СУХАЗАНЕ́ТЫ,
расійскія ваен. дзеячы, браты. З дваран Віцебскай губ. Нарадзіліся ў в. Вясея Слуцкага р-на Мінскай вобл.
Іван Ануфрыевіч (22.7.1788—20.2.1861), ген. ад артылерыі (1839). Скончыў 2-і кадэцкі корпус (1803). Удзельнік рус.-пруска-франц. вайны 1806—07. У вайну 1812 камандаваў артыл. часцямі, удзельнічаў у баях каля Друі, Клясціцкіх баях 1812, Полацкіх бітвах 1812, Чашніцкіх баях 1812, Бярэзінскай аперацыі 1812, у замежных паходах 1813—14. З 1819 нач. артылерыі Гвардзейскага корпуса ў С.-Пецярбургу, у час паўстання дзекабрыстаў загадаў адкрыць агонь па карэ паўстанцаў (26.12.1825). Удзельнічаў у рус.-турэцкай вайне 1828—29. У час задушэння паўстання 1830—31 камандаваў артылерыяй арміі. У 1823—54 першы дырэктар Ваен. акадэміі (пазней акадэмія Генштаба). З 1833 чл. Ваеннага савета.
Мікалай Ануфрыевіч (1794—3.8.1871), ген. ад артылерыі (1852). У вайну 1812 удзельнічаў у баях каля Клясціц, на р. Сівошыне, Свольненскім баі, каля Полацка, Чашнікаў, Віцебска, Люцына, у замежных паходах 1813—14. У час задушэння паўстання 1830—31 дзейнічаў на тэр. Польшчы. У 1849—55 нач. артылерыі дзеючай арміі. У 1856—61 ваен. міністр, чл. Дзярж. савета. У маі—кастр. 1861 в.а. намесніка Царства Польскага.
Э.А.Карніловіч.
т. 15, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)