падатрад лускаватых кл. паўзуноў, або рэптылій. 3 інфраатр.: чэрвепадобныя, ніжэйшыя і вышэйшыя. 12 сям., найб. вядомыя аспіды, вужовыя, гадзюкавыя, марскія змеі, пітоны, слепазмейкі (слепуны), удавы і інш. Больш за 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Большасць З. вядуць наземны спосаб жыцця, часцей у густым раслінным покрыве, кронах дрэў, многія ў пустынях, некат. ў прэсных вадаёмах і морах. На Беларусі 3 віды: вуж звычайны, гадзюка звычайная, мядзянка. 26 відаў і падвідаў у Чырв. кнізе МСАП, 1 від (мядзянка) — у Чырв. кнізе Рэспублікі Беларусь.
Даўж. ад 8 см да 11,5 м (анаконда). Цела вузкае, выцягнутае, укрытае луской і рагавымі шчыткамі. З. ліняюць некалькі разоў за год; вонкавы рагавы слой скуры (выпаўзак) скідваецца звычайна цалкам. Вочы без павек, звонку суцэльная празрыстая абалонка, якая аддзяляецца пры ліньцы разам са старым слоем скуры. Язык доўгі, раздвоены, які памылкова прымаюць за джала. Зубы тонкія, вострыя, загнутыя назад. У ядавітых З. зубы на верхняй сківіцы ядавітыя з баразёнкай або каналам для сцёку яду. Размнажаюцца адкладваннем яец, некат. — яйцажывародныя. Кормяцца насякомымі, рыбай, земнаводнымі, паўзунамі, птушкамі, млекакормячымі. Скуру некат. З. выкарыстоўваюць у гарбарнай прам-сці, яд — у медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТА́ВА (італьян. ottava ад лац. octava восьмая) у акустыцы, пазасістэмная безразмерная адзінка частотнага інтэрвалу. Абазначаецца — акт. 1 акт. — інтэрвал паміж дзвюма частотамі, лагарыфм адносіны якіх пры аснове 2 роўны адзінцы, што адпавядае адносіне верхняй гранічнай частаты да ніжняй гранічнай частаты, роўнай 2.
У музыцы, 1) восьмая ступень дыятанічнага гукарада. Мае аднолькавую назву з зыходнай, аднародная з ёю ў гучанні, але адрозніваецца вышынёю.
2) Самы нізкі па вышыні з абертонаў, якія ўваходзяць у склад кожнага гуку; лічбы ваганняў актавы і зыходнага гуку суадносяцца як 2:1.
3) Частка муз. гукарада, якая ўключае 7 асн. ступеняў дыятанічнага гукарада ці 12 гукаў (паўтонаў) храматычнай гамы ад «до» да «сі». Усяго ў муз. гукарадзе 7 поўных і 2 няпоўныя актавы: субконтрактава (3 верхнія гукі — A2, B2, H2), контрактава, вялікая, малая, 1-, 2, 3, 4, 5-я (адзін ніжні гук — C5) актавы. Найб. поўнае ўяўленне пра падзел гукавой шкалы на актавы дае клавіятура фп. (гл.рыс.).
4) Інтэрвал, які ахоплівае 8 ступеняў дыятанічнага гукарада і складаецца з 6 цэлых тонаў.
5) Назва самага нізкага баса (актавіст) у практыцы харавых спеваў.
У паэзіі — васьмірадковая страфа з цвёрдым спалучэннем рыфмы: першыя 6 радкоў аб’яднаны дзвюма перакрыжаванымі рыфмамі, а 2 апошнія — сумежнымі (АбАбАбвв), з чаргаваннем мужчынскіх і жаночых клаўзул. Узнікла ў італьян.нар. паэзіі, росквіту дасягнула ў эпоху Адраджэння (Л.Арыёста, Т.Таса, Л.Камоэнс). Актавай напісаны «Дон Жуан» Дж.Байрана, «Домік у Каломне» А.Пушкіна. У бел. паэзіі да актавы ўпершыню звярнуліся Я.Купала («Спроба актавы») і М.Багдановіч («Актава»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІТА́РА (ісп. guitarra ад грэч. kithara кіфара, цытра),
струнны шчыпковы муз. інструмент тыпу лютні. Сучасная гітара складаецца з драўлянага корпуса з глыбокімі выемкамі па баках і плоскімі дэкамі (на верхняй — круглая рэзанатарная адтуліна), шыйкі з грыфам (на грыфе 19—24 метал. лады), галоўкі з калкамі. Струны (6) металічныя ці нейлонавыя (адпаведна 4 ці 3 ніжнія абвіты метал. каніцеллю), часам двайныя рады струн (2 верхнія настройваюцца ва унісон, 4 ніжняя — у актаву). Звычайная настройка: E(D)-A-d-g-h-e1 (натуецца на актаву вышэй). З пач. 19 ст. вядома 7-струнная, т.зв. руская гітара квартава-тэрцавай настройкі: D-G-н-d-g-h-d1. Гукарад храматычны. Прыёмы гуказдабывання: шчыпок вял. пальцам ніжніх струн, указальным, сярэднім і безыменным — верхніх, бразганне па ўсіх струнах, зашчыпванне плектрам. Гучанне гітары мяккае, тэмбрава разнастайнае, добра спалучаецца з чалавечым голасам і некат. муз. інструментамі. Выкарыстоўваецца як сольны інструмент і для акампанементу.
Інструменты тыпу гітары былі вядомы ў Іспаніі з 13 ст. У інш. краінах Еўропы гітара пашырана з сярэдзіны 18 ст. Да таго часу адносяцца і найб. раннія сведчанні пра яе на Беларусі (выява на фрэсках Слонімскай сінагогі). Спачатку бытавала сярод магнатаў і шляхты, у 19 ст. — інш. слаёў насельніцтва. З 1920—30-х г. у бел.нар.муз. практыцы разам з мандалінай, балалайкай, скрыпкай і басэтляй уключалася ў склад т.зв. струннай музыкі. У апошні час у эстраднай музыцы і джазе выкарыстоўваюць электрагітары з некалькімі гуказдымальнікамі і т.зв. тэмбраблокам. Сярод вядомых прафес. гітарыстаў А.Сеговія, А.Сіхра, А.Іваноў-Крамской, з бел. — Я.Грыдзюшка, У.Захараў, В.Жывалеўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІМАНТА́Н (Kalimantan),
Барнео, востраў у Малайскім архіпелагу, найбольшы з Вялікіх Зондскіх астравоў. Большая ч. вострава ўваходзіць у склад Інданезіі, на Пн частка тэр. Малайзіі (штаты Саравак і Сабах) і султанат Бруней. Абмываецца морамі Паўд.-Кітайскім, Сулу, Сулавесі, Яванскім, пралівамі Макасарскім і Карымата. Пл. 734 тыс.км², з прыбярэжнымі астравамі 746,5 тыс.км². Даўж. з ПдЗ на ПнУ каля 1100 км. Нас. 9,1 млн.чал. (1990). Берагі слаба расчлянёныя, нізінныя, забалочаныя. Бухтаў мала. Рэльеф пераважна горны. У цэнтр.ч. і на ПнУ глыбавыя нагор’і (г. Кінабалу 4101 м) і ўзгоркавыя плато. На ўзбярэжжах Пд і 3 нізіны. Геал. будову К. складаюць на ПнЗстараж. дамезазойская Зондская платформа, на Пд і У кімерыйская і альпійская складкавасці. Горы складзены з гранітаў, гнейсаў і крышт. сланцаў, нізіны — з алювіяльных адкладаў. Радовішчы нафты, газу, каменнага вугалю, жал. і поліметал. руд. Клімат экватарыяльны. Т-ра на раўнінах 25—27 °C. Ападкаў 2000—3500 мм, у гарах да 5000 мм за год. Рэкі кароткія, паўнаводныя (найб. Капуас, Барыта, Махакам), у верхняйч. парожыстыя, з вял. запасамі гідраэнергіі, у ніжняй — суднаходныя. Значная ч. вострава занята экватарыяльнымі лясамі (гілеямі) да выш. 1200—1500 м. Сярод лясной расліннасці пераважаюць дыптэракарпавыя, фікусы, пальмы, дрэвападобныя папараці, бамбук. Шмат ліян і эпіфітаў Вышэй 1500 м — субтрапічная і барэальная флора. Уздоўж узбярэжжаў мангравыя зараснікі. Сярод фауны трапляюцца чалавекападобныя (арангутангі) і інш. малпы, сланы, насарогі, тапіры, дзікі, птушкі, паўзуны і земнаводныя Вырошчваюць рыс, каўчуканосы, алейныя пальмы. Буйныя гарады: Пантыянак, Банджармасін (Інданезія), Кучынг (Малайзія), Бандар-Серы-Бегаван (Бруней).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЎРЫШАЎСКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,
бел рукапісны помнік 1-й пал. 14 ст. Напісана для Лаўрышаўскага манастыра ўставам на пергаменце царк.-слав. мовай. Тэкст размешчаны ў 2 калонкі. Мае 374 нумараваныя старонкі. Змяшчае кананічны тэкст 4 евангельскіх кніг Новага запавету, што ўзыходзіць да стараж.-рус. традыцыі, дастасаваны да царк. службы (т. зв. апракас), а таксама 14 разгорнутых запісаў 14—16 ст. пра ўклады ў манастыр землямі, дваровымі людзьмі, збожжам, грашамі з упамінаннем мясц. прозвішчаў і геагр. пунктаў. Укладныя запісы перамяжоўваюцца ўстаўкамі на старабел. мове і маюць сціслыя каментарыі 16—17 ст. на бел. і польск. мовах. Кніга аздоблена вял. колькасцю па-мастацку выкананых ініцыялаў у тэраталагічным стылі і 19 мініяцюрамі на евангельскія сюжэты, некаторыя — складаныя шматфігурныя кампазіцыі. Пераплёт зроблены з дошак, абцягнутых аксамітам. На пераплёце замацаваны адзін з самых стараж.бел. абкладаў. На верхняй вокладцы 4 навугольнікі з бірузой. Іх краі аздоблены суцэльным карункавым арнаментам. У цэнтры абклада на сярэбранай пласціне выява святога з дзідаю і шчытом. Некат. даследчыкі лічаць, што ў вобразе святога ўвасоблены заснавальнік Лаўрышаўскага манастыра Войшалк, на думку інш. даследчыкаў — гэта Дзмітрый Салунскі. Сярэднік на ніжняй вокладцы — пазалочаны крыж-распяцце. Кніга рэстаўрыравана ў 1887. Зберагаецца ў б-цы імя Чартарыйскіх у Кракаве.
Літ.:
Щапов Я.Н. Восточнославянские и южнославянские рукописные книги в собраниях Польской Народной Республики. М., 1976. С. 78—85;
Свентицкий И.С. Лаврашевское Евангелие начала XIV в.: (Палеогр.-граммат. описание) // Изв. отд.Рус. яз. и словесности имп. Академии наук. СПб., 1913. Т. 18, кн. 1.
А.М.Пяткевіч.
Лаўрышаўскае евангелле. Пераплёт з абкладам (16 ст.?).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАПО́ЛЬШЧА (Małopolska),
гістарычная вобласць Польшчы ў бас.верхняй і сярэдняй Віслы, у межах сучаснага Малапольскага ваяводства. У 9 ст. месца рассялення віслян і інш. плямён.
У 9—10 ст. землі М. ўваходзілі ў Вялікамараўскую дзяржаву і Чэшскае княства, з канца 10 ст. ў складзе стараж.-польскай дзяржавы Пястаў. Назва «М.» ўзнікла ў 14—15 ст. у адрозненне ад Вялікай (Старой) Польшчы (гл.Велікапольшча). У 11 ст. на тэр. М. існавалі 2 зямлі (правінцыі): Кракаўская з г. Кракаў (з 1040 сталіца Польшчы) і Сандамірская. У выніку распаду дзяржавы на ўдзелы абедзве зямлі ператварыліся ў княствы (пераважна належалі аднаму князю і ўтваралі ўдзел М.). Пасля ўз’яднання Польскай дзяржавы ў пач. 14 ст. з абодвух княстваў утвораны ваяводствы. У 1474 з Сандамірскага ваяв. вылучана Люблінскае ваяв., у 1564 да Кракаўскага ваяв. далучаны Асвенцімскае і Заорскае княствы. Пры падзеле Польшчы на правінцыі ў 1589 да М. далучаны ўкр. землі (ваяводствы Рускае, Валынскае, Падольскае, Брацлаўскае і Кіеўскае). У 14—16 ст. М. адна з найб. эканамічна развітых абласцей Польшчы, адыгрывала дамінуючую паліт. ролю ў дзяржаве. У 15 ст. шляхце М. і Велікапольшчы надаваліся асобныя прывілеі, існавалі 2 асобныя генеральныя сеймікі (для М. ў Новым-Корчыне). У выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай б.ч. М. далучана да Аўстрыі, ваяводствы Кіеўскае, Брацлаўскае і Падольскае — да Расіі. З 1809 паўн.ч. М. ў складзе Варшаўскага герцагства, з 1815 — Каралеўства Польскага. У 1815—46 на тэр. Кракава з акругай існавала Кракаўская рэспубліка, у 1846 уключаная ў склад Аўстрыі. З 1918 уласна М. ў складзе адноўленай Польскай дзяржавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАРЫ́ЦКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення ў зах. Палессі. Бытаваў у 19 — сярэдзіне 20 ст. пераважна ў Маларыцкім і на Пд Кобрынскага р-наў Брэсцкай вобл. Адметны архаічнасцю, класічнай завершанасцю форм адзення, арыгінальнымі галаўнымі ўборамі замужніх жанчын, выкарыстаннем багата аздобленых дэкар. тканін. Летні жаночы гарнітур складалі кашуля, спадніца, фартух. Кашулю шылі з прамымі плечавымі ўстаўкамі і адкладным каўняром. Аздаблялі чырвона-карычневым геам. арнаментам, скампанаваным у папярочныя палосы ў верхняй частцы рукава, на плячах, манішцы і па краі каўняра. Гарманічным спалучэннем натуральнага колеру бела-шэрай і карычнева-чырвонай воўны, белага лёну і пянькі вылучаюцца пругкія накшталт лямцу святочныя спадніцы — буркі, характэрныя толькі для М.с. Фартух (1- і 2-полкавы) часта меў дэкар. вышытыя завязкі. Падпяразвалі спадніцу тканым на кроснах чырвоным поясам. Асаблівую пластычную выразнасць касцюму надавала намітка, якая, у адрозненне ад намітак інш. строяў, багата аздаблялася вышыўкай: разеткамі-зоркамі на адным рагу і ўзорыстымі шлякамі на трох краях. Своеасаблівай маляўнічасцю галаўнога ўбору (каробачка-лямец, аздобленая рознакаляровымі паскамі саціну, шоўку, тасёмкамі, пацеркамі і двума пукамі-рожкамі пярэстарасфарбаванага пер’я) вызначаўся касцюм свацці. Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожанні — пацеркі, крыжыкі, лычманы (3, 5, 7 круглых медальёнаў-абразкоў, прымацаваных да тасёмкі). У мужчынскі гарнітур уваходзілі кашуля навыпуск, пояс і нагавіцы. Пашыраны галаўны ўбор — саламяны капялюш. Верхнім адзеннем былі світы-латушкі з белага, шэрага або цёмна-карычневага валенага сукна, кажухі.
Літ.:
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;
Яго ж. Мастацтвазнаўча-этнаграфічнае раянаванне Беларускага Палесся // Помнікі старажытнабеларускай культуры: Новыя адкрыцці. Мн., 1984.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Маларыцкі строй. Традыцыйны касцюм замужніх жанчын. Вёска Кураж Маларыцкага раёна Брэсцкай вобл. 1920-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ БАРЫСАГЛЕ́БСКАЯ ЦАРКВА́, Каложская царква,
помнік мураванай стараж.-рус. архітэктуры, адзін з помнікаў Гродзенскай школы дойлідства. Пабудаваны ў 2-й пал. 12 ст. ў Гродне на высокім правым беразе Нёмана, побач з замкавай гарой, на тэр.б. Каложскага пасада. Часткова разбурана ў 1853 у выніку апоўзня, паўд. апсіда абвалілася ў 1889. Праведзены работы па кансервацыі (1910 і 1935) і кансервацыйна-рамонтныя (1970, 1985—87). Захаваліся паўн. і частка зах. Сцяны, 3 апсіды і 2 зах. круглыя (дыяметр каля 1,2 м) падкупальныя слупы.
Цагляны 6-слуповы 3-апсідны крыжова-купальны храм. Даўжыня каля 21,5 м, шыр. 13,5 м. Таўшчыня сцен каля 1,2 м. Сцены складзены з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі. Фасады ўпрыгожаны лапаткамі ступеньчатага профілю, устаўкамі з гранітных і гнейсавых камянёў розных адценняў са шліфаванай вонкавай паверхняй, рознакаляровымі паліванымі керамічнымі пліткамі. У верхняйч. сцен вузкія аконныя праёмы з арачнымі перамычкамі. У час рэстаўрацыйных работ 1985—86 знойдзены фрагменты фрэсак на ўнутр. сцяне і шматлікія графіці на сценах. У 1894 В.В.Гразновым выяўлены ў муроўцы будынка галаснікі, знакі на цэгле, ім выказана думка, што царква мела фрэскавую размалёўку. Падлога храма першапачаткова была выкладзена з паліваных квадратных, трохвугольных і фігурных плітак, у 18 ст. — з мармуровых пліт. Фрагмент падлогі 12 ст. захаваўся ў бакавой апсідзе. Фундамент храма складзены з валуноў сярэдняй велічыні і заглыблены на 1,5 м. Каля царквы выяўлены сляды манастыра 15—18 ст. Царкву даследавалі: у 19 ст. В.В.Гразноў, у пач. 20 ст. П.П.Пакрышкін, у 1935 Ю.Ядкоўскі, у 1946 І.І.Хозераў, у 1982, 1983—84 А.А.Трусаў, П.А.Рапапорт.
Літ.:
Трусов О.А. Памятники монументального зодчества Беларуси. XI—XVII вв. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́ЧАЎСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення ў Зах. Палессі. Быў пашыраны ў ваколіцах г.п. Дамачава, паўд.-зах. частцы Брэсцкага і Маларыцкага р-наў (уздоўж р. Буг), на тэр. Польшчы (ваколіцы г. Уладава) і ў паўн.-зах. раёнах Валынскай вобл. Украіны.
Жаночы касцюм складаўся з кашулі, спадніцы-рабака, фартуха, гарсэта, галаўнога ўбору. Кашуля мела шырокі адкладны каўнер, вышыты па краях. Аздаблялася малінавым з украпаннямі чорнага арнаментам гладкіх і пункцірных палос на плечавой устаўцы, верхняй і ніжняй частцы рукава. Ніжні ўзорысты шляк рукава дамінаваў над верхнімі палосамі арнаментам зорак, крыжыкаў, зігзагаў і інш. Спадніца і фартух (1-полкавы) шыліся з аднолькавай па якасці і каларыстычна-арнаментальным вырашэнні даматканай паўшарсцяной ці льняной тканіны, прасаваліся ў буйныя складкі. Усё поле спадніцы запаўнялі чырвоныя, зялёныя, белыя, блакітныя, чорныя падоўжныя ці папярочныя палосы. Неад’емнай часткай касцюма дзяцей, дзяўчат і падлеткаў быў гарсэт (гарсэт-безрукаўка і гарсэт з рукавамі — кабат). Жаночыя гарсэты шылі з блакітнай тонкай шэрсці фабрычнага вырабу, спераду багата аздаблялі рознакаляровымі тасёмкамі, стужкамі, гузікамі, дэкар. строчкай. Прасцей былі гарсэты з валенага (лямцаванага) даматканага сукна цёмна-карычневага колеру. Галаўным уборам замужніх жанчын быў чырвоны каптур (з бакавымі вушкамі і зубцом над ілбом), бачны край якога аздабляўся карункамі, залацістай тасьмой. Паверх каптура накладалі згорнутую ў валік накрухмаленую пярэстую крамную хустку. Мужчыны насілі белую кашулю з стаяча-адкладным каўняром, падперазаную вузкім тканым поясам, карычнева-шэрыя нагавіцы і гарсэт з рукавамі ці без рукавоў (аздабляўся вітым і плеценым коскай рознакаляровым шнурам і тасьмой). На галаву надзявалі саламяныя капелюшы з чорнай стужкай.
М.Ф.Раманюк.
Дамачаўскі строй. Святочныя ўборы дзяўчат і маладых жанчын. 1910-я г. Вёска Чэрск Брэсцкага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСАПАТА́МСКАЯ НІЗІ́НА.
Міжрэчча, нізіна ўздоўж рэк Тыгр і Еўфрат, гал.ч. ў Іраку, а таксама ў Іране, Сірыі і Кувейце. Даўж. больш за 1000 км, шыр. 400 км. Размешчана на месцы перадгорнага прагіну альпійскай складкаватай зоны М. Азіі і Ірана. Складзена з пясчана-гліністых алювіяльных адкладаў рэк, марскіх адкладаў і інш. Паводле характару рэльефу падзяляецца на паўн.ч. (Верхняя М.н., або Джэзірэ) да шыраты г. Багдад — узгорыстае плато з невял. ўзвышшамі (Джэбель-Сінджар, 1359 м, Джэбель-Хамрын і інш.) і паўд.ч. (Ніжняя М.н., або Вавілонія) — плоская нізіна, ніжэй за 100 м над узр. мора. Тэр. Ніжняй М.н. перыядычна заліваецца паводкавымі водамі, моцна забалочаная, асабліва ўзбярэжжа Персідскага заліва. Клімат на Пн субтрапічны, кантынентальны, на Пд трапічны, пустынны. Лета гарачае, т-ра 33—34 °C. Зіма на Пн умераная (сярэдняя т-ра студзеня 7 °C, маразы да -18 °C), на Пд цёплая (15—17 °C). Сярэднегадавая колькасць ападкаў 200—300 мм, на Пд паніжаецца да 100 мм. Максімум ападкаў — зімой. Па М.н. працякаюць рэкі Тыгр і Еўфрат, якія зліваюцца ў агульнае рэчышча Шат-эль-Араб, на ПдЗ — р. Карун. Расходы рэк нераўнамерны на працягу года, частыя паводкі разбуральнай сілы. Расліннасць паўпустынная і пустынная, палынова-салянкавая, толькі на схілах узвышшаў Верхняй М.н. растуць дрэвы і хмызнякі (дубы, фісташкі). Уздоўж рэк — галерэйныя лясы: еўфрацкая таполя, вербы, тамарыскі. У Ніжняй М.н. — фінікавая пальма. Жывёльны свет прадстаўлены грызунамі, паўзунамі, членістаногімі. З буйных млекакормячых — газель, дзікі асёл, шакал. У затапляльных зарасніках уздоўж рэк шмат вадаплаўнай птушкі, водзяцца дзікі. Развіта багарнае і паліўное земляробства (пшаніца, рыс, бавоўнік, фінікавая пальма), качавая жывёлагадоўля. Радовішчы нафты: Кіркук, Румайла і інш. Буйныя гарады: Багдад, Басра (Ірак), Абадан (Іран). М.н. адзін са стараж. цэнтраў цывілізацыі (Асірыя, Вавілонія і інш.).