ЛЯНО́К (Brachymystax lenok),

рыба сям. ласасёвых. 1 від роду лянкоў. Пашыраны ў рэках і горных азёрах Сібіры і Д. Усходу.

Даўж. да 70 см, маса да 8 кг. Цела цёмна-бурае або чарнаватае з залацістым адценнем. Бакі і плаўнікі ў чорных плямках. Луска дробная. Корміцца дробнай рыбай, лічынкамі насякомых, малюскамі. Пасля нерасту гіне. Аб’ект промыслу.

Лянок.

т. 9, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАТЫ́ПІЯ,

від друкаванай графікі, у якім алейныя фарбы ад рукі наносяцца на ідэальна гладкую паверхню метал. друкарскай формы. Друкаванне робіцца па ўвільготненай паперы, атрыманы адбітак адзін (унікальны). Творам уласцівы прыгожая фактура, багацце колеравых спалучэнняў. Існуе таксама аднаколеравая М., пераважна чорная. Тэхніка М. вядома з 17 ст., пашырана з канца 19 ст.

Да арт. Манатыпія. Р.​Кудрэвіч. Волагда. Сафія. 1960.

т. 10, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РФА (ад грэч. morphē від, форма),

група фенатыпаў унутры віду або папуляцыі, што рэзка вылучаецца знешнім выглядам, напр., альбіносы і меланісты пазваночных жывёл, рыжавалосыя асобіны (храмісты) у еўрапеоіднай расе чалавека і інш. Віды і папуляцыі, што маюць М., наз. паліморфнымі. Часам М. наз. сезонныя (асеннія, веснавыя) формы некат. насякомых, азёрныя і рачныя формы некат. рыб (напр., стронгі).

т. 10, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДАРО́ЖЧЫНА,

від феад. павіннасці ў ВКЛ у 16—18 ст. Бралася феадалам з сялян як грашовы эквівалент падводнай павіннасці, паводле якой сяляне абавязаны былі даваць землеўладальнікам падводы для перавозкі прадукцыі да рачных прыстаней і ў горад. Памер вызначаўся паводле мясц. звычаю і фіксаваўся ў інвентарах. Часам П. — разнавіднасць грашовага чыншу, які плаціў кожны сял. двор (т.зв. падвароўшчына).

т. 11, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЭ́ЛЬНАЕ АЦЯПЛЕ́ННЕ,

від цэнтральнага ацяплення, пры якім цяпло ў памяшканне перадаецца ад нагрэтых паверхняў ацяпляльных панэлей, размешчаных у сценах, перагародках, часам у падлозе. Унутры бетонных панэлей размяшчаюць стальныя трубы ці чыгунныя ўкладышы, па якіх цыркулюе гарачая вада, пара або (радзей) паветра. Існуюць таксама панэлі з электранагравальнымі элементамі. Вызначаецца высокімі сан.-гігіенічнымі якасцямі. Выкарыстоўваецца ў грамадскіх, прамысл. і жылых памяшканнях.

т. 12, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУХО́МЫ ТРАТУА́Р, пасажырскі канвеер,

дапаможны від гар. транспарту для пазавулічнага перамяшчэння пешаходаў. Уяўляе сабой канвеер у выглядзе гібкай стужкі ці пласцін (звёнаў). Прымацоўваецца да цягавага ланцуга, які рухаецца на роліках са скорасцю да 6 м/с (даўж. да 100 м, шыр. стужкі да 2,6 м). Выкарыстоўваецца ў метро, грамадскіх будынках, вакзалах, аэрапортах, магазінах, стадыёнах і інш.

т. 13, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАБО́ДНЫЯ ВАГА́ННІ, уласныя ваганні,

від ваганняў, якія адбываюцца ў фіз. сістэме без знешняга ўздзеяння за кошт першапачаткова нададзенай энергіі (патэнцыяльнай ці кінетычнай). Характар С.в. вызначаецца ўласнымі параметрамі сістэмы (масай, індуктыўнасцю, эл. ёмістасцю, пругкасцю і інш.). У рэальных сістэмах С.в. затухальныя з-за рассеяння энергіі, а пры вялікіх яе стратах — аперыядычныя. У лінейных сістэмах С.в. — суперпазіцыя нармальных ваганняў.

т. 14, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫШЧАЦІ́ННІК (Trisetum),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых (злакавых). Каля 60 відаў. Пашыраны ў нетрапічных паясах. На Беларусі 1 від — Т. сібірскі (T. sibiricum). Трапляецца па вільготных лугах, у лясах, хмызняках.

Т. сібірскі — шматгадовая травяністая карэнішчавая расліна выш. 15—150 см. Сцябло прамастойнае, голае. Лісце лінейнае, па жылках шурпатае. Каласкі — 2—3-кветныя, суквецце — мяцёлка. Плод — зярняўка. Кармавая, дэкар. расліна.

т. 16, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАГЕНЕ́ТЫКА (ад грэч. phylē племя, род, від + генетыка), біягенеалогія,

навука аб паходжанні і шляхах эвалюцыі асобных органаў, пэўных сістэм. груп арганізмаў (філагенезе), вобласць ведаў аб працэсе філагенезу і яго заканамернасцях; таксама раздзел генетыкі, які вывучае пераўтварэнні генет. матэрыялу і яго элементаў. Напр., мутацыі генаў, перакамбінацыі храмасом у працэсе палавога размнажэння, змены генет. саставу папуляцый і інш.

т. 16, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧВЭРЦЬТО́НАВАЯ СІСТЭ́МА чвэрць тонавая гама ў музыцы,

від мікрахраматыкі, дзе актава дзеліцца на 24 часткі, а кожны паўтон — на 2 чвэрцьтоны. Натацыя Ч.с.: 𝇫 = ​1/4тону ↑, 𝇬 = ​3/4 ↑, <SIGN> = ​1/4 тону ↓, <SIGN>= ​3/4 ↓ і г.д. Інтэрвалы Ч.с. былі пашыраны ў старажытнасці (энармоніка), адрадзіліся ў 16 ст., выкарыстоўваюцца з 20 ст. (К.​Пендарэцкі, А.​Хаба, інш. сучасныя кампазітары).

т. 17, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)