РО́ДЗЕВІЧ (Часлаў Іванавіч) (20.3.1889, фальварак Кур’янаўшчына, цяпер Лагойскі р-н Мінскай вобл. — сак. 1942),
бел. тэатр. і грамадскі дзеяч. Брат Л.І.Родзевіча. Скончыў Віленскую сярэднюю хіміка-тэхнал. школу (1908), Новачаркаскі політэхн. ін-т. Удзельнік Першай бел. тэатр. вечарыны ў лют. 1910 у Вільні, уваходзіў у Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Першую беларускую трупу І.Буйніцкага. Адзін з заснавальнікаў Бел. т-ва дапамогі ахвярам 1-й сусв. вайны (1916—18) і Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства ў Петраградзе. У 1918 супрацоўнік Беларускага нацыянальнага камісарыята. У 1918—19 акцёр, камісар Беларускага савецкага тэатра, выкладчык Мінскага бел. пед. ін-та. У час польскай акупацыі 1919—20 чл. Мінскай бел. школьнай рады, заг. аддзела асветы Мінскага магістрата, старшыня Бел. тэатр. камісіі пры Часовым бел. нац. к-це. У 1920-я г. ўдзельнічаў у рабоце Навукова-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамасвеце БССР, займаўся навук. даследаваннямі ў галіне прыродазнаўства пры Мінскай балотнай станцыі. З 1922 у Інбелкульце, з 1925 навук. сакратар с.-г. секцыі (з 1929 Бел. АН). У ліп. 1930 арыштаваны, асуджаны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і высланы на 5 гадоў у г. Саратаў (Расія). Рэабілітаваны ў 1957. Аўтар працы пра бел. нар. танцы, зб. «Песні з нотамі» (не захаваліся).
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983;
Возвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталинских репрессий. Мн., 1992.
У.В.Ляхоўскі, В.У.Скалабан.
т. 13, с. 395
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНТА́БЕЛЬНАСЦЬ (ад ням. rentabel даходны, прыбытковы),
эканамічны паказчык, які характарызуе ўзровень эфектыўнасці затрат і выкарыстання рэсурсаў у выніку вытв-сці і рэалізацыі прадукцыі. Вызначаецца ў працэнтах ці як каэфіцыент і выяўляе суадносіны паміж прыбыткам (звычайна чыстым) і затрачанымі сродкамі, выручкай ад рэалізацыі ці актывамі прадпрыемства (фірмы, кампаніі). У залежнасці ад мэты разліку вылучаюць Р.: асобных відаў прадукцыі, рэалізацыі, актываў, уласнага капіталу, інвестыцый. Р. асобных відаў прадукцыі вызначае суадносіны паміж прыбыткам ад адзінкі прадукцыі і яе сабекоштам; разлічваецца пры вызначэнні цаны і ў аналіт. мэтах. Р. рэалізацыі (абароту) вызначае суадносіны паміж прыбыткам ад рэалізацыі прадукцыі і выручкі ад рэалізацыі; характарызуе ўзровень прыбытку прадпрыемства ад пэўнага аб’ёму абароту. Для вызначэння ступені эфектыўнасці выкарыстання капіталу разлічваюць Р. актываў — суадносіны паміж прыбыткам і сукупнымі актывамі; Р. чыстых актываў — суадносіны паміж прыбыткам і чыстым актывам; Р. бягучых актываў — суадносіны паміж прыбыткам і бягучымі актывамі. Гэтыя паказчыкі вызначаюць аддачу, якая прыпадае на рубель адпаведных актываў; характарызуюць узровень канкурэнтаздольнасці прадпрыемства ў параўнанні з сярэднегаліновымі паказчыкамі. Узровень прыбытковасці прадпрыемства для акцыянераў вызначаюць пры дапамозе Р. ўласнага капіталу — суадносіны паміж прыбыткам і ўласным капіталам; характарызуе прыбытак, які прыпадае на рубель уласнага капіталу пасля выплаты працэнтаў за крэдыт і падаткаў (прыбытак, які знаходзіцца ў распараджэнні акцыянераў). Пры аналізе інвестыцыйных праектаў выкарыстоўваюць Р. інвестыцый — суадносіны паміж даходамі і інвестыцыйнымі расходамі; характарызуе ўзровень прыбытку інвестара (фірмы), які прыпадае на рубель інвестыцый.
У.Р.Залатагораў.
т. 14, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМІ́РАВАННЕ (ад лац. armare умацоўваць, забяспечваць),
умацаванне матэрыялу ці канструкцыі інш. матэрыялам. Выкарыстоўваецца пры вырабе жалезабетонных і каменных канструкцый (гл. Армакаменныя канструкцыі, Армацэментавыя канструкцыі, Жалезабетонныя канструкцыі), вырабаў са шкла (гл. Арміраванае шкло), пластмасаў, керамікі, гіпсу і г.д. (гл. Арміраваныя матэрыялы). Пашыраны кампазіцыйныя матэрыялы, арміраваныя высокатрывалымі валокнамі.
т. 1, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РМКА-ЖАЛЕ́ЗА (ARMCO — скарочаная назва амер. фірмы American Rolling Mill Corporation),
назва тэхнічна чыстага (каля 99,85%) жалеза. Мае высокую пластычнасць, магн. пранікальнасць, павышаную электраправоднасць і ўстойлівасць да карозіі. Выкарыстоўваецца ў электрамашынабудаванні і лабараторнай тэхніцы, а таксама як шыхта пры вытв-сці некаторых легіраваных сталяў і сплаваў.
т. 1, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.
Уведзены ў дзеянне ў 1973—75 у Оршы як з-д па вытв-сці нармалізаванага інструменту для аўтам. ліній. З 1974 інструментальны з-д. Асн. прадукцыя (1995): металарэзны інструмент (разцы, зенкеры, раскруткі, метчыкі, свярдзёлкі, пілы), тавары шырокага ўжытку. Пры з-дзе ПТВ металістаў.
т. 1, с. 540
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАРЭЦЭ́ПТАРЫ (ад бара... + рэцэптары),
адчувальныя нерв. канцы ў сценках крывяносных сасудаў, якія ўспрымаюць змены крывянога ціску і рэфлекторна рэгулююць яго ўзровень. Пры павышэнні крывянога ціску барарэцэптары пасылаюць у ц. н. с. імпульсы, якія прыгнечваюць тонус сасудзістага цэнтра, узбуджаюць вегетатыўную нерв. сістэму, што вядзе да паніжэння ціску.
т. 2, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФРЫКА́НСКІ БАНК РАЗВІЦЦЯ́ (African Development Bank; АБР). Створаны ў 1963 пры садзейнічанні Эканам. камісіі ААН для Афрыкі. Уваходзяць 50 краін. Месца знаходжання — Абіджан (Кот-д’Івуар). Мэта дзейнасці — спрыяць эканам. і сац. прагрэсу краін-удзельніц праз фінансаванне праграм рэгіянальнага развіцця, заахвочванне дзярж. і прыватных інвестыцый, аказанне тэхн. дапамогі.
т. 2, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШО́Т III Літасцівы,
армянскі цар [953—977]. З дынастыі Багратыдаў. Праводзіў палітыку ўмацавання цэнтралізаванай улады і аб’яднання краіны. У 961 перанёс сваю рэзідэнцыю з Карса ў Ані, які стаў сталіцай усёй Арменіі і адыграў важную ролю ў яе аб’яднанні (гл. Анійскае царства). Пры Ашоце III вяліся буйныя буд. работы.
т. 2, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСКАНЕ́ЧНАСЦЬ у матэматыцы,
бясконцасць, адно з галоўных матэматычных паняццяў, якое ўзнікае ў розных галінах матэматыкі ў асноўным як проціпастаўленне паняццю канечнага. Абазначаецца ∞. Ужываецца ў аналітычных і геам. тэорыях для абазначэння «няўласных» ці «бесканечна аддаленых» элементаў, у мностваў тэорыі і матэматычнай логіцы пры вывучэнні «бесканечных мностваў» і інш.
т. 3, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЁНТ [ад грэч. bion (biontos) які жыве],
асобны арганізм або (зрэдку) мінім. экалагічная сістэма, якія ў ходзе эвалюцыі прыстасаваліся да пражывання ў пэўным асяроддзі — біятопе. Тэрмін звычайна ўжываюць пры вызначэнні арганізмаў пэўнага асяроддзя, напр. аэрабіёнты (арганізмы наземныя і паветра), гідрабіёнты (водныя арганізмы), геабіёнты (глебавыя арганізмы) і інш.
т. 3, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)