ПІРА́ЦТВА (ад грэч. peiratēs разбойнік, рабаўнік),
затрыманне, рабаванне і інш. гвалтоўныя дзеянні, учыненыя ў адкрытым моры экіпажам прыватнаўласніцкага судна (піратамі), а таксама лятальнага апарата ў адносінах да інш. судна ці лятальнага апарата, супраць асоб і маёмасці, што знаходзіцца на іх борце. Як П. разглядаюцца дзеянні ваен. суднаў і дзярж. лятальных апаратаў, экіпаж якіх учыніў мяцеж. П. адносіцца да злачынстваў міжнар. характару і пытанні барацьбы з ім рэгулююцца Ніокскім пагадненнем (1937), Канвенцыяй ААН аб адкрытым моры (1958), Канвенцыяй ААН па марскім праве (1982).
П. ўзнікла ў антычнасці разам з мараходствам у прыбярэжных раёнах Паўд.Усх. Азіі. Развівалася ў вузлавых пунктах марскіх зносін. У Еўропе вядома з часоў Стараж. Грэцыі, было пашырана ў Міжземным м. (сярэдзіна 1-га тыс. да н.э. — 18 ст.н.э.; тут у старажытнасці П. займаліся грэкі, фінікійцы, егіпцяне, этрускі, карфагеняне, кілікійцы), Паўн. і Балт. морах (з пач.н.э., асабліва ў эпоху вікінгаў), Ла-Маншы. У эпоху Вялікіх геаграфічных адкрыццяў і калан. захопаў П. перамясцілася ў Карыбскае м., уздоўж узбярэжжа Паўн. Амерыкі, Афрыкі, Паўд.-Усх. Азіі, Індыйскі ак.; сярод найб. вядомых піратаў 16 ст. Ф.Дрэйк. У 18—пач. 19 ст. П. найб. пашырана ўздоўж Армузскага праліва і Перс. заліва (арабы) і ў Кіт. моры (японцы). П. ў асн. спынілася ў 2-й пал. 19 ст., але яго выпадкі вядомы і ў 20 ст. (у т. л. у раёне «Бермудскага трохвугольніка»). На морах і акіянах побач з піратамі дзейнічалі карсары, каперы (гл.Каперства), флібусцьеры, буканьеры, рэйдэры. Нягледзячы на матэрыяльныя і чалавечыя страты, якія прычыняла П., яно спрыяла развіццю мараплавання.
Літ.:
Пираты и разбойники: Флибустьеры, корсары. каперы и буканьеры... Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЖАВА́ЛЬСКІ Мікалай Міхайлавіч (12.4.1839, в. Кімбарава Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 1.11.1888),
расійскі географ, падарожнік, натураліст, даследчык Цэнтр. Азіі. Са старадаўняга роду Пржавальскіх, якія атрымалі шляхецкае званне і землі ў Віцебскім ваяв.ВКЛ у канцы 16 ст. Ген.-маёр. (1886). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1878) і Рус.геагр.т-ва (1880), многіх рас. і замежных т-ваў. Скончыў Акадэмію Генштаба ў Пецярбургу (1863). Кіраўнік экспедыцыі ва Усурыйскі край (1867—69), 4 экспедыцый у Цэнтр. Азію: Мангольскую (1870—73), Лабнорскую і Джунгарскую (1876—77), першую (1879—80) і другую (1883—85) Тыбецкія. У час экспедыцый пройдзена больш за 30 тыс.км і праведзена здымка гэтай тэрыторыі. П. даследаваў і апісаў прыроду Цэнтр. Азіі, адкрыў некалькі хрыбтоў і катлавін у Куньлуні, Наньшані і Тыбецкім нагор’і, удакладніў паўн. межы нагор’я, даследаваў вярхоўі рэк Хуанхэ і Янцзы, азёры Лабнор і Кукунор, палажыў пачатак вывучэнню клімату, сабраў багатыя калекцыі флоры і фауны, апісаў шэраг невядомых жывёл (у т. л. каня П., дзікага вярблюда, мядзведзя-пішчухаеда і інш.), сабраў звесткі па этнаграфіі. У 1891 Рускае геагр.т-ва ўстанавіла сярэбраны медаль і прэмію імя П., у 1946 Геагр.т-ваСССР — залаты медаль імя П. У яго гонар названы горад (Каракол), сяло ў Смаленскай, вобл., горны хрыбет у сістэме Куньлуня, ледавік на Алтаі, мыс на в-ве Ітуруп (Курыльскія а-вы), некат. віды жывёл і раслін, апісаныя ім.
Тв.:
Монголия и страна тангутов: Трехлетнее путешествие в Восточной нагорной Азии. М., 1946;
От Кульджи за Тянь-Шань и на Лоб-нор. М., 1947;
От Кяхты на истоки Желтой реки: Исслед. северной окраины Тибета и путь через Лоб-нор по бассейну Тарима. М., 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л Крыштоф (мянушка Пярун; 9.2.1547, Вільня — 20.11.1603),
ваенны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын М.Радзівіла Рудога. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83, у т. л.Ульскай бітвы 1564. З 1567 ротмістр коннай роты, крайчы ВКЛ у 1567—69, падчашы ВКЛ у 1569—79, гетман польны ў 1572—89, ахоўваў паўн.-ўсх. мяжу дзяржавы. У час кампаніі 1580 узяў замак Усвят і нанёс паражэнне праціўніку каля Вялікіх Лук. У жн. — кастр. 1581 атрады Р. (4 тыс.чал.) разам з атрадамі Ф.С.Кміты-Чарнабыльскага (2 тыс.чал.) зрабілі рэйд да вярхоўяў Волгі, занялі Старыцу і Ржэў. Гэты рэйд і аблога Пскова прымусілі Івана IV падпісаць перамір’е. У 1579—84 кашталян трокскі, адначасова ў 1579—85 падканцлер ВКЛ, з 1584 ваявода віленскі. Пасля смерці Стафана Баторыя падтрымліваў план часткі магнатаў і шляхты ВКЛ абраць каралём рас. цара Фёдара Іванавіча і стварыць дзярж. унію Польшчы, ВКЛ і Расіі на чале з Вял. княствам Літоўскім. Быў прыхільнікам мірных узаемадачыненняў з Расіяй. З 1589 вял. гетман ВКЛ. На чале войск ВКЛ змагаўся супраць Налівайкі паўстання 1594—96. У 1600 дамогся шлюбу Соф’і Алелькаўны (гл. ў арт.Святыя Беларусі) са сваім сынам Янушам, у выніку пасля смерці Соф’і (1612) Слуцкае княства і інш. ўладанні Алелькавічаў перайшлі да Радзівілаў. У час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 з 1600 Р. камандаваў войскамі ў Інфлянтах. 23.6.1601 нанёс паражэнне шведскаму войску пад Кокенгаўзенам (Кокнесе), у ліп. 1601 заняў Вендэн (Кесь). Як і бацька, Р. вызнаваў кальвінізм, будаваў кальвінскія зборы. Пры яго двары было шмат вучоных, з ім былі звязаны дзеячы бел. культуры А.Рымша, Г.Пельгрымоўскі, С.Рысінскі, А.Волан. Меў адну з найбольшых латыфундый у ВКЛ.
расійскі віяланчэліст, дырыжор, педагог. Нар.арт.СССР (1966). Ганаровы чл. Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане (1961), Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме, Франц. акадэміі прасторавых мастацтваў і інш. Скончыў Маск. кансерваторыю (1946, кл. віяланчэлі ў С.Казалупава, кл. кампазіцыі ў В.Шабаліна, кл. інструментоўкі ў Дз.Шастаковіча), у 1948—74 выкладаў у ёй (з 1960 праф.), адначасова з 1961 — у Ленінградскай кансерваторыі. З 1950-х г. вёў канцэртную дзейнасць як віяланчэліст, у т. л. на Беларусі. У 1962—74 дырыжор, у т. л. ў Вял. т-ры ў Маскве. З 1974 за мяжой (у 1978—90 Р. і яго жонка Г.Вішнеўская былі пазбаўлены грамадзянства СССР). У 1977—94 узначальваў Нац.сімф. аркестр ЗША (Вашынгтон). Р. пашырыў межы віяланчэльнага мастацтва. Яго выкананне адметнае маштабнасцю, драматызмам, эмацыянальнасцю, інтэлектуальнасцю і глыбінёй разумення аўтарскай задумы. У рэпертуары класічныя, а таксама творы выдатных кампазітараў 20 ст., большасць з якіх прысвечана яму і ўпершыню ім выканана: Б.Брытэна, Р.Гліэра, А.Жаліве, М.Мяскоўскага, С.Пракоф’ева, Л.Піпкава, У.Пістана, Л.Фоса, А. і К. Хачатуранаў, Б.Чайкоўскага, Шабаліна, Шастаковіча, А.Шнітке, Р.Шчадрына і інш. Выступаў у ансамблі з буйнейшымі музыкантамі свету. Дырыжыраваў вядомымі сімф. аркестрамі свету. Арганізатар Сусв. кангрэса віяланчэлістаў (1997, С.-Пецярбург). Першыя прэміі Усесаюзнага конкурсу музыкантаў (1945, Масква), Міжнар. конкурсу імя Г.Вігана (1950, Прага). З 1970-х г. праводзіцца Міжнар. конкурс імя Р. (Парыж). Дзярж. прэмія СССР 1951. Ленінская прэмія 1964. Дзярж. прэміі Расіі 1991, 1995.
Літ.:
Гайдамович Т.А. Мстислав Ростропович. М., 1969;
Хентова С.М. Ростропович. СПб., 1993;
Грум-Гржимайло Т.Н. Ростропович и его современники. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́РЫКАВІЧЫ,
род старажытнарускіх князёў і маскоўскіх цароў, якія лічыліся нашчадкамі Рурыка (гл.Рурык-Сінявус—Трувор). Існуе меркаванне, што сапр. генеалагічнае дрэва Р. уключала ў сябе акрамя варага Рурыка і родавых слав. правадыроў. Бясспрэчным родапачынальнікам Р. быў кіеўскі кн.Ігар (у сканд. сагах Ігар Стары), якога «Аповесць мінулых гадоў» называе сынам Рурыка. Гэта першая рэальная гіст. фігура дынастыі Р. У 11—13 ст. некат. адгалінаванні Р. называліся таксама па імёнах сваіх родапачынальнікаў — Ізяславічы («Рагвалодавы ўнукі»), Манамашычы, Ольгавічы, Расціславічы і інш. Пазней у ВКЛ нашчадкамі Р., верагодна, былі княжацкія роды Адзінцэвічаў, Друцкіх, Астрожскіх, Вішнявецкіх, Гарадзецкіх, Дольскіх, Збаражскіх, Лукомскіх, Нясвіцкіх, Палубінскіх, Парэцкіх, Сцяпанскіх, Талочак, Чацвярцінскіх і інш. З утварэннем вакол Маскоўскага вялікага княстваРус. цэнтралізаванай дзяржавы б. ўдзельныя князі ператвараліся там у вышэйшы пласт маскоўскіх служылых людзей. Вярх. ўлада ў Маскоўскай (Расійскай) дзяржаве да смерці ў 1598 цара Фёдара Іванавіча знаходзілася ў руках уладзіміра-суздальскіх Манамашычаў. З роду ніжагародскіх князёў Р. быў цар Васіль Іванавіч Шуйскі [1606—10]. Аднак «Смута»пач. 17 ст. канчаткова звяла Р. з гіст. сцэны як правіцеляў, і на змену ім прыйшла дынастыя Раманавых (былі ў сваяцтве з Р.). У наступныя стагоддзі частка Р. страціла княжацкі тытул і змяшалася з нетытулаванымі дваранскімі родамі. У той жа час многія Р. (Валконскія, Абаленскія, Гарчаковы, Далгарукія і інш.) займалі ў Расіі важныя дзярж. пасады, але ніколі, як правіла, не прэтэндавалі на царскі (імператарскі) прастол.
Літ.:
Творогов О.В. Князья Рюриковичи: Краткие биогр. М., 1992;
Коган В.М. История дома Рюриковичей: (опыт ист.генеалог. исслед.). СПб., 1993;
Шишов А. Русские князья. Ростов н/Д, 1999;
Богуславский В.В., Бурминов В.В. Русь. Рюриковичи: Ил. ист. словарь. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1941, пагадненне Сікорскага — Майскага,
падпісана 30 ліп. ў Лондане ў 2-ю сусв. вайну паслом СССР у Вялікабрытаніі І.М.Майскім і кіраўніком польскага ўрада ў эміграцыіген. У.Сікорскім. Спыніла польска-сав. канфлікт, які пачаўся пасля ўступлення 17.9.1939 Чырв. Арміі ва Усх. Польшчу (Зах. Беларусь і Зах. Украіну) у пач. 2-й сусв. вайны, калі Польшча абаранялася ад нападу фаш. Германіі. Урад Сікорскага з ліст. 1939 лічыў Польшчу ў стане вайны з СССР, да нападу Германіі на СССР (22.6.1941) афіц. польска-сав. кантакты адсутнічалі. Перагаворы пачаліся 5.7.1941 у Лондане пры пасрэдніцтве міністра замежных спраў Вялікабрытаніі Э.Ідэна. Яны выявілі рознагалоссі бакоў адносна міждзярж. граніцы. Але пад націскам брыт. ўрада, зацікаўленага ў супрацоўніцтве з СССР у барацьбе з Германіяй, Сікорскі згадзіўся на кампрамісны тэкст пагаднення, не закранаючы ў ім пытання аб граніцы. Пагадненне складалася з 5 пунктаў: сав.-герм. дагаворы 1939, што датычыліся тэр. змен у Польшчы, прызнаваліся страціўшымі сілу; аднаўляліся двухбаковыя дыпламат. адносіны; прадугледжвалася ўзаемная дапамога ў вайне супраць Германіі; урад СССР даваў згоду на стварэнне на сваёй тэр. польскай арміі; прадугледжвалася неадкладнае, без ратыфікацыі, уступленне пагаднення ў сілу. 14.8.1941 у Маскве падпісаны спец. ваенны дагавор, які рэгуляваў пытанні стварэння польскай арміі. Да вясны 1942 у СССР сфарміравана польская Андэрса армія. С.-п.п. 1941 страціла сілу ў момант разрыву ўрадам СССР адносін з польскім урадам (25.4.1943) у адказ на патрабаванне апошняга высветліць абставіны Катыньскага расстрэлу 1940 (гл.Катынь).
Літ.:
Документы и материалы по истории советско-польских отношений. М., 1973. Т. 7. С 198, 201—202, 207—208, 217—218;
Układ Sikorski—Majski: Wybór dokumentów. Warszawa, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́СЛАЦКІ ЗА́МАК Існаваў у 12—17 ст. каля в.Свіслач
(цяпер Асіповіцкі р-н Магілёўскай вобл.). Гарадзішча «Замак», звязанае з гісторыяй мяст. Свіслач і Свіслацкага княства (14 ст.),
размяшчалася на мысе правага берага р. Бярэзіна, у якую справа ўпадае р. Свіслач. У сярэдзіне 17 ст. замкавая пляцоўка мела форму прамавугольніка (72,8 × 63,5 м), была аддзелена ад астатняга плато шырокім (каля 15 м) дугападобным ровам і ўмацавана па краі земляным валам. Над узроўнем вады ў Свіслачы замчышча ўзвышалася на 12 м. У 1-й пал. 13 ст. замак быў спалены. Потым яго разам з горадам разбурылі ў 1506 крымскія татары і ў 1535 — рус. войскі. Ужо ў 1501 С.з. меў агнястрэльную зброю, у т. л. гарматы. Паводле плана С.з. (1647), зробленага ўладальнікам Свіслачы кн. Багуславам Радзівілам, у драўляным замку меліся 3 вежы, у т. л. ўязная брама, і 2 участкі сцен-гародняў даўж. 39 м і 35,8 м. На самым мысе С.з. размешчана пабудова ў форме прамавугольніка (верагодна, дом адміністратара). На 2-м плане Радзівіла акрамя замка пазначаны і ўчастак тэрыторыі паміж Бярэзінай і Свіслаччу. У месцы найб. блізкага працякання іх адна каля адной знаходзіліся земляны вал з брамай на ім і абарончы роў, які запаўняўся водамі рэк. Другая размяшчалася з боку моста цераз р. Свіслач. У час антыфеад. вайны 1648—51 паўстанцкі атрад палк. Г.Бута колькасцю каля 1 тыс.чал. заняў у 1648 Свіслач. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 без вял. намаганняў «Иван Золоторенко город Свислочь взял... в сентябре 1654 г.». З таго часу ў дакументах звесткі пра С.з. больш не сустракаюцца.
М.А.Ткачоў.
Свіслацкі замак. Агульны выгляд у сярэдзіне 17 ст. Рэканструкцыя С.А.Сергачова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМІРНО́Ў Сяргей Сяргеевіч (26.9.1915, С.-Пецярбург — 22.3.1976),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі энергетычны ін-т (1937), Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1941). Удзельнік Вял.Айч. вайны. З 1946 працаваў у «Воениздате», час. «Новый мир», гал. рэдактарам «Литературной газеты» (1959—60). Друкаваўся з 1934 як журналіст. На дакумент. матэрыяле напісаны яго кнігі «На палях Венгрыі» і «Сталінград на Дняпры» (абедзве 1954). Творы С. ўпершыню ўзнавілі гераізм абаронцаў Брэсцкай крэпасці ў 1941: «Крэпасць на граніцы» (1956), «У пошуках герояў Брэсцкай крэпасці» і «Брэсцкая крэпасць» (абедзве 1957, дапоўненае выд. 1964; Ленінская прэмія 1965). «Героі Брэсцкай крэпасці» (1959), «Апавяданні пра невядомых герояў» (1963), «Таран над Брэстам» (1965), «Мы — з Брэста» (1972), «Героі Вялікай вайны» (1977, прадмова В.Быкава), п’есы «Крэпасць над Бугам» (паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1956), «Людзі, якіх я бачыў» (паст. Брэсцкім і Магілёўскім абл.драм. т-рамі, 1958). Яго выступленні ў друку, па радыё і тэлебачанні садзейнічалі разгортванню масавага руху па выяўленні малавядомых старонак мужнасці сав. воінаў у Вял.Айч. вайну. Аўтар дакумент. нарысаў, сцэнарыяў дакумент. і маст. кінафільмаў на тэму Вял.Айч. вайны. На бел. мову творы С. перакладалі А.Бажко, А.Бачыла. Яго імем названа вуліца ў Брэсце; С. прысвечаны стэнд у музеі абароны Брэсцкай крэпасці, у ім зберагаецца архіў пісьменніка.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—3. М., 1973;
Рассказы о неизвестных героях. Мн., 1989;
Брестская крепость: Док. кн.Мн., 1991: Бел.пер. — Брэсцкая крэпасць: Кароткі нарыс гіст. абароны 1941 г.Мн., 1958;
Брэсцкая крэпасць. Мн., 1967.
Літ.:
Быкаў В. Сяргей Смірноў // Быкаў В. Праўдай адзінай. Мн., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУЭ́ЦКІ КАНА́Л,
штучны водны шлях міжнар. значэння на тэр. Егіпта праз Суэцкі перашыек у самай вузкай яго частцы. Злучае Міжземнае і Чырвонае моры. Умоўная геагр. мяжа паміж Азіяй і Афрыкай. Уключае азёры Тымсах, Вял. Горкае і ўласна канал (Суэц—Ісмаілія—Порт-Саід). Даўж. 161 км, шыр. 120—318 м, мінім. — 60 м, глыб. 16,2 м, на фарватэры да 18 м. Без шлюзаў. С.к. злучаны з сеткай водных шляхоў Ніжняга Егіпта (канал Ісмаілія—Каір—Ніл, 145 км), мае арашальнае адгалінаванне (Абасія, 38 км). Штогадовы аб’ём перавозак па С.к. больш за 80 млн.т. Магчыма плаванне танкераў і нафтабалкераў да 200 тыс.т дэдвейт з асадкай 2,5—3 м. Гал. ўваходныя парты: Порт-Саід з Міжземнага і Суэц з Чырвонага мораў.
Каля 2-га тыс. да н.э. быў пракапаны канал, які злучаў Ніл з Чырвоным морам і часткова праходзіў па ложы сучаснага С.к.: ён праіснаваў да 8 ст.н.э. У 1850-я г. створана Усеагульная кампанія С.к., гал. пайшчыкамі якой былі ўрады Францыі, Егіпта і Банк Ватыкана. У 1859 пачалося будаўніцтва С.к. на чале з франц. інжынерам Ф.Лесепсам; 17.11.1869 адбылося яго адкрыццё. Цяжкае фін. становішча Егіпта ў 1875 прымусіла яго хедзіва (правіцеля) Ісмаіла прадаць сваю долю кампаніі С.к. Вялікабрытаніі, якая ўзяла зону канала пад свой поўны кантроль. Пасля перамогі рэвалюцыі «Свабодных афіцэраў» новы ўрад Егіпта дамогся эвакуацыі брыт. войск з зоны С.к., а 26.7.1956 нацыяналізаваў яго. Спробы Вялікабрытаніі і Францыі аднавіць свой кантроль над С.к. выліліся ў Суэцкі крызіс 1956. У выніку араба-ізраільскіх войнаў 1967 і 1973 С.к. быў значна разбураны, суднаходства па ім адноўлена ў 1975.
Літ.:
Щенников Б. Суэцкий канал от фараонов до наших дней // Азия и Африка сегодня. 1999. № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫЗЕНГА́ЎЗ Антоній (1733, г.п. Наваельня Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 31.3.1785),
дзяржаўны і грамадскі дзеяч ВКЛ, мецэнат. З роду Тызенгаўзаў. Падстароста гродзенскі з 1757, вял. пісар ВКЛ у 1763—64, канюшы ВКЛ у 1764—65, падскарбі надворны ВКЛ з 1765, адначасова староста гродзенскі, адміністратар каралеўскіх эканомій у ВКЛ. Пасол на соймы з 1761, у 1773—80 узначальваў на соймах каралеўскую партыю. Намаганнямі Т. Гродна стала месцам работы дзярж. устаноў: Скарбовай камісіі ВКЛ, Трыбунала ВКЛ, задворнага асэсарскага суда. Ініцыятар буйнамаштабных пераўтварэнняў у каралеўскіх эканоміях ВКЛ у галіне адміністрацыі, сельскай гаспадаркі, прам-сці, шляхоў зносін, навукі і адукацыі. Правёў Тызенгаўза рэформу. Арганізаваў шэраг мануфактур (перш за ўсё Гродзенскія каралеўскія мануфактуры). Адм. цэнтрам эканам. дзейнасці Т. стала збудаванае ім прадмесце Гродна — Гарадніца, дзе размяшчаліся заснаваны Ж.Э.Жыліберамбат. сад, Гродзенская медыцынская акадэмія, кадэцкі корпус, школы мернікаў, бухгалтараў, будаўнікоў. Праводзіў ачышчэнне рэчышча Нёмана, арганізаваў Гандл. і эканам. кантору. Займаўся гадоўляй мяса-малочных парод жывёлы, племянных жарабцоў. Выкарыстоўваў парнікова-цяплічную сістэму. Арганізаваў Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Гродзенскую капэлу Тызенгаўза, Гродзенскую музычна-тэатральную школу Тызенгаўза, сетку парафіяльных школ. Заснаваў Гродзенскую друкарню, ініцыятар выдання газ.«Газэта Гродзеньска». Рэканструяваў цэнтр мяст. Паставы. Увядзенне мануфактур на аснове крэдыту, неэканомнае выкарыстанне сыравіны, высокія цэны і як вынік слабы збыт прадукцыі, адсутнасць зацікаўленасці майстроў і рабочых, неэфектыўнасць прыгоннай працы прывялі да заняпаду прадпрыемстваў і да няўдачы гасп. палітыкі Т. У ліп. 1780 Т. адхілены ад кіравання каралеўскімі эканоміямі ў ВКЛ. Помнік Т. ўстаноўлены ў Гродзенскім Фарным (б. езуіцкім) касцёле, яго імем названа плошча ў Гродне.
Літ.:
Гибянский И.Г. Граф Аятоний Тизенгауз и гродненские королевские мануфактуры. Пг., 1916;
Kościałkowski S. Antoni Tyzenhauz: Podskarbi nadworny litewski. T. 1—2. Londyn. 1970—71.