НЭ́РУ Джавахарлал (14.11.1889, г. Алахабад, Індыя — 27.5.1964),
палітычны і дзярж.дзеяч Індыі. Юрыст. Сын М.Нэру. Бацька І.Гандзі. Скончыў школу ў Хараў і Кембрыджскі ун-т. Чл.Індыйскага нацыянальнага кангрэса (ІНК, з 1912). З 1916 актыўны ўдзельнік інд.нац.-вызв. руху. Бліжэйшы паплечнік М.К.Гандзі. Адзін з арганізатараў масавых кампаній грамадз. непадпарадкавання брыт. уладам. За сваю дзейнасць 9 разоў быў арыштаваны брыт. ўладамі, правёў у турмах больш за 10 гадоў. Неаднаразова быў выбраны старшынёй ІНК (1929—30, 1936—37, 1946, 1951—54). Прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў Індыі (1947—64). Вял. ўплыў на яго грамадска-паліт. погляды зрабілі сацыяліст. ідэі; быў прыхільнікам пабудовы ў Індыі некапіталіст. грамадства, адначасова стаяў за шматукладнасць у эканоміцы і падтрымку нац. вытворцаў. Удзельнічаў у распрацоўцы 5 гадовых планаў развіцця інд. гаспадаркі. У знешняй палітыцы — адзін з аўтараў пяці прынцыпаў мірнага суіснавання, адзін з заснавальнікаў недалучэння руху і ініцыятараў Бандунгскай канферэнцыі 1955. Шмат зрабіў для стварэння і ўмацавання ў Індыі прадстаўнічай дэмакр. сістэмы, ін-таў інд. федэралізму, ажыццяўлення аграрнай рэформы.
Тв.:
Рус.пер. — Автобиография. М., 1955;
Внешняя политика Индии: Избр. речи и выступления, 1946—1964. М., 1965;
Взгляд на всемирную историю: Письма к дочери из тюрьмы, содержащие свободное изложение истории для юношества. Т. 1—3. М., 1989;
Открытие Индии. Кн. 1—2. М., 1989.
Літ.:
Насенко Ю.П. Джавахарлал Неру и внешняя политика Индии. М., 1975;
Вафа А.Х., Литман А.А. Философские взгляды Джавахарлала Неру. М., 1987;
Мартышин О.В. Политические взгляды Джавахарлала Неру. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТО́ЛІЧАЎ Мікалай Сямёнавіч (23.9.1908, с. Золіна Валадарскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 1.12.1989),
савецкі дзярж. і парт.дзеяч. Двойчы Герой Сац. Працы (1975, 1979). Вучыўся ў 2-м Маскоўскім хіміка-тэхнал. ін-це (1931), скончыў Ваен. акадэмію хім. абароны (1937). У 1928—31 на камсам. рабоце. З 1938 на парт. рабоце: у апараце ЦКВКП(б), парторг ЦКВКП(б) на Яраслаўскім гумавым камбінаце, з 1939 1-ы сакратар Яраслаўскага, з 1941 Чэлябінскага абкомаў і гаркомаў партыі, заг. аддзела ЦКВКП(б). У 1946—47 сакратар ЦКВКП(б), адначасова нам. старшыні Савета па справах калгасаў пры СМСССР. З сак. 1947 сакратар ЦК КП(б) Украіны, са жн. 1-ы сакратар Растоўскага абкома і гаркома партыі. У 1950—56 1-ы сакратар ЦККПБ. У чэрв. 1953 Л.П.Берыя зрабіў спробу змясціць П. з пасады 1-га сакратара ЦККПБ. Аднак на IV (пашыраным) пленуме ЦККПБ (25—27.6.1953) бел. камуністы не далі аднадушнай згоды на такую кадравую змену. З 1956 нам., з 1957 1-ы нам. міністра замежных спраў СССР. У 1958—85 міністр знешняга гандлю СССР. Чл.ЦККПБ у 1952—60, чл. Бюро ЦККПБ у 1950—56. Чл.ЦККПСС у 1941—86, чл. Аргбюро ЦК у 1946—47, канд. у чл. Прэзідыума ЦККПСС у 1952—53. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1950—59, чл. Прэзідыума Вярх. Савета БССР у 1950—59, Вярх. Савета СССР у 1937—89.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРУСЕ́ВІЧ Казімір Адамавіч (4.3.1872, б. фальварак Новіны каля в. Душава Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 11.8.1949),
бел. грамадска-паліт.дзеяч, адвакат. Бацька К.К.Петрусевіча. Скончыў Кіеўскі ун-т (1895). З 1896 пам. прысяжнага паверанага. У рэв. руху з 1894. Удзельнік Першага з’езда РСДРП у Мінску (1898). Чл. Мінскай арг-цыі РСДРП, удзельнік рэв. падзей 1905—06. Неаднойчы быў арыштаваны, сасланы і зняволены (1897, 1898, 1905). Выступаў абаронцам на суд. працэсах. Абараняў Я.Коласа (1908) па справе яго ўдзелу ў нелегальным настаўніцкім з’ездзе, рэвалюцыянераў А.В. і В.І.Бонч-Асмалоўскіх. У 1-ю сусв. вайну на Зах. фронце. З 1918 нам. старшыні савета адвакатаў, старшыня к-таЧырв. Крыжа, акр. суда ў Мінску, з 1920 на адвакацкіх і суд. пасадах у Вільні, праф. Віленскага ун-та. Як юрыст выступаў супраць дыскрымінацыі нац. меншасцей Зах. Беларусі. У 1926 на працэсе 94-х абараняў удзельнікаў нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, у 1928 на працэсе 56-і — дзеячаў Бел.сял.-работніцкай грамады, за што звольнены з ун-та, у 1934 — М.Танка, зняволенага за рэв. дзейнасць, у 1936 — групу абвінавачваных зах.-бел. яўрэяў і інш. З 1945 у Польшчы: юрыд. саветнік у рэпарацыйных установах, суддзя Вярх. суда, чл.Гал. адвакацкага савета. Аўтар прац па цывільным праве.
Літ.:
Мошинский И.Н. На путях к 1 съезду РСДРП. М., 1928;
Polski słownik biograficzny. Wrocław etc., 1980. T. 25/4. S. 696—699.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́СЕЛ (Russell) Бертран Артур Уільям, лорд (18.5.1872, Трэлек, Вялікабрытанія — 2.2.1970), англійскі матэматык, філосаф, грамадскі дзеяч; адзін са стваральнікаў сучаснай матэматычнай логікі. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1894). Прафесар шэрагу ун-таў Вялікабрытаніі і ЗША. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1908). Адкрыў лагічны парадокс (названы яго імем), які прывёў да пабудовы арыгінальнага варыянта аксіяматычнай тэорыі мностваў. Аўтар (з А.Уайтхедам) фундаментальнай працы «Асновы матэматыкі» (т. 1—3, 1910—13). Адзін са стваральнікаў канцэпцыі лагічнага атамізму і роданачальнік неапазітывізму. Прызнаваў рэальнасць толькі «пачуццёвых даных», тлумачыў іх у духу «нейтральнага манізму», зыходзячы з якога разглядаў паняцці «дух» і. «матэрыя» як лагічныя канструкцыі з «пачуццёвых даных». Дапускаў існаванне «атамарных фактаў», якія, у адрозненне ад «элементаў вопыту», аб’ектыўныя, але іх аб’ектыўнасць заснавана толькі на веры ў быццё знешняга свету. У галіне этыкі лічыў найвышэйшай мэтай жыццё, якое накіроўваецца пачуццёвай любоўю і зыходзіць з веры ў магутнасць розуму. У палітыцы выступаў супраць тэорый, якія падпарадкоўваюць асобу дзяржаве, асуджаў фашызм і камунізм. Быў адным з ініцыятараў Пагуашскага руху. Аўтар прац «Філасофія лагічнага атамізму» (1918), «Перспектывы індустрыяльнай цывілізацыі» (1923), «Улада і асоба» (1949), «Цвярозы розум і ядзерная вайна» (1960) і інш. Сааўтар «Маніфеста Расела—Эйнштэйна» (1955), прасякнутага ідэяй неабходнасці мысліць па-новаму ў ядзерны век. Нобелеўская прэмія па л-ры 1950.
Тв.:
Рус.пер. — Воздействие науки на общество. М., 1952;
Человеческое познание. Его сфера и границы. М., 1957;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУМЯ́НЦАЎ-ЗАДУНА́ЙСКІ Пётр Аляксандравіч (15.1.1725, Масква — 19.12.1796),
расійскі ваенны і дзярж.дзеяч, граф (з 1744), ген.-фельдмаршал (1770). Бацька М.П.Румянцава. Сын ген. А.І.Румянцава, пад кіраўніцтвам якога набыў ваен. вопыт. Удзельнік рус.-швед. вайны 1741—43 і вайны за Аўстрыйскую спадчыну 1740—48. У Сямігадовую вайну 1756—63 камандаваў брыгадай, дывізіяй, корпусам, вызначыўся ў бітвах пад Грос-Егерсдорфам (1757) і Кунерсдорфам (1759); у 1757—58 фарміраваў кавалерыю ў г. Стоўбцы. У 1764—96 прэзідэнт Маларасійскай калегіі і ген.-губернатар Маларосіі. У рус.-тур. вайну 1768—74 камандаваў арміяй, паспяховыя дзеянні якой прымусілі Турцыю заключыць Кючук-Кайнарджыйскі мір; за перамогі каля Рабой Магілы, Ларгі, Кагула (усе 1770) і інш. атрымаў ганаровае найменне Задунайскі. У рус.-тур. вайну 1787—91 камандаваў арміяй, галоўнакаманд. рас. войскамі ў час задушэння паўстання 1794. З 1776 валодаў г. Гомель, пачаў будаўніцтва Гомельскага палаца (гл.Гомельскі палацава-паркавы ансамбль). Распрацаваў новыя формы бою, у т. л. шырокае выкарыстанне дывізійных і палкавых карэ; аўтар ваен. твораў («Абрад службы», «Думкі», «Інструкцыі»), якія выкарыстаны пры распрацоўцы статутаў рас. арміі, у арг-цыі, абучэнні і выхаванні войск у 2-й пал. 18 ст.
Літ.:
П.А.Румяниев, А.В.Суворов, М.И.Кутузов: Док. и материалы. Киев, 1974;
Золотарев В.А., Межевич М.Н., Скородумов Д.Е. Во славу Отечества Российского: (Развитие воен. мысли и воен. искусства в России во второй половине XVIII в). М. 1984;
Петелин В.В. Фельдмаршал Румянцев: Док. повествование. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫДЗ-СМІ́ГЛЫ (Rydz-Śmigły) Эдвард (11.3.1886, г. Беражаны, Цярнопальская вобл., Украіна — 2.12.1941),
польскі ваен. і дзярж.дзеяч, адзін з паплечнікаў Ю.Пілсудскага. Маршал Польшчы (1936). Скончыў Акадэмію выяўл. мастацтваў у Кракаве. З 1908 у Саюзе актыўнай барацьбы, з 1912 у Стралецкім саюзе (Галіцыя), рэдагаваў штомесячнік «Strzelec»(«Стралец»). У 1-ю сусв. вайну ў легіёнах польскіх Пілсудскага, з ліп. 1917 гал. камендант Польск. вайск. арг-цыі. З ліст. 1918 ваен. міністр адноўленай польск. дзяржавы. Удзельнічаў у заняцці польск. войскамі Вільні (крас. 1919). У польска-сав. вайну 1919—20 камандаваў дывізіяй, арміяй, Сярэднім фронтам; удзельнічаў у заняцці Кіева (ліп. 1920), Гродна і Ліды (вер. 1920), абароне Варшавы (жн. 1920). У 1922—35 інспектар арміі. У час майскага перавароту 1926 падтрымаў Пілсудскага і яго прыхільнікаў. Пасля смерці Пілсудскага з мая 1935 ген. інспектар узбр. сіл, працаваў над 6-гадовым планам рэфармавання ўзбр. сіл краіны. У час Польскай кампаніі 1939вярх. галоўнакамандуючы (склаў паўнамоцтвы 7 ліст.), 17 вер. загадаў польскім узбр. сілам не ваяваць без крайняй неабходнасці супраць часцей Чырв. Арміі, якія ўступілі ў Зах. Беларусь і Зах. Украіну; разам з польск. урадам перайшоў у Румынію, інтэрніраваны. У кастр. 1941 тайна вярнуўся ў акупіраваную ням.-фаш. войскамі Польшчу, намагаўся разгарнуць антыфаш. дыверсійную дзейнасць. Аўтар шэрагу прац па ваен. гісторыі і пытаннях абароны дзяржавы.
Літ.:
Leżeński C. Kwatera 139: Opowieść o marszałku Rydzu-Śmigtym. T. 1—2. Lublin, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫШЭЛЬЁ (Richelieu) Арман Жан дзю Плесі
(du Plessis; 5.9.1585, Парыж — 4.12.1642),
французскі дзярж. і рэліг.дзеяч. З 1607 біскуп, у 1616—17 дзярж. сакратар па замежных і ваен. справах у час рэгенцтва Марыі Медычы. У 1617—21 у апале. З 1622 кардынал, з 1624 першы міністр ва ўрадзе Людовіка XIII. Фактычна кіраваў краінай. Праводзіў палітыку ўмацавання каралеўскай улады. З мэтай ліквідацыі сепаратызму адабраў у гугенотаў (фактычна стварылі дзяржаву ў дзяржаве) Ла Рашэль (1628) і паўд. крэпасці (1629). Падпісаў «Эдыкт міласці» (1629), які пазбавіў гугенотаў іх паліт. правоў, але захаваў свабоду веравызнання. Узмацніў кантроль над правінцыяльнымі органамі ўлады і перадаў ч. іх паўнамоцтваў каралеўскім інтэндантам. Спрыяў развіццю мануфактур і гандлю. Забараніў дуэлі, разбураў умацаваныя дваранскія замкі ўнутры краіны, караў смерцю сваіх ворагаў з ліку арыстакратыі (Марыльяк, Манмарансі, Сен-Мар). У знешняй палітыцы галоўным лічыў барацьбу супраць гегемоніі Габсбургаў. У 1635 па яго ініцыятыве Францыя ўступіла ў Трыццацігадовую вайну 1618—48 на баку пратэстанцкай кааліцыі. Далучыў да Францыі Эльзас і ч. Латарынгіі. Стварыў ваен. флот і рэарганізаваў армію. Узмацніў падатковы прыгнёт і жорстка задушыў выкліканыя ім сял. паўстанні (краканаў у 1636, «басаногіх» у 1639). Мецэнат і калекцыянер, апекаваўся мастакамі і літаратарамі. У 1635 засн.Франц. акадэмію. У сваім «Палітычным завяшчанні» (1643) выклаў асн. прынцыпы палітыкі франц. абсалютызму.
Літ.:
Люблинская А.Д. Франция при Ришелье: Фр. абсолютизм в 1630—1642 гг.Л., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКО́ЛЬНІКАЎ Рыгор Якаўлевіч (сапр.Брыльянт Гірш Янкелевіч; 15.8.1888, г. Ромны, Украіна —21.5.1939),
савецкі дзярж. і паліт.дзеяч, дыпламат і вучоны-эканаміст. Скончыў Парыжскі ун-т (1914). Чл.Камуніст. партыі (1905—36, адноўлены ў 1988), яе ЦК (1917—19, 1922—30, канд. у 1930—36), Палітбюро ЦК (1917, канд. у 1924—25). З 1917 чл. Маскоўскага к-та бальшавікоў і Петраградскага Савета, пам. камісара Дзярж. банка. Як старшыня сав. дэлегацыі падпісаў Брэсцкі мір 1918. У 1918—20 на ваен.-паліт. рабоце ў Чырв. Арміі. З 1920 старшыня Туркестанскай камісіі ВЦВК і СНК РСФСР і каманд. Туркестанскім фронтам. З 1921 у Наркамаце фінансаў. У 1922—26 нарком фінансаў РСФСР (з ліп. 1923 — СССР). Ініцыятар і актыўны ўдзельнік падрыхтоўкі і правядзення грашовай рэформы 1922—24 (увядзенне «цвёрдага» чырвонца і інш.), якая стабілізавала рубель і аднавіла разбураную ў час рэвалюцыі і грамадз. вайны фін. сістэму краіны. Удзельнік міжнар.фін.-эканам. канферэнцыі ў Гаазе (Нідэрланды, 1922). З 1926 нам. старшыні Дзяржплана СССР, з 1928 старшыня Нафтасіндыката. У 1929—32 паўпрэд СССР у Вялікабрытаніі, потым нам. наркома і чл. калегіі Наркамата замежных спраў СССР. У 1935—36 1-ы нам. наркома лясной прам-сці СССР. У 1936 арыштаваны, у 1937 па сфальсіфікаванай справе т.зв. «Паралельнага антысав. трацкісцкага цэнтра» асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі. Загінуў у зняволенні. Рэабілітаваны ў 1988.
Тв.:
Новая финансовая политика: на пути к твердой валюте. М., 1995.
Літ.:
Генис В.Л. «Упрямый нарком с Ильинки» // Открывая новые страницы... М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРЫ́ЦКІ Міхаіл Пятровіч (14.12.1840, с. Клешчынцы Чарнабаеўскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 27.4.1904),
украінскі пісьменнік, перакладчык, тэатр.дзеяч. Вучыўся ў Харкаўскім (1858—60) і Кіеўскім (1860—66) ун-тах. З 1864 выступаў у аматарскіх тэатр. гуртках. З 1883 узначальваў першую ўкр.прафес.тэатр. трупу М.Крапіўніцкага (у 1880—90-я г. гастраліравала на Беларусі). Майстэрствам трупы захапляліся Я.Лучына, які прысвяціў трупе вершы «Усёй трупе дабрадзея Старыцкага беларускае слова» і «Дабрадзею артысту Манько» (нап. 1887, апубл. 1932), і Ф.Багушэвіч. С. — майстар рэжысёрскага вырашэння масавых сцэн, асаблівую ўвагу аддаваў муз. і маст. афармленню спектакля. Аўтар зб. вершаў «Са старога сшытка. Песні і думы» (ч. 1—2, 1881—83), сац.-быт. п’ес «Не суджана» (1883), «У цемры» (1893), «Лёс» (1894), гіст. драм «Багдан Хмяльніцкі» (1897), «Маруся Багуслаўка» (1899), вадэвіляў. Трылогія «Багдан Хмяльніцкі» («Перад бурай», «Бура», «Каля прыстані», 1895—97), аповесць «Абарона Бушы» (1894) пра падзеі антыфеад. вайны ўкр. і бел. народаў 1648—54. Інсцэніраваў творы М.Гогаля, Э.Ажэшкі, Ю.Крашэўскага і інш. На ўкр. мову пераклаў некат. творы А.Пушкіна, М.Лермантава, М.Някрасава, Ю.Славацкага, А.Міцкевіча, У.Сыракомлі, І.В.Гётэ, Дж.Байрана. На бел. мову асобныя творы С. пераклаў Э.Валасевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУКА́РНА (Sukarno; 6.6.1901, г. Сурабая, Інданезія — 21.6.1970),
палітычны і дзярж.дзеяч Інданезіі. Скончыў Тэхналагічны ін-т у г. Бандунг (1925). Удзельнік стварэння «Бандунгскага даследчага клуба» (1926), на базе якога ў 1927 створана Нац. партыя Інданезіі; яе першы старшыня За антыкалан. дзейнасць у 1929—31 у турме, з 1933—42 у ссылцы. У 1945 сфармуляваў 5 прынцыпаў (нацыяналізм, інтэрнацыяналізм, народаўладдзе, сац. справядлівасць, вера ў адзінага Бога), якія сталі афіц. ідэалогіяй Інданезіі. 17.8.1945 С. абвясціў незалежнасць Рэспублікі Інданезія. Абраны яе прэзідэнтам, С. узначаліў барацьбу супраць нідэрл. каланізатараў (1945—49). У 1957—59 па яго ініцыятыве ў краіне сфарміраваны лад т.зв. «накіроўнай дэмакратыі» на аснове канцэпцыі функцыянальных груп, члены якіх звязаны агульнай дзейнасцю, рэлігіяй, адукацыяй і г.д. Быў распушчаны парламент, новыя дэпутаты прызначаны асабіста С., які сканцэнтраваў у сваіх руках заканад. і выканаўчую ўладу. У 1963 абвешчаны пажыццёвым прэзідэнтам краіны. С. адзін з ініцыятараў Бандунгскай канферэнцыі 1955 і Недалучэння руху. Яго накірунак на пашырэнне, сувязей з СССР і КНР абвастрыў адносіны з краінамі Захаду, найперш з-за канфлікту з Малайзіяй і выхаду Інданезіі з ААН (студз. 1965). Палітыка С. прывяла да эканам. крызісу, які супаў з вострым канфліктам паміж камуністамі і арміяй. Пасля путчу 30.9.1965 адхілены ад рэальнага кіраўніцтва краінай, у 1967 адмовіўся ад усіх дзярж. пасад.
Тв.:
Рус.пер. — Индонезия обвиняет: Сб. ст. и речей. 3 изд. М., 1961.
Літ.:
Юрьев А.Ю. Сукарно // Политические портреты борцов за национальную независимость. 2 изд. М., 1983.