АРСЕ́ННЕВА Наталля Аляксееўна
(н. 20.9.1903, г. Баку),
бел. паэтэса. З роду Арсенневых, па генеалогіі звязаных з М.Лермантавым. Дзяцінства і юнацтва правяла ў Вільні. Скончыла Віленскую Першую бел. гімназію (1921). Вучылася ў Віленскім ун-це (1921—22). Жыла з сям’ёй у Слоніме, затым у Польшчы. У 1939—40 супрацоўніца газ. «Вілейская праўда» (з 1940 «Сялянская газета»). Як жонка інтэрніраванага польск. афіцэра Ф.Кушаля адбывала з дзецьмі ссылку ў Казахстане (1940—41). У час Айч. вайны працавала ў «Беларускай газэце», якая выдавалася ў акупіраваным нямецка-фашысцкімі захопнікамі Мінску пад кантролем герм. акупац. улад. З 1944 у Германіі. З 1949 жыве ў ЗША. Друкуецца з 1920. У творчасці Арсенневай пераважае пейзажная лірыка. Ёй уласцівы лірызм, эмац. выразнасць, сінтэз жывапісных і муз. слоўна-выяўл. сродкаў. Праблематыка творчасці паглыбляецца асэнсаваннем драмы беларусаў-эмігрантаў. У лірыцы амер. перыяду дамінуюць матывы настальгіі па Беларусі. У 1940-я г. напісала лібрэта да опер М.Шчаглова «Лясное возера», «Усяслаў Чарадзей». Пераклала на бел. мову драму Г.Гаўптмана «Патанулы звон», камедыю Г.Клейста «Разбіты збан», урыўкі з трагедыі У.Шэкспіра «Рамэо і Джульета» і паэмы А.Міцкевіча «Дзяды», вершы Міцкевіча і Гётэ, лібрэта опер В.А.Моцарта «Вяселле Фігера», «Чарадзейная флейта», К.М.Вебера «Вольны стралок», Ж.Бізэ «Кармэн», часткова оперы П.Чайкоўскага «Яўген Анегін», аперэты І.Штрауса «Цыганскі барон».
Тв.:
Пад сінім небам: Вершы (1921—1925 г.). Вільня, 1927 (факс. выд. Мн., 1991);
Сягоння: Вершы, 1941—1943. Мн., 1944;
Між берагамі: Выбар паэзіі, 1920—1970. Нью-Йорк;
Таронта, 1979;
У кн.: Туга па Радзіме: Паэзія бел. эміграцыі. Мн., 1992.
Літ.:
Сачанка Б. Сняцца сны аб Беларусі... Мн., 1990. С. 43—48;
Мішчанчук М. «Між берагамі» // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993. Ч. І;
Тарасюк Л. Праз акіян забыцця // ЛІМ. 1993. 5 лют.;
Яго ж. Пад небам паэзіі // Полымя. 1995. №6;
Сямёнава А. Лёс — і над лёсам // Голас Радзімы. 1993. 30 верас.;
Калеснік У. Наталля Арсеннева // ЛІМ. 1994. 9 снеж.
Л.К.Тарасюк.
т. 1, с. 504