КАНСТЫТУЦЫЙНА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ПА́РТЫЯ ЛІТВЫ́ І БЕЛАРУ́СІ.

Створана ў канцы 1905 — пач. 1906 віленскім каталіцкім біскупам Э.​Ю.​Ропам. Арганізац. з’езд адбыўся ў лют. 1906, прысутнічала каля 1000 яе прыхільнікаў — прадстаўнікоў каталіцкага духавенства, землеўладальнікаў, інтэлігенцыі, рабочых і сялян. Спалучала лібералізм кадэцкага кірунку ў адносінах да паліт. жыцця, кансерватызм у падыходах да сац.-эканам. праблем Беларусі і Літвы і ідэалы хрысціянскай дэмакратыі. Супрацоўнічала з польскай нац.дэмакр. партыяй. Выдавала газ. «Nowiny Wileńskie» («Віленскія навіны», студз. — люты 1906), «Towarzysz pracy» («Сябра працы», люты — сак. 1906), «Przyjaciel ludu» («Сябра народу», са студз. 1906). Патрабавала абл. самакіравання для Беларусі і Літвы, аўтаноміі з заканадаўчым сеймам для Польшчы. Адстойвала памешчыцкае землеўладанне, выказвалася за садзеянне сялянам у набыцці зямлі. Дзейнічала пераважна ў Віленскай і некат. паветах Гродзенскай губ., дзе большасць насельніцтва складалі католікі. Актыўна ўдзельнічала ў выбарчай кампаніі ў 1-ю і 2-ю дзярж. думы. Распалася ўвосень 1907.

М.​В.​Біч.

т. 7, с. 596

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЫЦЬКО́ (Віктар Мікалаевіч) (н. 8.10.1956, Мінск),

бел. кампазітар. Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1982). Яго творчасці ўласцівы шырокі ахоп розных тыпаў культур і сучасных тэхнік кампазіцыі, пошукі індывідуалізацыі Жанрава-драматургічных і тэмбрафанічных вырашэнняў. Авангардныя тэндэнцыі выяўляюцца і ў распрацоўцы нац.-фалькл. элементаў. Сярод твораў: оперы «Дзяўчынка, якая наступіла на хлеб» (паст. 1983), «Яго жонкі» (1988); араторыі «Куранты» паводле ананімнага сшытка 18 ст. (1990), «Дабравешчанне ад Іаана» на кананічныя і фалькл. тэксты і «Меса ў гонар св. Францыска Асізскага» на тэксты св. Францыска і кананічныя (абедзве 1993); кантаты «Аб мудрасці, смутку і радасці», «Карнавальная ноч» (абедзве 1984), «Знакі» на тэкст М.​Рэрыха (1992); «Маленькая сімфонія «Са старых сшыткаў» (1983), цыкл «Біблейскія сцэны» (1993) і «Калыханка» (1994) для камернага ансамбля; вак. цыклы і паэмы; фантазія «Паўночны вецер» на старадаўнія кіт. тэксты; хары, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу маладых кампазітараў (1980).

Р.​М.​Аладава.

т. 8, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЯ́К (Іван Іванавіч) (1909, в. Горы Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 13.3.1989),

бел. грамадскі дзеяч у эміграцыі, публіцыст. Вучыўся ў Віленскім ун-це, скончыў політэхн. ін-т у Львове (1941). Са жн. 1941 у Мінску, супрацоўнічаў з ням.-фаш. акупантамі, з кастр. 1941 заг. аддзела культуры Мінскага акр. аддзела Бел. нар. самапомачы. У 1944 акруговы намеснік Бел. цэнтр. рады (БЦР) у Глыбокім. Чл. Бел. навук. т-ва. Адзін з ініцыятараў абвяшчэння Бел. аўтакефальнай правасл. царквы. Удзельнік 2-га Усебел. кангрэса ў Мінску (чэрв. 1944), потым выехаў у Германію, з канца 1940-х у ЗША. Удзельнічаў у працы БЦР у эміграцыі, старшыня Бел. кангрэсавага к-та Амерыкі (1957—89). Супрацоўнічаў з час. «Беларуская думка», бел. рэліг.-грамадскім цэнтрам у Саўт-Рыверы. Аўтар даследаванняў па гісторыі Беларусі.

Тв.:

З гісторыі праваслаўнай царквы беларускага народу. Нью-Йорк, 1956;

Беларусь учора і сяньня. Мн., 1993 (разам з Я.​Найдзюком).

т. 8, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎПА́К (Сідар Арцёмавіч) (25.5.1887, г.п. Кацяльва Палтаўскай вобл., Украіна — 11.12.1967),

украінскі дзярж. дзеяч і военачальнік, адзін з арганізатараў партыз. руху на Украіне ў Вял. Айч. вайну. Двойчы Герой Сав. Саюза (1942, 1944). Ген.-маёр (1943). Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У 1937—41 старшыня Пуціўльскага гарсавета Сумскай вобл. У Вял. Айч. вайну камандзір Пуціўльскага партыз. атрада, злучэння партыз. атрадаў Сумскай вобл. (са студз. 1944—1-я Укр. партыз. дывізія імя Каўпака), чл. падпольнага ЦК КП(б)У. Узначальваў 5 рэйдаў партызан па ням.-фаш. тылах, у т. л. ў 1942—43 — з бранскіх лясоў па тэр. Гомельскай, Палескай, Пінскай, Валынскай, Ровенскай і Жытомірскай абласцей. У студз. 1943 на воз. Чырвонае (Жыткавіцкі р-н) партызаны К. разам з бел. партызанамі стварылі аэрадром. З 1947 нам. старшыні, з 1967 чл. Прэзідыума Вярх. Савета Украіны. Дэпутат Вярх. Савета СССР у 1946—67. Аўтар успамінаў.

С.А.Каўпак.

т. 8, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЛЬТ (ад позналац. celtis долата),

старажытная зброя і прылада працы ў выглядзе сякеры ці цяслы, якая выкарыстоўвалася для апрацоўкі дрэва і пры земляных работах. Выраблялі з бронзы і жалеза. Паявіўся ў канцы 3-га тыс. да н.э., у 2—1-м тыс. да н.э. быў пашыраны ў Еўропе, ужываўся да пач. 2-га тыс. н.э. (зах. Літва). На Беларусі найб. раннія К. (8—7 ст. да н.э.) адносяцца да меларскага тыпу (мелі авальную адтуліну для дзяржання, круглаватае вушка недалёка ад краю ўтулкі, упрыгожваліся 3 гарызантальнымі валікамі на ўзроўні вушка і зігзагападобным арнаментам па абушковай частцы). У апошняй чвэрці 1-га тыс. да н.э.пач. 1-га тыс. н.э. на Беларусі з’явіліся жалезныя К. з прамавугольнай адтулінай. Яны вядомы на помніках мілаградскай культуры, зарубінецкай культуры і штрыхаванай керамікі культуры.

Да арт. Кельт: 1 — бронзавы кельт са Смалявіцкага р-на; 2 — жалезны кельт з в. Гарадзішча Мядзельскага раёна.

т. 8, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІБА́ЛЬЧЫЧ (Мікалай Іванавіч) (31.10.1853, г. Корап Чарнігаўскай вобл., Украіна — 15.4.1881),

расійскі рэвалюцыянер-народнік, вынаходнік. Вучыўся ў Пецярбургскім ін-це інжынераў шляхоў зносін (1871—73) і Медыка-хірург. акадэміі (1873—75). У кастр. 1875 — ліп. 1878 зняволены па абвінавачанні ў рэв. прапагандзе. У канцы 1878 у сувязі з пагрозай новага арышту перайшоў на нелегальнае становішча і ў падп. умовах да вясны 1879 распрацаваў тэхналогію вытв-сці нітрагліцэрыну і дынаміту. Са жн. 1879 агент выканкома «Народнай волі», яе «гал. тэхнік», арганізатар друкарняў і дынамітнай майстэрні. Удзельнік замаху на цара Аляксандра II у Зімнім палацы ў Пецярбургу (люты 1880). Зрабіў бомбу, якой І.Я.Грынявіцкі 13.3.1881 забіў Аляксандра II. 29.3.1881 арыштаваны і прыгавораны да пакарання смерцю. У турме за некалькі дзён да пакарання распрацаваў праект рэактыўнага апарата для палёту чалавека. Імем К. названы кратэр на адваротным баку Месяца.

Літ.:

Серпокрыл С.М. Подвиг перед казнью. Л., 1971.

т. 8, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІТА́ЙСКАЯ ЧАНЧУ́НЬСКАЯ ЧЫГУ́НКА (КЧЧ, з 1953 Харбінская чыгунка),

чыгуначная магістраль у Паўн.-Усх. Кітаі ад станцыі Маньчжурыя праз Харбін да Суйфыньхэ і ад Харбіна да Даляня з шэрагам адгалінаванняў. Пабудавана Расіяй у 1897—1903 пад назвай Кіт.-Усх. чыгунка (КУЧ). Пасля рас.-яп. вайны 1904—05 паўд. напрамак КУЧ адышоў да Японіі і названы Паўд.-Маньчжурскай чыгункай (ПМЧ). З 1924 КУЧ была ў сумесным кіраванні СССР і Кітая. Захоп КУЧ кіт. ўладамі ў ліп. 1929 прывёў да сав.-кіт. ўзбр. канфлікту, пасля завяршэння якога (снеж. 1929) правы СССР на КУЧ адноўлены. У 1935 ва ўмовах акупацыі Паўн.-Усх. Кітая яп. войскамі СССР прадаў КУЧ уладам марыянетачнай дзяржавы Манчжоў-Го. Са жн. 1945 КУЧ і ПМЧ былі ў сумесным кіраванні СССР і Кітая пад агульнай назвай КЧЧ. У 1952 СССР бязвыплатна перадаў свае правы на КЧЧ Кітаю.

Літ.:

Конфликт на КВЖД: Из истории Сов. Вооруж. Сил. Хабаровск, 1989.

т. 8, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕ́ЦКІЯ АБАРО́НЧЫЯ ЎМАЦАВА́ННІ,

комплекс драўляна-земляных умацаванняў Клецка ў 11—18 ст. Складаліся з дзядзінца (Высокага замка) і вакольнага горада (Дольнага замка). Пляцоўка першапачатковага дзядзінца мела форму, блізкую да круга, была ўмацавана валам, з боку поля — ровам. Мела драўляную сцяну ў выглядзе састаўленых клецей (адсюль назва горада). Дзядзінец збудаваны, відаць, у сярэдзіне 11 ст., узмоцнены ў 1-й пал. 13 ст., меў мураваны склеп і цэйхгауз са зброяй. Вакольны горад пабудаваны ў 12—13 ст. Складаўся з землянога вала з драўлянай сцяной і рова, мостам злучаўся з дзядзінцам. У сярэдзіне 13 ст. ўмацаванні разбураны, у 1503 спалены крымскімі татарамі, потым адбудаваны. На тэр. вакольнага горада ў 1-й пал. 17 ст. размяшчаўся асабісты двор Радзівілаў. На працягу 17—18 ст. усе ўмацаванні разбурыліся.

Літ.:

Пазднякоў В.С. Умацаванні Клецка XI—XVIII стст. // Гіст.-археал. зб. Мн., 1993. № 2.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НТРЫМ (Казімір) (1776, пас. Багданаў Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 11.6.1836),

эканаміст, публіцыст. Удзельнік паўстання 1794. Пазбегшы рэпрэсій, працаваў нам. бібліятэкара, ад’юнктам Віленскага ун-та. У 1815—18 рэдактар час. «Dziennik Wileński» («Віленскі веснік»), у 1820—22 гал. рэдактар час. «Dzieje Dobroczynności krajowej i zagranicznej z wiadomościami ku wydoskonaleniu jej służącymi» («Хроніка айчыннай і замежнай філантрапічнай дзейнасці са звесткамі па яе ўдасканаленню»). Адзін з заснавальнікаў літ.-грамадскага т-ва шубраўцаў (напісаў кодэкс т-ва), у 1817—22 выдаваў яго орган «Wiadomości brukowe» («Вулічныя навіны»). У 1824 пасля суд. працэсу над філаматамі высланы з Вільні. У 1829—30 чыноўнік Польскага банка ў Варшаве, рэдагаваў час. «Biblioteka handlowa» («Гандлёвая бібліятэка») і газ. «Wiadomości handlowe» («Гандлёвыя навіны»). Даследаваў Палессе. Вынікам падарожжа стала апісанне Палесся, выдадзенае ў 1829 (у 1839 перавыдаў Э.​Рачынскі), у якім ёсць звесткі пра насельніцтва, флору, фауну, прам-сць, сельскую гаспадарку, суднаходства і інш.

А.​А.​Семянчук.

т. 8, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВО́Е ВО́ЗЕРА,

ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 25 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 4,5 км², даўж. 6 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 31,5 м, даўж. берагавой лініі 21 км. Пл. вадазбору 65,4 км2. Схілы катлавіны выш. 10—15 м (на ПнЗ і ПдУ да 50 м) параслі пераважна ялова-хваёвым лесам і хмызняком. На мысах схілы — озавыя грады. Берагі месцамі зліваюцца са схіламі, пад хмызняком, на Пн і Пд нізкія, часта забалочаныя. Дно да глыб. 10—20 м выслана сапрапелем, ніжэй глеямі. Востраў пл. 0,2 га. Шыр. паласы надводнай расліннасці 5—10 м. У возеры расце палушнік азёрны, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Злучана ручаямі з азёрамі Сосенка, Усая, Жэнна, Паўазер’е, выцякае ручай у р. Дзіва. У 1979 возера і прылеглая да яго тэрыторыя аб’яўлены гідралагічным заказнікам Крывое.

т. 8, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)