КІТА́ЙСКАЯ ЧАНЧУ́НЬСКАЯ ЧЫГУ́НКА (КЧЧ, з 1953 Харбінская чыгунка),
чыгуначная магістраль у Паўн.-Усх. Кітаі ад станцыі Маньчжурыя праз Харбін да Суйфыньхэ і ад Харбіна да Даляня з шэрагам адгалінаванняў. Пабудавана Расіяй у 1897—1903 пад назвай Кіт.-Усх. чыгунка (КУЧ). Пасля рас.-яп. вайны 1904—05 паўд. напрамак КУЧ адышоў да Японіі і названы Паўд.-Маньчжурскай чыгункай (ПМЧ). З 1924 КУЧ была ў сумесным кіраванні СССР і Кітая. Захоп КУЧ кіт. ўладамі ў ліп. 1929 прывёў да сав.-кіт.ўзбр. канфлікту, пасля завяршэння якога (снеж. 1929) правы СССР на КУЧ адноўлены. У 1935 ва ўмовах акупацыі Паўн.-Усх. Кітая яп. войскамі СССР прадаў КУЧ уладам марыянетачнай дзяржавы Манчжоў-Го. Са жн. 1945 КУЧ і ПМЧ былі ў сумесным кіраванні СССР і Кітая пад агульнай назвай КЧЧ. У 1952 СССР бязвыплатна перадаў свае правы на КЧЧ Кітаю.
Літ.:
Конфликт на КВЖД: Из истории Сов. Вооруж. Сил. Хабаровск, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАДЗЯ́НКА,
рабочы пасёлак у Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл. Канцавая станцыя чыг. веткі ад лініі Мінск—Асіповічы. За 45 км ад Асіповіч. 700 ж. (1997).
Пасёлак узнік у пач. 20 ст. ў сувязі з лесанарыхтоўкай і апрацоўкай драўніны. Паводле перапісу 1917, у Градзянцы 359 ж., 67 двароў, на чыг.станцыі 35 ж., 10 двароў. Дзейнічалі лесапільны з-д, кравецкая арцель. З 1924 у Свіслацкім, з 1931 у Асіповіцкім р-нах. У 1926—54 цэнтр сельсавета, з 15.7.1935 рабочы пасёлак. У 1940 у Градзянцы 800 ж., 260 двароў. У Вял.Айч. вайну з канца чэрв. 1941 да 29.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія амаль поўнасцю спалілі пасёлак, загубілі 350 ж. У 1962—65 у Бабруйскім р-не. У 1969 — 1300 жыхароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Прадпрыемствы мясц. прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ КІРАЎНІ́ЦТВА ПА АЭРАНА́ЎТЫЦЫ І ДАСЛЕ́ДАВАННІ КАСМІ́ЧНАЙ ПРАСТО́РЫ (National Aeronauticas and Space Administration; НАСА),
ведамства ўрада ЗША. Створана ў 1958 для даследавання праблем палётаў у атмасферы Зямлі і касм. прасторы. Каардынуе дзейнасць па распрацоўцы, выпрабаванні і выкананні палётаў аэракасм. апаратаў, даследаванні, асваенні і выкарыстанні касм. прасторы і інш.
НАСА аб’ядноўвае 10 н.-д. цэнтраў, найбуйнейшыя з якіх: Касм. цэнтр імя Л.Джонсана ( г. Х’юстан, штат Тэхас), Цэнтр Маршала (г. Хантсвіл, штат Алабама), Цэнтр імя Дж.Кенэдзі на мысе Канаверал (штат Фларыда), Цэнтр касм. палётаў імя Р.Годарда (Грынбелт, штат Мэрыленд), Н.-д. цэнтр імя Эймса. НАСА здзейсніла большасць касм. праграм ЗША, найб. важныя: «Апалон» «Спейс шатл». «КХТ» (стварэнне касм. тэлескопа імя Э.Хабла), даследаванне планет Сонечнай сістэмы пры дапамозе касм. апаратаў «Піянер», «Вояджэр». У канцы 1990-х г.НАСА ўдзельнічае ў стварэнні міжнар.касм.станцыі і аэракасм. самалёта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЦЯРЭ́ЎСКІ (Мікалай Лаўрэнцьевіч) (н. 31.3.1931, в. Бацюты Падляскага ваяв., Польшча),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1969). З 1963 працаваў на Івянецкай ф-цы маст. вырабаў, з 1966 у Бел.тэатр.-маст. ін-це, з 1969 на Мінскім маст. камбінаце. Працуе пераважна ў галіне маст. керамікі. Аўтар набору «Юбілейны» (1975), скульпт. кампазіцый «Спявачкі» (1978), «Лявоніха», «Поры года» (абедзве 1979), «Вясна» (1983), дэкар. пласты «Здароўе» (1978; у паліклініцы Нац.АН Беларусі), «З народнага жыцця» (1981; у сталовай ВА «Інтэграл»), на станцыі метро «Плошча Якуба Коласа» (1984, у сааўт.), пласты і кафлі для інтэр’ера кафэ «Бульбяная» (1983), афармленне рэстарана аэрапорта «Мінск 2» (1990; усе ў Мінску), універмага «Мінск» у г. Валгаград, Расія (1985), бюстаў Ф.Скарыны (1985), К.Каліноўскага, А.Міцкевіча, А.Багдановіча (усе 1998), плакетак «Каралі Вялікага княства Літоўскага, Жамойцкага і іншых» (2000), жывапісных кампазіцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЬНІК (Сцяпан Паўлавіч) (13.8.1883, с. Засулле Лохвіцкага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 28.6.1938),
бел. вучоны ў галіне батанікі і лесаводства. Чл.кар.АН Беларусі (1936). Д-рбіял.н. (1935), праф. (1923). Скончыў Пецярбургскі лясны ін-т (1911). З 1923 у Горацкім с.-г. ін-це, у 1926—30 дырэктар Цэнтр. лясной доследнай станцыі Беларусі, з 1933 дырэктар Бат. сада АН Беларусі. Навук. працы па лесаводстве, дэндралогіі і феналогіі раслін. Распрацаваў праграмы і інструкцыі па лесафеналагічных назіраннях, правёў тыпалагічнае вывучэнне лясоў Беларусі, даследаваў паркі і інш. дэндралагічныя аб’екты, даў класіфікацыю тыпаў лесу Беларусі з улікам урадлівасці і вільготнасці глебы. У 1938 рэпрэсіраваны (прыгавораны да вышэйшай меры пакарання). Рэабілітаваны ў 1957.
Тв.:
Таблицы для определения главнейших деревьев и кустарников. Горы-Горки, 1925;
Лесо-фенологические наблюдения. Горы-Горки, 1928.
Літ.:
Юркевич И.Д., Чекалинская Н.И. Основатель Ботанического сада АНБССР // Ботаника. Мн., 1969. Вып. 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ХАЎСК,
гарадскі пасёлак у Беларусі, у Аршанскім раёне Віцебскай вобласці, на беразе Арэхаўскага возера пры вытоку з яго ракі Аршыца. За 27 км ад горада Орша, 120 км ад Віцебска, 10 км ад чыгуначнай станцыі Хлюсціна на лініі Орша—Смаленск. Аўтадарогамі злучаны з Оршай і Віцебскам. 3,5 тысяч жыхароў (1995). БелДРЭС, прадпрыемствы лёгкай і харчовай прамысловасці. Брацкая магіла савецкіх воінаў. Помнік архітэктуры 19 стагоддзя — Спаская царква.
Узнік у пачатку 20 стагоддзя як заводскі пасёлак Выдрыца каля вёскі Арэхі Аршанскага раёна ў сувязі з будаўніцтвам завода сухой перагонкі драўніны. Пасля закрыцця завода (1917) пасёлак сельскага тыпу. З 1924 у Аршанскім раёне. З пачаткам будаўніцтва 11.7.1927 БелДРЭС зліўся з вёскай Выдрыца і 25.7.1929 пераўтвораны ў рабочы пасёлак пад назвай Арэхі-Выдрыца. У 1939 было 3,7 тысяч жыхароў. З ліпеня 1941 да 24.6.1944 акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, амаль цалкам знішчаны. 11.7.1946 пераўтвораны ў гарадскі пасёлак Арэхаўск. У 1946—54 цэнтр Арэхаўскага раёна. У 1969 у Арэхаўску 5,3 тысячы жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІНТО́РФСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да кастр. 1943 у раёне прадпрыемства «Асінторф», чыг. ст. Асінаўка Дубровенскага р-на, гідрастанцыі БелДРЭС. Аб’ядноўвала каля 50 чал. Кіруючы састаў: Г.Г.Амельчанка, С.П.Шмуглеўскі, Я.У.Вільсоўскі, Л.К.Букацік, В.Ф.Агурцоў. Баявыя групы былі ў г. Дуброўна, рабочых пасёлках Цэнтральны, № 1, 2, 3, 5, 6, 8, 11, в. Азёры, Замоські, Заполле, Судзілавічы, у Асінторфскім лагеры ваеннапалонных. Падпольшчыкі здабывалі для партызанаў зброю, боепрыпасы, дакументы, медыкаменты, пропускі, звесткі пра дыслакацыю войскаў праціўніка, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных, ратавалі людзей ад вывазу ў Германію, перапраўлялі іх да партызанаў і за лінію фронту. Патрыёты ўзарвалі чыг. мост, спалілі плаціну помпавай станцыі, вывелі са строю сістэму гідраторфу, знішчылі 3 склады боепрыпасаў, ваен. маёмасці і гаручага, спалілі дом адпачынку ням. афіцэраў, псавалі тэлеф. сувязь, машыны і абсталяванне. У кастр. 1943 уліліся ў 16-ю Смаленскую партыз. брыгаду.
Да арт.Асінторфскае камсамольска-маладзёжнае падполле. Помнік асінторфскім падпольшчыкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГО́ННЫ ПАРК,
колькасць вагонаў на пэўнай чыгунцы ці яе падраздзяленні — аддзяленні, станцыі і інш. Паводле прызначэння бывае пасажырскі і грузавы і па сферы выкарыстання — агульнага і спец. прызначэння; паводле тэхн. характарыстык класіфікуюць: па тыпе вагонаў (крыты, паўвагон, платформа і інш.), па колькасці восяў у вагоне, па габарыце і шырыні каляіны (шырока- ці вузкакалейныя), па грузападымальнасці і інш. Адрозніваюць інвентарны (уключае вагоны, прыпісаныя да пэўнай чыгункі) і наяўны вагонны парк (усе вагоны ў межах пэўнай чыгункі незалежна ад месца іх прыпіскі). Наяўны вагонны парк падзяляюць на рабочы (для камерцыйных перавозак) і нерабочы (для гасп. перавозак, перасоўных майстэрняў, вагоны, што знаходзяцца ў рамонце). Асобна вылучаюць рэзервовы вагонны парк, які ўключаецца ў работу ў перыяды масавых перавозак збожжа і агародніны, перакідкі с.-г. тэхнікі і інш. Інвентарны вагоннага парка Беларускай чыгункі на пач. 1996 уключаў больш за 2 тыс. пасажырскіх і каля 36 тыс. грузавых вагонаў. Свае вагонныя паркі маюць метрапалітэны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМБУЛАТО́РНА-ПАЛІКЛІНІ́ЧНАЯ ДАПАМО́ГА пазабальнічная медыцынская дапамога, якая аказваецца ў амбулаторыях, паліклініках, кансультацыях, дыспансерах, медыка-санітарных частках, фельчарска-акушэрскіх пунктах, дыягнастычных цэнтрах і інш.мед. установах (самастойных ці ў складзе бальніц). Найб. масавы, даступны і набліжаны да месца жыхарства або працы від мед. абслугоўвання і аказання першаснай медыка-сан. дапамогі насельніцтву. Асн. формы амбулаторна-паліклінічнай дапамогі: экстранная, лячэбна-дыягнастычная, лячэбна-кансультацыйная, прафілакт., рэабілітацыйная.
На Беларусі з пач. 1990-х г. пачалося фарміраванне тэр.мед. аб’яднанняў, у склад якіх уваходзяць паліклінікі (для дарослых, дзяцей, стаматалагічная), жаночыя кансультацыі, дыспансеры, мед.-сан. часткі, станцыі і аддзяленні хуткай мед. дапамогі і інш. Уводзяцца новыя арганізац. структуры — аддзяленні прафілактыкі, мед. рэабілітацыі, адзіныя акушэрска-тэрапеўтычныя і педыятрычныя комплексы, дыягнастычныя цэнтры, гасп.-разліковыя паліклінікі, касметалагічныя лячэбніцы, фізіятэрапеўт. паліклінікі, перасоўныя амбулаторыі, флюараграфічныя, стаматалагічныя і зубапратэзныя кабінеты і інш. Пашыраюцца формы прыватнага аказання амбулаторна-паліклінічнай дапамогі. Больш як 1,5 тыс. ўстаноў амбулаторна-паліклінічнай дапамогі (1994) абслугоўваюць каля 10% хворых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАПО́РТ,
прадпрыемства, якое забяспечвае рэгулярныя перавозкі грузаў, пошты, пасажыраў сродкамі паветранага транспарту. Бывае міжнар., дзяржаўнага (нацыянальнага) і мясц. значэння. Уключае комплекс інж. збудаванняў і тэхн. сродкаў: аэрадром, аэравакзал, ангары, сістэмы кіравання паветр. рухам, радыёнавігацыі і пасадкі лятальных апаратаў (прыводныя радыёстанцыі, радыёлакацыйныя станцыі), метэаралагічнага забеспячэння і інш. Увесь комплекс часам займае тэрыторыю ў некалькі тысяч гектараў (напр., аэрапорт Унукава і Шарамецьева ў Маскве, Арлі ў Парыжы, Кенэдзі ў Нью-Йорку).
Пры буд-ве аэрапорта ўлічваюць зручнасць трансп. сувязяў паміж горадам і аэравакзалам, бяспеку адначасовых палётаў з суседніх аэрадромаў, дазволены ўзровень шумоў на заселеных тэрыторыях і інш. На Беларусі дзейнічаюць міжнар. аэрапорты Мінск-1 і Мінск-2, у Брэсце, Гомелі, Гродне; нацыянальныя і мясцовыя — у абласных цэнтрах, а таксама ў Полацку, Пінску, Мазыры, Салігорску і інш.