гістарычная вобласць, пазней дзяржава ў паўн.-зах. абласцях Іранскага нагор’я. Летапісныя звесткі пра мідыйцаў адносяцца да 2-йпал. 9 ст. да н.э., калі яны вялі ўпартую барацьбу з Асірыяй, якая захапіла частку іх зямель. З 770 да н.э. царства са сталіцай у г. Экбатана. У часы праўлення Кіяксара [625 ці 624—584 да н.э.] — найвялікшая дзяржава Стараж. Усходу. Заваявала Мінейскае царства, у саюзе з Вавілоніяй разграміла Асірыйскую дзяржаву, падпарадкавала Урарту і інш. землі. У М. вялася шырокая здабыча меднай руды (слова «Медзь» у слав. мовах паходзіць ад назвы гэтай краіны). У 550 ці 549 да н.э. заваявана персамі, у якасці сатрапіі ўвайшла ў склад Ахеменідаў дзяржавы. У апошняй чвэрці 4 ст. да н.э. самастойнасць М. была адноўлена, але яна займала толькі частку б. тэрыторыі ў паўд. Азербайджане і называлася Малой М. (Мідыйскай Антрапатэнай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫЯ ПРЭ́МІІ МІ́РУ,
ганаровыя ўзнагароды Сусветнага Савета Міру (ССМ). Прысуджаліся ў 1949—91 выдатным дзеячам сусв. навукі і культуры за найлепшыя творы л-ры і мастацтва, навук. працы і кінафільмы, якія садзейнічалі ўмацаванню міру паміж народамі, а таксама асобным паліт. дзеячам і грамадска-паліт. арг-цыям розных краін за вял. ўклад у справу ўмацавання міру. Заснаваны на 1-м Парыжска-Пражскім Сусв. кангрэсе прыхільнікаў міру ў крас. 1949. Рэгламент М.п.м. зацверджаны на 2-й сесіі Пастаяннага к-таСусв. кангрэса прыхільнікаў міру (Рым, 28—31 кастр. 1949). ССМ устанавіў (1951) тры формы прэмій: Ганаровыя міжнар. прэміі Міру, Міжнар. прэміі Міру і залатыя медалі Міру (з 1959 — залатыя медалі Міру імя Ф.Жаліо-Кюры). Сярод лаўрэатаў былі Ю.Фучык (1950, пасмяротна), Б.Бартак (1955, пасмяротна), Дз.Дз.Шастаковіч (1953), Б.Палявой (1959, 1968), І.Р.Эрэнбург (1961), Дж.Нэру (1970, пасмяротна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ЦАРКВА́ АЛЯКСА́НДРА НЕ́ЎСКАГА,
помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рус. стылю ў Мінску. Пабудавана ў 1898 на Вайсковых могілках як храм-помнік у гонар перамогі ў рус.-тур. вайне 1877—78. Мураваны крыжова-купальны 4-стаўповы 3-нефавы храм з 3-граннай апсідай. Мае асіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, над сяродкрыжжам якой узвышаецца масіўны купал на 8-гранным светлавым барабане, завершаны цыбулепадобнай галоўкай. Дамінанта кампазіцыі — 2-ярусная вежа-званіца з шатровым пакрыццём — размешчана над прытворам. Пластыку фасадаў узбагачаюць аркатурныя паясы, складаныя дэкар. арачкі над аконнымі і дзвярнымі праёмамі, разеткі, складана-прафіляваны карніз, арнаментальны фрыз. Інтэр’ер багата дэкарыраваны. У прытворы — мемар. дошка з імёнамі воінаў-беларусаў 30-йартыл. брыгады і 119-га Каломенскага палка, якія загінулі пад Плеўнай (Балгарыя).
Літ.:
Церковь Святого Благоверного Великого Князя Александра Невского, 1898—1998 / Автор текста Г.Шейкин. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОТАСТРАЛКО́ВЫЯ ВО́ЙСКІ,
род сухапутных войск ва ўзбр. сілах шэрагу краін, у т. л. Рэспублікі Беларусь. Складаюцца з мотастралк. злучэнняў (часцей), у якія ўваходзяць мотастралк., артыл., танк. і інш. часці і падраздзяленні. Ва ўзбр. сілах ЗША, ФРГ, Вялікабрытаніі і інш. М.в. называюцца мотапяхотай, пяхотай, механізаванымі войскамі (у СССР існавалі ў 1930—50-я г.).
Першыя падраздзяленні, часці і злучэнні М.в. у Чырв. Арміі пачалі фарміравацца напярэдадні 2-йсусв. вайны. У 1956 у складзе сухапутных войск створаны мотастралковыя (замест стралковых) часці і злучэнні; з 1963 род сухапутных войск.
Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь М.в. складаюцца з мотастралк. часцей і падраздзяленняў. На ўзбраенні М.в. — баявыя машыны пяхоты, танкі, артылерыя і мінамёты, рэактыўныя сістэмы залпавага агню, процітанк. кіроўныя ракетныя комплексы, сродкі ППА, разведкі, кіравання і інш. М.в. здольны весці баявыя дзеянні самастойна і сумесна з інш. родамі войск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУКЛЕ́ВІЧ Рамуальд Адамавіч (7.12. 1890, г. Супрасль, Польшча — 9.2. 1938),
савецкі ваен. і дзярж. дзеяч. Флагман 1-га рангу. З 1912 на флоце. Удзельнік Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917 у Петраградзе. З 1918 у Чырв. Арміі. З 1919 камісар Зах. граніцы, нач. штаба Свянцянскай групы войск, мінскі губ.ваен. камісар (ліп.—жн. 1919), камісар штаба 16-й арміі. З чэрв. 1920 чл. Магілёўскага ВРК. У 1921—22 чл.РВСЗаходняга фронту 1919—24. У 1926—31 нач. (з 1931 інспектар) ВМСРСЧА. З 1934 нач.Гал. ўпраўлення суднабуд. прам-сці і адначасова (з 1936) нам. наркома абароннай прам-сці. Чл.ЦВКБССР і ЦВКЛіт.-Бел. ССР (1919), ВЦВК (1921—22), ЦВКСССР (1925—31), чл.РВС (1926—34). У маі 1937 беспадстаўна арыштаваны і расстраляны. У 1956 рэабілітаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВА́РА (ісп. Navarra, франц. Navarre),
сярэдневяковае каралеўства ў Пірэнеях са сталіцай Памплона (у 905—1512). У старажытнасці Н. насялялі баскі, выцесненыя ў 6 ст. вестготамі. У 716—719 заваявана арабамі, у 2-йпал. 8 ст. падпарадкавана Карлам Вялікім. З сярэдзіны 9 ст. незалежнае каралеўства, першы вядомы з летапісаў кароль Н. — Санча Гарсія (905—925). У 1027—35 у саюзе з Кастыліяй і Арагонам, у 1076—1134 у персанальнай уніі з Арагонам. У 1234—84 і 1328—1512 на каралеўскім прастоле Н. былі франц. графы, у 1285—1328 — франц. каралі. У 1485 Верхнюю Н. заваяваў Фердынанд Арагонскі. У 1512 яна далучана да Іспаніі (цяпер прав. Навара). Ніжняя Н. была фармальна незалежнай да 1589. Калі яе кароль Генрых Наварскі стаў франц. каралём Генрыхам IV, тэр. Ніжняй Н. далучылі да Францыі (цяпер дэпартамент Ніжнія Пірэнеі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РАЎ (Narew),
рака на Беларусі (у Пружанскім і Свіслацкім р-нах Гродзенскай вобл.) і ў Польшчы, правы прыток р.Зах. Буг (бас.р. Вісла). Даўж. 497 км (на Беларусі 44 км). Пл. вадазбору 74,8 тыс.км². Пачынаецца з вярхоўя Скаронава канала (Свіслацкі р-н) за 6 км на ПнУ ад в. Клепачы Пружанскага р-на, вусце на тэр. Польшчы. На Беларусі цячэ па Прыбугскай раўніне і праз Белавежскую пушчу. Даліна ў межах Беларусі амаль на ўсім працягу невыразная. Каналізавана 13 км рэчышча ад вытоку да вусця канала Матылёў Роў, на астатнім працягу яно звілістае, месцамі выраўнаванае, у ніжнім цячэнні зарэгулявана Загжынскім вадасх. (Польшча). Шыр. ракі ў межах 8—10 м. Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 199 м³/с, у межах Беларусі — 5 м³/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦІ ПЛО́ШЧАў Мінску,
адм.-грамадскі цэнтр сталіцы. Размешчана ў пач.гал. дыяметра і асн. магістралі горада — Скарыны праспекта. Да 1991 наз.пл. Леніна. Прамавугольная ў плане (45 × 150 м), пл. 7 га. Ва ўсх. частцы — сквер партэрнага тыпу. Раён плошчы забудоўваўся ў 2-йпал. 19 — пач. 20 ст. (захаваліся Мінскі касцёл Сымона і Алены, даходныя дамы канца 19 — пач. 20 ст.). Сучаснае арх. аблічча плошчы фарміруюць будынкі Дома ўрада Рэспублікі Беларусь, пед. ун-та (1953, у 1989 побач узведзены новы), трохпавярховых (1928—31) і галоўнага (1962) карпусоў БДУ, мінскага гарсавета (1964), інж. корпуса і станцыі Мінскага метрапалітэна (1984). З усх. боку на плошчу выходзяць бакавыя фасады гасцініцы «Мінск» (1957) і будынка Мінскага галоўнага паштамта. На плошчы (побач з касцёлам) устаноўлены мемар. знак на месцы гібелі Героя Сав. Саюза У.С.Амельянюка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ФАРАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік беларуска-літоўскага летапісання апошняй чвэрці 15 ст., спіс 2-й рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Перадае яго тэкст хоць і няпоўна (без пачатку і канца, з пропускамі ў сярэдзіне), але болей дакладна, чым інш. спісы. Заканчваецца апісаннем падзей у ВКЛ пасля смерці Вітаўта. «Пахвала Вітаўту» і «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» з «Аповесцю пра Падолле» ў гэтым спісе не зберагліся. Н.л. грунтуецца на скарочаным агульнарус. летапісе, у якім сцісла выкладаецца гісторыя Кіеўскай і Маскоўскай Русі, ВКЛ (канец 14—1-я трэць 15 ст.). У ім змешчаны кароткія пагадовыя запісы, апавяданні пра значныя гіст. падзеі (паход Батыя на Русь, Неўская бітва 1240 і інш.). Упершыню апублікаваны ў 1898 С.Белакуравым, перавыдадзены М.Улашчыкам у Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 35, 1980). Зберагаецца ў б-цы Рас.АН у С.-Пецярбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУРПЕІ́САЎ Абдыжаміл Карымавіч (н. 22.10.1924, с. Какарал Аральскага р-на Кзыл-Ардзінскай вобл., Казахстан),
казахскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Казахстана (1985). Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1956). Піша на каз. і рус. мовах. Друкуецца з 1949. Першы раман «Курляндыя» (1950, 2-я рэд. пад назвай «Доўгачаканы дзень», 1958) пра падзеі Вял.Айч. вайны. Шырынёй сац. абагульненняў, глыбінёй псіхал. аналізу, самабытнымі нац. характарамі вызначаецца трылогія «Кроў і пот» (кн. 1—3, 1961—70, Дзярж. прэмія СССР 1974; аднайм. фільм 1979) пра падзеі 1-йсусв. і грамадз. войнаў. Актуальнасцю і вастрынёй праблематыкі вылучаецца раман «Абавязак» (на рус. мове, 1984). Працуе ў жанры нарыса і літ.-крытычнай эстэтыкі (кнігі «Роздумы», 1972; «Край блакітных гор», 1979). На бел. мову асобныя яго творы пераклаў А.Кудравец.