ПРЫШЧЭ́ПАЎ (Дзмітрый Філімонавіч) (21.11.1896, в. Калодніца Крупскага р-на Мінскай вобл. —31.1.1940),
дзяржаўны і грамадскі дзеяч БССР. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. З 1916 у арміі, прапаршчык. У 1919—20 у Чырв. Арміі, потым нам. старшыні Сенненскага пав. выканкома, старшыня Веліжскага пав. рэўкома. У 1922—23 старшыня Аршанскага пав. выканкома. З пач. 1924 нам. старшыні Віцебскага губвыканкома, чл. Часовага Бел. бюро ЦК РКП(б). У сак. 1924 разам з Я.А.Адамовічам падпісаў акт пра далучэнне Віцебскай губ. да БССР. У 1924—29 нам. наркома, нарком земляробства БССР, старшыня с.-г. секцыі Інбелкульта. З мая да 14.9.1929 нам. старшыні Дзярж. планавай камісіі, чл. Эканам. нарады БССР. Чл. ЦК КП(б)Б (1926—29), ЦВК БССР і яго прэзідыума (1924—29), ЦВК СССР (1922—29). Абвінавачаны ў правым ухіле, у вер. 1929 выключаны з КП(б)Б і зняты з пасады наркома. Яго пазіцыя ў агр. палітыцы атрымала назву «прышчэпаўшчына». Паводле ацэнкі Бюро ЦК КП(б)Б, асн. ідэі яе тэорыі і практыкі заключаліся ў стаўцы на развіццё хутарской сістэмы і абарону інтарэсаў кулацкіх гаспадарак, падпарадкаванне кааперацыі, сельгаскрэдыту, падатковай палітыкі патрэбам заможных пластоў вёскі, згортванне калгаснага і саўгаснага будаўніцтва, вырашэнне праблемы агр. перанасялення шляхам дэпартацыі беднаты на Урал, Д.Усход і ў Сібір. 19.7.1930 арыштаваны па справе так зв. «Саюза вызвалення Беларусі», 18.3.1931 асуджаны на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Адбываў пакаранне на буд-ве Беламорска-Балтыйскага канала, потым у Поўнач-усходлагу. У чэрв. 1937 вызвалены. 13.8.1937 зноў арыштаваны ў Магадане, у студз. 1939 этапіраваны ў Мінск. 20.11.1939 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Памёр у турэмнай бальніцы. Рэабілітаваны ў 1988.
Э.А.Карніловіч, У.М.Міхнюк.
т. 13, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)