канфлікт паміж Польшчай і Літвой з-за Вільні і Віленскага краю. Паводле сав.-літ. дагавора ад 12.7.1920 Вільня і яе наваколле прызначаліся Літве. Правы Літвы на гэту тэр. пацверджаны і польска-літ. дагаворам ад 7.10.1920. Але 9.10.1920 войскі на чале з ген. Л.Жалігоўскім захапілі Вільню і Віленскі край. Ліга Нацый вырашыла правесці тут плебісцыт і для «забеспячэння парадку» ўвесці замежныя войскі. Літва адмовілася, яе падтрымаў і сав. ўрад. На польска-літ. перагаворах у 1921 Ліга Нацый спрабавала зрабіць Віленшчыну аўтаномнай з умовай уступлення Літвы ў унію з Польшчай. Літ. ўрад зноў адмовіўся. 8.1.1922 польскі ўрад правёў выбары ў часовы сейм т.зв.Сярэдняй Літвы, які 20.2.1922 прыняў рашэнне пра далучэнне Віленшчыны да Польшчы. 24.3.1922 гэта рашэнне пацвердзіў Варшаўскі сейм. Пастановай СМ Польшчы ад 6.4.1922 створана Віленская зямля на правах ваяводства. 15.3.1923 канферэнцыя паслоў Англіі, Францыі, Італіі і Японіі вызначыла польска-літ. граніцу, пакінуўшы Віленскую зямлю за Польшчай. Літ. і сав. ўрады не прызналі гэтага рашэння. 22.12.1925 Віленская зямля перайменавана ў Віленскае ваяводства. У пач. 2-й сусв.вайны ў вер. 1939 Чырв. Армія заняла Вільню і Віленшчыну. Паводле дагавора Літвы і СССР ад 10.10.1939 яны перададзены Літве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ ТРО́ІЦКІ МАНАСТЫ́Р.Існаваў у 14 — пач. 20 ст. ў Вільні.
Узнік як праваслаўны пры царкве св. Тройцы, пабудаванай жонкай вял.кн.ВКЛ Альгерда Ульянай на месцы гібелі трох віленскіх пакутнікаў, першыя манахі ўпамінаюцца ў 1391. Адным з архімандрытаў быў Макарый (15 ст., пазней мітрапаліт кіеўскі). Спачатку манастыр існаваў на міласціну, потым атрымаў зямельныя ўладанні ад кн. Галоўчынскага і К.Астрожскага. Апошні пабудаваў мураваную Троіцкую царкву (каля 1514), у якой знаходзіўся абраз Маці Божай. У 16 ст. манастыр пад патранатам гараджан, потым — мітрапаліта. Пры царкве з 1589 існавала брацтва, якое мела прывілей на друкарню. У 1609 манастыр стаў уніяцкім, сярод яго архімандрытаў былі дзеячы уніяцкай царквы: І.Руцкі, Л.Крэўза, А.Дубовіч, Ф.Грабніцкі. Ва уніяцкі перыяд Віленскі Троіцкі манастыр атрымаў значныя зямельныя надзелы. У 1-й пал. 17 ст. дзейнічаў базыльянскі навіцыят. Пасля пажару 1706 пабудаваны новы манастырскі корпус.
Пасля Полацкага царкоўнага сабора 1839 манастыр зноў праваслаўны, у 1845 аднесены да 3-га класа, у ім размешчана Літ. духоўная семінарыя, амаль усе зямельныя ўладанні забраны ў казну. Для іканастаса Троіцкай царквы І.Л.Хруцкі намаляваў абразы. У час 1-й сусв.вайны манастыр спыніў існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1918 у Віцебску як губернскі на базе музеяў старажытнасцей пры Віцебскім губ. стат. к-це (засн. ў 1868), Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, матэрыялаў Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея, Віленскага ваен. збору, прыватнага музея В.П.Федаровіча, калекцый А.Брадоўскага і інш. З 1924 — Віцебскае аддз.Бел.дзярж. музея, з 1929 Віцебскі культ.-гіст. музей, з 1951 сучасная назва. У Вял.Айч. вайну частка экспанатаў разрабавана ням.-фаш. захопнікамі. Адноўлены ў 1945. Займае будынак б. ратушы (18 ст.), мае 16 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 921 м²), каля 157 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Аддзелы: н.-д. фондаў, навук асветны, рэстаўрацыйна-мастацкі. Сярод экспанатаў археал. знаходкі, берасцяная грамата 13 ст., кніга прывілеяў Віцебска, рыцарскі пояс караля Стафана Баторыя, кларнет караля Яна III Сабескага, старадрукі 17—18 ст., посуд Налібоцкай і Ўрэцкай мануфактур 18 ст., калекцыі манет 9—20 ст., у т. л. рэдкая — яфімкаў, стараж. зброі, атрыбутыкі масонаў, габеленаў 18—19 ст. Зберагаюцца асабістыя фонды гісторыка А.П.Сапунова, грамадскага дзеяча Ф.Нікановіча, матэрыялы па гісторыі Вял.Айч.вайны, пасляваен. развіцця Віцебшчыны. Мае філіялы: мастацкі, літаратурны, музей прыватных калекцый, Рэпіна Ільі музей-сядзіба (у в. Здраўнева).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙСКІ СУ́ВЯЗІ,
спецыяльныя вайсковыя фарміраванні, прызначаныя для забеспячэння сувязі і кіравання войскамі. Уваходзяць у склад усіх відаў узбр. сіл і родаў войск. Складаюцца са злучэнняў, часцей і падраздзяленняў сувязі, органаў забеспячэння і рамонту. Аснашчаюцца мабільнымі радыёстанцыямі, радыётэлевізійнай, фотатэлегр. і тэлеф. апаратурай (у т. л. высокачастотнага тэлефанавання і танальнага тэлеграфавання), радыёрэлейнай, трапасфернай і касм. радыёсувязі, а таксама рухомымі (самалёты, верталёты, аўтамабілі, штучныя спадарожнікі Зямлі і інш.) сродкамі сувязі. Ва Узбр. сілах Рэспублікі Беларусь войскі сувязі складаюцца з часцей і вузлоў сувязі, з падраздзяленняў забеспячэння, рамонту і эксплуатацыі сродкаў сувязі на пунктах кіравання.
У арміі Рас. імперыі падраздзяленні сувязі з’явіліся ў сярэдзіне 19 ст. У Крымскай вайне 1853—56 упершыню ўжыты паходны эл. тэлеграф. Пасля вынаходства радыё (1895) у 1897—98 пачалося выпрабаванне радыёсувязі ў рус. флоце. У 1899 сфарміравана першая ў свеце ваен. радыёчасць, у 1900 прайшлі выпрабаванні палявыя пераносныя радыёстанцыі. У час рус.-яп.вайны 1904—05 выкарыстоўваліся правадны тэлеграф, радыётэлеграф і тэлефон. У Чырв. Арміі з 1919 войскі сувязі сталі спец. родам войск. У Вял.Айч. вайну найважнейшае значэнне набыла радыёсувязь (у т. л. КХ- і УКХ-радыёстанцыі, новыя ўзоры тэлеграфна-тэлеф. апаратуры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́НЕГУТ ((Vonnegut) Курт) (н. 11.11.1922, г. Індыянапаліс, ЗША),
амерыканскі пісьменнік. Вывучаў біяхімію ў Корнелскім (1940—42), антрапалогію ў Чыкагскім (1945—47) ун-тах. Аўтар раманаў, пераважна антыўтопія, «Механічнае піяніна» (1952; рус.пер. «Утопія — 14», 1967), «Сірэны Тытана» (1959, рус.пер. 1988), «Калыска для кошкі» (1963; рус.пер. 1970), «Дай вам Бог здароўя, містэр Разуотэр, або Не сыпце перлы перад свіннямі» (1965; рус.пер. 1978), «Бойня нумар пяць, або Крыжовы паход дзяцей» (1969; рус.пер. 1970), «Снеданне для чэмпіёнаў, або Бывай, чорны панядзелак» (1973, рус.пер. 1975), «Балаган, або Больш я не адзінокі» (1976), «Вечны вязень» (1979), «Прамое пападанне» (1982; рус.пер. «Хлопец маху не дасць», 1986), «Сіняя барада. Аўтабіяграфія Рабо Карабек’яна, 1916—1988» (1987) і інш., апавяданняў, п’ес, кн. артыкулаў і эсэ «Вербная нядзеля. Аўтабіяграфічны калаж» (1981) і інш.Асн. праблематыка творчасці — дэгуманізацыя свядомасці, мілітарызацыя грамадства, небяспека атамнай вайны. Філас. насычанасць прозы Вонегута спалучаецца з фантастыкай, алегарычнасцю, сатырай і іроніяй, пародыяй і гратэскам.
Тв.:
Рус.пер. — Собр.соч. Т. 1—5. М., 1992—93.
Літ.:
Мендельсон М. Роман США сегодня — на заре 80-х гг. 2 изд. М., 1983;
Засурский Я.Н. Американская литература XX в. 2 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ ВАЙНА́ 1409—11,
вайна ВКЛ і Польскага каралеўства супраць Тэўтонскага ордэна. ВКЛ імкнулася вярнуць захопленую ордэнам Жамойцію, Польскае каралеўства — Памор’е і маркграфства Новую Марку, пакінуць за сабой Добжынскую зямлю; абедзве дзяржавы хацелі разграміць узбр. сілы крыжакоў. Ваенныя дзеянні пачаліся 16.8.1409 нападам войск ордэна на Добжынскую зямлю. У час ваен. кампаніі 1409 крыжакі захапілі яе, разбілі польск. войскі ў Новай Марцы, войскі ВКЛ выгналі крыжакоў з Жамойціі палякі вярнулі Быдгашч. 8.10.1409 Польшча заключыла з ордэнам перамір’е да 24.6.1410. У канцы 1409 у Бярэсці адбылася Берасцейская сустрэча 1409вял.кн.ВКЛВітаўта і польск. караля Ягайлы, на якой была ўзгоднена летняя кампанія 1410. У маі 1410 ордэн заключыў перамір’е з ВКЛ да 24 чэрвеня. Летам 1410 войскі Ягайлы і Вітаўта рушылі на сталіцу ордэна Мальбарк, прымусілі крыжакоў даць генеральную бітву, у выніку якой армія Ордэна пацярпела поўнае паражэнне (гл.Грунвальдская бітва 1410). Аблога Мальбарка (25.7—19.9.1410) не мела поспеху. Вайна скончылася Тарунскім мірам 1411, паводле якога захопленыя ў час вайны гарады і замкі вернуты ўладальнікам, Жамойція навечна перададзена ВКЛ. Добжынская зямля пакінута за Польшчай. Вялікая вайна 1409-11 падарвала магутнасць Тэўтонскага ордэна і спыніла яго агрэсію на ўсход.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРХО́ЎСКІЯ КНЯ́СТВЫ,
дробныя княствы ў вярхоўях р. Ака ў 2-й пал. 13—16 ст.: Навасільскае, Адоеўскае, Варатынскае, Перамышльскае, Мезецкае, Бялёўскае, Валконскае, Карачаеўскае. Утварыліся ў выніку драблення Чарнігаўскага княства. У пач. 14 ст. вярхоўскія князі — саюзнікі вял.кн.літ.Гедзіміна ў барацьбе супраць татар і Маскоўскага княства, у сярэдзіне 14 ст. — васалы Масквы. Пасля перамогі вял.кн.літ.Альгерда над татарамі ў бітве каля Сініх Вод 1362 Вярхоўскія княствы трапілі пад уплыў ВКЛ, але ў канцы 1360-х г. перайшлі на бок Масквы. У пач. 15 ст. большасць Вярхоўскіх княстваў падначаліў вял.кн.літ.Вітаўт; адносную самастойнасць з вял. князямі ВКЛ захавала Навасільска-Адоеўска-Варатынскае княства. Узмацненне цэнтралізатарскай палітыкі ў ВКЛ выклікала незадаволенасць вярхоўскіх князёў, якія пачалі пераходзіць на бок вял.кн. маскоўскага Івана III. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1492—94ВКЛ страціла Вярхоўскія княствы. Некат. з іх захаваліся ў Расіі як удзелы да 2-й пал. 16 ст.
Літ.:
Шеков А.В. Верховские княжества: (Краткий очерк полит. истории, XIII — середина XVI вв.). Тула, 1993;
Кром М.М. Меж Русью и Литвой: Западнорус. земли в системе рус.-лит. отношений конца XV — первой трети XVI в. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМЗА́ТАЎ (Расул Гамзатавіч) (н. 8.9.1923, с. Цада Хунзахскага р-на, Дагестан),
аварскі паэт.Нар. паэт Дагестана (1959). Герой Сац. Працы (1974). Сын Г.Цадаса. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1950). Друкуецца з 1937. Першы паэт. зборнік «Любоў натхнёная і гнеў вогненны» (1943) прысвечаны падзеям Вял.Айч.вайны. Аўтар зб-каў «Нашы горы» (1947), «Год майго нараджэння» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Дагестанская вясна» (1955), «У гарах маё сэрца» (1959), «Высокія зоркі» (1962, Ленінская прэмія 1963), «І зорка з зоркаю гаворыць» (1964), «Пацеркі гадоў» (1968), «Востраў жанчын» (1983), «Кола жыцця» (1987), паэм «Размова з бацькам» (1953), «Гаранка» (1958), лірычнай аповесці «Мой Дагестан» (кн. 1—2, 1967—71), кн. «Вершы і паэмы» (1974), «Сказанні» (1975) і інш. Творчасць Гамзатава, прасякнутая любоўю да роднай зямлі, адлюстроўвае жыццё горцаў, іх духоўны свет, звычаі. Яна адметная нац. каларытам, высокім лірызмам, нар. гумарам. На бел. мову творы Гамзатава перакладалі А.Астрэйка, М.Аўрамчык, Р.Барадулін, А.Бачыла, А.Грачанікаў, С.Грахоўскі, А.Лойка, Я.Сіпакоў, Я.Семяжон, М.Танк і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́ЧАНСКАЯ БІТВА 1812 Адбылася ў ходзе вайны 1812 31 ліп.
(12 жн.) каля вёсак Гарадзечна і Паддубна (цяпер Пружанскі р-н Брэсцкай вобл.) паміж рус. 3-й Зах. арміяй А.П.Тармасава і напалеонаўскімі карпусамі (аўстрыйскім К.Ф.Шварцэнберга і 7-м саксонскім Ж.Л.Рэнье). 25 ліп. (6 жн.) Шварцэнберг атрымаў загад Напалеона ўзначаліць усе войскі на паўд. напрамку і адкінуць рускіх на Валынь. У баях 27 ліп. (8 жн.) пад в. Сягневічы і 29 ліп. (10 жн.) у Пружанах аўстрыйцы і саксонцы разбілі рускія авангарды і выйшлі да Гарадзечна, куды 30 ліп. (11 жн.) падышла ўся армія Тармасава. На працягу дня 31 ліп. (12 жн.) рускія (каля 20 тыс.чал.),
заняўшы абарону на правым беразе ручая Гарадзечна, стрымлівалі атакі аўстра-саксонскага войска (каля 38 тыс.чал.). Увечары, калі Шварцэнберг перакінуў на правы фланг свежую кав. брыгаду, рускія пачалі адыход. Звесткі пра страты супярэчлівыя: кожны бок свае страты акрэслівае прыблізна ў 1,5 тыс.чал., а страты праціўніка ў 3—5 тыс. У выніку Гарадзечанскай бітвы рус. армія цалкам пакінула тэр. Гродзенскай губ. У памяць бітвы каля в. Паддубна ў 1912 пабудавана капліца (разбурана ў Вял.Айч. вайну), у 1962 пастаўлены абеліск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРАЛІ́СІМУС (ад лац. generalissimus самы галоўны),
найвышэйшае воінскае званне ва ўзбр. сілах некаторых дзяржаў. Напачатку надавалася як ганаровы тытул галоўнакамандуючаму ўзбр. сіламі краіны або кааліцыі краін (гал. чынам на перыяд вайны), часам асобам з сем’яў царуючых дынастый і дзярж. дзеячам (упершыню нададзены ў 1569 франц. каралём Карлам IX свайму брату герцагу Анжуйскаму, будучаму каралю Генрыху III). Тытул генералісімуса мелі: герцагі Г. дэ Гіз (2-я пал. 16 ст.), А.Рышэлье (1-я пал. 17 ст.), Л.Вілар (1733—34), Ф.Фош (верагодна, з 1918), прынц Л.Кандэ (17 ст.) у Францыі; кн. Р.Мантэкукалі (17 ст.), прынц Яўгеній Савойскі (з 1697), граф Л.Даўн (з 1758), эрцгерцаг Карл (верагодна, у 1809), кн. К.Шварцэнберг (канец 18 — пач. 19 ст.) у Аўстрыі; граф А.Валенштэйн (у Трыццацігадовую вайну 1618—48) у Германіі. У Расіі званне генералісімуса мелі: ваявода А.С.Шэін (у час Азоўскага паходу 1696), кн. А.Д.Меншыкаў (у 1727—29), прынц Антон Ульрых Браўншвейгскі (1740—74), А.В.Сувораў (1799—1800); у СССР І.В.Сталін (з 1945); у Кітаі Чан Кайшы (пасля 1927); у Іспаніі Ф.Франка (пасля 1939).