ГЕАМЕРЫ́ДА (ад геа... + грэч. meris частка, слой),

жывое покрыва, сукупнасць усіх жывых арганізмаў, якія насяляюць планету. Зрэдку выкарыстоўваецца і як сінонім біясферы. Тэрмін прапанаваў рус. вучоны У.М.Беклямішаў (1928). У паняцці У.І.Вярнадскага ў біял. сэнсе — жывое рэчыва Зямлі. На Зямлі існуе каля 2 млн. відаў арганізмаў, у т. л. 1,5 млн. відаў жывёл. Маса жывога перавышае масу зямной кары. Колькасць прадукцыі за 1 млрд. гадоў у 10 разоў перавышае масу зямной кары.

т. 5, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТО́НЫ,

бялкі, якія знаходзяцца ў ядрах клетак раслін і жывёл. Асабліва багатыя гістонамі бялкі эрытрацытаў і валляковай залозы. Маюць у сабе шмат астаткаў аргініну і лізіну, ад якіх залежаць іх шчолачныя ўласцівасці. Малекулярная маса 1100—21 000. Прысутнічаюць у ядрах у выглядзе комплексу з ДНК. Стабілізуюць структурную будову храмаціну, служаць адным са звёнаў у рэгуляцыі сінтэзу нуклеінавых к-т (ДНК і РНК), значна павялічваюць пранікальнасць клетачных мембран для высокапалімерных злучэнняў.

т. 5, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУАНА́КА (Lama guano),

млекакормячае роду ламаў сям. вярблюдавых. Трапляецца на сухіх паўпустынных высакагор’ях (да 5000 м) Андаў Паўд. Амерыкі. Жывуць невял. статкамі (да 20 галоў).

Даўж. цела 180—225 см, хваста 15—25 см, выш. 90—130 см, маса 48—96 кг. Цела ўкрыта бураватай шэрсцю (даўж. 6—10 см). Шыя і канечнасці доўгія, тулава пакарочанае. Нараджае 1, зрэдку 2 дзіцянят. Корміцца травяністай расліннасцю. Аб’ект палявання. Продак свойскай ламы.

Гуанака.

т. 5, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖМЕНЬ»,

«цмень», каменны метэарыт, які выпаў у 1858 каля в. Цмень Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Маса 246 г. Належыць да ахандрытаў. Асн. частка (116 г) зберагаецца ў Венскім нац. прыродазнаўча-гіст. музеі, 26,6 г — у калекцыі метэарытаў Рас. АН (Масква), 6,8 г — у Амер. музеі прыродазнаўчай гісторыі (Нью-Йорк). Гл. таксама Метэарыты.

Літ.:

Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982. С. 36—37.

У.​Я.​Бардон.

т. 6, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНАЗІ́Т, цыкліт,

цыклічны шасціатамны спірт. Цвёрдае, салодкае на смак рэчыва. Малекулярная маса 180,2, т-ра плаўлення 225—227 °C, раствараецца ў вадзе, не раствараецца ў арган. растваральніках. У жывёльных і раслінных арганізмах пашыраны ў выглядзе фіцінавай к-ты і яе кальцыева-магніевай солі — фіціну. Для некат. мікраарганізмаў І. — неабходны фактар росту. Пры недахопе бялку ў арганізме папярэджвае атлусценне печані. Мае ўласцівасці вітаміну. Ужываецца з ежай; сутачная патрэбнасць чалавека 1—1,5 г.

т. 7, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬМАДУЛІ́Н,

кальцый-звязваючы бялок. Малекулярная маса 17 000 Да. Іоны Ca​2+ у цытаплазме кантралююць мноства функцый клеткі і разам з цыклічным адэназін-монафасфатам адносяцца да другасных пасрэднікаў. Напр., пры ўзаемадзеянні гармону са сваім рэцэптарам, што знаходзіцца на паверхневай мембране клеткі-мішэні, актывацыя мембрана-звязанага ферменту адэнілатцыклазы для перадачы сігналу гармону з паверхні клеткі да клетачнага ядра адбываецца пры наяўнасці комплексу іонаў Ca​2+ з К.

С.​С.​Ермакова.

т. 7, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗЬМО́ЎСКІ МАРЦІ́Н-КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1994). За 900 м на ПнУ ад в. Кузьмы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Валун шэрага гнейсу са шматлікімі крышталямі гранатаў, палявых шпатаў і мінералаў цёмнага колеру. Даўж. 3,7 м, шыр. 2,9 м, выш. 1,8 м, у абводзе 10 м, аб’ём 10,3 м³, маса каля 27 т. Прынесены ледавіком каля 200 тыс. г. назад са Скандынавіі. Меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 8, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІКІ́-САРО́КІ (Haematopus),

птушкі роду сяўцовых атр. сеўцападобных. Вядомы з ніжняга міяцэну Паўн. Амерыкі. 4 віды. Пашыраны спарадычна па берагах мораў, унутр. вадаёмаў. На Беларусі трапляецца К.-с. звычайны (H. ostralegus). Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У Чырв. кнізе МСАП — 1 від і 1 падвід.

Даўж. да 43 см, маса да 500 г. Кормяцца малюскамі, дробнымі ракападобнымі, чарвямі, насякомымі, зрэдку дробнай рыбай. Нясуць 2—4 яйцы.

Кулік-сарока звычайны.

т. 9, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕШЧ (Abramis brama),

рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашыраны ў вадаёмах Еўразіі. Паўпрахадная і жылая формы. Прыдонная рыба, жыве чародамі, пераважна ў месцах з павольнай плынню, ямамі, заглееным дном. На Беларусі трапляецца ўсюды.

Даўж. да 75 см, маса да 6 кг. Цела высокае, бакі серабрыстыя з залацістым адлівам, спіна шаравата-зялёная. Спінны плаўнік высокі, кароткі, анальны доўгі. Луска тоўстая. шчыльная. Корміцца ракападобнымі, малюскамі, раслінамі, маляўкі — планктонам. Аб’ект промыслу.

Лешч.

т. 9, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЬ (Tinca tinca),

рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашыраны ў прэсных вадаёмах Еўразіі. На Беларусі трапляецца ўсюды, пераважна ў азёрах і поймавых вадаёмах.

Даўж. да 60 см, маса да 1 (рэдка да 7,5) кг. Цела шырокае і тоўстае з кароткім хваставым сцяблом, укрыта дробнай луской і густым слоем слізі. Спіна цёмна-зялёная, бакі бурыя з залацістым бляскам, плаўнікі цёмна-шэрыя. Корміцца доннымі беспазваночнымі і раслінамі. Аб’ект развядзення і промыслу.

Лінь.

т. 9, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)