заканамернасць у гіст. развіцці асобных народаў, якая выяўляецца ў паскораным руху да больш высокага ўзроўню грамадскага быцця, культуры і нац. свядомасці пасля перыяду застою альбо ўпадку. Адраджэнне нацыянальнае неабходна адрозніваць ад Рэнесансу — еўрап.культ.-гіст. эпохі на сумежжы сярэднявечча і Новага часу (гл.Адраджэнне). Феномен гуманіст. Адраджэння характэрны для тых рэгіёнаў, гіст. працэсы ў якіх пазначаны адноснай стабільнасцю і паступальнасцю развіцця. Адраджэнне нацыянальнае, наадварот, выяўляецца пераважна ў тых народаў Усх. Еўропы, у славянскім, азіяцкім і афрыканскім рэгіёнах, гіст. працэсы ў якіх характарызуюцца нераўнамернасцю і катастрафічнасцю. У полі зроку Адраджэння нацыянальнага як заканамернай сусв.-гіст. з’явы, якая паўтараецца ў пэўным «гістарычным рытме», Рэнесанс бачыцца як яго этап, на якім адбываецца станаўленне нац. дзяржаў, нац. культур і моў.
Прыкметы раннехрысц. адраджэння (станаўленне дзяржавы і прававых інстытутаў, высокі ўзровень дойлідства, ужытковага і царк.выяўл. мастацтва, асветніцтва Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага) з’явіліся на Беларусі ў 11—13 ст. у выніку творчага парыву маладога этнасу і ўплыву вытанчанай эліністычнай культуры Візантыі. Бел. грамадска-паліт. і творча-культ. ўзлёт у 16—1-й пал. 17 ст. (кнігадрукаванне і асветніцтва Ф.Скарыны, высокі ўзровень правасвядомасці, зафіксаваны ў Статутах ВКЛ 1529, 1566, 1588, развіццё свецкай л-ры і мастацтва, дзяржаўнасць бел. мовы) абумоўлены бел. дзяржаўнасцю, культ. сувязямі з Зах. Еўропай, уплывам гуманіст. светапогляду. Ва ўмовах упадку (2-я пал. 17—18 ст.) і ліквідацыі (канец 18 — пач. 20 ст.) бел. дзяржаўнасці нац. культура развівалася, набывала новыя, свецкія формы (архітэктура, тэатр, лацінская і польскамоўная л-ра, асв. філасофія), аднак паступова была адсунута афіц. польскай і рус. культурамі на этнагр., часткова царк.-прыходскі ўзровень. Парадокс бел. гісторыі і культуры ў тым, што т.зв. «адсталасць» і «забітасць» карэнных беларусаў, пераважна сялянства, дазволілі захаваць генет. «ядро» самабытнай нар. культуры, якое пазней стала асновай Адраджэння нацыянальнага. Традыц.этн. культура і яе носьбіты былі выключаны са сфер афіц. функцыянавання і праз гэту сваю ізаляванасць пазбеглі дэнацыяналізацыі, растварэння ў афіц. польск. і рус. культурах. Пад прэс паланізацыі і русіфікацыі трапілі толькі «вяршкі» культуры, яе афіцыйная функцыян. частка — школа, друк, некаторыя прафес. віды і жанры мастацтва, сферы дзярж. кіравання — тое, з чаго фактычна была выключана асн. частка бел. народа.
Бел. Адраджэнне нацыянальнае пачалося ў 19 ст. і прайшло некалькі этапаў. Чарговыя хвалі ўздыму ў неспрыяльных умовах змяняліся спадам, што дазваляе гаварыць пра адносную самастойнасць кожнага з гэтых этапаў, бо яны адрозніваліся сваімі мэтамі і вынікамі, грамадскімі сіламі і духоўнымі імпульсамі, якія выклікалі адраджэнцкі рух. Першы этап пачаўся ў рэгіёне ўплыву Віленскага ун-та як літаратурнае асветніцтва ліберальна-рамант. кірунку: яго дзеячы, пісьменнікі і публіцысты на сумежжы польск. і бел. культур (Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, Р.Падбярэскі, В.Дунін-Марцінкевіч і інш.) марылі пра аднаўленне гіст. пройдзенай рэальнасці — Рэчы Паспалітай на канфедэратыўных асновах. Пасля задушэння паўстання 1863—64, паліт. рэакцыі і застою ў апошняй чвэрці 19 ст. пачаўся другі этап Адраджэння нацыянальнага — пераважна мірнага руху, нацэленага на выхаванне самасвядомасці народа, развіццё яго мовы, л-ры, інш. відаў мастацтва, грамадскай думкі, на стварэнне незалежных ад уладсац.-культ. структур — аматарскіх і прафес. суполак, партый, нац. друку, кнігавыдавецтваў, набліжэння школы і царквы да традыцый нац. культуры. Прарокам новай хвалі Адраджэння нацыянальнага быў Ф.Багушэвіч, які вызначыў сутнасць бел.нац. ідэі. За нац. самавызначэнне выступіў падп.час. «Гомон». Пасля рэв. 1905—07 рух набыў масавы характар і даў значныя вынікі — нац. класічную л-ру (творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, А.Гаруна і інш.), развіццё кнігадрукавання і бел.перыяд. друку («Наша ніва», «Наша доля», «Маладая Беларусь» і інш.), станаўленне нац. школы ў тэатр., муз. і інш. відах мастацтва, арг-цыянац.паліт. партый і рухаў, пачатак бел. асветы. Завяршальным звяном гэтага этапу Адраджэння нацыянальнага была барацьба за паліт. самавызначэнне беларусаў і абвяшчэнне суверэннай Беларускай Народнай Рэспублікі (1918). Ва ўмовах БССР Адраджэнне нацыянальнае выявілася ў практычным ажыццяўленні ў 1920-я г. палітыкі беларусізацыі, у выніку якой створаны нац. школа, навука, масавы друк, тэатральнае, выяўл., муз. і інш.прафес. віды мастацтва, нац. эканоміка і структура дзярж. кіравання. Новы этап Адраджэння нацыянальнага, пераважна на ўзроўні літ.-маст. творчасці грамадскай думкі, пачаўся ў 2-й пал. 1950-х г. ва ўмовах частковага пераадолення вынікаў бальшавіцка-сталінскай палітыкі: бел. культура набыла сусв. вядомасць, адраджаліся яе страчаныя, забароненыя і разбураныя пласты, даследаваліся культ. традыцыі. Аднак у 1970—80-я г. склалася небывала цяжкае становішча ў бел. культуры ў выніку разбурэння крыніц, што жывілі яе (жывое бытаванне нац. мовы ў грамадстве, фальклор і інш. віды аўтэнтычнай культуры). Перспектывы чарговага этапу Адраджэння нацыянальнага залежаць ад рэалізацыі ідэй нац. суверэнітэту, замацаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і інш.заканад. актах краіны.
Літ.:
Богданович М. Белорусское возрождение. М., 1916 (факс. выд.Мн., 1991);
Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. 2 выд.Мн., 1921;
Шантыр Ф. Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і Самаадзначэння народу. Слуцк, 1918 (факс. выд.Мн., 1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬДЫ́ВЫ (Дывехі Раджы),
Мальдыўская Рэспубліка (Дывехі Раджэйгі Джумхурыя), дзяржава ў Паўд. Азіі, на Мальдыўскіх а-вах у паўн.-зах.ч. Індыйскага ак.Пл. 298 км². Нас. 290,2 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — мальдыўская (дывехі). Сталіца — г.Мале.
Падзяляецца на 20 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (26 ліп.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сходу грамадзян (меджлісу), які складаецца з 48 членаў (40 выбіраюцца на ўсеагульных выбарах і 8 назначаюцца прэзідэнтам). Выканаўчая ўлада ажыццяўляецца прэзідэнтам з дапамогай кабінета міністраў, які падсправаздачны меджлісу. На чале 20 адм. акруг стаяць кіраўнікі, прызначаныя прэзідэнтам. Кантроль за іх дзейнасцю ажыццяўляе мін-ва па справах атолаў.
Прырода. Астравы нізінныя, каралавага паходжання, утвараюць 2 паралельныя ланцугі. Складаюцца з 26 атолаў, уключаюць каля 2 тыс. дробных каралавых астравоў. Частка іх абкружана бар’ернымі рыфамі. Найб.выш. 24 м. Клімат экватарыяльны мусонны. Сярэдняя т-ра ўвесь год 24—28 °C. Ападкаў каля 2500 мм за год. Рэк і ручаёў няма. Порысты вапняковы грунт не затрымлівае ваду, таму адзначаецца яе недахоп. Гаі какосавых пальмаў, хлебнага дрэва. Мора багатае рыбай.
Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва складаюць мальдыўцы (саманазва дывехі), гавораць на мове, якая адносіцца да індаарыйскай групы індаеўрапейскай сям’і. Жывуць невял. групы сінгалаў, дравідаў, арабаў, афрыканцаў. Вернікі — мусульмане-суніты. Сярэднегадавы прырост 3,47% (1977). Сярэдняя шчыльн. 974 чал. на 1 км². Заселены толькі 202 буйнейшыя астравы. Каля 30% насельніцтва жыве ў адзіным горадзе М. — Мале (63 тыс.ж., 1995), 54% працаздольнага насельніцтва занята ў абслуговых галінах, 25% — у рыбалоўстве і сельскай гаспадарцы, 21% — у прам-сці.
Гісторыя. У 3—1 ст. да н.э. М. засялілі выхадцы з Шры-Ланкі і Індыі. Да сярэдзіны 12 ст. пануючай рэлігіяй быў будызм. У 1153 прапаведнік Мухамад ул-Абдала схіліў насельніцтва М. да ісламу, заснаваў на М. султанат і абвясціў сябе султанам. У 1558 партугальцы захапілі в-аў Мале, але ў 1573 выгнаны. У 16—17 ст. султанат знаходзіўся ў залежнасці ад галандскіх, а з пач. 19 ст. — англ.улад Цэйлона (цяпер — Шры-Ланка); з 1887 — брыт. пратэктарат. У 1953—54 М. — рэспубліка, потым манархія. З 1956 на М. існавала буйная база брыт.ВПС. 27.7.1965 абвешчана незалежнасць М. З 11.11.1968 — рэспубліка на чале з прэзідэнтам І.Насірам. У 1976 выведзены ўсе брыт. войскі. У 1978 рэферэндум ухваліў назначэнне прэзідэнтам М.А.Гаюма, які ліквідаваў спробы дзярж. пераваротаў у 1980, 1981 і 1988. У лют. 1990 абвешчана праграма шырокай дэмакратызацыі паліт. жыцця ў краіне. Пачалося стварэнне апазіцыйных партый. З 1.1.1998 увайшла ў сілу новая канстытуцыя М., якая прадугледжвае шырокае кола дэмакр. праў і свабод грамадзян. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў снеж. 1993.
М. — чл.ААН (з 1965), Садружнасці (з 1985), Асацыяцыі рэгіянальнага супрацоўніцтва Паўд. Азіі (з 1985).
Гаспадарка. М. — слабаразвітая краіна. Штогадовы даход на 1 чалавека складае каля 900 дол. ЗША. Аснова эканомікі — замежны турызм, рыбалоўства і перапрацоўка рыбы. На М. створаны 2 турыстычныя цэнтры на а-вах Курумба і Бандас. У краіне штогод бывае каля 325 тыс. турыстаў пераважна з Зах. Еўропы, Японіі, Індыі. У 1998 прыбытак ад гэтай галіны склаў 287 млн.дол. Турыстаў прывабліваюць маляўнічыя ўзбярэжжы атолаў, купанні ў цёплым моры, сонечнае надвор’е, гіст. і арх. помнікі. У 1996 вылаўлена 105,6 тыс.т рыбы (пераважна тунец). Рыбалоўны флот налічвае каля 5 тыс. невял. ветразевых і маторных суднаў і лодак. З галін прам-сці найб. развіты суднабудаванне (буд-ва невял. суднаў), харч. (мукамольная, рыбакансервавая), тэкст., швейная. Здабыча пяску і каралаў. Новая галіна — зборка электронных кампанентаў. Шырока развіты разнастайныя рамёствы: кавальскае, выраб прадметаў хатняга ўжытку, драўляных лодак, цыновак, кошыкаў, рыбалоўных сетак з валакна какосавых арэхаў, разьбярства па дрэве, выраб упрыгожанняў і сувеніраў з каралаў і ракавін. Ёсць цеплавыя электрастанцыі, якія працуюць на імпартаваным паліве і выпрацоўваюць штогод каля 60 млн.кВт∙гадз электраэнергіі. Важная крыніца даходу — выпуск паштовых марак. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 3 тыс.га. Вырошчваюць какосавую пальму (збор штогод каля 10 млн.шт. арэхаў), хлебнае дрэва, цытрусавыя, манга, бананы, агародніну (перац, цыбуля, памідоры), караняплоды (ямс, батат), збожжавыя (проса). Жывёлагадоўля не развіта з-за адсутнасці кармавых угоддзяў. Птушкагадоўля. Транспарт пераважна марскі. Гандл. флот М. налічвае 19 суднаў. 2 міжнар. аэрапорты (каля г. Мале і на в-ве Ган). На астравах 10 км аўтадарог. У 1995 экспарт склаў 50 млн.дол., імпарт 268 млн. долараў. М. экспартуе пераважна рыбу і морапрадукты (50 % па кошце), копру, тэкст. і электронныя вырабы. У імпарце пераважаюць прамысл. і харч. тавары, паліва. Асн. знешнегандл. партнёры: Сінгапур, Індыя, Шры-Ланка, Японія. Краіна атрымлівае дапамогу ад асобных дзяржаў і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — мальдыўская руфія.
А.А.Дабрыцкая (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ КАЛЕДО́НІЯ (Nouvelle Calédonie),
уладанне Францыі ў паўд.-зах. частцы Ціхага ак., у Меланезіі. Складаецца з гал. в-ва Н.К. (пл. 16,8 тыс.км²), а-воў Луаятэ (2 тыс.км²) і інш.Пл. 19,1 тыс.км². Нас. 197,4 тыс.чал. (1999). Адм. і эканам. ц., гал. порт — г.Нумеа. Афіц. мова — французская. Падзяляецца на 3 правінцыі. Нац. свята — Дзень узяцця Бастыліі (14 ліп.).
Прырода. Большую ч. в-ва Н.К. займае пласкагор’е, на якім узнімаюцца асобныя горныя вяршыні да 1628 м. На астатніх астравах пераважае нізкагорны рэльеф. Карысныя выкапні: руды нікелю (запасы металу 45 млн.т, каля 20% сусветных), кобальту, медзі, хрому, жалеза, марганцу, сурмы. Ёсць радовішчы золата, серабра, свінцу. Клімат трапічны. Сярэдняя т-растудз. 24—26 °C, ліп. 20 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 3000 мм на ўсх. схілах да 700 мм на заходніх. Летам бываюць трапічныя ўраганы. Рэкі невялікія і парожыстыя. У раслінным покрыве шмат эндэмікаў. Пераважаюць рэдкалессі з дрэва ніяулі і высакатраўі. Пад лесам і хмызнякамі 39% пл. Дрэвы кауры, агатыс, новакаледонская хвоя і араўкарыя маюць каштоўную драўніну. Жывёльны свет астраўнога тыпу, вельмі бедны, шмат птушак.
Насельніцтва. Карэнныя жыхары — канакі, або новакаледонцы, адзін з меланезійскіх народаў, складаюць 42,5%, размаўляюць на 27 блізкароднасных мовах і дыялектах. Да карэнных жыхароў адносяцца таксама меланезійцы і палінезійцы а-воў Луаятэ (3,8%). Некарэннае насельніцтва — французы (37,1%), выхадцы з франц. уладанняў у Ціхім ак. (8,4%), інданезійцы (3,6%), в’етнамцы (1,6%) і інш. Карэннае насельніцтва жыве пераважна ў вёсках і звязана з сельскай гаспадаркай, прышлае жыве ў гарадах і пасёлках пры гарнарудных прадпрыемствах. Сярод вернікаў католікаў 60%, пратэстантаў 30%. Сярэднегадавы прырост каля 1,6%. Сярэдняя шчыльн. 10,3 чал. на 1 км². Больш шчыльна населена паўд.ч. вострава, дзе знаходзіцца адзіны значны горад Нумеа (каля 70 тыс.ж., 1998). У сельскай гаспадарцы занята 20% эканамічна актыўнага насельніцтва, у апрацоўчай прам-сці — 16%, у горназдабыўной — 4%, у абслуговых галінах — 60%.
Гісторыя. Н.К. заселена продкамі сучасных меланезійцаў у 2-м тыс. да н.э. На момант з’яўлення еўрапейцаў карэнныя жыхары (канакі) не мелі дзярж. утварэнняў, хоць знаходзіліся на больш высокім узроўні развіцця. чым інш. меланезійцы. Адкрыта ў 1774 англ. мараплаўцам Дж.Кукам. У пач. 19 ст. тут з’явіліся хрысц. місіянеры. У 1853 Н.К. абвешчана ўладаннем Францыі, з 1860 асобная калонія. У 1864—96 месца ссылкі злачынцаў з Францыі (больш за 40 тыс.чал.). Уціск калан.улад выклікаў у 1878 паўстанне канакаў. З 1946 «заморская тэр.» Францыі. У 1956 створана тэр. асамблея. У 1980-я г. адбыўся шэраг выступленняў за незалежнасць Н.К. У 1988 паміж лідэрамі Н.К. і франц. ўладамі дасягнута пагадненне аб мірным урэгуляванні канфлікту. У 1998 усеагульны рэферэндум ухваліў новае пагадненне, паводле якога Н.К. атрымае незалежнасць у бліжэйшыя 15—20 гадоў.
Гаспадарка. Н.К. — краіна з развітой гарнаруднай прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт у 1996—2,1 млрд.дол. (11,4 тыс.дол. на 1 чал.), у т. л. ў прам-сці ствараецца 25%, у сельскай гаспадарцы — 3%, у абслуговых галінах — 72%. У прам-сці гал. значэнне маюць здабыча руд нікелю, кобальту, хрому, жалеза і інш. металаў. Здабыча нікелевых руд вядзецца адкрытым спосабам вакол 4 гарнарудных цэнтраў Непуі, Пора, Куауа і Тыо. Працуюць 2 з-ды па перапрацоўцы нікелевых руд (адначасова атрымліваюць і кобальт). Усе гарнарудныя прадпрыемствы належаць франц. кампаніі «Ле нікель». Вытв-сць феранікелю каля 70 тыс.т за год. Вытв-сць электраэнергіі 1,1 млрд.кВтгадз (1996). ЦЭС даюць 70% электраэнергіі, ГЭС — 30%. З прадпрыемстваў харч. прам-сці піваварныя і кансервавыя з-ды, па перапрацоўцы какосавых арэхаў, апрацоўцы кавы, млыны; з інш. галін — з-ды мылаварныя, пластмасавых вырабаў, буд. матэрыялаў, лесапільныя, мэблевыя, па рамонце і буд-ве невялікіх суднаў. Сельская гаспадарка задавальняе патрэбы насельніцтва на 30%, мае спажывецкі характар. У с.-г. карыстанні каля 230 тыс.га, пераважаюць жывёлагадоўчыя ўгоддзі. У гаспадарках еўрап. каланістаў каля 100 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы мяснога кірунку. Мясц. насельніцтва гадуе свіней і коз. Птушкагадоўля. На экспарт вырошчваюць какосавыя арэхі і каву, на свае патрэбы — бульбу, сланечнік, пшаніцу, кукурузу, ямс, тара, батат, маніёк, агародніну. Трапічнае садоўніцтва. Рыбалоўства. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Транспарт аўтамаб. і марскі. На астравах 5,6 тыс.км аўтадарог, у т. л. 1 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Ёсць падвесныя канатныя дарогі для вывазу руд металаў да ўзбярэжжа. Знешнія сувязі абслугоўваюць марскі флот і авіяцыя. 5 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Нумеа. У 1996 экспарт склаў 500 млн.дол., імпарт 845 млн.дол.Гал. тавары экспарту — феранікель (95% кошту), абагачаныя руды нікелю, кобальту, хрому і інш. металаў, копра, кава; імпарту — харч. прадукты і прамысл. вырабы, паліва. Гал.гандл. партнёры: Францыя (29% экспарту, 45% імпарту), Японія (31% і 4%), Аўстралія (7% і 18%), ЗША (12% экспарту), Сінгапур, Тайвань, Новая Зеландыя. Дадатковыя даходы краіна атрымлівае ад міжнар. турызму. Грашовая адзінка — франк франц. кантор у Ціхім ак.
Літ.:
Меликсетова И.М. Новая Каледония: Прошлое и современность. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКІЯ,
нацыя, асн. насельніцтва Расійскай Федэрацыі. Разам з беларусамі і ўкраінцамі належаць да ўсходніх славян. Жывуць таксама на Украіне, у Казахстане, Кыргызстане, Латвіі, Эстоніі, ЗША, Канадзе, Францыі і інш. У Рэспубліцы Беларусь 1142 тыс.чал. (перапіс 1999). Гавораць на рускай мове. Вернікі пераважна праваслаўныя.
Пачатковы этап фарміравання этнасу Р. адносіцца да 12—13 ст. — перыяду распаду ўсх.-слав. этнакультурнага адзінства стараж.-рускай дзяржавы — Кіеўскай Русі. Фарміраванне рус. народнасці ў 14—15 ст. абумоўлена сац.-эканам. развіццём, звязана з барацьбой супраць мангола-татарскай няволі і ўтварэннем Рускай цэнтралізаванай дзяржавы. Кансалідацыя рус. этнасу завяршылася ў 16 ст.Асн.этнагр. групы, якія адрозніваюцца дыялектамі («оканне» і «аканне») і некат. інш. асаблівасцямі, — паўн. і паўд. велікарусы. Сярэдневелікаруская група (цэнтр. раёны з Масквою) мае ў дыялекце і культуры паўн. і паўд. рысы. Дробныя этнагр. групы — паморы, мяшчора, казакі, стараверы і інш. Сельскія паселішчы ў мінулым на Пн маладворныя, хаты рубленыя, высокія, з драўляным дахам, на Пд мнагадворныя, хаты нізкія, каркасныя, з саламянай страхой і земляною падлогаю. У наш час аблічча сельскіх паселішчаў набліжаецца да гарадскога, аднак пэўная спецыфіка на Пн і Пд яшчэ застаецца. Традыц.рус. адзенне бытавала пераважна ў вёсцы. Сялянкі ў паўн. і сярэдневелікарус. абласцях паверх кашулі надзявалі сарафан, у паўд. — панёву (звычайна ў клетку). Дзяўчаты насілі на галаве павязку-стужку, замужнія жанчыны — кічку, сароку, на святы (пераважна на Пн) какошнік; з сярэдзіны 19 ст. гэтыя ўборы паступова замяняюцца хусткаю. Мужчынскі гарнітур амаль усюды складаўся з кашулі-касавароткі, якую насілі навыпуск, паверх нешырокіх штаноў, з поясам. Верхняе жаночае і мужчынскае адзенне — суконны кафтан, зіпун, зімою — футра, кажух. У 20 ст.традыц. вопратка трапляецца дзе-нідзе на Пд, радзей на Пн і ў Сібіры.
Доўгі час этнонімамі «Р.», «русіны» называлі беларусаў і ўкраінцаў. На Беларусі велікаросы з’явіліся ў 14—15 ст., што было звязана з традыцыямі міждынастычных шлюбаў паміж вял. князямі ВКЛ і князямі маскоўскімі, цвярскімі, разанскімі і інш. Сярод такіх груп згадваюцца пскавічы, паселеныя Вітаўтам у Гродне каля 1405. Значная колькасць «маскавітаў» стала жыць у зах. рэгіёнах Беларусі, пераважна ў гарадах Брэст, Вільня, Драгічын, Камянец, Слонім, Навагрудак. З 16 ст. на Беларусі знаходзілі прытулак Р. — уцекачы ад праследаванняў царк. і дзярж.улад. Абсалютная большасць нашчадкаў гэтых добраахвотных перасяленцаў і ваеннапалонных паступова асімілявалася з бел. насельніцтвам, чаму спрыялі блізкасць мовы і агульнасць рэлігіі — праваслаўе. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. на Беларусь перасялілася некалькі дзесяткаў тысяч Р., якія ўтварылі замкнёную этнаканфесійную групу старавераў (гл.Стараверства). У выніку адрознення ў рэлігіі яны да нашага часу захавалі сваю этнічную адметнасць. У канцы 18—1-й пал. 19 ст. пасля далучэння зямель Беларусі да Рас. імперыі рус. насельніцтва тут павялічвалася марудна. У 2-й пал. 19 ст. доля рус. насельніцтва пабольшала, што ў значнай ступені было абумоўлена ўзмацненнем этнатрансфармацыйных працэсаў пасля паўстання 1863—64, калі рус. мова заняла пануючае становішча ў асвеце, кнігадрукаванні, перыяд. друку і інш. (гл. таксама Русіфікацыя). У найб. ступені працэс атаясамлівання сябе з рус. этнасам закрануў сац. эліту, гар. насельніцтва. Развіццё прам-сці, буд-ва чыгунак і дарог у канцы 19 ст. таксама прыцягнулі значныя групы Р. Паводле тагачаснай афіц. канцэпцыі, якую адстойвалі этнографы, беларусы і ўкраінцы разглядаліся як галіны адзінага рус. народа. Паводле перапісу 1897, у 5 бел. губернях жыло 492 921 чал. Р. (дакладней асоб, якія назвалі рус. мову роднай), што складала 5,8% ад усяго насельніцтва. Самая вял. колькасць і ўдзельная вага Р. назіралася ў Віцебскай губ. (98 тыс.чал., 13,3%). Вял. групы Р. жылі ў Віцебскім, Дзвінскім, Гарадоцкім, Полацкім, Рэжыцкім, Себежскім пав. Віцебскай губ., Вілейскім пав. Віленскай губ., Беластоцкім і Брэсцкім пав. Гродзенскай губ., Бабруйскім і Мінскім пав. Мінскай губ., Гомельскім пав. Магілёўскай губ. Р. была характэрна высокая урбанізаванасць (37,5% усіх Р. жыло ў гарадах), даволі высокі ўзровень пісьменнасці (293 чал. на 1 тыс.), а па колькасці асоб з адукацыяй «вышэй за сярэднюю» яны займалі 1-е месца. У перыяд беларусізацыі ў 1921 пастановай ЦВКБССР за рус. мовай быў замацаваны статус адной з 4 дзяржаўных (зацверджаны Канстытуцыяй 1927). У 1926—27 створаны 14 нац.рус. сельсаветаў (13 у Гомельскай акрузе і 1 Багушэўскі ў Бабруйскім р-не; існавалі да 1935—37), дзейнічалі рус. аддзяленні ў педтэхнікумах, каля 6% вучняў вучыліся ў рус. школах. Разам з тым у ходзе беларусізацыі этнонім «беларусы» стаў набываць дзярж. сэнс і пашыраў свой уплыў на ўсё шматнац. насельніцтва рэспублікі, у т. л. на Р., што вяло да паслаблення іх самасвядомасці. Пасля Вял.Айч. вайны Р. на Беларусі сталі адной з найб. хутка растучых этнічных груп (у 1959—659 тыс.чал., у 1970—939 тыс.чал., у 1979—1134 тыс.чал., у 1989—1342 тыс.чал.). Перапіс 1999 выявіў, што пры захаванні абсалютнай большасцю Р. сваёй мовы ў якасці роднай, назіраюцца і адаптацыйныя працэсы сярод Р. да бел. мовы і культуры (9,1% назвалі бел. мову роднай). Р. ў Рэспубліцы Беларусь маюць мажлівасці для захавання сваёй мовы, культуры, гіст. спадчыны, падтрымліваюць сувязі з гіст. радзімаю. У 1995 рус. мова набыла роўны статус з беларускай. На Беларусі дзейнічаюць Бел. грамадскае рэсп. аб’яднанне «Русь» (аддзяленні ў Віцебску, Гомелі, Гродне, Кобрыне, Мінску), Мінскае гар.т-варус. культуры «Русь». Асн. мэта іх дзейнасці — захаванне, вывучэнне, прапаганда рус. культуры, мовы, аб’яднанне людзей рус. нацыянальнасці, умацаванне дружбы рус. і бел. народаў. Пра гісторыю, гаспадарку і культуру Р. гл. ў арт.Расійская Федэрацыя.
Літ.:
Русские: Ист.-этногр. очерки. М., 1997;
Терешкович П. Русские в Беларуси // Нёман. 1992. №6;
Каспяровіч Г.І. Рускія на Беларусі (дэмагр. аспект) // Нацыянальная палітыка і міжнацыянальныя адносіны на Беларусі ў XX ст.Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМІ́БІЯ (Namibia),
Рэспубліка Намібія (Republic of Namibia), дзяржава ў Паўд.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Анголай і Замбіяй, на У з Батсванай, на ПдУ і Пд з Паўд.-Афр. Рэспублікай (ПАР); на З абмываецца водамі Атлантычнага ак.Пл. 824,3 тыс.км². Нас. 1648,3 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — англійская, шырока ўжываюцца таксама афрыканс і нямецкая. Сталіца — г.Віндхук. Краіна падзяляецца на 13 адм. рэгіёнаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 сак.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — 2-палатны парламент, які складаецца з Нац. асамблеі (72 дэпутаты выбіраюцца ўсеагульным прамым галасаваннем на 5 гадоў) і Нац. савета (26 прадстаўнікоў рэгіёнаў, што выбіраюцца на 6 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду.
Прырода. Большая частка тэр. Н. — пласкагор’е выш. 1300—1500 м на З і 900—1100 м на У. Найб.выш. 2600 м (г. Брандберг). Пласкагор’е спадзіста паніжаецца на У да паўпустыні Калахары, на З уступам абрываецца ў бок прыбярэжнай раўніны — пустыні Наміб. Карысныя выкапні: алмазы, уранавыя, поліметалічныя, медныя, алавяныя, вальфрамавыя, рэдкаметал. руды, сера, прыродны газ і інш. Клімат трапічны, вельмі сухі. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (студз.) ад 18 °C на беразе акіяна да 27 °C ва ўнутр. раёнах, самага халоднага (ліп.) ад 12 °C на Пд да 16 °C на Пн. Ападкаў ад 10—50 мм за год на ўзбярэжжы, да 500—700 мм на ПнУ. Гал. рэкі на Пн — Акаванга, Кунене, на Пд — Аранжавая, астатнія — часовыя вадатокі. На Пн краіны перасыхаючае воз. Этоша. Пераважаюць пустынныя трапічныя глебы і чырванавата-бурыя глебы саваннаў. Расліннасць у пустыні Наміб сукулентная, на пласкагор’і злакава-хмызняковая і хмызняковая, у больш высокіх раёнах паўпустыні і апустыненыя саванны. У складзе жывёльнага свету горных раёнаў і на У эндэмічныя грызуны (даўганос, капскі сляпыш), асобныя віды зайцоў, трубказуб; шматлікія яшчаркі, змеі і інш. Воды акіяна каля берагоў Н. багатыя прамысл. рыбай (сардзінела, макрэль, анчоўс), марскімі ракамі (амары, лангусты), ёсць цюлені. Нац. паркі: Этоша, Наміб, Бераг Шкілетаў, Ноўклуфберге.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва належыць да групы зах. банту: авамба (810 тыс.чал.), каванга (146 тыс.чал.), герэра (114 тыс.чал.) і інш. Жывуць горныя дамара (114 тыс.чал.), гатэнтоты, бушмены (сан). Нас.еўрап. паходжання (100 тыс.чал.) складаецца з афрыканераў, немцаў, англічан. Каля 80% вернікаў хрысціяне (пераважна пратэстанты), астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 2 чал. на 1 км². У пустыні Наміб і паўпустыні Калахары вял. тэрыторыі не маюць пастаяннага насельніцтва. Гар. насельніцтва каля 37%. Найб. гарады: Віндхук (190 тыс.ж., 1995), Людэрыц, Уолфіш-Бей, Цумеб. У сельскай гаспадарцы занята 49%, у прам-сці і гандлі — 25% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. Першыя стаянкі чалавека, выяўленыя на тэр. Н., адносяцца да 2-га тыс. да н.э.Стараж. насельніцтва Н. — плямёны кой-коін (продкі сучасных нама, 3 групы гатэнтотаў), сан (бушмены) і дамара. У 16 ст. сюды прыйшлі плямёны банту (авамба, герэра, каванга і інш.). У канцы 15 ст. ўзбярэжжа Н. адкрылі партуг. мараплаўцы. У 1878 Вялікабрытанія анексіравала раён бухты Уолфіш-Бей. У 1884 Германія ўсталявала пратэктарат над-раёнам Ангра-Пекена, потым над б.ч.тэр. Н., якая стала герм. калоніяй «Германская Паўд.-Зах. Афрыка» (ПЗА). У адказ на прыгнёт герм.улад герэра на чале з С.Магарэра і нама на чале з Х.Вітбоем узнялі ў 1904—07 паўстанне, якое было жорстка задушана герм. войскамі. У 1915 Н. акупіравана Паўд.-Афр. Саюзам (ПАС; з 1961 — Паўд.-Афр. Рэспубліка, ПАР), які ў 1920 атрымаў ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ПЗА. У 1946 урад ПАР анексіраваў ПЗА, ператварыў яе ў сваю правінцыю і распаўсюдзіў на яе рэжым апартэіду. ААН не прызнала анексію і ў 1968 і 1978 прыняла рэзалюцыі аб праве народаў Н. на самавызначэнне. З 1966 узбр. барацьбу супраць акупацыі пачала Народная арганізацыя Паўднёва-Заходняй Афрыкі (СВАПО) на чале з С.Нуёмам. Улады ПАР падтрымліваў створаны з прадстаўнікоў памяркоўных арг-цый Дэмакр. альянс Турнхале. Пад націскам ААН і сусв. супольнасці ўлады ПАР правялі ў ліст. 1989 выбары ва Устаноўчы сход, на якіх перамагла СВАЛО. У студз. 1990 Нуёма выбраны прэзідэнтам Н. 21.3.1990 абвешчана незалежнасць краіны. Урад незалежнай Н. імкнецца праводзіць памяркоўную палітыку, накіраваную на развіццё прыватнага сектара і пазбяганне этн. і сац. канфліктаў. Н. — чл.ААН (з 1990). Дзейнічаюць паліт. арг-цыі: Нар.арг-цыя за вызваленне Паўд.-Зах. Афрыкі, Дэмакр. альянс Турнхале.
Гаспадарка. Н. — аграрная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва ў 1997 склаў 1,9 тыс.дол. ЗША. На долю здабыўной прам-сці прыпадае каля 25% ВУП. Здабыча і экспарт карысных выкапняў пад кантролем паўд.-афр., англа-амер. і ням. капіталу. Н. займае 6-е месца ў свеце па здабычы алмазаў (1,3 млн. каратаў, 1997), пераважна ювелірных; іх здабыча вядзецца ўздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. ад г. Людэрыц да вусця р. Аранжавая. Здабыча вокісу урану (у раёне Свакапмунда), медзі, свінцу, волава, цынку, ванадыю, серабра, кадмію, берылію, літыю, вальфраму, марганцу. На базе руд каляровых металаў у г. Цумеб працуюць з-ды медзеплавільны, па выплаўцы і рафінаванні свінцу, цынку, волава і інш. У 1994 атрымана (тыс.т) вокісу урану — 1,7, свінцу — 24, волава — 1, серабра — 0,09. Вытв-сць электраэнергіі штогод каля 1 млрд.кВт∙гадз. Буйныя ЦЭС у гарадах Віндхук, Цумеб, Уолфіш-Бей; Рваканская ГЭС на р. Кунене. Апрацоўчая прам-сць развіта слаба. Працуюць прадпрыемствы па зборцы машын і абсталявання, суднарамонце (Віндхук, Уолфіш-Бей), дрэваапр. прам-сці, у т. л. мэблевыя, па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (малочныя, мясакансервавыя, мукамольныя), па перапрацоўцы рыбы, амараў, цюленяў, малюскаў, гарбарныя, буд. матэрыялаў і інш. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае каля 8% ВУП, пераважае жывёлагадоўля. Характэрна наяўнасць буйных таварных фермерскіх гаспадарак, якія належаць еўрапейцам, і адсталых натуральных гаспадарак афрыканцаў. Асн. значэнне мае гадоўля каракульных авечак (адно з першых месцаў у свеце па пастаўках аўчын). Пагалоўе (млн. галоў, 1997): авечак — 2,43, буйн. раг. жывёлы — 2,06, коз (пераважна ангорскіх) — 1,82, птушкі — 2,4. Земляробства мае дапаможнае значэнне. Пад ворнымі землямі каля 1% тэрыторыі. Вырошчваюць проса, кукурузу, сорга, пшаніцу, агародніну, бахчавыя культуры. Улоў рыбы ў 1996—267 тыс.т. Даход краіны ад турызму каля 210 млн.дол. штогод. Даўж. гравійных дарог 37,3 тыс.км, асфальтавых 4,5 тыс.км, чыгунак 2,4 тыс.км. Марскія парты — Уолфіш-Бей і Людэрыц. 11 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля г. Віндхук. У 1996 экспарт склаў 1,45 млрд., імпарт — 1,55 млрд.дол. ЗША. Н. вывозіць мінер. сыравіну (30% алмазы), рыбапрадукты (18,5%), аўчыны (8,1%), мясапрадукты (7%) і інш. Імпартуе маш.-буд. і хім. прадукцыю, спажывецкія і харч. тавары. Гал.гандл. партнёры: ПАР (27% экспарту і 85% імпарту), Вялікабрытанія, Германія, Японія. Грашовая адзінка — намібійскі долар.
Літ.:
Балезин АС., Притворов А.В., Слипченко С.А. История Намибии в новое и новейшее время. М., 1993.
В.І.Сініца (гісторыя), Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Намібіі.Да арт.Намібія. Ландшафт у пустыні Наміб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ГЕР (Niger),
Рэспубліка Нігер (République du Niger), дзяржава ва ўнутранай частцы Зах. Афрыкі. Мяжуе на Пн з Алжырам і Лівіяй, на У з Чадам, на Пд з Буркіна-Фасо, Бенінам, Нігерыяй, на З з Малі. Пл. 1267 тыс.км². Нас. 9962,2 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — французская, пашыраны мовы хаўса і джэрма. Сталіца — г.Ніямей. Краіна падзяляецца на 7 дэпартаментаў і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Рэспублікі (18 снежня).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Орган заканад. улады — аднапалатны Нар. сход. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт. Урад падсправаздачны перад парламентам.
Прырода. Большая частка Н. — у Сахары. Ў рэльефе пераважаюць выраўнаваныя плато і раўніны выш. 200—500 м. Найб. узвышаная ч. — пласкагор’е Аір (Азбін) выш. ад 700—800 м на З да 2000 м на У (г. Ідукальн-Тагес, 2022 м). На У — пясчаная пустыня Тэнерэ. Карысныя выкапні: уранавыя (па запасах адно з першых месцаў у свеце) і жал. руды, фасфарыты, золата, каменны вугаль, нафта, марганец, медзь і інш. Клімат на Пн трапічны, пустынны, на Пд субэкватарыяльны. Сярэдняя т-растудз. ад 15 °C на Пн да 25 °C на Пд, ліп. адпаведна 30 і 25 °C. Ападкаў на б.ч. тэрыторыі каля 100 мм за год, на крайнім Пд і ПдЗ — да 800 мм. На ПдЗ адзіная значная р. Нігер, у пустынях і паўпустынях трапляюцца толькі уэды. На ПдУ частка воз. Чад. 87% тэр. займаюць голыя пяскі і камяністыя грунты зоны пустынь і паўпустынь з рэдкімі аазісамі, на Пд і ПдЗ участкі тыповых саваннаў з асобнымі дрэвамі акацый і баабабаў. Жывёльны свет у пустыні — дробныя грызуны, ліс фенек, антылопы арыкс і адакс, у саваннах — газелі, гепарды, гіены, шакалы. Шмат птушак. Міждзяржаўны нац. парк Дубль-В (часткі ў Беніне, Буркіна-Фасо і Н.), некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. На Пд, уздоўж граніц з Нігерыяй, жывуць хаўса (56% насельніцтва краіны, па мове адносяцца да афразійскай сям’і), на ПдЗ — джэрма і сангаі (разам 22%, мова ўваходзіць у ніла-сахарскую сям’ю). Жывуць таксама туарэгі, кануры, фульбе, маўры і інш. Еўрапейцаў каля 2 тыс., у т. л. 1,2 тыс. французаў. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане (80%), ёсць прыхільнікі мясц. вераванняў (на Пд) і хрысціяне (у гарадах). Сярэдні прырост 2,95% (1999). Сярэдняя шчыльн. 7,9 чал. на 1 км², каля палавіны насельніцтва сканцэнтравана ў даліне р. Нігер. У гарадах жыве 13% насельніцтва. У г. Ніямей 600 тыс.ж. (1998). Больш за 50 тыс.ж. у гарадах Зіндэр і Марады. У сельскай гаспадарцы занята 90% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 6%, кіраванні — 4%.
Гісторыя. Негроідныя плямёны жылі на тэр. Н. з часоў неаліту. Караванны гандаль цераз Сахару спрыяў узнікненню тут шэрагу гарадоў. У сярэднявеччы розныя раёны Н. ўваходзілі ў склад дзяржаў Сангаі (7—16 ст.), Канем-Борну (9—19 ст.) і інш., з пач. 19 ст.Паўд. Н. увайшоў у халіфат Сакота. У канцы 19 ст.тэр. Н. заваявана Францыяй: у 1904—22 «Ваен.тэр. Н.», з 1922 асобная калонія ў складзе Франц.Зах. Афрыкі. Каланізацыя Н. выклікала некалькі ўзбр. выступленняў, найб. з іх — паўстанне туарэгаў у 1914—17. Пасля 2-й сусв. вайны нац.-вызв. рух у Н. ўзначаліла Нігерская прагрэсіўная партыя (НПП, засн. ў 1946), якая складалася з прадстаўнікоў традыц. племянных вярхоў, інтэлігенцыі і чыноўнікаў. У 1946 Н. атрымаў статус заморскага дэпартамента Францыі, у 1957 абвешчаны аўт. рэспублікай у складзе Франц. супольнасці.
З 18.12.1960 Н. — незалежная дзяржава на чале з лідэрам НПП А.Дыёры. У Н. ўсталяваўся аднапартыйны рэжым, які падтрымліваў сувязі з Францыяй і спрыяў прыватнаму прадпрымальніцтву. Незадаволенасць насельніцтва карупцыяй улад, іх няздольнасцю ліквідаваць вынікі моцнай засухі 1968—74 прывялі да ваен. перавароту 15.4.1974. Улада перайшла да Вышэйшага ваен. савета (BBC) на чале з палкоўнікам С.Кунчэ (1974—87). У канцы 1980-х г. новае кіраўніцтва BBC на чале з А.Сайбу (1987—93) пачало дэмакратызацыю паліт. жыцця Н. У 1990 дазволена стварэнне паліт. партый, у снеж. 1992 прынята дэмакр. канстытуцыя. У сак. 1993 прэзідэнтам Н. выбраны лідэр партыі Дэмакр. і сац. канвент — «Рахама» М.Усман. Барацьба ў кіраўніцтве Н. прывяла да ваен. перавароту 27.1.1996. Новая канстытуцыя 1996 значна пашырыла паўнамоцтвы прэзідэнта, а ў ліп. 1996 прэзідэнтам Н. выбраны лідэр ваенных — І.Б.Майнасара. Пасля забойства Майнасары ў крас. 1999 у выніку няўдалага дзярж. перавароту новым прэзідэнтам Н. ў ліст. 1999 выбраны Т.Мамаду.
Н. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства.
Дзейнічаюць паліт. партыі: Дэмакр. і сац. канвент — «Рахама», Альянс за дэмакратыю і прагрэс.
Гаспадарка. Н. — эканамічна слабаразвітая краіна з адсталай эканомікай. Па ўзроўні эканам. развіцця адносіцца да найменш развітых краін. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. за год 670 дол. (1997). Сельская гаспадарка дае 40% ВУП, прам-сць — 18%, абслуговыя галіны — 42%. Пасля заваявання незалежнасці разам з прыцягненнем замежнага і нац. прыватнага капіталу ўрад імкнецца расшырыць дзярж. сектар. У сельскай гаспадарцы гал. ролю адыгрывае папарнае матычнае земляробства. Пад ворывам каля 3,8 млн.га, пад пашай каля 8,9 млн.га. Арашаецца 66 тыс.га у даліне р. Нігер і асобных раёнах на Пд краіны. Гал. земляробчы раён — ПдЗ і Пд. У земляробстве захавалася абшчыннае землеўладанне. Дробныя натуральныя і паўнатуральныя сял. гаспадаркі даюць гал. частку с.-г. прадукцыі. У даліне р. Нігер складваюцца таварныя гаспадаркі экспартнага кірунку. Гал.харч. культуры — проса, сорга, кукуруза, рыс, маніёк, батат, бабовыя, агародніна. На экспарт ідзе частка арахісу і бавоўны. Сярэднегадавы ўраджай (тыс.т): збожжавых — 1600, арахісу — 190—312, бавоўны — 4—10, агародніны — каля 80. Жывёлагадоўля качавая і паўкачавая. Пад пашу выкарыстоўваюцца паўпустыні і саванны на Пд краіны. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 6,15, коз і авечак больш за 6, вярблюдаў 0,3. Птушкагадоўля (20 млн. курэй). Рыбалоўства ў воз. Чад і р. Нігер (каля 20 тыс.т штогод). Збор гуміарабіку (на ПдУ). Прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі горназдабыўной, апрацоўчай і буд. галін. У 1996 атрымана 170 млн.кВт∙гадз электраэнергіі, 195 млн.кВт∙гадз імпартавана з Нігерыі. Электрастанцыі працуюць пераважна на драўніне (85%). Гал. экспартная галіна — горназдабыўная прам-сць. Н. — адзін з вядучых вытворцаў уранавай сыравіны. Здабыча уранавых руд вядзецца ў Аіры (цэнтр здабычы г. Арлі) кампаніямі з пераважнай доляй капіталу з Францыі, Германіі, Італіі, Японіі і інш. Працуюць 2 з-ды па вытв-сці уранавага канцэнтрату магутнасцю 2 тыс.т за год кожны. Вядзецца невял. здабыча каменнага вугалю (каля 170 тыс.т у год), фасфарытаў, кухоннай солі. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена невял. прадпрыемствамі харч., тэкст., гарбарна-абутковай галін, вытв-сцю буд. матэрыялаў, хім. і фармацэўтычнай прадукцыі. Прадпрыемствы харч. прам-сці: 3 з-ды па атрыманні арахісавага алею, мукамольны, малаказавод, бойня-халадзільнік і піўзавод у г. Ніямей, млын і цэх безалкагольных напіткаў у г. Зіндэр. Тэкст.прам-сць: 5 бавоўнаачышчальных, тэкст., прадзільна-ткацкая ф-кі. Прадпрыемствы па апрацоўцы скур, абутковае прадпрыемства канцэрна «Баця» (1,25 млн. пар абутку за год). Вядзецца зборка кузаваў і прычэпаў для аўтамашын, вытв-сць мэблі, дробнага с.-г. інвентару і інш. Ёсць прадпрыемствы па вытв-сці цэглы і цэменту, керамічных і мармуровых плітак. У г. Ніямей фармпрадпрыемства і мылаварна-парфумерная ф-ка і інш. Развіты рамёствы: саматужны выраб біжутэрыі, упрыгожанняў з золата і серабра, тканін, скураных вырабаў, адзення, абутку, ганчарная вытв-сць. Транспарт пераважна аўтамабільны. У краіне 41,6 тыс. аўтамашын (1998). Аўтадарог 10,1 тыс.км, у т. л. 798 км з цвёрдым пакрыццём. Рака Нігер суднаходная ніжэй г. Ніямей. У краіне 27 аэрапортаў, у т. л. 2 міжнар. каля гарадоў Ніямей і Агадэс. У 1997 экспарт склаў 267 млн.дол., імпарт 295 млн. долараў. Н. экспартуе уранавы канцэнтрат (50% па кошце), жывёлу і прадукцыю жывёлагадоўлі (20%), бабовыя, агародніну; імпартуе харч. і спажывецкія тавары, трансп. сродкі, паліва. Гал.гандл. партнёры: Францыя (у асобныя гады больш за 50% экспарту і імпарту), Канада, Нігерыя, Японія, Бельгія і інш. Знешні доўг 1,6 млрд.дол. (1998). Краіна атрымлівае дапамогу міжнар. арг-цый і асобных краін (найб. Францыі). Грашовая адзінка — афр. франк (франк КФА).
Архітэктура і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У паўд.-зах. раёнах пашыраны саламяныя хаціны, на У — глінабітныя або складзеныя з камянёў дамы з травяным дахам. Гліняныя зернясховішчы ў форме круглай пасудзіны з адтулінай зверху да 3 м вышыні. На Пн качавое насельніцтва (туарэгі, фульбе) жыве ў шатрах, накрытых скурамі. У горадзе будуюць жылыя дамы і мячэці з банка (сумесь гліны з саломай). Жылыя дамы ў Зіндэры, Тахуа і інш. прамавугольныя ў плане, з несапраўднымі купаламі з пальмавых ствалоў або двухсхільным чаротавым пакрыццём (вільчак апіраецца на гліняны слуп унутры будынка), маюць прамавугольныя парталы з рэльефным арнаментам і зубцамі па вуглах. Мячэці складаюцца з вял. шматслупавой залы з плоскім земляным пакрыццём на драўляных бэльках і мінарэта ў выглядзе ўсечанай піраміды, у якой знадворку тырчаць канцы драўляных гарыз. сувязей. Новыя кварталы г. Ніямей і інш. гарадоў забудоўваюцца паводле сучаснага еўрап. тыпу. У раёне Ніямея і ў абласцях, населеных хауса, вырабляюць ціснёныя скураныя вырабы з яркай афарбоўкай — сумкі, сёдлы, абутак, пасудзіны, каралі. Пашыраны кавальства, ювелірная справа, пляценне. Вырабляюцца нажы з бронзавай і сярэбранай інкрустацыяй, сярэбраныя бранзалеты і падвескі, конская вупраж. Сярод ганчарных вырабаў пашыраны пасудзіны з выцісненым і размаляваным арнаментам. Вырабляюць ярка афарбаваныя тканіны (пераважна чырвонага, белага, блакітнага колераў), пасудзіны з гарбузоў (калебасы) з разным і выпаленым арнаментам.
К.А.Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.І.Сініца (гісторыя).
Герб і сцяг Нігера.Да арт.Нігер. Мячэць у Агадэсе. 16 ст.Да арт.Нігер. Тыповы ландшафт пустыннай саванны на поўдні краіны.Да арт.Нігер. Уранавы руднік у Арлі.Да арт.Нігер. Зернясховішчы.Да арт.Нігер. Жаночая сумка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́Ж,
горад, цэнтр Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. За 112 км ад Мінска, 14 км ад чыг. ст. Гарадзея на лініі Мінск—Баранавічы. Аўтадарогамі злучаны з Баранавічамі, Клецкам, Навагрудкам, Стоўбцамі, з аўтамагістраллю Мінск—Слуцк. 14,6 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў 1446 як уласнасць Сяляўкі, перададзеная вял.кн.ВКЛ Казімірам М.Неміровічу. З 1492 уласнасць маршалка ВКЛ П.Я.Мантыгірдавіча, з 1523 — Радзівілаў. У 1547 з атрыманнем М.Радзівілам Чорным княжацкага тытула Н. стаў цэнтрам Нясвіжскага княства. У сярэдзіне 16 ст. ў Н. дзейнічаў кальвінскі збор. Па ініцыятыве М.К.Радзівіла Сіроткі 23.4.1586 Н. атрымаў магдэбургскае права. У 1586 засн.Нясвіжскі езуіцкі калегіум, у 1591 — Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак, у 1598 — Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. У 1583 пачата буд-ва Нясвіжскага замка (гл. ў арт.Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс). У 1586 Н. стаў цэнтрам зямельнага ўладання Радзівілаў — Нясвіжскай ардынацыі з рысамі дзярж. адзінкі ў Навагрудскім ваяв. У вер. 1655 і 1660 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Н. заняты ўкр. казакамі і рас. войскамі, але замак аблогу вытрымаў. У 1672 засн.Нясвіжскі кляштар дамініканцаў. У 1673 у Н. каля 2,4 тыс.ж., 366 «дымоў». У 1681 заснаваны штогадовы Міхайлаўскі кірмаш (праводзіўся на свята св. Міхаіла, 29 вер.). Моцна пацярпеў Н. ад шведаў у 1706 у час Паўночнай вайны 1700—21, адбылася Нясвіжа абарона 1706. Горад і замак адбудаваны ў 1720-я г. М.К.Радзівілам Рыбанькам. У прыгарадзе Н. Альбе знаходзілася загарадная рэзідэнцыя Радзівілаў, дзе быў пабудаваны палац, разбіты парк, выкапаны каналы, у 1726—36 працаваў Нясвіжскі чыгуналіцейны завод. У 1764 і 1768 Н. заняты рас. войскамі з-за антырас. пазіцыі К.С.Радзівіла Пане Каханку. З 1793 у Рас. імперыі, да 1796 цэнтр Нясвіжскага павета, пасля заштатны горад Слуцкага пав. У канцы 18 ст. ў Н. 2,7 тыс.ж., 409 дамоў. У ліст. 1812 як уладанне Д.Радзівіла, які з атрадам дзейнічаў у складзе войск Напалеона, заняты рас. арміяй, каштоўнасці замка канфіскаваны. У 1897 у Н. 8446 ж. У ліст. 1917 тут адбыўся 2-і з’езд салдат 2-й арміі Заходняга фронту. У лютым—снеж. 1918 акупіраваны герм. войскамі, 6.8.1919 заняты польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр павета Навагрудскага ваяв. У кастр. 1926 у Н. адбылася сустрэча маршала Ю.Пілсудскага з буйнымі землеўладальнікамі. З вер. 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр раёна. У 1939—8,5 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну 28.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў горадзе больш за 6 тыс.чал., у 1943 дзейнічала падп. група. Вызвалены 2—4.7.1944 часцямі 65-й арміі 1-га Бел. фронту ва ўзаемадзеянні з партызанамі ў ходзе Мінскай аперацыі 1944. У 1959—6,7 тыс. ж.
Працуюць (2000) Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў, хлебазавод, швейная ф-ка, малочны з-д, камбінат быт. паслуг, рыбгас «Альба»; Нясвіжскі педагагічны каледж, санаторый «Нясвіж», Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей.
У 1580-я г. на тэр. сучаснага Н. пачало фарміравацца паселішча гар. тыпу. Да 1533 на месцы стараж. гарадзішча пабудаваны драўляны замак. Ад першага ўпамінання Н. ў пісьмовай крыніцы ў 1446 і да пач. 16 ст. тут існаваў феад. двор, які ў канцы 15 ст. быў умацаваны. У 1589 пачалося буд-ва ратушы. У канцы 15 ст. пабудаваны касцёл св. Духа, існавала правасл. царква Раства Багародзіцы. У канцы 16 — пач. 17 ст. фарміруецца арх. аблічча Н. (захавалася яго планіровачная структура з невял. зменамі). М.К.Радзівіл Сіротка з удзелам запрошаных ім італьян. архітэктараў узвёў мураваны замак, абнесены земляным валам і вадзяным ровам. У пач, 17 ст. вакол Н. насыпаны земляныя бастыёны і курціны (іх рэшткі захаваліся на беразе Дзявочага става каля кляштара бенедыкцінак, даўж. каля 100—150 м). У 1584—1616 Н. набыў рэгулярную сістэму планіроўкі, сфарміраваўся як горад-крэпасць. Рака падзяляла яго на 2 часткі: уласна горад з замкам і яго прадмесце Новае места, якое будавалася на працягу 17 ст. На 4 асн. уездах у горад былі збудаваны брамы: Нясвіжская замкавая вежа, Нясвіжская Слуцкая брама, Віленская (спачатку наз. Мірская) і Клецкая. Н. меў прамавугольную сістэму планіроўкі з невял. квадратнымі кварталамі. Кампазіцыйным цэнтрам была прамавугольная ў плане Рыначная плошча, забудаваная па перыметры з 3 бакоў мураванымі жылымі дамамі, у цэнтры якой знаходзілася мураваная ратуша. У 17 ст. абапал яе размяшчаліся гандл. рады (перабудаваны ў 18 ст.; гл.Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады). У 1672 за ратушай узведзены мураваны дамініканскі кляштар (не захаваўся). Аснову планіровачнай структуры складалі 2 узаемна перпендыкулярныя вуліцы. Адна, больш працяглая (частка гасцінца Слуцк—Вільня), праходзіла праз увесь горад з З на У і злучала Слуцкую і Віленскую брамы, другая (наз. Водная) — з Пн на Пд, звязвала Рынак з замкавай грэбляй. З канца 16 ст. Н. забудоўваўся паводле класічнай рэнесансавай схемы, прамаляванай ням. жывапісцам А.Дзюрэрам у выглядзе чалавечага цела: замак — галава, калегіум езуітаў з касцёлам — сэрца, ратуша і гандл. рады на рынку — страўнік, рукі і ногі пазначаны кляштарамі і цэрквамі па перыметры горада. Некат. карэкціроўка ўнесена наяўнасцю забалочанага поплаву р. Уша. У канцы 16 ст.паўн.-ўсх. частцы горада, каля замкавай вежы, пабудаваны Нясвіжскі касцёл езуітаў і Нясвіжскі езуіцкі калегіум, у паўд.-ўсх. частцы — Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак, у паўн.-зах. частцы — Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. У 1673 узведзены Нясвіжскі кляштар бенедыкцінцаў з касцёлам св. Крыжа. У 2-й пал. 16 ст. ўзнік прыгарад Альба, дзе ў 17—18 ст. сфарміраваўся Альбінскі палацава-паркавы ансамбль. У 1654 і 1659 горад разбураны, у 1706 разрабаваны і спалены, узарваны бастыёны, горад пацярпеў і ад пажараў 1836 і 1843 (згарэла 150 дамоў). У 1720-я г. адбудаваны. У 18 ст. існаваў гар. палац, у 19 ст. — цэрквы Праабражэнская (з 1846 у будынку ратушы), Георгіеўская, Прачысценская (пабудавана ў 1577), 2 касцёлы, сінагога, 7 яўр. малітоўных дамоў. Сучасны горад захаваў гіст.арх.-планіровачную структуру. Ракой і вадаёмам ён падзелены на паўн.-зах. (гіст.) і паўд.-ўсх. (асн. жылы масіў з грамадскім цэнтрам) часткі, звязаныя паміж сабой земляной дамбай і мостам. Асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Ленінская—Савецкая-1 Мая і Шымко—К.Лібкнехта—Садовая (з Пн на Пд). Пасля Вял.Айч. вайны горад развіваўся паводле схемы планіроўкі 1955 (Баранавіцкія праектныя майстэрні) і генплана 1965 (ін-т «Белдзяржпраект»), Гал. вуліца — Ленінская. Адм.-грамадскі і культ. цэнтр сфарміраваўся на Цэнтральнай плошчы (б. Рыначная), на ёй разбіты сквер. Цэнтр забудаваны 3—5-павярховымі дамамі. Сфарміраваліся паўн.-зах. і паўд.-ўсх.вытв. зоны. Зона адпачынку — паркі, вадаёмы, лесапарк. Захаваліся помнікі архітэктуры 16—19 ст.: плябанія, Нясвіжскі«Дом на рынку» і інш. Паводле генплана 1982 (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. Т.Станішэўская) і праекта дэталёвай планіроўкі цэнтра 1978 (ін-т «Мінскграмадзянпраект», арх. А.Кракалёва, Л.Шылінская, Г.Перліна) прадугледжана далейшае развіццё горада на ПдЗ і ПдУ, стварэнне грамадскага цэнтра на стыку гіст. цэнтра з раёнамі новай жылой забудовы. У 1985 распрацаваны праект рэстаўрацыі і рэгенерацыі гіст. забудовы Н. (арх. Г.Босак, А.Дарэнскі, Т.Куцапалава і інш.). У 1982 у Н. пастаўлены помнік С.Буднаму (скульпт. С.Гарбунова).
Да 20 ст.культ. жыццё Н. развівалася дзякуючы мецэнатам — князям Радзівілам. У 16 і 18 ст. працавала Нясвіжская друкарня, заснаваная С.Будным, М.Кавячынскім і Л.Крышкоўскім і адроджаная Радзівілам Рыбанькам. У 16 ст. склаўся т.зв. Нясвіжскі літ. гурток, у які ўваходзілі С.Будны, А.Рымша, Г.Пельгжымоўскі, Я.Радван, Я.Козак, пазней — Б.Будны і С.Рысінскі. У замку захоўваліся творы дэкар.-прыкладнога мастацтва, карціны, архіў і б-ка Радзівілаў; буйныя кнігазборы былі ў кляштарах. У канцы 16 — пач. 17 ст. пры двары Радзівіла Сіроткі працаваў гравёр і картограф Т.Макоўскі, складзена 1-я дакладная карта ВКЛ. Пры езуіцкім калегіуме з 1610 існавала муз. бурса, з 1620 — канвікт (інтэрнат) для малазабяспечаных вучняў, з 1627 — аптэка, меўся шпіталь, у 1696—1758 дзейнічаў школьны т-р. У 17 ст. ў калегіуме выкладалі паэт М.К.Сарбеўскі, філосаф З.Лаўксмін, у 18 ст. — паэт і драматург Ю.Катэнбрынг, гісторык Я.А.Пашакоўскі. У сярэдзіне 18 ст. Радзівіл Рыбанька заснаваў Нясвіжскую мануфактуру шаўковых паясоў, Нясвіжскую дывановую мануфактуру і Нясвіжскую суконную мануфактуру. У 18 ст. ў Н. працавалі архітэктар К.Ждановіч, мастакі Гескія, гравёр Г.Ляйбовіч. У 18 ст. дзейнічаў Нясвіжскі кадэцкі корпус для падрыхтоўкі афіцэраў радзівілаўскага войска. У 18 — пач. 19 ст. існавалі Нясвіжскі тэатр Радзівілаў з Нясвіжскай балетнай школай, Нясвіжская капэла Радзівілаў з Нясвіжскай музычнай школай; ставіліся п’есы Ф.У.Радзівіл, оперы М.Радзівіла. У выніку канфіскацый рас.улад у 1772 і 1812 страчана значная частка замкавай б-кі, музейных збораў і каштоўнасцей. У 1815 у Н. жыў паэт-дзекабрыст К.Ф.Рылееў, у 1833—35 і 1840—44 — паэт У.Сыракомля. Пасля скасавання езуіцкага ордэна ў 1773 замест калегіума адкрыта вучылішча Адукацыйнай камісіі, да 1835 дзейнічала школа пры дамініканскім кляштары. У 1875 адкрыта Нясвіжская настаўніцкая семінарыя, дзе вучыліся этнографы А.Я.Багдановіч і А.К.Сержпутоўскі, пісьменнікі Я.Колас, К.Чорны, Р.Мурашка, мастак М.К.Сеўрук (з 1939 жыў пастаянна, тут і пахаваны). У 1921—24 дзейнічала Нясвіжская бел. гімназія. У 1994 для адраджэння помнікаў Н. заснаваны міжнар. фонд «Нясвіж». З 1995 працуе Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей. У 1996 створаны гіст.-культ. запаведнік «Нясвіж». У горадзе праводзяцца міжнар.навук. сімпозіумы па гісторыі і культуры, фестывалі старадаўняй і камернай музыкі «Музы Нясвіжа». Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму, мемар. знак на месцы расстрэлу ахвяр фашызму. Помнік Вызвалення ад ням.-фаш. захопнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ БЕЛАРУ́СЬ,
частка тэр Беларусі, якая ў выніку савецка-польскай вайны 1920 захоплена Польшчай і паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 знаходзілася ў яе складзе да вер. 1939. Паводле адм.-тэр. падзелу тэр. З.Б. была падзелена на 29 паветаў, што ўваходзілі ў Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяводствы. Агульная пл. 113 тыс.км², нас. 4,6 млн.чал. (1931). Гал.культ. і навук. цэнтрам З.Б. была Вільня. У прамысл. адносінах найб. развіты Беластоцкі прамысл. раён. Найб. гарады: Вільня, Гродна, Брэст, Беласток, Слонім, Ліда, Навагрудак, Пінск, Лунінец, Кобрын, Пружаны, Ваўкавыск, Баранавічы, Маладзечна, Вілейка. З.Б. была адносна адсталай агр. ускраінай Польшчы і выкарыстоўвалася ёй пераважна як крыніца сыравіны, таннай рабочай сілы і рынак збыту яе прам-сці. У эканоміцы назіраўся застой. Працоўныя пакутавалі і ад эксплуатацыі, і ад нац. ўціску. Разбураная войнамі прам-сць аднаўлялася марудна, новыя прадпрыемствы амаль не будаваліся, прыродныя багацці краю (асабліва лясы) выкарыстоўваліся няшчадна. У 1928 у З.Б. дзейнічала каля 2 тыс. прадпрыемстваў, але на 80% з іх працавала па 5—20 чал. У гады эканам. крызісу (1929—33) тут часова спынілі работу каля 230 прадпрыемстваў. Складаючы 24% тэрыторыі і 13% насельніцтва Польшчы, удзельная вага прам-сці З.Б. ледзь перавышала 3%. У прам-сці, на транспарце і лесараспрацоўках было занята каля 100 тыс.чал.; амаль 50 тыс. рамеснікаў. Беспрацоўе тут было хранічнае (больш за 25 тыс. беспрацоўных у 1936), рабочы дзень дасягаў 10—12 гадз., зарплата была больш нізкая, чым у карэннай Польшчы. Больш за 80% насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай. Сяляне пакутавалі ад малазямелля, перажыткаў прыгонніцтва (адработкі, шарваркі), цяжкіх падаткаў, высокіх цэн на прамысл. тавары і нізкіх цэн на с.-г. прадукты, запазычанасці банкам, самаўпраўства чыноўнікаў і паліцыі. У 1920-я г. на памешчыцкі маёнтак у сярэднім прыпадала каля 500 га зямлі, на сял. двор — каля 7 га; амаль 55 тыс. гаспадарак мелі надзел меншы за 1 га, каля 90 тыс. парабкаў былі зусім беззямельныя. У выніку зямельных рэформ 1920—30-х г. (парцэляцыя, ліквідацыя сервітутаў, камасацыя, пасяленне асаднікаў) зямельныя ўладанні памешчыкаў значна паменшалі, хоць зусім не ліквідаваны. Рэформы садзейнічалі ўмацаванню сял. гаспадарак, рассяленню сялян на хутары (да 1939 на хутары расселена каля 70% сял. гаспадарак). У 1930-я г. прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі значна вырасла: ураджайнасць збожжавых дасягнула ўзроўню Францыі, а па многіх культурах пераўзышла фермераў ЗША. Адсутнасць радыкальных пераўтварэнняў у агр. сектары спрыяла захаванню ў сял. сем’ях традыц. ўкладу, працоўнай маралі, нац. культуры і бел. мовы. Перанаселеная вёска не мела адтоку ў прам-сць, таму ў пошуках работы сяляне часта эмігрыравалі ў краіны Зах. Еўропы і Амерыкі. Польскія ўлады праводзілі палітыку прымусовай паланізацыі і асіміляцыі беларусаў, забаранялі бел. школы, абмяжоўвалі прыёмы з бел. школ у ВНУ, не дазвалялі карыстацца роднай мовай у дзярж. установах, не прызнавалі тэрміна «З.Б.», а называлі яе «крэсы ўсходне» («усх. ўскраіны») або Белапольшчай. З 400 бел. школ, што існавалі на тэр. З.Б. да 1921, у 1928 засталося 29 бел. і 49 польска-бел. школ, у 1934—16. Былі закрыты 2 настаўніцкія семінарыі (у Барунах і Свіслачы), 8 бел. гімназій (у Будславе, Гродне, Грудку, Клецку, Маладзечне, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах). Каля 35% насельніцтва З.Б. заставалася непісьменным (1939). Жорстка праследавалася бел. прэса, асабліва рэв. кірунку. Калі ў 1927 легальна выдаваліся 23 бел. газеты і часопісы, то ў 1930 іх стала 12; да 1939 асталіся толькі прапольскія і клерыкальныя выданні. Улады вышуквалі розныя прычыны, каб закрываць бел. выдавецтвы. бібліятэкі, клубы, хаты-чытальні. Гал. метадам кіравання ў З.Б. быў прымус, а часам і тэрор. Турмы і Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер былі перапоўнены паліт. вязнямі. Часта праводзіліся судовыя паліт. працэсы, масавыя рэпрэсіі. Бяспраўе, малазямелле, нац. прыгнёт, урадавая дыктатура абвастралі супярэчнасці, стваралі ўмовы для ўзмацнення нац.-вызв. руху, які ў розныя часы прымаў розныя формы, але ніколі не спыняўся. Эканам. выступленні рабочых часта суправаджаліся антыўрадавымі дэманстрацыямі, мітынгамі, сутычкамі з паліцыяй. Найб. вострыя формы гэты рух набыў у перыяды эканам. крызісу (1929—33) і стварэння антыфашысцкага народнага фронту (1935). Адбываліся і антыўрадавыя выступленні сялян (гл.Косаўскі расстрэл 1927, Асташынскае выступленне сялян 1932, Кобрынскае выступленне сялян 1933, нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935). Дэпутаты сейма ад З.Б. вялі парламенцкую барацьбу ў складзе Беларускага пасольскага клуба. У 1925—27 разгарнулася дзейнасць магутных нац.вызв. арг-цый Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ, больш за 2 тыс. яе гурткоў аб’ядноўвалі каля 120 тыс. членаў), у 1927—30 — «Змаганне». Да 1930 левае крыло вызв. руху ў З.Б. было разгромлена. Легальную дзейнасць працягвалі толькі цэнтрысцкія і кансерватыўныя нац.-дэмакр. партыі і культ.-асв. арг-цыі. На працягу 1921—37 у ліку вядучых культ.-асв. арг-цый было Таварыства беларускай школы (ТБШ). Прыкметнай была дзейнасць Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (1926—37), Таварыства беларускай асветы. Радыкальны рэв. рух у З.Б. ў 1921—23 узначальвала Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), у 1923—38 — Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ, у 1933 аб’ядноўвала каля 4 тыс. членаў). Спалучэннем легальных і нелегальных форм барацьбы КПЗБ часам удавалася скіроўваць нац.-вызв. рух у рэчышча класавай барацьбы. З гэтай мэтай яна выкарыстоўвала папулярныя ў народзе заклікі да самавызначэння З.Б., падтрымлівала надзённыя патрэбы працоўных, папулярызавала ў прыхарошаным выглядзе дасягненні ў БССР. Але нац. нігілізм КПЗБ у 1930-я г. абумовіў яе дэструктыўную ролю ў нац.-вызв. руху. Пад кіраўніцтвам КПЗБ дзейнічалі Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ), Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі (МОПР Зах. Беларусі), чырв. прафсаюзы, студэнцкая лявіца «Фронт». КПЗБ выдавала газ.«Чырвоны сцяг». час.«Бальшавік» і інш. Свае газеты і часопісы выдавалі БРА, БСРГ, «Змаганне», ТБШ, «Фронт», КСМЗБ, МОПР Зах. Беларусі і інш. грамадскія арг-цыі; выдаваліся прагрэсіўныя сатыр.час.«Маланка», «Асва». Сялянскія і хрысціянска-дэмакр.бел. партыі адхілялі рэв. рух як крайнюю і экстрэмісцкую форму барацьбы, найчасцей вялі памяркоўную палітыку. Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД, вядучая партыя З.Б. ў 1930-я г.), Беларускі сялянскі саюз (БСС), Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюз), Беларуская санацыя і інш. партыі і арг-цыі часам дамагаліся дробных уступак у галіне бел.нац. культуры праз згоду з польскімі ўладамі. Значны ўплыў на развіццё нац.вызв. руху ў З.Б. мела творчасць бел. пісьменнікаў М.Танка (Я.І.Скурко), П.Пестрака, В.Таўлая, Л.Родзевіча, М.Васілька, А.Салагуба, М.Засіма, Н.Арсенневай, Х.Ільяшэвіча, П.Карузы, М.Краўцова, С.Крыўца, А.Стаповіча, М.Машары, У.Самойлы, публіцыстаў А.Альшэўскага, І.Канчэўскага, А.Луцкевіча, Я.Міско, А.Станкевіча, В.Харужай, навукоўцаў Б.Тарашкевіча, С.Рак-Міхайлоўскага, І.Дварчаніна. З л-рай З.Б. звязана творчасць У.Жылкі, К.Сваяка, Г.Леўчыка, М.Гарэцкага, А́.Гаўрылюка і інш. Намаганнямі паэтаў «Беларускай газеты» ў снеж. 1933 праведзены нелегальны з’езд пісьменнікаў З.Б., прынята дэкларацыя з заклікам стварыць арг-цыю пісьменнікаў дзеля творчай работы «для народа і разам з ім». У 1934 улады забаранілі «Беларускую газету» і арыштавалі актыўных яе супрацоўнікаў. Значны ўклад у выяўл. мастацтва З.Б. зрабілі мастакі Я.Горыд, Я.Драздовіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, у муз. культуру — К.Галкоўскі, Л.Рагоўскі, М.Забэйда-Суміцкі. Плённую дзейнасць па стварэнні нар. хораў і збору бел.нар. песень праводзілі А.Грыневіч, Р.Шырма, Г.Цітовіч і інш. Большасць грамадска-паліт. і культ.-асв. арг-цый З.Б. размяшчалася ў Вільні, у т. л. выд-вы (Беларускае выдавецкае таварыства, Выдавецтва Таварыства беларускай школы, Выд-ваБел. ін-та гаспадаркі і культуры, Выд-ваБел. сялянска-работніцкага клуба, Знамяроўскага У. выдавецтва, Клецкіна Б.А. выдавецтва), Беларускае навуковае таварыства, Беларускі музей, Беларуская драматычная майстроўня, Беларускае дабрачыннае таварыства, Віленская беларуская гімназія, школы, кнігарні і інш. Тут выдадзены многія творы Гарэцкага, Дварчаніна, Родзевіча, М.Танка, Машары; выдаваліся многія газеты і часопісы, падручнікі для бел. школ, шматлікія календары, прамовы дэпутатаў у сейме. ТБШ, БСРГ і «Змаганне» праз свае клубы, гурткі і бібліятэкі-чытальні вялі шырокую культ.-асв. работу сярод насельніцтва, стваралі маст. гурткі, рыхтавалі канцэрты, якія былі своеасаблівым пратэстам супраць намераў польскіх улад задушыць роднае бел. слова і нар. культуру. Паліцыя часта арыштоўвала дзеячаў культуры і кіраўнікоў маст. самадзейнасці. Сярод найб. выдатных дзеячаў рэв.нац.-вызв. руху ў З.Б. былі кіраўнікі БСРГ, «Змагання», ТБШ, БРА і КПЗБ: Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Дварчанін, А.Луцкевіч, А.Станкевіч, А.Уласаў, П.Валошын, П.Мятла, М.Бурсевіч, Альшэўскі, М.Арэхва, Я.Бабровіч, І.Дабрыян, А.Данялюк, М.Дворнікаў, Ф.Валынец, Я.Гаўрылік, І.Грэцкі, П.Крынчык, Г.Муха-Мухноўскі, А.Лябецкая, Ф.Стацкевіч, М.Пяткевіч, Паўловіч, М.Кепель, П.Кізевіч, А.Канчэўскі, І.Лагіновіч (П.Корчык), І.Малец, С.Панкова, С.Прытыцкі, Родзевіч, І.Сяменікаў, А.Федасюк, Харужая, У.Царук і інш.
Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва З.Б. і Зах. Украіны. Жыхары З.Б. шчыра сустракалі армію як вызваліцельніцу. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (Беласток, 28—30.10.1939) прыняў Дэкларацыю пра абвяшчэнне Сав. улады і ўз’яднанне З.Б. з БССР. 12.11.1939 сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла законы пра ўз’яднанне З.Б. з БССР. Гэтым было адноўлена нац. адзінства бел. народа (гл.Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР). Паводле дамоўленасці ўрадаў СССР і Літвы ў кастр. 1939 Віленскі край з г. Вільня перададзены ў склад Літвы, а паводле сав.-польскай дамоўленасці ў вер. 1944 Беластоцкая вобл. і некалькі раёнаў Брэсцкай вобл. перададзены Польшчы. У выніку новага адм.-тэр. падзелу (4.12.1939) на тэр. З.Б. былі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая (26 раёнаў), Беластоцкая (24 раёны, з 20.9.1944 Гродзенская вобл., 15 раёнаў), Брэсцкая (18 раёнаў), Вілейская (22 раёны, з 20.9.1944 Маладзечанская вобл.), Пінская (11 раёнаў).
Літ.:
Народное (национальное) собрание Западной Белоруссии 28—30 октября 1939 г.: Стеногр. отчет. Мн., 1946;
Stankievič A. Biełaruski chryścijanski ruch. Vilnia. 1939;
Горбунов Т.С. Воссоединение белорусского народа в едином советском социалистическом государстве. М., 1948;
Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1962—72;
Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966;
Ліс А. Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966;
Полуян В.А. Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927—1939 гг.). Мн., 1978;
Муха-Мухновский Г.М. Пути-дороги. Мн., 1973;
Калеснік У. Усё чалавечае: Літ. партрэты, артыкулы, нарысы. Мн., 1993;
Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988;
Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ. Мн., 1983;
Рагуля В. Успаміны. Мн., 1993.
І.П.Хаўратовіч.
Да арт.Заходняя Беларусь. Першамайская дэманстрацыя працоўных Гродна. 1937.Да арт.Заходняя Беларусь. Брукаванне вуліцы ў вёсцы Зубелевічы (Ляхавіцкі раён). 1928.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у Мінску і яго наваколлі. Узнікла і развівалася па ініцыятыве камуністаў, камсамольцаў, рабочых, ІТР, студэнтаў, прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Станоўчую ролю ў стварэнні падп. груп і арг-цый адыграла дзейнасць Л.Я.Адзінцова, У.С.Амельянюка, І.Дз.Будаева, С.І.Зайца, І.К.Кавалёва, Дз.А.Караткевіча, А.Л.Коцікава, Ф.С.Кузняцова, С.В.Сержановіча, І.Г.Сцяпуры, б. вайскоўцаў Я.К.Горыцы, П.П.Суравягіна. У ліку першых утварыліся групы на чыг. вузле (А.Дз.Балашоў, Ф.К.Жавалёў, І.І.Івашчонак, Кузняцоў, В.С.Купрыянава, К.А.Паўлечка, Сцяпура і інш.), у раёне Камароўкі (С.К. і У.С.Амельянюкі, В.С.Жудро, Заяц, А.В.Каліноўскі, А.П.Макаранка, І.М.Цімчук, М.А.Шугаеў), ў Кастрычніцкім раёне з б. работнікаў рэсп. канторы Белнафтазбыту (К.Дз.Грыгор’еў, А.Л.Зубкоўскі, І.П.Жазінец, В.К.Нікіфараў, Г.М.Сямёнаў і інш.), з выкладчыкаў і студэнтаў юрыд. ін-та (М.Ф.Малаковіч, М.Б.Осіпава, А.А.Сакалова). Падполле фарміравалася ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму. Патрыёты вялі агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі газеты, што паступалі з тылу, выводзілі са строю абсталяванне на вытворчасці, зрывалі мерапрыемствы акупац.улад. Восенню 1941 пры актыўным удзеле ўпаўнаважанага ЦККП(б)Б І.К.Кавалёва створаны Мінскі падп. гарком КП(б)Б і Ваен. савет партыз. руху (ВСПР). У склад гаркома ўваходзілі Кавалёў (сакратар), Грыгор’еў, Жудро, Заяц, Казінец, Коцікаў, Нікіфараў, І.І.Рогаў, Сямёнаў. Стварэнне гаркома завяршыла аб’яднанне падп. груп і арг-цый горада ў адно арганізац. цэлае. У кастр.—снеж. 1941 гарком даў жыццё першым на Міншчыне партыз. атрадам «Дзядзькі Васі», Сяргеева, Пакроўскага. Па яго заданнях збіраліся звесткі пра размяшчэнне ў горадзе і наваколлі ваен. аб’ектаў, штабоў, складоў, бензабаз ворага, наладжваліся сувязі з надзейнымі людзьмі на перыферыі, арганізоўваліся ўладкаванне б. ваеннаслужачых на работу, матэрыяльная дапамога падпольшчыкам. Найб. важныя звесткі перапраўляліся ў партыз. атрады, адтуль — за лінію фронту. У пач. 1942 ВСПР аб’ядноўваў больш за 300 чал., ажыццяўляў кантакты з партыз. атрадамі, што дзейнічалі ў Дзяржынскім, Заслаўскім, Лагойскім, Плешчаніцкім і Рудзенскім р-нах; з яго ўдзелам створана некалькі атрадаў, куды савет накіроўваў камандзіраў і палітработнікаў. У канцы 1941 гарком і ВСПР арганізавалі першую падп. друкарню, дзе выпускаўся перыяд. лісток «Вестник Родины», зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі; у маі 1942 выйшаў 1-ы нумар падп.газ.«Звязда» (рэд. У.Амельянюк, 2—4-га нумароў — Я.М.Савіцкая). У 1941 у Мінску і наваколлі дзейнічала каля 50 падп. груп і арг-цый (больш за 2 тыс.чал.): на Балотнай станцыі, плодаагародніннай базе № 1, цагельным з-дзе № 1, ст. Мінск-Таварная, у гаражы Мінгаруправы, у в. Прылепы, група студэнтаў і выкладчыкаў юрыд. ін-та, у паравозным дэпо, на вагонарамонтным з-дзе, на ЦЭЦ-2, Старажоўскай хлебапякарні, цагельных з-дах № 2 і 3, на Грушаўскім пасёлку, цвіковым з-дзе, у інфекц. бальніцы, «Вера», на гарбарным і станкабуд. з-дах, у медпункце і на чыг. ст. Мінск-Пасажырскі, у Доме друку, Доме ўрада, на Пугачоўскім зав., у аптэцы № 1, на піўзаводзе, на чыг. вузле, у в. Ліпкі, ваен. гарадку Сцяпянка, у раёне вуліц Калгаснай, Маладзечанскай, Саўгаснай і Старавіленскай, на хлебзаводзе «Аўтамат», у друкарні Дома друку, на малочным з-дзе, хімфармзаводзе, на дрожджа-патачным з-дзе, «Красворд», на мэблевай ф-цы па вул. Апанскага, група настаўнікаў, на складзе бухгалтарскіх бланкаў, група Лагойскага падп. райкома КП(б)Б, у раёне вуліц Р.Люксембург і К.Лібкнехта, на радыёзаводзе, у гаражы гаруправы, «Каўказ», медработнікаў, арг-цыя «Андруша». У складзе М.п.п. з ліп. 1941 дзейнічала камсам.-маладзёжнае падполле (кіраўнік С.А.Благаразумаў), створанае гаркомам КП(б)Б і структурнымі органамі ЛКСМБ: на радыёзаводзе, вагонарамонтным, гарбарным, цвіковым з-дах, на Балотнай станцыі, на чыг. вузле, арг-цыя «Андруша» (больш за 60 чал.). У снеж. 1942 пасля арышту і пакарання смерцю Благаразумава Мінскі падп. міжрайком ЛКСМБ стварыў Мінскі падп. гарком ЛКСМБ (дыслацыраваўся ў Заслаўскім р-не), які праз сувязных узначаліў маладзёжны падп. рух у Мінску. У першыя месяцы пасля стварэння гета (19.7.1941) яго вязні стварылі «дзесяткі» і інш. групы, якія адыгралі важную ролю ў наладжванні сувязі з гар. падполлем, арганізацыі матэрыяльнай і фінансавай дапамогі падполлю і партызанам, зборы сакрэтнай інфармацыі, перапраўцы вязняў у партызаны.
Гарком і ВСПР сваю дзейнасць накіроўвалі ў адпаведнасці з падзеямі на фронце: у снеж. 1941, у час бітвы пад Масквой, група падпольшчыкаў учыніла дыверсію, у выніку якой на 10 дзён спыніўся рух ням. эшалонаў на фронт; на ЦЭЦ-2 зрывалі падачу электраэнергіі на ваен. аб’екты ворага (выводзілі са строю абсталяванне, зацягвалі яго рамонт, сапсавалі прылады гал. пульта). Недастатковая канспірацыя ў арганізацыі некаторых аперацый прывяла ў сак. 1942 да арышту і гібелі кіраўнікоў (П.І.Антохін, Рогаў) і многіх членаў ВСПР і да спынення дзейнасці гэтай арг-цыі. У сак.—крас. ахвярамі ням. рэпрэсій сталі члены арг-цый і груп падполля, вязні гета. Пасля катаванняў 7.5.1942 публічна пакараны смерцю 28 кіраўнікоў і актывістаў, у т. л.чл. гаркома Казінец, Заяц, Сямёнаў, расстраляны 251 падпольшчык. Але актыўная барацьба з акупантамі працягвалася. У пач. мая на канспіратыўнай кватэры М.П.Дразда адбылася нарада актыву падполля з 14 чал., на якой вырашаліся пытанні ўдасканалення арганізац. структуры і канспірацыі падполля. У склад гаркома давыбраны У.Амельянюк (пасля яго гібелі К.І.Хмялеўскі) і Караткевіч, выйшаў са складу Грыгор’еў Былі створаны 5 падп.гар. райкомаў КП(б)Б: Варашылаўскі (сакратар Шугаеў), Кастрычніцкі (Хмялеўскі, з вер. М.К.Каржанеўскі), Сталінскі (Н.Я.Герасіменка), Тэльманаўскі (раён гета, М.Л.Гебелеў), Чыгуначны (Коцікаў, з вер. І.І.Матусевіч). Пад кіраўніцтвам і пры ўдзеле гаркома адноўлена і пашырана сетка падп. арг-цый. З удзелам падпольшчыкаў да 1943 створана каля 20 партыз. атрадаў, брыгады «Дзядзькі Колі», «Стары», «Штурмавая». У выніку прапагандысцкай работы падпольшчыкаў 357 чал. з укр. ахоўных батальёнаў, больш за 150 салдат-антыфашыстаў (бельгійцы, немцы, палякі, сербы, славакі і інш.) перайшлі да партызан. Падпольшчыкі сістэматычна адпраўлялі партызанам зброю, выбуховыя прылады, радыёпрыёмнікі, пішучыя машынкі, паперу, соль, вопратку, бінты і інш., у т. л. члены падп. арг-цыі на Грушаўскім пас. і хлебазаводзе «Аўтамат» адвезлі брыгадзе Нікіціна машыну з хлебам; з хімзавода ў 11 атрадаў перадалі медыкаменты і перавязачныя матэрыялы; з гарбарнага з-да тром атрадам — больш за 100 кажухоў, футравых безрукавак, некалькі соцень аўчынных шапак, рукавіц, 13 шавецкіх машын; са станкабуд. з-да вывозілі сакрэтную тэхн. дакументацыю; па заданні гаркома ў бюро пропускаў гар. камісарыята каля 2 гадоў працаваў З.З.Гала, які забяспечваў нелегалаў бланкамі пропускаў, узорамі ням. пячатак, подпісаў, папярэджваў пра аблавы і інш. карныя мерапрыемствы акупантаў; прафесар Я.У.Клумаў разам з інш. медыкамі лячыў параненых патрыётаў, забяспечваў падполле і партызан медыкаментамі, хірург. інструментам, поўнасцю абсталяваў 2 партыз. шпіталі. Ва ўзаемадзеянні з партызанамі падпольшчыкі правялі шэраг дыверсій у авіямайстэрнях, на станкабуд. і хіміка-фармацэўтычным з-дах, чыг. вузле, прыводзілі ў непрыгоднасць на складах акупантаў харч. прадукты, парушалі тэлефонную сувязь і інш. Пад уплывам гаркома дзейнічалі Дзяржынскае патрыятычнае падполле, Тарасава-Ратамскае патрыятычнае падполле. У канцы 1942 — пач. 1943 пасля жорсткіх допытаў загінулі сакратар гаркома Кавалёў, чл. гаркома Караткевіч, Хмялеўскі, Нікіфараў, сакратары гаррайкомаў Герасіменка, Каржанеўскі, Матусевіч, Шугаеў, шмат актывістаў падполля. З вер. 1942 (час арышту кіраўнікоў падполля) да вер. 1943 у Мінску не існавала адзінага падп. кіруючага цэнтра. Партызаны выходзілі на падполле праз сувязных. У крас. 1943 акупанты правялі карную аперацыю «Чароўная флейта», у адказ на якую падпольшчыкі ўчынілі шэраг дыверсій на прадпрыемствах горада. У час Курскай бітвы 1943 чыгуначнікі затрымалі і пашкодзілі 155 паравозаў. Пасля вял. страт у антыфаш. руху Мінска ў 1943 ЦККП(б)Б, падп. Мінскі абком, Мінскі і Слуцкі міжрайкомы, Барысаўскі міжрайпартцэнтр, Дзяржынскі, Заслаўскі, Лагойскі, Мінскі, Рудзенскі, Смалявіцкі, Чэрвеньскі райкомы, камандаванне партыз. фарміраванняў, што былі звязаны з М.п.п., прынялі дадатковыя меры для працягу антыфаш. барацьбы. 29.9.1943 ЦККП(б)Б зацвердзіў прапанову Мінскага падп. абкома пра стварэнне Мінскага падп. гаркома КП(б)Б (сакратары С.К.Ляшчэня, Г.М.Машкоў, І.П.Паромчык, базіраваўся ў партыз. зоне пры спецатрадзе НКДБСССР «Мясцовыя»), які накіроўваў дзейнасць падполля ў горадзе праз спец.партыз. сувязных. 22.9.1943 падпольшчыцы А.Р.Мазанік, Осіпава, Н.В.Траян здзейснілі падрыхтаванае падполлем знішчэнне ген. камісара Беларусі В.Кубэ. Восенню 1943 акупанты правялі ў горадзе новыя карныя мерапрыемствы, у т. л. амаль поўнасцю знішчылі гета. Да канца 1943 сетка падп. утварэнняў ахапіла амаль увесь горад. Узніклі падп. групы на хлебазаводзе «Аўтамат», у Кастрычніцкім р-не, чыг. упраўленні па вул. Апанскага, на вул. Грушаўскай, з работнікаў грабянёвай ф-кі, гаруправы, хлебазавода № 1, Бел. тэатра, на чыг. вузле, «Першыя», «Суседзі», «Чацвёртыя», «Родныя», «Юрый», «Мсцівец», «Актыўныя», «Артур», арг-цыі «Танюша» на радыёзаводзе, вул. Грунтавая, «Зубілкін», «Галя», «Тамара», «Таццяна», «Роберт», «Адам», «Крылоў», «Вырві вока», «Віктар», «Уладзімір». Толькі ў 1944 у горадзе было зарэгістравана больш за 60 дыверсій, учыненых падпольшчыкамі. За час акупацыі ў горадзе дзейнічала больш за 90 падп. груп і арг-цый (6355 чал.), існавала больш за 200 канспіратыўных кватэр; падпольшчыкі правялі больш за 1500 баявых аперацый. У перыяд адступлення захопнікаў падпольшчыкі перашкаджалі ім у знішчэнні прамысл. і адм. будынкаў, вывазе і знішчэнні нарабаванай маёмасці і харч. прадуктаў. За гераізм і мужнасць у барацьбе супраць ням.-фаш. акупацыі У.С.Амельянюку, І.П.Казінцу, Я.У.Клумаву, І.К.Кабушкіну, М.А.Кедышку, А.Р.Мазанік, М.Б.Осіпавай, Н.В.Траян прысвоена званне Героя Сав. Саюза, каля 600 чал. узнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР. 26.6.1974 Мінску нададзена ганаровае званне «Горад-герой». Імёнамі падпольшчыкаў Адзінцова, Амельянюка, Гала, Герасіменкі, Дразда, Жудро, І.К.Кабушкіна, Кавалёва, Казінца, Караткевіча, Каржанеўскага, М.А.Кедышкі, Клумава, А.М.Ляўкова, Матусевіча, Сямёнава, Хмялеўскага, В.Д.Шацько названы вуліцы Мінска. Месцы, звязаныя з дзейнасцю падполля і гібеллю падпольшчыкаў, адзначаны мемар. знакамі.
Літ.:
О партийном подполье в Минске в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944 гг.). Мн., 1961;
Савицкая Я.М. Бойцы подпольного фронта. Мн., 1982;
В непокоренном Минске: Док. и материалы о подпол. борьбе сов. патриотов в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944). Мн., 1987;
Лещеня С.К. С паролем горкома. 2 изд. Мн., 1988;
Доморад К.И. Партийное подполье и партизанское движение в Минской области, 1941—1944. Мн., 1992;
Мінскае антыфашысцкае падполле. Мн., 1995.
Я.І.Бараноўскі, І.М.Ігнаценка.
Да арт.Мінскае патрыятычнае падполле. Помнік падпольшчыкам у Цэнтральным скверы.Да арт.Мінскае патрыятычнае падполле. Мемарыяльная дошка на вул. Караля.
Створаны ў 1920 у Мінску як Бел.дзярж.т-р (БДТ). З 1926 наз. Першы бел.дзярж.т-р (БДТ-1). 21.12.1944 прысвоена імя Я.Купалы, у 1955 — званне акадэмічнага, са снеж. 1993 сучасная назва. Адкрыўся 14.9.1920 спектаклямі: «Рысь» паводле апавядання «У зімовы вечар» Э.Ажэшкі (бел. трупа), «Людзі» («Мэншн») Шолама-Алейхема (яўр.), «Вяселле» А.Чэхава (рус.). З 1922 т-р замацаваны за бел. трупай, што склалася пераважна з удзельнікаў Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, традыцыі якога прадаўжаў арганізатар т-ра Ф.Ждановіч. Важная роля ў станаўленні калектыву належыць Е.Міровічу, які спалучаў дзейнасць рэжысёра-пастаноўшчыка з вучэбна-выхаваўчай і пед. работай. Выхаванае ім першае пакаленне майстроў сцэны — В.Галіна, Г.Глебаў, Г.Грыгоніс, І.Ждановіч, У.Крыловіч, К.Міронава, В.Пола, Б.Платонаў, Л.Ржэцкая, У.Уладамірскі — садзейнічала фарміраванню нац. акцёрскай школы. Да 1928 у складзе т-ра існавалі балетная і оперная трупы. У 1920-я г. аснову рэпертуару т-ра складала бел. драматургія. Былі пастаўлены п’есы «Паўлінка» (першы паказ 17.9.1920) і «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Апошняе спатканне», «Залёты дзяка», «Ганка» і «Бязвінная кроў» У.Галубка, «Чорт і баба», «Манька» і «Адам і Ева» Ф.Аляхновіча. Ставіліся таксама творы В.Дуніна-Марцінкевіча, К.Каганца, К.Буйло, Л.Родзевіча, Ц.Гартнага, В.Гарбацэвіча, М.Грамыкі, М.Ільінскага. Найб. значнымі ў творчасці т-ра 1-й пал. 1920-х г. былі створаныя на фалькл. матэрыяле спектаклі «На Купалле» М.Чарота, «Машэка», «Каваль-ваявода» і гіст. драма «Кастусь Каліноўскі» Міровіча, якія вызначаліся рамант. афарбоўкай, яркім паказам нар. побыту. Акрамя бел. былі папулярнымі творы ўкр. (М.Крапіўніцкі, М.Старыцкі, І.Катлярэўскі), рус. (М.Горкі, Чэхаў, У.Караленка), польск. (Ажэшка) і франц. (пераважна Мальер) аўтараў. У 2-й пал. 1920 — пач. 1930-х г. рэпертуарная палітыка т-ра апынулася пад ідэалаг. уціскам з боку афіц.улад. У 1926 забаронены спектакль «Тутэйшыя» Я.Купалы. Вял. шкоду т-ру нанеслі ганенні і рэпрэсіі, якім падвяргаліся рэжысёры Міровіч і Ф.Ждановіч, арт. А.Крыніца, драматургі Грамыка, Р.Кобец і інш. Калектыў вымушаны быў адмовіцца ад ранейшай разнастайнай тэматыкі і ставіць пераважна тагачасныя творы на рэв. тэму з завастрэннем іх класавай сутнасці: «Мяцеж» Дз.Фурманава і С.Паліванава, «Браняпоезд 14—69» У.Іванава, «Перамога», «Запяюць верацёны» і «Лён» Міровіча, «Мост» Я.Рамановіча, «Міжбур’е» Дз.Курдзіна, «Гута» Кобеца. З прыходам у т-ррэж. Л.Літвінава спектаклі сталі больш тэатральнымі. Этапнай стала яго пастаноўка «Бацькаўшчына» К.Чорнага, дзе манум. эпічнасць спалучалася з ёмістасцю сцэн. характараў. У 1930-я г. калектыў т-ра дасягнуў творчай сталасці. Высокай пастановачнай культурай, выдатным акцёрскім ансамблем адметныя сцэн. творы «Апошнія» М.Горкага, «Скупы» Мальера Плённа супрацоўнічаў т-р з бел. драматургамі: З.Бядулем, М.Клімковічам, Э.Самуйлёнкам. Асобнае месца належала драме «Партызаны» і сатыр. камедыі «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, дзе была зроблена спроба сродкамі сатыры паказаць дэфармацыю грамадства. У гады Вял.Айч. вайны т-р працаваў у Томску (Расія). Пастаноўкі «Фронт» А.Карнейчука, «Рускія людзі» К.Сіманава вызначаліся актуальнай праблематыкай, публіцыстычнасцю, грамадз. пафасам. Ставіліся таксама «Паўлінка» Я.Купалы, «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі, «Позняе каханне» А.Астроўскага і інш. Пасля вяртання ў Мінск (4.10.1944) гал. ўвагу т-р накіраваў на асэнсаванне падзей Вял.Айч. вайны. На сцэне ішлі творы К.Крапівы, К.Губарэвіча, А.Кучара. Найб. значны спектакль пра Вял.Айч. вайну — «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона (Дзярж. прэмія СССР 1948). Асн. месца ў рэпертуары т-ра першых пасляваен. дзесяцігоддзяў займалі тагачасныя сав. п’есы. На творчасць т-ра паўплывала т.зв. тэорыя бесканфліктнасці з характэрнай для яе нівеліроўкай складанасцей і супярэчнасцей характараў і канфліктаў. Сярод найб. значных спектакляў гэтага перыяду «Мілы чалавек» і «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы (Дзярж. прэмія СССР 1952), «Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка, «Крылле» Карнейчука, «У добры час» В.Розава, «На крутым павароце» Губарэвіча, «Дабракі» Л.Зорына, «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра, «Каварства і каханне» Ф.Шылера, «Нора» Г.Ібсена, «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду, «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета.
У 1960-я г. ў т-ры адбываўся складаны працэс змены пакаленняў, назіраўся пошук у галіне сцэн. выразнасці. Ставіліся пераважна п’есы маральна-этычнай праблематыкі (Макаёнка, А.Дзялендзіка, П.Васілеўскага, С.Алёшына). Прыкметнай з’явай у жыцці т-ра сталі спектаклі «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе, «У мяцеліцу» Л.Лявонава, «Дзівак» Назыма Хікмета і «Што той салдат, што гэты» — першая паспяховая спроба асвоіць эстэтыку драматургіі Б.Брэхта. Глыбокае вытлумачэнне атрымалі творы рус. класікі: «Жывы труп» Л.Талстога, «На ўсякага мудраца хапае прастаты» і «Апошняя ахвяра» Астроўскага, «На дне» М.Горкага. Адметнай падзеяй стала інсцэнізацыя рамана І.Мележа «Людзі на балоце», якая вызначалася драматызмам, высокай паэтыкай нар. драмы. У 1970—80-я г.т-р на чале з рэж. В.Раеўскім працягваў пошукі новых выяўл. сродкаў выразнасці. Лепшым сцэн. творам уласціва сучасная эстэтыка з паглыбленнем у вобразна-асацыятыўную стыхію твора, акрэсленая канцэптуальнасць, яркая тэатральнасць. Гал. месца ў рэпертуары займалі творы бел. драматургаў. Разнастайныя праблемы сучаснасці і мінулага ўзнімаліся ў пастаноўках «Начное дзяжурства» Дзялендзіка, «Амністыя» і «Мудрамер» (Дзярж. прэмія Беларусі 1988) М.Матукоўскага, «Зацюканы апостал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата» і «Пагарэльцы» Макаёнка, «Брама неўміручасці» К.Крапівы, «Парог» і «Вечар» А.Дударава і інш.Т-р імкнуўся па-новаму паказаць падзеі Вял.Айч. вайны. У спектаклях «Апошні шанц» В.Быкава, «Эшалон» М.Рошчына, «Плач перапёлкі» паводле І.Чыгрынава, «Трыбунал» Макаёнка, «Радавыя» Дударава (Дзярж. прэмія СССР 1985) раскрывалася жахлівая амаральнасць вайны, гучаў філас. роздум над праблемамі чалавечага быцця. Для пастановак гэтага перыяду характэрна метафарычнасць, сімволіка з паглыбленай псіхалагічнасцю акцёрскага выканання (спектаклі «У ноч зацьмення месяца» М.Карыма, «Характары» паводле В.Шукшына, «Гульня з кошкай» І.Эркеня, «Святая святых» І.Друцэ, «Гаральд і Мод» К.Хігінса і Ж.К.Кар’ера). Сучаснае гучанне набылі пастаноўкі класічных твораў: «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Рэвізор» М.Гогаля, «Бура» Шэкспіра. У 1990-я г. ўзрастае цікавасць т-ра да бел. класікі і нац. гісторыі. Класічныя спектаклі «Тутэйшыя» Я.Купалы (Дзярж. прэмія Беларусі 1992) і «Ідылія» Дуніна-Марцінкевіча на асацыятыўным узроўні насычаюцца набалелымі праблемамі сучаснасці. Пастаноўкі «Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева, «Звон — не малітва» Чыгрынава, «Князь Вітаўт» Дударава па-мастацку асэнсоўваюць рэальныя гіст. падзеі ў шчыльнай узаемасувязі з духоўнай, побытавай, прыроднай, этнагр.нар. традыцыяй. У гэты перыяд калектыў паспяхова засвойвае эстэтыку т.зв.т-ра абсурду: «Эмігранты» і «Чароўная ноч» С.Мрожака, «Віват, імператар!» («Крэслы») Э.Іанеска, «Крывавая Мэры» Дз.Бойкі. Сярод інш. пастановак 1990-х г.найб. значныя «Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата, «Смех лангусты» Дж.Марэла, «Лес» Астроўскага, «Смерць Кандзіда Тарэлкіна» А.Сухаво-Кабыліна, «Вечны Фама» Бутрамеева паводле Ф.Дастаеўскага, «Касцюмер» Р.Харвуда, «Інтымны тэатр Еўсцігнея Міровіча» Міровіча, «Дагарэла свечачка...» А.Петрашкевіча, «Трыстан ды Ізольда» С.Кавалёва, «Восеньская саната» І.Бергмана. Лепшыя спектаклі т-ра адметныя нац. самабытнасцю, філас. асэнсаваннем бел.нар. характару, псіхал. праўдай, рэаліст. накіраванасцю, сцэн. культурай. Пры т-ры працавалі студыі: у 1945—48 (маст. кіраўнік Міровіч, з 1946 — Літвінаў), у 1956—58 і 1967—69 (маст. кіраўнік Л.Рахленка). З 1984 пры т-ры працуе Малая сцэна.
У фарміраванні творчага аблічча т-ра адметную ролю адыгралі нар. артысты СССР Глебаў, У Дзядзюшка, Г.Макарава, П.Малчанаў, Платонаў, Рахленка, Ржэцкая, З.Стома, У.Уладамірскі, М.Яроменка, нар. артысты Беларусі С.Бірыла, М.Бялінская, Г.Грыгоніс, П.Дубашынскі, І.Ждановіч, П.Кармунін, Р.Кашэльнікава, Пола, В.Філатаў, І.Шаціла, засл. артысты Беларусі Т.Аляксеева, Крыловіч, Міронава. Значны ўклад у творчасць т-ра зрабілі засл. артысты Беларусі А.Бараноўскі, А.Дзянісаў, П.Іваноў, В.Краўцоў, Б.Кудраўцаў, П.Пекур, Б.Уладамірскі, М.Федароўскі, Р.Філіпаў (нар.арт. Расіі), С.Хацкевіч, Э.Шапко, Л.Шынко, Б.Янпольскі, арт. Ю.Авяр’янаў, Б.Дакальская, Т. і У.Кін-Камінскія, А.Уладамірскі і інш., рэжысёры В.Галаўчынер, Л.Мазалеўская, М.Пінігін. У т-ры ставілі спектаклі Р.Агамірзян, А.Андросік, М.Зораў, Б.Луцэнка, М.Міцкевіч, І.Папоў, І.Раеўскі і інш. У розныя гады т-р узначальвалі: маст. кіраўнік Ф.Ждановіч (1920—21), Міровіч (1921—25, 1926—31), М.Папоў (1925—26), Літвінаў (1932—37), Рахленка (1937—43), Глебаў (1943—48), Платонаў (1961—63), В.Раеўскі (з 1973); гал. рэжысёры К.Саннікаў (1948—52), І.Судакоў (1952—55), Рахленка (1955—57), Я.Простаў (1958—60), В.Броўкін (1960—62), Г.Шчарбакоў (1962—64), Б.Эрын (1964—68), Ц.Кандрашоў (1969—72); мастакі А.Марыкс (1922—29, 1934—39), І.Ушакоў (1939—52), гал. мастакі В.Галубовіч (1958—62), А.Грыгар’янц (1962—76), Б.Герлаван (з 1976).
У складзе трупы (2000): нар. артысты СССР Г.Аўсяннікаў, С.Станюта, В.Тарасаў, нар. артысты Беларусі Арлова, В.Белахвосцік, З.Браварская, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, М.Захарэвіч, А.Мілаванаў, А.Памазан, Г.Талкачова, засл. артысты Беларусі Г.Бальчэўская, З.Белахвосцік (засл. арт.Аўт. Рэспублікі Крым), Ф.Варанецкі, Г.Давыдзька, М.Зінкевіч, З.Зубкова, Я.Кавалёва, Н.Качаткова, М.Кірычэнка, У.Кудрэвіч, Г.Маляўскі, В.Манаеў, Т.Нікалаева, А.Падабед, У.Рагаўцоў, А.Рынковіч, артысты А.Гарцуеў, М.Громава, І.Дзянісаў, А.Долгая, А.Ельяшэвіч (засл. арт.Аўт. Рэспублікі Крым), А.Іваннікава, С.Краўчанка, Я.Кульбачная, А.Лабуш, А.Луцэвіч, С.Некіпелава, В.Няфёдава, В.Паўлюць, Н.Піскарова, Т.Пузіноўская, В.Рэдзька (засл. арт.Аўт. рэспублікі Крым), А.Сідарава, І.Усовіч, Г.Фёдарава і інш.; маст. кіраўнік — нар.арт. Беларусі В.Раеўскі, гал. мастак — нар. мастак Беларусі Герлаван, рэж. У.Савіцкі.
Будынак т-ра ўзведзены ў 1890 (гл.Мінскі гарадскі тэатр).
Літ.:
Некрашэвіч А. Беларускі першы дзяржаўны тэатр, 1920—1930. Мн., 1930;
Рамановіч Я. Першы тэатр: Кароткі нарыс. Мн., 1946;
Бутаков А.И. Искусство жизненной правды: Театр имени Янки Купалы в 20—30-х гг.Мн., 1957;
Няфёд У. Беларускі акадэмічны тэатр імя Я.Купалы. Мн., 1970;
Арлова Т. Купалаўцы: Эцюды пра акцёраў. Мн., 1985;
Бушко Т. Святло незабыўных імгненняў. Мн., 1985;
Сабалеўскі А. Сучаснасць і гісторыя: Крытыч. арт.Мн., 1985;
Театр и жизнь: Некоторые пробл. театр. процесса в Белоруссии 70—80-х гг.Мн., 1989;
Тэатральная Беларусь: Спецвып., прысвеч. 75-годдзю Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. 1995. №5.
Т.Я.Гаробчанка.
Будынак Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Трыбунал» А.Макаёнка.Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэны са спектакляў: 1 — «Вечны Фама» У.Бутрамеева; 2 — «Касцюмер» Р.Харвуда; 3 — «Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата; 4 — «Ідылія» В.Дуніна-Марцінкевіча; 5 — «Князь Вітаўт» А.Дударава; 6 — «Тутэйшыя» Я.Купалы.Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Паўлінка» Я.Купалы.Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Радавыя» А.Дударава.