ЖАШУ́Й, Эдзін-Гол (у вярхоўі — Хэйхэ),

рака на Пн Кітая. Даўж. каля 900 км. Вытокі ў ледавіках хрыбтоў Ціляньшань і Таалайшань (горы Наньшань), цячэ праз пустыні Алашань і Гобі, упадае некалькімі рукавамі (гал. — Марын-Гол, Іх-Гол) у азёры Гашун-Нур і Саго-Нур. Летняя паводка. Выкарыстоўваецца на арашэнне.

т. 6, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПААЗЕ́Р’Е,

тэрыторыя з вялікай колькасцю азёр (звычайна больш за 2%). Характарызуецца своеасаблівымі рысамі рэльефу і азёрамі аднолькавага паходжання — ледавіковага, тэрмакарставага, карставага і інш. Звычайна ў П. маляўнічыя ландшафты, якія часта вылучаюцца ў буйныя рэкрэацыйныя зоны. Пояс П. цягнецца праз Еўропу ўздоўж межаў паазерскага зледзянення, на Беларусі прадстаўлены Беларускім Паазер’ем.

т. 11, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНАМЕРЫКА́НСКАЯ ШАША́,

буйнейшая аўтамагістраль Лацінскай Амерыкі, якая звязвае краіны Паўд. і Цэнтр. Амерыкі з ЗША. Даўж. 33,6 тыс. км. Уваходзіць у Панамерыканскую сістэму шашэйных дарог (45,7 тыс. км). Пачынаецца ў г. Нуэва-Ларэда, на мяжы Мексікі і ЗША, праходзіць праз сталіцы і буйныя гарады дзяржаў Цэнтр. і Паўд. Амерыкі.

т. 12, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ЛЕНСКАЕ ВО́ЗЕРА,

на мяжы Расонскага р-на Віцебскай вобл. і Пскоўскай вобл. (Расія), у бас. р. Чарапяціца, за 6 км на Пн ад г.п. Расоны. Пл. 0,95 км², даўж. 3,1 км, найб. шыр. 550 м, даўж. берагавой лініі 6,7 км. Праз возера цячэ р. Чарапяціца (злучае з Чарапецкім воз.).

т. 11, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКБЕ́Т (Macbeth; ? — 15.8.1057),

кароль Шатландыі [1040—57]. Да ўлады прыйшоў праз забойства караля Дункана I, якога перамог у бітве пры Дунсінейне. Вёў барацьбу з феад. групоўкамі, якія імкнуліся перадаць (і перадалі) прастол сыну Дункана — Малькальму. Загінуў у бітве з Малькальмам. Легенды пра М. ляглі ў аснову сюжэта трагедыі У.​Шэкспіра «Макбет».

т. 9, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМА́Я ЛІ́НІЯ,

адно з першасных паняццяў геаметрыі. Уласцівасці П.л. апісваюцца аксіёмамі: праз 2 пункты праходзіць толькі 1 прамая; П.л. мае толькі адно вымярэнне (даўжыню); П.л. можна неабмежавана прадоўжыць у абодва бакі; П.л. — найкарацейшая з ліній, якія злучаюць 2 пункты. Уяўленне аб прамой дае нацягнутая нітка ці прамень святла.

т. 12, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСКАРЫ́ДЫ (Ascaridae),

сямейства круглых чарвей. Паразітуюць у кішэчніку чалавека і пазваночных жывёл. Найб. пашыраны свіная аскарыда — Ascaris suum і чалавечая аскарыда — Ascaris lumbricoides (даўж. самкі 25—40 см, самца 15—25 см).

Задні канец цела ў самак роўны, у самцоў закручаны. Самка за суткі адкладвае да 200 тыс. яец, якія выдаляюцца з калам у вонкавае асяроддзе, дзе праз 9—13 сут з іх развіваецца лічынка. Пры т-ры ніжэй за 12 °C або вышэй за 36 °C развіццё спыняецца, але жыццяздольнасць не траціцца. Інвазійныя яйцы з ежай і вадой трапляюць у арганізм гаспадара, з іх выходзяць лічынкі, прасвідроўваюць слізістую абалонку кішак і з токам крыві пераносяцца ў лёгкія, затым трапляюць у глотку і зноў у кішэчнік. Праз 2—2,5 мес дасягаюць палавой спеласці і пачынаюць адкладваць яйцы. Жывуць да 1,5 года. Выклікаюць аскарыдоз.

Аскарыда чалавечая.

т. 2, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ФАЛА (Buffalo),

горад на ПнУ ЗША, штат Нью-Йорк. Засн. ў канцы 18 — пач. 19 ст. 323,4 тыс. ж., з прыгарадамі 1,19 млн. ж. (1992). Размешчаны каля ўсх. берага воз. Эры і вытоку р. Ніягара, на суднаходным канале, які злучае Вял. азёры праз р. Гудзон з Атлантычным ак. Порт на воз. Эры, даступны для марскіх суднаў. Вузел чыгунак і аўтамаб. дарог. Міжнар. аэрапорт. Праз Буфала адбываецца значная ч. гандлю ЗША з Канадай. Буйны прамысл. і гандл.-фін. цэнтр краіны. Чорная металургія, металаапрацоўка. Разнастайнае машынабудаванне (вытв-сць цеплавога і інш. прамысл. абсталявання, станкоў, аўтамабільных дэталяў і вузлоў, авіяц. тэхнікі, электронных кампанентаў і сродкаў сувязі і інш.). Хім., цэлюлозна-папяровая, харч. (пераважна мукамольная і мясакансервавая) прам-сць. 2 ун-ты. Цэнтр ядзерных даследаванняў. Музей навукі. Маст. галерэя Олбрайт-Нокс. Каля Буфала — ГЭС на р. Ніягара.

т. 3, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНУА́ ((Lannoy) Жыльбер дэ) (1386—22.4.1462),

бургундскі падарожнік, дыпламат, мемуарыст. Шмат падарожнічаў (Германія, Данія, Іспанія, Сірыя, Св. Зямля). У 1413—14 і 1421 здзейсніў 2 падарожжы па Усх. Еўропе. 1-е адбылося пасля яго ўдзелу ў паходзе крыжакоў на Польшчу і пралягала праз-ВКЛ па маршруце Дынабург—Вільня—Трокі—Коўна—Мемель. Сустракаўся з вял. кн. Вітаўтам. У час 2-га падарожжа праехаў праз Падолле, у Камянцы зноў сустрэўся з Вітаўтам, прысутнічаў пры прыняцці ім пскоўскага і наўгародскага пасольстваў. У дзённіках шмат каштоўных звестак па гісторыі ВКЛ, у т. л. і этнаграфічнага зместу. Адзначыў наяўнасць у жыхароў ВКЛ «асобнай» мовы і існаванне 12 епархій. Як католік папракаў Вітаўта за сувязь з гусітамі. Місія Л. падвяла рысу пад доўгім перыядам насцярожана-варожага стаўлення да ВКЛ як да дзяржавы «язычнікаў» і садзейнічала пашырэнню ведаў аб ёй у Зах. Еўропе.

А.​В.​Белы.

т. 9, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАЦЁК, гемарагія,

выцяканне крыві з крывяносных сасудаў. Бывае пры траўмах, хваробах крывяносных сасудаў (гл. Гематурыя, Гемафілія, Дыятэз гемарагічны). Адрозніваюць К. артэрыяльны, вянозны, капілярны, змешаны; вонкавы (кроў выцякае вонкі) і ўнутр. (кроў выцякае ў органы, тканкі, поласці цела).

Назапашванне крыві ў калясардэчнай абалонцы наз. гемаперыкардытам, у грудной поласці — гематораксам, у поласці сустава — гемартрозам; выдаленне крыві праз дыхальныя шляхі (крывахарканне) — гемаптос; праз стрававод са страўніка (крывавая рвота) — гематамезіс; матачны К. — метрарагія і інш. Найб. небяспечны артэрыяльны К. Пры К. бывае бледнасць скуры і слізістых абалонак, слабасць, галавакружэнне, смага, задышка, паніжэнне артэрыяльнага ціску, слабы, часты пульс. Лячэнне: спыненне К. часовае (сціскальная павязка, жгут) і канчатковае (сасудзістае шво, перавязка сасудаў), кровазгусальныя і кроваспыняльныя сродкі, пераліванне крыві і кровазаменных вадкасцей.

Літ.:

Вишневский А.А., Шрайбер М.И. Военно-полевая хирургия. 3 изд., М., 1975;

Основы реаниматологии. М., 1966.

А.​У.​Чантурыя.

т. 8, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)