горная сістэма ў Азіі, на Пд Тыбецкага нагор’я, у Кітаі. Выш. да 7315 м (г. Алінг-Гангры). Працягнулася на 1600 км паралельна Гімалаям, аддзелена ад іх на Пд далінамі р. Цангпо (мясцовая назва р. Брахмапутра) і верхнім цячэннем р.Інд. Складзена пераважна з мезазойскіх гранітаў, кварцытаў, сланцаў, вапнякоў. Горныя ланцугі выцягнуты ў шыротным напрамку. Асн. хрыбты: Кайлас, Алінг-Гангры, Ньенчэн-Тангла і інш.Паўн. схілы гор звычайна слаба расчлянёныя, паўд. — больш стромкія. Пераважаюць выш. 5000—5500 м, адносныя перавышэнні невял. (500—1000 м). Ва ўнутр. раёнах — чаргаванне горных ланцугоў і міжгорных катлавін унутр. сцёку на выш. каля 4500 м; у катлавінах шмат азёр (Намца і інш.). Клімат высакагорны, рэзка кантынентальны. Высакагорны стэп і халодныя пустыні; на паўд., больш вільготных схілах — участкі лугоў і хмызнякоў; каля азёр дрэвападобныя ядлоўцы. Пашыраны камяністыя паверхні. Невял. ледавікі, снежнікі. Жывёльны свет: з капытных — які, бараны, антылопы, куку-яманы, з драпежнікаў — воўк, тыбецкі ліс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́ТЛАЎ (Алесь) (Аляксандр Мікалаевіч; н. 3.6.1936, в. Туркі Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1959). Працаваў у друку, на кінастудыі «Беларусьфільм». З 1980 у час. «Родная прырода». Друкуецца з 1956. Першая кн. апавяданняў «Росы на паплаве» (1974). У аповесцях «Белы месяц сакавік» (1977), «Сляды», «Начное неба ў ліпені» (абедзве 1981), «У вераснёвы вечар» (1987) даследуе духоўны свет чалавека, пытанні маралі і этыкі, праблемы адказнасці асобы перад сабой і грамадствам. Пра вясковых настаўнікаў аповесць «Брод» (1981), апавяданні «Поезд ішоў праз ноч», «Юрачка». Тэму пераемнасці пакаленняў, трагедыю Айч. вайны асэнсоўвае ў аповесці «Час даспелага жыта» (1981), апавяданнях «Вяртанне», «Жоўтае лісце», «Дана» і інш. Сутнасць змен у жыцці, горкія ўрокі мінулага спрабуе спасцігнуць у рамане «Парог» (1993), апавяданнях «Трое на прахадной», «Белыя людзі» і інш. Аўтар нарысаў, фельетонаў, твораў для дзяцей («Стрэл на белым лузе», 1985). Уздымае экалагічныя праблемы.
бел. графік. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1964). У 1964—86 маст. рэдактар час. «Бярозка», з 1992 у «Беларускім гістарычным часопісе». Працуе ў кніжнай і станковай графіцы. Сярод твораў: серыя акварэлей «Помнікі архітэктуры Беларусі» (1970—82), «Бярэзінскі запаведнік» (1975—79), літаграфіі «Кірмаш канца XIX — пач. XX ст.» (1972), «Дзяды» паводле паэмы А.Міцкевіча (1973), «Паўстанне 1863 г.» (1978), «Спынім забойствы...» да 500-годдзя Міколы Гусоўскага (1980), серыя «Асветнікі» (1989), ілюстрацыі да кніг У.Дубоўкі, П.Броўкі, У.Караткевіча, І.Новікава; дыярамы «На старажытным гарадзішчы», «Францыск Скарына трымае экзамен перад прафесарамі ў Падуанскім універсітэце», «Знахаркі» і інш. для Музея гісторыі медыцыны Беларусі; «Гандаль у Полацку», «Падводны свет нашых азёр», «Паселішча на Сенніцы», «Крэменездабыўныя шахты ў Красным», «Францыск Скарына ў друкарні» і панарама «Пажар г. Магілёва ў 1700—21 гг.» для Нац. музея гісторыі і культуры Беларусі, «Мінск у 1890 г.» для Музея М.Багдановіча (1992—93, усе ў Мінску).
П.Драчоў. Кірыла Тураўскі. З серыі «Асветнікі». 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРКУНО́Ў (Генадзь Рыгоравіч) (н. 27.5.1939, Мінск),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1969). Працуе ў галіне пластычнай дэкар. керамікі, манум. габелена, афармлення інтэр’ераў. Арганізатар і кіраўнік габеленавага цэха (1971—73, 1976—77), гал. Мастак (1973—76) Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. Зрабіў наборы дэкар. ваз (1968). Работы ў манум. мастацтве: сграфіта «Маяк» у кінатэатры «Кіеў» (1969, з А.Кішчанкам), габелены «Чалавек пазнае свет» у інтэр’еры гасцініцы «Турыст» (1970, з А.Бельцюковай, Кішчанкам), «Музыка» ў муз. вучылішчы (1975, з Бельцюковай, Кішчанкам), «Напярэдадні» (1996) — усе ў Мінску, «Залаты сад» (1979, з В.Грыгарышынай; у пасольстве СССР у Індыі), «Песня» ў кавярні «Бярозка» (1974) і габелен-заслона «Натхненне» ў гар. Палацы культуры (1982, з Грыгарышынай) у Барысаве. Аформіў экспазіцыі музеяў К.Заслонава ў Оршы (1964) і Мінскага абл. краязнаўчага (Маладзечна, 1966), інтэр’еры гасцініцы «Турыст» (1970), рэстарана «Юбілейны» (1980; абодва ў Мінску) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГ ((Grieg) Юхан Нурдаль) (1.11.1902, г. Берген, Нарвегія — 2.12.1943),
нарвежскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Скончыўшы гімназію, служыў матросам (1920—21), уражанні адлюстраваў у зб. вершаў «Вакол мыса Добрай Надзеі» (1922) і рамане «А карабель ідзе далей» (1924). Вучыўся ва ун-тах Оксфарда і Осла. Выдаў кн. эсэ «Рана памерлыя» (1932) пра творчасць Р.Кіплінга, Дж.Кітса, П.Б.Шэлі, Дж.Байрана. На мяжы 1920—30-х г. адбылася яго творчая і светапоглядная эвалюцыя: аптымістычны пафас вершаў (зб. «Нарвегія ў нашых сэрцах», 1929) змяняецца песімізмам (драма «Атлантычны акіян», 1932). У 1932—34 жыў у СССР. У 1937 як ваенны карэспандэнт быў у Іспаніі (зб. «Іспанскае лета», 1937, раман «Свет яшчэ павінен стаць маладым», 1938). Вяршыня яго творчасці — драма «Паражэнне» (1937, пра Парыжскую камуну 1871). У 1940—43 змагаўся супраць фашызму (паэма «Чалавечая прырода», 1942; зб. вершаў «Свабода», выд. 1945; «Надзея», выд. 1946).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́МЕЛЬСГАЎЗЕН ((Grimmelshausen) Ганс Якаб Крыстафель фон) (каля 1621, г. Гельнгаўзен, Германія — 17.8.1676),
нямецкі пісьменнік. Перажыў жахі Трыццацігадовай вайны 1618—48, быў яе ўдзельнікам. З 1667 стараста ў г. Рэнхен, дзе напісаў усе свае творы. Самы вядомы з іх — сац.-філас., гратэскна-сатыр. раман «Сімпліцысімус» (1-е выд. 1669, найб. поўнае 1671). Яго гал. герой Сімпліцый («прастак») увайшоў у галерэю вечных вобразаў сусв. л-ры. Раман — своеасаблівая энцыклапедыя жыцця Германіі і ўсёй Еўропы ў гады Трыццацігадовай вайны, прасякнуты антываен. пафасам і трывожным роздумам пра лёс чалавечай цывілізацыі, ідэямі духоўнага стаіцызму. Працягам «сімпліцыяны» сталі раманы «Прастаку насуперак, або Дзіўнае апісанне жыцця махляркі і прайдзісветкі Кураж», «Шпрынгінсфельд» (абодва 1670), «Дзівоснае птушынае гняздо» (1672). У яго спадчыне раманы на гіст. і біблейскія сюжэты («Цнатлівы Іосіф», 1667), фантаст. («Першы абібок», 1670, і «Свет навыварат», 1673). На бел. мову раман «Сімпліцысімус» пераклаў В.Сёмуха.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІБН РУШД, Ібн Рошд Абу-ль-Валід Мухамед ібн Ахмед (латынізаванае Авероэс; Averroes; 1126, г. Кордава, Іспанія — 10.12.1198), арабскі філосаф, вучоны-энцыклапедыст, урач; прадстаўнік усх. арыстоцелізму. Жыў і працаваў у Андалусіі і Марока. Большасць яго прац — каментарыі да твораў Арыстоцеля. У сваёй філас. канцэпцыі зыходзіў з прызнання нястворанасці і незнішчальнасці першаматэрыі і руху. Прызнаваў быццё Бога, якое не папярэднічае быццю матэрыі, а «сувечна» яму, і што Бог з’яўляецца «першарухавіком». Сцвярджаў, што матэрыяльны свет бясконцы ў часе, хоць і абмежаваны ў прасторы. Абвяргаў бяссмерце індывід. душы і замагільнае жыццё, але прызнаваў бяссмерце ўсеагульнага інтэлекту. Абгрунтаваў ідэю пра разыходжанне філас. і рэліг. вывадаў, якая паслужыла асновай дзвюх ісцін тэорыі. У сацыялогіі быў прыхільнікам справядлівага грамадскага ладу. Творчасць І.Р. паўплывала на развіццё еўрап. сярэдневяковай філасофіі 13—16 ст.
Тв.:
У кн.: Избранные произведения мыслителей стран Ближнего и Среднего Востока IX—XIV вв. М. 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІНО́ЎСКІ (Віктар Отан Сямёнавіч) (21.4.1833, в. Мастаўляны, Беластоцкага ваяв., Польшча — 6.11.1862),
гісторык, археограф, бібліяфіл, удзельнік нац.вызв. руху 1860-х г. Старэйшы брат К.Каліноўскага. Вучыўся ў Свіслацкай і Гродзенскай гімназіях, з 1852 — на мед. ф-це Маскоўскага ун-та. У 1858—62 адзін з кіраўнікоў нелегальнай рэв. арг-цыі ў Пецярбургу. Падрыхтаваў да друку манаграфію «Уманская разня» пра паўстанне 1768 укр. сялян у г. Умань (цяпер Чаркаская вобл., праца не выйшла ў свет). Складальнік «Каталога калекцыі Жэготы Анацэвіча» (СПб., 1859), дзе апісаў першакрыніцы, у каментарыях выказаў свае погляды па пытаннях бел. і польскай гісторыі. Сабраў унікальную б-ку гал.ч. па гісторыі ВКЛ (больш за 5000 рукапісаў і кніг). Супрацоўнічаў са штодзённай польскамоўнай газетай «Słowo» («Слова»), якую выдаваў у 1859 у Пецярбургу І.Агрызка. Восенню 1862 захварэў на туберкулёз, выехаў да бацькі ў фальварак Якушоўка Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ., дзе і памёр.
Літ.:
Нікалаеў М. Браты Каліноўскія і Публічная бібліятэка // Шляхам гадоў. Гіст літ.зб.Мн., 1990. [Вып. 1].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУСТО́ДЗІЕЎ (Барыс Міхайлавіч) (7.3.1878, г. Астрахань, Расія — 26.5.1927),
расійскі жывапісец, графік і тэатр. мастак. Скончыў Пецярбургскую АМ (1903), дзе вучыўся ў І.Рэпіна. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1909). Чл. Саюза рус. мастакоў (э 1907), аб’яднання «Свет мастацтва» (з 1911), Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1923). У 1905—07 супрацоўнічаў з сатыр. часопісамі. З 1906 пісаў карціны на тэмы святочнага сял. і мяшчанскага побыту («Кірмаш», «Сялянскія святы», «Масленіцы», «Балаганы»), якія вызначаліся яркай шматколернасцю, жыццёвай дакладнасцю, блізкасцю да мадэрну. Стварыў збіральныя вобразы-тыпы купецкай Расіі: «Купчыхі» (1912), «Прыгажуня» (1915), «Купчыха за гарбатай» (1918) і інш. Распрацаваў жанр партрэта-карціны (аўтапартрэт, 1912; партрэты А.І.Анісімава, 1915; Ф.Шаляпіна, 1922). Аўтар інтымна-лірычных партрэтаў І.Кустодзіевай, Ю.Кустодзіевай з дачкой (абодва 1906) і інш. Звяртаўся да сав. тэматыкі («Бальшавік», 1920) і інш. Аўтар літаграфій, лінарытаў, кніжных ілюстрацый. Афармляў тэатр. спектаклі. У Нац.маст. музеі Беларусі 11 жывапісных і 16 графічных твораў К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТЭЗІЯ́НСТВА (Cartesius ад латынізаванага імя Дэкарта—Картэзій),
кірунак у філасофіі і прыродазнаўстве 17—18 ст., тэарэт. крыніцай якога былі ідэі франц. філосафа Р.Дэкарта. Дуалістычнае адзінства матэрыяліст. і ідэаліст. ідэй у філасофіі Дэкарта прывяло да раздзялення яго паслядоўнікаў на матэрыялістаў (Ж.Раго, П.Рэжы, Б.Фантэнель, Э.Леруа, Ж.Ламетры) і ідэалістаў (І.Клаўберг, А.Гейлінкс, Н.Мальбранш). Матэрыялісты адстойвалі ідэю матэрыяльнасці свету і магчымасці яго аб’ектыўна-пачуццёвага пазнання, паўплывалі на фарміраванне ідэй франц.Асветніцтва, на развіццё навук. фізіялогіі, шэрагу фіз. і матэм. ідэй. Ідэалісты адстойвалі ідэю перманентнага ўмяшання Бога ў свет матэрыяльных і духоўных з’яў (аказіяналізм). Дэкартаўскае вучэнне пра метад пазнання атрымала сваё развіццё ў працах Б.Паскаля, які схіляўся да янсенізму і вагаўся паміж рацыяналізмам і скептыцызмам, ставіў веру вышэй за розум. Лагічныя ідэі Дэкарта развіты ў вучэннях А.Арно і П.Ніколя («Логіка, ці Мастацтва мысліць», 1662). У сучаснай філасофіі ідэі К. сустракаюцца ў фенаменалогіі, экзістэнцыялізме і нек-рых плынях рацыяналіст. Філасофіі.