РЭЎВАЕНСАВЕ́Т РЭСПУ́БЛІКІ (РВСР), Рэвалюцыйны ваенны савет Рэспублікі (з 28.8.1923 Рэвалюцыйны ваенны савет СССР),
калегіяльны орган вышэйшай ваен. улады ў 1918—34. Створаны 6.9.1918 паводле пастановы ВЦВК ад 2.9.1918 аб пераўтварэнні Сав. рэспублікі ў ваен. лагер. Аб’ядноўваў функцыі Вышэйшага савета, Наркамата па ваен. і марскіх справах і яго калегіі (члены калегіі ўвайшлі ў склад РВСР). Старшыня РВСР адначасова ўзначальваў Наркамат па ваен. і марскіх справах і зацвярджаўся ВЦВК РСФСР (з 1923 СНКСССР). РВСР кіраваў дзейнасцю ўсіх органаў ваен. ведамства, будаўніцтвам узбр. сіл, распрацоўваў планы па абароне краіны і інш. Яму падпарадкоўваліся ўсе органы і кіруючыя асобы ваен. ведамства: Галоўнакаманд. ўзбр. сіламі рэспублікі, Усерас.гал. штаб, Палявы штаб РВС Рэспублікі (з лют. 1921 — штаб РККА), Вышэйшая ваен. інспекцыя, Усерас. бюро камісараў (пазней Палітаддзел і Палітупраўленне РВСР) і інш. Скасаваны 20.6.1934.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЎВАЕНСАВЕ́ТЫ, Рэвалюцыйныя ваенныя саветы (РВС),
вышэйшыя калегіяльныя органы ваен. улады і паліт. кіраўніцтва ў франтах, арміях, флатах і флатыліях у Сав. Расіі ў 1918—21 (на Д. Усходзе да ліст. 1922, у Сібіры да студз. 1923, на Зах. фронце да крас. 1924, у Сярэдняй Азіі да чэрв. 1926). Упершыню створаны на Усх. фронце паводле пастановы СНК ад 13.6.1918 у складзе каманд. фронтам і 2 камісараў. Прызначаліся з мэтай арганізацыі ваен. дзеянняў, кіраўніцтва, падрыхтоўкі і забеспячэння войск, парт.-паліт. і культ.-выхаваўчай работы. Мелі правы органаў сав. улады на тэр. дыслакацыі дадзенага аб’яднання; праводзіць мабілізацыю людскіх і матэрыяльных рэсурсаў на патрэбы фронту, забяспечваць рэв. парадак; у выпадку неабходнасці маглі ўмешвацца і адмяняць распараджэнні камандуючага і нават адлучаць яго ад пасады, аб чым павінны былі неадкладна рапартаваць вышэйстаячаму РВС. Непасрэдна РВС падпарадкоўваліся: штаб, рэв.ваен. трыбунал, палітаддзел, ваен. кантроль, нач. забеспячэння, нач. санітарнай службы і кіраўніцтва інспектараў родаў войск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДО́ЎСКІ Міхаіл Аляксандравіч (6.11.1904, С.-Пецярбург — 12.10.1994),
расійскі геафізік; адзін з заснавальнікаў фізікі выбуху. Акад.Рас.АН (1966; чл.-кар. 1953). Герой Сац. Працы (1949). Скончыў Ленінградскі політэхн.ін-т (1928). З 1930 у Сейсмалагічным ін-це АНСССР, з 1941 у Прэзідыуме АНСССР, з 1948 нам. дырэктара Ін-та хім. фізікі АНСССР. З 1960 дырэктар, з 1989 ганаровы дырэктар Ін-та фізікі Зямлі Рас.АН. У 1967—69 акад.-сакратар Аддзялення навук аб Зямлі АНСССР. Навук. працы па гравіметрыі, фізіцы выбуху і ўдарных хваль, мех. і сейсмічным дзеянні выбуху, мадэліраванні геафіз. асяроддзя, геамеханіцы горных парод, сейсмічнай бяспецы і прагназаванні землетрасенняў. Распрацаваў метад вызначэння сейсмічна небяспечных адлегласцей пры ўзрыўных работах. Прапанаваў блочна-іерархічную мадэль структурнай будовы літасферы (1979). Залаты медаль імя Ламаносава АНСССР (1985). Ленінская прэмія 1962. Дзярж. прэміі СССР 1948, 1949, 1951, 1953.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́ЛЬНАЕ ЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,
сістэма забеспячэння і абслугоўвання састарэлых і непрацаздольных грамадзян, а таксама сем’яў, у якіх ёсць малыя дзеці. У Рэспубліцы Беларусь сістэма С.з. уключае: пенсіі, дапамогі працуючым (па часовай непрацаздольнасці, з прычыны цяжарнасці і родаў і г.д.), мнагадзетным і адзінокім маці, малазабяспечаным сем’ям, дзе ёсць дзеці; санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне; утрыманне і абслугоўванне састарэлых і інвалідаў у спец. установах (дамах-інтэрнатах для састарэлых і інвалідаў, дзяцей-інвалідаў і г.д.); пратэзаванне; прафес. навучанне і працаўладкаванне інвалідаў; ільготы інвалідам і мнагадзетным маці. Сродкі на С.з. засяроджаны ў Фондзе сац. абароны Мін-васац. абароны Беларусі, які не ўваходзіць у склад бюджэту краіны і фарміруецца за кошт узносаў наймальнікаў, страхавых узносаў асоб, што займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю, абавязковых страхавых узносаў грамадзян і пэўных выдаткаў дзяржавы. Палажэнне аб Фондзе сац. абароны зацвярджаецца урадам. Памеры абавязковых страхавых узносаў у гэты фонд устанаўліваюцца законам. Сродкі фонду выкарыстоўваюцца толькі на мэтавае фінансаванне мерапрыемстваў па С.з. Гл. таксама Сацыяльнае страхаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́РКА (Świrko) Станіслаў (10.11.1911, в. Нёман Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл. — 16.8.1992),
польскі гісторык л-ры і фалькларыстыкі, параміёлаг. Д-рн. габілітаваны (1980). Скончыў Варшаўскі ун-т (1952). У 1956—77 працаваў у Ін-це літ. даследаванняў Польскай АН. Даследаваў побыт, культ. сувязі бел. і польскага народаў, л-ру, фальклор эпохі рамантызму, параміялогію, грамадскую дзейнасць і паэзію філаматаў, творчасць Я.Чачота і А.Міцкевіча. Аўтар манаграфій «Новая кніга польскіх прыказак і прымавак» (т. 1—4, 1969—78, у сааўт.), «З кола філамацкага перадрамантызму» (1972), «З Міцкевічам пад руку, або Жыццё і творчасць Яна Чачота» (1989), артыкулаў «Балады Чачота, іх сувязь з фальклорам і народнасцю Міцкевіча» (1958), «Аб месцы фальклору ў сучаснай польскай культуры» (1964), «Літва і Беларусь» (1970), «Ян Чачот як рэдактар і карэктар другога тома «Паэзія» А.Міцкевіча» (1972), «Творчасць зняволення Яна Чачота і яго сувязь з паэзіяй А.Міцкевіча» (1974) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ННЕНСКА-АРША́НСКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НА,
тэрыторыя на Пд Віцебскай вобл. ў міжрэччы Зах. Дзвіны, Дняпра, Улы, Лукомкі, Бабра, якую кантралявалі партызаны ў Вял.Айч. вайну. Склалася да жн. 1942, уключала да 70% Аршанскага, Сенненскага, Багушэўскага і Талачынскага р-наў. Да вер. 1943 займала пл. каля 1500 км². Абаранялі зону 13 партыз. брыгад (каля 12 тыс.чал.), таксама спецгрупы, закінутыя з Вял. зямлі. Кіраўніцтва абаронай і ўнутр. жыццём зоны ажыццяўлялі БШПР, падп. Віцебскі абком КП(б)Б, Аршанскія, Багушэўскія, Дубровенскія, Сенненскія, Талачынскія райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. Выдаваліся падп. раённыя газеты. Партыз. фарміраванні зоны ўзаемадзейнічалі з падпальшчыкамі Оршы, Віцебска, пас. Асінторф і інш., у складаныя перыяды барацьбы з карнікамі на дапамогу ім прыходзілі партыз. фарміраванні Магілёўшчыны. Гітлераўцы неаднаразова спрабавалі ліквідаваць зону, правялі 8 карных аперацый, у час апошняй ворагу ўдалося пацясніць абаронцаў зоны, але пачатак Беларускай аперацыі 1944 перашкодзіў яму выкарыстаць перавагу. У памяць аб баявых дзеяннях фарміраванняў зоны пастаўлены помнікі ў месцах іх базіравання, на брацкіх магілах партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́ВА,
твор аратарскай прозы ў форме прамовы, пропаведзі або паслання; жанр старажытнай пісьменнасці. Блізкае да казання, але больш шырокае па значэнні. Паводле зместу, накіраванасці і агульнага характару С. падзяляліся на свецкія і царк.-рэліг., сярод апошніх вылучаліся ўрачыста-панегірычныя і павучальна-дыдактычныя (гл.Павучанне). У стараж.рус. і бел. л-ры С. наз. творы розных жанраў: легендарнае паданне «Слова пра Меркурыя Смаленскага», апакрыфічнае «Слова пра Адама і Еву», агіяграфічнае «Слова пра жыццё і смерць вялікага князя Дзімітрыя Іванавіча», перакладная аповесць «Слова пра Іасафа царэвіча». Выдатны помнік стараж. л-ры ўсх. славян, у якім спалучаны асаблівасці апавядальнай прозы і гіст. песні, — «Слова аб паходзе Ігаравым». Арыгінальнасцю, багаццем вобразна-паэт. мовы, лірызмам вызначаліся С. Кірылы Тураўскага. У 16—17 ст. С. царк.-рэліг. характару сталі важным сродкам вострай ідэалаг. барацьбы, набылі некат. асаблівасці палемічнай літаратуры (словы-казанні Л.Карповіча, І.Пацея, М.Сматрыцкага). Актуальныя праблемы грамадска-паліт. жыцця краіны закраналіся ў свецкіх С. (прамовы Р.Хадкевіча, Л.Сапегі, «Прамова Мялешкі»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СОВЕ́ТСКАЯ ПРА́ВДА»,
грамадска-палітычная газета Абласнога выканаўчага камітэта Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту. Выходзіла з 1(14).12.1917 да 6.3.1918 у Мінску (53 нумары) і Смаленску (9 нумароў) на рус. мове штодзённа. Рэдактар А.А.Белазёраў, з 27.1(9.2).1918 — К.І.Ландар. Асвятляла мясц. жыццё, асн.міжнар. падзеі. Друкавала дэкрэты і распараджэнні цэнтр. і мясц. ўрада, загады Вярх. і зах.-франтавога камандавання, начальнікаў Мінскага гарнізона, міліцыі, справаздачы пленумаў Аблвыкамзаха, рэзалюцыі, паведамленні аб ходзе сац. перабудовы ў Мінскай і Віленскай губ. Змяшчала аб’явы ўладных структур, грамадска-паліт. арг-цый левага кірунку, прыватных асоб. Публікавала фельетоны Г.Ф.Усцінава, вершы Дз.Беднага і інш. Крытыкавала эсэраўскія, меншавіцкія і інш. выданні дэмакр. кірунку. Выступіла супраць арганізатараў і ўдзельнікаў Усебел. з’езда, кіраўнікоў Цэнтр.бел. вайсковай рады і Вял.бел. рады, праводзіла агітацыю супраць узбр. выступлення 1-га Польскага корпуса. 19.2.1918 у сувязі з наступленнем на Мінск часцей Ю.Доўбар-Мусніцкага эвакуіравана ў Смаленск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СТО ДЗЁН»,
час другога праўлення Напалеона / у Францыі (20.3—22.6.1815). 1.3.1815 Напалеон на чале атрада каля 1 тыс.чал. уцёк з в-ва Эльба (аддадзенага яму ў пажыццёвае валоданне ў крас. 1814) і высадзіўся на Пд Францыі. Насельніцтва, незадаволенае палітыкай Бурбонаў, якія вярнуліся з эміграцыі, аказала Напалеону падтрымку; каралеўскія войскі на чале з маршалам М.Неем, адпраўленыя супраць б. імператара, перайшлі На яго бок. 13 сак. Напалеон выдаў у Ліёне дэкрэт аб аднаўленні імперыі. 20 сак., не сустрэўшы супраціўлення, ён увайшоў у Парыж. Кароль Людовік XVIII уцёк у Бельгію. 21 чэрв. абвешчана новая канстытуцыя, складзеная ў памяркоўна ліберальным духу. Манархі інш.еўрап. краін адмовіліся прызнаць аднаўленне імперыі Напалеона I. Расія, Вялікабрытанія, Аўстрыя і Прусія стварылі 7-ю антыфранц. кааліцыю і выставілі супраць Францыі войска ў 900 тыс.чал. на чале з А.У.Уэлінгтанам. 18 чэрв. ў бітве пры Ватэрлоо армія Напалеона была разбіта. 22 чэрв. ён другі раз адрокся ад прастола.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́РАЖСКІ Васіль, бел. і ўкр. пісьменнік-палеміст 2-й пал. 16 ст. Мяркуючы па прозвішчы, паходзіў з Суража, але невядома з якога — віцебскага, бранскага ці падляшскага. Пасля смерці І.Фёдарава кіраваў да 1598 Астрожскай друкарняй. Да асобных яе выданняў напісаў прадмовы. Быў членам літ. гуртка кн. К.Астрожскага. У гісторыю палемічнай л-ры ўвайшоў як аўтар кн. «Аб адзінай ісціннай праваслаўнай веры і святой саборнай апостальскай царкве» (Астрог, 1588), скіраванай супраць прапаганды ідэі царкоўнай уніі Б.Гербеста і П.Скаргі. У творы выявіў эрудыцыю ў веданні царк.-кананічнай л-ры. Цікавая зместам і некат. запазычаннямі ў інш. аўтараў кніга С. не вызначаецца літ. густам. Свае думкі ён выклаў на царк.-слав. мове і толькі зрэдку ўстаўляў словы жывой нар. мовы, таму стыль надзвычай цяжкі.
Літ.:
Памятники полемической литературы в Западной Руси. Кн. 2. СПб., 1882;
Возняк М. Історія української літератури. Т. 2, ч. 1. Львів, 1921;
Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. Мн., 1968;
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977.