КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ АБ АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНЫХ ПРАВАПАРУШЭ́ННЯХ,

адзіны сістэматызаваны заканад. акт, які рэгулюе адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з адм. правапарушэннямі і прыцягненнем за іх да адказнасці. Прыняты Вярх. Саветам БССР 6.12.1984 і ўведзены ў дзеянне з 1.6.1985. Дзейнічае са зменамі і дапаўненнямі, унесенымі ў адм. заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Складаецца з 5 раздзелаў (32 главы, больш за 300 артыкулаў). У Кодэксе выкладзены задачы заканадаўства аб адм. правапарушэннях і мерах па іх прадухіленні; сфармуляваны паняцці адм. правапарушэння і адм. спагнання, вызначаны ўмовы і акалічнасці, пры якіх настае адм. адказнасць; пералічаны канкрэтныя віды адм. правапарушэнняў і адм. спагнанняў за кожнае з іх у розных сферах дзярж., грамадскай і гасп. дзейнасці; вызначаны органы і службовыя асобы, правамоцныя разглядаць справы аб адм. правапарушэннях, іх падведамаснасць і кампетэнцыя; рэгулююцца пытанні вытворчасці па справах аб адм. правапарушэннях і выканаўчага вядзення іх; вызначаны парадак і формы фіксацыі фактаў адм. правапарушэнняў, службовых асоб, правамоцных гэтым займацца, і меры, з дапамогай якіх забяспечваецца вытворчасць па справах аб адм. правапарушэннях; рэгламентуюцца правы і абавязкі правапарушальнікаў і інш. асоб, якіх прыцягваюць да разгляду спраў, і парадак іх разгляду адпаведнымі органамі, замацоўваюць права на абскарджанне і апратэставанне іх рашэнняў і інш.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 8, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ДУЛЬ (ад лац. modulus мера) у архітэктуры, умоўная адзінка, што ўжываецца для каардынацыі памераў частак будынка, збудавання або комплексу. Адзін з асн. сродкаў арх. кампазіцыі, які выкарыстоўваецца для прывядзення ў гарманічнае адзінства памераў цэлага і яго частак (напр., залатое сячэнне).

Вядомы са старажытнасці. У залежнасці ад асаблівасцей буд. тэхнікі і кампазіцыі будынкаў за М. прымаліся розныя велічыні: у стоечна-бэлечных канструкцыях (гл. Ордэр) — радыус або дыяметр калоны, шырыня трыгліфа ці памер буд. вырабу (цэглы, бервяна), у сценавых канструкцыях — таўшчыня сцяны, у крыжова-купальных збудаваннях — дыяметр купала ці стараны падкупальнага памяшкання. Для вызначэння абсалютнай велічыні будынка ў якасці М. выкарыстоўвалі меры даўжыні (фут, сажань, метр і інш.), якія ўтварылі т. зв. лінейны М. У 2-й пал. 20 ст. з прагрэсам буд. тэхнікі, тыпізацыі буд-ва і індустрыялізацыі масавага домабудавання лінейны М. набыў вял. тэхн. значэнне як сродак узгаднення планіровачных і канстр. элементаў будынкаў, іх уніфікацыі і стандартызацыі. Айчыннымі, замежнымі і міжнар. нормамі і стандартамі ўстаноўлены асн. М. памерам у 100 мм. Для вызначэння аб’ёмна-планіровачных памераў будынкаў выкарыстоўваюць узбуйненыя М. (ЗМ., 6М., 12М., 15М., 30М., 60М.), для вызначэння сячэння дробных дэталяў, зазораў паміж імі — дробныя М.

С.​А.​Сергачоў.

т. 10, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРА́ДАК СЛОЎ,

лінейная паслядоўнасць кампанентаў сказа, якая мае сэнсавае, граматычнае (сінтаксічнае) і стылістычнае значэнне. Залежыць ад структуры сказа, спосабаў выражэння яго членаў, стылістычнай афарбоўкі і семантычнага напаўнення сказа, а таксама сувязі яго з інш. сказамі ў тэксце. Бел. мове ўласцівы адносна свабодны П.с.: кожны член сказа не мае строга вызначанага сталага і нязменнага месца. П.с. у сказе можа быць звычайны і адваротны.

Пры звычайным П.с. дзейнік стаіць перад выказнікам, дапасаванае азначэнне — перад словам, што паясняецца, недапасаванае — пасля яго; прамое дапаўненне — пасля слова, якое ім кіруе; акалічнасць спосабу дзеяння, меры і ступені — перад дзеясловам-выказнікам, часу і месца — перад дзеясловам-выказнікам ці ў пачатку сказа. Пры адваротным П.с. выказнік размяшчаецца перад дзейнікам. Адваротны П.с., які выкліканы пэўнымі намерамі аўтара і мае функцыянальна-стылістычнае і сэнсавае значэнне, называецца інверсіяй. У вершаваных творах П.с. часта абумоўлены патрабаваннямі рытму і рыфмы, у гутарковай мове — заканамернасцямі пабудовы дыялогу, сітуацыяй, калі на першае месца выносіцца інфармацыйна найб. значны сінтаксічны кампанент: «Фармальна вы маеце рацыю». — «Не фармальна, а фактычна яно так».

Літ.:

Ковтунова И.И. Современный русский язык: Порядок слов и актуальное членение предложения. М., 1976;

Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1987.

П.​У.​Сцяцко.

т. 12, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫНАЗО́ЎНІК,

службовае слова, з дапамогай якога выражаюцца адносіны паміж галоўнымі і залежнымі кампанентамі словазлучэння. П. марфалагічна нязменныя, не маюць самаст. лексічнага і грамат. значэння, не з’яўляюцца членамі сказа. Ужываюцца з паўназначнымі словамі, дапаўняюць іх ці ўдакладняюць значэнне пэўнага ўскоснага склону. Значэнне П. выяўляецца ў словазлучэнні, дзе яны выражаюць розныя грамат. адносіны (прасторавыя, часавыя, аб’ектныя, якасныя, колькасныя, размеркавальныя, прычынныя, мэтавыя, параўнальныя, спосабу дзеяння, меры і ступені і інш.).

Могуць ужывацца з адным склонам («каля», «праз»), двума («аб», «пад») і трыма («у», «па»). Паводле марфал. будовы і паходжання П. падзяляюцца на невытворныя («з», «пры») і вытворныя («збоку», «наконт»), паводле структуры — на простыя («ад», «замест»), складаныя («з-за», «па-над») і састаўныя («у адносінах да», «у сувязі з»). У сучаснай бел. мове ў функцыі П. ўжываюцца прыслоўна-прыназоўнікавыя канструкцыі («асобна ад», «згодна з»), Пры перадачы аднолькавых ці блізкіх грамат. значэнняў часта выкарыстоўваюцца розныя П., якія ў такіх выпадках выступаюць як сінонімы (параўн.: «пад лесам — каля лесу», «з радасці — ад радасці»).

Літ.:

Шуба П.П. Прыназоўнік у беларускай мове. Мн., 1971;

Яго ж. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

А.​І.​Наркевіч.

т. 13, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́Т БЯСПЕ́КІ ААН (СБ ААН),

галоўны орган Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, рашэнні якога абавязковыя для ўсіх яе членаў. Складаецца з 15 членаў (да 1965 было 11). 3 іх 5 пастаянныя — Расія (да 1991 — СССР), ЗША, Вялікабрытанія, Францыя і Кітай, і 10 непастаянных (да 1965—6), ратацыя якіх адбываецца кожныя 2 гады. Пры прыняцці рашэнняў дзейнічае прынцып аднагалосся пастаянных членаў СБ ААН. Паводле Статута ААН Савет Бяспекі адказвае за падтрымку міжнар. міру і бяспекі ў адпаведнасці з прынцыпамі і мэтамі ААН; разглядае міждзярж. спрэчкі ці інш. сітуацыі, якія могуць прывесці да міжнар. канфліктаў; выпрацоўвае рэкамендацыі шляхоў уладжвання такіх спрэчак і ўмовы іх вырашэння; распрацоўвае планы для стварэння сістэмы рэгулявання ўзбраенняў; вызначае наяўнасць пагрозы міру ці акта агрэсіі і рэкамендуе меры, якія трэба прыняць; заклікае членаў ААН да выкарыстання эканам. санкцый ці інш. мер, якія не звязаны з выкарыстаннем сілы, дзеля прадухілення ці спынення агрэсіі; прадпрымае ваен. дзеянні супраць агрэсара; рэкамендуе далучэнне да ААН новых членаў; ажыццяўляе функцыі ААН па апецы ў «стратэгічных раёнах»; рыхтуе рэкамендацыі Ген. Асамблеі ААН аб прызначэнні Ген. сакратара ААН і сумесна з ёй выбірае суддзяў Міжнар. суда. На 1974—1975 непастаянным членам СБ ААН выбіралася БССР.

т. 14, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАГУ́Б (Алесь Феафілавіч) (18.10.1906, в. Зарудзічы Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 17.5.1934),

бел. паэт, літаратуразнавец, публіцыст. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1927), БДУ (1931). У Зах. Беларусі далучыўся да дзейнасці Бел. сялянска-работніцкай грамады. Быў вязнем (1924, 1927) віленскіх астрогаў. У 1928 нелегальна перайшоў польска-сав. мяжу, жыў у Мінску. У 1933 рэпрэсіраваны, у 1934 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1924 у газ. «Жыццё беларуса», «Наша праўда», час. «Маланка» ( падпісваўся часта Лявон Чачотка), у газ. «Звязда», «Літаратура і мастацтва», час. «Полымя рэвалюцыі» і інш. У Мінску выдаў зб. вершаў «Лукішкі» (1929). Асн. тэмы яго творчасці — барацьба за сац. і нац. вызваленні, гал. герой — вязень-рэвалюцыянер У літ.-знаўчых («Паэзія рэвалюцыйнага падполля Заходняй Беларусі», 1931; «Мастацкая літаратура «Грамады», 1933) і публіцыст. працах (некат. з В.​Таўлаем) спрабаваў вызначыць кірункі развіцця л-ры Зах. Беларусі, дапускаў сацыялаг. ацэнкі. Збіраў фальклор, нар. лексіку, выкарыстоўваў іх у сваіх творах. Яго «Лукішскі дзённік» часткова апубл. ў 1961.

Тв.:

У кн.: Сцягі і паходні. Мн., 1965.

Літ.:

Калесніку. Алесь Салагуб // Калеснік У. Лёсам пазнанае. Мн., 1982;

Л і с А. Цяжкая дарога свабоды. Мн., 1994.

А.​С.​Ліс.

А.Ф.Салагуб.

т. 14, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНЫ КРУГАВАРО́Т,

паступленне хім. элементаў з глебы, вады і атмасферы ў жывыя арганізмы, ператварэнне іх у новыя складаныя злучэнні і вяртанне зноў у глебу, ваду, атмасферу. Штогод частка арган. рэчыва або поўнасцю адмерлыя арганізмы выходзяць з цыкла і акумулююцца ў зямной кары. Біялагічны кругаварот узнік адначасова з паяўленнем жыцця на Зямлі і з’яўляецца бесперапынным цыклічным працэсам размеркавання рэчываў, энергіі і інфармацыі ў межах экалагічных сістэм. Аснова біялагічнага кругавароту — утварэнне ў працэсе фотасінтэзу першаснай прадукцыі (расліннай), ператварэнне яе ў другасную (у прыватнасці, жывёльную) і яе распад. Актыўны рух арган. рэчыва ў экалагічных сістэмах ажыццяўляецца па трафічных ланцугах. Асн. роля ў біялагічным кругавароце належыць першасным прадуцэнтам (зялёныя кветкавыя расліны, мікраскапічныя планктонныя водарасці, хемасінтэзуючыя мікраарганізмы), кансументам (жывёлы) і рэдуцэнтам (сапрафітныя арганізмы, пераважна бактэрыі). Біямаса арганізмаў розных трафічных узроўняў у межах трафічных ланцугоў неаднолькавая; яна вышэй на ўзроўні прадуцэнтаў і змяншаецца на меры прасоўвання да кансументаў вышэйшага парадку. Найб. значэнне мае біялагічны кругаварот так званых біяфільных (неабходных для жыцця) элементаў — азоту, фосфару, серы. Існуюць таксама кругавароты кіслароду, вадароду, вугляроду і інш. хім. элементаў, якія складаюць частку агульнага біялагічнага кругавароту, што цесна ўвязаны з біягеахімічным кругаваротам рэчываў. Інтэнсіўнасць біялагічнага кругавароту вызначае колькасць і разнастайнасць жывых арганізмаў, аб’ём назапашанай арган. прадукцыі, якая можа быць выкарыстана для задавальнення патрэб чалавека.

Прынцыповая схема біялагічнага кругавароту.

т. 3, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАДВО́РЦЫ,

катэгорыя дзярж. сялян у Рас. імперыі. Складаліся ў 1-й чвэрці 18 ст. з патомкаў служылых людзей, паселеных царскім урадам у сувязі са стварэннем рэгулярнай арміі на паўд. і паўд.-ўсх. граніцах для іх аховы. Аднадворцы былі абкладзены падушным падаткам і 4-грыўневым аброкам. Пераважная большасць іх не валодала прыгоннымі, мела толькі ўласныя двары (магчыма, адсюль і назва аднадворцы).

На Беларусі аднадворцы ўтвораны на падставе закону ад 19.10.1831: дробная сельская шляхта была пераведзена ў аднадворцы з паліт. (за ўдзел у паўстанні 1830—31) і фіскальных меркаванняў. Былі асабіста вольныя; плацілі падатак, выконвалі рэкруцкую павіннасць на працягу 15 гадоў. Паводле ўказа ад 1.8.1857 аднадворцы на ўласнай і дзярж. зямлі аднесены да дзярж сялян, на панскай — да вольных людзей. Фактычна працягвалі існаваць як асобная група сельскага насельніцтва. У 1858 на Беларусі 44 810 аднадворцаў (1,6% сельскага насельніцтва). Пераважная большасць не мела сваёй зямлі. Па меры разбору шляхты колькасць іх расла: у 1867 у Мінскай, Магілёўскай, Віленскай і Гродзенскай губ. было 110 088 чал. Паводле закону ад 19.2.1868 аднадворцы пераведзены ў сельскія і гарадскія абшчыны, большасць іх злілася з сялянамі. Аднадворцы, якія жылі на панскай зямлі, не атрымалі права на яе выкуп, тыя, што жылі на дзярж., маглі выкупіць яе. Уласная зямля захавалася за аднадворцамі.

В.​П.​Панюціч.

т. 1, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́ЛІЗ ГАСПАДА́РЧАЙ ДЗЕ́ЙНАСЦІ,

сістэма комплекснага даследавання прычынна-выніковых сувязяў у дзейнасці суб’ектаў гаспадарання з мэтай выяўлення рэзерваў павышэння эфектыўнасці гэтай дзейнасці і выпрацоўкі аптымальных кіраўніцкіх рашэнняў; адна з асн. функцый у сістэме кіравання вытв-сцю на розных узроўнях — ад цэха прадпрыемства да мін-ва, карпарацыі. Ажыццяўляецца на аснове звестак уліку (уключаючы і аператыўны ўлік), дае магчымасць выявіць адхіленні паказчыкаў вытв.-гасп. дзейнасці ад запланаваных, вызначыць іх прычыны і прыняць неабходныя меры для рэгулявання вытв. працэсу і карэкціравання праграмы (плана). Аб’ект аналізу — вытв.-гасп. дзейнасць, прадмет — прычынна-выніковыя сувязі, што фарміруюць і змяняюць вынікі гэтай дзейнасці, метад — сістэмны і комплексны падыходы да даследавання аб’екта з выкарыстаннем адпаведных методык. У залежнасці ад узроўню і маштабу кіравання аналіз гаспадарчай дзейнасці бывае: унутрыгаспадарчы (унутрыфірменны), галіновы, міжгаліновы ці рэгіянальны, народнагаспадарчы. У залежнасці ад віду кіравання вытв-сцю вылучаюць: аператыўны аналіз гасп. дзейнасці (для аператыўнага ці кароткатэрміновага кіравання), бягучы ці перыядычны аналіз (для бягучага ці сярэднетэрміновага кіравання), перспектыўны ці доўгатэрміновы аналіз (для пэўнай мэтавай сістэмы). У навук. л-ры вылучаюць і інш. віды аналізу гаспадарчай дзейнасці: у залежнасці ад абагульнення аб’екта даследавання (агульнаэканам. аналіз) ці яго дзялення (фін. аналіз), вылучэння асобных яго мэтаў (прагнозны аналіз) ці пераважных спосабаў даследавання (параўнальны аналіз).

В.​І.​Стражаў.

т. 1, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІРУСАЛО́ГІЯ (ад вірусы + ...логія),

медыка-біял. навука аб вірусах. Агульная вірусалогія вывучае прыроду вірусаў, іх будову, размнажэнне, біяхімію, генетыку, паходжанне і пашырэнне ў прыродзе. Мед., вет. і с.-г. вірусалогія даследуе патагенныя вірусы, іх інфекцыйныя ўласцівасці, распрацоўвае меры папярэджання, дыягностыкі і лячэння захворванняў, якія імі выклікаюцца.

Сфарміравалася ў канцы 19 ст. пасля адкрыцця рус. вучоным Дз.​І.​Іваноўскім (1892) віруса тытунёвай мазаікі. Былі вызначаны вірусы яшчуру (1898) і жоўтай ліхаманкі (1901), потым вірусы — узбуджальнікі шаленства, воспы, поліяміэліту, адру, герпесу. Сучаснай вірусалогіі вядома больш за 500 вірусаў, патагенных для чалавека і жывёл.

На Беларусі распрацоўка пытанняў вірусалогіі пачалася ў 1924 і звязана з вырабам і выкарыстаннем вакцын супраць воспы і шаленства. Асн. навук. цэнтры па мед. і ветэрынарнай вірусалогіі — Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, эксперым. ветэрынарыі, рыбнай гаспадаркі, БДУ і інш. Распрацаваны актыўныя злучэнні супраць вірусаў грыпу, энцэфаліту і інш., удасканалена сістэма аховы пры даследаванні патагенных узбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл (В.​І.​Вацякоў, П.​Р.​Рыцік, Э.​У.​Фельдман, Б.​П.​Савіцкі, І.​І.​Протас, М.​А.​Кавалёў, Л.​М.​Галаўнёў і інш.). Асаблівае значэнне набываюць праблемы вывучэння вірусаў, якія выклікаюць пухлінныя працэсы, латэнтных вірусных інфекцый і ВІЧ-інфекцыі.

Літ.:

Зуев В.А. Медленные вирусные инфекции человека и животных. М., 1988.

т. 4, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)