МЕДА́ЛЬ (франц. médaille ад італьян. medaglia ад лац. metallum метал),

1) круглы ці авальны знак з двухбаковай ці аднабаковай выявай, зроблены ў гонар асобы або падзеі, памерамі 20—80 мм. З’явіўся ў 2-й пал. 14 — пач. 15 ст. ў Італіі. Выраблялі тэхнікай ліцця. На мяжы 15—16 ст. з’явіўся біты М., на якім зрэдку выкарыстоўвалася гравіроўка ці чаканка. Звычайна на аверсе М. змешчана партрэтная выява, на рэверсе — фігурная сюжэтная, алегарычная ці геральдычная кампазіцыя. Традыцыйныя матэрыялы, з якіх выраблялі М., — бронза, медзь, серабро, золата, волава. Звычайна на М. пазначана імя медальера або яго манаграма. У 20 ст. пашырыліся набор тэхн. прыёмаў вырабу М. (чаканка, гальванапластыка, ліццё пад ціскам, парашковая металургія, гравіроўка) і матэрыялаў (фарфор, чыгун, шкло, кераміка). Паводле рашэння Міжнар. федэрацыі медальераў памеры М. не павінны перавышаць 180 мм.

2) Узнагародны металічны знак, звычайна круглы, зрэдку авальны ці многавугольны з вушкам для нашэння на стужцы (ланцугу), на грудзях, у пятліцы або на шыі. Упершыню М. як узнагарода ўведзены ў 17 ст. швед. каралём Густавам Адольфам для ўзнагароджання афіцэраў. У Рас. імперыі масавыя ўзнагароджанні М. («партрэтамі», «манетамі») практыкаваліся пры Пятру І у час Паўн. вайны 1700—21. Першы ўзнагародны М. звязаны з гісторыяй Беларусі — «За Левенгаўпцкую баталію» (1708, за перамогу пад Лясной). У еўрап. краінах узнагародныя М. ўвайшлі ў шырокі ўжытак у 19 ст. Гісторыі Беларусі тычацца М. Рэчы Паспалітай, Рас. імперыі, Польскай рэспублікі, СССР і Рэспублікі Беларусь. У Рэчы Паспалітай налічвалася 11 узнагародных М., якія насілі на шыі на стужцы. Выраблялі іх з золата, серабра і медзі, што адпавядала ступеням. У Рас. імперыі 19—20 ст. існавала больш за 130 М.: акалічнасныя (напр., за канкрэтны паход), памятныя (з нагоды падзеі, якая адбылася раней) і ўласна ўзнагародныя. З пач. 19 ст. да 1917 выдадзена каля 9 млн. узнагародных М. Большасць рас. М. мела 2 ступені і выраблялася з серабра (ніжэйшая) і золата (вышэйшая ступень). Проба М. звычайна 916, 875, 750. З 1917 узнагароды выраблялі толькі з невысакародных металаў. У Польскай Рэспубліцы было 8 М. Асаблівасцю было ўручэнне разам з М. і фрачнага М. (паменшанай копіі звычайнага); існавалі таксама планкі са стужкамі адпаведных колераў. Парадак размяшчэння М. быў рэгламентаваны: усе яны насіліся злева на грудзях і мелі стужкі сваіх колераў. У СССР было 55 узнагародных М. і 2 асобныя знакі ў выглядзе зоркі: М. «Залатая Зорка» і Залаты Медаль «Серп і Молат». М. СССР функцыянальна падзяляліся на знакі асобага адрознення, за баявыя заслугі, баявыя аказіянальныя, партызанскія, працоўныя аказіянальныя. за асаблівыя заслугі, за мнагадзетнасць, юбілейныя, за выслугу гадоў. Большасць М. мае дыяметр 32 мм, таўшчыню каля 3 мм. Усяго з 1938 па 1991 было выдадзена ўзнагароджаным каля 200 млн. М. СССР.

У Рэспубліцы Беларусь паводле Закона аб дзярж. узнагародах (13.4.1995) і дапаўненняў да яго (2.7.1997) існуе 7 М.: Францыска Скарыны (з 1989), «За адвагу», «За бездакорную службу» (3 ступені), «За працоўныя заслугі» (усе з 1995), «За адзнаку ў воінскай службе», «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку», «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы» (усе з 1997). У 1995 зацверджаны М. «50 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1945—1995 гг.».

М. мае і аддзеленая ад дзяржавы царква: Прападобнага Сергія Раданежскага (3 ступені, 1979), Благавернага князя Данііла Маскоўскага (3 ступені, 1988).

Узнагарода за дасягненні ў навуцы, культуры, эканоміцы і інш. (напр., лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь). М. ўручаюцца, напрыклад, лаўрэатам міжнар. конкурсаў выканаўцаў, лаўрэатам Нобелеўскіх прэмій, пераможцам міжнар. і нац. спартыўных спаборніцтваў.

Літ.:

Смирнов В.П. Описание русских медалей. СПб., 1908;

Памятныя медалі Савецкай Беларусі. Мн., 1972;

Процкий А.Е. Беларусь героическая: Рассказывают памятные медали и значки. Мн., 1985;

Петерс Д.И. Наградные медали России XIX — начала XX вв.: Кат. М., 1989;

Володин А.Н., Мерлай Н.М. Медали СССР. СПб., 1997;

Gumowski M. Medale polskie. Warszawa, 1925.

І.Л.Сінчук.

т. 10, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІМПІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

1) агульнаэлінскія святкаванні і спарт. спаборніцтвы ў Стараж. Грэцыі. Адбываліся раз у 4 гады ў Алімпіі ў гонар бога Зеўса. Звестак пра першыя Алімпійскія гульні не захавалася, іх адлік вядзецца ад 776 да н.э., калі былі ўведзены запіс пераможцаў і нумарацыя Алімпіяд. Складаліся з культавых абрадаў і спарт. спаборніцтваў. Удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх грэч. дзяржаў. На час Алімпійскіх гульняў абвяшчаўся абавязковы для ўсіх грэкаў «свяшчэнны мір» і не вяліся ваен. дзеянні. Да спаборніцтваў дапускаліся толькі вольнанароджаныя грэкі (пазней і рымляне) і толькі мужчыны. Кіравалі гульнямі эланодыкі (суддзі). Спаборніцтвы праводзіліся спачатку па бегу на 1 стадый (дыстанцыя, роўная даўжыні стадыёна — 197,27 м), затым на 2 і больш стадыі; з 708 да н.э. — таксама па барацьбе, пенталоне (пяцібор’е — бег, кіданне дыска і кап’я, скачкі ў даўжыню, барацьба), кулачным баі, гонках на калясніцах і інш. Пераможцаў Алімпійскіх гульняў (алімпіёнікаў) узнагароджвалі аліўкавым вянком, іх ушаноўвалі як нац. герояў на радзіме і па ўсёй Грэцыі (атрымлівалі сац. і паліт. прывілеі), часам абагаўлялі, у іх гонар ставілі статуі, чаканілі манеты. Алімпійскія гульні праводзіліся і пасля падпарадкавання грэч. зямель Рыму. Пасля ўсталявання хрысціянства Алімпійскія гульні як праява паганства забаронены ў 394 н.э. рым. імператарам Феадосіем І.

2) Буйнейшыя міжнар. комплексныя спарт. спаборніцтвы сучаснасці. Праводзяцца з 1896 кожны высакосны год летам паводле правілаў і палажэнняў, вызначаных Алімпійскай хартыяй. Праграмныя і арганізац. асновы Алімпійскіх гульняў, як і ўсяго алімпійскага руху, закладзены П. дэ Кубертэнам. Па яго ініцыятыве Парыжскі міжнар. спарт. кангрэс (1894) прыняў рашэнне пра аднаўленне Алімпійскіх гульняў. Арганізуе і праводзіць гульні алімпійскі горад і нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК) краіны, у якой горад знаходзіцца, пад кіраўніцтвам і кантролем Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК). Парадкавы нумар Алімпійскіх гульняў захоўваецца незалежна ад таго, праводзіліся яны ці не (гл. табл.). Праграма Алімпійскіх гульняў уключае не менш як 15 алімпійскіх відаў спорту (абавязкова — лёгкая атлетыка, гімнастыка, плаванне, цяжкая атлетыка, барацьба, бокс, фехтаванне, веславанне, веласпорт, футбол, баскетбол). Арганізатары гульняў могуць уключаць і паказальныя выступленні па 1—2 відах спорту, не прызнаных МАК. На час Алімпійскіх гульняў удзельнікі размяшчаюцца ў алімпійскай вёсцы.Пачынаючы з 1924 праводзяцца і зімовыя Алімпійскія гульні, якія маюць уласную нумарацыю і адбываліся да 1994 у адзін год з летнімі. Апрача агульнай алімпійскай сімволікі Алімпійскія гульні маюць і ўласную (эмблемы, талісманы і г.д.).

Сярод традыц. рытуалаў Алімпійскіх гульняў — запальванне алімпійскага агню ў час адкрыцця гульняў (агонь, запалены ў стараж. Алімпіі ад сонечных промняў, эстафетай спартсменаў дастаўляецца ў алімпійскі горад), алімпійская клятва, якую ад імя ўсіх удзельнікаў прамаўляе адзін з лепшых спартсменаў краіны правядзення Алімпійскіх гульняў, клятва суддзяў, узнагароджанне пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў алімпійскімі медалямі, узняцце дзярж сцяга і выкананне нац. гімна ў гонар пераможцы. З 1908 на Алімпійскіх гульнях пашыраны т.зв. неафіц. агульнакамандны залік — вызначэнне месца нац. камандаў на колькасці медалёў і заліковых ачкоў. Алімпійскім гульням спадарожнічае пэўная культ. праграма, выпускаюцца алімпійскія сувеніры, манеты, значкі, маркі і інш атрыбутыка.

Бел. спартсмены ўдзельнічаюць у Алімпійскіх г. з 1952 у складзе зборнай каманды СССР, аб’яднанай каманды СНД (1992), з 1994 (зімовыя Алімпійскія гульні ў Лілехамеры) — самастойнай нац. камандай. Імі заваявана (у т. л. і на зімовых Алімпійскіх гульнях) 81 залаты, 39 сярэбраных і 36 бронзавых медалёў. Шматразовымі алімпійскімі чэмпіёнамі былі гімнасты С.Багінская, В.Корбут, В.Шчэрба (6 залатых медалёў на Алімпійскіх гульнях у Барселоне), фехтавальшчыкі А.Бялова, Т.Самусенка і В.Сідзяк, барэц А.Мядзведзь, вясляр У.Парфяновіч і інш.

Літ.:

Олимпийская энциклопедия. М., 1980.

Г.К.Кісялёў.

Алімпійскія гульні
Алімпіяды Год правядзення Месца правядзення Прадстаўленыя нац. алімпійскія к-ты
I 1896 Афіны 13
II 1900 Парыж 21
III 1904 Сент-Луіс 12
IV 1908 Лондан 22
V 1912 Стакгольм 28
VI 1916 Берлін*
VII 1920 Антверпен 29
VIII 1924 Парыж 44
IX 1928 Амстэрдам 46
X 1932 Лос-Анджэлес 38
XI 1936 Берлін 49
XII 1940 Токіо, пасля адмовы — Хельсінкі*
XIII 1944 Лондан*
XIV 1948 Лондан 58
XV 1952 Хельсінкі 69
XVI 1956 Мельбурн 67
XVII 1960 Рым 84
XVIII 1964 Токіо 94
XIX 1968 Мехіко 113
XX 1972 Мюнхен 122
XXI 1976 Манрэаль 88
XXII 1980 Масква** 81
XXIII 1984 Лос-Анджэлес 140
XXIV 1988 Сеул 160
XXV 1992 Барселона 172
XXVI 1996 Атланта

* Гульні не праводзіліся ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі.
** Адзін з групавых турніраў Алімпіяды па футболе праводзіўся ў Мінску.

Да арт. Алімпійскія гульні: эмблема Алімпійскіх гульняў у Атланце (1996); запальванне алімпійскага агню ў Лілехамеры (1994; уверсе); вокладка часопіса «World of Gymnastics» з выявамі чэмпіёнаў Алімпійскіх гульняў у Барселоне; дэлегацыя Беларусі на зімовых Алімпійскіх гульнях у Лілехамеры, 1994.
Да арт. Алімпійскія гульні. Алімпійскі агонь на вуліцах Мінска. 1980.
Да арт. Алімпійскія гульні. Старт фінальнага забегу на 100 м на гульнях 1-й Алімпіяды (1896).
Да арт. Алімпійскія гульні. Спаборніцтва па стральбе з пісталета на гульнях 5-й Алімпіяды (1912).
Да арт. Алімпійскія гульні. Беларуская гімнастка В.Корбут — уладальніца 3 залатых медалёў на гульнях у Мюнхене (1972).

т. 1, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НА (Ghana),

Рэспубліка Гана (Republic of Ghana), дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З з Кот-д’Івуар, на Пн з Буркіна-Фасо, на У з Тога; на Пд абмываецца водамі Гвінейскага зал. Падзяляецца на 10 абласцей. Пл. 238,5 тыс. км². Нас. 16 446 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Акра. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (6 сак.).

Дзяржаўны лад. Гана — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсім насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нац. сходу, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, прызначаны прэзідэнтам.

Прырода. Большая ч. краіны — раўніна, выш. 150—300 м. Уздоўж узбярэжжа нешырокая паласа нізін. На Пн ад яе плато Ашанці і Кваху выш. да 788 м (г. Аквава). На У горы Тога. Нетры Ганы багатыя золатам, алмазамі, баксітамі, марганцам; знойдзены нафта і газ. Клімат экватарыяльны мусонны, на ПдЗ пераходны да экватарыяльнага. Т-ра паветра 24—28 °C у ліп., каля 24 °C у студзені. Ападкаў за год ад 1000 мм на Пн, дзе ёсць сухі перыяд з кастр. да лют., да 1500—2000 мм на Пд. Рэкі больш мнагаводныя на Пд, багатыя гідраэнергіяй. Найбольшая р. Вольта, на ёй вадасховішча пл. 8480 км². Б. ч. тэр. Займаюць саванны, тыповыя на Пн, высакатраўныя ў сярэдняй ч. краіны. На ПдЗ вільготныя вечназялёныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў — чырвоным, сапеле, баку і інш. Па ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. Жывёльны свет багаты і разнастайны, асабліва ў малаасвоеных раёнах. Нац. паркі: Моле, Дыг’я і інш.

Насельніцтва. Каля 75% складаюць народы гвінейскай моўнай групы. Найбольшыя па колькасці народы падгрупы акан (уваходзяць ашанці, фанці, аквапім і акім, жывуць на Пд краіны), блізкія да іх анья і бауле жывуць на ПдЗ. У наваколлі г. Акра жывуць народы га, адангме, эве. Пн населена народамі групы гур (мосі, гурма, грусі, тэм). Жывуць таксама хаўса, сангаі, фульбе і інш. У гарадах невял. групы еўрапейцаў (у асноўным англічан), сірыйцаў, індыйцаў. Пераважаюць мясц. традыц. вераванні (каля 40%), на Пн — мусульмане (каля 30%), на Пд і ў гарадах — хрысціяне (пратэстанты і католікі, каля 24%). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 69 чал. на 1 км². Каля 70% яго сканцэнтравана на Пд, дзе шчыльнасць дасягае 300 чал. на 1км². Гар. насельніцтва 35%. Самыя вял. гарады (1993, тыс. ж.): Акра — 950, Кумасі — 385, Тамале — 151, Тэма — 132, Секанды-Такарады — 104. У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята 54,7% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 18,7, у абслуговых галінах — 26,6%.

Гісторыя. Да з’яўлення еўрапейцаў (15 ст.) на тэр. Ганы існаваў шэраг раннефеад. дзярж. утварэнняў. У 17—18 ст. пачалі стварацца буйныя цэнтралізаваныя дзяржавы, найб. з іх — Ашанці. Першымі еўрапейцамі на тэр. Ганы былі партугальцы, якія ў 1482 на тэр. племя фанту пабудавалі крэпасць Эльміна. З-за багатых радовішчаў золата яны назвалі краіну Залатым Берагам. Пазней тут заснавалі свае факторыі купцы з Галандыі, Даніі, Швецыі, Прусіі, Англіі. Апошняя здолела выцесніць сваіх канкурэнтаў. У 1844 губернатар, прызначаны брыт. урадам, заключыў з правадырамі плямён фанці дагавор аб прызнанні імі брыт. пратэктарату. Народ ашанці доўгі час адстойваў сваю незалежнасць (у 19 ст. адбылося 7 англа-ашанційскіх войнаў) і толькі ў 1896 заваяваны Вялікабрытаніяй. У 1901 Ашанці і тэр. на Пн ад яе аб’яўлены брыт. калоніяй і ўключаны ў склад Залатога Берага. Асновай эканомікі калоніі стала вытв-сць какавы-зярнят. Да 1937 Залаты Бераг ператварыўся ў найбуйнейшага іх пастаўшчыка на сусв. рынку. Народы Ганы не спынялі барацьбы супраць калан. прыгнёту. У 1920 заснаваны Нац. кангрэс Зах. Афрыкі, які імкнуўся да дэмакратызацыі калан. кіравання. У 1947 створана першая масавая нац. арг-цыя — Аб’яднаны канвент Залатога Берага, у 1949 — Народная партыя Канвента (НПК) на чале з К.Нкрума. Асн. лозунг яе праграмы: «Незалежнасць — неадкладна». Пад націскам нац.-вызв. руху ў 1951 у Гане ўведзена абмежаванае самакіраванне. На выбарах 1951 НПК заваявала большасць у заканад. сходзе. У 1952 створаны 1-ы нац. ўрад, Нкрума стаў прэм’ер-міністрам. У 1954 уведзена ўсеагульнае выбарчае права. У 1956 Залаты Бераг атрымаў статус дамініёна, да яго далучана зах. (брытанская) ч. Тога.

6.3.1957 абвешчана незалежнасць Ганы (у рамках брыт. Садружнасці). Краіна ўзяла назву сярэдневяковай дзяржавы Гана. З 1.7.1960 Гана — рэспубліка, Нкрума яе прэзідэнт. Пачалася афрыканізацыя дзярж. апарату, нацыяналізавана некалькі брыт. кампаній. У 1962 НПК абвясціла, што выбірае ў якасці арыенціра марксісцкі сацыялізм. У 1964 НПК аб’яўлена адзінай партыяй, усе астатнія забаронены. Гігантаманія ў эканоміцы, шматлікія сац. праграмы прывялі да велізарнага бюджэтнага дэфіцыту. Шырокіх маштабаў дасягнула карупцыя дзярж. апарату. У выніку рэзкага паніжэння цэн на какаву на сусв. рынку эканоміка Ганы апынулася ў крытычным стане. У 1966 адбыўся ваен. пераварот; улада перайшла да Нац. Савета Вызвалення на чале з ген. Дж.Анкра. У 1969 уведзена ў дзеянне новая канстытуцыя, Гана абвешчана парламенцкай рэспублікай. Улада перайшла да грамадз. ўрада. У выніку новага ваен. перавароту (1972) ён скінуты. У 1979 група маладых афіцэраў на чале з капітанам Дж.Ролінгсам здзейсніла новы пераварот, улада перайшла да Рэв. Савета Узбр. Сіл. На парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах перамагла Народная нац. партыя. Яе кандыдат Х.Ліман стаў прэзідэнтам. Але ён не здолеў вырашыць сац.-эканам. праблемы краіны, што выклікала яшчэ адзін пераварот на чале з Ролінгсам, які ўзначаліў Часовы Савет нац. абароны. У 1983 прынята праграма ўздыму нац. эканомікі, у 1992 — новая канстытуцыя, дазволена шматпартыйнасць. На прэзідэнцкіх выбарах 1992 перамог Ролінгс. Гана — чл. ААН з 1957, эканам. супольнасці дзяржаў Зах. Афрыкі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 5.6.1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Нац. дэмакр. кангрэс, Нац. патрыят. партыя і інш. Цэнтр. прафс. аб’яднанне — Кангрэс прафсаюзаў Ганы.

Гаспадарка. Гана — аграрная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Сельская гаспадарка дае каля 50% валавога нац. даходу. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — земляробства. Гана займае адно з першых месцаў у свеце па зборы і экспарце какавы-зярнят. Штогадовы збор 200—300 тыс. т. Асн. раён вырошчвання на Пд краіны. Там жа вырошчваюць ямс, тара, маніёк, кукурузу, бабовыя, агародніну, садавіну (у т. л. цытрусавыя), каву, чай, цукр. трыснёг, імбір, арэхі кола, какосавую пальму, гевею, тытунь, кенаф і інш. На Пн краіны, у зоне саванны, вырошчваюць проса, сорга, рыс (на арашальных землях), кукурузу, земляны арэх, пашырана алейнае дрэва карытэ (дзікарослае і ў культуры). Жывёлагадоўля развіта слаба, што звязана з распаўсюджаннем мухі цэцэ (асабліва на Пд). Буйн. раг. жывёлу (каля 800 тыс. галоў), коз і авечак (каля 4 млн. галоў) гадуюць на Пн і У, свіней і птушку — у асноўным на Пд. Развіта марское і рачное рыбалоўства (каля 250—300 тыс. т у год). У прам-сці гал. месца займае горназдабыўная галіна (1992): золата 29 т, алмазаў 620 тыс. каратаў, марганцавай руды 360 тыс. т, баксітаў 370 тыс. т. Здабыча золата пераважна на Пд і ПдУ, радовішчы Ашанці, Прэстэа, Тарква, Дунква. Асн. радовішчы алмазаў каля г. Акватыя, развіваецца здабыча ў бас. р. Бірым. Марганцавую руду здабываюць на радовішчы Нсута, баксіты ў Аваса. Разведаны і эксплуатуюцца радовішчы жал. руды (на Пд і Пн), запасы нафты і газу (у нетрах шэльфа), няруднай сыравіны і солі. Буйнейшае прадпрыемства энергетыкі — ГЭС Акасомба на р. Вольта (магутнасць 976 тыс. кВт), якая выпрацоўвае каля 80% электраэнергіі ў краіне. Меншае значэнне маюць ГЭС Кпонг і ЦЭС у значных гарадах. На базе таннай гідраэнергіі працуе буйнейшы ў Афрыцы з-д першаснага алюмінію ў г. Тэма (штогод каля 200 тыс. т алюмінію з імпартнага гліназёму). Да буйнейшых прадпрыемстваў належаць сталеліцейны (каля г. Акра), 2 цэм. з-ды (у Тэме і Такарады), дрэваапр. камбінаты, шынны з-д. Ёсць прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. тытунёвай), шкляной, гумава-тэхн. прам-сці, электралямпавы, мылаварны, трактара- і аўтазборачны, радыё- і электратэхнічны, ядахімікатаў і мыйных сродкаў з-ды, абутковыя і гарбарныя ф-кі, прадпрыемствы па вытв-сці алмазных інструментаў. Харч. прам-сць: какаваперапр. комплекс, шакаладныя ф-кі, рыбакансервавы камбінат, рыбахаладзільнікі ў Тэме, Акры, Кумасі, Такарады, вытв-сць агароднінных і фруктовых кансерваў, пальмавага алею (на Пн з пладоў алейнага дрэва карытэ, на Пд з какосавых арэхаў), цукру. Прадпрыемствы баваўнянай, джутавай, швейнай, трыкат. Прам-сці. Развіта лясная прам-сць, асабліва лесапілаванне, вытв-сць фанеры, запалак. Апрацоўчая прам-сць у асноўным сканцэнтравана на Пд, прадпрыемствы пераважна ў Акры, Тэме, Такарады. У сельскай мясцовасці развіта саматужная вытв-сць прадметаў хатняга ўжытку, маст. вырабаў з серабра, золата, дрэва, косці. Транспарт пераважна аўтамаб. і чыгуначны. Даўж. аўтадарог 32,2 тыс. км, з іх 6,1 тыс. км з бітумным пакрыццём. Чыгункі абслугоўваюць паўд. ч. краіны, даўж. іх 953 км. Асн. трансп. вузлы Акра, Кумасі, Такарады. Развіты ўнутр. водны транспарт. Для суднаходства шырока выкарыстоўваецца вадасх. Вольта. У краіне 10 аэрапортаў, гал. з іх у Акры, Такарады, Кумасі, Тамале. Знешні гандаль ідзе праз парты Такарады (экспарт), Тэма (імпарт), у меншай ступені праз Акру. Экспарт: какава (каля 50% па кошце), золата, драўніна, баксіты, алюміній. Імпарт: нафтапрадукты, тавары нар. спажывання і харчовыя, машыны і абсталяванне, гліназём. Гал. гандл. партнёры: Германія, Вялікабрытанія, ЗША, Японія. Грашовая адзінка — седзі.

Літаратура. Пісьмовая л-ра ў народаў Ганы з’явілася ў канцы 19 — пач. 20 ст. пераважна на англ. мове. Папулярная была публіцыстыка А.Ахума, А.Аджае, Дж.Каслі-Хейфарда, С.Д.Менса, Р.Е.Г.Армату і інш. Публікацыі на мовах народаў Ганы фанці, эве, га, адангме, дагбані, хаўса і інш. з’явіліся ў сярэдзіне 20 ст. Асноўныя тэмы літ. твораў 1920—50-х г.гіст. і этнагр. праблемы. Эпічныя паэмы «Народ фанці» і «Звычаі фанці» Г.Р.Акуа, раманы і п’есы Дж.Х.Нкетыя, п’есы «Трэцяя жанчына» Дж.К.Данква, драмы «Пятая лагуна», «Старонкі гісторыі Анла» К.Фіяву, вершы Армату (зб. «Запаветныя думкі чорнага»), Е.Аму, К.А.Акрафі і інш. мелі вял. значэнне для абуджэння самасвядомасці народаў Ганы. У гэты перыяд назіраецца цікавасць да перакладаў твораў сусв. л-ры на мовы народаў Ганы. Пасля абвяшчэння незалежнасці Ганы ў л-ры ўзнікаюць новыя сац. і паліт. тэмы. На аснове нац. традыцый развіваюцца паэзія, проза, драматургія. З сярэдзіны 1960-х г. больш інтэнсіўна развіваецца жанр рамана («Лепшыя яшчэ не нарадзіліся» А.К.Армы, «Анова» К.А.Айда, «Муж для Есі Элуа» К.Бедыяка, «Свавольнікі» К.Дуоду і інш.). Папулярныя ў Гане пісьменнікі Э.Т.Сазерленд, Нкетыя, І.Хо, Х.Сетсаафія, Дж.Акай, Айда. Літаратараў аб’ядноўваюць літ. саюзы. Існуе Асацыяцыя пісьменнікаў Ганы, засн. ў 1960-я г.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Традыцыйнае жыллё Ганы — круглыя і прамавугольныя ў плане глінабітныя хаціны з канічнымі ці 2-схільнымі дахамі з драўляных жэрдак, крытыя пальмавымі галінкамі, саломай, шыферам. Значнага ўзроўню дасягнула маст. апрацоўка каштоўных металаў: дэкар. ўпрыгожанні, парадная зброя, вазы, фігуркі чалавека і дэкар. скульпт. групы гумарыстычнага характару. Здаўна развіты ганчарная справа, выраб нац. вопраткі («кентэ») з вытканымі або штампаванымі каляровымі ўзорамі, арнаментальная разьба па дрэве на прадметах побыту; з чырвонага і чорнага дрэва выразалі стылізаваныя слупападобныя статуэткі. Пасля абвяшчэння незалежнасці ў Гане фарміруецца прафес. мастацтва, праводзяцца маст. выстаўкі. Арг-цыі мастакоў (Ганская асацыяцыя мастакоў «Аквапім-6») імкнуцца да асваення афр. і сусветнай маст. спадчыны, да выпрацоўкі сучаснага нац. стылю (скульптар О.Ампофа). З нар. традыцыямі звязана творчасць Кафі Антубама, В.Кафі. Разнастайныя паводле ідэйна-маст. строю і тэхнікі работы жывапісцаў — ад дэкар. стылізатарства да еўрап. рэаліст. манеры.

Літ.:

История Ганы в новое и новейшее время. М., 1985;

Мазов С.В. Парадоксы «образцовой» колонии: Становление колониального о-ва Ганы, 1900—1957 гг. М., 1993.

Ю.В.Ляшковіч (прырода, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).

т. 5, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РША,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Аршанскага р-на Віцебскай вобл. на р. Дняпро пры ўпадзенні ў яго р. Аршыца. За 80 км ад Віцебска, вузел 6 чыгунак (лініі на Мінск, Магілёў, Крычаў, Смаленск, Віцебск, Лепель) і 8 аўтадарог. 123,9 тыс. ж. (2000).

Упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 як горад Рьша. У 1320 у складзе Віцебскага княства далучана да ВКЛ. У 1398—1407 пабудаваны Аршанскі замак. Паводле гіст. крыніц за 1555, М.К.Радзівіл Чорны заснаваў у О. кальвінскі (пратэстанцкі) збор — адзін з першых на Беларусі. З 1560-х г. О. — дзярж. ўладанне, цэнтр Аршанскага павета. Упершыню пазначана на «Карце Вялікага княства Літоўскага, Лівоніі і Маскоўскага княства», складзенай у 1589 М.Струбічам. У ходзе шматлікіх войнаў неаднаразова разбурана і спалена. Каля О. адбыліся Аршанская бітва 1514, Аршанская бітва 1564 і інш. Горад меў гандл. сувязі з Расіяй, Польшчай, Прыбалтыкай і Украінай. У 1612—1820 у О. дзейнічаў Аршанскі езуіцкі калегіум, дзе створаны рукапісны зб. «Аршанскі кодэкс». У 1620 горад атрымаў магдэбургскае права і герб — у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога сярэбраны крыж. Складанне гар. статута, зацверджанага 3.3.1621, дапоўніла фарміраванне аршанскага права. У сярэдзіне 17 ст. ў О. каля 5 тыс. ж. У 16—18 ст. О. была значным рэліг. цэнтрам. З 1592 існавала правасл. брацтва. Дзейнічалі манастыры бернардзінцаў, базыльянак, дамініканцаў, францысканцаў, уніятаў, касцёлы трынітарыяў, місіянераў, марыявітак, базыльян, цэрквы. У 1630 пры Куцеінскім Богаяўленскім манастыры бел. асветнік С.Собаль заснаваў Куцеінскую друкарню, якая з’яўлялася асн. цэнтрам бел. кірылічнага кнігадрукавання. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) О. ў складзе Рас. імперыі, цэнтр Аршанскай правінцыі. У 1776 горад пазбаўлены магдэбургскага права: 1700 ж., 309 будынкаў. У 1781 гораду дадзены новы герб: уверсе — палова герба Рас. імперыі, унізе — у блакітным полі пяць стрэл. З 1796 О. — цэнтр павета Беларускай, з 1802 — Магілёўскай губ. У вайну 1812 горад спалены франц. войскамі. У 2-й пал. 19 ст. пасля будаўніцтва чыгунак О. — буйны чыг. вузел, аршанская прыстань — значны трансп. пункт на Дняпры. У 17—19 ст існавалі Аршанскі кляштар бернардзінцаў, Аршанскі кляштар дамініканцаў, Аршанскі кляштар трынітарыяў, Аршанскі кляштар францысканцаў У пач. 1890 у горадзе 15 прамысл. прадпрыемстваў, 9 навуч. устаноў, бальніца, 2 аптэкі, 3 б-кі, 2 кнігарні, друкарня. У 1869 адкрыта тэлеграфная станцыя, у 1899 — публічная б-ка імя А.С.Пушкіна. У 1897 у О. 13 161 ж. З 1903 працавала Аршанская жаночая гімназія, з 1906 — рэальнае вучылішча, з 1911 — Аршанская жаночая настаўніцкая семінарыя. З 1915 выдавалася газ. «Оршанский вестник». У 1905 у О. пад кіраўніцтвам мясц. арг-цый РСДРП і сац.-дэмакр. к-та Бунда адбыліся выступленні працоўных. У лют.—кастр 1918 О. часткова акупіравана герм. войскамі. У перыяд усталявання сав. улады і грамадз. вайны (1917—20) у О. дзейнічалі органы і арг-цыі розных паліт. сіл: Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, к-т грамадз. бяспекі, саюз эсэраў-марксістаў, часовы ваенна-рэв. к-т і інш. З 2.2.1919 О. ў складзе Гомельскай, з 1920 — Віцебскай губ. РСФСР. З 1924 цэнтр Аршанскага раёна БССР, да 1930 — Аршанскай акругі. З 17.3.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939 у О. 37,6 тыс. ж. У пач. Вял. Айч. вайны ў баях пад О. 14.7.1941 упершыню былі выкарыстаны рэактыўныя ўстаноўкі «Кацюша». 16.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія стварылі ў О. некалькі канцлагераў, дзе знішчылі 19 тыс. чал., у горадзе і раёне загубілі 37,4 тыс. чал. Дзейнічала Аршанскае патрыятычнае падполле. Горад вызвалены 27.6.1944 войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 У 1970 у О. 100,6 тыс. жыхароў.

Працуюць (2000) прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр., у т. л. Аршанскі станкабудаўнічы завод, Аршанскі інструментальны завод, адкрытае акц. т-ва «Орша», з-ды прылад аўтам. кантролю, форм і тэхнал. аснасткі для прадпрыемстваў зборнага жалезабетону, трактарарамонтны і інш. Развіты тэкст. (Аршанскі льнокамбінат, ф-кі трыкат. спарт. вырабаў, швейная, маст. вырабаў), харч. (Аршанскі мясакансервавы камбінат, камбінаты хлебапрадуктаў, піваварны, малочны і інш.), буд. матэрыялаў (Аршанскі камбінат зборных жалезабетонных вырабаў і канструкцый, камбінат сілікатных вырабаў, з-д жалезабетонных вырабаў і інш.) прам-сці. У горадзе тэхнікумы чыг. транспарту і механіка-тэхналагічны, мед. і пед. вучылішчы. Музеі: К.С.Заслонава, Музей гісторыі і культуры горада Оршы, этнагр. «Млыны», драўлянай скульптуры нар. майстра С.С.Шаўрова. Выдаецца «Аршанская газета».

У 14 ст. на месцы стараж. гарадзішча пабудаваны замак. У час шматлікіх войнаў 16 ст. горад неаднаразова быў разбураны. У 1623 у сутоках рэк Дняпро і Куцеінка засн. Аршанскі Куцеінскі Богаяўленскі манастыр, у 1631 пабудаваны Аршанскі Куцеінскі Успенскі манастыр. У 16—18 ст. у горадзе ўзведзены: драўляная царква Ільі Прарока (1505), мураваныя касцёл і 2-павярховы будынак калегіума (1690), манастыры бернардзінцаў (1636), базыльянак (1642), дамініканцаў (драўляныя будынкі пастаўлены ў 1649—50, мураваны касцёл — у 1819), францысканцаў (мураваныя будынкі ўзведзены ў 1680), саборная мураваная царква Раства Маці Божай (1691), касцёлы трынітарыяў (1714), місіянераў (1752), марыявітак (18 ст.), цэрквы Ушэсця (1757), Іаана Багаслова (1790; усе не захаваліся), Аршанскі манастыр базыльян (2-я пал. 18 ст.). У 1778 распрацаваны план забудовы О., які прадугледжваў рэгуляванне вулічнай сеткі, узбуйненне кварталаў, выраўноўванне паўкальцавых магістралей, стварэнне непадалёку ад цэнтр. ядра горада новай грамадскай плошчы з гасціным дваром і адм. установай, развіццё Задняпроўскага р-на. У вайну 1812 горад спалены франц. войскамі. У 1848 распрацаваны новы праект планіроўкі, які ў асн. рысах паўтараў папярэдні план. У 19 — пач. 20 ст. тэр. О. значна павялічылася, пераважала драўляная забудова. За 1,5 км ад горада забудаваўся прывакзальны раён, які ў 1878 злучыўся з гар. цэнтрам брукаванай магістраллю, у цэнтры О. закладзены парк. У 1880 пабудавана Аршанская Ільінская царква, у 1902 — вадзяны млын, у 1906 — рэальнае вучылішча. На плане 1911 горад падзелены Дняпром і Аршыцай на 3 часткі, рэгулярная планіроўка ўяўляла сабой сетку ўзаемна перпендыкулярных вуліц. Паводле генпланаў О. 1940, 1948 («Белдзяржпраект») разрозненыя раёны аб’яднаны. У 1957 распрацавана схема размяшчэння новага жыллёвага буд-ва (Віцебскі філіял ін-та «Белдзяржпраект»), у 1978 і 1980 — генпланы забудовы О. (БелНДІПгорадабудаўніцтва). Сучасны горад уключае цэнтр., прывакзальны, паўн., паўд. планіровачныя раёны, раёны льнокамбіната і Задняпроўя. Асн. жылы масіў з адм.-грамадскім і культ. цэнтрам размешчаны на правым беразе Дняпра, на месцы гіст. ядра О. з радыяльнай сістэмай вуліц. Асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Леніна (захаваўся фрагмент забудовы канца 19 — пач. 20 ст.), Астроўскага, Міру, праспект Тэкстыльшчыкаў. На скрыжаванні вуліц Леніна і Міру ўтворана цэнтр. плошча, з боку Дняпра да яе прылягае прыдняпроўскі парк. Цэнтр і мікрараёны (мікрараён Задняпроўе 1, Задняпроўе 2, па вуліцах Чырвонай і Леніна) забудоўваюцца 5—9-павярховымі дамамі. Сфарміраваны паўн. і паўд. прамысл. зоны. У О. брацкія могілкі і магілы сав. воінаў, падпольшчыкаў, ахвяр фашызму, ваеннапалонных. Помнікі: Вызваліцелям, Курган Славы, мемар. комплекс «Кацюша», ахвярам паліт. рэпрэсій, у гонар воінаў-землякоў, якія загінулі ў Афганістане, Герою Сав. Саюза К.С.Заслонаву, бел. пісьменніку У.С.Караткевічу.

Літ.:

Орша: Ист.-экон. очерк. 2 изд. Мн., 1967;

Шынкевіч А.М. Аршанская даўніна. Мн., 1992;

Асіноўскі С.М. Орша: Залатыя стрэлы на блакітным полі. Мн., 1997;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Оршы і Аршанскага р-на. Кн. 1—2. Мн., 1999—2000.

А.М.Шынкевіч (гісторыя), Г.К.Гаранскі, Ю.І.Драгун, Ю.А.Якімовіч (архітэктура).

Панарама г. Орша з боку ракі Дняпро.

т. 11, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБХА́ЗІЯ, Абхазская Аўтаномная Рэспубліка. Размешчана ў паўн.-зах. ч. Закаўказзя, на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа. Пл. 8,6 тыс. км². Нас. 533,8 тыс. чал. (1991), гарадскога 48%. Нац. склад у 1989: грузіны (25%), абхазы (18%), армяне (15%), рускія (14%), грэкі, украінцы і інш. Сярэдняя шчыльн. 61 чал. на 1 км², найб. 150—200 чал. на нізінах і ў перадгор’ях (93% усяго насельніцтва). Сталіца — г. Сухумі, найб. гарады Ткварчэлі, Гагра, Ачамчыра, Гудаута, Галі.

Прырода. Большая ч. тэр. на паўд. схілах Галоўнага, ці Водападзельнага, хрыбта (найвыш. пункт г. Дамбай-Ульген, 4046 м), які акаймоўвае Абхазію з Пн. Найбуйнейшыя адгор’і: Гараўскі, Бзыбскі, Абхазскі, Кадорскі хрыбты. Пашыраны карставыя з’явы, шмат пячор (найб. і найдаўжэйшая Новаафонская). На ПдУ Калхідская нізіна. Радовішчы каменнага вугалю (Ткварчэлі), поліметал. руд, ртуці (Авадхарскае), барыту (Піцыкварскае, Апшрынскае); выхады мінер. крыніц (Ткварчэлі, Рыца, Авадхара і інш.). Клімат на нізінах і ў перадгор’ях субтрапічны, вільготны, у гарах умерана цёплы і халодны, снегавое покрыва ляжыць 2—3 месяцы. Сярэдняя т-ра студз. на ўзбярэжжы 4—7 °C, у гарах ад 2 да -2 °C, ліп. адпаведна 22—24 °C і 16—18 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў на нізіне і ў перадгор’ях 1300—1500, у гарах да 2000—2400 мм за год. Безмарозны перыяд у прыморскай паласе 250—300 дзён. Найб. значныя рэкі — Кадоры, Бзыб, Келасуры, Гуміста — шматводныя, багатыя гідраэнергіяй; пераважае дажджавое і снегавое жыўленне. На выш. 882 м воз. Рыца. Глебы на нізінах балотныя, у перадгор’ях падзолістыя, чырвана- і жаўтазёмныя. Пад лесам больш за 55%. На нізінах і ў цяснінах невял. масівы шыракалістых лясоў (граб, дуб, каштан і інш.), у перадгор’ях букавыя, у верхняй ч. гор піхтавыя лясы, вышэй за 2000 м субтрапічнае крывалессе, альпійскія лугі. На мысе Піцунда захаваўся гай рэліктавай хвоі. На ўзбярэжжы субтрапічная расліннасць (пальмы, магноліі, кіпарысы, эўкаліпты). У лясах трапляюцца высакародны алень, казуля, кабан, рысь, на нізінах — шакал. Запаведнікі: Гумісцінскі, Піцундскі, Псхускі, Рыцынскі.

Гісторыя. Найб. стараж. паселішчы чалавека на тэр. Абхазіі адносяцца да эпохі палеаліту і неаліту. Продкі абхазаў належалі да абарыгенаў Зах. Каўказа. У асірыйскіх надпісах яны ўпамінаюцца як абышлы, у антычных крыніцах — як абазгы (на Пн) і апсілы (на Пд). З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. Абхазія ўваходзіла ў Калхідскае царства, у 6—5 ст. да н.э. на яе марскім узбярэжжы ўзніклі грэч. калоніі Дыяскурыяда, Пітыунт і інш. У 1 ст. н. э. тут утварыліся раннефеад. княствы, залежныя ад Рыма. З 4 ст. тэр. Абхазіі ў складзе царства Лазіка. У 6 ст. пад уплывам Візантыі тут афіцыйна прынята хрысціянства. У перыяд Абхазскага царства ў 8—10 ст. завяршылася аб’яднанне стараж. абх. плямёнаў у адзіную народнасць. З 975 Абхазія ў складзе аб’яднанай Грузіі, на мяжы 16—17 ст. самастойнае княства, у 17—18 ст. пад уладай Турцыі, ч. насельніцтва перайшла ў мусульманства (канфесійная неаднароднасць захавалася і цяпер). Супраць тур. панавання абхазы паўставалі ў 1725, 1728, 1733, 1771, 1806. Пасля далучэння ў 1810 да Рас. імперыі ў Абхазіі захоўвалася ўнутр. самакіраванне. Пасля Каўказскай вайны 1817—64 княжацкая ўлада ліквідавана, на тэр. Абхазіі ўтвораны Сухумскі ваенны аддзел, пазней — ваенная акруга. Частка абх. насельніцтва перасялілася ў Турцыю і на Б. Усход. У 1866 аўтахтоннае насельніцтва на тэр. Абхазіі складала больш за 85%, у 1876 — 55,3%, затое доля груз. насельніцтва вырасла больш як у 4 разы — 24,4%. 10.3.1917 у Абхазіі створаны К-т грамадскай бяспекі — орган часовага кіравання, у ліст.Нар. Савет. У чэрв. 1918 Абхазію занялі груз. войскі, матывуючы гэта барацьбой супраць бальшавізму. Пасля ўстанаўлення ў лютым 1921 сав. улады ў сак. Абхазія абвешчана сав. сацыяліст. рэспублікай. 16.12.1921 яна на дагаворнай аснове ўвайшла ў Груз. ССР, а ў снеж. 1922 як састаўная яе частка ў складзе ЗСФСР увайшла ў СССР. 1.4.1925 прынята 1-я Канстытуцыя Абхазіі. З лют. 1931 Абхазія — аўт. рэспубліка ў складзе Груз. ССР. За гады сав. улады доля тытульнага насельніцтва рэспублікі працягвала зніжацца, што вяло да напружання ў груз.-абх. адносінах; мелі месца антыгруз. масавыя хваляванні (1964, 1967, 1978, 1989). Найб. вастрыні гэтыя супярэчнасці дасягнулі ў 1992, калі Вярх. Савет Грузіі прыняў рашэнне аб вяртанні да Канстытуцыі Груз. Дэмакр. Рэспублікі 1921, у якой Абхазія як суб’ект дзярж. прававых адносін не згадваецца. У адказ Вярх. Савет Абхазіі пастанавіў вярнуцца да Канстытуцыі рэспублікі 1925, якая абумоўлівала дагаворныя адносіны паміж Абхазіяй і Грузіяй. Летам 1992 разгарэўся ўзбр. грузіна-абхазскі канфлікт 1992—94. У канцы 1993 пачаліся груз.-абх. перагаворы пад эгідай ААН. 4.4.1994 груз. і абх. дэлегацыі падпісалі ў Маскве пагадненні аб мерах па паліт. урэгуляванні. У зону груз. абх. канфлікту ўведзены міратворчыя сілы Расіі. 26.11.1994 Вярх. Савет абвясціў дзярж. незалежнасць рэспублікі, прыняў новую Канстытуцыю і абраў першага прэзідэнта — У.Ардзынбу.

Гаспадарка. Абхазія — раён вырошчвання субтрапічных цытрусавых культур, тытуню, чаяводства. Прамысловасць звязана пераважна з перапрацоўкай с.-г. сыравіны (60% ад агульнай вытв-сці прамысл. прадукцыі); чайная, тытунёвая, вінаробная, рыбная, кансервавая прам-сць. Прадпрыемствы машынабуд., металаапр., абутковай, швейнай, дрэваапр. прам-сці. Сухумская ГЭС і Ткварчэльская ДРЭС. Важныя галіны сельскай гаспадаркі — тытуняводства (жоўты тытунь «Самсун»), чаяводства, вырошчванне цытрусавых, тунгу, эфіраалейных. Развіты вінаградарства і пладаводства. Жывёлагадоўля пераважна малочнага і мяса-малочнага кірунку. Вялікае эканам. значэнне мае курортная гаспадарка і турызм. Курорты — Гагра, Піцунда, Новы Афон, Гудаута, Сухумі, Гульрыпш. Сухумі — адзін з буйнейшых партоў Закаўказзя. Па прыморскай паласе праходзіць чыг. Туапсэ—Сухумі—Самтрэдыя і аўтадарога Новарасійск—Сухумі—Батумі.

Культура. У 1988 у Абхазіі больш за 210 дашкольных устаноў (16,7 тыс. дзяцей), 319 агульнаадук. школ (84,6 тыс. вучняў); 7 сярэдніх спец. навуч. устаноў (2,1 тыс. навучэнцаў), 2 ВНУ (Абхазскі ун-т і ін-т субтрапічнай гаспадаркі), сухумскі ф-т Груз. тэхнал. ун-та (усяго 7,7 тыс. студэнтаў); 391 б-ка з кніжным фондам 4,3 млн. экз. Абхазскі дзярж. музей, Музей абхазскай зброі, Музей-выстаўка ў Піцундзе. Навук. даследаванні вядуцца ў Ін-це эксперым. паталогіі і тэрапіі, Абхазскім філіяле НДІ курарталогіі і фізіятэрапіі, НДІ турызму, Сухумскім бат. садзе.

Радыё і тэлебачанне вядуць перадачы на абх., груз. і рус. мовах. Рэтрансліруюцца радыё- і тэлепраграмы з Тбілісі, Сочы, Масквы.

Вытокі абх. літаратуры ў нар. творчасці, у багатым фальклоры, які ўключае шматлікія жанры — ад гераічных эпічных паданняў пра волатаў-нартаў і багаборца Абрскіла (эпас «Абрскіл» запісаны ў 19 ст.) да лірычных песень і мудрых афарызмаў. Першую спробу скласці абх. алфавіт на рус. графічнай аснове зрабіў у 1862 рас. мовазнавец П.К.Услар. Першы буквар выд. ў 1865. Заснавальнік маст. л-ры Дз.Гулія. Пад яго рэдакцыяй выходзіла першая абх. газ. «Апсны» («Абхазія», 1919—20). Першую абх. драму («Махаджыры», 1920) напісаў С.Чанба. Вядомасць набыла творчасць паэтаў І.Кагонія, Л.Квіцынія, К.Агумаа, Б.Шынкубы, Ш.Цвіжбы, А.Ласурыя і інш. У 1930-я г. пачала фарміравацца проза: раманы І.Папаскіры і Гулія, аповесці Чанбы, У.Агрбы, Цвіжбы, апавяд. М.Хашбы. У пасляваеннай прозе вызначаюцца раманы І.Папаскіры «Шлях Хімур», «Каля падножжа Эрцаху», «Жаночая годнасць», аповесці Агумаа, М.Хашбы, П.Чкадуа, М.Папаскіры, А.Гогуа, вершы, паэмы, апавяданні Квіцынія, Л.Лабахуа, Агумаа, Д.Дарсалія, С.Кучберыя, П.Чкадуа, раманы ў вершах «Мае землякі» і «Песня пра скалу» Шынкубы, творы І.Тарбы, М.Лакербая, А.Ласурыя, А.Джонуа, К.Ломія, К.Чачхалія, Г.Гублія, У.Анквабы. Уклад у абх. л-ру зрабілі Н.Тарба, Гогуа, Ш.Чкадуа, Д.Ахуба і інш. У дзіцячай л-ры плённыя набыткі ў Д.Тапагуа, Г.Папаскіры; у крытыцы — у Ш.Інал-Іпы, Х.Бгажбы, М.Дзелбы, Ш.Салакія і інш. У перакладзе на бел. мову выйшлі кніга Гулія «Выбранае» (1974) і раман Тарбы «Сонца ўзыходзіць у нас» (1979).

З найб. стараж. твораў выяўл. мастацтва на тэр. Абхазіі вядома кераміка, жаночыя статуэткі з Ачамчырскага селішча, Эшэрскі і Ангарскі дальмены. Да ант. помнікаў адносіцца Сухумская крэпасць (2—3 ст.), разнастайныя ўзоры прыкладнога мастацтва. З сярэдневяковай архітэктуры вылучаюцца базіліка ў Піцундзе, храмы ў сёлах Бедыя і Лыхны, «замак Баграта» ў Сухумі, Беслецкі мост, а таксама разны іканастас у царкве с. Ольгінскае, залаты абраз св. Кацярыны, каляровыя малюнкі на керамічным посудзе і інш. Нар. мастацтва Абхазіі—разьба і інкрустацыя па дрэве, гравіроўка па метале, ткацтва дываноў, вышыўка, пляценне паясоў. У канцы 19 — пач. 20 ст. пабудаваны гасцініцы і палац у Гагры, дом Алаізі ў Сухумі, закладзены паркі ландшафтны і прыморскі ў Гагры, дэндралагічны ў Сухумі. Сярод сучасных буйнейшых збудаванняў: ін-т субтрапічнай гаспадаркі ў Сухумі, санаторый «Расія», курортны комплекс у Піцундзе. Жывапісцамі (С.Габелія, Х.Авідзба і інш.) створаны карціны на гіст. тэмы, пейзажы, партрэты, нацюрморты; развіваюцца скульптура (В.Іванба, Ю.Чкадуа і інш), графіка (Т.Ампар, З.Джынджаліа і інш.), тэатр.-дэкар. (Т.Жванія) і дэкар.-прыкладное (В.Шэнгелая, В.Хурхумал і інш.) мастацтва. У 1939 заснавана Абх. аддз. Саюза мастакоў Грузіі, у 1946 — Абх. аддз. Саюза архітэктараў Грузіі.

Муз. фальклор Абхазіі захаваў стараж. ўзоры абрадавых, сямейна-быт., гіст.-гераічных песень, танцаў, інстр. найгрышаў. Пераважае 2- і 3-галоссе; сустракаюцца ўзоры антыфоннага спявання, гетэрафоніі і інш. Сярод традыц. інструментаў: струнна-смычковы апхерца; струнна-шчыпковыя — аюмаа (тыпу арфы), ахымаа; духавыя — ачарпын, абык; ударны — адаул; самагучальны — акапкап (трашчотка). Першыя збіральнікі нар. песень К.Ковач, К.Дзідзарыя (1920-я г.). Прафес. музыка фарміруецца з 1930-х г. Творы буйных форм стварылі Дз.Шведаў, А.Чычба, Р.Гумба, М.Берыкашвілі і інш. Працуюць (1988): філармонія, сімф. аркестр, хар. капэла, Дом нар. творчасці, Ансамбль песні і танца Абхазіі, ансамбль доўгажыхароў «Нартаа». Муз. вучылішча (1930). У 1971 засн. Саюз кампазітараў Абхазіі.

Вытокі тэатр. культуры абхазаў у нар. гульнях, абрадах, вуснай нар. творчасці. З 1915 у Сухумі ставіліся аматарскія спектаклі. У 1921 створана абх. вандроўная трупа пад кіраўніцтвам Дз.Гулія. З 1928 працаваў драм. т-р у Сухумі (абх. і груз. трупы). На базе абх. драм. студыі ў 1930 у Сухумі адкрыты Абх. нац. т-р (з 1967 імя С.Чанбы). У яго рэпертуары нац. драматургія, інсцэніроўкі нар. паданняў і легендаў, сучасныя і класічныя п’есы.

Літ.:

Лакоба С.З. Очерки политической истории Абхазии. Сухуми, 1990;

Марыхуба И.Р. Об абхазах и Абхазии: Ист. справка. Сухум (Акуа), 1993;

Очерки истории Абхазской АССР. Ч. 1—2. Сухуми, 1960—64.

В.К.Міхеева (прырода, гаспадарка), В.С.Клімовіч (гісторыя).

Да арт. Абхазія. Возера Рыца.
Да арт. Абхазія. Прыморскі парк у Гагры.

т. 1, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РДЭН,

ганаровая дзярж. ўзнагарода за асобыя заслугі і знак (знакі) да яе. Паходжаннем О. звязаны з еўрап. прыдворнымі ордэнамі (карпарацыямі) 14—16 ст., членства ў якіх было формай заахвочвання манархам найб. адданых дваран. Гэтыя ордэны, у сваю чаргу, паходзілі ад ордэнаў рыцарскіх 12—13 ст.

Прыдворныя ордэны звычайна мелі пышныя ордэнскія касцюмы і асобыя ордэнскія знакі (стужка, крыж, зорка), якія паступова набылі характар узнагарод (напр., англ. О. Падвязкі, 1348 або 1350, О. Лазні, 1399, бургундскі, аўстр. і ісп. О. Залатога Руна, 1429, франц. О. Св. Духа, 1579 і інш.). З канца 18 ст. знакі О. пачалі існаваць асобна ад ордэнскага адзення. Вял. колькасць узнагародных О. заснавана ў 18—19 ст., у т. л. ў краінах Азіі: у Турцыі (О. Паўмесяца, 1799), Іране (О. Льва і Сонца, 1808), Японіі (О. Узыходзячага Сонца, 1875), Кітаі (О. Двайнога Дракона, 1882). З канца 18 і да нашага часу з узнікненнем новых незалежных дзяржаў у Еўропе, Амерыцы, Азіі і Афрыцы ўводзіліся ўласныя ўзнагародныя О., пераважна на аснове еўрап. традыцыі. Звычайна знакі вышэйшай ступені ўзнагароды насілі на стужцы цераз плячо разам з зоркай на грудзях, 2-й ступені — на шыі, ніжэйшай — у пятліцы (пазней — злева на грудзях). Парадак узнагароджання рэгламентаваўся статутам О. Існавала традыцыя ўручаць О. у час ордэнскага свята. Справамі О. ведаў капітул. Пры існаванні ў дзяржаве некалькіх О. выпрацоўваліся правілы ордэнскай паступеннасці. О. найчасцей быў індывід. і пажыццёвай узнагародай. У 20 ст. з’явіліся традыцыі пасмяротных і калект. узнагароджанняў. Да 2-й пал. 19 ст. знакі аднаго О. розных ступеней адначасова не насілі, знак ніжэйшай ступені замяняўся на знак вышэйшай. Звычайна ў мінулым кавалеры О. мелі пэўныя матэрыяльныя выгады (пенсіі, ільготы). Гэтая традыцыя ў некаторых краінах захавалася да нашага часу.

Першыя О., звязаныя з гісторыяй Беларусі, — О. Рэчы Паспалітай. Першы і вышэйшы з іх — О. Белага Арла (1705—95), які спачатку меў выгляд залатога эмалевага нашыйнага медальёна, а з 1709 — нашыйнага крыжа з брыльянтамі. У 1713 з’явілася зорка. Ордэнская стужка напачатку была белая з чырв. палосамі па краях, з 1713 — блакітная. О. меў дэвіз «Pro Fide, Rege et Lege» («За веру, караля і закон»). О. св. Станіслава (1765—93) быў узнагародай за цывільныя заслугі і меў дэвіз «Praemiando inicitat» («Узнагароджваючы, заахвочваю»). Статут патрабаваў ад ордэнскіх кавалераў фін. ахвяраванняў на дабрачыннасць. О. Вайсковага крыжа (1792—94) спачатку меў выгляд медаля «Virtuti Militari» («Ваеннай доблесці») з серабра і золата, пазней уведзены крыж і зорка. У далейшым гэты О. падзелены на 5 ступеней (крыжы вялікі з зоркай, камандорскі шыйны, кавалерскі пятлічны, медалі залаты і сярэбраны); стужка была чырвоная з белымі палосамі па краі, пазней цёмна-блакітная з чорнымі палосамі.

Першы і вышэйшы О. Расіі — О. св. Андрэя Першазванага (1699, афіц. статут 1798) меў 1 ступень, крыж, зорку, блакітную стужку і дэвіз «За веру і вернасць». З 1855 за ваен. заслугі на знакі гэтага і інш. рас. О. дадаваліся мячы. Узнагароджанне О. св. Андрэя Першазванага аўтаматычна рабіла яго ўладальніка кавалерам інш. рас. О., акрамя О. св. Георгія і св. Уладзіміра. О. св. велікамучаніцы Кацярыны (1714) прызначаўся для жанчын імператарскай фаміліі і набліжаных да іх прадстаўніц знаці, меў 2 ступені, белую, з 1797 чырв. з сярэбраным беражком стужку і дэвіз «За каханне і Бацькаўшчыну». О. св. Аляксандра Неўскага (1725) быў узнагародай для асоб з чынам ген.-лейтэнанта або тайнага саветніка і вышэй, меў 1 ступень, чырв. стужку і дэвіз «За працу і Бацькаўшчыну». У 1736 кавалерам гэтага О. стаў кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст III. З 1742 рас. падданых узнагароджвалі шлезвіг-гальштэйнскім О. св. Ганны, які ў 1797 афіцыйна ўведзены ў рас. ўзнагародную сістэму; меў 1 ступень, чырв. стужку з жоўтым беражком (з 1797—3, з 1815—4 ступені) і дэвіз «Тым, хто любіць праўду, набожнасць і вернасць»; знак 4-й ступені насілі на халоднай зброі. Імператарскі ваен. О. св. велікамучаніка і Перамаганосца Георгія (1769) быў выключна вайск. узнагародай для афіцэраў за баявыя заслугі або за выслугу гадоў (да 1855). З 1807 існаваў спец. знак О. св. Георгія для ўзнагароджання салдат і унтэр-афіцэраў (з 1913 Георгіеўскі крыж), які ў сярэдзіне 19 ст. падзелены на 4 ступені; гл. Георгіеўскі кавалер. О. св. роўнаапостальнага кн. Уладзіміра (1782) даваўся за выслугу гадоў і асаблівыя ўчынкі афіцэрам і чыноўнікам; меў 4 ступені, чырв. з чорным беражком стужку і дэвіз «Карысць, гонар і слава». У 1798—1817 рас. падданых узнагароджвалі О. св. Іаана Іерусалімскага (2 ступені, чорная стужка), які меў мальтыйскае паходжанне. О. Белага Арла (1815, 1 ступень, цёмна-сіняя стужка, дэвіз «Pro Fide, Rege et Lege»), св. Станіслава (1815, 4 ступені, чырв. з белымі палоскамі па краях стужка, дэвіз «Praemiando inicitat») і «Virtuti Militari» (1815—31, 5 ступеней, цёмна-блакітная з чорнымі беражкамі стужка, дэвіз «Rex et Patria» («кароль і Радзіма») паходзілі яд адпаведных О. Герцагства Варшаўскага і да 1831 прызначаліся толькі для жыхароў Каралеўства Польскага. У 1870 дазволена насіць ордэнскія знакі ніжэйшых ступеней, атрыманыя за ваен. заслугі, адначасова з вышэйшымі.

У Польскай Рэспубліцы 1919—44 працягваліся папярэднія ордэнскія традыцыі; уведзены О. Белага Арла (1921), «Virtuti Militari» (5 ступеней, 1919) і новы О. Адраджэння Польшчы (5 ступеней, 1921).

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 усе рас. О. скасаваны дэкрэтам ВЦВК ад 23.11.1917 і пачалося стварэнне сав. ордэнскай сістэмы. У 1918—33 у Сав. Расіі і інш. сав. рэспубліках існавалі рэсп. О. (звычайна ў выглядзе чырв. сцяга на ўзор О. Чырв. Сцяга РСФСР), у т. л. О. Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР (1924—32), О. Чырвонага Сцяга і Працоўнага Чырвонага Сцяга Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Украіны і інш. Нашэнне рэсп. О. працягвалася і пасля іх скасавання. Звычайна іх кавалеры мелі права на пэўныя льготы. О. СССР з’явіліся паралельна з рэсп. і ў 1933 выцеснілі іх цалкам. Былі ўведзены О.: Чырвонага Сцяга (1924), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1928), Леніна (1930), Чырвонай Зоркі (1930), «Знак Пашаны» (1935, з 1988 наз. О. Пашаны), Айчыннай вайны (2 ступені, 1942), Суворава (3 ступені, 1942), Кутузава (2 ступені, 1942; 3 ступені, 1943), Аляксандра Неўскага (1942), Багдана Хмяльніцкага (3 ступені, 1943), Славы (3 ступені, 1943), «Перамога» (1943), Ушакова (2 ступені, 1944), Нахімава (2 ступені, 1944), «Маці-гераіня» (1944), «Мацярынская слава» (3 ступені, 1944), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1967), Дружбы народаў (1972), Працоўнай Славы (3 ступені, 1974), «За службу Радзіме ва Узбр. Сілах СССР» (3 ступені, 1974), «За асабістую мужнасць» (1988). Сярод асаблівасцей сав. ордэнскай сістэмы былі фармальная адмова ад прынцыпаў царскіх 0. і фактычнае наследаванне ім, дэклараванне роўнасці і фактычная службовая стратыфікацыя, існаванне «партрэтных» 0., адначасовае нашэнне знакаў усіх ступеней, адсутнасць зорак як дадатковых адзнак вышэйшых ступеней 0., знакі для паўторных узнагароджанняў, адсутнасць ордэнскай стужкі ў 1918—38 і інш. О. СССР захоўваюць сваё значэнне ў Расійскай Федерацыі, Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш. б. сав. рэспубліках. Законамі ад 13.4.1995 і 2.7.1997 уведзены О. Рэспублікі Беларусь (гл. ў арт. Ордэны і медалі Рэспублікі Беларусь).

У Расіі ў 1990-я г. ўведзены О. «За заслугі перад Айчынай» (4 ступені), Мужнасці, «За ваенныя заслугі», Пашаны, Дружбы, Жукава, св. Андрэя Першазванага, св. Георгія. Аддзеленая ад дзяржавы Руская правасл царква, да якой адносяцца правасл. прыходы Беларусі, мае свае О.: св. роўнаапостальнага кн. Уладзіміра (3 ступені), Прападобнага Сергія Раданежскага (3 ступені), Андрэя Першазванага (1 ступень, 1988), св. роўнаапостальнай кн. Вольгі (3 ступені, 1988), благавернага кн. Данііла Маскоўскага (3 ступені, 1988), св пакутніка Трыфана (3 ступені, 1996), свяціцеля Інакенція (3 ступені, 1997). Па ініцыятыве Бел. экзархата зацверджаны О. Крыжа прападобнай Ефрасінні Полацкай (2 ступені, 1998). Польская аўтакефальная правасл царква мае О. роўнаапостальнай Марыі Магдаліны (3 ступені). З узнагарод бел. эміграцыі вядомы О. «Гонар Айчыны», устаноўлены «Камітэтам шанавання» (1997).

З О. ЗША найб. вядомы «Пурпуровае сэрца», Марскі крыж, «Сярэбраная зорка»; з О. Вялікабрытаніі — О. Падвязкі, О. Лазні, «Крыж Вікторыі», «За заслугі», О. Гонару; з О. Польшчы — О. Белага Арла, «Virtuti Militari», Адраджэння Польшчы; з О. Францыі — О. Ганаровага легіёна.

Літ.:

Дуров В.А. Русские и советские боевые награды: [Альбом]. М., 1990;

Яго ж Ордена России: Альбом. М., 1993.

І.І.Сінчук.

Знакі ордэнаў Рас. імперыі: 1 — зорка ордэна св. велікамучаніка і Перамаганосца Георгія 1-й ступені; 2 — зорка і крыж ордэна Белага Арла; 3 — крыжы ордэна «Virtuti Militari» 1—5-й ступеней.
Ордэны СССР: 1 — «Маці-гераіня»; 2 — «Мацярынская слава» 1-й ступені.
Ордэны СССР: 1 — Леніна; 2 — Кастрычніцкай Рэвалюцыі; 3 — Чырвонага Сцяга; 4 — Працоўнага Чырвонага Сцяга; 5 — Дружбы народаў; 6 — «Знак Пашаны»; 7 — Славы 1-й ступені; 8 — Славы 2-й ступені; 9 — Славы 3-й ступені; 10 — Працоўнай Славы 1-й ступені.
Ордэны савецкіх рэспублік: 1 — Працоўнага Чырвонага Сцяга Украінскай ССР; 2 — Чырвонага Сцяга Грузінскай ССР; 3 — Ваенны Чырвоны Харэзмскай Народнай Савецкай Рэспублікі.
Ордэны Рэчы Паспалітай (1), Рас. імперыі (2—9), СССР (10—20): 1 — Вайсковага крыжа (вонкавы і адваротны бакі); 2 — св. Андрэя Першазванага (крыж з брыльянтамі); 3 — св. велікамучаніцы Кацярыны (крыж 1-й ступені); 4 — св. Аляксандра Неўскага (крыж з мячамі); 5 — св. Ганны (крыж 1-й ступені з мячамі і каронай); 6 — св. велікамучаніка і Перамаганосца Георгія (крыж 1-й ступені); 7 — св. роўнаапостальнага князя Уладзіміра (крыж 1-й ступені з мячамі); 8 — Белага Арла (крыж з мячамі); 9 — св. Станіслава (крыж 1-й ступені з мячамі); 10 — «Перамога»; 11 — Суворава 1-й ступені; 12 — Ушакова 1-й ступені; 13 — Кутузава 1-й ступені; 14 — Нахімава 1-й ступені; 15 — Багдана Хмяльніцкага 1-й ступені; 16 — Аляксандра Неўскага; 17 — «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» 1-й ступені; 18 — Айчыннай вайны 1-й ступені; 19 — Айчыннай вайны 2-й ступені; 20 — Чырвонай Зоркі.
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР.

т. 11, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АКАДЭМІ́ЧНЬІ ТЭА́ТР О́ПЕРЫ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Створаны ў 1933 у Мінску як Дзярж. т-р оперы і балета БССР на базе Беларускай студыі оперы і балета. З 1940 — Вялікі, з 1964 — акадэмічны. З 1996 сучасная назва, у складзе творчага аб’яднання «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь». Адкрыты ў будынку БДТ-1 спектаклем «Кармэн» Ж Бізэ (гал. ролю выконвала Л.Александроўская). Напачатку дзейнасць т-ра была скіравана на асваенне класічнага, найперш рус. рэпертуару: «Яўген Анегін» (1933) і «Пікавая дама» (1934) П.Чайкоўскага, «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава (1933), «Князь Ігар» А.Барадзіна (1934), «Русалка» А.Даргамыжскага (1938). Значнымі падзеямі ў гісторыі т-ра сталі пастаноўкі бел. нац. опер «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага (лібр. П.Броўкі), «У пушчах Палесся» А.Багатырова (лібр. Я.Рамановіча паводле аповесці Я.Коласа «Дрыгва»; абедзве 1939), «Кветка шчасця» А.Туранкова (1940, лібр. В.Барысевіч, Броўкі і П.Глебкі паводле драмы М.Чарота «На Купалле»), Яны адметныя пошукамі нац. спецыфічных сродкаў муз. стылістыкі, заснаванай на нар.-песенным меласе, сцэн. выразнасцю і арыгінальнай рэжысёрскай інтэрпрэтацыяй.

Сталенню маст. калектыву т-ра садзейнічалі дырыжоры І.Гітгарц, Н.Грубін, М.Шнейдэрман, рэжысёры Барысевіч, П.Златагораў, М.Смоліч, Б.Чарняўскі, І.Шляпянаў; мастакі М.Бобышаў, П.Вільямс, Б.Волкаў, Н.Каровін, С.Нікалаеў; хормайстры А.Бельскі, Г.Пятроў; спевакі Александроўская, Л.Аляксеева, А.Арсенка, І.Балоцін, Т.Баначыч, В.Валчанецкая, М.Дзянісаў, С.Друкер, П.Засецкі, В.Каліноўскі, Д.Кроз, М.Лазараў, В.Лапін, В.Малькова, Р.Млодак, І.Мурамцаў, У.Таланкін, Г.Цэпава, Я.Шаціхін.

У Вял. Айч. вайну значная частка калектыву працавала ў г. Горкі, потым у г. Каўроў (Уладзімірская вобл., Расія), дзе ў канцэртным выкананні паказаны оперы «Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні (1943), «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні і новая бел. опера «Алеся» Цікоцкага (лібр. Броўкі; абедзве 1944). Пастаноўкай «Алесі» (у гал. ролі Александроўская) у канцы 1944 т-р аднавіў сваю дзейнасць у вызваленым Мінску. У пасляваен. гады разам з рэпертуарным узбагачэннем удасканальваліся рэжысура і сцэн. вырашэнне спектакляў. Плённа працавалі рэжысёры Б.Пакроўскі («Алеся», «Кармэн», 1945) і Б.Мардвінаў («Пікавая дама»; «Рыгалета» Дж.Вердзі, абедзве 1948; «Прададзеная нявеста» Б.Сметаны і «Князь Ігар», 1949; «Іван Сусанін» М.Глінкі, 1950), сцэнограф Нікалаеў. Нац. рэпертуар папоўніла опера «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса (1947, лібр. М.Клімковіча), дзе ў гал. партыі выступіў М.Сярдобаў. У 1950-я г. асн. лінію дзейнасці т-ра вызначала фарміраванне нац. рэпертуару пад кіраўніцтвам Александроўскай. Пастаўлены оперы «Дзяўчына з Палесся» Цікоцкага (новы варыянт оперы «Алеся», 1953), «Надзея Дурава» Багатырова (1956, лібр. І.Келера), у якой рэалізаваны выканальніцкія магчымасці К Кудрашовай, Л.Галушкінай, М.Ворвулева, паўторна паказана опера «Міхась Падгорны» (1957), дзе акцёрскім дасягненнем стаў вобраз Бабы-Лапатухі, створаны Т.Ніжнікавай. Народнасцю меласу і значнай драматургічнай роляй хароў вылучалася опера «Яснае світанне» Туранкова (1958, лібр. А.Бачылы). Створаны першы нац. оперны спектакль для дзяцей «Марынка» Р.Пукста (1955, лібр. Э.Агняцвет). Класічны рэпертуар узбагацілі «Мазепа» і «Іаланта» Чайкоўскага (абедзве 1952; у гал. ролі Т Шымко), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1954), «Трубадур» Вердзі (1955), «Садко» М.Рымскага-Корсакава (1957). Лепшай рэжысёрскай работай Александроўскай стала «Аіда» (1953) Вердзі, якую вызначалі прадуманасць рэжысуры і выдатны акцёрскі ансамбль (Друкер, Кудрашова, Ворвулеў, М.Зюванаў, Лазараў). Падзеяй стала першая ў СССР пастаноўка камічнай оперы С.Манюшкі «Страшны двор» (1952, лібр. ў перакладзе на бел. мову М.Танка).

У 1950—60-я г. пастаўлены шэраг муз. камедый і аперэт: «Карневільскія званы» Р.Планкета (1959), «Цыганскі барон» (1960) і «Лятучая мыш» (1961) І.Штрауса. У 1960-я г. вызначальная роля належала маст. кіраўніку і гал. рэжысёру т-ра Дз.Смолічу. Яго пастаноўку оперы Вердзі «Атэла» (1963) вылучае бліскучае муз. (дырыжор І.Абраміс) і акцёрскае ўвасабленне (З.Бабій, Н.Ткачэнка, І.Сарокін). Дасягненнем калектыву стала пастаноўка оперы С.Танеева «Арэстэя» (1963) пад кіраўніцтвам дырыжора Т.Каламійцавай. Сярод інш. пастановак тых гадоў оперы «Чыо-Чыо-сан» Пучыні (1953), «Пікавая дама» Чайкоўскага (1960), «Баль-маскарад» (1961) і «Трубадур» (1964) Вердзі, «Джаконда» А.Панк’елі (1962), «Любоўны напітак» Г.Даніцэці (1965), «Багема» Пучыні (1968), а таксама, складаная ў адносінах драматургіі опера С.Пракоф’ева «Заручыны ў манастыры» (1962). Героіка Вял. Айч. вайны ўвасоблена ў пастаноўцы «Брэсцкай крэпасці» К.Малчанава (1967). Бел. оперны рэпертуар папоўнілі камедыйныя творы Ю.Семянякі «Калючая ружа» (1960), з эфектнымі муз. фрагментамі і яскравымі сцэн. знаходкамі, і «Калі ападае лісце (1968; лібр. абедзвюх Бачыльг). У 1945—60 у трупе працавалі спевакі Р.Асіпенка, Л.Бражнік, Ворвулеў, Галушкіна, А.Генералаў, У.Глазаў, Н.Гусельнікава, Г.Дзмітрыеў, Зюванаў, Кудрашова, Ніжнікава, Н.Нікеева, Б.Нікольскі, Т.Пастуніна, І.Сайкоў, Сярдобаў, Шымко, Р.Яўраеў; дырыжоры Абраміс, А.Брон, Каламійцава, Л.Любімаў, У.Пірадаў; рэжысёры Александроўская, А.Маралёў, Мардвінаў, Ю.Ужанцаў, У.Шахрай; мастакі Нікалаеў, П.Масленікаў, хормайстар М.Прысёлкаў.

У 1960-я г. вылучыліся спевакі новага пакалення В.Бруй, Л.Ганестава, В.Ганчарэнка, В.Глушакоў, В.Гур’еў, С.Данілюк, М. і П.Дружыны, Л.Златава, В.Кірычэнка, Сарокін, А.Саўчанка, В.Чарнабаеў, І.Шыкунова; дырыжоры Г.Дугашаў, К.Ціханаў, мастак Я.Чамадураў; хормайстры Т.Арлова, А.Кагадзееў; гал. канцэртмайстар С.Талкачоў. У 1970—80-я г., побач з узбагачэннем рэпертуару творамі опернай класікі і бел. кампазітараў, адбывалася актуалізацыя традыц. школы опернага мастацтва. Пачатак гэтага перыяду азнаменавала пастаноўка А.Дадышкіліяні «Хаваншчыны» М.Мусаргскага (1970; вобраз Марфы выканала Данілюк). Вял. роля ў абнаўленні тэатр. традыцый належыць рэж. С.Штэйну. які паставіў шэраг яскравых спектакляў. Маштабнасцю і глыбінёй муз. і рэж. інтэрпрэтацыі вызначалася яго сумесная з Я.Вашчаком работа над пастаноўкай «Барыса Гадунова» Мусаргскага (1974; у гал. партыі М.Зданевіч і Я.Пятроў). Пастаўлены оперы «Залаты пеўнік» (1971) і «Снягурачка» (1981) Рымскага-Корсакава, 2 новыя інтэрпрэтацыі «Пікавай дамы» Чайкоўскага (1972, 1983), «Дон Жуан» (1973) і «Вяселле Фігара» (1980) В.А.Моцарта, дзе выразна раскрыліся вак. майстэрства і сцэн. абаяльнасць Саўчанкі. Творчай удачай т-ра стала пастаноўка «Лаэнгрына» Р.Вагнера (1977, рэж. К.Г.Фіртэль, ГДР; у гал. ролях Данілюк, А.Дзедзік, Л.Шамчук, Сарокін). У нац. традыцыях увасоблена польск. рэж. Б.Янкоўскім «Галька» Манюшкі (1975). Выявілася цікавасць т-ра да італьян. оперы: «Сельскі гонар» П.Масканьі (1973), «Дон Паскуале» Даніцэці (1977; у гал. ролі Чарнабаеў), «Дон Карлас» (1979) і «Рыгалета» (1981) Вердзі, «Служанка-пані» Дж.Пергалезі (1981). Пастаноўка М.Ізворска-Елізар’евай «Дона Карласа» вызначалася ансамблевасцю, высокай сцэн. і пеўчай культурай (Пятроў, Н.Казлова, Н.Губская, Данілюк і Н.Галеева). Нац. рэпертуар папоўнілі оперы «Андрэй Касценя» М.Аладава (лібр. Глебкі), «Зорка Венера» Семянякі (лібр. Бачылы; абедзве 1970). Філас.-абагульненае ўвасабленне рэчаіснасці, паказ падзей мінулага ў жывой сувязі з нашым часам уласцівы спектаклю «Джардана Бруна» С.Картэса (1977, лібр. У.Халіпа; дырыжор Вашчак, рэж. Штэйн, мастак Я.Лысік). Асн. рысы кампазіцыі і стылістыкі оперы «Сівая легенда» Дз.Смольскага (1978, лібр. У.Караткевіча) характарызаваў псіхалагізм вак. партый (Дзедзік, Шыкунова, Сарокін). Драм. экспрэсіяй адметная пастаноўка оперы «Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера (1980, лібр. А.Вярцінскага і Штэйна паводле аповесці В.Быкава «Воўчая зграя»), У 1970-я г. калектыў т-ра папоўнілі салісты Ю.Бастрыкаў, А.Кеда, Л.Колас, Пятроў, А.Рудкоўскі, В.Скорабагатаў, В.Цішына, У.Экнадыёсаў; дырыжор У.Машэнскі; мастакі Я.Ждан, В.Левенталь. 1980-я г. т-р адзначыў шэрагам прэм’ер. Да 100-годдзя з дня нараджэння Я.Коласа пастаўлена опера «Новая зямля» Семянякі (1982, лібр. А.Петрашкевіча паводле аднайм. паэмы Я.Коласа) — спроба сінтэзу фалькл. т-ра і класічнай оперы. У 1989 пастаўлены адзін з лепшых нац. твораў — «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (лібр. С.Клімковіч паводле аднайм. аповесці Караткевіча; дырыжоры Вашчак і А.Анісімаў, рэж. В.Цюпа, мастак Э.Гейдэбрэхт; у гал. партыях Н.Кастэнка, Скорабагатаў, Экнадыёсаў; Дзярж. прэмія Беларусі 1990). Сярод інш. оперных прэм’ер «Вайна і мір» (1985, дырыжор Г.Праватораў, рэж. Штэйн, мастак Гейдэбрэхт) і першая ў СССР пастаноўка оперы «Мадалена» (1989) Пракоф’ева.

Музыкальнасцю і дынамізмам адзначаны спектакль «Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха (1980, дырыжор Каламійцава; у гал. ролях Экнадыёсаў, Бастрыкаў, Колас, Кастэнка). Упершыню на Беларусі пастаўлены оперы «Кавалер руж» Р.Штрауса і «Чароўная флейта» Моцарта (1987), адноўлены оперы «Баль-маскарад» (1981), «Пікавая дама» (1983), «Іван Сусанін» (1984), «Севільскі цырульнік» (1986), «Яўген Анегін» (1986). У складзе трупы: спевакі Т.Глаголева, М.Гулегіна, М.Жылюк, Н.Залатарова, Л.Златава, Т.Кучынская, Г.Лукомская, М.Майсеенка, Э.Пелагейчанка, Пятроў, Н.Руднева, М.Рысаў, Цішына, мастакі Л.Ганчарова, Гейдэбрэхт, хормайстар Кагадзееў. У 1990-я г. рэпертуар т-ра ўзбагацілі нац. оперы «Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі (1992, лібр. В.Іпатавай паводле п’есы Л.Пракопчыка; Дзярж. прэмія Беларусі 1996), «Майстар і Маргарыта» Я.Глебава (1992, лібр. аўтара і Л.Глебавай паводле аднайм. рамана М.Булгакава) і «Візіт дамы» Картэса (1995, лібр. Халіпа паводле п’есы «Візіт старой дамы» Ф.Дзюрэнмата; дырыжор Праватораў, рэж. М.Пінігін, мастак З.Марголін; у гал. партыях Руднева і Пелагейчанка). У 1994 адбылася прэм’ера оперы Дз.Шастаковіча «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» (лібр. А.Прэйса паводле аднайм. аповесці М.Ляскова), пастаноўка якой вылучалася экспрэсіўнай муз. стылістыкай у спалучэнні з дзейснай рэжысурай і сцэнаграфіяй (дырыжор Анісімаў, рэж. Ізворска-Елізар’ева, мастак В.Окунеў; у гал. партыях Залатарова і Т.Цівунова, В.Кавальчук). Сярод новых пастановак таксама камічная опера «Шлюбны вэксаль» Расіні (1998). Асаблівасць дзейнасці т-ра гэтага часу — выкананне зах.-еўрап. опер на мове арыгінала. Створаны новыя версіі спектакляў «Тоска» Пучыні (1991), «Іаланта» Чайкоўскага (1993), «Рыгалета» (1994), «Травіята» Вердзі (1997), «Паяцы» Р.Леанкавала (1999), «Кармэн» Бізэ (1995), «Князь Ігар» Барадзіна (1996). Т-р практыкуе форму канцэртна-сцэн. паказу: оперы «Барыс Гадуноў» Мусаргскага (1998), «Лючыя ды Ламермур» Даніцэці (у гал. партыі В.Курбацкая) і «Набука» Вердзі (1999; Бастрыкаў, Глаголева, А.Мельнікаў у гал. партыях), «Турандот» Пучыні (2000). Калектыў т-ра неаднаразова выступаў у Вял. т-ры ў Маскве і за мяжой. З 1990 г. на базе т-ра працуе Дзіцячы муз. тэатр-студыя, дзе пастаўлены шэраг спектакляў для дзяцей. У т-ры працавалі: гал. дырыжоры Гітгарц (1933—36), Грубін (1938—41), Брон (1944—48), Пірадаў (з 1948), Любімаў (1951—64), Дугашаў (1966—68), Ціханаў (з 1969), Вашчак (1972—80), Г.Праватораў (з 1984), А.Анісімаў (1980—84 і з 1989); гал. рэжысёры Златагораў (1939—40), Мардвінаў (з 1947), Александроўская (1951—60), Смоліч (1962—69), Дадышкіліяні (1972—76); гал. хормайстры Г.Пятроў (1933—37, 1945—50), А.Сцяпанаў (1937—41), М.Прысёлкаў (1951—59), Кагадзееў (1960—93); гал. мастакі Нікалаеў (з 1938), Чамадураў (1959—76), Лысік (1979—81), Э.Гейдэбрэхт (1984—90).

У складзе трупы (на 2000): нар. арт. СССР Саўчанка, нар. артысты Беларусі Бастрыкаў, Я.Пятроў, Руднева, Чарнабаеў, нар. арт Расіі Пелагейчанка, засл. арт. Расіі М.Майсеенка, засл. артысты Беларусі Галеева, Губская, М.Дружына, Жылюк, Казлова, Мельнікаў, У.Пятроў, Скорабагатаў, В.Стральчэня, майстры сцэны Т.Варапай, А.Гардынец, Глаголева, М.Грыгорчык, Кавальчук, Курбацкая, С.Франкоўскі; канцэртмайстры засл. артысты Беларусі Г.Карант, Л.Талкачова, засл. арт. Бураціі Ж.Габа, артысты аркестра — засл. артысты Беларусі М.Баркоўскі, У.Тарашкевіч; дырэктар — маст. кіраўнік т-ра нар. арт. Беларусі Картэс, гал. дырыжор — засл. дз. маст. Расіі Анісімаў, дырыжоры засл. дзеячы маст. Беларусі М.Калядка, Л.Лях; рэж. С.Цырук, гал. хормайстар — засл. дз. маст. Беларусі Ламановіч, мастак Ганчарова, мастак па касцюмах Э.Грыгарук. Працуе ў адным будынку з Нацыянальным акадэмічным тэатрам балета Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Смольский, Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963;

Кулешова Г.Г. Белорусская советская опера. Мн., 1967;

Мастацтва Беларусі. 1983. № 10;

Музычны тэатр Беларусі. [Кн. 2—3]. Мн., 1993—96.

Б.С.Смольскі, А.В.Казлоўская.

Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Тоска» Дж.Пучыні. 1991.
Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна з оперы «Кармэн» Ж.Бізэ. 1945.
Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага. 1974.
Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солгана. 1989.
Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Візіт дамы» С.Картэса. 1995.

т. 11, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСПА́НІЯ (España),

Каралеўства Іспанія (Reino de España), дзяржава на ПдЗ Еўропы, на Пірэнейскім п-ве; уключае таксама Балеарскія а-вы ў Міжземным м. і Канарскія а-вы ў Атлантычным ак.; І. належаць гарады Сеута і Мелілья ў Афрыцы (на Пн Марока). Мяжуе на Пн з Францыяй і Андорай, на З з Партугаліяй, на Пд з брытанскім уладаннем Гібралтар. На Пн абмываецца Біскайскім зал., на ПнЗ і ПдЗ — Атлантычным ак., на ПнУ і У — Міжземным м. Падзяляецца на 50 правінцый, 47 з іх знаходзяцца на паўвостраве, а 3 — астраўныя (2 на Канарскіх а-вах, 1 на Балеарскіх а-вах). Правінцыі аб’яднаны ў 17 аўтаномных абласцей: Каталонія, Краіна Баскаў, Галісія, Андалусія, Валенсія, Эстрэмадура, Кастылія-Леон, Кастылія-Ла-Манча, Астурыя, Навара, Мурсія, Ла-Рыёха, Арагон, Кантабрыя, Мадрыд, Балеарскія а-вы, Канарскія а-вы. Пл. 504,8 тыс. км². Нас. 39,6 млн. чал. (1995). Сталіца — г. Мадрыд. Дзярж. мова — іспанская; афіцыйна карыстаюцца таксама каталанскай, баскскай, галісійскай мовамі. Нац. свята — Дзень ісп. нацыі (12 кастр., дата адкрыцця Х.Калумбам Амерыкі).

Дзяржаўны лад. І. — спадчынная парламенцкая манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1978. Кіраўнік дзяржавы — кароль, роля якога ў асноўным мае прадстаўнічы характар. Заканад. орган — двухпалатны парламент (Ген. картэсы), складаецца з кангрэса дэпутатаў (350 чл.) і сената (208 чл.), выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Законы, якія прымаюцца парламентам, зацвярджае кароль. Выканаўчы орган — Савет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам. Урад фарміруе партыя, якая атрымала перамогу на выбарах у картэсы.

Пры каралі існуе кансультатыўны орган — Савет каралеўства. У Краіне Баскаў створаны аўт. ўрад. Суд. сістэма складаецца з цывільных і ваен. судоў. Суддзі назначаюцца ўрадам. У структуры цывільных судоў Вярх. суд, 15 апеляцыйных, 50 правінцыяльных і больш за 9 тыс. мясц. судоў.

Прырода. І. — гарыстая краіна. Пласкагор’і і горы займаюць 90% тэрыторыі. Цэнтр. ч. займае стараж., моцна разбуранае пласкагор’е Месета, прыўзнятае па краях. Яно акаймавана маладымі гарамі: на Пн Кантабрыйскімі, на ПнУ Іберыйскімі, на Пд Андалускімі з найвыш. вяршыняй — г. Муласен (3478 м). Цэнтр. Кардыльера (выш. да 2592 м) падзяляе Месету на Старакастыльскае (на Пн) і Новакастыльскае (на Пд) пласкагор’і. На ПнУ краіны — горы Пірэнеі (выш. да 3404 м, пік Анета) і Каталонскія горы. На ПнУ уздоўж р. Эбра знаходзіцца Арагонская раўніна, на ПдЗ уздоўж р. Гвадалквівір — Андалуская нізіна. Карысныя выкапні: медныя, ртутныя, свінцова-цынкавыя, жалезныя, вальфрамавыя, хромавыя, уранавыя руды, каменны вугаль, калійныя солі, сера, гаручыя сланцы. Клімат на б.ч. краіны міжземнаморскі з гарачым сухім летам і мяккай вільготнай зімой. На пласкагор’і клімат блізкі да кантынентальнага, на Пн — да ўмеранага з прыкметамі марскога. Сярэдняя т-ра студз. ад 8,4 °C на Пн да 12,3 °C на Пд, жн. ад 18—20 °C на Пн да 26 °C на Пд. Ападкаў 350—500 мм за год, на Пд і У месцамі менш за 200 мм, на ПнЗ 900—1000 мм, у гарах 1500—2000 мм. Рачная сетка густая, але рэкі малаводныя. Найбольшыя рэкі: Таха, Дуэра, Эбра і Гвадалквівір. Выкарыстоўваюцца на арашэнне і ў энергет. мэтах. Глебы: буразёмы, чырваназёмы, шкілетныя камяністыя, на Пн месцамі падзолістыя, у далінах рэк і на нізінах урадлівыя алювіяльныя. Развіты эразійныя працэсы. На Пн і ПнЗ лістападныя шыракалістыя лясы (дуб, бук, каштан). На астатняй тэр. пераважаюць міжземнаморскія ксерафітныя лясы і хмызнякі (маквіс, гарыга). Пад лясамі каля 10% тэрыторыі, пад хмызнякамі каля 30%. З жывёл характэрныя ліс, барсук, воўк, пірэнейскі мядзведзь, каменны казёл, генета, алжырскі вожык і інш. Да 400 відаў птушак. Шмат відаў яшчарак і змей. 11 нац. паркаў, буйныя заказнікі і рэзерваты.

Насельніцтва. Каля ​2/з — іспанцы. Да карэннага насельніцтва адносяцца таксама каталонцы (каля 5 млн. чал., у Каталоніі і на Балеарскіх а-вах), галісійцы (каля 3 млн. чал., у Галісіі), баскі (каля 1 млн. чал., на ўзбярэжжы Біскайскага зал. каля мяжы з Францыяй). Жывуць таксама партугальцы, цыганы і інш. 98% вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. 78,5 чал. на 1 км². Найб. густа (да 500 чал. на 1 км²) заселены прыморскія раёны і наваколле Мадрыда. Натуральны прырост каля 1%. У гарадах жыве 77% насельніцтва. У 55 гарадах жыве больш як па 100 тыс. жыхароў. Найбольшыя гарады (млн. ж., 1991): Мадрыд — 3, Барселона — 1,6, Валенсія — 0,8, Севілья — 0,7, Сарагоса — 0,6. У прам-сці і буд-ве занята 33% насельніцтва, у сельскай і лясной гаспадарцы і рыбалоўстве — 11%, у абслуговых галінах — 56%.

Гісторыя. Паводле археал. звестак тэр. І. заселена з часоў ніжняга палеаліту (400 тыс. — 100 тыс. г. назад). У 2-м тыс. да н.э. насельніцтва І. ведала меднарудную і бронзаліцейную вытв-сць, займалася земляробствам і жывёлагадоўляй. З 7 ст. да н.э.

пачалася сістэм. каланізацыя паўд. і ўсх. ўзбярэжжа І. фінікійцамі і стараж. грэкамі. У 7—5 ст. да н.э. на ўзбярэжжы Міжземнага м. склалася культура ібераў. У 5—3 ст. да н.э. на тэр. І. рассяліліся кельты, якія прыйшлі на паўвостраў праз Пірэнеі. У выніку змяшэння іх з іберамі ўзнікла плем. група — кельтыберы. Да канца 3 ст. да н.э. большая частка тэр. І. апынулася пад уладай Карфагена. 3218 да н.э. пачалося заваяванне І. рымлянамі, якое з-за супраціўлення мясц. плямён доўжылася да канца 1 ст. да н.э. У час рым. панавання мясц. насельніцтва (акрамя баскаў) раманізавана (прыняло лац. мову, рым. звычаі, законы і вераванні), адбыліся эканам. і культ. пераўтварэнні (засн. гарады, створана тыповая для Рым. імперыі інфраструктура — дарогі, масты, акведукі). У 1 ст. н.э. ў І. пачало пранікаць хрысціянства. У 409 на тэр. І. ўварваліся вандалы, аланы, свевы, у барацьбе з якімі рымляне выкарыстоўвалі дапамогу вестготаў. У 2-й пал. 5 ст. вестгоцкі кароль Эйрых захапіў амаль усю тэр. Пірэнейскага п-ва і разарваў саюз з Рымам. У пач. 6 ст. сюды перамясціўся цэнтр каралеўства вестготаў. У 585 вестготы далучылі да сваіх уладанняў дзяржаву свеваў, у пач. 7 ст. адваявалі ісп. землі ў візантыйцаў; прынялі каталіцтва і з дапамогай царквы стварылі дзяржаву са сталіцай у Таледа. У 711—718 амаль усю тэр. Пірэнейскага п-ва заваявалі арабы (маўры) і стварылі эмірат, які ўваходзіў у склад халіфата Амеядаў; у 756 Амеяды заснавалі незалежны Кардоўскі эмірат, у 929 — Кардоўскі халіфат. Найб магутнасці араб. дзяржава дасягнула пры Абдарахмане III [912—961], У 1031 Кардоўскі халіфат распаўся на мноства дробных эміратаў. Яшчэ ў 8 ст. на Пн паўвострава ўзніклі цэнтры супраціўлення араб. заваяванню. У 718 пасля паражэння маўраў каля Кавадонгі ўзнікла каралеўства Астурыя; з гэтага часу пачалася Рэканкіста — адваяванне народамі Пірэнейскага п-ва захопленых маўрамі зямель. Другім цэнтрам супраціўлення стала Навара, якая ў сярэдзіне 9 ст. дамаглася незалежнасці ад арабаў і франкаў.

У канцы 8 — пач. 9 ст. франкі адваявалі ў арабаў Каталонію. У 865 вызваленыя франкамі землі вылучыліся ў Ісп. марку ў складзе 7 графстваў, у канцы 9 ст. яны сталі фактычна незалежнымі раннефеад. дзяржавамі. Працяглая барацьба за вызваленне ад араб. панавання (скончана ў 1492) абумовіла асаблівасці развіцця І. Сяляне некат. абласцей дамагліся аслаблення прыгоннай залежнасці, гарады — шырокага самакіравання і вольнасцей, рыцарства і феад. вярхі атрымалі маёнткі арабаў, духавенства захапіла б. ч. араб. зямель і стала значнай паліт. сілай у І.; умацавалася і каралеўская ўлада. З устанаўлення дынастычнай уніі Кастыліі і Арагона (1479) пачалося фактычнае аб’яднанне ісп. зямель у адзіную дзяржаву. Пасля адкрыцця Х.Калумбам Амерыкі (1492) іспанцы ў 1-й пал. 16 ст. пачалі каланізацыю Мексікі, Перу, Балівіі, Чылі, ч. Аргенціны і інш. абласцей у Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Калан. ўладанні пашыраліся і за кошт ісп. заваяванняў у Еўропе (у 1512 — Верхняй Навары, у 1516 — Нідэрландаў), пазней у Афрыцы. У 1519 ісп. кароль Карл I з дынастыі Габсбургаў абвешчаны імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» (Карл V). У 1516—1600 І. — наймагутнейшая ў ваен. і паліт. адносінах краіна Еўропы. Але яе эканоміка, якая грунтавалася пераважна на даходах з калоній, была няўстойлівая. Каралеўская ўлада не спрыяла развіццю ўнутр. вытв-сці і гандлю, заняпад якіх паскорыла інквізіцыя (уведзена ў 1480). Пасля знішчэння ісп. флоту ў вайне 1588 з Англіяй І. перастала панаваць на моры. Пасля Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. ад І. аддзяліліся Паўн. Нідэрланды. У выніку шматлікіх войнаў 17 ст значная ч. ісп. уладанняў у Еўропе адышла да Англіі, Галандыі і Францыі. Вял. ваен. выдаткі збяднялі краіну. Разам з тым панаванне Габсбургаў (каля 1530 — каля 1680) было т.зв. «залатым векам» у гісторыі ісп культуры (росквіт л-ры, жывапісу, архітэктуры, дзейнічалі 32 ун-ты). Са спыненнем лініі ісп. Габсбургаў І., яе еўрап. і калан. ўладанні сталі аб’ектам саперніцтва з боку еўрап. дзяржаў. Вайна за Іспанскую спадчыну 1701—14 скончылася ўсталяваннем у І. дынастыі франц. Бурбонаў (заснавальнік Філіп V) і падзелам ісп. уладанняў у Еўропе. Філіп V распачаў рэформы, скіраваныя на ўпарадкаванне і цэнтралізацыю дзяржавы. Звязаная дагаворамі з Францыяй, І. была ўцягнута ў войны супраць Вялікабрытаніі (1739—48, 1762—63, 1779—83). Карл II [1759—88] правёў шэраг рэформ у духу асветнага абсалютызму, скіраваных пераважна на ажыўленне эканомікі і павелічэнне дзярж. даходаў (заснаваны эмісійны банк, гандл. кампаніі і дзярж. мануфактуры, устаноўлены мытны пратэкцыянізм, свабода гандлю з калоніямі). У 1767 з І. выгнаны езуіты і канфіскавана іх маёмасць. У час франц. рэвалюцыі 1789—99 І. ваявала (1793—95) супраць Францыі. Паражэнні ісп. войск прывялі да Базельскага міру 1795 (гл. Базельскія мірныя дагаворы 1795), дапоўненага дагаворам аб франка-ісп. абарончым і наступальным саюзе. Паводле франка-ісп. дагавора 1807 аб заваяванні і падзеле Партугаліі франц. войскі ўвайшлі на тэр. І. Франц. агрэсія выклікала магутны нац -вызв рух і стала штуршком да першай ісп. рэвалюцыі 1808—14, мэтамі якой былі выгнанне французаў і ажыццяўленне ліберальных рэформ. Прагрэс. заканадаўства (Кадыская канстытуцыя 1812), дэкрэт 1811 аб адмене сеньярыяльных правоў памешчыкаў, ліквідацыя інквізіцыі і інш.) было ажыццёўлена толькі часткова. Шырокі партыз. рух (герылья), які разгарнуўся ў І., прымусіў французаў адступіць за Пірэнеі. (Пра рэвалюцыю 1808—14 і наступныя 4 рэвалюцыі гл. ў арт. Іспанскія рэвалюцыі 19 стагоддзя.) Выступленні супраць феад.-абсалютысцкага рэжыму выліліся ў 2-ю ісп. рэвалюцыю 1820—23. Кароль мусіў прысягнуць канстытуцыі 1812, але закон 1821 аб ліквідацыі феад. права памешчыкаў на зямлю не быў рэалізаваны. У 1823 паводле рашэння Свяшчэннага саюза ў І. ўступілі франц. войскі, з дапамогай якіх рэвалюцыя была задушана. У выніку вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 І. страціла на амер кантыненце ўсе калоніі, акрамя Кубы, Пуэрта-Рыка і Філіпін. Пасля смерці ў 1833 Фердынанда VII пачаліся спрэчкі за трон паміж яго дачкой Ізабелай II і братам донам Карласам, які аб’яднаў вакол сябе прыхільнікаў кансерватыўнай арыентацыі. Паражэнне карлістаў у грамадз. войнах 1833-39, 1847-49, 1872—76 (гл. Карлісты, Карлісцкія войны) прывяло да перамогі лібералаў. У ходзе 3-й ісп. рэвалюцыі 1834—43 канчаткова ліквідаваны інквізіцыя, маяраты, сеньярыяльныя правы памешчыкаў, усталявана канстытуцыйная манархія Праўленне Ізабелы II характарызавалася пастаянным саперніцтвам паміж гал. ліберальнымі групоўкамі — памяркоўнай і прагрэсістаў, частымі зменамі кабінетаў і канстытуцыі, існаваннем дыктатарскіх рэжымаў (генералаў Б.Эспартэра, Р.Нарваэса, Л.О’Донеля). У ходзе 5-й рэвалюцыі 1868—74 Ізабела II выгнана з І. (1868). Выбраны ў 1870 на трон Амадэй Савойскі (сын караля Італіі Віктара Эмануіла II) не здолеў узяць пад кантроль паліт. сітуацыю ў краіне і ў 1873 адрокся ад прастола; у І. ўстаноўлена першая рэспубліка (1873—74). Рэсп. ўрад не меў шырокай падтрымкі ў грамадстве, у выніку перавароту 1874 у І. адноўлена манархія Бурбонаў. Яе сац.-паліт. асновай стаў блок зямельнай арыстакратыі і буйной буржуазіі, юрыд. аформлены канстытуцыяй 1876 і пагадненнем паміж Кансерватыўнай і Ліберальнай партыямі аб пачарговым кіраванні дзяржавай. Былі ўведзены значныя грамадз. свабоды, узніклі прафсаюзы, у 1879 засн. Іспанская сацыялістычная рабочая партыя (ІСРП). У выніку іспана-амерыканскай вайны 1898 І. страціла апошнія калан. ўладанні: Кубу, Пуэрта-Рыка і Філіпіны. У пач. 20 ст. І. заставалася пераважна агр. краінай (53% зямлі належала латыфундыстам). Абмежаваны ўнутр. рынак, адсутнасць значнага айч. капіталу і актыўнай урадавай палітыкі былі прычынамі сац. напружанасці, запаволенага тэмпу развіцця эканомікі, яе крызісаў. Унутр. сітуацыю ўскладнялі сепаратысцкія рухі, асабліва моцныя ў найб. развітых рэгіёнах — Каталоніі і Басконіі.

У 1-ю сусв. вайну І. захоўвала нейтралітэт. У 1918—23 яе эканоміка апынулася ў чарговым крызісе; пад уплывам рэв. падзей у Еўропе актывізаваўся рабочы рух. Урадавыя крызісы і паражэнне ісп. калан. войск у Марока стварылі ўмовы для ўвядзення ў 1923 ген. М.Прыма дэ Рывера ваен. дыктатуры, якую падтрымаў кароль Альфонс XIII. Былі распушчаны картэсы, забаронена дзейнасць паліт. партый. Сусв. эканам. крызіс 1929—33 у значнай ступені закрануў і І. У 1930 Прыма дэ Рывера мусіў пайсці ў адстаўку, а пасля перамогі рэспубліканцаў на муніцыпальных выбарах 1931 пакінуў краіну кароль Альфонс XIII. 14.3.1931 І. абвешчана рэспублікай. Пачалася 6-я Іспанская рэвалюцыя 1931—39. Картэсы прынялі рэсп. канстытуцыю, якая абвясціла аддзяленне царквы ад дзяржавы, увядзенне ўсеаг. выбарчага права і дэмакр. свабод. У 1932 каталонцы дамагліся стварэння свайго аўт. раёна. На выбарах у картэсы ў 1936 перамог Нар. фронт, створаны камуністамі, сацыялістамі і рэспубліканцамі; сфарміраваны леварэсп. ўрад, прэзідэнтам абраны М.Асанья. 18.7.1936 пачаўся ваен. мяцеж, які перарос у грамадз. вайну (1936—39). Мяцежнікам дапамагалі фаш. Германія і Італія, рэспубліканцам — СССР і добраахвотнікі з многіх краін свету, у т. л. з Беларусі (гл. Інтэрнацыянальныя брыгады). Вайна скончылася ўсталяваннем дыктатуры ген. Ф.Франка Баамондэ; усе партыі, акрамя Іспанскай фалангі, былі забаронены, ліквідаваны дэмакр. свабоды. У 1939 І. далучылася да «Антыкамінтэрнаўскага пакта» У 2-ю сусв. вайну яна захоўвала нейтралітэт (на баку Германіі на ўсх. фронце ваявала толькі добраахвотная т.зв. «блакітная дывізія»). Пасля вайны І. апынулася ў паліт. і эканам. ізаляцыі, у 1946—48 закрыта франкаісп. граніца. Франка быў вымушаны праводзіць палітыку эканам. аўтаркіі, ажыццяўляць дзеянні, якія б сведчылі аб грамадскай падтрымцы яго рэжыму (т.зв. іберыйскі варыянт фашызму). У выніку рэферэндуму 1947 І. зноў абвешчана манархіяй (з пажыццёвым захаваннем за Франка пасады кіраўніка дзяржавы). У 1950-я г. ў краіне пачала фарміравацца шырокая паліт. апазіцыя рэжыму Франка. У 1960-я г. разгарнуўся хрысц.-дэмакр. рух, актывізавалася дзейнасць рэспубліканцаў і лібералаў, нацыяналіст. партый Каталоніі, Галісіі і Басконіі, узніклі рабочыя і сял. камісіі, нелегальныя студэнцкія арг-цыі; шырыўся забастовачны рух, звужалася сац. база франкізму. Перыяд «халоднай вайны» ў міжнар. адносінах спрыяў выхаду І. з ізаляцыі шляхам збліжэння з зах. краінамі (у 1953 падпісаны канкардат з Ватыканам і ваен. пакт з ЗША). З 1960-х г. пачаліся спробы лібералізацыі гаспадаркі, наладжвання эканам. адносін з Захадам: І. ўступіла ў міжнар. фін. арг-цыі. прыцягваліся замежныя інвестыцыі, хуткімі тэмпамі ішла мадэрнізацыя эканомікі. У 1969 пераемнікам Франка на пасадзе кіраўніка дзяржавы і будучым каралём абвешчаны Хуан Карлас I (унук Альфонса XIII). Пасля смерці Франка (1975) у І. вызвалены паліт. зняволеныя, легалізаваны ўсе паліт. партыі і прафсаюзы, распушчаны франкісцкі Нац. рух. У 1977 адбыліся першыя дэмакр. парламенцкія выбары. Паліт. лад краіны вызначыла Канстытуцыя 1978, якая таксама гарантавала ўсім гіст. правінцыям І. магчымасць стварэння рэгіянальных аўтаномій. У крас. 1979 сфарміраваны першы канстытуцыйны ўрад А.Суарэса Гансалеса. Працэс пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі адбыўся мірным шляхам, дзякуючы легальнаму характару пераўтварэнняў, нейтралізацыі арміі (у 1981 сарвана спроба кансерватыўных ваенных ажыццявіць дзярж. пераварот), імкненню паліт. лідэраў розных арыентацый да кансенсусу ў асн. грамадска-паліт. пытаннях. У 1982 на выбарах перамагла ІСРП, якая сфарміравала аднапарт. ўрад на чале з Ф.Гансалесам Маркесам. Сацыялісты зноў перамаглі на выбарах 1986, 1989, 1993. На датэрміновых парламенцкіх выбарах 1997 адносную большасць упершыню атрымала Нар. партыя на чале з Х.М.Аснарам. І. — чл. ААН (з 1955), НАТА (з 1982), Еўрап. Саюза (з 1986), Зах.-Еўрап. Саюза (з 1988). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Народная партыя, Іспанская сацыялістычная рабочая партыя, Камуніст. партыя І. і інш. Прафс. канфедэрацыя Рабочыя Камісіі, Усеагульны саюз працоўных.

Гаспадарка. І. — індустрыяльна-агр. краіна. Па аб’ёме валавога ўнутр. прадукту (ВУП) — 568 млрд. дол. (1995) — займае 15-е месца ў свеце (на 1 чал. у год — 14,3 тыс. дол.). На долю дзярж. сектара прыпадае каля 30% ВУП. Прам-сць дае 34% ВУП, сельская гаспадарка — 6, абслуговыя галіны (у т. л. замежны турызм і адпачынак) — 60%. Адна са старэйшых галін прамысловасці — горназдабыўная. Здабываюць ртуць, пірыты, жалеза, медзь, свінец, серабро, вальфрам, золата, уран і інш. Здабыча ртутных руд сканцэнтравана на Пд Месеты (Альмадэн), пірытаў — на Пд Сьера-Марэны (Рыо-Тынта, Тарсіс), у Мурсіі і Астурыі. Жал. руды здабываюць пераважна на Пн, вальфрамавыя — на З Галісіі, уранавыя — пераважна ў цэнтр. раёнах. У 1993 здабыта (млн. т): каменнага вугалю — 18,1, бурага вугалю — каля 25, жал. руды — 1,6, свінцу — 0,05, цынку — 0,26, калійнай солі — 0,6, каменнай солі — 3,2; ртуці штогод атрымліваюць каля 1,5 тыс. т, серабра — каля 0,2 тыс. т. Энергетыка базіруецца на ўласных паліўных рэсурсах і імпартаваных нафце і газе. ЦЭС у партовых гарадах і вугальных басейнах.

ГЭС (пераважна на Пн) даюць 25% электраэнергіі, АЭС — 36%. У 1995 атрымана 154,1 млрд. кВт гадз электраэнергіі. Буйны спажывец электраэнергіі — чорная і каляровая металургія. Асн. цэнтры чорнай металургіі на Пн (Більбао і Хіхон). У 1993 атрымана 5,4 млн. т чыгуну і 13 млн. т сталі. Каляровая металургія развіваецца пераважна на мясц. рэсурсах, выплаўка свінцу ў раёне Сьера-Марэны, у Андалусіі і каля Картахены, цынку і алюмінію — на Пн краіны, медзі — у Уэльве, Кордаве, гарадах на ўзбярэжжы Біскайскага заліва. Штогод атрымліваюць каля 160 тыс. т медзі, каля 350 тыс. т алюмінію. Сярод галін машынабудавання найб. развіта вытв-сць трансп. сродкаў. У краіне дзейнічае каля 40 суднаверфяў. Гал. цэнтры суднабудавання на Пн (Більбао, Сантандэр, Хіхон), у Галісіі (Эль-Фероль, Віга), на У (Барселона, Валенсія, Картахена, Балеарскія а-вы), на Пд (Уэльва, Кадыс). Аўтазаводы (філіялы замежных фірм) у Мадрыдзе, Барселоне, Вальядалідзе, Віга. У год выпускаецца кал 2 млн. легкавых аўтамашын і каля 400 тыс. матацыклаў. Важнейшыя цэнтры станкабудавання — Каталонія, Краіна Баскаў, гарады Мадрыд, Валенсія і Сарагоса. Электронная прам-сць канцэнтруецца ў Барселоне і Мадрыдзе, хім. і нафтаперапр. — у прыморскіх раёнах Каталоніі, Валенсіі, Астурыі, а таксама ў Мадрыдзе. Буйнейшыя нафтаперапр. і нафтахім. комплексы ў гарадах Уэльва, Альхесірас, Тарагона, Пуэртальяна. Ў 1993 перапрацавана 45,8 млн. т нафты. Значная вытв-сць буд. матэрыялаў. У 1993 выпушчана 22,7 млн. т цэменту. Развіта тэкст. прам-сць, асабліва вытв-сць шарсцяных і шаўковых тканін. Асн. цэнтры ў Каталоніі (Барселона, Тарагона, Сабадэль, Манрэса), Валенсіі (Алькой, Арыўэла), Кастылія-Леоне, Краіне Баскаў, Арагоне і Андалусіі. Разнастайныя галіны харч. прам-сці. Па значэнні і тэхн. аснашчанасці вылучаюцца галіны, якія працуюць на знешні рынак: вінаробная, алейная, плодаагароднінная і рыбакансервавая. Вінаробныя з-ды ў Каталоніі, Арагоне, Андалусіі, па перапрацоўцы агародніны і садавіны — на У і ПдУ, рыбакансервавыя — у партовых гарадах на ПнЗ. Працуюць цукр., тытунёвыя, мукамольныя і інш. прадпрыемствы. Ёсць прадпрыемствы гарбарнай, швейнай, папяровай і дрэваапр. прам-сці.

І. — краіна высокаразвітай сельскай гаспадаркі. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 70% тэр. краіны, каля палавіны іх апрацоўваецца (разам з насаджэннямі аліўкавых і фруктовых дрэў), каля палавіны — пад пашай і лугамі. Арашаецца каля 3,6 млн. га, у асноўным на ПдУ. Пераважаюць 2 тыпы гаспадарак: латыфундыі (гал. чынам у Андалусіі і Эстрэмадуры) і дробнатаварныя сял. гаспадаркі. Земляробства па кошце прадукцыі перавышае жывёлагадоўлю. Штогадовы збор (млн. т): пшаніцы — каля 5, ячменю — 9, кукурузы — каля 2, рысу — каля 0,3, бульбы — каля 4, памідораў — каля 3, вінаграду — каля 4,5, апельсінаў — каля 2,5, мандарынаў — каля 1,5, лімонаў — каля 0,6. Пшаніцу, авёс, ячмень вырошчваюць на багарных землях Месеты, Арагона, Андалусіі, кукурузу — на Пн, рыс — на арашальных землях у нізоўях р. Эбра і на Пд (самая высокая ўраджайнасць у свеце — 60—70 ц/га). Бабовыя культуры (гарох, фасоля) вырошчваюць усюды, але найб. у Андалусіі, бульбу — на Пн, раннюю — на ПдУ і Пд. На У і ў даліне р. Эбра вырошчваюць агародніну (перац, памідоры, цыбулю, шпінат і інш.), якая мае экспартнае значэнне. Развіта плантацыйная гаспадарка экспартнага кірунку — вінаградарства, вырошчванне аліў і цытрусавых. Па плошчы вінаграднікаў І. займае 2-е месца ў Еўропе пасля Францыі. Найб. вінаграду вырошчваюць у засушлівых раёнах цэнтра, у бас. рэк Эбра і Дуэра. Вырабляюцца вядомыя марачныя віны: Херэс, Малага, Рыёха, Мансанілья і інш. (3-е месца ў свеце пасля Францыі і Італіі). І. займае 1-е месца ў свеце па зборы аліў. Вырошчванне іх сканцэнтравана ў Андалусіі, Кастылія-Ла-Манчы, Эстрэмадуры, Мурсіі. Важнае экспартнае значэнне маюць цытрусавыя, асабліва апельсіны. Найб. іх вырошчваюць у аўт. абласцях Валенсіі (​2/з збору), Мурсіі, Андалусіі і на Балеарскіх а-вах, там жа вырошчваюць міндаль (1-е месца па экспарце ў Еўропе), абрыкосы, персікі, гранаты, інжыр і інш., на Пн краіны — яблыкі, слівы, грушы, вішню, чарэшню. Вырошчваюць таксама цукр. трыснёг і фінікі (на Пд Андалусіі), тытунь (Эстрэмадура і Андалусія), бавоўнік (Эстрэмадура і Арагон). Развіццё жывёлагадоўлі стрымліваецца слабай кармавой базай. Буйн. раг. жывёлу гадуюць на Пн і ПнЗ, авечак — у засушлівых цэнтр. раёнах, у Эстрэмадуры і Арагоне, свіней — у Галісіі і Каталоніі, абедзвюх Кастыліях. Спецыфічная галіна — развядзенне быкоў для карыды (Андалусія). Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы — 4,8, свіней — 18, авечак — 24,8, коз — 2,8, коней — 0,26. Разводзяць таксама аслоў і мулаў. Птушкагадоўля. У 1993 вылаўлена 1,33 млн. т рыбы. Ловяць гал. чынам сардзіну, тунца, макрэль. Асн. рыбалоўныя парты на ПнУ (Віга, Ла-Карунья, ЭльФероль). Развіта лясная гаспадарка, нарыхтоўка драўніны (на Пн), кары коркавага дубу (пераважна на З і ПнЗ). Пераважае чыг. і аўтамаб. транспарт. Даўж. чыгунак 14,4 тыс. км, аўтадарог 324 тыс. км. Марскі транспарт абслугоўвае каля 90% знешнегандл. абароту. Флот налічвае больш за 400 разнастайных суднаў грузападымальнасцю ў 3,2 млн. брута-рэгістравых т. Гал. парты: Барселона, Більбао, Валенсія, Картахена, Малага, Ла-Карунья, Хіхон, СантаКрус-дэ-Тэнерыфе. Развіты паветр. транспарт. 42 аэрапорты, буйнейшыя з іх міжнар. аэрапорты Барахас каля Мадрыда (16 млн, пасажыраў за год) і ў Барселоне (10 млн. пасажыраў). Есць некалькі нафта- і прадуктаправодаў, якія праходзяць ад узбярэжжа ўглыб краіны. І. — краіна развітога турызму, які з’яўляецца найб. дынамічнай галіной эканомікі. Па даходах ад турызму (21,9 млн. дол. у 1994) І. займае 4-е месца ў свеце. Штогод яе наведвае больш за 60 млн. чал., больш за 80% — з краін Еўропы. Асн. раёны турызму — узбярэжжа Міжземнага м. (Коста-Брава ў Каталоніі, Коста-дэль-Соль — у Андалусіі і Коста-Бланка ў Валенсіі), Балеарскія і Канарскія а-вы. У 1995 экспарт склаў 85 млрд. дол., імпарт — 110 млрд. дол. І. экспартуе трансп. абсталяванне (27%), машыны і інш. абсталяванне (16%), прадукцыю металургічнай прам-сці (9%), садавіну, віны, інш.

прадукты сельскай гаспадаркі. У імпарце пераважаюць прадукцыя машынабудавання (больш за 40%), паліва (10%), прадукцыя хім. прам-сці (8%). Асн. гандл. партнёры: Францыя (20% экспарту і 16% імпарту), Германія (па 16% экспарту і імпарту), Італія (10% экспарту і 11% імпарту), а таксама ЗША, Вялікабрытанія, Бельгія, Нідэрланды і Люксембург. Грашовая адзінка — песета.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (складаюцца з сухап. войск, ВПС, ВМС) і ваенізаваныя фарміраванні. Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 197,5 тыс. чал., ваенізаваных фарміраванняў 75,8 тыс. (з іх 75 тыс. у грамадз. гвардыі), рэзерву 431,9 тыс. чал. Вярх. галоўнакамандуючы — манарх. Камплектуюцца па прызыве. У сухап. войсках 128,5 тыс. чал., на ўзбраенні 776 танкаў, каля 2 тыс. бронетранспарцёраў, 773 гарматы (у т. л. 208 самаходных), больш за 500 гармат зенітнай артылерыі, 175 верталётаў і інш. У ВПС 30 тыс. чал. асабовага складу, 199 баявых самалётаў. У ВМС 39 тыс. чал., з якіх 7,2 тыс. ў марской пяхоце, 8 падводных лодак, 34 баявыя караблі (у т. л. 1 авіяносец), 32 патрульныя і 13 дэсантных катэраў, 18 баявых самалётаў і 25 верталётаў марской авіяцыі.

Ахова здароўя. За аказанне мед. паслуг бярэцца плата, якая часткова кампенсуецца са страхавога фонду. Цалкам кампенсуецца кошт лячэння ў шпіталі. У 1989 пасляродавы водпуск для маці прадоўжаны да 16 тыдняў. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75,2, жанчын 82 гады. Смяротнасць 9 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 234 чал., урачамі — 1 на 246 чал. Узровень нараджальнасці 10 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,1%. Дзіцячая смяротнасць 6 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей ад 2 да 5 гадоў (каля 50% з іх прыватныя), агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. ўстановы, ВНУ. Агульную адукацыю дае 8-гадовая асноўная (няпоўная сярэдняя) школа (навучанне з 6-гадовага ўзросту), якая мае 3 ступені: пач. (1—2-і кл.), сярэднюю (3—5-ы кл.), старэйшую (6—8-ы кл.). Поўную сярэднюю адукацыю дае 3-гадовая сярэдняя школа і аднагадовы спец. курс, які дае права паступлення ва ун-т. У праграме сярэдняй школы абавязковыя прадметы (ісп. мова і л-ра, замежная мова, уводзіны ў лац. мову) і спец. прадметы на выбар: матэматыка, фізіка, хімія, геаграфія, гісторыя, філасофія, асновы канстытуцыі, маляванне, музыка, рэлігія або этыка і мараль і інш. Сістэма прафес.-тэхн. падрыхтоўкі ўключае 3-гадовыя прафес.-тэхн. школы і прафес.-тэхн. аддзяленні поўных сярэдніх школ, што рыхтуюць рабочых для вытв-сці. На іх базе працуюць 3—4-гадовыя прафес.-тэхн. і камерцыйныя школы (рыхтуюць спецыялістаў сярэдняй адукацыі з правам паступлення на 2-ю ступень ун-та або ў вышэйшую тэхн. школу). У сістэме вышэйшай адукацыі ун-ты, політэхн. ун-ты, вышэйшыя тэхн. школы і інш. Праграмы разлічаны на 3 цыклы: 1-ы (3-гадовы курс па фундаментальных навуках), выпускнікі якога атрымліваюць дыплом спецыяліста сярэдняга звяна, што дае права працягваць адукацыю; 2-і (2-гадовы) дае прафес. дыплом; 3-і (2-гадовы) — дактарантура, рыхтуе спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі і навук. супрацоўнікаў. У 1996/97 навуч. г. ў І. больш за 30 ун-таў, у іх ліку 20 дзярж., ёсць прыватныя, 2 каталіцкія — Саламанкскі універсітэт і ун-т Опус Дэі (з 1904) у г. Сантандэр. Буйнейшыя ун-ты: у Мадрыдзе (з 1508), Барселонскі універсітэт, у Валенсіі (з 1510), Гранадзе (з 1526), Вальядалідзе (з 1346), Севільі (з 1502). Найб. б-кі: Нац. (з 1712), універсітэцкая, Муніцыпальная перыядычная (мае адну з буйнейшых калекцый перыядычнай л-ры ў свеце) у Мадрыдзе, б-ка Каталоніі (з 1914) у Барселоне. Ген. архіў Каралеўства ў Сіманкасе (каля Вальядаліда), Нац. гіст. архіў у Мадрыдзе, Архіў Індый у Севільі. Буйнейшыя музеі: Прада (з 1819), Нац. археал. (з 1867) у Мадрыдзе, маст. ў Барселоне, Кордаве, Валенсіі, Севільі; Музей Амерык, Каралеўскі Палац, музеі арміі, флоту, Муніцыпальны, Правінцыяльны археал. ў Севільі і інш. Найвышэйшая навук. ўстанова — Ін-т І. (аб’ядноўвае 8 акадэмій; засн. ў 1938 на ўзор Ін-та Францыі). Цэнтральная н.-д. ўстанова — Найвышэйшы Савет па навук. даследаваннях (з 1940), які арганізуе фундаментальныя даследаванні па ўсіх галінах навукі, кіруе комплекснымі і полідысцыплінарнымі даследаваннямі; пад яго кіраўніцтвам працуе каля 100 н.-д. ін-таў і інш. устаноў. Н.-д. работу праводзяць таксама ун-ты.

Друк, радыё, тэлебачанне. Мае разгалінаваную сетку сродкаў масавай інфармацыі. Выходзіць каля 120 штодзённых газет, часопісаў і інш. перыяд. выданняў. Вядучае месца займаюць штодзённыя газ. «ABC» («АБэСэ», з 1905), «La Vanguardia» («Авангард», з 1881), «Pais» («Краіна», з 1976), «Diario-16» («Газета 16», з 1976), «El Correo Catalan» («Каталонская пошта», з 1876), «El Dia de Cataluna» («Дзень Каталоніі», з 1987) і інш. Інфарм. агенцтвы: Эдыторыял Фаланге Эспаньёла (з 1939). Радыёвяшчанне з 1919. Дзярж. радыё (Нац. радыё І.) трансліруе 5 агульнанац. праграм, мае рэгіянальныя станцыі. Самастойныя радыёстанцыі дзейнічаюць у Мадрыдзе і ў буйных правінцыяльных гарадах. Радыё Экстэр’ёр Эспанья вядзе трансляцыі на 16 мовах на Еўропу, Аўстралію, Паўд. і Паўн. Амерыку, Паўн. Афрыку. Існуе больш за 300 прыватных станцый, аб’яднаных у асацыяцыю Эспаньёла дэ ла Радыёдыфузьён Прывада.

Тэлебачанне з 1951. 2 агульнанац. праграмы, працуюць рэгіянальныя станцыі. Дзейнасць радыё і тэлебачання кантралюецца і каардынуецца дзярж. кампаніяй Іспанскае радыё і тэлебачанне.

Літаратура. Развіваецца на іспанскай (кастыльскай), а таксама на каталанскай, галісійскай і баскскай мовах. Уласна іспанская літаратур а зарадзілася адначасова з фарміраваннем літ. ісп. мовы і нац. самасвядомасці ў перыяд Рэканкісты. Барацьба народаў Пірэнейскага п-ва супраць араб. заваявання шырока адлюстравана ў нар. паэзіі, асабліва ў гераічным эпасе (паэмы «Песня пра майго Сіда», «Радрыга» і інш.). Тагачасная лірыка прадстаўлена т.зв. сельскімі песнямі (вільянсіка), напісанымі пад уплывам араб. паэзіі. У феад.-клерыкальнай «вучонай л-ры» вылучалася рэліг.-філас. і дыдактычная лірыка Г. дэ Берсеа. Станаўленне маст. прозы ў 13—14 ст. звязана з творчасцю караля Альфонса X Мудрага, Хуана Мануэля (зб. навел «Граф Луканор»). У 15 ст. асабліва былі пашыраны нар. рамансы і сатыр. паэзія (творчасць маркіза дэ Сантыльяны, Х. дэ Мены, сатыры Х.Руіса). Для твораў ранняга Адраджэння характэрны ўплыў еўрап. Рэнесансу («італьянская школа» на чале з Гарсіласа дэ ла Вэгай); уплыў італьян. л-ры адчувальны ў рыцарскім (ананімны «Амадыс Гальскі», 1508) і пастаральным раманах. У фарміраванні нац. драмы значную ролю адыграў раман-драма Ф. дэ Рохаса «Селестына». У 2-й пал. 16 ст. ў паэзіі вылучаліся рэліг.-філас. лірыка «саламанкскай школы» (Х. дэ ла Крус, Л. дэ Леон), грамадз. лірыка «севільскай школы» (Ф. дэ Эрэра) і вершаваны эпас (паэма «Араўкана» А. дэ Эрсільі). Канец 16 — пач. 17 ст. адметны росквітам нац. тэатра (Х. дэ ла Куэва, Л.Ф. дэ Вэга Kapnio і яго школа, Л.Велес дэ Гевара). Маст. вяршыня ісп. Адраджэння — творчасць М. дэ Сервантэса і найперш яго раман «Дон Кіхот». Залаты век ісп. л-ры — эпоха барока (17 ст.). У лірыцы гэтага перыяду адзначаны 2 процілеглыя тэндэнцыі — гангарызм з ускладненай метафарычнасцю мовы (Л. дэ Гонгара-і-Арготэ) і кансептызм, які адстойваў канцэптуальна-сэнсавую насычанасць маст. тэксту (Ф.Хеведа-і-Вільегас, Б.Грасіян-і-Мара лес). Дасягнулі росквіту сатыра і шахрайскі раман (М.Алеман-і-дэ-Энера, Кеведа-і-Вільегас), вылучыліся дыдактычныя і эстэт. трактаты Грасіян-і-Маралеса. Тэатр эпохі барока прадстаўлены рэліг.-філас. драмамі Тырса дэ Маліны і маральна-філас. драмамі «гонару» П.Кальдэрона дэ ла Баркі. Л-ра класіцызму і Асветніцтва (18 ст.) характарызавалася моцным франц. уплывам, частковай стратай нац. своеасаблівасці і маст. недасканаласцю. Сярод найб. вядомых твораў байкі Т. дэ Ірыяртэ, паэзія М.Х.Кінтаны, п’есы Н. і Л.Маратынаў. Рамантызм ісп. л-ры меў глыбока нац. карані і найб. адлюстраваны ў творах А. дэ Сааведры (паэт. зб. «Гістарычныя рамансы») i Х. дэ Эспранседы. Да гіст. мінулага І. звярталіся А.Гарсія Гуцьерэс (п’есы «Трубадур», «Сімон Баканегра»), Х.Сарылья-і-Мараль (стварыў рамант. варыянт легенды пра Дон Жуана). У прозе 1-й пал. 19 ст. пануючым паступова стаў кастумбрызм — бытапісальная проза, блізкая да рэалізму (нарысы С.Эстэбанеса Кальдэрона, Р. дэ Месанера Раманаса, сатыр. публіцыстыка М.Х. дэ Лары). З сярэдзіны 19 ст. пачалося развіццё рэаліст. прозы — раманы Х.М. дэ Перэды («Сатылеса», «Горныя вяршыні»), Х.Валеры («Пепіта Хіменес», «Донна Лус»), апавяданні П.А. дэ Аларкона (зб. «Нацыянальныя гісторыйкі»). Некат. творы пазначаны ўплывам эстэтыкі натуралізму (цыкл «валенсіянскіх раманаў і апавяданняў» В.Бласка Ібаньеса, раманы Э.Парда Басан). Найб. значны твор ісп. крытычнага рэалізму — серыя з 46 раманаў «Нацыянальныя эпізоды» (1873—1912) Б.Перэса Гальдоса. Выразнікамі крызісу ісп. грамадства і культуры на рубяжы стагоддзяў сталі пісьменнікі «Пакалення 1898 года», якія ўзнімалі пытанні нац. самасвядомасці, проціпастаўлялі афіц. ідэі ідэю нац. адраджэння. Значны ўплыў ў гэты перыяд экзістэнцыялізму (філас.-псіхал. раманы, навелы і эсэ М. дэ Унамуна, лірыка А.Мачада-і-Руіса). Паэзія развівалася ў рэчышчы ісп.-амер. мадэрнізму і імпрэсіянізму (Х.Р.Хіменес, Р.М. дэль Валье Інклан), проза і драматургія пазначаны ўплывам крытычнага рэалізму і натуралізму (П.Бароха-і-Несі, Х.Бенавентэ-і-Марцінес). Ісп. авангардызм 1-й трэці 20 ст. прадстаўлены творамі Р.Гомеса дэ ла Серны, В.Уідобра і інш. У паэзіі вядучым становіцца «Пакаленне 1927 года» (Ф.Гарсія Лорка, Р.Альберці, Х.Гільен, П.Салінас), якое імкнулася сінтэзаваць авангардную паэтыку з традыцыямі фальклору, рэнесансавай, барочнай і рамант. лірыкі (неагангарызм), стварыць новы тэатр («тэатр сацыяльнага дзеяння» Гарсія Лоркі). У перыяд грамадз. вайны 1936—39 набыла вядомасць лірыка М.Эрнандэса. У ліку першых твораў, апазіцыйных франкізму, былі раннія раманы Х.Х.Селы («Сям’я Паскуаля Дуартэ», «Вулей») і раман «Нішто» К.Лафарэт, напісаныя ў стылі трэмендызму (ад ісп. tremendo страшны). На змену т.зв. гарсіласізму прыйшла сац. паэзія В.Алейксандрэ, Д.Алонса. Новы росквіт рэаліст. рамана пачаўся ў 1950-я г. (раманы «Востраў», «Асаблівыя прыкметы» Х.Гайтысола, трылогія «Таргашы» А.М.Матутэ, «Пяць гадзін з Марыо» М.Дэлібеса). Развівалася сац. паэзія (Б. дэ Атэра, Г.Селая) і драматургія (А.Буэра Вальеха, А.Састрэ). У 1980—90-я г. асаблівае значэнне набываюць школа «новага рамана» і постмадэрнізм (Гайтысола).

Баскская, галісійская і каталанская л-ры нац. меншасцей І. актыўна развіваюцца з канца 18 ст. (перыяд складвання адпаведных нацый). На працягу ўсяго 19 ст. пануючым кірункам у гэтых л-рах быў рамантызм (каталанскія паэты В.Балагер і Дж.Вердагер, галісійскія Р. дэ Кастра і Э.Пандаль, баскскі нар. паэт Х.М.Іпарагірэ, верш якога «Дуб Гернікі» стаў гімнам баскаў). Характэрныя для 1880-х г. рэаліст. тэндэнцыі адлюстраваны ў сац. і антыклерыкальнай паэзіі галісійца М.Кураса Энрыкеса, у п’есах стваральніка каталанскай драмы А.Гімеры. Аднак творчасць большасці пісьменнікаў гэтага перыяду развівалася ў рэчышчы кастумбрызму. На рубяжы 19—20 ст. у каталанскай л-ры вядучым стала «Пакаленне 1898 года», у творчасці якога супярэчліва спалучаліся ідэі еўрап. дэкадансу з пошукамі нац.-самабытных форм (Дж.Марагаль, Дж.Карнер і інш.). Пасля 1-й сусв. вайны многія пісьменнікі звярнуліся да «левага» авангардысцкага мастацтва (каталанскія паэты Дж.Салват-Папасейт, Дж.В.Фойш, галісіец М.Мануэль Антоніо). У перыяд фаш. дыктатуры Франка л-ры нац. меншасцей былі пастаўлены па-за законам, многія пісьменнікі эмігрыравалі. Толькі з 1950-х г. аднавілася друкаванне кніг на нац. мовах — выйшла паэма «Баскі» Н. дэ Армаэчэа; у галісійскай л-ры вял. ролю адыгрывала група «новатрубадураў» на чале з А.Кункейра Морам. Побач з мадэрнісцкай л-рай паспяхова развіваюцца рэаліст. паэзія і навелістыка (паэзія, драматургія і проза баска Г.Арэсці, паэзія галісійца С.Э.Ферэйра Мігеса, проза і паэзія сучаснага каталанскага пісьменніка С.Эспрыу.

На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі зб. лірыкі Ф.Гарсіі Лоркі «Блакітны звон Гранады» (1975), камедыі Лопэ дэ Вэгі «Раба свайго кахання» і «Дурнічка» (абедзве 1981). Асобныя вершы Гарсіі Лоркі, Р.Альберці, М.Сервантэса, А.Мачада-і-Руіса, Л. дэ Гонгара-і-Арготэ і інш. на бел. мову пераклалі К.Шэрман, А.Вярцінскі, П.Макаль, Р.Барадулін, М.Багун, В.Вольскі, Т.Кляшторны, М.Танк і інш.

Архітэктура. На тэр. І. з эпохі бронзы захаваліся паселішчы з землянымі ўмацаваннямі, абліцаваныя каменнымі плітамі грабніцы з дромасамі і прамавугольныя ў плане каменныя жытлы, з 6—5 ст. да н.э. — рэшткі цыклапічных каменных муроў ібераў. Рымскае панаванне прывяло да глыбокай раманізацыі мясц. культуры ў 1-я ст. н.э. (руіны рым. тэатраў, храмаў, акведукаў, арак, мастоў у Мерыдзе, Тарагоне, Сеговіі і інш.). Найб. раннія помнікі сярэдневякоўя належаць вестготам: манум., простыя па формах цэрквы з пышным разным дэкорам у інтэр’еры (Сан-Хуан у Баньёсе, 661). У 2-й пал. 8 — пач. 11 ст. ў заваяванай арабамі Андалусіі развівалася мастацтва, у якім спалучаліся маст. культуры халіфата Амеядаў і вестгоцкія традыцыі (Вял. мячэць у Кордаве). У канцы 11—15 ст. ў Паўд. І. склалася т.зв. іспанска-маўрытанскае мастацтва з цэнтрамі ў Валенсіі, Г’ранадзе (палац Альгамбра), Севільі і інш. У 2-й пал. 11 ст. фарміруецца раманскі стыль (сабор у Сант’яга-дэ-Кампастэла). У 10—12 ст. масарабы развівалі формы цаглянай архітэктуры (царква Сант’яга дэ Пеньяльба, каля 920). Помнікі готыкі (13—15 ст.) — саборы Леона, Бургаса, Таледа (кастыльская школа), Барселоны (каталонская школа), біржа («лонха») у Пальме (1426—51, арх. Г.Сагрэра). У 14—16 ст. ствараліся маўрытанскія паводле формы, канструкцый і дэкору будынкі з рысамі гатычнага стылю (пазней і рэнесансу): Санта-Марыя ла Бланка ў Таледа; званіца «Ла Хіральда» ў Севільі (1184—96, закончана ў 1568). Паводле традыцый маўрытанскай архітэктуры майстры-нехрысціяне стварылі т.зв. стыль «мудэхар» (цэрквы Сан-Клементэ дэ Тауль у Каталоніі, 1123; Сан-Сальвадор ў Тэруэлі, 1186; Санта-Марыя ў Калатаюдзе, канец 15 ст.), якія кампазіцыяй і арнаментальным дэкорам нагадвалі мячэці. Завяршэнне Рэканкісты да канца 15 ст., аб’яднанне ісп. зямель, адкрыццё Амерыкі і прыток золата ў І. стымулявалі рост буд-ва ў гарадах. Традыц. схільнасць да пышнай дэкаратыўнасці спарадзіла своеасаблівую ісп. разнавіднасць архітэктуры Рэнесансу — стыль платэрэска. Яму ўласцівы дывановыя пакрыцці сцен, багатае скульпт. аздабленне парталаў будынкаў, алтароў і іканастасаў (калегія Санта-Крус у Вальядалідзе, 1487—91, арх. Э. дэ Эгас; палац Каса дэ лос Пікас у Сеговіі, 16 ст.). Поўнае асваенне ордэрнай сістэмы і афіц. палітыка караля Філіпа II у галіне архітэктуры прывялі да стварэння строгага і простага стылю дэсарнаментада (пазбаўлены арнаменту), або эрэраса (ад імя прыдворнага арх. Х.Б. дэ Эрэра, аўтара манум. палацава-манастырскага ансамбля Эскарыял пад Мадрыдам, 1563—84). У 17 ст. развівалася ісп. барока — чурыгерэска (звязана з сям’ёй арх. дэ Чурыгера: зах. фасад сабора ў Сант’яга-дэ-Кампастэла, 1738—47, арх. Ф.Касас-і-Навоа; інтэр’ер сакрысціі кляштара Ла Картуха ў Гранадзе, 1727—64, арх. Л.Арэвала). Адкрыццё Акадэміі мастацтваў у Мадрыдзе (1744) спрыяла ўзнікненню акадэм. класіцызму (арх. В.Радрыгес, Х. дэ Вільянуэва). Найб. значныя пабудовы: Каралеўскі палац у Мадрыдзе (1738—64, арх. Радрыгес, італьян. арх. Дж.Б.Сакеці, Ф.Сабаціні, паводле праекта Ф.Ювары), Мадрыдскі парк (б. Буэн-Рэціра, 1868), помнік М.Сервантэсу (1927, арх. П.Мугуруса, скульпт. К.Валера) і інш. У 19 ст. панавала эклектыка, потым — мадэрн (А.Гаўдзі, А.Сорыо-і-Мата). У 1928 у Барселоне склалася «Група іспанскіх архітэктараў і тэхнікаў для садзеяння прагрэсу сучаснай архітэктуры», якая стаяла на пазіцыях функцыяналізму. Пасля ўстанаўлення ў І. фаш. дыктатуры (1939) наватарскія маст. пошукі былі часова прыпынены. У 1950-я г. пачалі ўзводзіць асобныя рабочыя пасёлкі (Валенсія), прадаўжалася рэканструкцыя Мадрыда. У буд-ве развіваецца функцыяналізм, распрацоўваюцца прынцыпы арганічнай архітэктуры (дзіцячы дом адпачынку Мірафлорэс дэ ла Сьера, 1959, арх. Х.А.Каралес, А. дэ ла Сота і інш.) і бруталізму (жылы дом у Сітжэсе, 1969). Вырашаюцца праблемы шырокай рэканструкцыі гарадоў і іх жылога фонду.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Шматграннасць і складанасць маст. культуры І. абумоўлены рознасцю гіст. лёсаў яе асобных рэгіёнаў і этн. складу насельніцтва, спалучэннем культ. традыцый фінікійцаў, кельтаў, стараж. грэкаў, рымлян, германцаў, арабаў (маўраў). Да эпох палеаліту і неаліту адносяцца наскальныя паліхромныя размалёўкі ў пячорах (Альтаміра), ляпная арнаментаваная кераміка. У эпоху бронзы дасягнула росквіту ганчарнае мастацтва. Мастацтва ібераў у 8—4 ст. да н.э. развівалася пад грэч. і фінікійскім уплывамі. У 4—3 ст. да н.э. маст. культура І. вызначалася ўладай Карфагена, пазней Стараж. Рыма, што прывяло да яе раманізацыі. Вестгоцкі перыяд характарызуецца інтэр’ернай скульптурай у дараманскім стылі (капітэлі ў царкве Сан-педра дэ ла Наве, 9—10 ст.) і паліхромным стылем у дэкар.-прыкладным мастацтве. У 2-й пал. 8 — пач. 11 ст. ў заваяванай арабамі Андалусіі развівалася мастацтва, у якім своеасабліва спалучалася маст. культура Амеядскага халіфата і вестгоцкія традыцыі. У канцы 11—15 ст. на Пд І. склалася т.зв. Маўрытанскае мастацтва. Уласна ісп. мастацтва фарміравалася ва ўмовах Рэканкісты пад уплывам Францыі і Італіі ў культуры масарабаў. Каталіцкі аскетызм спалучаўся з яркасцю і багаццем форм маўрытанскай цывілізацыі. З 10 ст. развівалася мініяцюра, у якой адчувальны каралінгскія і атонаўскія ўплывы. У раманскі перыяд храмы ўпрыгожвала скульптура («Порцік славы» царквы ў Сант’яга-дэ-Кампастэла), высокага ўзроўню дасягнула размалёўка. Гатычны перыяд адметны распрацоўкай велічных заалтарных жывапісна-пластычных кампазіцый (рэтабла), размалёўкамі (фрэскі Ферэра Басы ў палацы Педральбес каля Барселоны), паліхромнай скульптурай, кніжнай мініяцюрай. Мастацтва 15 — пач. 16 ст. вызначалася драматызмам, экспрэсіўнасцю вобразаў, багатай арнаментыкай з выкарыстаннем залатых фонаў (Х.Уге, А.Беругетэ, Ф.Гальегас, А.Фернандэс). У 16 ст. рэнесансавы жывапіс развіваўся пад уплывам італьян. мастацтва (Э.Яньес дэ Альмедзіна, Х. дэ Хуанес, Л.Варгас), дасягнуў абвостранага трагізму ў карцінах Л.Маралеса, скульптурах Б.Ардоньеса, узвышанай духоўнасці ў творчасці Д.Эль Грэка Развіваўся парадны партрэт у творах А.Санчэс Каэльё, Х.Пантоха дэ ла Круса, А.Мора. 17 ст. — «залаты век» жывапісу І., перыяд станаўлення новых маст. цэнтраў (Валенсія, Севілья, Таледа); развіваўся стыль барока. Пад уплывам мастацтва М.Караваджа ўзмацніліся рэаліст. тэндэнцыі, імкненне да драм. кантрасту ў маст. трактоўцы. Адухоўленае ўвасабленне жыццёвых вобразаў уласціва работам Ф.Рыбальты, Ф. дэ Эрэры Старэйшага, Х.Б.Майна, Х. дэ Рыберы, Ф.Сурбарана. Найб. росквіту ісп. мастацтва 17 ст. дасягнула ў творчасці Д.Веласкеса. У 2-й пал. 17 ст. гэтыя тэндэнцыі прадаўжалі Б.Э.Мурыльё, А.Пуга, А.Перэда. У паліхромнай скульптуры працавалі Г.Фернандэс, Х.Мартынес і інш. У мастацтве 18 ст. адчуваюцца моцныя ўплывы Францыі і Італіі. Развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва: кераміка, злотніцтва (Х. дэ Арфе), маст. кавальства, ткацтва. Засн. каралеўская мануфактура габеленаў. Правадніком акад. класіцызму стала каралеўская АМ Сан-Фернанда (засн. ў 1752). Значнай з’явай у мастацтве была творчасць Ф.Гоі з яго экспрэсіўнай вобразнасцю і наватарскай жывапіснай манерай, якая стала прадвеснікам ідэй еўрап. рамантызму. У 19 ст. дамінавалі салонна-акад. тэндэнцыі, звязаныя з гіст. і фальклорнай тэматыкай (М.Фартуні і інш). У канцы 19 — пач. 20 ст. развіваліся імпрэсіянізм і мадэрн. Рысы кубізму ўласцівы творам Манола, экспрэсіянізму — Х.Саланы. У рэчышчы парыжскай школы працавалі сюррэалісты С.Далі і Ж.Міро, кубісты Х.Грыс, П.Пікасо, які ў значнай ступені вызначыў кірункі развіцця сучаснага мастацтва. Працавалі мастакі-рэалісты (скульптары Х.Антоніо, В.Мача, Э.Бараль, жывапісцы Х.Лопес Мескіта, М.Бенедзіта Вівес, Р.Касас). У гады вайны з франкістамі гал. відам мастацтва стала графіка (плакат, карыкатура, нар. лубок). У сярэдзіне 20 ст. пашырыўся пейзажны жывапіс, у 1950—80-я г. — шматлікія мадэрнісцкія кірункі.

Музыка. Вытокі ісп. музыкі ў муз. культуры ібераў. Ісп. муз. фальклор мае выразныя лакальныя адрозненні. Найб. архаічная музыка баскаў, у т. л. песня і танец сарсіка. У фальклоры Галісіі пераважаюць лірычныя песні; з танцаў найб. пашыраны муньейра са спевамі і муз. суправаджэннем. Падобныя рысы характэрны для фальклору Каталоніі, Балеарскіх а-воў, Валенсіі. У Каталоніі было развіта мастацтва трубадураў (13—14 ст.). Агульнаісп. рысаў найбольш у нар. музыцы Кастыліі і Леона з характэрнымі для яе метрычнай разнастайнасцю, перавагай трохдольнасці, поліметрыяй і непарыўнай сувяззю танца і спеваў. Асн. жанры — сегідылья, фанданга, балеро, руэда, чарада, танада, хота. Музыцы Андалусіі характэрны стыль кантэ фламенка (група танцаў і песень Паўд. І.) і ўласна андалусійская музыка, песні і танцы якой генетычна звязаны з фанданга і сегідыльяй ці паходзяць ад стараж. ісп. форм. Гал. муз. інструменты — гітара і кастаньеты. У 13 ст. пашырыліся героіка-эпічныя песні, якія ў 14—15 ст. у нар. асяроддзі ператварыліся ў рамансы. З муз.-паэтычных форм у 13—14 ст. развіваліся кантыгі, альбады, серэнады, пастурэлі, рэтраэнсы, вільянсіка і кантарсільо, якія далі пачатак песенным муз. формам кансьён, танада, копла, серанілья. З танцаў у 15—16 ст. найб. папулярныя сарабанда, чакона, эскараман, пазней — фанданга, сегідылья, балеро, танга. У канцы 15 ст. высокага ўзроўню дасягнула прафес. музыка І. (кампазітары Х. дэ Анчыета, Ф.Пеньялоса, Х. дэль Энсіна). У эпоху Адраджэння расквітнела ісп. вак. поліфанія, найперш культавая (К. дэ Маралес, Ф.Герэра, Т.Л. дэ Вікторыя), а таксама інстр. музыка, пераважна для віуэлы (віёлы), на аснове якой фарміравалася віртуознае мастацтва варыяцыйнай распрацоўкі. Найб. вядомыя ісп. віуэлісты 16 ст.: Л.Мілан, Э. дэ Вальдэрабана, М. дэ Фуэнльяна, Л. дэ Нарваэс, А.Мудара. Імітацыйна-поліфанічны стыль і варыяцыйны метад зацвердзіліся ў арганнай музыцы 16 ст. (буйнейшы майстар А. дэ Кабесон). Муз. тэатр І. фарміраваўся з ранняга сярэдневякоўя (захаваўся ўрывак з містэрыі «Пакланенне вешчуноў»). У 14 ст. зарадзіліся свецкія формы муз. т-ра. У эпоху Адраджэння паявіліся т.зв. эклогі (драм. сцэны з музыкай на рэліг. і свецкія сюжэты; заснавальнік Энсіна). У 17 ст. склалася спецыфічная ісп. форма опернага жанру — сарсуэла (блізкая да аперэты, найб. пашырэнне набыла ў 19 ст.). У 2-й пал. 18 ст. фарміруецца лірычная муз. камедыя танадылья (Л.Місан, П.Эстэве, Б. дэ Ласерна, М.Гарсія). Сярод кампазітараў канца 17 — пач. 18 ст. Х.Кабанільес, А.Літэрэс, А.Салер, В.Марцін-і-Салер. Значную ролю ў развіцці інстр. музыкі І. адыграў Д.Скарлаці. У 19 ст. адкрыты кансерваторыі і оперныя т-ры ў Мадрыдзе (1830 і 1850) і Барселоне (1847). Музыку нац. арыентацыі пісалі Ф.Тарэга, Ф.Пухоль, К. дэль Кампа-і-Сабалета. У канцы 19 ст. пачаўся рух за адраджэнне нац. муз. культуры І., т.зв. рэнасім’ента, на чале з Ф.Педрэлем (буйнейшыя прадстаўнікі І.Альбеніс, Э.Гранадас. М. дэ Фалья). У гады ісп. рэвалюцыі 1931—39 пашырылася масавая песня, у т. л. рэв.-патрыятычная. У 2-й пал. 20 ст. вылучыліся кампазітары Х.Гурыдзі, О.Эспла, Ф.Момпу, С.Бакарысе, Х.Баўтыста, Х.Радрыга, Р.Альфтэр, Г.Піталуга, К.Паласіо, П.Сарасабаль. Сярод выканаўцаў канца 19—20 ст.: спевакі Ф.Віньяс Дордаль, М.Гай, М.П.Р.Гарсія, Э. дэ Ідальга, К.Супервія, В. дэ Лос Анхелес, Т.Берганса, П.Дамінга, М.Кабалье, Х.Карэрас, П.Ларэнгар; дырыжоры Э.Ф.Арбос, Х.Ітурбі (і піяніст), А.Архента; піяністы А дэ Лароча, Х.Турына, Р.Віньес; скрыпачы П.Сарасатэ, П.Зскудэра, Х.Манен; віяланчэлісты П.Касальс, Г.Касадо; гітарысты М.Льябет, А.Сеговія, Тарэга; арфіст Н.Сабалета. У І. працуюць (1987): Нац. асацыяцыя музыкі, Асацыяцыя муз. культуры, т-ва «Музычная моладзь Іспаніі», Сімф. аркестр Ісп. радыё і тэлебачання, філарманічны аркестр, Ісп. ін-т мастацтвазнаўства, оперны т-р «Лісеа» ў Барселоне; нац. кансерваторыя ў Мадрыдзе і інш. Праводзяцца фестывалі, у т. л. Тыдні сярэдневяковай музыкі ў г. Эстэлья, міжнар. конкурс вакалістаў імя Віньяса (з 1963, Барселона) і інш.

Тэатр. Тэатр. паказы ў І. вядомы з часоў уладання рымлян. У сярэдневякоўі ставіліся літургічныя драмы, містэрыі, маралітэ; з нар. паказамі («здзеклівымі гульнямі») выступалі хуглары. У 16 ст. папулярнымі былі аўтас сакраменталес (свяшчэнныя дзействы), пасас (фарсы) Л. дэ Руэды, камедыі Б.Торэса Наара, інтэрмедыі і драмы М.Сервантэса. Паявіліся паўпрафес. і прафес. трупы. Манаполію на тэатр. паказы атрымалі царк. брацтвы, якія будавалі спец. памяшканні — каралі (у Мадрыдзе, Барселоне, Валенсіі, Севільі і інш.). Росквіту т-р І. дасягнуў у эпоху Адраджэння. Дэмакр. і гуманіст. кірунак развіваўся ў творчасці Лопэ дэ Вэгі, Тырса дэ Маліны, П.Кальдэрона дэ ла Баркі. У прыдворных т-рах 17 ст. ставіліся феерычныя, пышна аформленыя спектаклі. У 1665 дзейнасць т-раў была забаронена на 15 гадоў. З 18 ст. папулярнасць набыў муз. т-р, асабліва італьян. опера; у драме пераважаў дэкламацыйны стыль класіцызму. У муз.-драм. жанрах сайнеце, сарсуэле, танадыльі захоўваліся рэаліст. традыцыі. У 19 ст. адбыўся ўздым ісп. т-ра, адкрыты т-ры «Эспаньёль» у Мадрыдзе (1849), «Лісеа» ў Барселоне (1847) і інш. Пашырана была рамант. драма і быт. камедыя. З 2-й пал. 19 ст. пераважалі оперы-буфа, вар’етэ, рэвю франц. ўзору. Асобныя трупы і акцёры прытрымліваліся рэаліст. традыцый (т-р Камедыі, акцёры Э.Марыо, Р.Кальва). У пач. 20 ст. ў рэпертуары т-ра пераважалі камедыі і меладрамы. Мадэрнісцкія тэндэнцыі сцвярджалі Х.Бенавентэ-і-Марцінес, Г.Марцінес Сьера і інш., рэалістычныя — Ф.Дыяс дэ Мендоса. М.Герэра, М.Ксіргу. Пасля абвяшчэння І. рэспублікай узмацніліся тэндэнцыі да адраджэння дэмакр. традыцый класічнай драматургіі (студэнцкі т-р «Ла Барака», які заснаваў Ф.Гарсія Лорка, «Т-р педагагічных місій» А.Касоны). У 1936—39 дзейнічалі перасоўныя трупы «Герыльяс дэ тэатра» («Тэатр. партыз. атрады»), 3 усталяваннем франкісцкага рэжыму многія тэатр. дзеячы эмігрыравалі. У 1950-я г. ставіліся п’есы тагачасных замежных аўтараў (Б.Брэхга, Дж.Б.Прыстлі, А.Мілера). У 1960-я г. ў некаторых т-рах аднавіліся пастаноўкі класічнай нац. драматургіі (т-ры «Эспаньёль», «Бельяс Артэс» у Мадрыдзе). Прадстаўнікі руху «Новы тэатр» пратэставалі супраць дыктатуры, цэнзуры, тэатр. рэалізму (незалежныя т-ры «Лос Галіярдас» у Мадрыдзе, «Лос Катарас» у Каталоніі, «Эль Тэатра Лебрыяна» ў Андалусіі і інш.). У гэтым кірунку развівалася творчасць драматургаў, схільных да т-ра абсурду і тэатр. жорсткасці (Л.Рыяза, М.Марцінес Медыера), сюррэалізму (Ф.Ньева), абстракцыі (Х.Руібаль). З наданнем ісп. правінцыям аўтаноміі развіваецца нар. т-р, але гал. асяродкам тэатр. жыцця застаюцца Мадрыд і Барселона. Сярод рэжысёраў апошніх дзесяцігоддзяў — Х.Тамаё, Х.Л.Алонса, М.Нарас, К.Пласа, В.Гарсія, акцёраў — Н.Эсперт, Х.Л.Гомес, Х.М.Радэра.

Кіно. Вытворчасць фільмаў у І. пачалася ў канцы 19 ст. («Выхад з дзённай месы з царквы Пілар у Сарагосе», 1896, рэж. Э.Хімена). Напачатку здымаліся дакумент. рэпартажы і кароткаметражныя фільмы. Першы маст. фільм выпушчаны ў 1905. Першыя кінастудыі створаны ў Барселоне (1906). У 1920-я г. кінавытворчасць развівалася ў Мадрыдзе, дзе выпускалі пераважна забаўляльныя стужкі, а таксама экранізацыі вядомых ісп. празаікаў і драматургаў (30—40 фільмаў штогод; найб. вядомыя рэжысёры — Б.Пероха, Ф.Рэй). У 1931—36 кінастудыі пераабсталяваны, выпуск фільмаў павялічыўся, створаны Савет па кінематаграфіі (1933). Сярод лепшых рэжысёраў гэтага часу — Л.Буньюэль («Андалускі пёс», 1928; «Залаты век», 1930; «Зямля без хлеба», 1932). У 1934 пастаўлены першы гукавы фільм («Вада ў глебе», рэж. Э.Ф.Ардавін). Грамадз. вайна 1936—39 стала тэмай шэрагу фільмаў; мадрыдская кінастудыя «Фільм папулар» выпускала кінахроніку «Сучасная Іспанія». У час дыктатуры Франка ўведзена цэнзура, пашырыліся фільмы, на якія ўплывалі стужкі фаш. Германіі і Італіі. У 1940—50-я г. найчасцей здымаліся муз. камедыі і ісп.-італьян. вестэрны. Прыйшло новае пакаленне кінематаграфістаў (Х.А.Бардэм, Л.Г.Берланга, Муньёс-Суай), на творчасць якіх паўплываў неарэалізм («Гэта шчаслівая пара», рэж. Бардэм і Берланга). Вядомасць за межамі І. атрымалі фільмы Берлангі «Шчыра запрашаем, містэр Маршал!» (1952), «Калабуч» (1956), «Кат» (1963), Бардэма «Смерць веласіпедыста» (1954), «Галоўная вуліца» (1956). На творчасць кінематаграфістаў 1960-х г. паўплываў фільм італьян. рэж. М.Ферэры «Каляска», зняты ў І. ў жорсткай рэаліст. манеры з элементамі «чорнага» гумару. Гал. падзеяй нац. кіно стала стужка Буньюэля «Вірыдыяна» (1961) пра духоўныя праблемы ісп. грамадства. Маладыя рэжысёры К.Саўра, Ф.Рэгейра, М.Пікаса, М.Сумерс і інш. заснавалі кірунак «Новае іспанскае кіно», сярод прадстаўнікоў якога самабытны кінарэжысёр Саўра («Сад уцех», 1970; «Ганна і ваўкі», 1972; «Выкармі гругана», «Эліза, маё жыццё», абодва 1975, і інш.). Дэмакратызацыя грамадства ў 1970-я г. садзейнічала развіццю ісп. кіно. Сусв. вядомасць атрымаў рэж. П.Альмадавар («Матадор», 1986; «Жанчыны на мяжы нервовага зрыву», 1988; «Звяжы мяне», 1989; «Кіка», 1993, і інш.). Сярод акцёраў: Ф.Рабаль, А.Маліна, А.Белен, А.Бандэрас, В.А́брыль. У І. больш за 100 кінакампаній, якія займаюцца вытворчасцю і пракатам. Сістэма кінаадукацыі ўключае Барселонскі і Мадрыдскі ун-ты, Дзярж. ін-т радыё і тэлебачання. Нац. фільматэка ў Мадрыдзе і Каталонская ў Барселоне, Міжнар. кінаархіў, архіў хронікі і дакумент. кіно ў Мадрыдзе. Сярод міжнар. кінафестываляў: агляд дакумент. і кароткаметражнага кіно ў Більбао, агляд кіно ў Валенсіі, фестывалі ў Сан-Себасцьяне і фантаст. кіно ў Сітжэсе.

Беларусы ў Іспаніі. Бел. асяродак у І. пачаў складвацца ў пач. 1950-х г. і быў прадстаўлены пераважна студэнтамі-беларусамі Мадрыдскага ун-та, якія ў 1952 заснавалі Бел. акадэмічнае згуртаванне (старшыня Я.Сурвіла). Пры Цэнтры па вывучэнні краін усходу (Мадрыд) у 1956 створана бел. секцыя пад кіраўніцтвам Сурвілы. Супрацоўнікі Інстытута беларусаведы імя Льва Сапегі ў Мадрыдзе (1952—60) вялі навук. даследаванні па гісторыі бел. дзяржавы, прапаганду ведаў пра Беларусь сярод народаў І. і Зах. Еўропы. З 1958 працавала бел. рэдакцыя на Мадрыдскім нац. радыё. Беларусы вялі культ.-асв. дзейнасць. У 1954—55 у Мадрыдзе прайшлі канцэрты бел. музыкі і нар. песень для студэнтаў і навукоўцаў каледжаў. На семінарах і канферэнцыях навукоўцы чыталі даклады і рэфераты па беларусазнаўству, бел. моладзь прадстаўляла Беларусь у дні нац. свят, у час культ. мерапрыемстваў, на міжнар. сімпозіумах і канферэнцыях. У 1960-я г. многія беларусы пакінулі краіну і бел. дзейнасць спынілася.

Літ.: Уотт У.М., Какиа П. Мусульманская Испания: Пер. с англ. М., 1976; Испания, 1918—1972 л,: Ист. очерк. М., 1975; Понеделко Г.Н. Государство в экономике Испании: взгляд в прошлое и современность. М., 1991; Проблемы испанской истории. М., 1992; Ланда Р.Г. В стране аль-Андалус через тысячу лет. М., 1993; Хенкин С.М. Испания после диктатуры: (соц.-полит. пробл. перехода к демократии) М., 1993; Менендес Пидаль Р Избр. произв.: Исп. лит. средних веков и эпохи Возрождения: Пер. с исп. М., 1961; Плавскин З.И. Испанская литература XVII — середины XIX в. М., 1978; Я го ж. Испанская литература XIX—XX вв. М., 1982; Штейн А.Л. История испанской литературы. М., 1994; Arean C. La pintura española de Altamira al siglo 20. Madrid, 1971; Фалья М. де. Статьи о музыке и музыкантах: Пер. с исп. М., 1971; Мартынов И.И. Музыка Испании. М., 1977; Marco T. Historia de la musica espanola. Vol. 1—6. Madrid, 1983—84 Ю.В.Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), К.А.Далгучыц (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы), В.М.Наяумчык (асвета. навук. ўстановы), К.М.Міхееў (літаратура), В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Г.У.Шур (кіно), А.С.Ляднёва (беларусы ў Іспаніі).

Герб і сцяг Іспаніі.
Да арт. Іспанія. Горы Пірэнеі на поўначы краіны.
Да арт. Іспанія. Буйнейшы партовы горад і прамысловы цэнтр Галісіі — Віга.
Да арт. Іспанія Панарама ў цэнтры Мадрыда.
Да арт. Іспанія. Краявід на Андалускай нізіне.
Да арт. Іспанія. «Дворык ільвоў» у комплексе Альгамбра ў г. Гранада. 13—14 ст.
Да арт. Іспанія. Каралеўскі палац у Мадрыдзе (1738—64).
Да арт. Іспанія. Мадрыдскі парк (былы Буэн-Рэціра; 1868).
Да арт. Іспанія. Помнік М.Сервантэсу ў Мадрыдзе. 1927.
Да арт. Іспанія. Царква Сан-Клементэ дэ Тауль у Каталоніі. 1123.
Да арт. Іспанія. Эль Грэка. Партрэт па эта А.Паравісіна. 1609.
Да арт. Іспанія. Ф.Гоя. Партрэт Антоніі Саратэ. Каля 1811.
Да арт. Іспанія. П.Пікасо. Аматарка абсенту. 1901.
Да арт. Іспанія. Ж.Міро. Чарада. 1940.
Да арт. Іспанія. Фрагменты танцаў «Арагонская хота» (зверху) і «Фанданга».
Да арт. Іспанія. Фрагмент танца ў стылі кантэ фламенка.

т. 7, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́КА (італьян. barocco літар. вычварны, дзіўны),

вызначальны стыль у еўрап. мастацтве канца 16 — сярэдзіны 18 ст. Прыйшло на змену гуманіст. маст. культуры Адраджэння і вытанчанаму суб’ектывізму мастацтва маньерызму.

Першапачатковы этап развіцця барока звязаны з узмацненнем феад.-каталіцкай рэакцыі ў Зах. Еўропе. Стыль барока шырока выкарыстоўваўся для прапаганды ідэй Контррэфармацыі, нёс больш рознабаковае і дыялектычна супярэчлівае ў параўнанні з рэнесансавым светаўспрыманне. Эстэтыка барока заснавана на проціпастаўленні ідэальнага і пачуццёвага ў чалавеку, яго волі і розуму з ірацыянальнасцю быцця. Таму мастацтва барока вызначаецца эмацыянальным і інтэлектуальным напружаннем, складанасцю выяўл. сродкаў, імкненнем да сінтэтычнасці жанраў, яму ўласцівыя драматызм, патэтыка, павышаная экзальтацыя. Станаўленне барока адбывалася ў перыяд інтэнсіўнага складвання нацый і нац. дзяржаў, часткова звязана з барацьбой за нац. адзінства і антыфеад. рухам у шэрагу еўрап. краін. Гэта спрыяла сплаву эстэт. канцэпцыі барока з маст. традыцыямі розных народаў і фарміраванню шматлікіх яго нац. разнавіднасцяў.

Барока — мастацтва ансамблевых рашэнняў, найб. яскрава выявілася ў архітэктуры, дзе асн. маст. прынцыпы — дынамічнасць кампазіцыі, кантрасты маштабаў, рытмаў, матэрыялаў і фактур, святлоценявыя і колеравыя эфекты, крывалінейнасць абрысаў, імкненне стварыць ілюзію бязмежнай прасторы. У Італіі, на радзіме барока, асобныя яго прыёмы праявіліся ў 16 ст. ў жывапісе Карэджа, М.Караваджа, збудаваннях Дж.Віньёлы. Найвышэйшага росквіту дасягнула ў Рыме ў 1-й пал. 17 ст. (т.зв. Высокае італьян. барока; творы арх. і скульптара Л.Берніні, арх. Ф.Бараміні, жывапісца П’етра да Картона), пашырылася ў Нідэрландах (П.П.Рубенс, А. ван Дэйк, Я.Іорданс). У Іспаніі ў 17 ст. асобныя рысы барока выявіліся ў аскетычнай архітэктуры Х.Б.дэ Эрэры, у рэаліст. жывапісе Х. дэ Рыберы і Ф.Сурбарана, скульптуры Х.Мантаньеса. У 18 ст. ў пабудовах Х.Б. дэ Чурыгеры формы барока набылі дэкар. вытанчанасць (яшчэ больш гіпертрафіраваную ў «ультрабарока» краін Лац. Амерыкі). Своеасаблівасць стыль барока набыў у Аўстрыі, дзе ён спалучаўся з тэндэнцыямі ракако (арх. І.Б.Фішэр фон Эрлах і І.Л.Гільдэбрант, мастак Ф.А.Маўльберч), абсалютысцкіх княствах Германіі (арх. і скульптары І.М.Фішэр, І.Б.Нейман, А.Шлютэр, М.Д.Пёпельман, Г.В. фон Кнобельсдорф, сям’я арх. Дзінцэнгофер), у Польшчы, Славакіі, Венгрыі, Славеніі, Харватыі, Зах. Украіне, Літве. У Францыі, дзе пануючым стылем 17 ст. стаў класіцызм, абодва кірункі зліліся ў адзіны пампезны т.зв. вялікі стыль (убранне залаў Версаля, жывапіс Ш.Лебрэна). Паняцце «барока» часам неправамерна пашыраюць на ўсю маст. культуру 17 ст., у т. л. на з’явы, далёкія ад барока па змесце і стылі (напр., «нарышкінскае барока», або «маскоўскае барока» ў рус. дойлідстве канца 17 ст., гл. «Нарышкінскі стыль»). У многіх краінах Еўропы ў 17 ст. склаліся нац. рэаліст. школы, прадстаўнікамі якіх былі вял. майстры (Д.Веласкес у Іспаніі, Ф.Халс, Я.Вермер Дэлфцкі, Рэмбрант у Галандыі і інш.). У Расіі стыль барока быў свабодны ад экзальтацыі і містыцызму (характэрных для мастацтва каталіцкіх краін) і меў нац. асаблівасці. Архітэктура рас. барока дасягнула велічнасці ў гарадах і сядзібных ансамблях Пецярбурга, Петрадварца, Царскага Сяла і інш., вызначаецца ўрачыстасцю і цэльнасцю кампазіцыі (арх. В.Растрэлі, Дз.Ухтамскі, С.Чавакінскі); у выяўл. мастацтве — свецкай і грамадскай тэматыкай (скульптура Б.К.Растрэлі і інш.). У 1-й пал. 18 ст. барока эвалюцыянавала да лёгкасці стылю ракако, суіснавала і перапляталася з ім, а з 1770-х г. паўсюдна выцеснена класіцызмам.

На Беларусі для мастацтва барока характэрна ўзаемадзеянне зах.-еўрап. ўплыву з візант. і мясц. традыцыямі, што надало яму пэўную самабытнасць. Найб. поўна яно праявілася ў архітэктуры; у залежнасці ад яе развівалася выяўл. і дэкар.-прыкладное мастацтва. Пачатак эпохі барока тут звязаны з буд-вам першага ў Рэчы Паспалітай помніка архітэктуры барока — Нясвіжскага касцёла езуітаў (1584—93). Развіццё нац. разнавіднасці бел. барока ў манум. мураванай архітэктуры прайшло 3 перыяды: ранняе (канец 16 — 1-я пал. 17 ст.), сталае (2-я пал. 17 — 1730-я г.) і позняе (1730—80-я г.). Для ранняга перыяду характэрныя пошукі гал. чынам новых аб’ёмна-прасторавых кампазіцый у пабудовах, адпаведных эстэт. канцэпцыі барока. Асобныя збудаванні паступова трацілі абарончыя функцыі, што адбілася на трансфармаванні замкавага буд-ва ў палацава-замкавае (Гальшанскі палац). У культавым дойлідстве паступова сфарміраваўся базілікальны тып храма (гл. Базіліка) з плоскім гал. фасадам, напачатку бязвежавым, потым 2-вежавым (Гродзенскі касцёл і кляштар езуітаў). Перыяд сталага барока вызначаўся пэўнай стабілізацыяй кампазіцыі 2-вежавай базілікі і развіццём маст. характарыстык арх. збудаванняў, павелічэннем колькасці ярусаў вежаў, большай пластычнай насычанасцю фасадаў (Слонімскі Андрэеўскі касцёл). Сталае Барока знайшло ўвасабленне ў грамадз. архітэктуры (Магілёўская ратуша) і ў развіцці прынцыпаў ансамблевасці арх. комплексаў (касцёл і кляштар картэзіянцаў у Бярозе). Найб. важны з іх — паступовае разгортванне арх. аб’екта (плошчы, вуліцы, сядзібы) перад гледачом. Палацавыя комплексы сталага і позняга барока будаваліся паводле сіметрычна-восевай схемы з паўадкрытымі параднымі дварамі. Фасады і інтэр’еры палацаў аздаблялі ордэрнай пластыкай, дэкар. лепкай, паліхромнымі мармурамі, паліванай керамікай, фрэскавай размалёўкай (Ружанскі палацавы комплекс, палац у в. Ручыца Вілейскага р-на Мінскай вобл., не захавалася). Гал. элемент ратуш — ярусная вежа (Магілёў, Віцебск). Маст. сістэма позняга барока ў манум. культавай архітэктуры Беларусі атрымала ў мастацтвазнаўстве назву віленскага барока. Важную ролю ў стварэнні своеасаблівай школы віленскага барока адыграла творчасць арх. І.К.Глаўбіца. У канцы 18 ст. ў мураванае дойлідства паступова ўкараняліся прынцыпы класіцызму, што прывяло да стварэння шматлікіх помнікаў, якія спалучалі элементы 2 стыляў (Свяцкі палацава-паркавы ансамбль). У адпаведнасці з этапамі развіцця стылю барока адбываліся змены ў эстэт. і канструкцыйных характарыстыках арх. збудаванняў. Дэкар. пластыка, аснову якой у барока складала ордэрная сістэма, на працягу 17—18 ст. перайшла ад адзіночных плоскіх пілястраў і сціплых гарыз. цягаў да шматлікіх раскраповак, хвалістых карнізаў, стукавай лепкі ў аздобе будынкаў. Спецыфіка дрэва як буд. матэрыялу абумовіла непарыўнасць эстэт. і тэхн. бакоў у стварэнні шматлікіх маст.-канструкцыйных прыёмаў драўлянага дойлідства часоў барока: ярусная структура вежаў, іх завяршэнне шасцерыкамі і васьмерыкамі, верт. шалёўка з нашчыльнікамі (Валавельская Юр’еўская царква, Рубельская Міхайлаўская царква).

У выяўленчым мастацтве рысы барока праявіліся ў 1-й пал. 17 ст., найбольш у скульпт. аздабленні і размалёўках касцёлаў. У скульптуры барока характарызавалася працягам традыцый бел. мясцовых майстроў, што абумовіла яе самабытнасць і разнастайнасць вобразных характарыстык (інтэр’еры Сафійскага сабора ў Полацку, касцёлаў кармелітаў у Пінску, езуітаў у Гродне, аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл.). У манум. жывапісе рысы барока відавочныя ў размалёўках Магілёўскага касцёла кармелітаў, Гродзенскага касцёла і кляштара францысканцаў, у іканастасах і алтарах Пінскага касцёла і кляштара францысканцаў і інш. У 2-й пал. 18 ст. стыль барока стаў пануючы і ў іканапісе, дзе яго рысы спалучаліся з традыцыямі візант. і стараж.-рус. мастацтва. Кампазіцыі абразоў набылі падкрэслены дынамізм, персанажы — характарнасць і канкрэтнасць, у асобных выпадках — натуралізм. Пашыраным і папулярным відам жывапісу ў часы барока быў парадны шляхецкі партрэт, лепшыя ўзоры якога прывабліваюць яркай характарнасцю тыпажу, а часам і псіхалагізмам вобразаў (партрэты Міхаіла Сервацыя Вішнявецкага, Соф’і Даратэі, Казіміра Агінскага і інш.). У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. барока саступае месца класіцызму, хоць іх элементы ў жывапісе суіснавалі амаль да сярэдзіны 19 ст. («Спас», «Адзігітрыя» і царскія вароты з цэркваў Іванаўскага р-на). У графіцы стыль барока найб. выявіўся ў кніжнай гравюры. Майстры кнігі 16—18 ст. выпрацавалі спецыфічны стыль бел. барока, які вызначаўся стрыманасцю формаў, сувяззю з нар. мастацтвам (гербы Р.Хадкевіча з «Евангелля вучыцельнага», «Псалтыра», выд. Заблудаўскай друкарняй). У пазнейшых геральдычных гравюрах рысы барока набывалі ўсё больш развітыя формы, узмацніліся экспрэсія і патэтыка (гербы Л.Сапегі ў Статуце Вялікага княства Літоўскага 1588, Л.Мамоніча ў «Псалтыры», выд. ў Вільні, Агінскіх і Валовічаў у «Евангеллі вучыцельным» Еўінскай друкарні). З пераездам Куцеінскай друкарні ў Рас. дзяржаву (сярэдзіна 17 ст.) стыль бел. барока пашырыўся і ў рус. выданнях, надрукаваных куцеінскімі друкарамі ў Іверскім манастыры (гравюры «Раю мысленнага», «Брашна духоўнага»). Пранік ён у рус. кніжнае мастацтва і праз ілюстраваныя выданні Сімяона Полацкага (медзярыты «Гісторыі пра Варлаама і Іасафа», «Псалтыры рыфмаванай»). Найб. развіцця дасягнулі прынцыпы барока ў выданнях Магілёўскай друкарні, дзе працавалі гравёры М. і В.Вашчанкі, Ф.Ангілейка, Афанасій П. і інш. У 17 ст. бел. графічнае барока паўплывала і на ўкр. графіку, што звязана з пераездам на Украіну гравёраў Тарасевічаў, Шчырскага, Крышчановіча і інш. Маст. прынцыпы барока яскрава выявіліся ва ўсіх відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: ткацтве (слуцкія паясы, шпалеры), вырабах са шкла (гл. Урэцкая мануфактура), паліванай кераміцы, разьбе па дрэве (беларуская рэзь), ювелірным мастацтве.

Для літаратуры эпохі барока характэрныя ўскладненасць, парадаксальнасць, метафарычнасць, спалучэнне рэальнага з нерэальным, імкненне здзівіць, уздзейнічаць на пачуцці. Лірычны герой барочнай паэзіі — істота зменлівая, унутрана супярэчлівая, надзеленая і дабрачыннасцямі і заганамі. У параўнанні з гарманічным і цэльным чалавекам рэнесансавай л-ры ён бліжэй да рэальнага, зямнога. Стылявыя прыкметы барока нераўназначныя на розных этапах развіцця і ў розных жанрах, што дазваляе гаварыць пра яго розныя стылявыя ўзроўні. Побач з «высокім» барока ў панегірычнай паэзіі, трагедыі, гераічнай паэме развівалася «памяркоўнае» барока — рэліг. і свецкая лірыка, элегія, пастараль, прытча. На «сярэднім» узроўні ўзніклі такія празаічныя жанры, як падарожжа, утопія, паліт. трактат.

Л-ра барока ў Іспаніі — гэта паэзія Л. дэ Гонгары-і-Арготэ, трагедыі П.Кальдэрона дэ ла Баркі, драмы Тырса дэ Маліны, сатыры Ф.Кеведа-і-Вільегаса; у Італіі — паэзія Т.Таса і Дж.Марына, «Пентаметр» Дж.Базіле; у Германіі — трагедыі А.Грыфіуса і Д.Лоэнштайна, лірыка П.Флемінга, раман Г.Грымельсгаўзена; у Францыі — паэзія і проза Т.А. д’Абінье, раманы Ш.Сарэля; у Англіі — трагікамедыя Ф.Боманта, Дж.Флетчэра; у Польшчы — паэзія Я.А.Морштына, В.Патоцкага; у Расіі — М.В.Ламаносава, В.К.Традзякоўскага.

У бел. л-ры і ў шматмоўнай л-ры Беларусі барока найб. выразна выявілася ў пераходны перыяд, асабліва ў 2-й пал. 17 — 1-й трэці 18 ст. Бел. барока цесна звязана з ідэямі Контррэфармацыі, што асабліва адчуваецца ў містычнасці ідэалу і рытарычнай зададзенасці, але як маст. светаўспрыманне значна шырэй за іх. Эстэтыка барока была крокам наперад у маст. развіцці Беларусі. Тут сінтэзаваліся сярэдневяковыя і рэнесансавыя традыцыі, упершыню скрыжаваліся шляхі развіцця пісьмовай л-ры і фальклору. Бел. барока не былі чужыя ідэі гуманізму ранняга Асветніцтва (Сімяон Полацкі, Д.Рудніцкі). Асобныя рысы барока відаць ужо ў бел. палемічнай прозе і панегірычнай паэзіі 1-й пал. 17 ст., калі эстэтыку барока пашыраў выкладчык Полацкай калегіі М.Сарбеўскі. Найб. поўна яны выявіліся ў рэліг.-філас. паэзіі і школьнай драме, а таксама ў школьных курсах паэтыкі і рыторыкі. Бел. барока ўласцівыя розныя ідэйныя і фармальна-стылявыя тэндэнцыі. Побач з «высокім», найчасцей элітарным, арыстакратычным барока, асн. творы якога напісаны на польск., лац. і стараслав. мовах, існавала «сярэдняе» і «нізкае» барока. Яно адпавядала запатрабаванням бяднейшай шляхты, гараджан і было прадстаўлена бел. парадыйна-сатыр. і гумарыстычнай паэзіяй і прозай («Птушыны баль», «Ліст да Абуховіча», «Казанне руске», «Прамова русіна» і інш.), інтэрмедыямі да школьных драм, песенна-інтымнай лірыкай.

Музыка барока паглыбіла і рознабакова ўвасобіла свет духоўных перажыванняў чалавека. Вядучае значэнне набылі муз.-тэатр. жанры, найперш опера. Наглядалася тэндэнцыя адасаблення музыкі ад слова, што вяло да развіцця шматлікіх інстр. жанраў. Узніклі і буйнамаштабныя цыклічныя формы (канчэрта гроса, ансамблевая і сольная санаты). У сюітах чаргуюцца уверцюры тэатр. характару, фугі, імправізацыі арганнага тыпу, быт. танцы, пявучыя «арыі», праграмныя п’есы.

Найб. выразна стыль барока выявіўся ў Італіі (2-я пал. 16 ст.) у шматхорных вак.-інстр. поліфанічных творах майстроў венецыянскай школы на чале з Дж.Габрыэлі, у арганнай творчасці Дж.Фрэскабальдзі, глыбока драматычных операх К.Мантэвердзі. Італьян. опернае барока паўплывала на музыку інш. еўрап. краін, асабліва Германіі: ням. нац. оперу (яе вяршыня — оперы Р.Кайзера), арганныя творы Дз.Букстэхудэ, клавірныя санаты І.Кунаў. На пач. 18 ст. творчасць І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля яшчэ звязана з музыкай барока, але ёй ужо цесна ў рамках якога-н. аднаго стылю (як і творчасці буйнейшых кампазітараў 17 ст. Г.Шутца ў Германіі і Г.Пёрсела ў Англіі).

На Беларусі для музыкі барока характэрнае ўзаемадзеянне зах.-еўрап. уплываў з мясц., часта нар. традыцыямі, перапляценне рэнесансавых, сярэдневяковых і класіцысцкіх тэндэнцый. Гэта выявілася ў суіснаванні розных стылявых пластоў і кірункаў — аднагалосага харала перыяду Рэфармацыі, стылю а капэла і новага канцэртнага стылю, які з канца 17 ст. стаў дамінуючым. Усёй музыцы барока ўласцівы процілеглыя імкненні, з аднаго боку, да сінтэзу мастацтваў, з другога — да развіцця інстр. жанраў. Гэта рэалізавалася ў пышных пастаноўках школьнага т-ра, у насычэнні музыкай спектакляў батлейкі, у пашырэнні на пач. 17 ст. аркестраў (капэл) пры дварах магнатаў, калегіумах, касцельных і уніяцкіх ансамбляў, што культывавалі тагачасныя еўрап. прыдворныя танцы (павана, марэска куранта, сэра), польск. і мясц. нар. танцы. Гіст. значэнне бел. музыкі барока найперш у тым, што яна вылучыла новы шматгалосы стыль — партэсныя спевы, якія своеасабліва рэалізавалі кампазіцыйны прынцып канцэртнасці з тыповымі для яго жанрамі партэснага канцэрта ў царк. музыцы, канта і псалмы ў свецкай. Яскравыя ўзоры муз. твораў з выразнымі стылявымі рысамі барока змяшчае рукапісны зборнік старадаўняй бел. музыкі 16—17 ст. «Полацкі сшытак».

Тэатр. У еўрап. тэатр. культуры рысы барока выразна праглядаюцца з 1590-х г. да сярэдзіны 18 ст. У гэты перыяд завяршыліся працэсы, пачатыя ў тэатры Адраджэння, — рэлігійныя святочныя відовішчы, што выконвалі аматары на вуліцах і плошчах, ператварыліся ў свецкія забавы, якія ладзілі прафес. акцёры ў прыдворных тэатрах-палацах. Усталяваліся прынцыпы арганізацыі тэатр. прасторы, пабудовы сцэны — амаль паўсюдна замацаваўся тып «сцэны-скрыні», аддзеленай ад гледача рамай і збудаванай у спец. закрытым памяшканні. Вядучымі тэатр. краінамі сталі Англія, Іспанія, Францыя.

У Англіі ў канцы 16 ст. фарміраваўся тэатр, які спалучаў нар. сярэдневяковую традыцыю і ўплыў рэнесансавага італьян. тэатра. Драма ранняга англ. барока, створаная У.Шэкспірам, адкінула правілы рэнесансавага класіцызму і спалучыла трагедыю і фарс, высокае і нізкае. Англ. «жорсткая трагедыя» паўплывала на развіццё еўрап. тэатра барока, асабліва ў Германіі і Аўстрыі. У 17 ст. англ. вандроўныя трупы былі вядомыя і ў Рэчы Паспалітай. Тэатр Іспаніі ў канцы 16 ст. ўступіў у свой «залаты век», які пачаўся творчасцю Лопэ дэ Вэгі. Абапіраючыся на нац. літ. і тэатр. традыцыі і выкарыстаўшы тэхніку італьян. камедыі дэль артэ, ён ствараў свае дынамічныя камедыі, поўныя прыгодаў і кахання. Яго традыцыі прадоўжыў Тырса дэ Маліна. Вяршыняй сталага барока ў Іспаніі з’явіліся п’есы П.Кальдэрона дэ ла Баркі, якія ўвасобілі светапогляд эпохі, дзе за раскошай і пышнасцю адчуваліся разгубленасць і няўпэўненасць. У Францыі ў канцы 16 ст. ўзнік жанр «трагікамедыі-балета». Нягледзячы на вонкавую супрацьлегласць, стваральнікі тэатра класіцызму П.Карнель, Ж.Расін, Мальер працавалі ў агульнай плыні еўрап. барока. У канцы 17—18 ст. менавіта ўзор франц. т-ра дамінаваў на б.ч. кантынентальнай Еўропы. У ням. княствах, Аўстрыі, Рэчы Паспалітай бурнае развіццё нац. тэатра запаволілася і прыпадае ўжо на 2-ю пал. 18 ст.

Бел. тэатр. культура барока існавала і развівалася ў рэчышчы тэатр. культуры Рэчы Паспалітай. З канца 16 ст. актыўным правадніком тэатр. формаў барока быў школьны тэатр. Захапленне італьян. операй мала закранула Беларусь, але, як і ў інш. рэгіёнах Рэчы Паспалітай, тут былі папулярныя розныя формы паратэатра барока — маляўнічыя рэліг. і свецкія шэсці, святочныя ўрачыстасці, рыцарскія спаборніцтвы. У гэты час з касцельных відовішчаў узнік нар. лялечны тэатр батлейка. На схіле эпохі барока (1740—70-я г.) на Беларусі ўзніклі шматлікія прыдворныя т-ры, што належалі мясц. магнатам (у Нясвіжы, Слуцку і Белай — Радзівілам, у Слоніме — Агінскім, у Гродне і Паставах — Тызенгаўзу, у Ружанах — Сапегам, у Беластоку — Браніцкім і інш.). У пастаноўках гэтых тэатраў, якія часта абапіраліся на арыгінальную (звычайна польскамоўную) драматургію і музыку, спалучаліся рысы барочных відовішчаў з элементамі, характэрнымі ўжо для Асветніцтва. Але менавіта сінтэз, уласцівы барока, дазваляў ствараць незвычайныя па сваёй пышнасці і фантазійнасці тэатр. відовішчы. На высокім узроўні была тэхніка сцэны маянтковых тэатраў, а акцёры і музыкі, вывучаныя ў магнацкіх тэатр. школах Беларусі, паўплывалі на тэатр. мастацтва Польшчы і Расіі.

Літ.:

Виппер Б.Р. Введение в историческое изучение искусства. 2 изд. М., 1985;

Angyal E. Świat słowiańskiego baroku. Leipzig, 1961;

Białostocki J. Pięć wieków myśli o sztuce. 2 изд. Warszawa, 1976;

Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;

Раабен Л. Музыка барокко // Вопросы музыкального стиля: Сб. статей. Л., 1978;

Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975.

Т.В.Габрусь (архітэктура), Б.А.Лазука (выяўленчае мастацтва), А.В.Мальдзіс (літаратура), В.М.Арэшка (тэатр).

Да арт. Барока. Пояс. Слуцкая мануфактура. 2-я пал. 18 ст.
Да арт. Барока. Інтэр’ер манастырскай царквы ў Атабойрэне (Германія). Арх. І.М.Фішэр. 1748.
Да арт. Барока. Абраз «Варвара пакутніца» з Лунінца Брэсцкай вобл. 2-я пал. 18 ст.
Да арт. Барока. Партрэт Міхала Сервацыя Вішнявецкага. Невядомы мастак. 1750-я г.
Да арт. Барока. Партрэт Соф’і Даратэі. Невядомы мастак. 2-я пал. 18 ст.
Да арт. Барока. Амбон у касцёле аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл. Сярэдзіна 18 ст.
Да арт. Барока. Міхайлаўская царква ў в. Рубель Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1796.
Да арт. Барока. Андрэеўскі касцёл у Слоніме. 1775.
Да арт. Барока. Палац Сан-Сусі ў Патсдаме. Арх. Г.В. фон Кнобельсдорф. 1745—47.
Да арт. Барока. Кубак. Урэцкая мануфактура. Сярэдзіна 18 ст.
Да арт. Барока. Манстранц. 1783.
Да арт. Барока. Палац сядзібы ў в. Ручыца (б. Ганута) Вілейскага раёна Мінскай вобл. З малюнка Н.Орды. 1877
Да арт. Барока. Галоўны алтар касцёла францысканцаў у Пінску. 1730-я г.
Да арт. Барока. Інтэр’ер Сафійскага сабора ў Полацку. Каля 1762.

т. 2, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́Я (кар. Часон, літар. краіна ранішняй свежасці),

краіна на У Азіі, на Карэйскім паўвостраве, прылеглай ч. мацерыка і суседніх астравах.

Гісторыя. Тэр. К. заселена чалавекам з часоў позняга палеаліту. Першым дзярж. утварэннем з кар. плямён была дзяржава Часон, якая ў 5—4 ст. да н.э. дасягнула свайго росквіту. У 109 да н.э. яе заваявала кіт. Ханьская дынастыя. У ходзе барацьбы з кіт. заваёўнікамі ў 1 ст. н.э. ўзніклі тры дзяржавы — Кагуро, Пэкчэ і Сіла, якія вызначыліся развіццём матэрыяльнай і духоўнай культуры на аснове кіт. традыцый. У 7 ст. Сіла ў саюзе з кіт. дынастыяй Тан перамагла Пэкчэ і Кагуро і аб’яднала б.ч. Карэйскага п-ва. Узнікненне адзінай дзяржавы спрыяла фарміраванню кар. народнасці. У 9 ст. Сіла распалася на асобныя феад. ўладанні, што ў 935 аб’ядналіся пад уладай дзяржавы Каро (засн. ў 918 Ван Гонам; ад яе паходзіць сучасная еўрап. назва краіны, прынятая ў пач. 20 ст.). Да канца 10 ст. канчаткова склалася цэнтралізаваная феад. дзяржава, якая паспяхова адбівала нашэсці кіданяў (933, 1010—11, 1018—19); у ёй пачаў пашырацца будызм. У выніку няспынных міжусобіц у 1231 у Каро ўварваліся манголы, барацьба з якімі вялася амаль 30 гадоў. У 1259 правіцелі Каро падпарадкаваліся манг. дынастыі Юань, а пасля яе заняпаду (1368) — кіт. дынастыі Мін. З 1392 у К. (зноў наз. Часон) правіла дынастыя Лі, пры якой адбыўся значны эканам. і культ. ўздым, дзярж рэлігіяй стала канфуцыянства. Становішча дзяржавы пагоршылася ў час уварвання яп. (гл. Імдзінская вайна 1592—98) і маньчжурскіх (1-я пал. 17 ст.) заваёўнікаў. У 1637 К. трапіла ў васальную залежнасць ад маньчжурскай дынастыі. У 2-й пал. 17—18 ст. тут пашырылася прыватнае землеўладанне, узніклі рамесніцкія карпарацыі, выраслі буйныя гандл. цэнтры. На пач. 19 ст. ў К. наспеў глыбокі сац. крызіс. У 1811—12 у прав. Пхёнандо ўспыхнула паўстанне сялян, у 1833 — гараджан Сеула, у 1862 адбылося сял. паўстанне. Амаль да канца 19 ст. К. трымалася палітыкі поўнай ізаляцыі ад інш. дзяржаў. Хрысц. місіянеры, якія прыбывалі ў К. ў 18—19 ст., франц. (1866) і амер. (1871) экспедыцыі сутыкаліся тут з моцным супраціўленнем. Толькі ў 1876 К. ўстанавіла кантакты з Японіяй, у 1882 — з ЗША пазней — з Германіяй, Францыяй, Расіяй, Вялікабрытаніяй. Росту яп. ўплыву ў К. беспаспяхова супрацьстаяў Кітай (гл. Япона-кітайская вайна 1894—95). Японіі ўдалося (гл. Руска-японская вайна 1904—05) акупіраваць К. і ў ліст. 1905 навязаць дагавор аб пратэктараце. У 1910 Японія скінула дынастыю Лі, анексіравала краіну і ператварыла яе ў сваю правінцыю. Ва ўмовах жорсткага калан. ўціску ў К. развіваўся нац.-вызв. рух. У сак.крас. 1919 усю краіну ахапіла антыяп. паўстанне (каля 2 млн. удзельнікаў), задушанае яп. калан. ўладамі. Ў крас. 1919 дзеячы незалежніцкага руху на чале з Лі Сын Манам стварылі ў г. Шанхай (Кітай) часовы эмігранцкі ўрад, які на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 беспаспяхова шукаў падтрымкі ідэі незалежнасці К. У 1930-я г. на тэр. Маньчжурыі, дзе жыла значная колькасць карэйцаў, дзейнічалі партыз. атрады. Антыяп. рух асабліва ўзмацніўся ў 2-ю сусв. вайну. На Каірскай канферэнцыі 1943 кіраўнікі ўрада Кітая прынялі рашэнне аб прадастаўленні К. незалежнасці.

У жн. 1945 сав. войскі з дапамогай кар. партызан занялі паўн. частку К. Былі створаны ваен. адміністрацыі: на Пн ад 38-й паралелі — савецкая, на Пд — амерыканская (амер. войскі высадзіліся ў Паўд. К. ў вер. 1945 пасля капітуляцыі яп. войск). Падзел краіны павінен быў мець часовы характар.

Маскоўская нарада 1945 міністраў замежных спраў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі прыняла рашэнне пра заснаванне на тэр. К. адзінай незалежнай дэмакр. дзяржавы. У снеж. 1945 ЗША і СССР стварылі сумесную камісію для сфарміравання агульнакар. ўрада. Аднак камісія спыніла сваю дзейнасць і праблема ўз’яднання К. не была вырашана. Прынцыповая розніца грамадскага ладу, які пасля вайны сфарміраваўся ў паўн. і паўд. ч. краіны, а таксама палітыка іх улад пры падтрымцы ЗША і СССР прывялі да падзелу К. У 1948 у Паўд. К. створана Рэспубліка К. (гл. Карэя Паўднёвая), у Паўн. К. — Карэйская Нар.-Дэмакр. Рэспубліка (гл. Карэя Паўночная), паміж якімі адбылася Карэйская вайна 1950—53.

Літаратура. Да канца 19 ст. стваралася на ханмуне (карэізаваная форма кіт. літ. мовы) і кар. мове. Найстараж. ўзоры л-ры на кар. мове — 25 невял. вершаў (хянга — «песні роднага краю») 7—11 ст. Адначасова развівалася паэзія на ханмуне (лірыка Чхве Чхівона, творы паэтаў-анахарэтаў Лі Іно і Лі Гюбо). Ранняя проза на ханмуне прадстаўлена канфуцыянскім летапісам «Гістарычныя запісы пра тры дзяржавы» Кім Бусіка (12 ст.) і будыйскай жыційнай л-рай («Жыціе Кюнё» Хёк Нёнджона, 11 ст.; «Жыццяпіс выдатных манахаў Краіны на ўсход ад мора», 13 ст.). У 12—14 ст. зарадзілася нац. паэзія — Каро каё («песні Каро»), якая прадоўжыла традыцыі хянга. У 13—14 ст. маст. проза паступова адасобілася ад гістарычнай. Узніклі яса — неафіц. гісторыі («Забытыя падзеі трох дзяржаў» Ірона, 13 ст.) і пхэсоль — проза малых форм (лірыка Лі Джэхёна і інш.). Першы твор на кар. алфавіце — «Ода дракону, які ляціць у нябёсы» (1445). Развіваліся навела (Кім Сісып), алегарычная аповесць (сатырык Лім Джэ). Лепшы ўзор паэзіі і прозы на ханмуне да пач. 15 ст.вял. «Усходняя анталогія» (130 кніг), складзеная ў 1478 Со Гаджонам. У 16—17 ст. вядучае месца ў л-ры займала пейзажная і філас. лірыка, т.зв. паэзія рэк і азёр. Майстрамі сіджо (трохрадкоўе) і каса (вял. паэмы) былі Чон Чхоль і Юн Сандо. Вылучылася патрыят. лірыка Пак Іно У 17—19 ст. папулярнасць набылі аповесці на кар. мове — сасоль: гераічныя («Імджынская хроніка», 17 ст.), сац.утапічныя («Аловесць пра Хон Гільдона», 17 ст.), лірычныя («Аповесць пра Сім Чхон», 18 ст.; «Аповесць пра вернасць Чхунхян», 18 ст.), сатыр. («Аповесць пра зайца», 18 ст.) і інш. Ідэі асветніцтва адлюстраваліся ў творчасці Кім Манджуна — аўтара першага рамана на кар. мове «Воблачны сон дзевяці» (1689), сатыр. навелах і вершах на ханмуне пісьменніка-рэаліста Пак Чывона, паэтаў Чон Ягёна і Кім Саката. Паэзія на кар. мове была сабрана ў анталогіі «Бессмяротныя словы Краіны зялёных гор» (каля 1727) і «Песні Краіны на ўсход ад мора» (1763). У канцы 19 — пач. 20 ст. адбыўся пераход ад сярэдневяковай да новай прозы (асветніцкія раманы Лі Інджыка і Лі Хэджо). Пачынальнікі сучаснай кар. прозы — Лі Гвансу, паэзіі — Чхве Намсон і Кім Ок. Узнікла пралет, л-ра, т.зв. школа новага кірунку (Чхве Сахэ, Кім Саволь). У 1925—35 дзейнічала Карэйская федэрацыя пралет, мастацтва (празаікі Лі Гіен, Чо Мёнхі, Сон Ён, паэты Пак Сеён, Лі Санхва, крытыкі Юн Сепхён і інш.). Атрымаў развіццё рэаліст. раман пра кар. вёску (Лі Гіен). 2-я пал. 1930-х г. — час росквіту гіст. рамана (Хоп Мёнхі, Лі Гвансу), а таксама л-ры «плыні свядомасці» (Лі Сан). У гады 2-й сусв. вайны публікацыі на кар. мове былі пад забаронай.

Архітэктура. Ад эпохі неаліту захаваліся рэшткі квадратных і круглых глінабітных паўзямлянак, ад першых ст. да н.э. — пахавальныя збудаванні (дальмены, магілы ў форме скрыні, пахаванні ў збанападобных пасудзінах і інш.). На тэр. б. дзяржавы Кагуро выяўлена больш за 50 грабніц — манум. падземных збудаванняў, ашаляваных дрэвам (4 ст.) або складзеных з каменных пліт і цэглы (5—7 ст.) з размалёўкамі на столі; на тэр. дзяржавы Сіла — абсерваторыя Чхамсандэ («Вежа зорак», 632—47, выш. 9 м), складзеная з гранітных блокаў у форме бутлі. Аб’яднанне краіны спрыяла інтэнсіўнаму буд-ву гарадоў, у якіх прыёмы рэгулярнай забудовы, планіроўка кварталаў, вуліц з улікам рэльефу мясцовасці, выкарыстанне ландшафту нагадвалі кіт. горадабудаўніцтва. З пашырэннем будызму пачалі будаваць каменныя храмавыя ансамблі і пагады простай і лаканічнай формы: пячорны 2-зальны храм Сакурам (742—64), комплекс Пульгукса (751, перабудаваны ў 1350) з пагадамі Табатхап (751) і Сакатхап (761) — усе каля Кёнджу. У эпоху дзяржавы Каро (918—1392) узводзілі культавыя і грамадз, будынкі ўскладненай формы з багатым дэкар. убраннем: храм Кваным (980), пагада Ханмётхап храма Папчонса ў Сеуле (1085), палац уладароў Манвальдэ ў Кэсоне (918, зруйнаваны ў 1361). Пры дынастыі Лі (1392—1910) будавалі шыкоўныя садова-паркавыя ансамблі палацаў (Кёнбакун у Сеуле, 1395, разбураны ў 1592, адноўлены ў 19 ст., у 1950—53 зноў разбураны), што складаліся са шматлікіх невял, пабудоў з масівамі ярусных дахаў, аб’яднаных дварамі і аздобленых размалёўкамі, разьбой па дрэве і камені. Раскошай вылучаюцца храм Гандоса (16 ст., пав. Янсань, прав. Кёнсан-Намдо), мармуровая пагада храма Вангакса ў Сеуле (1464). Нар. жыллё К. — нізкі 1-павярховы дом — «чып» (з каменю, гліны, дрэва) з тэрасай і адмысловай ацяпляльнай сістэмай пад падлогай («андоль»), упрыгожаны размалёўкамі шматколерным нац. арнаментам. У час яп. панавання будавалі пад уплывам тагачаснай еўрап. архітэктуры і яп. дойлідства.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад эпохі неаліту захавалася кераміка, у т. л. пасудзіны з грабеньчатым і хвалепадобным арнаментам, таўстасценныя гаршкі і вастрадонныя вазы з геам. арнаментам, глянцавы посуд, пакрыты лакам і інш. З першых стагоддзяў да н.э. вядомы метал. прылады і гліняныя пасудзіны са штампаваным арнаментам. Маст. культура К., якая ўспрыняла ўплывы Кітая і зрабіла ўздзеянне на мастацтва Японіі, склалася ў пач. н.э. Будызм прыўнёс у культуру К. іерагліфіку, шаўкаткацтва, скульптуру. У грабніцах 3—7 ст. захаваліся размалёўкі мінер. фарбамі па сухім грунце з адлюстраваннем гіст. падзей, быт. сюжэтаў, партрэтаў, фантастычных і міфалагічных выяў. Дэкар. мастацтва прадстаўлена глінянымі неглазураванымі пасудзінамі (часам у выглядзе коннікаў, дамоў і інш.), метал, вырабамі (бронз. люстэркі, залатыя кароны), дэкар. цэглай з ціснёнымі выявамі дэманічных масак, птушак, элементаў пейзажу. Скульптура 7—10 ст. вызначаецца адыходам ад схематычнай умоўнасці, адухоўленасцю вобразаў і мяккасцю форм, уплывамі канонаў будыйскай пластыкі Кітая і Індыі (бронз. пазалочаная статуя Буды Майтрэі, пач. 7 ст.; гранітная статуя Буды і гарэльеф бадгісатвы Каным з храма Сакурам, 8 ст.). Пашырылася традыцыя выканання ідалападобных выяў воінаў, саноўнікаў, жывёл і інш. каля пахаванняў уладароў (Кёнджу), якім уласціва манументальнасць груба абагульненых форм. Дэкар.-прыкладное мастацтва прадстаўлена апрацоўкай каменю, металу, шаўкаткацтвам, традыц. лакавымі вырабамі, пляценнем з валокнаў бамбуку, травы і інш. У 10—14 ст. пашырыліся манум. скульптура, форма якой зводзілася да кананічнай франтальнасці (статуя Буды Майтрэі, 10 ст., пав. Пансан прав. Чхунчхон-Намдо), жывапіс тушшу і вадзянымі фарбамі на скрутках (Лі Нэн, 12 ст.), сімвалізаваныя і абагульненыя размалёўкі храмаў і пахаванняў, вырабы з каменнай масы, аздобленыя інкрустацыяй з чорнай і белай гліны, пакрытыя блакітна-зялёнай глазурай. Росквіту дасягнула мастацтва фарфоравых вырабаў (посуд у выглядзе гарбуза, грушы, пладоў граната і інш.), якія аздаблялі размалёўкай, гравіроўкай, рэльефнымі накладкамі («санхен» — выявы кветак і птушак, «хвагым» — залатыя арнаменты, «самун» — гладкі недэкарыраваны і інш.), і глазураваная кераміка «селадон» вытанчаных адценняў, мяккіх тонаў шаравата-зялёна-блакітных колераў. Выраблялі таксама бронз. люстэркі і званочкі, мініяцюрныя мадэлі храмаў і пагад, залаты, сярэбраны посуд і інш. У 14—19 ст. у выяўл. мастацтве дамінаваў жывапіс, існавала ўстанова Тахвасо, якая выконвала функцыі акадэміі жывапісу. З 14 ст. вядома гравюра на дрэве. Сярод мастакоў 15—17 ст. пейзажысты Ан Гён, Кан Хіян, Кім Сік, Чон Сен, жанрыст Юн Дусо, майстар жанру «кветкі-птушкі» Лі Ам. У 18 ст. працавалі жанрысты, пейзажысты і партрэтысты Кім Хандо, Кім Дыксін, Сін Юнбок, анімалісты Сім Саджон, Пён Санбёк. У 19 ст. ў традыц. жанры «кветкі-птушкі» працавалі Чан Сыноп, Нам Геу, паявіўся алейны жывапіс. Удасканальвалася мастацтва фарфору і керамікі (з размалёўкай кобальтам). У перыяд яп. акупацыі працягвалі развівацца традыц. нац. віды дэкар. мастацтва: лакі, фарфор, кераміка, пляценне з трыснягу, бамбуку, вышыўка і інш. У 1925—35 існавала Кар. федэрацыя пралет. мастацтва, гал. мэтай якой было адлюстраванне барацьбы кар. народа за незалежнасць.

Музыка К. блізкая да стараж. муз. традыцый Д. Усходу. Для яе характэрна апора на пентатоніку. З 15 ст. выкарыстоўваецца і кіт. сістэма 12-ступеннага роўнатэмпераванага гукараду люй-люй. У метрыцы пераважаюць 3-дольныя памеры (​3/4, ​12/8 і інш.). У 8—2 ст. да н.э. спевы і танцы ў суправаджэнні бронзавых барабанаў, званоў і гонгаў адыгрывалі вял. ролю ў рытуальных святкаваннях. Станаўленне традыц. форм адносіцца да 3—9 ст. У прыдворных цырыманіялах удзельнічалі мнагаскладавыя аркестры (больш за 100 інструментаў), выконваліся гімны, оды, танцы, наладжваліся тэатр. паказы. У 10—14 ст. сярод відаў прыдворнай музыкі — аак («вытанчаная музыка»), тэчвіт а (ваен. музыка ў час выездаў імператара), іалэк (музыка банкетаў). Муз. культура К. вылучалася сярод інш. краін Д. Усходу развітасцю танц. традыцый у суправаджэнні вак. і інстр. кампазіцый на цытрах каягым, камунга, лютні піпха (стваральнікі Ван Санак, Урык, Ок Паго; 6—8 ст.). У 6 ст. з’явіўся жанр хянга («песні роднага краю»). З пашырэннем будызму ў К. складваліся кар. традыцыі будыйскай рытуальнай музыкі. У 14 ст. засн. спец. муз. палата Акі тагам (пазней Чанагвон). У 15 ст. кананізаваны віды прыдворнай музыкі, адрадзіліся ўзоры аак, павялічыўся склад прыдворных аркестраў (да 400 чал.), уніфікаваны муз. інструменты (да 65 відаў). Сярод інструментаў: стр. шчыпковыя сыль, тэджэн (тыпу гусляў), канху (тыпу арфы); стр. смычковыя аджэн, хэгым (тыпу скрыпкі); духавыя тэгым (або чатэ), танджок, чы (папярочная флейта), со (мнагаствольная флейта), тансо (свірасцёлка), хянпхіры, сепхіры (тыпу габоя); ударныя барабаны чанга (2-баковы), чунга (1-баковы гарыз.), 6- і 8-гранныя чвага і ёнга. Удасканальваліся сістэмы натацыі, запазычаныя з Кітая (юлчапо і арыгінальныя юкпо і ёнумпё). У 1493 Сон Хёнам і інш. створана муз. энцыклапедыя «Акхак квебом» («Асновы навукі аб музыцы», т. 1—9). Школы ігры на інструментах узначальвалі Тэахян, Акіхян (каягым), Аян (камунга), Соль Вон (чанга), Кім Сон (піпха) і інш. Традыц. муз. творчасць вылучаецца разнастайнасцю лакальных стыляў, арганічным спалучэннем спеваў і інстр. ігры, танца і тэатр. пантамімы, акрабатыкі. Яе ўзоры прадстаўлены ў музыцы шаманскіх рытуалаў муак (рэчытацыі, спевы, танцы) у суправаджэнні інстр. кампазіцый сінаві, у «сял. музыцы» нанак (гонгі, барабан чанга, ражок напхаль, або род кларнета налары). У 17—18 ст. былі пашыраны шматлікія рэгіянальныя разнавіднасці сял. песень мінё. У 15—16 ст. з развіццём муз. жыцця гарадоў складваліся віды, жанры і стылі вак.-інстр. камернай музыкі чанак (шматчасткавыя інстр. сюіты ў выкананні невял. інстр. ансамбляў, вак. кампазіцыі кагок, кароткія песні сіджо). З 2-й пал. 19 ст. хатняе музіцыраванне ператварылася ў своеасаблівыя канцэрты, дзе выконвалася інстр. музыка ў стылі санджа — шматчасткавых сольных кампазіцый для камунга (школа Кім Юндака), каягыма (Кім Чукпха), пхіры і інш. у суправаджэнні чанга. Да 19 ст. сфарміраваліся шматлікія віды муз. т-ра (марыянетак, танц. і танц.-драм. спектаклі ў масках, тэатралізаваны паэт. сказ і інш.). Тэатралізаваны сказ пхансары (з 18 ст.) уключаў арыі і песні на аснове рытмічных (чхандан) і меладычных (чхо) мадэлей, размоўную гаворку і драм. дзеянне. У 2-й пал. 19 ст. зарадзілася кар. нац. муз. драма чхангык (заснавальнік Сін Джэхён). З пашырэннем хрысціянства ў 17—18 ст. развіваюцца традыцыі культавых каталіцкіх спеваў. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў муз. культуру К. пранікла зах.-еўрап. музыка, узніклі ваен. духавыя аркестры зах. тыпу, складваецца песенны жанр пансанхва. У 1927 засн. Саюз кар. музыкантаў (у складзе Кар. федэрацыі пралет. мастацтва).

Тэатр. Вытокі тэатра К. ў стараж. хар. песнях-танцах. У 14—15 ст. узніклі нар. т-р масак (камёнгык), т-р лялек (інхёнгык) і вял. камед. паказы (сандэгык), развіццю якіх садзейнічалі нар. акцёры квандэ. У познім сярэдневякоўі ўзнік размоўны т-р (хвагык). Станаўленне прафес. т-ра прыпадае на канец 19 — пач. 20 ст. і звязаны з імем Сін Джэхё. У прафес. т-ры «Вангакса» (1901), «Хёксіндан» (1911), «Кванмудэ» (1912) нац. традыцыі спалучаліся з еўрапейскімі. У 1921 кар. студэнты, якія вучыліся ў Японіі, стварылі трупу «Саюз драматычнага мастацтва». У 1925 створана Кар. федэрацыя пралет. мастацтва, куды ўвайшлі і тэатр. дзеячы. На пач. 1930-х г. узніклі аматарскія і прафес. тэатр. калектывы: «Мачхі», «Тэатр будучыні» ў Пхеньяне, «Вулічны тэатр» у Тэгу, «Масавы тэатр» у Кэсоне, т-ры «Чханбок», «Новае будаўніцтва», «Мегафон», «Новае мастацтва», якія ставілі кар. класіку і творы сучасных кар. драматургаў Сон Ёна, Нам Гунмана, рус. класіку. Дзейнічала Т-ва драм. мастацтва ў Масане. З сярэдзіны 1930-х г. кар. т-ры закрываліся, акцёрам дазвалялася выступаць у яп. рэпертуары і пад яп. прозвішчамі; спектаклі ставіліся на яп. мове.

Кіно. Першы фільм «Клятва пры месяцы» зняты ў 1921 рэж. Юн Бэнамам. У 1923—24 у Пусане пад кіраўніцтвам Юн Бэнама працавала т-ва «Пусан Часон кінема», дзе ён паставіў фільм «Першаадкрывальнікі» (1924). Кінагрупа кінасекцыі Кар. федэрацыі пралет. мастацтва (створана ў 1925) выпусціла некалькі рэаліст. стужак пра жыццё К. пад яп. прыгнётам, у т. л. «Бадзяга» (1927), «Змрочная вуліца», «Цёмны шлях» (абедзве 1928). Выходзілі фільмы і інш. рэжысёраў: «Бык без рагоў» рэж. Кім Тхэджына (1927), «Арыран» (1926), «У пошуках кахання» (1928), «Паром без кахання» (1932) рэж., сцэнарыста і акцёра На Унгю. З сярэдзіны 1930-х г. у К. стала пашырацца яп. кінапрадукцыя, пачалі дэманстравацца ням., італьян. фільмы.

Літ.:

История Кореи. Т. 1—2. М., 1974;

Еременко Л., Иванова В. Корейская литература: Краткий очерк. М., 1964;

Тэн А.Н. Традиции реализма в корейской классической литературе. Алма-Ата, 1980;

Корейское классическое искусство: Сб. ст. М., 1972;

Глухарева О.Н. Искусство Кореи с древнейших времен до конца XIX в. М., 1982.

С.В.Логіш (літаратура), Я.Ф.Шунейка (выяўленчае мастацтва), Г.У.Шур (кіно).

Да арт. Карэя. Святыня ў адным з храмаў комплексу Пульгукса.
Да арт. Карэя. Храм Пульгукса каля г. Кёнджу. 8 ст.
Да арт. Карэя. Павільён Тэун з будыйскага храма Кваным. 980.
Да арт. Карэя. Чырвоная птушка (чуджак) — ахоўнік Поўдня. Размалёўка Вялікай грабніцы. Фрагмент. 565.
Да арт. Карэя. Ваза «Тысяча журавоў». Канец 12 ст.
Да арт. Карэя. Буда Амітабха. Каля 700.
Да арт. Карэя. Невядомы мастак. Партрэт Лі Даксу. 18 ст.
Да арт. Карэя. Сін Юнбок. Жаночы час візіту. Канец 18 — пач. 19 ст.
Да арт. Карэя. Бронзавы посуд. 17 ст.
Да арт. Карэя. Бронзавы посуд. 17 ст.

т. 8, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)