ПСІЛАМЕЛА́Н [ад грэч. psilos гладкі, голы + melas (melanos) чорны],
раманешыт, мінерал, складаны гідраксід марганцу, BaMn2+ + Mn44O10∙2H2O. Састаў зменлівы. Мае ў сабе 4—17,5% аксіду барыю BaO. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае масіўныя дробнакрышт. і нацечныя агрэгаты, сталактыты, ааліты, зямлістыя масы, плёначныя дэндрыты. Колер шаравата-чорны. Цв. 5—6. Шчыльн. 4,7—4,8 г/см³.
Крохкі. Найб. агульнае паняцце П. — сумесі аксідаў і гідраксідаў марганцу ў выглядзе нацечных («чорная шкляная галава»), масіўных і зямлістых агрэгатаў. У іх склад уваходзяць уласна П., крыптамелан, галандыт, коранадыт, піралюзіт і інш. У прыродзе сумесі больш пашыраны, чым уласна П. Адзін з гал. кампанентаў марганцавых руд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́, Пятра, Пятрок,
у беларусаў і інш.слав. народаў стараж. земляробчае свята. Адзначалася 29 чэрв.ст. стылю. З’яўлялася своеасаблівым працягам Купалля. Назва язычніцкага свята, да якога царква прымеркавала свята апосталаў Пятра і Паўла, не захавалася. У бел. фальклоры П. — апякун хлеба і хлебаробаў. Калі спрыяла надвор’е, з П. пачыналі сенакос. З гэтага свята звычайна пачыналіся т.зв. пятроўскія карагоды, якія працягваліся да Спаса. У час святкавання спявалі пятроўскія песні, адбывалася кумаванне дзяўчат з хлопцамі, якому ў старажытнасці папярэднічала кумаванне дзяўчат паміж сабой (абмяняўшыся пярсцёнкамі або чым-небудзь з вопраткі, яны на працягу года лічыліся кумамі). Пасля П. дзень ішоў на спад, лета хілілася на восень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБО́ТАў тэрмадынаміцы,
фізічная велічыня, якая характарызуе пераўтварэнне энергіі з аднаго віду ў другі, што адбываецца ў тэрмадынамічнай сістэме.
Вызначаецца праз абагульненыя каардынаты (напр., аб’ём, напружанасць эл. ці магн. поля) — знешнія параметры тэрмадынамічнай сістэмы і абагульненыя сілы (напр., ціск) — велічыні, залежныя ад каардынат і ўнутр. параметраў сістэмы (т-ры ці энтрапіі). Пры раўнаважным адыябатным працэсе Р. роўная змене ўнутранай энергіі, пры ізатэрмічным працэсе — змене свабоднай энергіі. Пры пераходзе сістэмы з аднаго стану ў другі Р. залежыць ад працэсу (шляху), якім ажыццяўляецца пераход, таму пры кругавым працэсе Р. можа не быць роўнай нулю, на чым грунтуецца прынцып дзеяння цеплавых рухавікоў. Гл. таксама Колькасць цеплаты, Першы закон тэрмадынамікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯДО́ВЫ РЭЖЫ́М,
сукупнасць заканамерных працэсаў утварэння, развіцця і разбурэння ледзянога покрыва на водных аб’ектах. Адрозніваюць 3 асн. фазы — замярзанне, ледастаў і крыгалом. Асаблівасці Л.р. для кожнага ўчастка вадацёку вызначаюцца кліматам, умовамі жыўлення ракі, будовай рэчышча і дынамікай патоку; істотна ўплывае на яго гасп. дзейнасць: скідванне ў вадаёмы прамысл. і адпрацаваных вод ЦЭС, буд-ва плацін, паглыбленне і выпростванне рэчышчаў.
Першыя ледзяныя ўтварэнні на рэках Беларусі (шарош, заберагі, сала) адзначаюцца ў 2-й пал.ліст., у бас.р. Нёман — у 1-й дэкадзе снежня. Заберагі і сала раней утвараюцца на прыбярэжных участках, водмелях і затоках. Адначасова пачынае ўзнікаць унутрыводны лёд, які ўсплывае і ператвараецца ў шарош. Наслаенне кавалкаў доннага лёду і шарошу пад ледзяное покрыва можа прывесці да ўтварэння зажораў. Ледастаў звычайна бывае ў сярэдзіне снеж., спачатку на плёсах, потым на перакатах. Трымаецца ў сярэднім каля 100 сут, найб. працяглы на рэках бас.Зах. Дзвіны — да 160 сут. і болей, самы кароткі на рэках бас. Нёмана і Прыпяці — да 10—20 сут. Крыгалом на рэках адбываецца пераважна ў 2-й пал. сакавіка. Ускрыццю рэк папярэднічае ўтварэнне закраін і зрушэнне лёду. На ПдЗ ускрыццё рэк пачынаецца ў 2—3-й дэкадах сак., на працягу месяца дасягае ПнУ. Працягласць веснавога крыгаходу 2—10 сут. На азёрах і вадасховішчах ледзяныя ўтварэнні паяўляюцца звычайна на 1—2, а на Палессі на 3 тыдні пазней, чым на рэках. Сярэдняя працягласць ледаставу на вадаёмах на Пн да 150 сут, на Пд да 130 сут. Азёры і вадасховішчы ачышчаюцца ад лёду на 10—15 сут пазней, чым рэкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРА́КС,
крышталегідрат натрыю тэтрабарату Na2B4O7∙10H2O. У прыродзе мінерал класа баратаў. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Бясколерныя ці белыя крышталі, суцэльныя зямлістыя масы, скарынкі, лінзы, пражылкі ў гліністых пародах. Бляск шкляны. Паўпразрысты. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 1,7 г/см³. Мае саладкавата-шчолачны смак. Раскладаецца моцнымі кіслотамі. Утвараецца пры выпарэнні салёных азёр, у выглядзе выцветаў на глебе ў засушлівых рэгіёнах і інш. Пры награванні да 380 °C ступеньчата абязводжваецца; бязводны крышталічны прадукт мае tпл 742 °C, tкіп 1675 °C; раствараецца ў вадзе лепш, чым крышталегідрат. Выкарыстоўваюць у вытв-сці злучэнняў бору, аптычнага і каляровага шкла, эмаляў і палівы, мыйных сродкаў, пры пайцы і зварцы металаў, дубленні скуры, як мікраўгнаенне, кансервант, мед. прэпарат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭ́ТА-СПЕКТРО́МЕТР,
прылада для вымярэння энергетычнага размеркавання (спектра) электронаў ці пазітронаў, што ўтвараюцца пры бэта-распадзе, а таксама электронаў, якія вылучаюцца рэчывам пры ўздзеянні на яго іанізавальных выпрамяненняў.
Асн. характарыстыкі бэта-спектрометра: раздзяляльная здольнасць (найменшая розніца ў энергіі электронаў, якая можа быць зарэгістравана) і святласіла (адносіны колькасці электронаў, што папалі ў дэтэктар, да ўсёй колькасці электронаў дадзенай энергіі, якія вылучаны крыніцай). Здабытак святласілы на плошчу крыніцы электронаў наз. свяцільнасцю: чым яна большая, тым больш адчувальны бэта-спектрометр. Адрозніваюць бэта-спектрометры, што вымяраюць энергію электронаў па выніку іх уздзеяння на рэчыва (іанізацыйныя камеры, сцынцыляцыйныя лічыльнікі, паўправадніковыя дэтэктары), і бэта-спектрометры, якія прасторава раздзяляюць электроны розных энергій у эл. і магн. палях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗІ́МЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
аднагадовыя расліны, якім для нармальнага развіцця неабходна працяглае ўздзеянне нізкай тэмпературы на раннім перыядзе росту. Сеюць увосень, ураджай збіраюць у наступным годзе. Маюць перыяды актыўнай вегетацыі: асенні (45—50 сут), у час якога расліны фарміруюць каранёвую сістэму і надземныя вегет. органы, і вяснова-летні (75—100 сут), калі развіваюцца генератыўныя органы. Выспяваюць раней і даюць больш стабільны ўраджай, чымяравыя культуры, лепш паглынаюць веснавую вільгаць з глебы; добрыя папярэднікі для інш. палявых культур. Да азімых культур належаць азімыя жыта, пшаніца, ячмень, рапс, свірэпіца, рыжык, віка. У сусв. земляробстве найб. пашырана азімая пшаніца — гал. збожжавая расліна Еўропы і ЗША. На Беларусі вырошчваюць азімыя жыта, пшаніцу, віку, рапс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНО́ЎНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,
магматычныя горныя пароды, адносна бедныя крэменязёмам (44—53% SiO2) і багатыя магніем і кальцыем. Важнейшыя мінералы асноўных горных парод — асноўныя плагіяклазы (лабрадор, бітаўніт, анартыт), піраксены, алівін. Могуць быць інтрузіўныя (габра, нарыты, анартазіты і інш.) і эфузіўныя (базальты і інш.). Пашыраны найб. у літасферы Зямлі, Месяца, Венеры, Марса. Пераважаюць у акіянскай кары Зямлі, на кантынентах больш чым у 5 разоў перавышаюць па аб’ёме іншыя вылітыя магматычныя горныя пароды. Пашыраны ва ўсіх складкавых паясах (Урал, Каўказ і інш.) і кратонах (Еўрапейская, Сібірская і інш. платформы). З кожнай серыяй асноўных горных парод звязаны спецыфічныя карысныя выкапні (руды медзі, нікелю, плаціны, рэдкіх элементаў і гэтак далей). Выкарыстоўваюцца ў многіх галінах буд. індустрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАМІ́СТЫКА, атамізм,
вучэнне пра дыскрэтную (перарыўную) будову матэрыі. Узнікла ў антычнай філасофіі. Адзін з яе стваральнікаў Дэмакрыт сцвярджаў, што першапачаткам усяго існага з’яўляюцца атамы (быццё) і пустата (небыццё). Атам — самая малая, непадзельная, непранікальная, неўспрымальная органамі пачуццяў частка рэчыва. Існуе бясконцая колькасць атамаў, якія адрозніваюцца сваёй формай, парадкам і размяшчэннем, чым і тлумачыцца разнастайнасць з’яў у свеце. Атамістыка Дэмакрыта была натурфіласофскай гіпотэзай. З развіццём прыродазнаўчых навук, фізікі і хіміі атамістыка становіцца вучэннем, калі ў канцы 19 ст. была выяўлена складаная структура атама, а вучэнне пра атам дапоўнена вучэннем пра малекулу. З развіццём у 20 ст. квантавай тэорыі ўяўленне пра атам, яго структуру і ўласцівасці яго элементаў істотна змянілася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМЕСТЫКА́ЦЫЯ (ад лац. domesticus хатні),
адамашніванне дзікіх відаў жывёл, ператварэнне іх у свойскіх. Працяглы працэс прыручэння, які вядзе да змен у паводзінах і анатама-марфал. будове жывёл. Паводле звестак археалогіі, раней за іншых былі прыручаны сабака (каля 10—5 тыс.г. да н.э.) і свіння (каля 8—3 тыс.г. да н.э.), потым каза, авечка, буйн. раг. жывёла, пазней конь, алень. У параўнанні з дзікімі жывёламі у свойскіх больш лёгкі шкілет, менш трывалыя косці, танчэйшая скура. Змяніліся і ўнутр. органы: менш, чым у дзікіх, развіты лёгкія, сэрца, ныркі, але лепш функцыянуюць млечныя залозы, вышэйшая пладавітасць; у многіх жывёл знікла сезоннасць у расплоджванні. Працэс Д. працягваецца: прыручаюцца ласі, лісы, норкі, нутрыі і інш.