ВЯРЧА́ЛЬНЫ МО́МАНТ,

мера вонкавага ўздзеяння, якое змяняе вуглавую скорасць вярчальнага руху цела. Вярчальны момант роўны суме ўсіх момантаў сіл адносна восі вярчэння, што ўздзейнічаюць на цела. Звязаны з вуглавым паскарэннем ε роўнасцю M=Iε, дзе I — момант інерцыі цела адносна восі вярчэння.

т. 4, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВІ́Д-БЕК (? — 1728),

кіраўнік армянскага нац.-вызв. руху супраць іранскіх і тур. заваёўнікаў. У 1722—25 узначаліў узбр. барацьбу армян супраць Ірана, якая прывяла да выгнання персаў з Усх. Арменіі. У 1726—28 армяне пад кіраўніцтвам Давіда разграмілі туркаў, што імкнуліся захапіць Закаўказзе.

т. 5, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУ́РСКІ (Самуіл Хаімавіч) (29.4.1884, Гродна — 19.8.1947),

бел. гісторык. Чл.-кар. АН БССР (1936). Удзельнік рэв. руху ў 1905—07, чл. Бунда. З 1906 у эміграцыі. Пасля Лют. рэв. 1917 вярнуўся на Беларусь, у 1918 уступіў у КП(б)Б, быў ваен. камісарам у Віцебску. У 1924—33 на кіруючых пасадах у парт.-навук. установах Мінска і Масквы, з 1934 нам. дырэктара Ін-та нац. меншасцяў АН Беларусі. Аўтар прац па гісторыі рэв. руху на Беларусі. Лічыў праявай нацыяналізму святкаванне ў 1926 юбілею бел. газет «Наша доля» і «Наша ніва»; паўстанне 1863—64 характарызаваў як рэакц. памешчыцка-клерыкальнае; абвінавачваў У.​Ігнатоўскага і З.​Жылуновіча ў нацыяналізме. Бел. нац. рух пасля Лют. рэв. 1917 характарызаваў як шавіністычны. У 1938 арыштаваны, у 1939 сасланы ў Казахстан на 5 гадоў. Рэабілітаваны ў 1956.

т. 1, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАСКО́ (Іван Антонавіч) (літ. псеўд. Рапацкі; 8.2.1855, Полацкі павет — ліп. 1881),

дзеяч рэв. руху, публіцыст. Скончыў Мінскую гімназію. Вучыўся ў Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. У пач. 1873 увайшоў у народніцкую рэв. групу Пецярбурга. У 1874 заснаваў у Пецярбургу польска-беларускі сацыяліст. гурток, які наладзіў сувязі з народніцкімі гурткамі на Беларусі, з рэв. арг-цыямі Масквы, Кіева, Варшавы, Львова. У чэрв. 1876 у Лондане наладзіў кантакт з групай рас. рэв. эмігрантаў, аб’яднаных вакол газ. «Вперед». Змясціў у ёй вял. карэспандэнцыю «З Беларусі» пра грамадска-паліт. рух на радзіме. Пасля вяртання ў Пецярбург арыштаваны, потым знаходзіўся пад наглядам паліцыі. Удзельнік рус.-тур. вайны 1877—78. З вер. 1878 у Варшаве, за ўдзел у рэв. руху арыштаваны і зняволены, у 1880 высланы ў Сібір, дзе і памёр.

В.​М.​Чарапіца.

т. 5, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАРЭ́С ((Jaurés) Жан Леон) (3.9.1859, г. Кастр, Францыя — 31.7.1914),

дзеяч франц. і міжнар. сацыяліст. руху, гісторык. Праф. філасофіі Тулузскага ун-та (1883—85). У 1885—89, 1893—98 і 1902—14 дэп. парламента. У рабочым руху і ў 2-м Інтэрнацыянале адстойваў рэфармісцкія погляды. У 1902 узначаліў Франц. сацыяліст. партыю, пасля яе аб’яднання (1905) з Сацыяліст. партыяй адзін з лідэраў правага крыла Аб’яднанай сацыяліст. партыі. У 1904 заснаваў газ. «L’Humanite» («Чалавецтва»). Выступаў супраць каланіялізму, мілітарызму і вайны. Забіты франц. фанатыкам-нацыяналістам Р.​Віленам напярэдадні 1-й сусв. вайны. Аўтар твораў «Пачаткі сацыялізму ў Германіі Лютэра, Канта. Фіхтэ і Гегеля» (1891), «Сацыялістычныя даследаванні» (1901), «Новая армія» (1911), арганізатар і рэдактар калект. працы «Сацыялістычная гісторыя, 1789—1900» (т. 1—13, 1901—08), аўтар яе першых 4 тамоў, прысвечаных Франц. рэвалюцыі 1789—99.

Ж.Жарэс.

т. 6, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВЕ́РСАР,

прыстасаванне, якое дае магчымасць пабудаваць лінію аднаго віду (напр., прамую) з лініі другога віду (напр., акружнасці). Прынцып работы засн. на геам. інверсіі; асн. частка І. — шарнірны механізм.

Першы І., які набліжана пераўтвараў кругавы рух у прамалінейны вынайшаў Дж.Уат (паралелаграм Уата, 1784) і выкарыстоўваў яго ў паравой машыне для спалучэння паступальнага руху поршня з вярчальным рухам махавіка. Шэраг падобных механізмаў сканструяваў П.Л.Чабышоў на аснове створанай ім тэорыі функцый, якія найменш адхіляюцца ад нуля (1858). Дакладныя спрамляльныя механізмы (напр., інверсар Паселье; 1864) выкарыстоўваюцца для пераўтварэння ліній з аднаго віду ў другі, у тэхніцы — для пераўтварэння кругавога руху ў зваротна-паступальны (гл. таксама Крывашыпны механізм, Кулісны механізм).

Інверсары: а — Паселье (здабытак адлегласцей OA∙OC= const пры любых перамяшчэннях пункта A адносна цэнтра інверсіі O); б — падвойны паралелаграм Уата ў паравой машыне.

т. 7, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНГ ((King) Марцін Лютэр) (15.1.1929, г. Атланта, ЗША — 4.4.1968),

адзін з кіраўнікоў руху за грамадз. правы неграў у ЗША, ініцыятар тактыкі ненасільных дзеянняў. Баптысцкі пастар (з 1954). Скончыў Бостанскі ун-т са ступенню д-ра філасофіі (1955). У 1956 арганізаваў байкот аўтобуснага руху, што прывяло да адмены расавага раз’яднання ў грамадскім транспарце ў г. Мантгомеры і інш. месцах. У 1957 заснаваў і ўзначаліў негрыцянскую арг-цыю «Паўд. канферэнцыя хрысц. кіраўніцтва». Правёў шэраг антырасісцкіх дэманстрацый, у т. л. марш на Вашынгтон (1963). Неаднаразова быў арыштаваны. Аўтар кніг «Крок да свабоды. Мантгомерская гісторыя» (1958), «Сіла любові» (1963), «Чаму мы не можам чакаць» (1964) і інш. Забіты расістамі ў г. Мемфіс. Нобелеўская прэмія міру 1964.

Тв.:

Рус. пер. — Есть у меня мечта...: Избр. тр. и выступления. М., 1970.

М.Л.Кінг.

т. 8, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІБРА́ЦЫЯ МЕ́СЯЦА (лац. libratio ваганне),

бачныя з Зямлі перыядычныя ваганні Месяца вакол свайго цэнтра мас. Адрозніваюць аптычную (геаметрычную) і фізічную Л.М.

Аптычная падзяляецца на лібрацыю па даўгаце (бачнае перамяшчэнне плям па паверхні Месяца ўздоўж паралеляў з-за нераўнамернага руху яго па арбіце), лібрацыю па шыраце (бачныя ваганні полюсаў Месяца з-за нахілу яго восі вярчэння да плоскасці арбіты), сутачную лібрацыю (бачнае перамяшчэнне пунктаў па паверхні Месяца з прычыны руху назіральніка пры сутачным вярчэнні Зямлі). Фізічная Л.М. — невялікія рэальныя адхіленні ад раўнамернага вярчэння Месяца, якія выклікаюцца парай гравітацыйных сіл, што ўзнікаюць з прычыны адхілення вял. восі эліпсоіда Месяца ад напрамку на Зямлю пры аптычнай Л.М. Дакладнае вымярэнне гэтых ваганняў дае магчымасць вызначыць моманты інерцыі Месяца. З прычыны Л.М. з Зямлі можна назіраць 59% месяцовай паверхні.

т. 9, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЯ ВЯ́ЗКАСЦЬ,

1) у ферамагнетыках — запазненне ў часе змены значэнняў намагнічанасці, магнітнай пранікальнасці і інш. характарыстык магнетыка ад змены знешняга магн. поля (наз. таксама магнітнае паслядзеянне).

Разам з гістэрэзісам і віхравымі токамі абумоўлівае страты энергіі пры перамагнічванні ферамагнетыка ў пераменным полі. Выклікаецца рознымі прычынамі ў залежнасці ад структуры магнетыка, умоў намагнічвання і т-ры, у выніку чаго яго намагнічанасць устанаўліваецца пасля змены знешняга магн. поля праз некат. час (ад 1 нс да некалькіх мінут і гадзін). Напр., пры аперыядычных зменах магн. поля пры значэннях яго напружанасці, блізкіх да каэрцытыўнай сілы, М.в. абумоўліваецца віхравымі мікратокамі, якія ўзнікаюць у магн. правадніках пры руху сценак магн. даменаў.

2) М.в. у магнітнай гідрадынаміцы — фіз. велічыня, якая характарызуе кінематычныя і дынамічныя ўласцівасці эл.-праводных вадкасцей і газаў пры іх руху ў магн. полі.

т. 9, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЧЫЯР ((Mečiar) Уладзімір) (н. 26.7.1942, г. Зволен, Славакія),

славацкі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Вучыўся ва ун-це імя Я.​А.​Каменскага ў Браціславе і Вышэйшай камсамольскай школе ў Маскве. За ўдзел у апазіц. выступленнях 1968 выключаны з кампартыі (1970). Працаваў юрыстам на шкляной ф-цы. З ліст. 1989 чл. славацкага грамадз. руху «Грамадскасць супраць гвалту», пасля яго расколу ў 1991 узначаліў «Рух за дэмакр. Славакію». У 1990 міністр унутр. спраў і аховы навакольнага асяроддзя, у 1990—91 прэм’ер-міністр славацкага ўрада. Прыхільнік скасавання федэрацыі з Чэхіяй і незалежнасці Славакіі. У 1992—94 і пасля перамогі на парламенцкіх выбарах (кастр. 1994) «Руху за дэмакр. Славакію» са снеж. 1994 да вер. 1998 прэм’ер-міністр Славакіі (з 1.1.1993 суверэнная Славацкая Рэспубліка). У сак.—вер. 1998 адначасова в.а. прэзідэнта Славакіі.

М.​С.​Даўгяла.

т. 10, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)