НАВА́ЛАЧНІК, балкер,

судна для перавозкі грузаў без тары — навалам або россыпам. Звычайна грузавыя прыстасаванні ў Н. адсутнічаюць, часам ён абсталёўваецца канвеерамі, каўшовымі элеватарамі, пнеўматычнымі разгрузчыкамі. Разлічаны на перавозку грузаў у трумах.

т. 11, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́СПЕНСКІ ЛЕСАПІ́ЛЬНА-ДРЭВААПРАЦО́ЎЧЫ ЗАВО́Д Дзейнічаў у 1897—1913 у в. Наспа (Буда-Кашалёўскі р-н Гомельскай вобл.). Вырабляў дошкі, планкі, брусы, клёпкі для бочак і інш. У 1905 працавала 155 чал.

т. 11, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДСПРАВАЗДА́ЧНАЯ АСО́БА,

работнік прадпрыемства, установы, арг-цыі, які паводле загаду кіраўніка атрымаў грашовую суму «пад справаздачу» для прадбачаных расходаў. Ва ўстаноўленыя тэрміны П.а. павінна здаць авансавую справаздачу пра расходаванне падсправаздачнай сумы.

т. 11, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІТУ́РА (ням. Politur ад лац. politura паліроўка, аздоба),

спіртавы раствор прыроднай смалы (звычайна шэлаку). Выкарыстоўваюць для канчатковай апрацоўкі вырабаў з дрэва; утварае празрыстае пакрыццё з люстраным бляскам. Гл. таксама Лакафарбавыя пакрыцці.

т. 12, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГРЭ́СІЯ (ад прагрэс),

паслядоўнасць u1, u2 ..., un, ..., кожны член uk якой атрымліваецца з папярэдняга uk−1 прыбаўленнем пастаяннага (для дадзенай П.) ліку (арыфметычная прагрэсія) ці множаннем на пастаянны лік (геаметрычная прагрэсія).

т. 12, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДА́Р (англ. radar, скарачэнне ад radio detecting and ranging радыёвыяўленне і вызначэнне далёкасці),

тэрмін, які ўжываецца ў перакладной і асабліва папулярнай л-ры для абазначэння радыёлакацыйнай станцыі, наз. таксама радарнай устаноўкай.

т. 13, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЯЛІ́СТЫ (франц. адз. л. royaliste ад royal каралеўскі),

тэрмін, які ўзнік у час Французскай рэвалюцыі 1789—99 для азначэння прыхільнікаў дынастыі Бурбонаў. У больш шырокім сэнсе Р. — тое, што і манархісты.

т. 13, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТРАЭНЕРГЕ́ТЫКА,

галіна энергетыкі, звязаная з распрацоўкай тэарэт. асноў, метадаў і тэхн. сродкаў для ператварэння ветравой энергіі ў эл., мех. і цеплавую. Займаецца таксама вызначэннем галін і маштабаў мэтазгоднага выкарыстання энергіі ветру ў нар. гаспадарцы. Ветраэнергетыка абапіраецца на аэралагічныя даследаванні, на базе якіх распрацоўваецца ветраэнергет. кадастр (па ім выяўляюць раёны са спрыяльным ветравым рэжымам). Аснова ветраэнергетыкі — ветраэлектрычныя станцыі (ВЭС).

Першыя ветрарухавікі (барабаннага тыпу) выкарыстоўваліся ў Стараж. Егіпце і Кітаі, у 7 ст. н.э. персы будавалі больш дасканалыя — крыльчатыя. Мяркуюць, што ветракі з’явіліся ў Еўропе і на Русі ў 8—9 ст., пашырыліся з 13 ст. (асабліва ў Галандыі, Даніі і Англіі), з 15 ст. — на Беларусі. Выкарыстоўваліся для пад’ёму вады, размолу зерня, прывода розных машын. У пач. 20 ст. М.Я.Жукоўскі распрацаваў тэорыю быстраходнага і высокапрадукцыйнага ветрарухавіка, пачалася прамысл. вытв-сць сродкаў ветраэнергетыкі. Былі пабудаваны першыя ВЭС: у Расіі каля Курска (1930, магутнасць 8 кВт), на Украіне каля Севастопаля (1931, 100 кВт), у Казахстане (пач. 1950-х г., 400 кВт). У канцы 1960-х г. у СССР створаны уніфікаваныя быстраходныя ветраэнергет. агрэгаты ВБЛ-3, ВПЛ-4, «Беркут» і інш., прызначаныя ў асноўным для пад’ёму вады на жывёлагадоўчых фермах, аддаленых пашах і інш. Перспектыўным лічыцца стварэнне магутных ветраэнергет. комплексных сістэм, якія спалучаюцца з дзейнымі энергасістэмамі і маюць эфектыўныя ветраагрэгаты (іх асаблівасць — паваротная вежа з двума ветраколамі, якія маюць 50-метровы размах лопасцей).

На Беларусі работы ў галіне ветраэнергетыкі пашырыліся з 1986. Уведзена ў дзеянне больш як 25 ветраэнергетычных установак (ВЭУ). Распрацавана ВЭУ малой магутнасці БВ-305 (5,5 кВт, дыяметр ветраротара 8 м, макс. скорасць яго вярчэння 100 аб/мін, дыяпазон рабочых скарасцей ветру 3,5—20 м/с, гадавая выпрацоўка электраэнергіі 12—15 МВт∙гадз); доследная партыя зроблена на Мінскім НВП «Ветрамаш». Распрацоўваюцца ВЭУ магутнасцю 30 кВт для ацяплення аўтаномных аб’ектаў, ветрамех. ўстаноўка для перапампоўвання вадкасці з свідравін. Перспектыўныя ветраагрэгаты серыі ВТН (навук.-вытв. фірмы «Ветэн», Расія), прызначаныя для электразабеспячэння аўтаномных аб’ектаў: ВТН8-4 магутнасцю 4 кВт, для раёнаў з сярэднегадавой скорасцю ветру v ≥ 3,5 м/с; ВТН8-8 — 8 кВт, v ≥ 5 м/с; ВТН16-30 — 30 кВт, v ≥ 5 м/с. Эканам. работа ВЭУ забяспечваецца пры сярэднегадавых скарасцях ветру больш за 3,5 — 4 м/с на вышыні 10 м (на Беларусі 3—3,5 м/с у паўд. ч., 4—4,5 м/с у цэнтр., 4—5 м/с зімой у цэнтр. і паўн.-зах. ч.). Патрэбнасць Беларусі ў сродках ветраэнергетыкі на бліжэйшую перспектыву ацэньваецца ў 150 шт. агульнай магутнасцю 900 кВт. Найб. мэтазгодна камбінаванае выкарыстанне энергарэсурсаў — у гібрыдных устаноўках, дзе спалучаецца выкарыстанне энергіі ветру з энергіяй сонца, бія- і арган. паліва і інш.

Літ.:

Энергия ветра: Оценка технич. и экон. потенциала: Пер. с англ. М., 1982;

Шефтер Я.И. Использование энергии ветра. 2 изд. М., 1983.

Ю.​Дз.​Ільюхін, У.​М.​Сацута.

т. 4, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́СТВЕРК (ням. Westwerk),

у каралінгскіх і раманскіх цэрквах (пераважна ў Германіі) папярочная пабудова ў зах. частцы храма (з 2—3 вежамі, адкрытымі ў неф галерэямі і капэламі на хорах) для прыдворнага цырыманіялу.

т. 4, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРО́ВЫ СТРУМЕ́НЬ,

сакрэт мускусных залоз рачнога бабра. Духмяная жаўтаватая вадкасць, што ўтвараецца ў скурыстых мяшэчках, размешчаных каля выхаду анальнай адтуліны. Выкарыстоўваецца ў парфумернай прам-сці на гатункі духоў для надання ім устойлівасці.

т. 2, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)