СКУЛЬПТУ́РА ПРЫДАРО́ЖНАЯ,

розныя паводле характару і прызначэння збудаванні ці інш. аб’екты. якія ставяцца ўздоўж дарог і спалучаюць рысы скульптуры і архітэктуры малых форм; жанр манументальнага мастацтва. С.п. рэліг. і мемар. характару вядома здаўна ў многіх краінах свету (слупы са скульптурамі ў Індыі, скульптуры багоў і герояў у Стараж. Грэцыі). У выніку хрысціянізацыі ў Еўропе, у т. л. на ўсх.-слав. землях, вял. пашырэнне атрымалі прыдарожныя крыжы і каплічкі. На Беларусі С.п. вядома ад язычніцкіх часоў, склалася як духоўная традыцыя бел. народа. Лаўрэнцьеўскі летапіс (14 ст.) упамінае пра звычай у радзімічаў і крывічоў пахавання каля дарог, які быў звязаны з міфалагічнымі вераваннямі ў апошні адыход і абароннае значэнне праху продкаў. Пасля хрысціянізацыі і асабліва ў перыяд сярэдневякоўя пашырылася буд-ва прыдарожных крыжоў і каплічак са скульпт. выявамі. Яны прызначаліся найперш для пакланення, а таксама мелі знакава-інфарм. значэнне. Ставілі іх звычайна на скрыжаваннях, раздарожжах ці на ўездах у населены пункт. У кампазіцыю ўключалі скульпт. выявы Хрыста, Дзевы Марыі, святых. Аздабленне адметнае высокім узроўнем разьбы па дрэве, коўкі металу. У ваен. часы ўздоўж дарог будавалі помнікі, якія нагадвалі пра гіст. падзеі і якім пакланяліся (Мілавідская мемарыяльнай капліца, Салтанаўская мемарыяльная капліца). Пасля Вял. Айч. вайны каля дарог пастаўлена вял. колькасць помнікаў, мемар. комплексаў, звязаных з брацкімі пахаваннямі і ваен. дзеяннямі, якія тут вяліся (Курган Славы Савецкай Арміі—вызваліцельніцы Беларусі, Рыленкі); яны ўключаюць у свае кампазіцыі элементы С.п. З 1960-х г. распаўсюдзіліся сімвалічныя манум.-дэкар. збудаванні на межах краіны, абласцей, раёнаў, гарадоў, у афармленні якіх выкарыстоўваюцца элементы старых гербаў, новая геральдыка. Архітэктура малых форм уздоўж аўтамаб. дарог прадстаўлена рознымі аб’ектамі добраўпарадкавання (аўтобусныя павільёны, навесы, альтанкі, кветнікі, паказальнікі і інш.). У іх аздабленні выкарыстоўваюцца фалькл. матывы дэкар. мастацтва і нар. дойлідства (прыдарожны знак каля павароту на ўрочышча Бервянец па дарозе Стоўбцы—Мікалаеўшчына, паказальнік у Купалаўскім мемар. запаведніку «Вязынка» і інш.).

А.​С.​Сардараў.

Да арт. Скульптура прыдарожная. Капліца на ўскраіне вёскі Квяткоўцы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобл.
Да арт. Скульптура прыдарожная. Крыж у Нясвіжскім раёне Мінскай вобл. Пач. 20 ст.

т. 14, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЛЬМА́ШНАЕ РАМЯСТВО́,

выраб транспартных гужавых сродкаў. Аб’ядноўвае шэраг функцыянальна блізкіх промыслаў: выраб колаў, калёс, мажар, брычак, саней, вазкоў і інш. Выраб колавых (летніх трансп. сродкаў) больш складаны за выраб палазных (зімовых).

На Беларусі карпусы рабочых вазоў для сваіх патрэб рабілі многія сяляне, а колы для іх часцей куплялі ў майстроў-стальмахоў. Выраб колаў, які патрабаваў высокага майстэрства, спец. прыстасаванняў і інструментаў, часта вылучаўся самаст. промысел, цесна звязаны з рынкам. Вытв-сць колаў была дыферэнцыраванай (гнуццё абадоў, выраб калодак, акоўка колаў). Абады для колаў выраблялі з гнуткіх парод драўніны — дубу, вязу, клёну. Загатоўкі для абадоў папярэдне распарвалі ў парні ці лазні і нулі на гбале (бабе). Тым жа спосабам нулі дугі і санныя палазы на гбалах адпаведнай формы. Сагнутыя абады звязвалі па канцах і сушылі каля 2 тыдняў.

Калодкі для колаў выраблялі з бярозы-чачоткі, радзей — з дубу ці вольхі. У іх выразалі лапаценем адтуліны пад вось, і вонкавую паверхню апрацоўвалі на такарным станку. Па акружнасці ў сярэдзіне калодкі выдзёўбвалі 4-вугольныя гнёзды для спіц. Спіцы выраблялі з дубу ці ясеню, сушылі і забівалі ў гнёзды сырых калодак. Насаджвалі спіцы звычайна не перпендыкулярна да калодкі, а з некат. нахілам, каб прадухіліць калыванне колаў у час руху. Пасля замацавання спіц на колесні насаджвалі абады. Пярэднія колы рабілі крыху меншымі за заднія. На Беларусі найб. пашыраныя былі абодныя колы. Яны вядомы з часоў Стараж. Русі (раней сустракаліся ў скіфскіх і сармацкіх павозках). Былі і колы неабодныя: архаічныя суцэльнакругавыя (без спіц) і т.зв. звенчаковыя з дубу ці бярозы дугападобныя часткі. Да пач. 20 ст. сялянскія вазы рабілі амаль цалкам з дрэва. Для павелічэння тэрміну службы ў адтуліну кола з двух бакоў забівалі выкаваныя ў кузні жалезныя ўтулкі (буксы), а паверх калодкі надзявалі абручыкі (рэхвы). Выкарыстанне жалезных шын рабіла неабавязковым ужыванне цэласных абадоў. З канца 20 ст. ў рабочых вазах часцей выкарыстоўваюць гумавыя колы. Выцясненне гужавых трансп. сродкаў аўтамабілем прывяло да скарачэння С.р.

В.​С.​Цітоў.

т. 15, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРО́ФІКА,

1) раздзел паэтыкі, які вывучае спосабы спалучэння радкоў вершаваных у страфу, яе ўзнікненне, развіццё і мастацка-выяўл. магчымасці.

2) Сукупнасць страфічных форм асобнага твора, паэта і інш., пэўным чынам упарадкаваная сістэма радкоў і строф.

Зараджэнне бел. паэзіі звязана з двухрадкоўямі (упершыню ў Ф.​Скарыны ў прадмове да кн. «Зыход», 1519) і чатырохрадкоўямі — катрэнамі (упершыню ў Скарыны ў прадмове да кн. «Іоў», 1517; у Афанасія Філіповіча «Дыярыушы», 1647). Багатая С. дэкламацый Сімяона Полацкага. У 19 ст. С. бел. паэзіі ўзбагацілася творамі, напісанымі пяцірадкоўямі («Дзеванька» Я.​Баршчэўскага), шасцірадкоўямі (ананімны «Я клічу Вас...»), васьмірадкоўямі (ананімны «Ой, у полі вецер вые...») і інш. Найб. інтэнсіўна ў бел. паэзіі С. развіваецца з пач. 20 ст. Больш разнастайнай стала структура строф, паглыбіліся яе рытміка-выяўл. магчымасці. Страфічны падзел тэксту падкрэсліваецца рэфрэнам («Мужык» Я.​Купалы), выкарыстоўваецца кальцавая кампазіцыя («Як я полем іду...» Я.​Купалы) Пашырыліся цвёрдыя формы верша (тэрцыны, секстына, сіцыліяна), засвоіліся айрэны, газелі, рубаі і інш., складаныя віды строф набылі значэнне самаст. відаў верша (санет, трыялет, рандо, актава), распаўсюдзіліся нізкі строф — вянок санетаў, стансы. Паявіліся віды строф, якія не маюць вял. пашырэння ў паэзіі: сямірадкоўе («Малебен» Я.​Коласа), дзевяцірадкоўе («Полымя» Я.​Коласа) і інш. Своеасаблівай страфой напісана паэма Я.​Коласа «Рыбакова хата» (складаецца з 12 радкоў з рыфмоўкай абабвгвгдеед). Асобныя віды строф сталі адметнымі для творчасці некат. паэтаў (шаснаццацірадкоўі А.​Куляшова). У паэзіі пераважаюць вершы, напісаныя аднолькавымі строфамі — раўнастрофныя вершы («Беларусі» П.​Броўкі). Сустракаюцца аднастрофныя вершы («Знаць хочаш, як я цябе знайшоў?» М.​Танка), разнастрофныя вершы («Гапон» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Мёртвая вясна» Броўкі), астрафічныя вершы і строфы, якія ўзніклі на матэрыяле пэўнага жанру, тэматыкі. стылю (баладная страфа, элегічны двуверш) і ў пэўнай ступені захоўваюць сувязь з імі. Аднак строфы звычайна не рэгламентуюцца памерам ці літ. жанрам, іх сэнсавыяўленчая роля вызначаецца зместам канкрэтнага твора.

Літ.:

Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Пытанні тэорыі літаратуры. Мн., 1964;

Ралько І.Д. Беларускі верш. Мн., 1969;

Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973.

А.​А.​Майсейчык.

т. 15, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗБРО́ЕНЫЯ СІ́ЛЫ ААН, сілы ААН па падтрыманні міру, міратворчыя сілы,

міжнародныя вайсковыя фарміраванні, якія ствараюцца ААН у адпаведнасці з яе Статутам (гл. Статут ААН). Складаюцца з кантынгентаў армій краін-членаў арганізацыі. Прызначаны для прадухілення ці ліквідацыі пагрозы міру ў рамках калектыўнай бяспекі. Выкарыстанне У.с. ААН ажыццяўляецца паводле рашэння Савета Бяспекі ААН шляхам сумесных дзеянняў (ваен. дэманстрацыя, блакада, назіранне і інш.), калі меры эканам. і паліт. характару аказваюцца недастатковымі. У.с. ААН вылучаюцца па патрабаванні Савета Бяспекі паводле спец. пагадненняў з урадамі краін-членаў ААН. Міратворцы носяць ваен. форму сваіх дзяржаў, прыналежнасць да сіл ААН вызначаецца па блакітнай касцы або берэце і значку. Кадравыя ваенныя і цывільныя паліцэйскія служаць пад аператыўным кантролем ААН, але застаюцца служачымі нац. узбр. сіл. Аперацыямі па падтрыманні міру кіруе Ген. сакратар ААН звычайна цераз свайго спец. прадстаўніка. Для спец. падрыхтоўкі вайск. персаналу ААН у розных краінах існуюць міжнар. трэніровачныя цэнтры (Польшча, Фінляндыя, Швецыя і інш.).

З моманту разгортвання ў 1948 першай міратворчай місіі ААН 123 краіны добраахвотна вылучылі ў распараджэнне арганізацыі больш за 750 тыс. чал. ваеннаслужачых і цывільнага паліцэйскага персаналу. У якасці міжнар. назіральнікаў вайскоўцы ААН дзейнічалі ў Палесціне (1948; прадстаўлялі 20 краін, у т. л. СССР), на Кіпры (1964) і інш. У.с. ААН удзельнічалі ў Карэйскай вайне 1950—53, у аперацыях у Конга (1960—63), Югаславіі (1992), у раз’яднанні егіпецкіх і ізраільскіх войск на Сінайскім п-ве пасля кастр. вайны 197.3 (гл. Ізраільска-арабскія войны) і інш. У час Кувейцкага крызісу 1990—91 паводле рэзалюцыі ААН былі створаны Шматнац. сілы для вызвалення Кувейта і інш. Нобелеўская прэмія міру (1988).

Літ.:

Кривчикова Э.С. Вооруженные силы ООН. М., 1965;

ООН как инструмент по поддержанию и укреплению мира. М., 1980;

Михеев Ю.Я. Применение принудительных мер по Уставу ООН. М., 1967;

Организация Объединенных Наций: Основные факты: Справ. М., 2000;

The Blue Helmets. 3 ed. New York, 1985;

United Nations. Peace-Keeping. New York, 1993.

В.​А.​Астрога.

т. 16, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРА́Н (лац. Uranium),

U, радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат н. 92, ат. м. 238,028; адносіцца да актыноідаў. Прыродны У. — сумесь 3 ізатопаў, ​238U (99,275%), ​235U (0,720%) і ​234U (0,005%; перыяд паўраспаду 2,454∙10​5 гадоў); ​235U і ​238U — роданачальнікі натуральных радыеактыўных радоў. У зямной кары 3∙10​−4% па масе (гл. Уранавыя руды). Адкрыты ў выглядзе дыаксіду у 1789 ням. хімікам М.​Клапратам; названы ў гонар планеты Уран.

Серабрыста-белы метал, tпл 1135 °C. Існуе ў 3 крышт. мадыфікацыях; ніжэй за 669 °C устойлівая рамбічная мадыфікацыя α-U) шчыльн. 19 120 кг/м³. Хімічна вельмі актыўны; у злучэннях мае ступень акіслення ад +3 да +6, найб. устойлівыя злучэнні U (IV) i U (VI), для якога характэрна ўтварэнне ураніліона UO2​2+. Кампактны У. у паветры павольна акісляецца; з кіслародам утварае дыаксід UO2 (у прыродзе мінерал уранініт), октааксід трыурану U3O8 (мінерал настуран) — асн. кампанент уранавых хім. канцэнтратаў, трыаксід UO3 і інш. Узаемадзейнічае з вадой, раствараецца ў мінер. к-тах з утварэннем солей уранілу [напр.; нітрат уранілу UO2(NO3)2], якія звычайна маюць жоўты колер і добра раствараюцца ў вадзе і мінер. к-тах. Пры награванні У. узаемадзейнічае з вадародам, галагенамі (найважн. з галагенідаў У. — гексафтарыд UF6 — крышт. рэчыва, пры 56,5 °C узганяецца; выкарыстоўваюць для раздзялення ​235U і ​238U), азотам, вугляродам і інш. неметаламі. З металамі ўтварае сплавы з лепшымі, чым у чыстага У., мех. ўласцівасцямі. Выкарыстоўваюць пераважна як ядзернае паліва, ​235U як крыніцу энергіі ў ядз. зброі (крытычная маса 50—60 кт), ​238 U для атрымання плутонію-239, ​233U як другаснае ядз. паліва, збеднены уранам-235 ​238U як ахоўны матэрыял пры паглынанні рэнтгенаўскага і γ-выпрамянення і інш. У. і яго злучэнні — агульнаклетачныя яды, якія пашкоджваюць усе органы і тканкі, што абумоўлена хім. таксічнасцю і радыеактыўнасцю У.; ГДК для растваральных злучэнняў 0 015 мг/м³, для нерастваральных — 0,075 мг/м³.

Літ.:

Химия урана. М., 1989;

Химия актиноидов: Пер. с англ. Т. 1. М., 1991.

т. 16, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХВА́ЛІ,

узбурэнні стану рэчыва і поля, якія распаўсюджваюцца ў прасторы з канечнай скорасцю. Суправаджаюцца пераносам энергіі без пераносу рэчыва (перанос рэчыва можа мець месца толькі як пабочная з’ява). Розным відам узбурэнняў (мех., цеплавым, эл.-магн. і інш.) адпавядаюць розныя віды Х. (гл. Паверхневыя хвалі, Пругкія хвалі, Сейсмічныя хвалі, Тэмпературныя хвалі, Электрамагнітныя хвалі).

Пры тэарэт. разглядзе Х. звычайна ўводзяць паняцце гарманічнай (сінусаідальнай) Х., у якой узбурэнні адбываюцца паводле закона гарманічных ваганняў і апісваюцца ўраўненнем хвалі. Асн. характарыстыкі такіх Х. — амплітуда, перыяд ваганняў, даўжыня хвалі, фаза. У залежнасці ад арыентацыі ўзбурэння адносна напрамку распаўсюджвання адрозніваюць падоўжныя хвалі і папярочныя хвалі. Найб. важныя ўласцівасці і характарыстыкі Х.: адбіццё хваль, дысперсія хваль, дыфракцыя хваль, інтэрферэнцыя хваль, паглынанне хваль, палярызацыя хваль, пераламленне хваль і рассеянне хваль; групавая скорасць, кагерэнтнасць, хвалевая паверхня, фазавая скорасць і фронт хвалі. Асаблівыя Х. ўзнікаюць пры руху цела ў асяроддзі са скорасцю, большай за фазавую скорасць Х. ў дадзеным асяроддзі, напр., пры руху самалёта са звышгукавой скорасцю ўзнікае ўдарная хваля. Пры аналізе энергет. характарыстык Х. выкарыстоўваюць паняцці Пойнтынга вектар, Умава вектар. У тэхніцы для памяншэння страт энергіі пры перадачы Х. выкарыстоўваюць хваляводы. Хвалевыя працэсы вельмі пашыраны ў прыродзе і тэхніцы. Найбольш выкарыстоўваюцца гукавыя хвалі (гл. Гук), паверхневыя акустычныя хвалі, ультрагукавыя хвалі, радыёхвалі, у т. л. ультракароткія хвалі. Пастаянна ўдасканальваюцца тэхн. сродкі выпрамянення і прыёму радыёхваль. Вывучэнне Х. важнае для развіцця фіз. і тэхн. навук. Гл. таксама Салітон, Хвалевы пакет, Хвалі дэ Бройля.

Літ.:

Горелик Г.С. Колебания и волны. 2 изд. М., 1959;

Крауфорд Ф. Волны: Пер. с англ. 3 изд. М., 1984;

Пирс Д.Р. Почти все о волнах: Пер. с англ. М., 1976;

Рабинович М.И., Трубецков Д.И. Введение в теорию колебаний и волн. 2 изд. М., 1992;

Кадомцев Б.Б., Рыдник В.И. Волны вокруг нас. М., 1981.

А.​І.​Балсун, У.​М.​Сацута.

Хвалі: а — падоўжныя (гукавыя) у вадкасцях і газах; б — папярочныя (ваганні струны, пры якіх зрух яе часціц перпендыкулярны да напрамку распаўсюджання хвалі); в — марскія.

т. 16, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. expositio выкладанне, паказ),

1) у літаратуры — паказ жыцця, якое папярэднічае асн. дзеянню, з’яўляецца яго перадгісторыяй. Знаёміць з героямі, іх узаемаадносінамі, абставінамі жыцця, фактарамі, якія прадвызначаюць прычыны дзеяння, яго характар і кірунак, падрыхтоўваюць канфлікт. Бывае прамая (разгортваецца як подступ да твора і даецца ў яго пачатку), затрыманая (пасля завязкі) і зваротная (у канцы твора). Уласціва творам, дзе раскрываецца працяглы адрэзак жыцця; не характэрная для лірычнага верша, апавядання-абразка.

2) У выяўленчым мастацтве — размяшчэнне музейных і выставачных экспанатаў у пэўнай сістэме (храналагічнай, тыпалагічнай і інш.).

Мае сістэм. класіфікацыю, паслядоўнасць прадстаўлення экспанатаў, іх даступнасць для агляду і вывучэння, аптымальнае асвятленне, ахову, прытрымліванне норм кансервацыі. Існуюць таксама маст. нормы Э., метады музейнага і выставачнага дызайну, размяшчэння карцін, размеркавання экспанатаў у вітрынах. Музейныя Э. патрабуюць навук. абгрунтавання размяшчэння экспанатаў, чым адрозніваюцца ад выставачных, якія дапускаюць большую свабоду, часам незвычайнасць прадстаўлення экспанатаў, выбар ракурсаў іх успрымання.

3) У музыцы — першапачатковае выкладанне асн. муз. матэрыялу (у частцы ці раздзеле) у адрозненне ад яго наступнага развіцця. Экспазіцыйны тып выкладання характарызуецца танальным адзінствам і гарманічнай устойлівасцю, структурнай цэласнасцю.

У некат. муз. формах (куплетная, простыя двух- і трохчасткавыя) экспазіцыйнасць абсалютна пераважае. У санатнай форме — першы з яе асн. раздзелаў, у якіх выкладаюцца гал. тэмы твора, згрупаваныя звычайна ў гал. і пабочнай партыях, якія, у адрозненне ад рэпрызы, выкладаюцца ў розных танальнасцях. Танальна-тэматычная апазіцыя, што ўзнікае пры гэтым, служыць імпульсам для далейшага разгортвання санатнай формы. У простай фузе Э. — першы раздзел, дзе тэма праводзіцца паслядоўна ва ўсіх галасах. Шматтэмныя фугі могуць мець адну агульную Э. для ўсіх тэм ці асобныя Э. для кожнай тэмы.

Літ.:

Гл. арт. Санатная форма, Форма музычная, Фуга.

4) У фатаграфіі — колькасць (доза) асвятлення, якая надаецца фотаслою святлоадчувальнага матэрыялу ў выніку ўздзеяння святла.

Абазначаецца H. Роўная здабытку асветленасці E на час экспанавання (вытрымку) t: H = E∙t. Пры звычайнай здымцы выражаецца ў лк∙с, пры здымцы з монахраматычным асвятленнем — у Дж/м². Вызначаецца экспанометрам.

А.​М.​Пяткевіч (у літаратуры), Ю.​Дз.​Златкоўскі (у музыцы).

т. 18, кн. 1, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРО́ННЫ ПАРАМАГНІ́ТНЫ РЭЗАНА́НС (ЭПР),

рэзананснае паглынанне (вылучэнне) эл.-магн. выпрамянення электронным парамагнетыкам, які знаходзіцца ў знешнім магн. полі; разнавіднасць магнітнага рэзанансу. Абумоўлены індуцыраванымі эл.-магн. выпрамяненнем квантавымі пераходамі паміж двума станамі магнітнага моманту электрона. Прыводзіць да пераарыентацыі магн. моманту электрона адносна напрамку індукцыі знешняга магн. поля, якое палярызуе парамагнетык. Ужываецца таксама назва «электронны спінавы рэзананс», таму што ЭПР звязаны са спінам электрона. Адкрыты ў 1944 Я.К.Завойскім.

ЭПР назіраецца ў рэчывах, якія ўтрымліваюць ненулявыя электронныя магн. моманты (абумоўленыя няспараным спінам ці камбінацыяй яго з арбітальным момантам). Велічыня расшчаплення ўзроўню энергіі электрона знешнім магн. полем прама прапарцыянальная індукцыі поля (гл. Зеемана з’ява). Стану электрона з меншай энергіяй адпавядае арыентацыя яго магн. моманту ўздоўж магн. поля. Калі энергія кванта эл.-магн. выпрамянення роўная велічыні расшчаплення энергет. узроўню электрона, то магчымы рэзанансны пераход — пераарыентацыя магн. моманту электрона. Пасля паглынання выпрамянення электронам рэлаксацыйныя працэсы (гл. Рэлаксацыя) імкнуцца аднавіць арыентацыю яго магн. моманту ўздоўж магн. поля. Пры рэгістрацыі ЭПР рэчыва звычайна змяшчаюць у пучнасць магн. кампаненты стаячай эл.-магн. хвалі (у сантыметровым дыяпазоне даўжынь хваль) і яе частата падтрымліваецца пастаяннай, а знешняе магн. поле мяняецца (ад дзесяткаў да соцень мілітэслаў). Пры гэтым напрамкі індукцый гэтых двух магн. палёў павінны быць узаемна перпендыкулярныя.

ЭПР выкарыстоўваецца для даследавання структуры цвёрдага цела (вызначэння колькасці магн. момантаў электронаў у аб’ектах рознай прыроды), для стварэння інверснай населенасці энергет. узроўняў у квантавых парамагн. узмацняльніках (гл. Мазер), а таксама ў хіміі, біялогіі (напр., для даследавання свабодных радыкалаў).

Літ.:

Вертц Дж., Болтон Дж. Теория и практические приложения метода ЭПР: Пер. с англ. М, 1975;

Александров Е.Б., Запасский В.С. Лазерная магнитная спектроскопия. М., 1986;

Экстром Ф., Вайнлэнд Д. Изолированный электрон: Пер. с англ. // Успехи физ. наук. 1981. Т. 134, вып. 4;

Федорук Г.Г. Нестационарная нутационная ЭПР — спектроскопия конденсированных сред // Журн. прикладной спектроскопии. 2002. Т. 69, № 2.

М.​А.​Паклонскі.

Да арт. Электронны парамагнітны рэзананс. Залежнасць энергіі электрона E ад велічыні індукцыі знешняга магнітнага поля B→ для дзвюх магчымых арыентацый яго магнітнага моманту адносна B→: 1 — супраць поля; 2 — уздоўж поля.

т. 18, кн. 1, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЙЦО́,

жаночая палавая клетка чалавека, жывёл і раслін (яйцаклетка), з якой пасля апладнення або шляхам партэнагенезу развіваецца новы арганізм.

Я. чалавека і жывёл — высокаспецыялізаваная клетка, якая мае пажыўныя рэчывы, неабходныя для развіцця зародка і засцерагальныя яйцавыя абалонкі. Фарміруецца ў яечніках. У большасці відаў жывёл Я. акруглай ці авальнай формы, звычайна нерухомае або маларухомае, памеры ад 7 мкм (у некат. перапончатакрылых) да 22 см (у селядцовай акулы); у чалавека 89—91 мкм. У насякомых, галаваногіх малюскаў форма Я. падоўжаная. У прымітыўных шматклетачных жывёл (губкі, некат. кішачнаполасцевыя) не мае вызначанай формы і здольнае да амёбападобных рухаў. Ядро Я. знаходзіцца ў багатай пажыўнымі рэчывамі цытаплазме, якая забяспечвае пачатак развіцця зародка. У жаўтку Я. рэзервовыя бялкі і тлушчападобныя рэчывы. Я. рыб, малюскаў, ігласкурых і інш. жывёл наз. ікрой. У земнаводных, рыб развіццё Я. адбываецца ў вадзе. Паўзуны адкладваюць Я., пакрытыя скурыстай шкарлупінай, птушкі — вапняковай шкарлупінай, пад якой размяшчаецца абалонка. На тупым канцы Я. ёсць паветраная камера, якая адыгрывае ролю запасной прасторы пры змене аб’ёму бялка пад уздзеяннем т-ры і для першага ўдыху птушаняці. Шарападобны жаўток у цэнтры Я. падтрымліваецца шнураміхалазамі, якія прымацоўваюцца да ўнутр. шкарлупіннай абалонкі, і складаецца з канцэнтрычных слаёў жоўтага жаўтка, паміж якімі размяшчаюцца тонкія слаі белага жаўтка. На паверхні жаўтка знаходзіцца зародак. Да жаўтка прылягае слой шчыльнага бялка, вакол якога знаходзіцца вадкі бялок. Маса Я. птушак найб. ў вывадкавых птушак (у страуса да 2,5 кг), меншая ў птушанятных птушак (у калібры з гарошыну). Я. птушак і рыб (ікра) спажываюць у ежу. Я. раслін часцей наз. яйцаклеткай.

Л.​В.​Кірыленка, Э.​Р.​Самусенка.

Будова яйца: 1 — кольчатага чарвя чарвяка* урэхіс; 2 — акуня; 3 — курыцы; 4 — чалавека (перад авуляцыяй); 6 — бластадыск; бж — белы жаўток; вб — вадкі бялок; гб — густы бялок; ж — жаўток; жа — жаўточная абалонка; жг — жаўточныя гранулы; жж — жоўты жаўток; зп — зародкавы пузырок; ка — картыкальныя альвеолы; кр — карона радыята; мф 1 — мітатычная фігура першага дзялення выспявання; па — падшкарлупінная абалонка; пк — паветраная камера; са — студзяністая абалонка; тк — тлушчавая кропля; х — халаза; ш — шкарлупіна; я — ядзерка.

т. 18, кн. 1, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЯМО́ННЕ,

гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае тэр. Гродзенскай і сумежных ч. Брэсцкай і Мінскай абл. На Пд мяжуе з Заходнім Палессем (па вярхоўях р. Нараў і Ясельда да г. Бяроза і Івацэвічы), на У і ПнУ — адпаведна з цэнтральнай Беларуссю і Паазер’ем (на З ад г. Баранавічы па Налібоцкай пушчы, да г. Маладзечна, Мядзел, Паставы). Насельніцтва этнагенетычна склалася на слав. аснове з удзелам асіміляваных літвінаў (стараж. літвы і аўкштайтаў), ятвягаў, прусаў, татараў і інш. У сярэднія вякі рэгіён быў вядомы пад назвай Літва, побач з якой зрэдку ўжывалася і назва Чорная Русь, што, на думку некат. аўтараў (М.​К.​Любаўскі, П.​Д.​Бранцаў, У.​І.​Пічэта і інш.), уяўляла сабой першапачаткова слав. масіў на землях балцкіх плямён. У канцы 10—1-й пал. 11 ст. далучана да Кіеўскай Русі. У 12—1-й пал. 13 ст. знаходзілася ў сферы ўплыву Галіцка-Валынскага і Полацкага княстваў. У 13 ст. рэгіён апынуўся ў цэнтры важных паліт. падзей, якія зрабілі непасрэдны ўплыў на ўтварэнне ВКЛ. Яго першай сталіцай быў г. Новагародак (Навагрудак), дзе ў 1253 каранаваўся вял. князь Міндоўг. У гэты час этнічны склад насельніцтва рэгіёна папоўніўся за кошт шырокай хвалі перасяленцаў з Мазовіі, Прусіі, Жамойці, што сцякаліся сюды пад націскам тэўтонскай агрэсіі, а таксама мігрантаў з паўд.-рус. зямель, якія падвергліся спусташальнаму мангола-татарскаму нашэсцю. Край станавіўся адным з самых населеных і багатых абласцей.

У выніку этнічнага сімбіёзу на слав. аснове складваўся рэгіянальны тып культуры, у якой спалучаліся заходнярус. (бел.), польскія і балцкія рысы. Агульны лёс бел. і літ. народаў у складзе адзінай дзяржавы працяглы час абумоўліваў узаемны ўплыў і блізкія рысы ў развіцці этнасац., грамадска-прававых і эканам. адносін. Пасля Крэўскай 1385, Люблінскай 1569 і асабліва Брэсцкай 1596 уній узмацніліся экспансія каталіцтва і паланізацыя краю. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) П. адышло да Рас. імперыі. На тэр. П. былі ўтвораны Літоўская, пасля Гродзенская і Віленская губ. З 1920 П. ў складзе Польшчы, у 1939 уз’яднана з БССР.

У ландшафтах П. ўзгоркавыя ўзвышшы і перасечаныя раўніны чаргуюцца з шырокімі нізінамі, дрэніраванымі рэчышчамі Нёмана і яго прытокаў. Дзярнова-падзолістыя глебы на лёсападобных суглінках і водна-ледавіковых супесках пры захаванні пэўных агратэхн. правіл давалі высокія ўраджаі. У структуры пасеваў першае месца займала жыта (у сярэдзіне 19 ст. — 48,8% усёй плошчы), затым авёс (28,8), пшаніца (5,2), грэчка (4,6), ячмень (3,6), гарох (3), бульба (2,5); лён, проса, рэпа і каноплі складалі разам каля 3% пасеваў. У 2-й пал. 19 ст. пашырыліся пасевы кармавых траў, што паляпшала структуру глебы і стымулявала развіццё жывёлагадоўлі. Палі апрацоўваліся з дапамогай т.зв. літоўскай (палескай) сахі, якая была прыстасавана да мясц. умоў і мела больш лёгкую канструкцыю для аднаконнай (ці аднаваловай) запрэжкі. Шырокае развіццё мануфактурнай вытв-сці садзейнічала развіццю гандл. адносін. Прам-сць Гродзенскай губ. давала ў 1859 прадукцыі больш, чым усе астатнія бел. губерні, разам узятыя. Шырокі размах у П. атрымаў кірмашовы гандаль (толькі Зэльвенскі кірмаш у 1-й пал. 19 ст. па тавараабароце пераўзыходзіў усе кірмашы Мінскай і Віленскай губ.).

Да аграрнай рэформы 2-й пал. 16 ст. характэрным тыпам сельскіх пасяленняў была невял. вёска са свабоднай (бессістэмнай) забудовай. Перабудова пасяленняў паводле «Уставы на валокі» 1557 ахапіла 90% вёсак Гродзенскай эканоміі (больш, чым у якім-н. інш. рэгіёне Беларусі). У выніку правядзення валочнай памеры ўзнікла шмат новых вёсак вулічнага тыпу, якія размяшчаліся на адкрытай мясцовасці ўздоўж дарог і гандл. трактаў, паблізу рэк і азёр. Устаўныя вёскі (з жылым памяшканнем на адным баку вуліцы і з гасп. на другім) захоўваліся тут да пач. 20 ст. Вёскі дзярж. сялян (напярэдадні рэформы 1861 складалі трэцюю ч. насельніцтва) былі больш упарадкаваныя, у іх у 1860-я г. курныя хаты заменены «чыстымі». Прадстаўнікі свабоднага саслоўя (дробная шляхта, аднадворцы) пражывалі ў аколіцах, засценках, фальварках, назвы якіх часцей паходзілі ад прозвішчаў жыхароў. Кожны двор уяўляў аўтаномную ячэйку, слаба ўвязаную з агульнай структурай пасялення. Жылыя памяшканні звычайна будавалі ў глыбіні двара. Асабліва многа спадчынных маёнткаў дробнай шляхты было рассеяна на тэр. Ашмянскага пав. Значнае развіццё саматужнай прам-сці і гандлю павышала ў рэгіёне ролю мястэчак, якія звычайна вырасталі з сёл, што належалі буйным магнатам. Найб. тыповая для сял. сядзіб пагонная (аднарадная) сістэма забудовы. Гумны, пуні ставілі на некат. адлегласці ў канцы сядзібы ці насупраць па другі бок вуліцы. Там жа будавалі і свірны. Характэрныя для рэгіёна былі 2-павярховыя лямусы. Бытаванне тут лямусаў мае стараж. традыцыю і, паводле археал. матэрыялаў, яны вядомы з 11 ст. Тыповая планіровачная структура традыц. жылля хата + сенцы + камора. У пач. 20 ст. яна ўскладнілася вылучэннем функцыянальна самаст. кухні, спальні, святліцы. Дамы дробнай шляхты мелі падсені ці ганкі, у 2-й пал. 19 ст. іх будавалі і сяляне. Нар. архітэктура ў П. прагрэсіравала хутчэй, чым у інш. рэгіёнах, актыўна пераймаючы асобныя зах. канструкцыйныя формы і ўдала перапрацоўваючы іх у спалучэнні з традыцыйнымі. Побач з буд-вам жылля з круглых бярвён, што звязваліся ў просты вугал, у 19 ст. часцей сустракаліся пабудовы з брусковых бярвён, рубленых у гладкі (чысты, нямецкі) вугал. Высокія 2-схільныя і паўвальмавыя дахі мелі кроквенную канструкцыю, захавалася і традыц. апорная канструкцыя на стаяках і сохах. Дахі крылі саломай («пад шчотку», «пад страхоўку»), гонтай і чарапіцай. Характэрная прыкмета культ. ландшафтаў — прыдарожныя крыжы і капліцы.

Традыц. бел. адзенне ў мясц. этнагр. матэрыяле захавалася горш, чым у інш. рэгіёнах Беларусі. Стракаты этнасац. склад, параўнаўча развітая сістэма шляхоў зносін павялічвалі кантраст у адзенні і разам з тым садзейнічалі ўзаемнаму ўзбагачэнню. Тыповая верхняя вопратка — бурнос з адкладным каўняром свабоднага крою і прыталеная світа (сярмяга) з вузкім стаячым каўняром, сшытая з даматканага шэрага і цёмна-шэрага сукна. Дробная шляхта і дзярж. сяляне замест сярмягі насілі капот з шэрага і шэра-зялёнага сукна. Жанчыны насілі больш кароткую катанку. З інш. тыпаў верхняй вопраткі ў шырокім ужытку былі кажух, палатняны насоў, курта (спанцэрка), жаночы кафтан (каптанік), мужчынская безрукаўка (камізэлька). Звычайны комплекс жаночага адзення складаўся з ільняной кашулі, андарака (або спадніцы), фартуха, гарсэта. Кашулі з прамымі полікамі мелі адкладны каўнер і рукавы з абшлагамі. Стараж. тунікападобная кашуля раней, чым у інш. рэгіёнах, стала споднім адзеннем. Святочныя кашулі і льняныя фартухі ўпрыгожвалі вышыўкай, у якой дамінаваў геам. арнамент; найб. распаўсюджаная фігура — васьмівугольная зорка, у стылізаванай выяве блізкая да расл. форм (ваўкавыска-камянецкі строй). Гарсэты з цёмнага сукна шылі прыталеныя, часта з надрэзамі ў ніжняй частцы. Чапец (або каптур) нярэдка меў навушнікі і абшываўся па краі чырвонай стужкай. Як самастойны ўбор захаваўся да пач. 20 ст., звычайна яго надзявалі замужнія жанчыны на святы (мастоўскі строй, навагрудскі строй). Узорыстыя посцілкі, ручнікі, дываны, абрусы П. вызначаліся багаццем маст. сродкаў, высокім майстэрствам выканання. У вытв-сці керамічнага посуду і яго дэкар.-засцерагальнай апрацоўцы задымліванне часта спалучалася з глянцаваннем. Мясц. гаворкі П. ўваходзяць у паўд.-зах. дыялект. Адзначаныя рысы нар. культуры і гасп.-быт. ўкладу ў бел. П. прайшлі доўгі шлях развіцця, адлюстроўваюць складаную этнічную гісторыю насельніцтва краю.

В.​С.​Цітоў.

т. 12, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)