ФРЭ́ДЭРЫК IX (Frederik; 11.3.1899, замак Зоргенфры каля Лінгбі, Данія — 14.1.1972),
кароль Даніі [1947—72]; контр-адмірал (1945). З дынастыі Глюксбургаў. Шмат разоў быў рэгентам у час хваробы свайго бацькі караля Крысціяна X [1912—47], у т. л. ў час крызісу 1942—43 у адносінах Даніі з ням.-фаш. акупантамі. Пры Ф. IX самакіраванне атрымалі Фарэрскія а-вы (1947), пачаўся працэс інтэграцыі Даніі ў зах. еўрап. рэгіянальныя арг-цыі (Савет Еўропы, Еўрап. эканам. супольніцтва, НАТО і інш.). Падпісаў новую канстытуцыю, паводле якой уведзены аднапалатны парламент (фолькетынг) і пераемнасць манархіі па жаночай лініі. Пасля смерці Ф. IX дацкі прастол заняла яго дачка Маргрэтэ II.
т. 16, с. 488
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРУ́НЖЫ (польск. chorąży ад chorągiew сцяг),
1) камандзір харугвы ў сярэдневяковай Польшчы і ВКЛ, з 14 ст. прыдворная пасада і званне. Існавалі вял. каронны [насіў велікакняжацкую харугву (сцяг) у час вял. цырымоній і знаходзіўся з ёю пры манарху ў час вайсковых дзеянняў] і надворны Х. (яго намеснік), а таксама земскі Х. (кіраўнік шляхецкага апалчэння ваяводства — ганаровае званне).
2) У Запарожскай Сечы вайсковая пасада: вайсковы генеральны Х., палкавыя і соценныя Х., якія ўваходзілі ў склад старшыны.
3) У казацкіх войсках рус. арміі першапачаткова сцяганосец, пазней — малодшы афіцэрскі чын, што адпавядаў чыну падпаручніка ў пяхоце, карнета ў кавалерыі.
т. 16, с. 553
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́НЧАНКА Ілья Платонавіч (27.7.1913, в. Калмакова Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 10.12.1991),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Паўд., 1-м, 3-м і 4-м Укр. франтах. Камандзір аддзялення старшына Я. вызначыўся ў баях на тэр. Украіны і Польшчы: 16.4.1944 у час разведкі каля г. Цярнопаль знішчыў 18 гітлераўцаў; увосень 1944 у час контратакі ворага вынес з акружэння сцяг палка; 14.1.1945 пры адбіцці нападу ням. аўтаматчыкаў і танкаў на кантрольны пункт палка звязкай гранат падбіў варожы танк, выратаваў палкавы сцяг. Пасля вайны працаваў на чыгунцы.
т. 18, кн. 1, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЗІ́Р, візір (араб.),
тытул міністраў і вышэйшых саноўнікаў у некаторых краінах Б. і Сярэдняга Усходу гал. чынам у сярэднія вякі і новы час.
т. 4, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАПУ́СНІК»,
жартаўлівае гумарыстычнае парадыйнае тэатралізаванае прадстаўленне. Узнік у дарэв. Расіі. «К.» наладжвалі работнікі т-раў у час Вял. посту (назва ад традыц. поснага блюда — капусты ці пірага з капустай). У Пецярбургу найб. вядомы т. зв. «Варламаўскія К.» (вечары ў доме акцёра К.А.Варламава). У Маскве першыя «К.» ў выглядзе закрытых вечарын з пародыямі і жартамі арганізоўвала Т-ва мастацтва і л-ры. Пазней праводзіліся ў МХАТ (1902, 1903, 1908). У сав. час былі пашыраны як від маст. самадзейнасці. Форма вечароў «К.» захавалася да нашага часу ў вядучых бел. т-рах у дні свят, юбілеяў, а таксама як студэнцкія вечарыны.
т. 8, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУХАЗАНЕ́ТЫ,
расійскія ваен. дзеячы, браты. З дваран Віцебскай губ. Нарадзіліся ў в. Вясея Слуцкага р-на Мінскай вобл.
Іван Ануфрыевіч (22.7.1788—20.2.1861), ген. ад артылерыі (1839). Скончыў 2-і кадэцкі корпус (1803). Удзельнік рус.-пруска-франц. вайны 1806—07. У вайну 1812 камандаваў артыл. часцямі, удзельнічаў у баях каля Друі, Клясціцкіх баях 1812, Полацкіх бітвах 1812, Чашніцкіх баях 1812, Бярэзінскай аперацыі 1812, у замежных паходах 1813—14. З 1819 нач. артылерыі Гвардзейскага корпуса ў С.-Пецярбургу, у час паўстання дзекабрыстаў загадаў адкрыць агонь па карэ паўстанцаў (26.12.1825). Удзельнічаў у рус.-турэцкай вайне 1828—29. У час задушэння паўстання 1830—31 камандаваў артылерыяй арміі. У 1823—54 першы дырэктар Ваен. акадэміі (пазней акадэмія Генштаба). З 1833 чл. Ваеннага савета.
Мікалай Ануфрыевіч (1794—3.8.1871), ген. ад артылерыі (1852). У вайну 1812 удзельнічаў у баях каля Клясціц, на р. Сівошыне, Свольненскім баі, каля Полацка, Чашнікаў, Віцебска, Люцына, у замежных паходах 1813—14. У час задушэння паўстання 1830—31 дзейнічаў на тэр. Польшчы. У 1849—55 нач. артылерыі дзеючай арміі. У 1856—61 ваен. міністр, чл. Дзярж. савета. У маі—кастр. 1861 в.а. намесніка Царства Польскага.
Э.А.Карніловіч.
т. 15, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛАМАЎЦ (Olomouc),
горад у Чэхіі, на р. Марава. Каля 120 тыс. ж. (1999). Трансп. вузел. Прам-сць: маш.-буд., хім., харч., у т. л. вытв-сць цукру і соладу. Ун-т. Галерэя выяўл. мастацтва. Горад-запаведнік; шматлікія арх. помнікі 11—18 ст.
У 10 ст. ўмацаванае паселішча, адм. і паліт. цэнтр Маравіі (да 1641). З 1063 сталіца епіскапіі (з 1777 — архіепіскапіі). Належаў чэш. дынастыі Пржэмыславічаў. У наваколлі горада адбылася Оламаўцкая бітва 1241. У 1261 атрымаў гар. правы. Чэш. кароль Пржэмысл II Отакар [1253—78] пасяліў тут ням. каланістаў (ням. назва Ольмюц). У час гусіцкіх войнаў О. падтрымаў імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» Сігізмунда I. У 1468 захоплены венг. каралём Мацьяшам Хуньядзі, які ў 1469 абвясціў тут сябе каралём Чэхіі. У 16 ст. О. — адзін з цэнтраў лютэранства. У 1562 тут засн. езуіцкі калегіум, у 1569 — ун-т. У час трыццацігадовай вайны 1618—48 акупіраваны швед. войскамі (1642—50). Тут падпісана пагадненне 1850 паміж Прусіяй і Аўстрыяй. Оламаўцкая крэпасць адыграла важную ролю ў час аўстра-прускай вайны 1866. У 2-й пал. 18 ст. ў О. развівалася металург. прам-сць. У 19 ст. О. — цэнтр чэш. нац.-вызв. руху.
т. 11, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІМ (Nímes),
горад на Пд Францыі. Адм. ц. дэпартамента Гар. Каля 130 тыс. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: харч. (у т. л. вінаробчая), тэкст., швейная. абутковая. Арх. помнікі: будынкі стараж.-рым. эпохі, у т. л. карынфскі храм «Мезон карэ» (20—12 да н.э., цяпер археал. музей), фрагменты гар. муроў, вежа Мань, амфітэатр, цырк; помнікі раманскай (11 ст.) і рэнесансавай (16—17 ст.) архітэктуры. Каля Н. фрагмент рым. акведука Пондзю-Гар (1 ст. да н.э.).
У канцы 4—3 ст. да н.э. Н. (лац. назва Nemausus) — паселішча кельцкага племя волькаў-арэкомікаў. У часы праўлення імператара Аўгуста [27 да н.э. — 14 н.э.] рым. калонія. Росквіт прыпадае на 2—3 ст. н.э. З 400 сядзіба епіскапа. У 5 ст. заваяваны вестготамі, у 725 — арабамі. З 1185 у складзе Тулузскага графства. У 12 ст. значны рамесніцкі і гандл. цэнтр, атрымаў правы камуны. У пач. 13 ст. адзін з цэнтраў руху альбігойцаў. У час Альбігойскіх войнаў 1209—29 заняты войскамі франц. караля Людовіка VIII. З 1229 належаў Францыі. У час рэлігійных войнаў важны цэнтр гугенотаў. У 1815 разбураны ў час баёў паміж раялістамі і банапартыстамі.
т. 11, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЗАЎ Віктар Сяргеевіч (н. 21.8.1913, г. Яраслаўль, Расія),
рускі пісьменнік. Скончыў Літ. ін-т імя М.Горкага (1952). З 1931 акцёр Кастрамскога т-ра юнага гледача. П’есы пераважна пра сучасную моладзь: «Яе сябры» (паст. 1949), «У добры час!» (паст. 1954, экранізацыя 1956), «У пошуках радасці» (паст. 1957, фільм «Шумны дзень», 1961), «У дзень вяселля» (паст. 1964), «Традыцыйны збор» (паст. 1967), «Сітуацыя» (паст. 1973), «Гняздо глушца» (1978), «Парсючок» (1987) і інш. У п’есе «Вечна жывыя» (фільм «Ляцяць жураўлі», абодва 1957) тэма грамадз. абавязку, высокіх традыцый рус. інтэлігенцыі. Аўтар кн. аўтабіягр. прозы «Падарожжа ў розныя бакі» (1987), інсцэніроўкі рамана «Звычайная гісторыя» І.Ганчарова (паст. 1966, Дзярж. прэмія СССР 1967). П’есы Р. ставіліся на Беларусі: у Бел. т-ры імя Я.Купалы — «У добры час!» (1955), «Перад вячэрай» (1962), «Традыцыйны збор» (1966); у Бел. т-ры імя Я.Коласа — «Яе сябры» (1950), «Старонка жыцця» (1953), «У добры час!» (1955), «У пошуках радасці» (1958), «Перад вячэрай» (1962), «У дзень вяселля» (1964); у Рускім драм. т-ры — «Яе сябры» (1952), «У дзень вяселля» (1964), «З вечара да поўдня» (1970), «Гняздо глушца» (1979); у Бел. рэсп. т-ры юнага гледача — «Твой шлях» (1956), «У пошуках радасці» (1958), «Няроўны бой» (1960), «Чатыры кроплі» (1975), «На моры» («Парсючок», 1987); у Брэсцкім абл. драм. т-ры — «Старонка жыцця» (1953), «У добры час!» (1955), «У пошуках радасці» (1957); у Гомельскім абл. драм. т-ры — «Сітуацыя» (1973); у Гродзенскім абл. драм. т-ры — «Перад вячэрай» (1963), «Вечна жывыя» (1983); у Магілёўскім абл. драм. т-ры — «Гняздо глушца» (1979); у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі — «Чатыры кроплі» (1975).
Тв.:
Избранное. М., 1983.
Літ.:
Анастасьев А.Н. Виктор Розов: Очерк творчества. М., 1966.
т. 13, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭРЭТЭ́ЛІ Акакій Растомавіч (21.6.1840, с. Схвітары Сачхерскага р-на, Грузія — 8.2.1915),
грузінскі грамадскі дзеяч, паэт. Князь. У час навучання ў Пецярбургскім ун-це (1859—63) успрыняў ідэі рас. рэв. дэмакратыі. Пасля вяртання на радзіму (1864) адзін з заснавальнікаў (з І.Чаўчавадзе) груз. рэв.-дэмакр. плыні 1860—70-х г. «Цергдалеўлебі», якая выступала за сац. разняволенне і нац. вызваленне груз. народа. У 1897—1900 выдаваў час. «Акакіс цвіўры крэбулі» («Штомесячны зборнік Акакія»), у 1905 рэдагаваў сатыр. час. «Хумара» («Жартаўнік»). Літ. дзейнасць пачаў у 1858. Майстар грамадз. і любоўнай лірыкі; яго творы вылучаюцца народнасцю і музыкальнасцю. Вызв. ідэямі прасякнуты гіст. паэмы «Торніке Эрыставі» (1884), «Расказ Кікала» (1889), «Натэла» (1900), аповесць «Башы-Ачукі» (1895—96), драма «Маленькі кахецінец» (1889). Аўтар п’ес «Каварная Тамара» (1885), «Медэя» (1896), аўтабіягр. аповесці «Перажытае» (1894—1909) і інш. Вершы «Светлячок», «Суліко» і інш. сталі нар. песнямі, «Далоў» — рэв. гімнам Грузіі. На бел. мову яго асобныя творы пераклалі Я.Сіпакоў, К.Цвірка.
Тв.:
Рус. пер. — Избр. произв. Тбилиси, 1960;
Стихотворения и поэмы. М.; Л., 1963;
Лирика. М., 1965.
Літ.:
Асатиани Л. Жизнь А.Церетели. Тбилиси, 1971.
т. 17, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)