бел. афтальмолаг. Скончыў Дэрпцкі (Тартускі) ун-т (1892). У 1899 адкрыў на дабрачынныя сродкі і ўзначаліў вочную лячэбніцу ў Гомелі (з 1934 трахаматозна-вочны ін-т, дырэктарам якога быў да 1941). Навук. працы па вывучэнні трахомы садзейнічалі ліквідацыі хваробы на Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАНЦІ́Н (ад італьян. quaranta giorni сорак дзён),
комплекс адм. і медыка-сан. мерапрыемстваў, накіраваных на ізаляцыю эпідэмічнага ачага, з мэтай папярэдзіць пашырэнне і ліквідаваць інфекцыйныя хваробы ў ім. Уведзены ў Італіі ў 14 ст., калі судны, што прыбывалі з мясцовасці, небяспечнай на чуму, трымалі на рэйдзе 40 дзён (адсюль назва). Пазней К. пачалі выкарыстоўваць для барацьбы з каранціннымі хваробамі.
Каранцінныя адм.-сан. мерапрыемствы: забарона прыезду і выезду за межы дзяржавы, прыёму пасылак, закрыццё дзярж. граніц і інш.; мед.-сан.: агляд пасажыраў і экіпажаў, ізаляцыя падазроных на хваробу і хворых, абсервацыя асоб, якія былі ў кантакце з хворымі, прышчэпкі Пры ўзнікненні асабліва небяспечных інфекц. хвароб на К. пераводзяцца асобныя парты, чыг. станцыі, нас. пункты. У штодзённай практыцы сап. органы ўводзяць К. і пры інш.інфекц. хваробах (не каранцінных) у дзіцячых установах, бальніцах. Працягласць К. не меншая, чым макс. інкубацыйны перыяд хваробы.
Ветэрынарны К. — сістэма абмежавальных мерапрыемстваў, каб папярэдзіць занясенне і пашырэнне інфекц. хвароб жывёлы. Бывае прафілакт. і пры выяўленні інфекц.хваробы. Устанаўліваецца пры сібірскай язве, сапе, яшчуры, шаленстве, чуме і інш. На Беларусі першае каранціннае аддзяленне арганізавана ў Магілёве ў 1825. Адзіныя каранцінныя мерапрыемствы зацверджаны Вет. статутам БССР (1924). К. раслін — сістэма дзярж. мерапрыемстваў па ахове тэрыторыі ад пранікнення з інш. дзяржаў небяспечных шкоднікаў, узбуджальнікаў хвароб і шкоднага пустазелля, па ліквідацыі ачагоў заражэння. Гл.Санітарная ахова, Санітарная ахова граніц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЕД (Bled),
горнакліматычны курорт у Славеніі. На ПнЗ ад г. Любляна, на беразе аднайм. возера каля падножжа Юлійскіх Альпаў. Развіваецца з 19 ст. Кліматалячэнню (хваробы печані, нырак, органаў стрававання, анеміі і інш.) спрыяюць крыніцы цёплых мінер. водаў, умерана кантынентальны клімат, выключна чыстае паветра, ахаванасць курорта ад халодных вятроў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХВУ́СНАЎКІ,
устарэлая назва плоскіх чарвей класа трэматод, напр., Д. пячоначная (Fasciola hepatica), Д. крывяная (Schistosoma haematobium), Д. кашэчая, або сібірская (Opistorchis felineus), і інш. Селяцца ў органах чалавека і жывёл, выклікаюць цяжкія хваробы. Назва Д. звязана з тым, што прысоскі ў трэматод раней прымалі за 2 ротавыя адтуліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАБІ́Н,
бялковая частка гемаглабіну. Сувязь паміж гемам і глабінам устойлівая, разбураецца толькі ў кіслым асяроддзі. Пасля адшчаплення гема бялок траціць натыўныя якасці. Скорасць сінтэзу глабіну ў арганізме вельмі вялікая, што звязана з інтэнсіўным аднаўленнем эрытрацытаў. Генетычна абумоўленыя анамаліі ў сінтэзе глабіну вызначаюць некаторыя хваробы крыві (серпападобнаклетачную анемію і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЕФАРЫ́Т (ад грэч. blepharon павека + ...іт),
запаленне краёў павекаў. Адна з пашыраных і працяглых хвароб вачэй. Прычыны ўзнікнення: хранічныя інфекц. і інфекцыйна-алергічныя хваробы, гіпавітамінозы, анеміі, хваробы страўнікава-кішачнага тракту, эндакрынныя парушэнні, глісныя інвазіі, хранічны танзіліт і інш. Развіццю блефарыту спрыяюць хранічныя кан’юнктывіты, запаленні слёзных шляхоў, гіперметрапія і астыгматызм вока, уздзеянні ветру, пылу, дыму.
Адрозніваюць блефарыт просты (лускаваты), язвавы і ангулярны. Для ўсіх відаў блефарыту характэрны сверб, адчуванне цяжару павекаў, хуткая стамляльнасць вачэй і павышаная адчувальнасць іх да святла. Назіраецца пачырваненне і патаўшчэнне краёў павекаў каля асновы вейкаў — дробныя сухія паслойныя шаравата-белыя лускавінкі ці жаўтаватыя скарыначкі, пры гнойных — кроватачывыя язвачкі. Пры іх рубцаванні парушаецца рост вейкаў. Прычынай блефарыту бывае себарэя. Стафілакокавы блефарыт можа выклікаць абсцэс тлушчавай залозы валасянога фалікула — вонкавы ячмень. Пры ангулярным блефарыце запаляюцца краі вонкавай і ўнутр. спаек павекаў. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЦЭФА́ЛІЯ (ад гідра... + грэч. kephalē галава),
вадзянка галаўнога мозга, празмернае назапашванне спінна-мазгавой вадкасці (ліквору) у поласці чэрапа. Бывае прыроджаная, набытая (хваробы ці траўмы галаўнога мозга і яго абалонкі), знешняя (пры атрафіі мозга), унутр. (назапашванне ліквору ў жалудачках мозга), агульная (назапашванне ліквору ў шляхах, якія яго ўтрымліваюць), адкрытая (свабодная праходнасць лікворных шляхоў) і закрытая (закупорка на ўзроўні жалудачкавай сістэмы). Назіраюцца змешаныя ці спалучаныя формы гідрацэфаліі. Прыкметы прыроджанай гідрацэфаліі: павелічэнне акружнасці чэрапа, расшырэнне чарапных швоў і цемечка. Пры развіцці хваробы і пры закрытай гідрацэфаліі ўзнікаюць неўралгічныя (галаўны боль, ірвота, зніжэнне зроку, пашкоджанне чарапных нерваў, эпілептычныя прыпадкі, парэзы, паралічы) і псіхічныя расстройствы (затрымка ў разумовым развіцці да алігафрэніі з разумовай адсталасцю). Пры гідрацэфаліі дзяцей старэйшага ўзросту і ў дарослых бываюць агульнамазгавыя парушэнні: галаўны боль, моташнасць, ірвота і інш. Лячэнне: ліквідацыя прычын, што выклікаюць хваробу, хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ГЛЫЯ ЧЭ́РВІ,
нематоды (Nematoda), клас чарвей тыпу першаснаполасцевых. Вядомы з верхняга карбону. 3 падкласы. Апісана каля 20 тыс. відаў, агульная колькасць відаў па розных ацэнках ад 100 тыс. да 1 млн. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. трапляюцца аскарыды, вастрыцы, воласагаловы, трыхіна, нематода бульбяная, нематоды галавыя, трыхацэфаліды і інш. Жывуць у морах і прэснай вадзе, у глебе.
Даўж. ад 0,05 мм да 8,4 м. Цела цыліндрычнае, верацёна- ці ніткападобнае. нерасчлянёнае, на папярочным разрэзе круглае, укрытае шчыльнай кутыкулай. Дыхальнай і крывяноснай сістэм няма. Свабоднажывучыя формы кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Некаторыя здольныя да анаэрабіёзу і анабіёзу. Большасць раздзельнаполыя. Адкладваюць яйцы, ёсць жывародныя. Многія — паразіты раслін, жывёл і чалавека, выклікаюць хваробы: аскарыдоз, гельмінтозы, нематадозы, нематодныя хваробы раслін, трыхінелёз і інш.
Да арт.Круглыя чэрві: 1 — воласагалоў чалавечы; 2 — нематода бурачная разнаскурая (а — самец, б — самка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЛО́ІД (ад грэч. kēlē пухліна + eidos выгляд),
пухлінападобнае разрастанне злучальнай тканкі скуры. Прычыны ўзнікнення хваробы невядомыя. Мяркуюць, што ў аснове развіцця К. прыроджаная генет. абумоўленая ўласцівасць злучальнай тканкі рэагаваць на траўмы. У некат. хворых выяўляюць абменныя і эндакрынныя парушэнні, хранічныя інфекц.хваробы (напр., туберкулёз лёгкіх), ачагі хранічнай інфекцыі (карыес, танзіліт і інш.). Найчасцей бывае ў юнакоў на грудзях, шыі, у вушных ракавінах, радзей — на твары і канечнасцях. К. сапраўдны — цвёрдае, белаватае ці ружовае, гладкае разрастанне на 5—8 мм над паверхняй скуры, з’яўляецца раптоўна, расце некалькі тыдняў, іншы раз месяцаў, ад бакавой паверхні адыходзяць адросткі ў выглядзе клюшняў рака, потым памеры яго не мяняюцца да канца жыцця. К. несапраўдны ўзнікае пры парэзах, апёках, на месцы рубцовых змен, гнайнічковых хвароб скуры і інш.; асобная форма такога К. — акне келоід. Лячэнне тэрапеўтычнае.