СА́МА (?—658),
славянскі князь [623—658], заснавальнік першага гіст. вядомага паліт. аб’яднання зах. і ч. паўд. славян, т.зв. дзяржавы С. (тэр. сучасных Чэхіі, Маравіі, землі лужыцкіх сербаў, ч. зямель славенцаў і харватаў) з цэнтрам, верагодна, у Маравіі. Паводле франкскай хронікі Фрэдэгара (7 ст.), С. быў франкскім купцом, што аспрэчваецца многімі гісторыкамі, якія лічаць яго славянінам. Князем стаў у 623, калі ўзначаліў паўстанне славян супраць улады авараў. Пазней паспяхова ваяваў з аварамі і франкамі. Пасля смерці С. яго дзяржава распалася.
т. 14, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ Польшчы
(НДП; Stronnictwo Narodowa-Demokratyczne),
эндэкі,
польская паліт. партыя ў 1897—1945. Створана ў Каралеўстве Польскім на базе Нац. лігі, пазней пашырыла дзейнасць на польскія землі ў складзе Германіі (1904) і Аўстра-Венгрыі (1905). Прадстаўляла інтарэсы нац. буржуазіі, сярэдніх землеўладальнікаў і часткі інтэлігенцыі. Праграма (рэдакцыі 1897 і 1903) — нацыяналізм, ліберал-дэмакратызм, міжкласавае супрацоўніцтва, аўтаномія Польшчы ў складзе Расіі. У пач. рэвалюцыі 1905—07 НДП выступіла ў абарону нац. незалежнасці, супраць русіфікацыі; пазней, спадзеючыся на ўступкі ў нац. пытанні, падтрымала царызм у барацьбе з рэвалюцыяй. У 1-ю сусв. вайну арыентавалася на Расію і краіны Антанты, з дапамогай якіх разлічвала далучыць да Каралеўства Польскага польскія землі Германіі і Аўстра-Венгрыі. З гэтай мэтай быў створаны Польскі нац. к-т на чале з Р.С.Дмоўскім. З восені 1917 дамагалася прызнання незалежнасці Польшчы зах. краінамі, удзельнічала ў Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20. З 1919 НДП (перайменаваная ў Нац.-дэмакр. саюз) уваходзіла ва ўрадавую кааліцыю, выступала супраць рэв. руху, падтрымлівала інтэрвенцыю супраць Сав. Расіі, паланізацыю бел., укр. і літ. зямель. У 1928 перайменавана ў Нац. партыю. У 1926—33 у складзе праванацыяналіст. Лагера Вял. Польшчы. У 2-ю сусв. вайну падтрымлівала польскі эмігранцкі ўрад. У 1945 забаронена новымі ўладамі Польшчы, у 1947 разгромлены яе падп. арг-цыі.
Л.А.Козік.
т. 11, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́ННАЕ МАСТА́ЦТВА, салонна-акадэмічнае мастацтва,
кансерватыўны кірунак у маст. культуры 19 — пач. 20 ст. Зарадзілася ў Францыі (дасягнула росквіту ў 1850—70-я г.), пазней пашырылася ў інш. краінах. Назву атрымала з-за яго падтрымкі з боку журы парыжскіх маст. салонаў. Агульныя прыкметы С.м.: эклектызм творчага метаду, які грунтаваўся пераважна на нормах акадэмізму 19 ст. і позняга (акад.) класіцызму, адначасова выкарыстоўваючы павярхоўна ўспрынятыя метады і прыёмы рамантызму, пазней — рэалізму і натуралізму; знешняя эфектная прыгажосць кампазіцыі і адназначнасць зместу пры развітой сюжэтнасці; прамалінейнасць трактоўкі значных тэм; фармальная завершанасць, рамесна-тэхн. віртуознасць фактуры, якая імітуе маст. майстэрства; патэтыка, экзальтацыя і ідэалізацыя вобразаў; зарыентаванасць на маст. кан’юнктуру і густ масавага гледача. У С.м. пераважалі міфалагічны і алегарычны (пераважна як падстава для адлюстравання аголенай натуры), быт. (прымітыўна-анекдатычны), гіст. (найчасцей у духу псеўдагіст. касцюмнай меладрамы) жанры, партрэт (ідэалізаваны). Агрэсіўнае непрыняцце ўсяго наватарскага ў мастацтве, імкненне навязаць сваё разуменне «добрага густу», камерцыялізацыя маст. творчасці выклікалі і адваротную рэакцыю ў буйных мастакоў 2-й пал. 19 ст. і іх. супрацьпастаўленне сваёй творчасці С.м. («Маніфест рэалізму» Г.Курбэ ў Францыі, заснаванне Т-ва перасоўных маст. выставак у Расіі і інш.). У 20 — пач. 21 ст. тэрмін «С.м.» ўжываецца таксама як агульнае вызначэнне знешняй прыгажосці і банальнасці, беззмястоўнасці твораў выяўл. мастацтва, спекулятыўнай імітацыі маст. каштоўнасцей.
т. 14, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНА́Т (Banat),
гістарычная вобласць у Паўд.-Усх. Еўропе, паміж Трансільванскімі Альпамі на У, рэкамі Ціса на З, Мурэш на Пн, Дунай на Пд. На пач. нашай эры тэр. Баната ўваходзіла ў склад рым. правінцыі Дакія. З 1028 пад уладай Венг. каралеўства. Да 16 ст. заваяваны Асманскай імперыяй. Паводле Пажаравацкіх мірных дагавораў 1718 Банат перайшоў да Аўстрыі (пазней Аўстра-Венгрыі). Паводле Трыянонскага мірнага дагавора 1920 2/3 яго тэрыторыі адышлі да Румыніі, амаль ⅓ — да Югаславіі, землі вакол г. Сегед — да Венгрыі.
т. 2, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЙТАН (Brighton),
горад на Пд Вялікабрытаніі, на беразе праліва Ла-Манш. Засн. ў 1750. З 1782 тут была рэзідэнцыя прынца Уэльскага, пазней караля Георга IV. 143 тыс. ж. (1989). Прам-сць: маш.-буд. (у т. л. эл.-тэхн.), харч., мэблевая, паліграф., швейная, фармацэўтычная. Ун-т. Прыморскі кліматычны курорт. Мяккі, умерана вільготны клімат спрыяльны для лячэння органаў дыхання, руху і апоры, расстройстваў нерв. сістэмы. Шматлікія санаторыі, атэлі, вілы, палацы. Арх. помнікі 18 — пач. 19 ст., у т. л. Каралеўскі павільён (1811).
т. 3, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛО́ГА ў аграноміі,
ворная зямля, якая не выкарыстоўваецца доўгі час на с.-г. мэты. Кароткачасовая (8—15 гадоў) аблога ў стэпавых раёнах наз. пералог, у лесастэпавых — залог. У першыя 2—3 гады ралля зарастае адна- і двухгадовымі раслінамі (бур’яністы пералог), у наступныя 5—7 гадоў — карэнішчавымі раслінамі, рыхла- і шчыльнакустовымі злакамі. Пазней развіваецца расліннае покрыва, характэрнае для сухадольных лугоў, пад ім назапашваецца арган. рэчыва і аднаўляецца прыродная ўрадлівасць глебы. На Беларусі аблогі займаюць нязначныя плошчы пераўвільготненых і цяжкадаступных малапрадукцыйных зямель.
т. 1, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАМО́ВІЧЫ (Абрагамовічы),
шляхецкі род герба «Ляліва» ў ВКЛ. Паходзілі ад Абрагама Ёзафавіча (п. У 1519), які нарадзіўся ў сям’і гандляра-яўрэя, пазней прыняў хрысціянства. За паслугі вял. князям Аляксандру і Жыгімонту I атрымаў шляхецтва. Займаў пасады гараднічага (1495) і старосты ковенскага (1514), старосты салецкага, войта менскага і берасцейскага, падскарбія земскага (1510—19). Валодаў маёнткамі Вайдуны (Віленскі пав.) і Грынкава (Гарадзенскі пав.). Меў сыноў Васіля (у каталіцтве Ян, п. у 1546, быў войтам берасцейскім) і Канстанціна (войт менскі).
В.Л.Насевіч.
т. 1, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТАМІ́РА-І-КРЭВЕ́А ((Altamira y Crevea) Рафаэль) (10.2.1866, г. Алікантэ, Іспанія — 1.6.1951),
іспанскі гісторык. Скончыў Валенсійскі і Мадрыдскі ун-ты. З 1888 сакратар Пед. музея (Мадрыд). У 1897—1910 узначальваў кафедру гісторыі ісп. права ў г. Аўеда, пазней праф. Мадрыдскага ун-та. У асноўнай працы «Гісторыя Іспаніі і іспанская цывілізацыя» (т. 1—4, 1900—11) даследаваў эканам. і сац. гісторыю краіны, падкрэсліў узаемасувязь эканам. і паліт. заняпаду Іспаніі ў 16—17 ст. Пасля ўстанаўлення фаш. дыктатуры Ф.Франка (1939) у эміграцыі.
т. 1, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫГАДЗІ́Р (ням. Brigadier),
1) ва ўзбр. сілах Францыі ў 1667—1788 афіцэрскі чын камандзіра пяхотных ці конных брыгад, пазней чын мал. унтэр-афіцэра ў кавалерыі, артылерыі, жандарскіх, інж. часцях; у Германіі да 1674 назва (па пасадзе) камандзіра артыл. брыгады; у Расіі ў 1722—99 афіцэрскі чын, прамежкавы паміж палкоўнікам і генерал-маёрам; у ВКЛ да 1794 назва камандзіра артыл. ці кав. брыгады. У сучасных умовах званне брыгадзір прысвойваецца афіцэрам сухап. войск Вялікабрытаніі, Індыі, Егіпта і некаторых інш. дзяржаў.
2) Кіраўнік брыгады вытворчай.
т. 3, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛКАМІ́РСКАЯ ((Wiłkomirska) Ванда) (н. 11.1.1929, Варшава),
польская скрыпачка. Вучылася ў бацькі, пазней у Я.Умінскай, І.Дубіскай і інш. Вядомая як выканаўца твораў К.Шыманоўскага, Б.Бартака, сучасных польскіх кампазітараў. Удзельніца фп. «Трыо Вілкамірскіх» (з сястрой піяністкай Марыяй Вілкамірскай і братам віяланчэлістам Казімежам Вілкамірскім) і Польскага квартэта імя К.Шыманоўскага. Гастраліруе з 1950. З 1982 за мяжой. Займаецца выкладчыцкай дзейнасцю. Лаўрэат міжнар. конкурсаў скрыпачоў у Жэневе (1946), Будапешце (1948), імя Г.Вяняўскага у Познані (1953). Дзярж. прэмія Польшчы 1953, 1961.
т. 4, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)