’ектывізму, уяўлення, свабода думкі і выражэння, ідэалізацыя прыроды, паэтызацыя гераічнай асобы, бунтара, змагара, ахвярніка. Вызначаўся ўвагай да ўнутр. свету чалавека, праяў моцных і яркіх пачуццяў, таямнічых рухаў душы. Апіраўся на вопыт сярэдневяковага хрысц. мастацтва, якое імкнулася перадаць звышпачуццёвае і пазачасавае. Існуюць некат. спробы класіфікаваць віды рамант. праяў: Р. рэвалюцыйны і рэакцыйны, прагрэсіўны і кансерватыўны, актыўны і пасіўны, аптымістычны і песімістычны. У рамант. свядомасці пераважаюць крытычныя матывы, цяга да адмаўлення рэчаіснасці, замена яе фантаст. або ідэалізаваным паказам. Філас. базай Р. сталі ідэі І.Фіхтэ аб свабодзе асобы і абсалютнай свабодзе «Я». У творчасці адмаўляліся ўсе абмежаванні, якія стрымлівалі свабоду і фантазію мастака. Перакананне, што геній не мае патрэбы ў правілах, бо сам дае правілы мастацтву (І.Кант), прывяло да адраджэння ідэалу паэта-прарока, нар. песняра, які спалучае маст. творчасць з місіяй нац. правадыра.
У літаратуры вылучаюць Р. зах.-еўрап. (франц., ням., англ., венг.), слав. (рус., польскі і інш.), амерыканскі. Франц. рамантыкі сцвярджалі новы, больш дэмакр. тып рамант. драмы, якая звязвала гісторыю і мастацтва, часта выводзіла на сцэну героя-бунтара, выхадца з народа (В.Гюго, А.Дзюма-бацька і інш.), распрацоўвалі жанр сац. рамана, які спрыяў развіццю нац. свядомасці (Гюго, Ж.Санд, Э.Сю). Адны з іх адмаўлялі прагрэсіўнасць грамадскага развіцця і трактавалі гісторыю як бессэнсоўны кругаварот падзей (Ф.Р.Шатабрыян), другія спрабавалі асэнсоўваць рэальныя падзеі. Так узнік жанр гіст. рамана (Санд, Гюго), мэтай якога стала стварэнне вобраза эпохі, дзе цесна пераплецены гіст. праўда і вымысел. Змены ў літ. творчасці закранулі і змест, і форму. Рэфарматарамі верша былі А. дэ Віньі, А.Ламарцін, А.Мюсэ, Ш.А.Сент-Бёў; верш стаў больш музыкальны, менш напышлівы. Англ. Р. характарызаваўся процістаяннем дзвюх плыней. Рамантыкі «азёрнай школы», або кансерватыўная плынь (У.Вордсварт, С.Т.Колрыдж, Р.Саўці), патрабавалі пашырэння паэт. тэматыкі, паказу гіст. падзей і знакамітых асоб, звярталіся да сентыментальнага, да нац. самаасэнсавання чалавека, адрадзілі цікавасць да У.Шэкспіра і Рэнесансу, шырока выкарыстоўвалі фальклор. Прадстаўнікі рэв. плыні (Дж.Байран, П.Б.Шэлі, Дж.Кітс) сцвярджалі пазіцыю актыўнага ўспрымання жыцця, павароту да сац. з’яў, не адмаўлялі і існавання сіл, якія непадуладныя чалавеку, але ўплываюць на рэальныя падзеі. Раманы В.Скота паўплывалі на рэаліст. і рамант. л-ру, паспрыялі ўсталяванню гістарызму ў еўрап. л-ры. Першыя ням. рамантыкі (Ф.Гёльдэрлін, Жан Поль) развівалі сатыру на тагачасны лад і выступілі з утапічнымі ідэямі. Іенскія рамантыкі (В.Г.Вакенродэр, Наваліс, Л.Цік, браты Шлегелі) былі захоплены пошукам пазабурж. ідэалу. Познія ням. рамантыкі (К.Брэнтана, Л.Арнім, Г.Кляйст, А.Шаміса, Г.Гейнэ, браты Грым, І.Айхендорф) узбагацілі нац. культуру легендамі, сказаннямі, песнямі. У Еўропе Р. пашырыўся дзякуючы творчасці Дж.Леапардзі, У.Фоскала, А.Мандзоні (Італія), Ш.Пецёфі (Венгрыя), А.Эленшлегера (Данія), Э.Тэгнера (Швецыя); Х. дэ Эспранседы (Іспанія), Б.Радзічавіча (Сербія), Я.Колара (Чэхія), Я.Краля (Славакія), В.Александры (Румынія). Для слав. Р. характэрны пошук новай пазітыўнай канцэпцыі асобы і народа. новых форм нац. жыцця, заснаваных на гіст. і духоўна-культ. падмурку мінулага, адраджэнні міфічных традыцый. Чэш. і славацкія паэты-рамантыкі адны з першых адкрылі ў сваёй творчасці тэму нац. бяздомнасці, гераічнай роспачы патрыёта. Польскі Р. выявіўся ў імкненні да адраджэння краіны (А.Міцкевіч, Ю.Славацкі). Фальклор у ім выкарыстоўваўся для таго, каб прасачыць сувязь тагачаснага пакалення са «светам продкаў», якія прадаўжаюць існаванне ў сферы духу (паэма Міцкевіча «Дзяды»), У простанар. пачатку Міцкевіч бачыў аснову маральных устояў. Ён упершыню ў бел. і польскай л-ры асудзіў сац. зло (паэмы «Конрад Валенрод», «Пан Тадэвуш»). Асобнае месца займае амер. Р., храналагічныя рамкі якога адрозніваюцца ад Р. еўрапейскага. Светаадчуванне амер. рамантыкаў вызначала вера ў свой асабісты шлях развіцця, у асобае прызначэнне Амерыкі. Іх тэматыка ўключала вайну за незалежнасць, асваенне кантынента, жыццё індзейцаў і інш. В.Ірвінг, Дж.Ф.Купер шукалі свае нац. патэнцыялы для выяўлення ідэі грандыёзных перспектыў маладых ЗША. Н.Хотарн, Э.По, Г.Мелвіл, Г.Лангфела, Р.У.Эмерсан, Г.Д.Тора, Э.Дзікінсан выказвалі расчараванне тымі шляхамі, якімі ішла Амерыка, паказвалі непераадольны разрыў паміж рэчаіснасцю з яе рабствам і эканам. крызісам і рамант. трансцэндэнтальным ідэалам. Рус. Р. развіваўся на фоне агульнаеўрап. літ. працэсу. Адрозненне рус. Р. выявілася ў паказе лёсу персанажа, які павінен быў паслядоўна прайсці праз многія этапы: ад гарманічных адносін з навакольным светам, праз канфлікты да расчаравання і рэзкага разрыву з асяроддзем, уцёку ці выгнання. Рост нац. і асабістай свядомасці ў прасякнутых духам свабоды творах К.Рылеева, В.Кюхельбекера, А.Адоеўскага, А.Бястужава (Марлінскага). Філас.-псіхал. і рэліг.-меланхалічныя настроі адчуваліся ў В.Жукоўскага, Я.Баратынскага, К.Бацюшкава, І.Казлова, А.Пагарэльскага, Ф.Цютчава. Рамант. матывы, вобразы і сюжэты паступова прыняў і паслядоўна развіваў А.Пушкін. З канца 1830-х г. хваля Р. захапіла М.Лермантава і М.Гогаля. Лірыка Лермантава з экзатычным выбарам месца дзеяння, з героем-бунтаром і яго наратыўны (апавядальны) верш увасабляюць пік рус. Р., т. зв. залатога веку рус. паэзіі. На фарміраванне Р. паўплывала і ідэалогія дзекабрыстаў.
У бел. л-ры Р. складваўся ва ўмовах замаруджанага развіццянац.-вызв. і антыпрыгонніцкага руху, што абумоўлівалася недастаткова развітой сац. і нац. свядомасцю сял. мас, іх малапісьменнасцю, дэнацыяналізацыяй пануючых вярхоў і мясц. інтэлігенцыі, іх адрывам ад нар. глебы. Развіваўся пад моцным уплывам польскіх і рус. рамантыкаў. Яго прадстаўнікі Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, А.Рыпінскі, У.Сыракомля, В.Дунін-Марцінкевіч стваралі сюжэты, заснаваныя на нар. жыцці і фальклоры. Іх творчасць была пераважна польскамоўнай паводле формы, але выяўляла цікавасць да лёсу, гісторыі, побыту і традыцый бел. народа. Асаблівасцямі бел. Р. з’яўляюцца сакралізацыя айчыны, захапленне мінуўшчынай, інтымная лірычнасць, якая не страціла сувязей з сентыментальнай паэзіяй, містыка і звароты да міфалогіі, фальклору. Асн. рысы бел.рамант. балады (незвычайнасць абставін, перапляценне рэальнага і звышнатуральнага) відавочныя ў «Нячысціку» Рыпінскага, у польскамоўных баладах Баршчэўскага, заснаваных на бел. паданнях. Характэрным творам бел. Р. з’яўляецца паэма «Мачаха» Адэлі з Устроні, у якой узнёсла выказана пачуццё любові да роднага краю, персаніфікаваны сілы прыроды, відавочная насычанасць алегорыямі і сімваламі. Рысы Р. яскрава выявіліся ў дакастр. творчасці Я.Купалы («Курган», «Бандароўна», «Магіла льва»), Я.Коласа («Сымон-музыка»), Цёткі («Мора»), М.Багдановіча («Страцім-лебедзь»), З.Бядулі («Салавей»). У сучаснай бел. л-ры рамант. тэндэнцыі найб. адчувальныя ў творах У.Караткевіча, Я.Брыля, І.Навуменкі, А.Карпюка і інш.
У архітэктуры і выяўленчым мастацтве Р. стаў першым кірункам, у якім вызначыліся ўсведамленне творчай асобы як суб’екта маст. дзейнасці, поўнай свабоды творчасці, прыярытэт індывід. густу. У архітэктуры Р. выявіўся ў захапленні архаікай, экзотыкай, гіст. і нац. матэрыялам, у паглыбленні ў сімвалізм і дэкаратыўнасць; закрануў пераважна садова-паркавую архітэктуру, архітэктуру малых форм і кірунак несапраўднай готыкі. У выяўл. мастацтве ён не стаў адзіным універсальным стылем, а выявіўся ў шэрагу асобных плыней і кірункаў, часта з захаваннем стылістычных асноў класіцызму.
Найб. паслядоўная школа Р. склалася ў Францыі. Яна вызначалася дынамічнасцю кампазіцыі, аб’яднаннем форм бурлівым рухам; у жывапісе — яркім насычаным каларытам, святлоценявымі і тонавымі кантрастамі, лёгкай, часта абагульненай манерай пісьма (А.Гро. Ж.Л.Давід, П.Ж.Давід д’Анжэ, А.Дам’е, Э.Дэлакруа, Т.Жэрыко, П.П.Прудон, Ф.Руд). Мастакам Германіі і некат. інш. краін Р. былі ўласцівы меланхалічна-сузіральная танальнасць вобразна-эмац. ладу, містыка-пантэістычны настрой, пераважалі партрэт і алегарычная кампазіцыя (Ф.Рунге, І.Г.Фюслі), пейзаж (К.Фрыдрых). Рамантычны пейзаж пашырыўся ў Вялікабрытаніі (Р.Бонінгтан, Дж.Констэбл, У.Тэрнер) і ЗША (Дж.Інес). У інш. краінах Р. развіваўся пераважна ў рэчышчы нац.-вызваленчых ідэй: Я.Матэйка, П.Міхалоўскі (Польшча), І.Манес, І.Наўраціль (Чэхія), прадстаўнікі кастумбрызму ў Лац. Амерыцы і інш. Блізкай да Р. была творчасць бідэрмееру, дзюсельдорфскай школы жывапісу, назарэйцаў, прэрафаэлітаў. У Расіі Р. у рознай ступені выявіўся ў партрэтах А.Кіпрэнскага, В.Трапініна, супярэчліва спалучаўся з класіцызмам у творчасці К.Брулова, Ф.Бруні, Ф.Талстога, у пэўнай ступені закрануў жывапіс А.Іванава, П.Фядотава.
На Беларусі Р. у архітэктуры выявіўся ў аздабленні паркаў штучнымі руінамі, гротамі, невял. збудаваннямі ў выглядзе гатычных сабораў (капліца ў в. Закозель Драгічынскага р-на) і замкаў (будынак б. бібліятэкі ў Станькаўскім палацава-паркавым ансамблі), пахавальнямі і памятнымі плітамі («камень Касцюшкі» ў в. Чырвоная Зорка Клецкага р-на), абеліскамі, імітацыямі сельскіх пабудоў, брамамі (в. Старыя Пескі Бярозаўскага р-на). У каталіцкіх культавых будынках (т. зв. цаглянай архітэктуры) і сядзібна-палацавым буд-ве Р. развіваўся пераважна ў формах несапраўднай готыкі (капліца і сядзіба ў в. Закозель Драгічынскага р-на, Прылуцкі палацава-паркавы комплекс і інш.). У архітэктуры рамант. палацаў трапляюцца кампрамісныя вырашэнні: класіцыстычная планіровачная структура і псеўдагатычная трактоўка аб’ёму (Косаўскі палац), а таксама рэнесансавыя рэмінісцэнцыі (Лынтупская сядзіба). Залы замкаў і палацаў аздабляліся ў антычным, гатычным, «кітайскім», «турэцкім» і інш. стылях. Іх выяўленчы бок шырока трактаваў гіст. тэматыку, грэч. міфалогію, алегорыю, сімволіку. У рэтраспектыўных арх. формах вырашалася і абсталяванне інтэр’ера, напр., кафельныя печы (у сядзібе Станіславова ў Гродне), мэбля, прадметы дэкар.-прыкладнога мастацтва. У выяўленчым мастацтве мастакі не парывалі канчаткова з вобразнымі і фармальнымі прынцыпамі класіцызму, спрабавалі напоўніць іх новым светаадчуваннем, пазбавіць творы халоднай стрыманасці і традыц. умоўнасці, характэрных для позняга класіцызму. Найб. яскрава рысы Р. выявіліся ў жанры партрэта, дзе мастакі імкнуліся стварыць вобраз творчай, незалежнай асобы, «героя часу» (І.Аляшкевіч, В.Ваньковіч, Я.Дамель). У творах гіст. і батальнага жанраў адлюстроўвалі знамянальныя, часта трагічныя падзеі (В.Дмахоўскі, Я.Сухадольскі). Пад уплывам Р. развівалася творчасць А.Бартэльса, Б.Клямбеўскага, Я.Манюшкі, Р.Слізня, сфарміравалася творчасць М.Э.Андрыёлі.
У музыцы Р. фарміраваўся і развіваўся пад уплывам літ. Р. Прайшоў стадыю перадрамантызму ў нетрах класіцызму (2-я пал. 18 — пач. 19 ст.), стаў самастойнай з’явай у 1800—20-я г. ў творчасці Ф.Шуберта (Аўстрыя), Э.Т.А.Гофмана, К.М.Вебера (Германія), Н.Паганіні, Дж.Расіні (Італія), Дж.Філда (Ірландыя) і інш. У 1830—50-я г. прадстаўлены дасягненнямі Ф.Шапэна (Польшча), Р.Шумана, Ф.Мендэльсона, Р.Вагнера (Германія), Г.Берліёза, Дж.Меербера (Францыя), Ф.Ліста (Венгрыя), В.Беліні, Дж.Вердзі (Італія). Позні этап (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.) — творчасць І.Брамса (Германія), А.Брукнера, Х.Вольфа (Аўстрыя), познія творы Ліста, Вагнера, раннія творы Г.Малера (Аўстрыя), Р.Штрауса (Германія) і інш. — падрыхтаваў новыя кірункі і плыні ў еўрап. музыцы: верызм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм. Развіццё муз. Р. ў краінах Еўропы абумоўлена гісторыка-культ. кантэкстам. У Аўстрыі і Германіі ён звязаны з росквітам лірычнай ням. паэзіі і вак.-камерных жанраў; у Францыі — з дасягненнямі ў галіне т-ра і літ. рамана; у шэрагу інш. краін — с самавылучэннем і развіццём нац. кампазітарскіх школ (Расія, Чэхія, Польшча, Нарвегія і інш.). У некат. школах 2-й пал. 19 ст. (рус., італьян., франц.) Р. сутыкаўся з рэалізмам (А.Вярстоўскі, пазней П.Чайкоўскі, С.Рахманінаў, часткова кампазітары «Магутнай кучкі», М.Метнер, А.Скрабін, Вердзі, Ж.Бізэ). Для Р. характэрны антытэзы (рэальнае — ідэальнае, камічнае — трагічнае і інш.), з аднаго боку канфліктнасць, матывы адзіноты, з другога — ідэалізацыя былога, з’яў прыроды. Адхіленасць ад паўсядзённасці не выключала пэўнай аўтабіяграфічнасці і спавядальнасці (Шуберт, Шумен, Берліёз, Ліст, Вагнер і інш.). Лірыка-псіхал. тэма дамінуе ў оперы, сімфоніі, камерна-інстр. і камерна-вак. музыцы. Вял. значэнне надавалася паслядоўнай эвалюцыі і трансфармацыі кантрастных вобразаў («Сімфанічныя эцюды» Шумана), якія часам сумяшчаліся ў адным творы («Фауст-сімфонія», фп. саната h=moll Ліста; сімфоніі Малера). Важнейшы момант эстэтыкі музыкі Р. — ідэя сінтэзу мастацтваў (росквіт опернага, балетнага жанраў; імкненне да дэталізаванага ўвасаблення паэт. слова ў вак. партыі, экспрэсіўныя функцыі арк. суправаджэння, сцэн. дзеянні і інш.), якая найб. ярка выявілася ў опернай творчасці Вагнера і ў праграмнай музыцы (Ліст, Шуман, Берліёз). Выразныя прыёмы, што склаліся ў межах праграмнай музыкі, пранікалі ў непраграмныя творы з абвешчанай ці скрытай праграмнасцю («лісток з альбома», балада, легенда, рапсодыя і інш.). Узбагаціліся сродкі муз. фактуры, актывізаваўся пошук новых тэмбрава-аркестравых сродкаў. З нябачнай дагэтуль канкрэтнасцю, маляўнічасцю і натхнёнасцю рамантыкі ўзнаўлялі вобразы прыроды. З яе вобразнай сферай цесна звязана развіццё жанравага і лірыка-эпічнага сімфанізму. Распрацоўваліся новыя сродкі муз. мовы і прынцыпы формаўтварэння: сістэма лейтматываў і лейттэм, індывідуалізацыя мелодыкі і ўкараненне моўных інтанацый, пашырэнне тэмбравай і гарманічнай палітры музыкі (мелодыкі, ладу, гармоніі, інструментоўкі). Цікавасць да вобразнай характарнасці, партрэтнасці, псіхал. дэталізацыі абумовіла росквіт вак. і фп. мініяцюры (песня, раманс, мініяцюра, невял. інстр. п’есы тыпу «песня без слоў», накцюрн, прэлюдыя, вальс, мазурка, экспромт і інш.). Зменлівасць і кантрастнасць жыццёвых уражанняў увасобілася ў вак. і фп. цыклах (гл.Цыклічныя формы), якія апіраюцца на прынцып скразнога развіцця, што рэалізоўваўся ў інтанацыйных сувязях паміж асобнымі п’есамі цыкла («Карнавал», «Крэйслерыяна» Шумана; «Карцінкі з выстаўкі» М.Мусаргскага, «Карнавал жывёл» К.Сен-Санса і інш.). У буйных жанрах (сімфоніі, санаце, квартэце, оперы) выявілася тэндэнцыя да свабоднага самавыяўлення, паступовай трансфармацыі вобразаў, скразнога драматург.развіцця, узніклі свабодныя і мяшаныя формы ў муз. жанрах: сімфанічная паэма, фантазія, арабеска, балада, рапсодыя і інш. У мастацтве 20 ст. традыцыі Р. выяўляюцца ў межах неарамантызму.
Тэндэнцыі муз. Р. адлюстраваліся ў спадчыне кампазітараў 19 ст., творчыя лёсы якіх былі звязаны з Беларуссю. Уплыў суседніх муз. культур (рус. і польская) абумовіў запаволенае развіццё бел.нац. элемента ў творчасці бел. кампазітараў. Аднак зах.-еўрап. Р. з уласцівай яму глыбіннай зацікаўленасцю да самабытнага, нац.-фалькл. станоўча паўплываў на гіст.-культ. працэс станаўлення бел. кампазітарскай творчасці. Засвойваліся новыя сферы муз. вобразнасці, стылістыкі кампазітарскага пісьма, форм, жанраў. Аб раннерамант. уплывах сведчаць песенна-рамансавая і інстр. спадчына В.Казлоўскага. Спалучэнне класіцыстычных і раннерамант. тэндэнцый адчувальна ў вак. спадчыне М.К.Агінскага. Опера эпохі Р. прадстаўлена творамі С.Манюшкі 1850—60-х г. («Сялянка», «Галька», «Страшны двор») і А.Радзівіла («Фауст»). Аркестравыя творы ў 19 ст. стваралі Ф.Міладоўскі, Ю.Дашчынскі, Н.Орда, М.Міцкевіч, Манюшка, у пач. 20 ст. — М.Карловіч. Блізкія да традыцый муз. Р. сімф. уверцюры Манюшкі і 6 сімф. паэм Карловіча. Рамант. выразнасцю і стылістыкай пазначаны кантаты Манюшкі, асабліва бел. перыяду («Мільда», «Ніёла», «Мадонна» і інш.). Важнае месца належыць інстр. мініяцюры (фартэпіянная і скрыпічная), рамант. вобразнасць якой (лірычны пейзаж, замалёўкі характараў, настрою, партрэты і інш.) уключае элементы муз. фальклору. Інстр. мініяцюры ў традыц. для муз. Р. жанрах стваралі Агінскі, Казлоўскі, А.Абрамовіч, Орда, М.Ельскі, Міладоўскі, І.Глінскі, Дашчынскі, Манюшка і інш. Завастрэнню рамант. характэрнасці інстр. твораў спрыяе праграмная задума, адлюстраваная ў назвах п’ес або ў аўтарскім каментары (фп. цыклы «Шэсць пораў года», «Шэсць характарыстычных п’ес» Абрамовіча і інш.).
Літ.:
Ванслов В.В. Эстетика романтизма. М., 1966;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Литературные манифесты западноевропейских романтиков. М., 1980;
История зарубежной литературы XIX в. 2 изд. М., 1999;
Турчин В.С. Эпоха романтизма в России. М., 1981;
Казбярук У.М. Рамантычны пошук. Мн., 1983;
Соллертинский И.И. Романтизм, его общая и музыкальная эстетика // Соллертинский И.И. Исторические этюды. 2 изд. Л., 1963. Т. 1;
Васина-Гроссман В.А. Романтическая песня XIX в. М., 1966;
Музыка Австрии и Германии XIX в.: В 3 кн. Кн. 1—2, М., 1975—90;
Габай Ю. Романтический миф о художнике и проблемы психологии музыкального романтизма // Проблемы музыкального романтизма. Л., 1987;
Романтизм в музыке. Мн., 1999;
Крауклис Г. Романтический программный симфонизм. М., 1999;
Антоневич В.А. Белорусское композиторское творчество в его связях с фольклором. Мн., 1999;
Дадзіёмава В.У. Нарысы гісторыі музычнай культуры Беларусі. Мн., 2000.
Да арт.Рамантызм. Э.Дэлакруа. Смерць Сарданапала. 1827.Да арт.Рамантызм. І.Г.Фюслі. Жах. 1790—91.Да арт.Рамантызм. К.Д.Фрыдрых. Мелавыя скалы на востраве Руген.Да арт.Рамантызм. Уязная брама сядзібы ў вёсцы Старыя Пескі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮДЖЭ́Т ДЗЯРЖА́ЎНЫ,
каштарыс (расклад) даходаў і расходаў краіны на наступны год; асн.фін. план дзяржавы. Адлюстроўвае крыніцы фарміравання і напрамкі выкарыстання гал. цэнтралізаванага фонду краіны. Складаецца з вышэйшага — федэральнага ці рэсп. бюджэту і мясцовых бюджэтаў, якія ў сукупнасці ўтвараюць бюджэтную сістэму. Змест і структура Б.дз. залежаць ад многіх фактараў: узроўню развіцця прадукцыйных сіл і характару вытв. адносін, тыпу дзяржавы, яе сац. палітыкі, канкрэтнай эканам. і сац. сітуацыі, нац. асаблівасцей і інш.
Неабходнасць у бюджэту дзяржаўнага узнікла з фарміраваннем дзяржавы і таварна-грашовых адносін. Да гэтага фін. рэсурсы і іх мэтавае выкарыстанне вызначаліся ў асобных каштарысах даходаў і расходаў. З развіццём грамадства, пашырэннем функцый дзяржавы працэс пераразмеркавання нац. даходу ўскладніўся, адпаведна павялічылася колькасць асобных каштарысаў, што ўскладніла кіраванне сродкамі дзярж. казны. Неабходна было аб’яднаць мноства асобных каштарысаў у адзіны фін. план дзяржавы. Практычна спроба скласці адзіны каштарыс даходаў і расходаў дзяржавы зроблены ў Англіі ў 7 ст. пад назвай бюджэт. У Расіі першыя звесткі пра бюджэт дзяржаўны вядомы з 1654, аднак рэгулярнае яго складанне пачалося пасля стварэння ў 1812 мін-ва фінансаў. З пач. 20 ст. бюджэт дзяржаўны распрацоўваецца ў большасці краін.
Беларусь, пазбаўленая дзярж. самастойнасці ў складзе Рас. імперыі, свайго бюджэту дзяржаўнага не мела, удзельнічала толькі ў фарміраванні даходаў бюджэту дзяржаўнага Расіі, плацячы ўскосныя падаткі ад казённай віннай манаполіі (50% агульных паступленняў), пошліны, акцызы; прамыя падаткі не перавышалі 8,3%. Расходы бюджэту дзяржаўнага накіроўваліся пераважна на ваен. мэты і ўтрыманне развітой на Беларусі сеткі чыгунак. Удз. вага астатніх асігнаванняў на Беларусі ў 1913—14 складала: па гасп. мін-вах 12%, органах дзярж. кіравання, юстыцыі і кантролю 24,5%; адукацыі 11% і інш. 8%. Акрамя таго, фін. рэсурсы выдаткоўваліся і праз мясц. бюджэты, на долю якіх прыпадала менш за 1/16 усіх бюджэтных сродкаў. Першы бюджэт дзяржаўны БССР складзены ў 1921, але ён выкананы з вял. дэфіцытам (амаль 92% усіх бюджэтных выдаткаў пакрыта за кошт эмісіі грошай). З 1922 бюджэт дзяржаўны БССР стаў састаўной часткай бюджэту дзяржаўнага СССР і меў адносную самастойнасць (яго даходы і расходы вызначаліся пераважна саюзнымі органамі). Для бюджэтаў 1922—40 характэрны хуткі рост аб’ёму даходаў і расходаў, фарміраванне даходаў пераважна (да 90%) за кошт паступленняў ад нар. гаспадаркі, найб. доля асігнаванняў прыпадала на сац.-культ. мерапрыемствы, таму што важныя нар.-гасп. аб’екты фінансаваліся з саюзнага бюджэту. Пасляваен. бюджэты Беларусі гал. мэтай ставілі аднаўленне нар. гаспадаркі. У 1950—70-я г. ўзмацніўся ўплыў бюджэту дзяржаўнага БССР на эканам. і сац. працэсы ў сувязі з ростам эканам. патэнцыялу рэспублікі і пашырэннем яе бюджэтных правоў; доля асігнаванняў на нар. гаспадарку павялічылася да 40—50% пры змяншэнні долі выдаткаў на сац. сферу і кіраванне. Бюджэты дзяржаўныя 1980—90-х г. вызначаліся раўнамерным ростам даходаў, павелічэннем колькасці плацяжоў прадпрыемстваў, адносным захаваннем прапорцый, што склаліся ў размеркаванні сродкаў. Першы бюджэт дзяржаўны суверэннай Рэспублікі Беларусь складзены ў 1991. Ён распрацоўваўся яшчэ да прызнання незалежнасці Беларусі і захаваў многія ранейшыя рысы, тым не менш змянілася яго прызначэнне, змест, пашырыліся крыніцы даходаў. Адначасова пашырыўся і пералік расходаў, іх аб’ём і структура. Упершыню расходы перавысілі даходную частку, афіцыйна запланаваны дэфіцыт бюджэту дзяржаўнага. З гэтага часу мясц. органы ўлады набываюць поўную самастойнасць у складанні і выкананні сваіх бюджэтаў — абл., раённых, гар. і пасялковых. У гэтыя бюджэты паступаюць мясц. падаткі і зборы, а таксама адлічэнні ад агульнарэсп. падаткаў і даходаў; яны адыгрываюць важную ролю ў забеспячэнні комплекснага эканам. і сац.развіцця адпаведных рэгіёнаў. За рэсп. бюджэтам пакінута фінансаванне органаў дзярж. улады і кіравання, абароны, органаў дзярж. бяспекі, устаноў і аб’ектаў рэсп. падпарадкавання, мерапрыемстваў па мінімізацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Бюджэт дзяржаўны на наступны год, а таксама яго выкананне за мінулы год зацвярджае Вярх. Савет Беларусі. У сувязі з пераходам да рыначнай эканомікі і стварэннем новай падатковай сістэмы істотна змяніліся структура і змест бюджэту дзяржаўнага: расце яго агульны аб’ём пры перавышэнні расходаў над даходамі, павялічылася колькасць падатковых плацяжоў, сярод якіх вял. доля ўскосных (гл.табл. 1).
У расходах бюджэту значная доля асігнаванняў (больш за 10%) накіроўваецца на мінімізацыю вынікаў чарнобыльскай катастрофы, паменшылася доля асігнаванняў на нар. гаспадарку, што абумоўлена павелічэннем долі ўласных і крэдытных рэсурсаў у фінансаванні вытв-сці, змяншэннем датацый стратным прадпрыемствам. Прыярытэтнай застаецца сельская гаспадарка, у якую ў розных формах накіроўваецца да 25% усіх асігнаванняў у матэрыяльную сферу. Доля асігнаванняў у сац. сферу расце пераважна за кошт фінансавання праграм падтрымкі маламаёмнага насельніцтва. Аднак тэмпы росту бюджэтных асігнаванняў на адукацыю, ахову здароўя і навуку адстаюць ад тэмпаў росту непрадукцыйных расходаў: на абарону, абслугоўванне дзярж. доўгу, праваахоўныя органы і органы кіравання (гл.табл. 2). Праз бюджэт дзяржаўны і пазабюджэтныя фонды пераразмяркоўваецца да 60% нац. даходу. Гэта сведчыць, што бюджэт дзяржаўны застаецца на Беларусі важным інструментам дзярж. рэгулявання грамадскіх працэсаў.
Літ.:
Очерки развития финансов и кредита в Белоруссии. Мн., 1970;
Государственный бюджет. Мн., 1995.
М.І.Ткачук.
Табліца 1 Структура даходаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі, %
Крыніцы паступлення
Гады
1993
1994
1995
Акцызы
16,8
11,0
9,1
Падатак на дабаўленую вартасць
29,6
27,2
23,0
Падатак на прыбытак і даходы
22,9
34,2
32,3
Падаткі з насельніцтва
8,2
10,9
10,5
Падатак на паліва
4,5
4,2
3,0
Падатак на нерухомасць
2,9
0,7
0,3
Плата за зямлю
1,6
2,1
0,4
Мытныя пошліны і зборы ад знешнеэканамічных аперацый
0,2
0,3
0,6
Зборы і непадатковыя даходы
1,4
3,8
9,1
Адлічэнні на ахову здароўя
—
28,0
—
Іншыя даходы
11,8
2,8
14,9
Табліца 2 Структура расходаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі, %