ПАВАРО́ЦІ ((Pavarotti) Лучана) (н. 12.10.1935, г. Модэна, Італія),
італьянскі спявак (тэнар). Вучыўся ў А.Полы і Э.Кампагальяні. На опернай сцэне з 1961. Выступае ў буйнейшых т-рах свету, у т. л. ў «Ковент-Гардэн» (Лондан), «Ла Скала» (Мілан), «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк), Венскай дзярж. оперы і інш. Валодае голасам прыгожага звонкага тэмбру, надзвычай вял. дыяпазону. Яго выкананне адметнае шчырасцю, эмацыянальнасцю. У рэпертуары рознахарактарныя партыі пераважна ў італьян. класічных операх: Рудольф, Каварадосі, Калаф, («Багема», «Тоска», «Турандот» Дж.Пучыні), Радамес, Атэла, Герцаг («Аіда», «Атэла», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Немарына, Тоніо («Любоўны напітак» і «Дачка палка» Г.Даніцэці), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ). Выступаў у трыо з Х.Карэрасам і П.Дамінга, запісаў з імі шэраг папулярных оперных арый. Аўтар успамінаў «Гісторыя майго жыцця» (1981). 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе вакалістаў імя А.Перу (Рэджанель-Эмілія, Італія, 1961).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТАРЖЫ́НСКІ (Іван Сяргеевіч) (3.3.1896, с. Петра-Свістунова Вясёлаўскага р-на Запарожскай вобл., Украіна — 22.2.1960),
украінскі спявак (бас), педагог; адзін з заснавальнікаў укр.вак. школы. Нар.арт.СССР (1944). Скончыў Екацярынаслаўскую кансерваторыю (1922). З 1925 саліст Харкаўскага, з 1935 — Кіеўскага т-раў оперы і балета. З 1946 праф. Кіеўскай кансерваторыі. Валодаў моцным, гнуткім, выразным голасам аксамітнага тэмбру, вял. артыстызмам. Сярод партый: Карась («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Выбарны, Тарас Бульба («Наталка Палтаўка», «Тарас Бульба» М.Лысенкі), Гаўрыла («Багдан Хмяльніцкі» К.Данькевіча), Чуб («Ноч перад калядамі» М.Рымскага-Корсакава), Сусанін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Сярод вучняў: Дз.Гнацюк, А.Кікаць, Я.Чарванюк і інш.Дзярж. прэмія СССР 1942.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Уладзімір Генадзевіч) (н. 3.2.1956, г. Чэлябінск, Расія),
бел.спявак (лірычны барытон). Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыў Уральскую кансерваторыю (1985, Свярдлоўск). З 1985 у Омскім муз. т-ры. З 1992 у Нац. т-ры оперы Беларусі, адначасова ў 1992—95 у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі. Валодае голасам прыгожага тэмбру, вял. дыяпазону. Сярод партый на бел. сцэне: у т-ры муз. камедыі — Эдвін, Містэр Ікс, Тасіла («Сільва», «Прынцэса цырка», «Марыца» І.Кальмана), князь Арлоўскі («Лятучая мыш» І.Штрауса); у т-ры оперы — Ялецкі, Яўген Анегін, Раберт («Пікавая дама», «Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Рангоні («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Радрыга, Жэрмон («Дон Карлас», «Травіята» Дж.Вердзі), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ), партыя барытона (сцэнічная кантата «Карміна Бурана» К.Орфа), лорд Генрых Эштан («Лючыя ды Ламермур» Г.Даніцэці), Шарплес («Мадам Батэрфляй» Дж.Пучыні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНА́ТРА (Sinatra) Фрэнк, сапр. імя Фрэнсіс Альберт; 12.12.1915, г. Хобакен, штат Нью-Джэрсі, ЗША — 1998),
амерыканскі эстрадны спявак, кінаакцёр. У 1936 узначаліў створаны ім вак. ансамбль «Хобакенская чацвёрка». З 1939 саліст джазавага аркестра Х.Джэймса, аркестра пад кіраўніцтвам Т.Дорсі. У 1940—70-я г. выступаў з буйнымі амер. джазавымі аркестрамі, у т. л. пад кіраўніцтвам Дз.Элінгтана. Яго выканальніцкі стыль разнастайны: ад інтымнай манеры «крулінг» да «свінга». У рэпертуары сентыментальныя балады, песні з мюзіклаў, папулярныя песні амер. кампазітараў Дж.Стайна, Б.Бакрака, Р.Мак-Кэна і інш. З 1941 здымаўся ў кіно (больш за 40 фільмаў), у т. л. «Ночы Лас-Вегаса», «Дом, у якім я жыву», «Ад сёння і на векі вечныя» (абодва прэмія «Оскар»), «Чалавек з залатой рукой», «Дэтэктыў», «Першы смяротны грэх». Рэжысёр фільма «Толькі храбрэц» (1964). Меў уласную грамафонную кампанію. Спец. прэмія «Оскар» 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́ПА ((Schipa) Ціта) (2.1.1889, г. Лечэ, Італія — 16.12.1965),
італьянскі спявак (лірычны тэнар). Вучыўся ў А.Джэрунды ў Лечэ і ў Э.Пікалі ў Мілане. У 1910—55 выступаў на сцэне італьян. і інш. оперных т-раў Еўропы і Амерыкі, у т. л. Чыкагскага, «Метраполітэн-опера», «Ла Скала». З 1946 выступаў і як канцэртны выканаўца. Адзін з буйн. італьян. оперных спевакоў 20 ст. Майстар бельканта. Яго голас вылучаўся багаццем адценняў. пластычнасцю, пяшчотнасцю і мяккасцю гучання. Сярод лепшых партый: граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Немарына, Эрнеста («Любоўны напітак», «Дон Паскуале» Г.Даніцэці), Вертэр («Вертэр» Ж.Маснэ). Спяваў у спектаклях з Ф.Шаляпіным. Здымаўся ў муз. кінафільмах, у т. л. «Любімыя арыі». Аўтар аперэты «Прынцэса Ліяна» (паст. 1935), хар. і фп. твораў, песень.
Літ.:
Лаури-Вольпи Дж. Вокальные параллели: Пер. с итал Л., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́БІ ((Gobbi) Ціта) (24.10.1913, г. Басана-дэль-Грапа, Італія — 5.3.1984),
італьянскі спявак (барытон). Скончыў юрыд.ф-т Падуанскага ун-та. З 1938 саліст оперных т-раў Італіі (з 1942 — «Ла Скала»), з 1947 — інш.еўрап. і амер. т-раў. Голас рэдкай прыгажосці, майстэрства бельканта і акцёрскае дараванне здабылі яму славу аднаго з лепшых спевакоў свайго часу. Стварыў рознахарактарныя муз.-сцэнічныя вобразы. Сярод лепшых партый: Рыгалета, Яга, маркіз ды Поза, Жэрмон, Макбет, Рэната («Рыгалета», «Атэла», «Дон Карлас», «Травіята», «Макбет», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Скарпія, Джані Скікі («Тоска», «Джані Скікі» Дж.Пучыні), Фігара («Вяселле Фігара» В.А.Моцарта), Воцэк («Воцэк» А.Берга). 1-я прэмія Міжнар. конкурсу вакалістаў (Вена, 1936). Аўтар шэрагу кніг, у т. л. «Свет італьянскай оперы» (з І.Кук, пер. з англ., М., 1989). Здымаўся ў муз. кінафільмах.
Літ.:
Лаури-Вольпи Дж. Вокальные параллели: Пер. с итал. Л., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЕ́ЦКІ (Пётр Іванавіч) (1899, Саратаўская вобл., Расія — 1941),
рускі і бел.спявак (тэнар). Нар.арт. Беларусі (1940). Вучыўся ў Саратаўскай і Данской (Растоў-на-Доне) кансерваторыях. Дэбютаваў у опернай трупе Растова ў 1920. У 1923—24 працаваў у Вял. т-ры ў Маскве і ў опернай студыі пры ім (пад кіраўніцтвам К.Станіслаўскага), у 1924—37 у оперных т-рах Ленінграда. У 1938—41 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Яго творчай індывідуальнасці былі ўласцівы ўменне надзяляць персанажаў дакладнай псіхал. характарыстыкай, старанная распрацоўка сцэн. малюнка, што найб. яскрава выявілася ў партыях бел. рэпертуару — Саўкі («У пушчах Палесся» А.Багатырова) і Мікіты («Кветка шчасця» А.Туранкова). З інш. партый — Мішук («Ціхі Дон» І.Дзяржынскага), Лыкаў («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Дон Базіліо («Вяселле Фігара» В.А.Моцарта), Сяргей («Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.Шастаковіча).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́НЦАЎ (Барыс Дзмітрыевіч) (30.1.1926, г. Рыбінск Яраслаўскай вобл., Расія — 15.3.1995),
бел.спявак (лірыка-драм. барытон). Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Муз. вучылішча імя Рымскага-Корсакава пры Ленінградскай кансерваторыі (1956). З 1956 у Вял. т-ры ў Маскве. З 1958 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1962 саліст Новасібірскага і Пермскага т-раў оперы і балета. У 1966—95 (з перапынкам) саліст Бел. філармоніі, у 1976—83 — Бел. радыё. Валодаў голасам вял. дыяпазону, прыгожага тэмбру. Яго індывідуальнасці найб. адпавядалі партыі драм. плана. Упершыню выканаў ролю Сцяпана ў оперы А.Туранкова «Яснае світанне». З інш. партый на бел. сцэне: Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), Рыгалета, Рэната, Аманасра («Рыгалета», «Баль-маскарад», «Аіда» Дж.Вердзі), Сільвіо («Паяцы» Р.Леанкавала), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ), Томскі, Ялецкі («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Ведзянецкі госць («Садко» М.Рымскага-Корсакава), Князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НЮХ (Пётр Васілевіч) (8.3.1910, в. Турэц Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 14.7.1994),
бел.спявак (бас). Скончыў курсы льнаводства ў Вілейцы, да 1939 працаваў на Баранавіцкім ільнокамбінаце. У 2-ю сусв. вайну ў арміі Андэрса. З 1945 як стыпендыят 2-га корпуса Войска Польскага вучыўся ў АМ у Рыме. Незвычайная шырыня дыяпазону голасу, яго моц і тэмбравая афарбоўка дазвалялі яму па-майстэрску выконваць вядучыя басовыя партыі ў операх «Дон Карлас» Дж.Вердзі, «Фауст» Ш.Гуно, «Мефістофель» А.Бойта, «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага і інш. Выступаў у Італіі, здзейсніў турнэ па Еўропе. З 1950 у ЗША, потым у Канадзе. У 1958—85 саліст хору данскіх казакоў пад кіраўніцтвам С.Жарава (ЗША). Выкладаў спевы ва ўласнай школе ў Нью-Йорку, у Гамбургу (Германія). Лаўрэат Міжнар. конкурсу вакалістаў у Рыме (1957). У 1975 наведаў Беларусь. Сябраваў з Р.Шырмай, Я.Брылём, А.Бажко.