КЕНАТА́Ф (ад грэч. kenotaphos пустая магіла),
магіла без пахавання. К. рабілі многія народы свету (Стараж. Грэцыі, Рыма, Егіпта, Сярэдняй Азіі і інш.) у тым выпадку, калі нябожчыка (напр., памерлага на чужыне) нельга было пахаваць. Гэты звычай быў звязаны з уяўленнем, што душы памерлых, якія не маюць магіл, не знаходзяць супакаення. К. трапляюцца пры раскопках стараж. могільнікаў, у т. л. курганаў на тэр. Беларусі.
т. 8, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ТНЫ натуральнага цэлага дадатнага ліку a,
натуральны лік, які дзеліцца на a без астачы. Лік n, які дзеліцца на кожны з лікаў a, b, ..., m, наз. агульным К. гэтых лікаў. З усіх агульных К. двух ці больш лікаў адзін (не роўны 0) будзе найменшым (найменшы агульны К.), а астатнія будуць К. гэтага найменшага. Лікі, кратныя 2, наз. цотнымі, астатнія — няцотнымі.
т. 8, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАГА́,
плады абрыкоса, высушаныя на сонцы ў выглядзе палавінак без костачак. Часам плады спачатку акурваюць сярністым ангідрыдам. Мае ў сабе вільгаці да 22%, цукру 50—60%, арган. кіслот 1,4—3,4%, вітаміну C — каля 7 мг%, караціну — каля 6,3 мг%. Колер — ад светла-жоўтага да цёмна-аранжавага. Выкарыстоўваецца непасрэдна ў ежу, у кампотнай сумесі з сушаных фруктаў і ў кандытарскіх вырабах.
т. 9, с. 40
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́СТАВІЦКАЕ ВО́ЗЕРА, Ластавец,
у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Бярозаўка, за 4 км на ПдУ ад г. Глыбокае. Пл. 0,2 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 200 м, даўж. берагавой лініі 2,5 км. Пл. вадазбору 7,25 км². Схілы катлавіны выш. 10—20 м, у верхняй ч. разараныя, на Пн пад хмызняком. На Пн выцякае ручай у возера без назвы.
т. 9, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БАНЬ,
возера ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Мухавец, за 30 км на ПдУ ад г. Кобрын. Пл. 1,83 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 11,5 м. Пл. вадазбору 143 км². На ПдЗ у возера ўпадаюць р. Літкава і канал без назвы, на Пн Казацкім каналам праз сістэму каналаў злучана з Дняпроўска-Бугскім каналам.
т. 9, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ СОЛЕВЫВА́РНЫ КАМБІНА́Т.
Дзейнічае з 1982 у г. Мазыр Гомельскай вобл. на мясц. радовішчы каменнай солі, па тэхналогіі, заснаванай на выпарванні солі з ачышчанага расолу. У 1988 дасягнуў праектнай магутнасці 360 тыс. т солі за год. З 1997 адкрытае акц. т-ва «Мазырсоль». Асн. прадукцыя (1999): кухонная соль «Палессе» з дадаткамі ёду і фтору, соль прафілактычная з дадаткамі розных мікраэлементаў, соль без дадаткаў.
т. 9, с. 517
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ І А́ТАМНЫЯ ПУЧКІ,
накіраваныя патокі малекул або атамаў у вакууме, якія рухаюцца амаль без сутыкненняў аднаго з адным. Адсутнасць міжмалекулярных узаемадзеянняў у пучках дазваляе назіраць звыштонкую структуру спектраў, абумоўленую ядз. магн. і эл. квадрупольным момантамі, радыяцыйнымі зрушэннямі энергетычных узроўняў і інш. Выкарыстоўваюцца ў малекулярных генератарах, а таксама для даследаванняў структуры малекул і атамаў па спектрах выпрамянення ці паглынання ў аптычным і радыёдыяпазоне.
т. 10, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЙМА́ЛЬНІК у праве,
бок у дагаворы маёмаснага найму. Паводле прац. заканадаўства Рэспублікі Беларусь Н. — гэта таксама бок працоўнага дагавору, якім з’яўляюцца прадпрыемства, установа, арг-цыя, т-ва, кааператыў, незалежна ад наймення і формы ўласнасці (іх аб’яднанні і адасобленыя падраздзяленні), а таксама прадпрымальнікі, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць без стварэння юрыд. асобы і грамадзяне, якім заканадаўствам дадзена права заключаць і спыняць прац. дагаворы з работнікамі.
т. 11, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДПІ́СКА АБ НЯВЫ́ЕЗДЗЕ,
адна з мер стрымання ў бел. крымінальным працэсе. Заключаецца ў адабранні ад падазронага або абвінавачанага абавязацельства не адлучацца з месца пражывання або часовага знаходжання без дазволу адпаведнай службовай асобы, якая праводзіць дазнанне, следчага, пракурора, суда. У выпадку парушэння гэтай меры да таго, хто даваў абавязацельства, можа быць ужыта больш строгая мера стрымання — пра што ён і папярэджваецца (арышт, зняволенне).
т. 11, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАДА́ЧА НА ПАРУ́КІ,
прававы інстытут вызвалення ад крымінальнай адказнасці за злачынства, якое не ўяўляла вял. грамадскай небяспекі, а асоба, якая яго ўчыніла, магла быць выпраўлена без выкарыстання крымін. пакарання. Адной з неабходных умоў магчымасці П.н.п. была наяўнасць хадайніцтва грамадскай арг-цыі або прац. калектыву, якія паручыліся за правапарушальніка. Існавала ў 1961—94. З-за неэфектыўнасці гэты ін-т выключаны з КК Рэспублікі Беларусь.
т. 12, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)