АПРАЎДА́ННЕ,

прызнанне судом падсуднага невінаватым у прад’яўленым яму абвінавачанні. Апраўдальны прыгавор выносіцца ў выпадках, калі не ўстаноўлены факт злачынства, у дзеяннях падсуднага адсутнічае склад злачынства або не даказаны яго ўдзел у злачынстве. Пры апраўданні суд павінен неадкладна вызваліць падсуднага з-пад варты, калі ён быў да гэтага арыштаваны.

І.​І.​Пацяружа.

т. 1, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАБЕ́СК (франц. arabesque ад італьян. arabesco арабскі),

адна з асноўных позаў класічнага танца. Цела абапіраецца на прамую нагу, другая паднята і выцягнута назад; адна рука выцягнута ўперад, другая адведзена ўбок ці назад, корпус нахілены ўперад. У сучасным балеце сустракаюцца шматлікія формы арабеска пры розных становішчах апорнай нагі, рук, галавы, корпуса.

т. 1, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРБІТРА́Ж (франц. arbitrage),

спосаб разгляду спрэчных спраў, пры якім зацікаўленыя бакі звяртаюцца да арбітраў (гл. Трацейскі суд). У б. СССР існаваў у 1931—91. Вырашаў спрэчкі паміж дзярж., кааператыўнымі і грамадскімі арг-цыямі. На Беларусі функцыі арбітражу перайшлі да створаных у 1991 гаспадарчых судоў. Спрэчкі паміж дзяржавамі вырашае арбітраж міжнародны.

т. 1, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕКРО́С (англ. backross),

зваротнае скрыжаванне, скрыжаванне гібрыда першага пакалення з адной з бацькоўскіх формаў. У вузкім сэнсе бекрос — скрыжаванне гетэразіготнага па пэўных генах арганізма з гомазіготнымі па гэтых генах асобінамі. Выкарыстоўваецца для выяўлення генатыпічнай структуры арганізма (гл. Аналітычнае скрыжаванне), а таксама для пераадолення бясплоддзя гібрыдаў першага пакалення пры аддаленай гібрыдызацыі.

т. 2, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́МЕРГАФЕН (Bremerhaven),

горад на Пн ФРГ, у зямлі Брэмен. Горад з 1851. 131,5 тыс. ж. (1994). Аванпорт г. Брэмен пры ўпадзенні р. Везер у Паўн. м. Адзін з гал. пасажырскіх і рыбалоўных партоў краіны. Увоз жал. руды, кантэйнерны тэрмінал. Суднабудаванне і суднарамонт, эл.-тэхн., хім. прам-сць. Рыбаперапрацоўка. Марскі арсенал. Музеі.

т. 3, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДАЎНІ́ЧАЯ СВЯТЛАТЭ́ХНІКА,

1) раздзел будаўнічай фізікі, які вывучае пытанні выкарыстання ў буд-ве і архітэктуры бачнай часткі спектра прамянёвай энергіі.

2) Галіна тэхнікі, якая распрацоўвае эфектыўныя спосабы выкарыстання ультрафіялетавых, бачных і інфрачырвоных выпрамяненняў пры праектаванні будынкаў і агараджальных канструкцый. Уключае метады праектавання і разліку прыроднага асвятлення будынкаў. Гл. таксама Святлатэхніка.

т. 3, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕНЕМХЕ́Т II,

егіпецкі фараон [каля 1929 — каля 1892 да н.э.] эпохі Сярэдняга царства (XII дынастыя). Пры ім умацаваліся эканам. сувязі Егіпта з суседнімі краінамі. Прадаўжаў палітыку ваен. і эканам. пранікнення ў краіны Куш (тэр. сучаснага Судана і ч. Егіпта) і ў Пунт (Усх. Афрыка). Паводле Манефона, загінуў у выніку палацавага перавароту.

т. 1, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГЛАМЕРА́Т (ад лац. agglomeratus далучаны, накоплены),

1) у геалогіі — рыхлыя скопішчы абломкаў горных парод няправільных контураў, вулканічных бомбаў і попелу, намнажэнні буйнаабломкавага матэрыялу асадкавага паходжання. Пры цэментацыі агламерату ўтвараюцца брэкчыі, туфы, туфабрэкчыі.

2) У металургіі — спечаныя ў кавалкі дробныя матэрыялы, пераважна рудныя канцэнтраты, дробназярністыя і пылападобныя руды і інш. Гл. Агламерацыя.

т. 1, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДКРЫ́ТЫ РЫ́НАК,

продаж і купля цэнтр. банкам каштоўных папер, каб уздзейнічаць на масу грошай у абарачэнні і аб’ём крэдытаў. Аперацыя ажыццяўляецца пераважна з кароткатэрміновымі ўрадавымі каштоўнымі паперамі, а часам з сярэдне- і доўгатэрміновымі паперамі. Пры куплі ўкладанне сродкаў у эканоміку павялічваецца, у выніку расце і аб’ём крэдытаў. Ад продажу эфект адваротны.

т. 1, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРАЎНЕ́ННЕ, лігніфікацыя,

змяненне клетачных абалонак раслін пад уздзеяннем лігніну, які запаўняе прамежкі паміж мікрафібрыламі цэлюлозы. Абалонка клеткі пры гэтым страчвае эластычнасць, робіцца цвёрдая, павялічваецца агульная трываласць расліны, устойлівасць абалонкі клеткі супраць мікраарганізмаў і грыбоў. Адраўненне клетачных абалонак характэрна для ўсіх вышэйшых раслін, акрамя імхоў. Адраўнелыя клеткі ўтвараюць драўніну і склеранхіму.

т. 1, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)