ГІМНА́СТЫКА

(грэч. gymnastikē ад gymnazō трэнірую, практыкую),

сістэма фізічных практыкаванняў для ўмацавання здароўя і ўсебаковага фізічнага развіцця асобы. Гімнастычныя практыкаванні былі вядомыя за 3 тыс. гадоў да н.э. ў Кітаі і Індыі; у Стараж. Грэцыі пад гімнастыкай разумелі сістэму практыкаванняў. Вылучаюць віды гімнастыкі: асноўная, спартыўная і дапаможная. Асн. гімнастыка спрыяе агульнаму фіз. развіццю і ўмацаванню здароўя, развівае спрыт, сілу і інш. Гэта пераважна вучэбная гімнастыка. Уведзена ў дашкольных і школьных установах, арміі. Яе разнавіднасць — гігіенічная гімнастыка больш вядомая як зарадка. Спарт. гімнастыка апрача спецыяльна падабраных (вольных) практыкаванняў уключае практыкаванні на спарт. снарадах (брусы, перакладзіна, бервяно, «конь», батут і інш.), з рознымі прадметамі (скакалка, мяч, абруч і інш.); некаторыя практыкаванні ідуць з муз. суправаджэннем. Спарт. гімнастыка мае на мэце дасягненне вышэйшага спарт. майстэрства (гл. Акрабатыка, Мастацкая гімнастыка, Спартыўная гімнастыка). Дапаможная (прыкладная) гімнастыка спрыяе высокім дасягненням у розных відах спорту (спарт.-прыкладная гімнастыка), павышэнню прадукцыйнасці працы (вытворчая, прафесійна-прыкладная гімнастыка), узнаўленню страчаных функцый, умацаванню здароўя (лячэбна-аздараўленчая гімнастыка, гл. таксама Лячэбная фізкультура).

т. 5, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДЗЯНЫ́ АРЭ́Х,

рагульнік, чылім (Тгара), манатыпны род кветкавых раслін сям. вадзянаарэхавых. Больш за 10 відаў. Пашыраны пераважна ў прэсных вадаёмах Еўропы, Азіі і Афрыкі. На Беларусі рэдка (у далінах Дняпра, Прыпяці, іх прытокаў і ў некат. азёрах Паазер’я) трапляецца вадзяны арэх плывучы (Т. natans). Расце ў стаячых водах азёр, старыц, рачных заток, утварае зараснікі. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Асобныя месцазнаходжанні ахоўваюцца як помнікі прыроды.

Аднагадовыя травяністыя расліны з плаваючай на паверхні вады разеткай лісця і апушчаным у ваду сцяблом даўж. 60—120 см з відазмененым лінейным перыстарассечаным падводным лісцем. Надводнае лісце скурыстае, з рамбічнай няроўназубчастай пласцінкай. Кветкі дробныя, адзіночныя, у пазухах лісця, белыя. Плод — бурая арэхападобная касцянка з 2—4 рогападобнымі выступамі. Лек. і дэкар. (прыдатныя для аквакультуры), у некат. краінах (Кітаі, Японіі, Індыі і інш.) культывуюцца як каштоўныя харч. (плады ядомыя, багатыя крухмалам, бялком, цукрам, алеем) і кармавыя (у лісці шмат бялку і інш.) расліны.

т. 3, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛА́Т,

булатная сталь (ад перс. пулад сталь), вугляродзістая сталь, якая вызначаецца высокай цвёрдасцю, пругкасцю, вязкасцю, зносастойкасцю, своеасаблівай структурай і ўзорыстасцю паверхні. Асн. асаблівасць мікраструктуры булату — аптымальнае па дысперснасці і канфігурацыі спалучэнне высокавугляродзістых (дробнаігольчасты мартэнсіт) і нізкавугляродзістых (ферыт) мікрааб’ёмаў. Адрозніваюць булат літы (т.зв. вутц) і зварачны (больш нізкай якасці).

Вытв-сць булату была вядома ў Індыі, Іране, Сірыі («дамаская сталь»), у краінах Сярэдняй Азіі. Выкарыстоўваўся на выраб халоднай зброі выключнай трываласці і вастрыні. Клінок з булату не ламаецца, не мае астаткавай дэфармацыі. У 14 ст. сакрэт вырабу булат быў страчаны. Навук. асновы вытв-сці булату распрацаваў рус. металург П.П.Аносаў (у 1833 вырабіў булатны клінок). Атрыманне булатнай структуры забяспечваецца асаблівасцямі саставу, тэхналогіі выплаўкі, коўкі, тэрмічнай і мех. апрацоўкі. Узорыстасць бывае паласавая і струменістая (ніжэйшыя сарты булату), хвалістая (сярэдні, сорт), сеткаватая і каленчатая (вышэйшыя сарты).

Літ.:

Гуревич Ю.Г. Загадка булатного узора. М., 1985;

Мезенин Н.А. Занимательно о железе. 2 изд. М., 1977.

т. 3, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́Х

(Pisum),

род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. бабовых. Вядома 6 відаў, пашыраных у Еўразіі і Афрыцы. Радзіма — Міжземнамор’е. Культывуюць пераважна гарох пасяўны (P. sativum), каштоўны харч. прадукт, корм для жывёлы і зялёнае ўгнаенне. Вырошчваюць як кармавую расліну таксама гарох палявы, або пялюшку. Пашыраны ў Расіі, на Украіне, Беларусі, у Кітаі, Індыі, ЗША.

Гарох пасяўны — аднагадовая расліна, з лазячым сцяблом выш. 0,2—2 м. Лісце парнаперыстае. Кветкі ад белага да пурпурова-фіялетавага колеру, у гронках. Плод — струк. Зерне круглае, белае, жоўтае або зялёнае, мае 22—27% бялку, каля 50% крухмалу, тлушч, карацін, вітаміны B1, B2, С. Холадаўстойлівая (усходы пераносяць замаразкі да -6 °C), вільгацялюбная, азотфіксавальная расліна Вырошчваецца на дзярнова-падзолістых сугліністых і супясчаных глебах з блізкай да нейтральнай і нейтральнай рэакцыяй. Раянаваныя сарты: на зерне — Уладаўскі 6, Працаўнік, Асілак чэшскі, Белус, Агат і інш.; агароднінныя — Варонежскі зялёны, Выдатны 240, Арагумскі, Савінтэр 1, Паўднёвы 47, Альфа, Віёла, Агароднінны 76.

Літ.:

Генетика и селекция гороха. Новосибирск, 1975;

Зернобобовые культуры в интенсивном земледелии. Мн., 1989.

М.С.Купцоў.

т. 5, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНАГРА́ДАЎ Павел Гаўрылавіч

(30.11.1854, г. Кастрама, Расія — 19.12.1925),

рускі гісторык. Акад. Пецярб. АН (1914) і шэрагу замежных акадэмій. Скончыў Маскоўскі ун-т (1875), працягваў гіст. адукацыю ў Германіі. З 1877 выкладчык Маскоўскага ун-та (з 1884 праф.). У 1901 выехаў у Вялікабрытанію, з 1903 заг. кафедры ў Оксфардскім ун-це. У 1908 вярнуўся ў Маскоўскі ун-т, захоўваючы пасаду ў Оксфардзе. У 1911 падаў у адстаўку ў знак пратэсту супраць звальнення шэрагу прафесараў. Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняў, у 1918 канчаткова пакінуў Расію. Выкладаў ва ун-тах Германіі, Бельгіі, ЗША, Індыі. Буйнейшы англазнавец, кіраўнік школы рус. і замежных гісторыкаў, якія вывучалі сац.-эканам. праблемы англ. сярэднявечча. У працах «Паходжанне феадальных адносін у лангабардскай Італіі» (1880), «Даследаванні па сацыяльнай гісторыі Англіі ў сярэднія вякі» (1887), «Віланства ў Англіі» (1892, на англ. мове) і інш. даследаваў генезіс феадалізму ў раманскіх і герм. краінах, эвалюцыю сял. абшчын у Англіі і інш. Публікаваў дакументы па агр. гісторыі Англіі з англ. архіваў. Аўтар падручнікаў па ўсеагульнай гісторыі для сярэдняй школы.

Тв.:

Средневековое поместье в Англии. СПб., 1911.

т. 4, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІШНУІ́ЗМ,

адна з 2 галоўных (поруч з шываізмам) плыней у індуізме; бхактысцкая форма рэлігіі, якая ідзе ад эмац. спасціжэння бога праз любоў і адданасць. Пашыраны ў Паўн. Індыі. Пакланяюцца пераважна богу-ахоўніку Вішну, дапускаецца таксама пакланенне ведыйскім і мясц. дамашнім багам. Святыя кнігі вішнуізму «Бхагавадгіта» і «Бхаватапурана» даюць уяўленне пра найвышэйшую мэту душы — вызваленне, магчымае ў выніку пазнання чысціні душы, боскасці яе і ідэнтычнасці з усяленскім вышэйшым духам і пра шляхі дасягнення гэтай мэты: ёгу, што прыводзіць да змены свядомасці, да атаясамлівання душы адэпта з бажаством; джняну-марге — накірунку думкі на бажаство для пазнання яго безаблічнай сутнасці і самаатаясамленага з ім адэпта; карму-марге, якая мае на ўвазе бескарыслівае дзеянне і служэнне людзям, што раўназначна шанаванню бога; бхакці-марге — адданасці і эмацыянальнай любові да бога. Развіццё вішнуізму ўзмацнілася на пач. н.э. як рэакцыя на замацаванне і ўскладненне каставай сістэмы. 4 вішнуісцкія секты, заснаваныя Рамануджам (11 ст.), Німбаркам (12 ст.), Мадхвам (13 ст.), Чайтаньям (16 ст.), нягледзячы на розніцу ў догмах, абвяргаюць канцэпцыю ілюзорнасці свету і прызнаюць рэальнасць і індывідуальнасць душы.

А.В.Гурко.

т. 4, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛУДЖЫСТА́Н,

гістарычная вобласць у Азіі і на ПдУ Іранскага нагор’я. На Пд абмываецца Аравійскім морам. Пл. 0,5 млн. км². Нас. каля 4 млн. чал. (1990), пераважна народы белуджы (каля 75% усяго насельніцтва) і брагуі. Падзяляецца на Усх. Белуджыстан у складзе Пакістана і Зах. Белуджыстан — Ірана. Ускраіны на Пн у складзе Афганістана.

З стараж.-перс. і ант. крыніц вядома, што тэр. Белуджыстана насялялі мака, гедрозіі і інш. народы. У сярэднявеччы Белуджыстан паслядоўна ўваходзіў у склад Араб. халіфата, дзяржаў Газневідаў, Сельджукаў, Хулагуідаў, Цімурыдаў, Сефевідаў, Вял. Маголаў. У пач. 17 ст. на тэр. Белуджыстана ўзніклі феад. княствы, кіраўнікі якіх былі васаламі Сефевідаў і Вял. Маголаў. У 18 ст. тэр. Белуджыстана аб’яднана пад уладай Насір-хана Белуджы, васала афганскіх шахаў. Паводле дагавораў 1854, 1876 і 1879 Усх. Белуджыстан быў падначалены Вялікабрытаніі і ўвайшоў у склад Брыт. Індыі. Складаўся з Федэрацыі белуджскіх княстваў (пратэктарат пад ускосным брыт. кіраваннем) і каланіяльнага ўладання — т.зв. Брыт. Белуджыстан. Зах. Белуджыстан у 1849—57 быў уключаны ў склад Ірана, Усх. Белуджыстан у 1947—48 — у склад Пакістана.

т. 3, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЭМПО́

(яп., літар. вучэнне кулака, праведны закон кулака),

сістэма баявых і спартыўных адзінаборстваў, псіхафізічны культурны комплекс, рэлігійна-філасофскае вучэнне. Паходзіць з Індыі (больш за 5 тыс. гадоў назад), развіццё атрымала ў Кітаі (з 1 ст.) пад уплывам будызму і інш. рэлігій. Сучаснае К. развіваецца з канца 1940-х г. (Японія). Сусв. арганізацыя К. заснавана ў 1974.

У сучасным К. 5 асн. кірункаў: самаабарона; спарт. адзінаборствы (айкідо, дзюдо, джыу-джыцу, каратэ, кунг-фу, таэквандо і інш.); мастацтва сцэнічнага бою і трукаў; прафілактыка і лячэнне розных захворванняў (напр., кіт. сістэма тайцзі-цюань); разнавіднасць рэліг. практыкі (напр., яп. сёрындзі-кэмпо, кар. хварандо). Мае 4 раздзелы тэхн. норм: кіхон, ката, кумітэ і сівары. Баявое К. ўтрымлівае больш за 600 тэхн. прыёмаў, уключае 3 катэгорыі: гохо — жорсткая тэхніка ўдараў рукамі і нагамі, блакіроўкі; джухо — мяккая тэхніка выпадаў, кідкоў, заломаў; сейхо — тэхніка нарошчвання фіз. патэнцыялу, самаабарона з падручнымі сродкамі. Практыканты падзяляюцца на 2 катэгорыі: кю — «малодшыя» і дан — «старэйшыя», якія ўтрымліваюць 6, 9 або 10 ступеняў і паясы (па меры ўзрастання майстэрства); белы, карычневы, чорны і чырвоны.

т. 9, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХЕМЕНІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,

старажытнаперсідская дзяржава ў 550—330 да нашай эры. Назва ад царскай дынастыі Ахеменідаў. Створана ў выніку ваен. паходаў Кіра II, пашырана пры Камбісе II і Дарыю І. Адна з найбуйнейшых стараж. імперый, у склад якой уваходзілі Мідыя (з 550), Элам, Лідыя, амаль уся М. Азія (заваяваны да 546), значная ч. Сярэдняй Азіі (з 545—539), Вавілонія (з 539), Егіпет (з 525), а-вы Эгейскага м., Фракія, Македонія і паўн.-зах. ч. Індыі (з 519—512). Сталіцамі яе былі Персепаль, Вавілон, Сузы і Экбатана. Прывілеяванае становішча ў дзяржаве займалі персы (камандавалі ў арміі і на флоце, кіравалі адм. апаратам). Ваен.-паліт. і сац.-эканам. рэформы Дарыя І садзейнічалі росквіту краіны (уздым рамяства, гандлю, будаўніцтва). Асн. ч. зямельнага фонду належала абшчыннікам, якія плацілі падаткі непасрэдна ў казну і выконвалі ўсе павіннасці. Рабоў у імперыі было няшмат (гал. Чынам працавалі ў рудніках, каменяломнях, хатнімі слугамі). Грэка-перс. войны 500—449 да нашай эры і антыперс. паўстанні (у Егіпце, Сірыі, Лідыі) аслабілі магутнасць Ахеменідаў дзяржавы. Заваявана Аляксандрам Македонскім.

Літ.:

Дандамаев М.А., Луконин В.Г. Культура и экономика Древнего Ирана. М., 1980;

Дандамаев М.А. Политическая история Ахеменидской державы. М., 1985.

т. 2, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕСЯТКО́ВАЯ СІСТЭ́МА ЛІЧЭ́ННЯ,

найбольш пашыраная пазіцыйная сістэма лічэння з асновай 10. Мае 10 сімвалаў — лічбы 0, 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9. Мяркуюць, што выбар у якасці асновы ліку 10 бярэ пачатак ад лічэння на пальцах. Узнікла на аснове нумарацыі, якая зарадзілася ў Індыі ў 5 ст., назву арабскай атрымала таму, што ў Еўропе з ёй пазнаёміліся ў 10—12 ст. па лац. перакладах з араб. мовы; у Расіі Дз.с.л. пачала пашырацца з 17 ст.

Пазіцыйны прынцып Дз.с.л. азначае, што адзін і той жа знак (лічба) мае розныя значэнні ў залежнасці ад таго месца, на якім ён стаіць, і таму асобныя сімвалы патрэбныя толькі пры запісе першых 10 лікаў. Лік 10 (аснова Дз.с.л.) утварае адзінку 2-га разраду, 10 адзінак 2-га разраду (лік 100 = 10​2) — адзінку 3-га разраду і г.д. (адзінка кожнага наступнага разраду ў 10 разоў большая за адзінку папярэдняга). Для запісу ліку ў Дз.с.л. выяўляюць колькасць адзінак найвышэйшага разраду, потым у астачы — колькасць адзінак разраду, на 1 меншага, і г.д. Атрыманыя лічбы запісваюць побач. напр.. 4 · 10​2 + 7 · 10 + 3 · 10° = 473. Гл. таксама Лічэнне.

М.П.Савік.

т. 6, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)