выраб літых загатовак або дэталей (фасонных адлівак) спосабам запаўнення расплаўленым металам (сплавам) ліцейных форм; адна з асн. галін металургіі і машынабудавання. Уключае: прыгатаванне фармовачных сумесей і стрыжнёвых сумесей, выраб ліцейных мадэлей, форм і стрыжняў, плаўку металу і заліўку яго ў формы, выдаленне зацвярдзелых адлівак, іх ачыстку і абрубку. Рознымі спосабамі ліцця вырабляецца большасць прадукцыі машынабудавання з сталі, чыгуну і каляровых сплаваў.
Ліцейныя стрыжні і формы робяць на стрыжнёвых і фармовачных машынах, на паточных або аўтам. лініях з выкарыстаннем пескадуўных машын, пескастрэльных машын і інш. Зборка ліцейных форм (устаноўка стрыжняў, літніковай сістэмы, злучэнне верхніх і ніжніх апок) робіцца ўзгоднена з плаўленнем металу ў вагранках, полымных печах, дугавых і індукцыйных электрапечах і інш. Пасля заліўкі і зацвярдзення металу адліўкі (а таксама стрыжні з поласцей адлівак) выбіваюць, вызваляюць ад літніковай сістэмы, ачышчаюць ад прыгарэлых фармовачных сумесей і перадаюць на фарбаванне або тэрмічную апрацоўку (для паляпшэння мех. уласцівасцей). Для ачысткі адлівак выкарыстоўваюцца шротакідальныя, шротаструменныя, пескагідраўлічныя, электрахім. і электрагідраўлічныя ўстаноўкі, спец. прэсы і інш. Л. в. аснашчаецца ліцейнымі аўтаматамі, канвеерамі, аўтам. лініямі, электроннымі прыладамі і сістэмамі кіравання.
Вытв-сць літых вырабаў вядома з глыбокай старажытнасці. Прадметы рэліг. культу, хатняга ўжытку, зброю пачалі выплаўляць (пераважна з бронзы) у 4—3-м тыс. да н. э. ў краінах Пярэдняй Азіі, Егіпце, Індыі, Кітаі, на мяжы 3-га і 2-га тыс. да н. э. ў Еўропе (гл.Бронзавы век). У 13—14 ст. адлітымі вырабамі славіліся Візантыя, Венецыя, Генуя, Фларэнцыя. У 12—13 ст. складаныя адліўкі выраблялі кіеўскія ліцейшчыкі. У рус. дзяржаве ў 14—15 ст. адлівалі бронзавыя і чыгунныя гарматы, ядры і званы, у 1479 у Маскве пабудаваны першы ліцейны з-д. Майстар-ліцейшчык А.Чохаў адліў шэраг буйных гармат, у т. л. «Цар-пушку» (у 1586, каля 40 т). У 1735 адліты «Цар-звон» (больш за 200 т). У 1873 зроблена адна з самых вял. адлівак у свеце — шабот (ніжняя ч.) паравога молата (650 т). Адліваліся помнікі, скульптурныя групы і інш. У распрацоўку тэарэт. асноў Л. в. ўклад зрабілі вучоныя П.П.Аносаў, Дз.К.Чарноў, А.А.Байкоў, А.А.Бочвар, М.С.Курнакоў, А.В.І.Вейнік, П.П.Берг, А.М.Ляс і інш.
На Беларусі вытв-сць некаторых бронзавых рэчаў з прывазной сыравіны і пераплаўка сапсаваных вырабаў пачалася ў 1-й пал. 2-га тыс. да н. э. З 14 ст. адлівалі бронзавыя гарматы, алавяныя і бронзавыя ядры. Каля 1540 у Вільні заснаваны гарматны ліцейны двор — людвісарня, у 1597 — Баранская кульня (майстэрня па выплаўцы куль і ядраў). Ў 16—18 ст. невял. людвісарні — «дзелалейні» існавалі ў Нясвіжы, Слуцку, Быхаве, Магілёве, Друі, Віцебску, Полацку і інш. гарадах, якія адлівалі гарматы для сваёй абароны. Захаваліся імёны некаторых ліцейшчыкаў-людвісараў: запрошаны ням. майстар Г.Мольтцфельд, мясц. майстры Сцяпан і Пятро ў Нясвіжы (канец 16 — пач. 17 ст.), К.Ганусаў у Быхаве (2-я пал. 16 ст.), быхаўскія майстры Юрка і Мікалай, якія рабілі разавыя адліўкі ў Магілёве (сярэдзіна 17 ст.). У 18 ст.артыл. гарматы адлівалі ў Слуцку, Быхаве, Нясвіжы, Гродне, Жлобіне, Вішневе. У 1768 А.Тызенгаўзам пабудавана Маларыцкая металургічная мануфактура. Пазней дзейнічалі Вішнеўскі і Барысаўшчынскі металургічныя, Старынкаўскі чыгуналіцейны з-ды (гл. адпаведныя арт.), Налібоцкі металургічны камбінат, Досаўская медзеплавільная мануфактура. У 1990-я г. працуюць: Беларускі (у Жлобіне) і Магілёўскі металургічныя з-ды (гл. адпаведныя арт.), Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт», высокаразвітая Л.в. на трактарным, аўтамабільным, маторным, падшыпнікавым, станкабудаўнічых, с.-г. машынабудавання і інш. з-дах. Над удасканаленнем тэхналогіі Л.в. і распрацоўкай ліцейнага абсталявання працуюць ліцейнай вытворчасці Беларускі навукова-даследчы і канструктарска-тэхналагічны інстытут, Фізіка-тэхн.ін-т, Ін-т тэхналогіі металаў (г. Магілёў) Нац.АН Беларусі, кафедры Л.в. Бел.політэхн. акадэміі і Гомельскага тэхн. ун-та і інш.
Д.М.Кукуй, У.М.Сацута.
Да арт.Ліцейная вытворчасць. А — чарвячная машына для ліцця пад ціскам палімерных матэрыялаў: 1 — ліцейная форма; 2 — выраб; 3 — цыліндр з расплаўленым матэрыялам і абагравальнікамі; 4 — прывод чарвяка. Б — атрыманне адліўкі цэнтрабежным ліццём на машыне з вертыкальнай воссю: 1, 2 — ніжняя і верхняя паўформы; 3 — літніковая сістэма; 4 — стрыжань.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАРГАНІ́ЧНАЯ ХІ́МІЯ,
навука пра хім. элементы і ўтвораныя імі простыя і складаныя рэчывы, акрамя арганічных злучэнняў. Асн. задачы Н.х. — даследаванне будовы, саставу і ўласцівасцей простых рэчываў і хім. злучэнняў, навук. абгрунтаванне і распрацоўка спосабаў атрымання матэрыялаў, неабходных сучаснай тэхніцы. Асн. метады даследаванняў грунтуюцца на аналізе (сукупнасць аперацый, скіраваных на вызначэнне якаснага і колькаснага саставу рэчыва) і сінтэзе (атрыманне складаных хім. злучэнняў з больш простых ці з хім. элементаў). У Н.х. выкарыстоўваюцца тэарэт. ўяўленні і метады фізікі, крышталяграфіі, крышталяхіміі, а таксама метады аналіт., фіз. і калоіднай хіміі. Па аб’ектах, якія вывучаюцца, падзяляюць: на хімію асобных элементаў, хімію груп элементаў перыяд. сістэмы (хімія шчолачных металаў, галагенаў, шчолачназямельных элементаў, халькагенаў і інш.), хімію пэўных злучэнняў некаторых элементаў (хімія сілікатаў, пераксідных злучэнняў і інш.), хімію блізкіх па ўласцівасцях і галінах выкарыстання рэчываў (хімія тугаплаўкіх рэчываў, інтэрметалідаў, паўправаднікоў, высакародных металаў, неарган. палімераў і інш.), а таксама хімію элементаў, аб’яднаных у групы па адзнаках, якія склаліся гістарычна (напр., хімія рэдкіх элементаў). Самаст. раздзел Н.х. — каардынацыйная хімія, ці хімія каардынацыйных злучэнняў (ш. Комплексныя злучэнні). Звычайна «адасабляюць таксама хімію пераходных элементаў.
Гісторыя Н.х. пачынаецца з глыбокай старажытнасці; першыя звесткі пра золата, серабро, медзь, волава і інш. металы адносяцца да 3 ст. да н.э. У сярэднія вякі, калі панавала алхімія, былі адкрыты мыш’як, сурма, фосфар, цынк, вісмут, атрыманы к-ты (серная, саляная, азотная), некаторыя солі і інш. неарган. злучэнні. Як самаст. навука пачала развівацца ў 18—19 ст., калі былі ўстаноўлены асн. законы хім. атамістыкі: законы захавання масы пры хім. рэакцыях (М.В.Ламаносаў, 1756; А.Лавуазье, 1770), пастаянства саставу (Ж.Пруст, 1801—07), кратных адносін закон (Дж.Дальтан, 1803). У пач. 19 ст. Ё.Я.Берцаліус апублікаваў табліцу атамных мас 45 вядомых элементаў; А.Авагадра і Ж.Л.Гей-Люсак адкрылі газавыя законы; П.Л.Дзюлонг і А.Пці вынайшлі правіла, што звязвае цеплаёмістасць з колькасцю атамаў у злучэнні; Г.І.Гес адкрыў закон пастаянства колькасці цеплаты (гл.Геса закон) узнікла атамна-малекулярная тэорыя. У 1807 Г.Дэві ажыццявіў электроліз гідраксідаў натрыю і калію і ўвёў у практыку новы метад атрымання простых рэчываў. У 1834 М.Фарадэй апублікаваў асн. законы электрахіміі. Наступны этап у развіцці Н.х. звязаны з адкрыццём перыяд. закону і перыядычнай сістэмы элементаў Мендзялеева (1869), а таксама з дасягненнямі фізікі, якія дазволілі даць перыяд. закону фіз. абгрунтаванне, заснаванае на тэорыі будовы атама. У пач. 20 ст. прапанаваны першыя электронныя тэорыі валентнасці (В.Косель, 1915; Г.Льюіс, 1916), распрацаваны асновы каардынацыйнай хіміі (Л.А.Чугаеў, І.І.Чарняеў). Даследаванне прыроднай радыеактыўнасці прывяло да адкрыцця прыродных радыеактыўных элементаў і ўзнікнення радыяхіміі. Адкрыццё ў 1934 штучнай радыеактыўнасці дазволіла атрымаць новыя хім. элементы і ізатопы, запоўніць прабелы ў перыяд. сістэме элементаў і дабудаваць яе трансуранавымі элементамі. Развіццё ядз. энергетыкі, рэактыўнай тэхнікі, электронікі спрыяла стварэнню новых сінт. матэрыялаў і тэхналогій з выкарыстаннем дасягненняў у галіне тэхнікі высокіх тэмператур і ціску, глыбокага вакууму, распрацоўкі метадаў атрымання матэрыялаў высокай чысціні. Важная задача сучаснай Н.х. — даследаванне хім. уласцівасцей і спосабаў атрымання рэдкіх металаў (ніобій, тытан, малібдэн, тантал) і сплаваў на іх аснове, вывучэнне неарганічных палімераў і сіталаў. Н.х. з’яўляецца таксама навук. базай хім. вытв-сці неарган. рэчываў (солей, Кіслот, шчолачаў і інш.), неабходных для развіцця цяжкай індустрыі і сельскай гаспадаркі.
На Беларусі даследаванні па Н.х. вядуцца ў Ін-це агульнай і неарган. хіміі Нац.АН (сінтэз эмаляў, адсарбентаў, каталізатараў, керамічных матэрыялаў і мінер. угнаенняў), Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН і БДУ (сінтэз звышцвёрдых і паўправадніковых матэрыялаў, сегнетаэлектрыкаў і ферытаў), Бел.тэхнал. ун-це (фосфарныя ўгнаенні, пераўскіты, ферыты), НДІ будматэрыялаў (пенашкло, пенабетон, вапна і інш.), Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (паўправадніковыя злучэнні).
Літ.:
Джуа М. История химии: Пер. с итал. М., 1975;
Штрубе В. Пути развития химии: Пер. с нем. Т. 1—2. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУЛЬНААДУКАЦЫЙНАЯ ШКОЛА.
З 10 ст. на тэр. Беларусі пачала распаўсюджвацца слав. пісьменнасць. У 11—12 ст. у Полацку, Віцебску, Тураве, Мазыры, Мінску, Пінску, Слуцку і інш. гарадах перапісваліся кнігі і пачалося навучанне дзяцей грамаце. Дзяцей навучалі як для царк., так і для грамадскіх і гасп. спраў. У Полацку ў 992 і ў Тураве каля 1000 г. заснаваны епіскапскія кафедры. Адметную ролю ў развіцці асветы на Полацкай зямлі адыграла Ефрасіння Полацкая. У Тураўскім княстве вырас талент вядомага пісьменніка і прапаведніка Кірылы Тураўскага, які ў сваіх «Словах» і «Павучаннях» выступаў супраць гультайства, зла, насілля, ілжывасці. Развіццё рукапіснай кніжнай справы садзейнічала ўзнікненню царк.-манастырскіх і свецкіх бібліятэк. У 13 ст. пісьменства пранікла ў асяроддзе гараджан, рамеснікаў, купцоў. У 14—15 ст. сталі адкрывацца школы пры манастырах, цэрквах, феад. маёнтках; навучаннем дзяцей займаліся і настаўнікі-самавучкі. У 16—1-й пал. 17 ст. на Беларусі ўзніклі канфесіянальныя пратэстанцкія школы, друкарні, з’явіліся першыя падручнікі на бел. мове. У пратэстанцкіх школах вывучалі Свяшчэннае пісанне, царк. песнапенне, стараж. мовы (лац., грэч., стараж.-рус.), родную мову, рыторыку, паэзію, дыялектыку, матэматыку. Вял. ролю ў развіцці асветы на Беларусі адыгралі брацкія школы. Эканам. і культ. развіццё бел. зямель у канцы 15 — пач. 16 ст. абумовілі станаўленне і развіццё бел. кнігадрукавання. Яго ўзнікненне звязана з дзейнасцю бел. першадрукара і асветніка Францыска Скарыны, які пачаў друкарскую дзейнасць у 1517 у Празе. У 1520-я г. ў Вільні ім надрукаваны 22 кнігі пад агульнай назвай «Біблія руская», у 1522 — «Малая падарожная кніжка» і інш. У 2-й пал. 17 ст. многія брацкія школы разам з друкарнямі закрыты. З 16 да пач. 19 ст. існавалі езуіцкія навуч. ўстановы — калегіумы. У канцы 17—18 ст. распаўсюджваліся каталіцкія і уніяцкія школы. У 1773—94 агульная адукацыя ў Рэчы Паспалітай развівалася пад кіраўніцтвам Адукацыйнай камісіі, якая правяла рэформу школ і ун-таў, зацвердзіла статут і адкрыла больш за 20 свецкіх школ, у якіх больш увагі стала аддавацца прыродазнаўчым і фізіка-матэм. навукам.
У канцы 18 ст. пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі было адкрыта 20 рускіх школ, 6 малых і 2 гал.нар. вучылішчы (у Магілёве і Полацку). Да адмены ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 пераважалі каталіцкія (ордэнскія) і уніяцкія школы, навучанне вялося пераважна на польскай мове. Пасля паўстання 1863—64 кіраўніцтва адукацыяй ажыццяўлялася на аснове «Часовых правіл для народных школ Віленскай, Ковенскай, Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў» і выдадзенай папячыцелем Віленскай навуч. акругі А.П.Шырынскім-Шыхматавым спец. інструкцыі (1864) нагляд за нар. адукацыяй і свецкімі школамі быў даручаны правасл. духавенству. Пачатковыя школы будаваліся і ўтрымліваліся на сродкі бацькоў. Сярэдняя школа з-за высокай платы была амаль недаступная для дзяцей працоўных. Паводле перапісу 1897 сярод насельніцтва ва ўзросце 9—49 гадоў пісьменныя складалі 32%. Пад уплывам рэвалюцыі 1905—07 актывізавалася барацьба за стварэнне бел.нац. школы. У 1906 у в. Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі р-н) адбываўся 1-ы на Беларусі нелегальны з’езд настаўнікаў, на якім былі сфармуляваны патрабаванні ўсеаг. абавязковага навучання і выкладання на бел. мове. У 1906 выдадзены першы бел. буквар «Беларускі лемантар» К.Каганца, «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі, у 1909 — «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.Коласа. У 1914/15 навуч.г. на Беларусі працавалі 7682 агульнаадук. школы ўсіх тыпаў, у т. л. 7492 пач., 119 няпоўных сярэдніх, 71 сярэдняя. Ва ўсіх тыпах школ вучылася 489 тыс. вучняў (20% усіх дзяцей школьнага ўзросту).
У 1919 Наркамат БССР увёў у дзеянне «Палажэнне аб адзінай працоўнай школе РСФСР». Навучанне ў школах вялося на роднай мове. Па ініцыятыве братоў П.М. і М.М.Лепяшынскіх быў створаны новы тып прац. школы — школа-камуна. Асн. тыпам школы стала 7-гадовая працоўная агульнаадук. і політэхнічная школа для дзяцей ва ўзросце 8—15 гадоў. У 1919 адкрыліся першыя вячэрнія школы для дарослых, а з канца 1920 арганізавана сетка школ для непісьменных. У 1926 ЦВК і СНКБССР прынялі пастанову аб увядзенні ўсеаг. абавязковага пач. навучання (завершана да 1932). У 1926 заснаваны школы 2-й ступені з 9-гадовым тэрмінам навучання (з 1932 — з 10-гадовым). Да канца 1930-х г. дзейнічалі таксама школы з выкладаннем на польскай, яўр. (ідыш) і інш. мовах. З 1932/33 навуч.г. ўведзена абавязковае 7-гадовае навучанне (завершана да 1939/40 навуч.г.). У 1939 пісьменнасць насельніцтва дасягнула 78,9%.
На тэр.Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы, з 400 бел. школ да 1937 не засталося ніводнай. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР на ўсёй тэр. Беларусі стала дзейнічаць адзіная школьная сістэма. З 1940 у зах. абласцях уведзена ўсеагульная 7-гадовая адукацыя дзяцей ва ўзросце ад 8 да 15 гадоў. Усяго на тэр. Беларусі ў 1940/41 навуч.г. было 12 тыс. школ, у т. л. 3,5 тыс. сямігадовых і сярэдніх, у якіх навучалася 1,7 млн. вучняў.
У Вял.Айч. вайну было знішчана каля 60% усіх школьных будынкаў (9 тыс. школ), усё школьнае абсталяванне і 20 млн.экз. кніжнага фонду школ. У час вайны школы, пераважна пачатковыя, працавалі ў партыз. зонах. Пасля вызвалення Беларусі ад фашыстаў ужо з 1944/45 навуч.г. заняткі ў школах аднавіліся на ўсёй тэр. краіны У 1945/46 навуч.г. ў 10 982 школах навучалася 1,3 млн.чал. У 1949 прынята рашэнне аб ажыццяўленні ў Беларусі ўсеагульнай абавязковай 7-гадовай адукацыі дзяцей 7—15 гадоў. За дзесяцігоддзе (1946—56) колькасць вучняў сярэдніх школ павялічылася на 511 тыс. чал.
У 1961 Вярх. Савет прыняў пастанову «Аб выкананні Закона «Аб умацаванні сувязі школы з жыццём і аб далейшым развіцці сістэмы народнай адукацыі ў Беларускай ССР», у якім гал. ўвага была звернута на далейшае развіццё сярэдніх 11-гадовых школ з вытворчым навучаннем. У 1962/63 навуч.г. працавала каля 13 тыс.агульнаадук. школ, у т. л. 4,6 тыс. васьмігадовых і сярэдніх з вытворчым навучаннем, 1331 школа рабочай і сельскай моладзі, 18 завочных школ. Колькасць вучняў дасягнула 1577,3 тыс.чал., з іх 103,3 тыс. ў сістэме вячэрніх (зменных) і завочных школ і 127,2 тыс. ў старшых класах агульнаадук. школ з вытворчым навучаннем. Працавала 121 школа-інтэрнат (34 тыс. дзяцей), 38 спец. школ (5,3 тыс. вучняў) для дзяцей з асаблівасцямі псіхафіз. развіцця. Вялікі клопат праяўляўся аб дзецях-сіротах: у 1963 у 116 дзіцячых дамах навучалася і выхоўвалася 11,5 тыс. дзяцей. Да 1962/63 навуч.г. закончыўся пераход да ўсеагульнага 8-гадовага навучання, у 1975/76 навуч.г. — да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі.
З 1995 пачалася планамерная і паступовая рэформа агульнаадук. школы Беларусі. Яе асн. мэты: стварэнне ўмоў для гарманічнага развіцця асобы, павышэнне якасці адукацыі, павелічэнне эфектыўнасці сістэмы адукацыі і яе адпаведнасці патрэбам грамадства і дзяржавы. Канцэпцыя і праграма рэформы агульнаадук. сярэдняй школы ў Рэспубліцы Беларусь (1996) прадугледжваюць стварэнне мадэлі будучай агульнаадук. сярэдняй школы. Асн. задачы гэтай школы: падрыхтоўка маладога пакалення да паўнацэннага жыцця і дзейнасці ў грамадстве, засваенне фундаментальных асноў нац. і сусв. культуры, садзейнічанне гарманічнаму развіццю асобы. Для іх вырашэння неабходны: аптымальнае спалучэнне фундаментальных ведаў з практыка-арыентаванымі; практычная накіраванасць прыродазнаўчых і прыродазнаўчанавуковых дысцыплін у базавай школе; ліквідацыя вучэбнай перагрузкі праз вызначэнне базавага кампанента ў межах зацверджаных дзяржавай стандартаў, стварэнне інтэграваных курсаў, аптымізацыі пед. тэхналогій; прыярытэт індывід. падыходу да навучання, асобасна арыентаванай парадыгмы, якая дазваляе гібка рэагаваць на адукац. запатрабаванні вучня; мадэрнізацыя сістэмы ацэнкі ведаў вучняў у кірунку яе гуманізацыі; пабудова выхаваўчай работы на культуралагічнай аснове, стаўленне да нац. і сусв. культуры як да зместу выхавання; грамадзянскі, патрыятычны, экалагічны характар выхавання. Структура 12-гадовай агульнай адукацыі:
Пачатковая школа (1—4-ы класы, з 6 да 10 гадоў) ставіць перад сабой 2 задачы: заахвочванне і развіццё ўстойлівай цікавасці да навучання, да ведаў, засваенне дзіцем базавых навыкаў працэсу вучэння — умення вучыцца; фарміраванне асноў агульнай пісьменнасці, якая дазваляе працягваць далейшае навучанне. Навучанне па праграме 1-га класа можа праходзіць як у школе, так і ў дзіцячым садзе.
Базавая (асноўная) сярэдняя школа (5—10-ы класы, з 10 да 16 гадоў) нясе на сабе асн. нагрузку па рэалізацыі задач агульнаадук. школы, падрыхтоўцы дзяцей да жыцця ў грамадстве. Праграма базавай школы характарызуецца лагічнай завершанасцю і паўнатой кола ведаў у межах дзярж. стандарту. Выпускнік павінен атрымаць веды, якімі ён будзе карыстацца ў жыцці, незалежна ад абранай прафесіі і далейшай адукацыі ці прафес. падрыхтоўкі. Школа павінна сфарміраваць уяўленні аб шляхах магчымага выбару, даць вучню сродкі для яго ажыццяўлення, дапамагчы яму раскрыць і развіць здольнасць, паказаць магчымасці іх аптымальнага выкарыстання. Асаблівай задачай з’яўляецца грамадз. выхаванне, фарміраванне ведаў аб дзяржаве, грамадстве, падрыхтоўка да выканання грамадз. функцый. Рэалізацыя гэтых задач дасягаецца на аснове засваення вучнямі базавага кампанента сярэдняй адукацыі. З 7—8-га класаў магчыма ўвядзенне розных узроўняў падрыхтоўкі (паглыбленага вывучэння асобных прадметаў), у 9—10-м класах — прафіляванне падрыхтоўкі (прыродазнаўчанавуковы, гуманітарны, політэхнічны профілі, сферы мастацтва і спорту). Паспяховае заканчэнне 10-гадовай школы і праходжанне дзярж. атэстацыі дае права на працяг адукацыі па наступных кірунках: атрыманнепрафес. і агульнаадук. падрыхтоўкі ў ПТВ ці сярэдняй спец.навуч. установе, агульнаадук. падрыхтоўкі ў ліцэйскіх ці гімназічных класах.
Ліцэйскія і гімназічныя класы (тэрмін навучання 2 гады) ставяць перад сабой задачу — працяг агульнай сярэдняй адукацыі і падрыхтоўкі да вышэйшай адукацыі. Ствараюцца наступныя арганізацыйныя формы навучання: ліцэйскія і гімназічныя класы ў рамках сярэдніх агульнаадук. школ; ліцэі з прыродазнаўчанавуковымі, політэхнічнымі і гуманітарнымі класамі як самаст.навуч. ўстановы; ліцэі пры ВНУ, падрыхтоўка ў якіх адпавядае профілю гэтай навуч. ўстановы, выконваюць і функцыю сац. падтрымкі сельскай і прац. моладзі, аналагічную функцыю падрыхтоўчых аддзяленняў. Прызначэнне, падобнае на ліцэйскае, маюць і гімназіі з 12-гадовым тэрмінам навучання. Паспяховае завяршэнне ліцэйскага ці гімназічнага цыкла навучання (у адпаведных класах) дае права на паступленне ў ВНУ.
У 2003/04 навуч.г.атрыманне базавай і агульнай сярэдняй адукацыі забяспечвалі 4317 дзярж. дзённых агульнаадук. школ (1347 тыс. вучняў), у т. л. 447 пачатковых, 934 базавыя, 2700 сярэдніх, 115 гімназій, 26 ліцэяў, 7 навуч.-пед. комплексаў: школа (гімназія) — каледж і 88 школ і школ-інтэрнатаў для дзяцей з асаблівасцямі псіхафіз. развіцця. Адначасова функцыянавалі 12 недзярж. дзённых агульнаадук. школ (900 вучняў) і 79 дзярж. вячэрніх (зменных) школ (20,7 тыс. вучняў). Ва ўсіх тыпах устаноў працавала 146,7 тыс. настаўнікаў (гл.табл. 1). У першую змену ў дзярж. дзённых агульнаадук. школах навучалася 1153,5 тыс. вучняў (83,1%), у другую — 234,5 тыс. (16,9%). Сярэдняя напаўняльнасць школ усіх тыпаў Мін-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь зменшылася на 0,1%. У 2441 дзярж. дзённай агульнаадук. школе працуюць групы падоўжанага дня, у якіх 150,6 тыс. дзяцей. У 2621 дзярж. дзённай агульнаадук. школе (60,2% ад агульнай колькасці школ) навучанне ажыццяўляецца на бел. мове, у 1313 (30,1%) — на рускай, у 418 (9,6%) — на дзвюх і больш мовах, у 2 — на польскай, у 1 — на літоўскай. Захоўваецца тэндэнцыя змяншэння колькасці школ з бел. мовай навучання. На пач. 2004 на бел. мове навучалася 360 тыс. вучняў (26% ад агульнай колькасці вучняў дзённых агульнаадук. школ), на рускай 1023 тыс. (73,7%), на польскай 800 вучняў (0,1%), на літоўскай 75 вучняў. Уведзена 10-бальная сістэма ацэнкі ведаў, уменняў і навыкаў. У 1-м класе адзнакі не выстаўляюцца.
Удасканаленне адукац. працэсу ажыццяўляецца за кошт пашырэння культуралагічнай, эканам., экалагічнай падрыхтоўкі, укаранення сучасных тэхналогій навучання, надання зместу адукацыі на ўзроўні базавай (асноўнай) школы адносна завершанага характару і ажыццяўлення профільнай дыферэнцыяцыі на апошнім этапе агульнай сярэдняй адукацыі. Пераход на 5-дзённы навуч. тыдзень дазваляе ўстанаўліваць навукова абгрунтаваную навуч. нагрузку. Паэтапнае зніжэнне напаўняльнасці класаў стварае аптымальныя ўмовы для навучання і аховы здароўя вучняў. Забяспечваецца адзінства навуч.-выхаваўчага працэсу ў сістэмах школьнай і пазашкольнай адукацыі. Працягваецца работа па стварэнні комплекснай сістэмы выхаваўчай работы, арыентаванай на фарміраванне духоўна-маральнай асобы. З 2001 праводзіцца работа па пашырэнні сеткі ўстаноў пазашкольнай адукацыі (комплексы пазашкольнай работы, цэнтры творчасці школьнікаў, турыстычныя клубы, дзіцячыя паркі і інш.) і аказваемых імі паслуг з улікам павелічэння патрэбнасцей і запатрабаванняў навучэнскай моладзі. Развіваецца дзейнасць дзіцячых і маладзёжных арганізацый. Фарміруецца сістэма псіхолага-пед. і сац.-пед. падтрымкі, завершана стварэнне сеткі спец. устаноў для аказання дапамогі дзецям і сем’ям, якія апынуліся ў экстрэмальных сітуацыях, пашырана аказанне карэкцыйна-адукац. паслуг асобам з асаблівасцямі псіхафіз. развіцця. З 2002 прымаюцца дадатковыя меры па арганізацыі профільных аздараўленчых летнікаў з улікам інтарэсаў, запатрабаванняў і неабходнасці ў аздараўленні розных катэгорый вучняў. Пашыраецца практыка аздараўлення дзяцей, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС; з асаблівасцямі псіхафіз. развіцця; дзяцей, якія стаяць на прафілактычным уліку ў інспекцыях па справах непаўналетніх.
Табліца 1 Установы, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі (на пачатак навуч. года)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРОНЗАВЫ ВЕК
Самыя раннія культуры эпохі бронзы на тэр. Еўропы ўзніклі ў 3-м тыс. да н.э. Новыя тэхналогіі, у т. л. бронзаліцейная, былі адной з праяў шэрагу змен, што адбываліся ў гасп., сац. і духоўнай сферах. У межах Беларусі першыя метал. вырабы, у т. л. з бронзы, знойдзены на Верхнім Падняпроўі ў пахаваннях сярэднедняпроўскай культуры канца 3 — пач. 2-га тыс. да н.э. На працягу 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. культурныя змены, характэрныя для эпохі бронзы, адзначаюцца на ўсёй тэр. Беларусі. Вылучаюць ранні, сярэдні і позні перыяды бронзавага веку Беларусі.
Ранні перыяд (канец 3 — пач. 2 — сярэдзіна 2-га тыс. да н.э.) ахоплівае час існавання культ. утварэнняў, што ўзніклі ў выніку сінтэзу традыцый культур шнуравой керамікі і шарападобных амфар і перажытачнага ляснога неаліту (сярэднедняпроўская, паўночна-бел. культуры, групы помнікаў са шнуравой керамікай Бел. Панямоння, Бел. Палесся). На ПдУ Беларусі адзначаны таксама прыкметы культуры шматвалікавай керамікі, асн. помнікі якой вядомы на тэр. стэпавай і лесастэпавай зон. Стаў распаўсюджвацца курганны абрад пахавання і звычай крэмацыі памерлых. З’яўленне ранніх метал. вырабаў сведчыла, у першую чаргу, пра складванне новай сац. сістэмы, якая ўзнікла ў выніку паглыблення сац. падзелу. Метал. вырабы ці сыравіна як рэдкія і дарагія рэчы, імпартаваныя з аддаленых тэрыторый, складалі аснову паказчыкаў прэстыжу пэўных груп насельніцтва. У комплекс высокапрэстыжных рэчаў уваходзілі таксама прывазныя ўпрыгожанні з бурштыну, фаянсу, шкла, зброя, вырабы з высакаякаснага крэменю, рэдкіх парод каменю і інш. Заўважаецца дыферэнцыяцыя пахаванняў паводле стану «багацця». Супольнасці структурызуюцца як кроўнароднасныя групы, у якіх асн. роля належала дарослым мужчынам. Разам з попытам на прэстыжныя вырабы складваліся шляхі абмену. Метал. вырабы, сыравіна для іх вытворчасці маглі трапляць праз пасрэднікаў з Каўказскага і Балкана-Карпацкага металург. цэнтраў. Назіраюцца прыкметы спецыялізацыі асобных прадстаўнікоў насельніцтва і рэгіёнаў (здабыча і апрацоўка высакаякаснага крэменю, атрыманнеметал. вырабаў, зброі, бурштыну і інш.). Асн. крыніцай жыццезабеспячэння сталі жывёлагадоўля і земляробства, хоць па-ранейшаму шмат увагі аддавалася збіральніцтву, паляванню і рыбалоўству. У земляробстве пераважала матычная апрацоўка глебы, ужывалася падсечна-агнявая сістэма, культываваліся найб. пшаніца і жыта. У жывёлагадоўлі распаўсюджанымі былі сезонныя вандроўныя, а таксама прыдомныя выпасы. Гадавалі кароў, быкоў, коз, авечак, свіней. Сярод супольнасцей, якія засялялі тэр. Беларусі, у той час пераважалі носьбіты індаеўрап. моў. Вял. значэнне надавалася культам агню, сонца, вады, жывёл, мужч. і жан. божаствам хтанічнага паходжання, веры ў існаванне замагільнага жыцця і інш.Маст. творчасць рэалізоўвалася ў аздабленні керамікі, каменных вырабаў, вырэзванні касцяных скульптур, вырабе ўпрыгожанняў з рогу, косці, бурштыну, металу і інш.
У сярэдні перыяд (сярэдзіна 2-га тыс. — 1100—1000 да н.э.) тэр.Бел. Палесся, большая ч.Бел. Панямоння былі заселены супольнасцямі тшцінецкай і сосніцкай культур. Асобныя іх традыцыі прасочваюцца ў межах цэнтр. і некаторых паўн. рэгіёнаў Беларусі. Далейшае развіццё тшцінецкіх і сосніцкіх культ. традыцый, прыток новых культ. элементаў прывялі да ўзнікнення культур позняга перыяду (1100—1000—700 да н.э.) бронзавага веку. У гэты час у паўд.-ўсх. раёнах Беларусі сустракаюцца старажытнасці лебядоўскай культуры, у Бел. Панямонні і Бел. Паазер’і выяўлены сляды груп насельніцтва, якое карысталася штрыхаванай керамікай. Пачынаючы з 700-х г. да н.э. на Віцебшчыне ўзнікаюць слаба ўмацаваныя і неўмацаваныя паселішчы днепра-дзвінскай культуры. Супольнасці, якія фарміраваліся ў гэты час на тэр. Беларусі, патэнцыяльна маглі мець асобныя прыкметы протабалт. і протаслав. этнасаў. Людзі жылі на паселішчах, якія маглі быць і кароткачасовымі і доўгатэрміновымі, сталымі. На Пд Беларусі памерлых хавалі найчасцей паводле абраду крэмацыі ў бескурганных ці курганных могільніках. У цэнтр. і паўн. Беларусі для гэтых перыядаў не адзначаны якія-небудзь сляды пахаванняў. Развіццё сац. структуры грамадства сярэдняга і позняга перыядаў бронзавага веку эвалюцыяніравала ў кірунку складвання стратыфікаваных супольнасцей, у якіх фарміраваўся інстытут правадырства, утвараліся элітныя праслойкі насельніцтва. Пашыраліся ворыўныя прыёмы апрацоўкі глебы з выкарыстаннем драўляных рал. Асн. значэнне набывала практыка прыдомнага выпасу свойскіх жывёл. З сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. роля каўказскіх метал. традыцый змяншаецца, узрастае роля Карпата-Трансільванскага метал. цэнтра. Выключнае месца пачынае адводзіцца алавяністай бронзе. Фарміруюцца і мясц. металавытв. цэнтры, у т. л. ў асяроддзі насельніцтва тшцінецкай і сосніцкай культур. Сярод бронзавых вырабаў, знойдзеных на тэр. Беларусі, адзначаюцца сякеры (т.зв. кельты, з бакавымі закраінамі, з уступамі і інш.), упрыгожанні (бранзалеты, падвескі і інш.), наканечнікі стрэл, мячы і інш. Многія з іх траплялі з Цэнтр. і Паўн. Еўропы, Прыбалтыкі, з Усходу.
М.М.Крывальцэвіч.
Бронзавая сякера з закраінамі ўсходнебалтыйскага тыпу. Канец 2-га тыс. да н.э. Знойдзена каля вёскі Камень (Кобрынскі раён Брэсцкай вобл.).Посуд сярэднедняпроўскай культуры з Беларускага Падняпроўя.
Да пач. 20 ст. на Беларусі сістэма нар. асветы мела саслоўна-класавы характар. Сярэдняя і вышэйшая адукацыя з-за цяжкіх матэрыяльных умоў для дзяцей рабочых і сялян была маладаступная; чацвёра з кожных пяці дзяцей і падлеткаў не наведвалі школы. Пасля 1917 на дзярж. узроўні былі замацаваны найважнейшыя прынцыпы адзінай прац. школы: навучанне на роднай мове, сумеснае навучанне хлопчыкаў і дзяўчынак, поўнае аддзяленне школы ад царквы, сувязь навучання з грамадска-вытворчай працай. У адпаведнасці з Канстытуцыяй БССР усе грамадзяне мелі права на адукацыю незалежна ад полу, расы, нацыянальнасці, веравызнання, сац. паходжання і маёмаснага становішча. Гэтыя правы забяспечваліся абавязковай агульнай 8-гадовай адукацыяй, ажыццяўленнем усеагульнай сярэдняй адукацыі моладзі, навучаннем у школе на роднай мове, бясплатнасцю ўсіх відаў адукацыі, выплатай стыпендый, пашырэннем сеткі дашкольных і пазашкольных устаноў, арганізацыяй розных форм вытв. навучання, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў.
У 1974 Вярх. СаветБССР прыняў Закон «Аб народнай асвеце», асноўнымі прынцыпамі якой абвяшчаліся: роўнасць усіх грамадзян у атрыманні адукацыі незалежна ад расавай і нац. прыналежнасці, полу, адносін да рэлігіі, маёмаснага і сац. становішча; абавязковасць адукацыі для ўсіх дзяцей і падлеткаў, дзярж. і грамадскі характар усіх навуч.-выхаваўчых устаноў; свабода выбару мовы навучання, навучанне на роднай мове або на мове іншага народа СССР; бясплатнасць усіх відаў адукацыі, утрыманне часткі вучняў на поўным дзярж. забеспячэнні, стыпендыяльнае забеспячэнне навучэнцаў і студэнтаў і аказанне ім іншай матэрыяльнай дапамогі; сумеснае навучанне абодвух полаў; свецкі характар адукацыі, які выключаў уздзеянне рэлігіі.
У 1991 прыняты Закон «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (новая рэд. 2002), у якім запісана, што Беларусь як суверэнная дзяржава мае ўласную сістэму адукацыі і выхавання і гарантуе кожнаму свайму грамадзяніну магчымасць развіцця асобы, атрымання адукацыі, якая адпавядала б яе патрабаванням і здольнасцям, актыўнае далучэнне да культурна-гіст. спадчыны бел. народа і інш.нац. супольнасцей краіны. Дзяржава забяспечвае прыярытэтнае развіццё адукацыі, адпаведныя сац.-эканам. ўмовы функцыянавання гэтай сферы, правы грамадзян на атрыманне агульных і прафес. ведаў, засваенне агульнакульт. каштоўнасцей, абарону інтэлектуальнай уласнасці, таленту і адукаванасці. Былі распрацаваны Канцэпцыя рэформы агульнаадук. школы і Праграма рэалізацыі рэформы агульнаадук. сярэдняй школы (1996), у якой прадугледжвалася ажыццявіць рэформу ў Рэспубліцы Беларусь паступова ў 12 этапаў і завяршыць яе ў 2008/09 навуч. годзе. 1-ы з’езд настаўнікаў Беларусі, які адбыўся ў Мінску ў 1997, падтрымаў рэформу агульнаадук. школы і асн. палажэнні стратэгіі развіцця нац. сістэмы адукацыі. 2-гі з’езд настаўнікаў Беларусі (2001) паставіў задачу — забяспечыць да 2005 паступовы пераход да поўнага ахопу дзяцей 5-гадовага ўзросту падрыхтоўкай да школы; завяршыць да 2008 пераход да абавязковай 10-гадовай адукацыі пры 4-гадовай пачатковай і 6-гадовай базавай школе, а да 2010—12-гадовай сярэдняй адукацыі; забяспечыць увядзенне ў дзеянне стандартаў зместу адукацыі на ўсіх яго ўзроўнях у адпаведнасці з сац. заказам грамадства і дзяржавы.
Сучасная нац. сістэма адукацыі Беларусі ўключае: удзельнікаў адукац. працэсу; адукац. стандарты, на аснове якіх распрацаваны навуч. планы і праграмы; установы адукацыі і іншыя арганізацыі, якія забяспечваюць эфектыўнае функцыянаванне сістэмы адукацыі; дзярж. органы кіравання адукацыяй, якія ўключаюць Мін-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, упраўленні і аддзелы адукацыі мясц. выканаўчых і распарадчых органаў. Асн. адукацыя складаецца з дашкольнай, агульнай базавай, агульнай сярэдняй, прафес.-тэхн., сярэдняй спец., вышэйшай, паслядыпломнай адукацыі.
Дадатковая адукацыя можа ажыццяўляцца на ўсіх узроўнях асн. адукацыі, а таксама ўключае пазашкольнае выхаванне і навучанне, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку кадраў. Нац. сістэма адукацыі ажыццяўляе сваю дзейнасць на аснове Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законаў «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб мовах у Беларускай ССР» (1990), «Аб правах дзіцяці» (1993, са зменамі і дапаўненнямі 2000), «Аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі«(2003), «Аб адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (спецыяльнай адукацыі)» (2004), «Аб агульнай сярэдняй адукацыі» (2004).
Дзярж. палітыка ў сферы адукацыі грунтуецца на наступных прынцыпах: прыярытэт адукацыі; абавязковасць агульнай базавай адукацыі; ажыццяўленне пераходу да абавязковай агульнай сярэдняй адукацыі; даступнасць дашкольнай, прафес.-тэхн. і на конкурснай аснове сярэдняй спец. і вышэйшай адукацыі; пераемнасць і непарыўнасць узроўняў і ступеней адукацыі; нац.-культ. аснова адукацыі; прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей, правоў чалавека, гуманіст. характару адукацыі; навуковасць; экалагічная накіраванасць адукацыі; дэмакр. характар кіравання адукацыяй; свецкі характар адукацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РАПІС НАСЕ́ЛЬНІЦТВА працэс збору дэмаграфічных, эканам. і сац. звестак, якія характарызуюць жыхароў краіны або пэўнай тэрыторыі ў пэўны момант. Асн. мэта П.н. — атрыманне звестак пра колькасць, склад, размяшчэнне насельніцтва, яго дэмаграфічныя, эканам. і сац. характарыстыкі, неабходныя для найб. эфектыўнай арганізацыі сац.-эканам. жыцця краіны. П.н. ахоплівае ўсіх жыхароў краіны: пастаянных жыхароў кожнай тэр. (пастаяннае насельніцтва) і тых, што знаходзяцца на ёй у момант перапісу незалежна ад часу знаходжання (наяўнае насельніцтва), уключае і тых грамадзян дзяржавы, што знаходзяцца за мяжой. Звесткі, якія збіраюцца пры П.н., вызначаюцца праграмай перапісу, асн.ч. якой з’яўляецца адзінай для ўсяго насельніцтва краіны. Праграма П.н. звычайна ўключае: дэмаграфічныя адзнакі (пол, дата нараджэння або ўзрост, колькасць дзяцей і інш.), эканам. адзнакі (занятак, прафесія, крыніца сродкаў існавання і інш.), характарыстыкі адукаванасці і ўзроўню кваліфікацыі, этнічныя адзнакі, грамадзянства, пытанні пра жыллёва-бытавыя ўмовы. Апрацоўка даных П.н. звычайна праводзіцца па адм. адзінках. Поўная іх распрацоўка можа займаць некалькі гадоў. Асн.навук. патрабаванні да П.н.: цэнтралізаванасць; наяўнасць вызначанай праграмы і яе адзінства; ахоп усёй тэрыторыі; усеагульнасць; індывідуальнасць рэгістрацыі; непасрэднае атрыманне звестак у насельніцтва; адначасовасць; перыядычнасць.
П.н. папярэднічалі розныя формы ўліку насельніцтва, якія праводзіліся ў Стараж. Грэцыі, Вавілоне, Стараж. Егіпце (каля 2800—2250 да н.э.), Месапатаміі, Кітаі (каля 2238 да н.э.), Японіі і інш.Найб. вядомыя ўлікі вольных грамадзян (цэнзы) пры імператары Серв Тулію ў Стараж. Рыме (6 ст. да н.э.). У Расіі з 1718 праводзіліся дзярж. рэвізіі насельніцтва; праведзена 10 рэвізій: 1-я ў 1719—27, 10-я ў 1857—60. Пачатак усеагульнаму і рэгулярнаму ўліку насельніцтва паклалі ЗША (1790), Швецыя (1800), Вялікабрытанія, Данія, Нарвегія і Францыя (1801). Першы перапіс, які адпавядаў навук. прынцыпам уліку, праведзены ў Бельгіі ў 1846 пад кіраўніцтвам А.Кетле. У пач. 19 ст. П.н. ахопліваў 1,1% насельніцтва, да канца 20 ст. — 95% насельніцтва ў 202 краінах свету. Большасць развітых краін праводзяць перапіс кожныя 10 гадоў; некаторыя — паміж суцэльным П.н. праводзяць выбарачны перапіс.
На тэр. Беларусі пачатак уліку насельніцтва адносіцца да 9 ст. (вёўся з фіскальнымі мэтамі для падаткаабкладання). Колькасць насельніцтва на тэр. Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай вызначалася на аснове тарыфаў падымнага абкладання, дзе за адзінку абкладання браўся дом ці дым. З 17 ст. вяліся падворныя перапісы. У 1897 адбыўся ўсеагульны П.н. на тэр. Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Рас. імперыі. 1-ы ўсеагульны П.н. ў БССР праведзены ў 1926. Вынікі перапісу 1937 з-за разыходжання звестак з тымі, якія меркавалася атрымаць, былі забракаваны. Матэрыялы П.н. 1939 у сувязі з пач. 2-й сусв. вайны часткова распрацаваны ў пасляваенны час і апублікаваны ў 1995. Пасляваенныя П.н. праводзіліся больш рэгулярна (1959, 1970, 1979) і практычна паўтаралі праграму перапісу 1939. У перапісе 1989 дадаткова збіраліся звесткі аб жыллёвых умовах насельніцтва. Аднак у сувязі з распадам СССР праект распрацоўкі і публікацыі матэрыялаў гэтага перапісу ажыццёўлены не поўнасцю (па Беларусі яны апублікаваны толькі для службовага карыстання). П.н. Рэспублікі Беларусь 1999 праводзіўся па больш шырокай праграме, якая ўлічвала кардынальныя перамены ў сац.-эканам. развіцці краіны і структуры грамадства. Напр., большая ўвага звярталася на пытанні занятасці насельніцтва, моўнай сітуацыі.
Дынаміка колькасці насельніцтва. Колькасць насельніцтва Беларусі мянялася нераўнамерна ў выніку 1-й і 2-й сусв. войнаў, хваляў эпідэмій, голаду, міграцый, паліт. рэпрэсій. Паводле звестак Усерас. П.н. 1897, на Беларусі ў сучасных межах пражывала больш за 6,6 млн.чал. У сувязі з ростам эміграцыі ў ЗША, Канаду, Аўстралію, краіны Зах. Еўропы адмоўнае сальда міграцыі насельніцтва склала за 1897—1913 каля 0,5 млн.чал. У 1-ю сусв. (1914—18) і грамадз. (1918—20) войны Беларусь страціла каля 1,4 млн.чал. забітымі і памерлымі. З 1920-х г. да пач. 2-й сусв. вайны назіраўся актыўны працэс росту насельніцтва. Паводле П.н. 1939 на Беларусі жыло амаль 9 млн.чал. У Вял.Айч. вайну 1941—45 страчана больш за 2,2 млн.чал. (кожны 4-ы жыхар), каля 380 тыс.чал. вывезена на працу ў Германію (вярнуліся не ўсе). На канец 1945 на Беларусі жыло 6,2 млн.чал. Даваенная колькасць жыхароў дасягнула толькі ў 1971. У пасляваен. перыяд да пач. 1990-х г. насельніцтва павялічвалася, аднак тэмпы росту з 1970-х г. сталі зніжацца. Паміж П.н. 1989 і 1999 адбылося абсалютнае змяншэнне колькасці насельніцтва на 107 тыс.чал. (1,1%), як вынік дэпапуляцыі, якая пачалася ў 1933: гадавая колькасць памерлых перавышае колькасць народжаных (гл.табл. 1).
Урбанізацыя. Паводле П.н. 1897 гар. насельніцтва Беларусі складала 13,5%. Напярэдадні Вял.Айч. вайны доля гараджан на Беларусі складала 20% насельніцтва. У пасляваенныя гады ў сувязі з размяшчэннем у гарадах буйных прамысл. прадпрыемстваў, працэс урбанізацыі паскорыўся. За 1959—70 доля гар. жыхароў вырасла больш чым на 13%, за 1970—89 яшчэ на 22% і склала 65%. У 1999 у гарадах жыло каля 70% насельніцтва. Характэрная рыса урбанізацыі — паскораны рост насельніцтва ў буйных гарадах. Прырост гар. насельніцтва забяспечваўся ў асн. за кошт. сельскіх жыхароў. Павелічэнне колькасці гар. пасяленняў ішло і шляхам узнікнення новых гарадоў (Салігорск, Светлагорск, Наваполацк, Новалукомль), і надання частцы мястэчак статуса пасёлкаў гар. тыпу. У 1970 на Беларусі было 9 гарадоў, якія мелі больш за 100 тыс. жыхароў, у 1999—15 (Мінск, Гомель, Магілёў, Віцебск, Гродна, Брэст, Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Пінск, Орша, Мазыр, Наваполацк, Салігорск, Ліда). У Мінску ў 1999 было 1677,1 тыс. жыхароў.
Асн. тэндэнцыяй полаўзроставай структуры насельніцтва Беларусі з’яўляецца яго старэнне (павелічэнне долі пажылых людзей). Доля асоб пенсіённага ўзросту 60 гадоў для мужчын і 55 для жанчын (павялічылася з 13,5% у 1959 да 21,5% у 1999, фактычна кожны 5-ы жыхар краіны — пенсіянер. Другая характэрная рыса дынамікі ўзроставай структуры насельніцтва — памяншэнне долі дзяцей: у 1897 ва ўзросце да 16 гадоў яны склалі 43%, у 1959—31,3%, у 1999—21,2%. У 1897 на Беларусі на 1000 мужчын прыпадала 1012 жанчын, у 1926—1045, у 1959—1249, у 1999—1129. Працаздольнае насельніцтва складае большую палавіну ўсіх жыхароў — 57,3% (1999).
Усерас. П.н. 1897 даў толькі агульнае ўяўленне пра нац. склад жыхароў Беларусі, паколькі нацыянальнасць вызначалася па мове і веравызнанні. На тэр. 5 бел. губерняў (Гродзенскай, Віленскай, Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай) акрамя беларусаў, якія складалі 65,6% ад усяго насельніцтва, жылі яўрэі (14,6%), рускія (6%), украінцы (4,6%), палякі (5,2%), а таксама латышы, літоўцы, татары, немцы, цыгане і інш. Паводле П.н. 1939 (без уліку тэр.Зах. Беларусі) доля беларусаў вырасла за кошт памяншэння долі інш. нацыянальнасцей і складала 82,9% ад агульнай колькасці насельніцтва, працэнт палякаў знізіўся да 1%, украінцаў — да 2%. Найб. поўную карціну пра нац. склад даюць П.н. 1959, 1970, 1979, 1989 і 1999, якія праводзіліся ў сучасных межах Беларусі. Іх вынікі сведчаць, што ў сувязі з працэсамі асіміляцыі і міграцыі (прыток асоб некарэннай нацыянальнасці і адток беларусаў у інш. рэгіёны СССР) доля беларусаў знізілася з 81,1% у 1959 да 77,9% у 1989. Аднак з пач. 1990 г. пасля распаду СССР у Рэспубліцы Беларусь доля беларусаў пачала павялічвацца, што звязана з працэсам рээміграцыі (вяртаннем асоб тытульнай нацыянальнасці) з рэспублік Закаўказзя, Сярэдняй Азіі, Прыбалтыкі і інш. рэгіёнаў. Паводле П.н. 1999 колькасць беларусаў склала 8 млн. 159 тыс.чал. (81,2%). Доля рускіх пастаянна павялічвалася: з 8% у 1959 да 13% у 1989. П.н. 1999 засведчыў зніжэнне колькасці рускіх да 11% (1 млн. 141 тыс.чал.), што звязана ў асноўным з адтокам рус. насельніцтва пасля распаду СССР, а таксама з вывадам войск з тэр. Беларусі. Рускае насельніцтва пражывае пераважна ў гарадах і ва ўсх. сельскіх рэгіёнах. Колькасць палякаў (трэцяя па велічыні нац. група) пастаянна зніжаецца з-за працэсаў асіміляцыі і міграцыі: у 1959 яны складалі 7% насельніцтва, у 1999—3,9% (395,7 тыс.чал.). Яны пражываюць пераважна ў сельскай мясцовасці ў зах. і паўн.-зах. раёнах Беларусі. Змянілася і колькасць украінцаў: у 1959 яны складалі 1,7%, у 1999—2,4% (237 тыс.чал.). Значная іх частка жыве ў гарадах і сельскай мясцовасці на Пд ад гарадоў Кобрын і Брэст. Найб. моцныя змены зведалі прадстаўнікі яўр. нацыянальнасці: у 1939 яўрэі былі 2-й па колькасці нац. меншасцю (7%), у 1989—5-й (1,1%). Скарачэнне іх колькасці выклікана інтэнсіўным выездам у буйныя гарады Расіі, Украіны пасля ліквідацыі «мяжы аселасці», асіміляцыйнымі працэсамі, стратамі ў гады Вял.Айч. вайны, актыўным выездам у Ізраіль і інш. замежныя краіны ў 1980—90-я г. У выніку доля яўрэяў у 1999 склала 0,3% (27,8 тыс.чал.). Паводле П.н. 1999 на Беларусі пражывала больш за 100 нацыянальнасцей (гл.табл. 2).
Літ.:
Раков А.А. Население БССР. Мн., 1969;
Гозулов А.И. Переписи населения земного шара. М., 1970;
Киселева Г.П., Кваша А.Я. О чем рассказывают переписи населения. М., 1983;
Манак Б.А. Насельніцтва Беларусі. Мн., 1992;
Шахотько Л.П. Население Республики Беларусь в конце XX в. Мн., 1996.
Дз.М.Кудзелка, Л.П.Шахоцька.
Табліца 1 Дынаміка колькасці насельніцтва Беларусі
Гады перапісаў
Колькасць насельніцтва, тыс.чал.
У % да ўсяго насельніцтва
Усяго
у т. л.
гарадское
сельскае
гарадское
сельскае
1897
6673
899
5774
13,5
86,5
1926
4989
848
4138
17
83
1939
8912
1855
7057
20,8
79,2
1959
8056
2481
5575
30,8
69,2
1970
9002
3908
5094
43,4
56,6
1979
9560
5263
4297
55,1
44,9
1989
10 152
6641
3510
65,4
34,6
1999
10 045
6961
3084
69,3
30,7
Табліца 2 Нацыянальны склад насельніцтва Рэспублікі Беларусь (па даных перапісаў, у %)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛІ́ЗМ (франц. socialisme ад лац. socialis грамадскі),
1) сукупнасць ідэй, поглядаў, вучэнняў аб дасканалым грамадстве.
2) Кірунак ідэйна-паліт. і тэарэт. думкі, а таксама адпаведны ёй грамадскі рух.
3) Сацыяльны лад грамадства, які прадугледжвае пабудову і функцыянаванне ўсёй сістэмы грамадскіх адносін, грамадскай структуры і ін-таў, у т. л. дзяржавы, у адпаведнасці з сацыяліст. ідэямі. Тэрмін «С.» увёў у пач. 1830-х г.франц. сацыяліст-утапіст П.Леру. Прадстаўнікі утапічнага сацыялізму пад С. разумелі грамадскі лад без эксплуатацыі чалавека чалавекам, які заснаваны на прынцыпе грамадскай справядлівасці. У стараж. Грэцыі былі спробы філас. асэнсавання грамадскага і дзярж. ладу з пункту гледжання яго адпаведнасці патрэбам грамадзян. Лічылася, што чалавек павінен паважаць волю вышэйшых сіл, падпарадкоўвацца аб’ектыўным законам і ўплываць на прыродныя і грамадскія ўмовы ў інтарэсах свайго развіцця, а мэта дзяржавы — забеспячэнне самаст. і шчаслівага жыцця грамадзян. Ідэя справядлівасці і справядлівага грамадскага ладу складала аснову звычаёвага права. Сакрат абгрунтоўваў тоеснасць разумнага, справядлівага і законнага пачаткаў. Платон у дыялогу «Дзяржава» выклаў свой праект ідэальнай дзяржавы, выказваўся супраць прыватнай уласнасці і расколу грамадства на багатых і бедных, нераўнапраўя жанчын, захопніцкіх і грабежніцкіх войнаў. Арыстоцель вылучаў 2 віды справядлівасці: ураўняльную, якая грунтавалася б на «арыфметычнай роўнасці» людзей і выступала б у галіне грамадзянскага і крымінальнага права; і размеркавальную, заснаваную на «геаметрычнай роўнасці», на падзеле агульных даброт па заслугах, прапарцыянальна асабістаму ўкладу кожнага. Развіццё сацыяліст. ідэй прадаўжалі прадстаўнікі утапічнага С. — Т.Мор, Т.Кампанела, Г.Маблі, Ж.Мелье, Ф.Бабёф, А.Сен-Сімон, Ш.Фур’е, Р.Оўэн і інш. З 16 ст. па 1830—40-я г. рабіліся спробы тэарэтычна абгрунтаваць шэраг асн. ідэй і палажэнняў: аб неабходнасці ўстанаўлення грамадскай уласнасці на прылады і сродкі вытв-сці, аб прынцыпе размеркавання грамадскіх даброт паводле здольнасцей, стварэнні буйной грамадскай вытв-сці з выкарыстаннем дасягненняў навукі і тэхнікі. Сфарміраваўся пэўны ідэал грамадскага ладу, дзе забяспечваюцца матэрыяльныя і духоўныя патрэбы грамадзян і ствараюцца ўмовы для ўсебаковага развіцця чалавечай асобы. Абвастрэнне класавых супярэчнасцей у капіталіст. грамадстве і паяўленне першых форм арганізаванага сац. пратэсту рабочых супраць эксплуатацыі, у прыватнасці чартысцкага руху ў Вялікабрытаніі, спрыялі ператварэнню С. ў 1830—40-я г. ў адзін з гал. кірункаў еўрап. грамадска-паліт. і навук. думкі, які звязваў сябе з абаронай інтарэсаў рабочага класа. Аднак сацыяліст. ідэі былі неаднародныя і супярэчлівыя ў разуменні будучага сацыяліст. ладу і шляхоў да яго ўсталявання. З цягам часу склаліся 2 гал. падыходы: марксісцкі і сацыял-дэмакратычны. Згодна з матэрыялістычным тлумачэннем гіст. працэсу (К.Маркс, Ф.Энгельс, У.І.Ленін і інш.), С. — заканамерны вынік гісторыі і з’яўляецца ніжэйшай ступенню камуніст. грамадска-эканам. фармацыі, якая прыходзіць на змену капіталізму. Асн. шляхам для дасягнення гэтай мэты лічыліся сацыяліст. рэвалюцыя, экспрапрыяцыя капіталу і буйной прыватнай уласнасці, пазбаўленне буржуазіі паліт. улады, уздым вытв. сіл грамадства на базе грамадскай уласнасці, удзел працоўных у кіраванні дзяржавай, развіццё асветы, навукі і культуры. Гэтыя прынцыпы ўвайшлі ў праграмы сацыяліст. арг-цый і партый марксісцкай арыентацыі. Сацыял-дэмакратычны падыход да С. ставіў задачы паступовага рэфармавання грамадства ў кірунку паляпшэння сац. становішча працоўных, пашырэння дэмакр. свабод і правоў грамадзян (гл.Рэфармізм). Гэтыя ідэі выкладзены ў праграмах адпаведных паліт. партый, якія ўваходзяць у Сацыялістычны інтэрнацыянал. Распад каланіяльнай сістэмы, утварэнне новых дзяржаў і пошук шляхоў самаст. развіцця выклікалі паяўленне своеасаблівых канцэпцый С., дзе знайшлі свой адбітак нац. традыцыі і культура пэўных народаў. Пераломнай для сацыяліст. ідэалу гіст. падзеяй стала Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917, дзякуючы якой С. пачаў набываць контуры рэальна існуючага грамадства ў Расіі, а пасля 2-й сусв. вайны — у некаторых краінах Усх. і Цэнтр. Еўропы, Кітаі, на Кубе. У СССР узнікла спецыфічная форма С. — дзяржаўны С., які спалучыў у сабе марксісцка-ленінскія ідэі з традыцыямі і культ.-цывілізацыйнымі асаблівасцямі рускага і іншых народаў краіны і характэрнымі рысамі якога былі: манаполія дзярж. уласнасці, адчужэнне непасрэдных вытворцаў ад сродкаў вытв-сці, прысваенне прыбавачнай вартасці і эксплуатацыя працоўных, дырэктыўнае цэнтралізаванае планаванне, нецярпімасць да іншадумства. Адначасова змест гэтай сістэмы выражаўся ў пэўнай сац. арыентацыі: грамадскія фонды, бясплатныя адукацыя і мед. абслугоўванне, датацыі, ільготы, бясплатнае атрыманне жылля і нізкая кватэрная плата, матэрыяльная падтрымка дзяржавай права на адпачынак і інш. Форма дзяржаўнага С. шмат у чым тлумачыцца складанымі ўнутр. і знешнімі ўмовамі (войны, пагрозы вайной і інш.), аднак былі забяспечаны цэласнасць шматнацыянальнай дзяржавы і яе ўсебаковае развіццё.
Літ.:
Маркс К., Энгельс Ф. Маніфест камуністычнай партыі: Пер. з рус.Мн., 1968;
Энгельс Ф. Развіццё сацыялізму ад утопіі да навукі: Пер. з рус.Мн., 1970;
Утопический социализм: Хрестоматия. М., 1982;
Бердяев Н.А. Истоки и смысл русского коммунизма. М., 1990;
Бернштейн Э. Возможен ли научный социализм?: «Ответ Г.Плеханова»: Пер. с нем. М., 1991;
Фроянов И.Я. Октябрь семнадцатого (глядя из настоящего). СПб., 1997;
Жибуль И.Я. Гуманизм советского образа жизни. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІМІЯ ВЫСОКАМАЛЕКУЛЯРНЫХ ЗЛУЧЭННЯЎ
Высокамалекулярныя злучэнні пачалі вывучаць у 1936 у Ін-це хіміі АН Беларусі. Даследаваліся растворы палімераў і калоідаў. Вывучаны заканамернасці набракання каўчуку і гумы ў змешаных растваральніках, структура макрамалекул прыродных бялкоў, штучныя матэрыялы на аснове высокамалекулярных злучэнняў лубіну; распрацаваны інгібітары працэсаў акіслення натуральнага і сінт. каўчуку (М.Ф.Ярмоленка). У 1940 створана першая лабараторыя высокамалекулярных злучэнняў, дзе даследаваны тэрмадынамічныя ўласцівасці раствораў высокамалекулярных злучэнняў, кінетыка і раўнаважнасць набракання палімерных матэрыялаў, тэмпературныя залежнасці скорасці набракання, цеплавыя эфекты (С.М.Ліпатаў).
У наш час даследаванні па хіміі высокамалекулярных злучэнняў вядуцца ў Ін-це фізіка-арган. хіміі, Ін-це агульнай і неарган. хіміі, Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац.АН Беларусі, БДУ, Бел.тэхнал. ун-це і інш. Іх умоўна можна падзяліць на тры асн. групы: сінтэз, хім. пераўтварэнні, атрыманне кампазіцыйных палімерных матэрыялаў. Сярод работ па сінтэзе важнае месца належыць даследаванням працэсаў атрымання поліімідаў, а таксама полімерызацыя розных манамераў, у т. л. з выкарыстаннем металаарган. каталізатараў. У гэтым кірунку вылучаюцца работы па сінтэзе поліцыклагексадыену, звышвысокамалекулярнага поліэтылену, палімераў вінілтэтразолаў і нафтапалімерных смол. Найб. актыўна вывучаюцца працэсы хім. мадыфікавання прыродных і сінт. палімераў, у т. л. цэлюлозы, з мэтай стварэння на іх аснове новых матэрыялаў тэхн. і мед. прызначэння. Устаноўлена, што ў аснове змянення ўласцівасцей палімераў пры мадыфікаванні іх метадамі прышчэпачнай полімерызацыі, палімераналагічных пераўтварэнняў і сшывання ляжыць змяненне энергіі міжмалекулярнага ўзаемадзеяння ў элементах мікрагетэрагеннай структуры.
Распрацаваны сінтэтычныя палімерныя іаніты, якія выкарыстоўваюцца ў якасці іонаабменнай глебы, а таксама валакністыя іонаабменнікі, сарбенты; магн. і электрэтныя пластыкі для мед. тэхнікі; інгібіраваныя плёначныя матэрыялы для аховы металаў ад электрахім. і біял. карозіі і інш.
Шляхам хім. мадыфікавання цэлюлозы фосфарнымі к-тамі атрыманы вогне- і біяахоўныя драўняныя матэрыялы і баваўняныя тканіны. Фасфатацэлюлозныя матэрыялы выкарыстоўваюцца ў медыцыне для стабілізацыі донарскай крыві. Хім. мадыфікаванне цэлюлозы аксідамі азоту пакладзены ў аснову метадаў атрымання розных лекавых прэпаратаў пралангаванага дзеяння, а таксама растваральных у арган. растваральніках цалкам ці часткова замешчаных ацэтатаў цэлюлозы, водарастваральных нізказамешчаных сульфатаў поліцукрыдаў і інш. Пры вывучэнні ўзаемадзеяння азотнай к-ты з цэлюлозазмяшчальнай расліннай сыравінай распрацаваны эфектыўны спосаб атрымання радыеактыўна чыстых цэлюлозы і нітралігніну з забруджанай сыравіны. Для працэсаў асвятлення, стэрылізацыі і канцэнтравання раствораў біялагічна актыўных рэчываў, перапрацоўкі малочных прадуктаў, асвятлення пладова-ягадных сокаў і він, ачысткі сцёкавых вод выкарыстоўваюцца мікра- і ультрафільтрацыйныя мембраны на аснове ацэтату цэлюлозы і рэгенерыраванай цэлюлозы, супалімераў акрыланітрылу, араматычнага поліаміду і полісульфону. На аснове мадыфікаваных водарастваральных палімераў (у т. л. поліцукрыдаў і прадуктаў шчолачнага гідролізу адходаў вытв-сці поліакрыланітрыльных валокнаў) створаны дэпрэсары пустой пароды для флатацыйнага абагачэння хлорыстага калію, звязвальныя рэчывы для фарбаў і буд. матэрыялаў, поліэлектралітныя комплексы і гідрагелі, заменнікі плазмы крыві. На аснове мадыфікаваных сінт. палімераў атрыманы электраізаляцыйныя матэрыялы з лабільнай трохвымернай структурай, тэрмаклеявыя парашкі, кляі-расплавы, паляроідныя плёнкі для вадкакрышталічных прылад.
У галіне кампазіцыйных палімерных матэрыялаў вывучаюцца заканамернасці змянення структуры і ўласцівасцей палімераў пры ўзаемадзеянні з электрычнымі і магн. палямі, патокамі іанізуючых часціц, лазернымі выпрамяненнямі, мех. ўздзеяннямі, знешнімі агрэсіўнымі асяроддзямі. У выніку даследаванняў сумесей і сплаваў на аснове палімераў вывучаны механізмы кіравання міжфазнымі ўзаемадзеяннямі і сумяшчальнасці макрамалекул, атрыманы новыя віды кампазіцыйных матэрыялаў на аснове поліаміду і поліэтылентэрэфталату. Распрацаваны безазбеставыя фрыкцыйныя матэрыялы на палімернай аснове і вырабы з іх. Створаны палімерныя кампазіцыі з павышанай устойлівасцю да працэсаў тэрмічнай і тэрмаакісляльнай дэструкцыі, а таксама са зніжанай гаручасцю.
Значны ўклад у хімію і фізіку высокамалекулярных злучэнняў зрабілі акад.Нац.АН Беларусі У.Я.Агабекаў, У.А.Белы, Ф.М.Капуцкі, А.І.Лесніковіч, У.С.Салдатаў, А.І.Свірыдзёнак, І.М.Ярмоленка; чл.-кар. П.І.Бялькевіч, М.П.Круцько, Ю.М.Плескачэўскі, М.Р.Пракапчук, А.І.Рацько, Р.Л.Старобінец; д-ры навук А.В.Більдзюкевіч, А.І.Валожын, П.М.Гапонік, Б.Э.Гелер, В.А.Гальдадэ, А.А.Івашкевіч, Л.С.Карэцкая, Л.П.Круль, Э.Ц.Круцько, М.А.Ксенафонтаў, Б.І.Купчынаў, М.Р.Лін, А.У.Макарэвіч, С.У.Маркевіч, П.А.Матусевіч, С.Ф.Навумава, Л.С.Пянчук, С.С.Пясецкі, А.В.Рагачоў, М.М.Равяка, Дз.В.Свірыдаў, В.В.Смірноў, В.А.Струк, У.А.Тарасевіч, А.І.Шадыра, Я.І.Шчарбіна, А.Р.Юркевіч, М.І.Ягоранкаў і інш.
Літ.:
Солдатов В.С. Химия высокомолекулярных соединений // Весці Нац.АН Беларусі. Сер. хім.навук. 1998. №4;
Химические проблемы создания новых материалов и технологий: Сб. ст. к 20-летию НИИ физ.-хим. проблем БГУ. Мн., 1998;
Солдатов В.С. Полимерные и композиционные материалы // Наука — народному хозяйству. Мн., 2002;
Плескачевский Ю.М., Савицкий В.Н. Полимерные и композиционные материалы и их применение // Там жа;
Химические проблемы создания новых материалов и технологий. Вып. 2. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СГАЛЫ́ПІНСКАЯ АГРА́РНАЯ РЭФО́РМА,
буржуазная рэформа сял.надзельнага землеўладання ў Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, у 1906—17. Названа па прозвішчы П.А.Сталыпіна, ініцыятара і кіраўніка рэформы. Выклікана развіццём капіталізму, барацьбой сялян за ліквідацыю панскага землеўладання і інш. рэшткаў прыгонніцтва ў час рэвалюцыі 1905—07. С.а.р. праводзілася з мэтай захавання манархіі, стварэння больш спрыяльных умоў для развіцця капіталіст. адносін у с.-г. вытв-сці, умацавання слоя сял. буржуазіі і заможнага сялянства ў якасці, апоры самадзяржаўя, ператварэння асн. масы сялян у парабкаў і прамысл. рабочых, паскарэння росту прадукц. сіл земляробства пры захаванні памешчыцкіх латыфундый і прадухілення агр.-сял. рэвалюцыі. Гал. змест рэформы: разбурэнне сельскай пазямельнай абшчыны, насаджэнне дробнакапіталіст. сял. зямельнай уласнасці і хутарской формы землекарыстання, перасяленне беззямельных і малазямельных сялян у Сібір, на Д. Усход, у Казахстан і інш. ўскраінныя рэгіёны імперыі. Пачалася паводле ўказа ад 22.11.1906, які дазваляў выхад сялян з пазямельнай абшчыны і замацаванне за імі зямлі ў асабістую ўласнасць. Указ з некат. папраўкамі ўхвалены Дзярж. Саветам, зацверджаны царом і прыняты Дзярж. думай як Закон 27.6.1910, дапоўнены палажэннем аб землеўпарадкаванні ад 11.6.1911, якое ўсталёўвала прымусовы выхад сялян з абшчыны і пераход да спадчыннага падворнага землеўладання.
У 1905 абшчыннае землеўладанне ахоплівала 77,1% сял. двароў і 83,2% надзельных зямель Еўрап. Расіі. На Беларусі яно не мела значнага пашырэння і захавалася пераважна ў Магілёўскай (80,5% сял. двароў, 79,3% надзельнай зямлі) і Віцебскай (53% сял. двароў, 44,6% надзельнай зямлі) губ. Падворнае ўладанне ворнымі землямі і сенажацямі панавала ў Прыбалтыцы, Зах. і Цэнтр. Беларусі, на Правабярэжнай Украіне. Нягледзячы на адм. націск улад, на пач. 1916 з пазямельнай абшчыны выйшла толькі 26% сял. двароў, на долю якіх прыпадала 14,7% сял. абшчыннага землеўладання. Найб. актыўны выхад з абшчыны назіраўся на Пд Украіны і ў Стэпавым Заволжы — у рэгіёнах адносна высокага ўзроўню развіцця агр. капіталізму. Значным быў выхад з абшчыны і на У Беларусі. Да 1916 у Магілёўскай і Віцебскай губ. з яе выйшла 139,4 тыс.сял. двароў, (63% іх агульнай колькасці). Найменш закрануты рэфармаваннем Земляробчы цэнтр, паўн.-ўсх. і паўн. губерні. Землеўпарадкаванне, якое праводзілася ў ходзе С.а.р., найперш было накіравана на стварэнне хутароў і адрубоў (гл.Водруб) на сял. надзельнай зямлі. Аднак спадзяванні ўрада на масавае ўтварэнне хутарскіх і адрубных гаспадарак як апорнай базы «моцнага» сялянства не апраўдаліся. У еўрап. частцы імперыі яны ў 1907—16 складалі толькі 13,6% усіх надзельных двароў, на долю якіх прыпадала 12,2% надзельнага землеўладання. На надзельнай зямлі ў Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай, Віленскай губ. за гэты час створана 113,8 тыс. хутарскіх і адрубных гаспадарак пл. 1147,2 тыс.дзес. (10% сял. двароў і 18,7% надзельнага землеўладання). Апрача таго, Сял. пазямельны банк прадаў пад хутары і адрубы ў гэтых губернях у 1907—16 228,7 тыс.дзес. банкаўскіх зямель, на якіх узнікла 13,5 тыс. гаспадарак. На купленай сялянамі казённай зямлі (5,4 тыс.дзес.) створана 813 хутарскіх і адрубных гаспадарак. Па адноснай колькасці хутароў і адрубоў, створаных пры выдзелах з абшчыны асобных гаспадароў дамоў, Беларусь стаяла на перадапошнім месцы сярод рэгіёнаў еўрап. часткі імперыі. Пры ўсіх намаганнях урада ў 5 зах. губернях на хутары і адрубы выйшла толькі 1/8сял. двароў. На хутары і адрубы ішлі гал. чынам кулакі і сял. бедната. Адным з элементаў С.а.р. было заахвочванне ўрадам сял.перасяленства. У 1906—16 з еўрап. часткі краіны ў Сібір і на Д. Усход перасялілася 3134,8 тыс.чал., у т. л. з 5 зах. губерняў — 335,4 тыс.чал. (11,6% перасяленцаў з еўрап. часткі імперыі). З іх 240,8 тыс. (71,8%) прыпадала на Магілёўскую і Віцебскую губ. З 1910, калі ў сялянства з’явіліся надзеі на атрыманне панскай зямлі, перасяленні рэзка скараціліся. Асн. катэгорыю перасяленцаў складала сял. бедната. Царская адміністрацыя не змагла належным чынам арганізаваць перасяленчую справу, аказаць істотную грашовую дапамогу перасяленцам. У выніку значная частка іх вымушана была вяртацца ў родныя мясціны. У 1907—14 з Сібіры і Д. Усходу вярнулася 546,6 тыс. (17,4%) перасяленцаў, у т. л. ў 5 зах. губерняў — 36,5 тыс. (10,9%). Перасяленчая палітыка царызму не дасягнула мэты.
С.а.р. садзейнічала абеззямеленню бяднейшых слаёў сялян (якія былі вымушаны прадаваць кулакам атрыманыя ва ўласнасць землі) і канцэнтрацыі зямельнай уласнасці ў руках сял. буржуазіі. Адносна адсталая рас.прам-сць не магла прыняць у якасці рабочай сілы масу малазямельнага і беззямельнага сялянства, што захоўвала і ўзмацняла высокі ўзровень сац. напружанасці ў вёсцы. У эканам. плане С.а.р. мела прагрэсіўнае значэнне, бо паскарала рост капіталізму ў вёсцы, стварала новыя магчымасці для ўздыму с.-г. вытв-сці; расла прадукцыйнасць працы, развівалася гандл. земляробства. З выхадам на хутары і адрубы зменшыліся цераспалосіца, дробнапалосіца і далёказямелле сял. палёў, што садзейнічала развіццю сял. гаспадаркі. Аднак рэформа не прывяла да карэнных сац.-эканам. зрухаў, не вырашыла агр. пытання і не змагла прадухіліць наспяванне новай рас.бурж.-дэмакр. рэвалюцыі. Абсалютная большасць сял. гаспадарак не мела магчымасці карыстацца агранамічнай і тэхн. дапамогай, каап. крэдытам і інш. С.а.р. пацярпела няўдачу, бо праводзілася пры захаванні ўлады памешчыкаў, панскіх латыфундый, за кошт згалення сял. мас. Афіцыйна яна спынена пастановай Часовага ўрада ад 28.6(11.7).1917.
Літ.:
Дубровский С.М. Столыпинская земельная реформа. М., 1963;
Липинский Л.П. Столыпинская аграрная реформа в Белоруссии. Мн., 1978;
Аврех А.Я. П.А.Столыпин и судьбы реформ в России. М., 1991;
Зайцева Л.И. Аграрная реформа П.А. Столыпина в документах и публикациях конца XIX — начала XX в. М., 1995;
Теляк Л.В. Столыпинская аграрная реформа: Историогр. (1906—1917 гт.). Самара, 1995. Тюкавкин В.Г. Великорусское крестьянство и Столыпинская аграрная реформа. М., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІМІЯ ПРЫРОДНЫХ ЗЛУЧЭННЯЎ
Хімія драўніны і цэлюлозы. Адна з галін хіміі драўніны — сухая перагонка пнёвага асмолу — развівалася на Беларусі з 17 ст. Навукова-даследчыя работы ў гэтай галіне пачаліся ў 1920-я г. ў Бел.НДІ сельскай і лясной гаспадаркі і ў Бел.с.-г. акадэміі (К.М.Караткоў, І.І.Красікаў, У.В.Шкатэлаў). Вывучаўся піроліз драўніны, распрацавана тэхналогія працэсу, пабудаваны драўнінна-газавы з-д у Мінску.
У Ін-це хіміі АН Беларусі даследаваліся кінетыка гідралітычнага расшчаплення поліцукрыдаў драўніны, састаў смалістых рэчываў, вылучаных з паверхневага і глыбіннага асмолу тарфяных пакладаў. Прапанавана методыка гідролізу драўніны разбаўленай сернай к-той (у 1955 пабудаваны першы на Беларусі Бабруйскі гідролізны з-д) і тэхналогія гідролізу мікалагічна разбуранай драўніны (А.І.Скрыган). У пасляваенны час даследаванні расшырыліся і вядуцца ў многіх НДІ і ВНУ Беларусі. У Ін-це фізіка-арган. хіміі (да 1959 — Ін-т хіміі) Нац.АН Беларусі даследаваліся тэрмадынамічныя сувязі цэлюлозы, іх дыфільная прырода, вывучаўся ўплыў дыспергавання цэлюлозы на трываласць валокнаў і плёнак з яе (Д.У.Жаркоўскі, С.М.Ліпатаў). Выяўлены заканамернасці пераўтварэнняў, што адбываюцца ў драўніне ў натуральных умовах і пры тэрмахім. апрацоўцы; паказана аналагічнасць гэтых працэсаў гідрагенізацыйнаму-дэгідрагенізацыйнаму каталізу; распрацаваны спосабы выкарыстання драўніны балотных пнёў і аднагадовых парасткаў вярбы ў гідролізнай, цэлюлозна-папяровай і лесахім. вытв-сці, спосабы вылучэння і пластыфікацыі цэлюлозы з мясц. расліннай сыравіны, спосабы каталітычнай дэлігніфікацыі цэлюлозы; вывучана залежнасць яе структуры ад паходжання і фізіка-хім. ўздзеяння (А.І.Скрыган). У Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі даследуюцца цэлюлоза і яе вытворныя, інш. вышэйшыя поліцукрыды, а таксама іх мадэльныя злучэнні метадамі інфрачырвонай спектраскапіі (Р.Г.Жбанкоў). У Бел.тэхнал. ун-це распрацоўваецца агульная тэорыя рэакц. здольнасці лігніну, даследуюцца змены яго будовы ў філагенет. шэрагу раслін. Эксперыментальна пацверджана тэорыя полікандэнсацыі лігніну; паказана структурна-генет. сувязь лігніну са сфагнавых імхоў з лігнінамі вышэйшых раслін; даказана, што ў аснове лігніну сфагнавых імхоў ляжыць структура пара-оксіфенілпрапану (У.М.Рэзнікаў). Даследаваны гідралітычныя пераўтварэнні поліцукрыдных кампанентаў драўніны. Распрацаваны метады мадыфікацыі драўніны сінт. палімерамі. Гл. таксама Хімія высокамалекулярных злучэнняў, Хімічная тэхналогія.
Хімія тэрпеноідаў. Даследаванні тэрпеноідаў на Беларусі пачаліся ў 1923 у Бел.НДІ сельскай і лясной гаспадаркі, прадоўжаны ў Бел.с.-г. акадэміі, Бел.НДІ лясной гаспадаркі, Ін-це хіміі АН Беларусі, Лесатэхн. ін-це (з 1961 Бел.тэхнал.ін-т, з 1993 ун-т) і інш. Вывучаліся састаў і пераўтварэнні смаляных к-т хваёвай драўніны. Высветлена, што састаў смаляных кіслот з жывіцы хвоі і каніфолі з гэтай жывіцы аднолькавы з саставам аднайм. прадуктаў, атрыманых з амерыканскай і французскай хвоі, і што яны маюць у сабе α-пімаравую, левапімаравую і абіяцінавую к-ты; распрацавана тэхналогія і арганізавана падсочка хвоі (В.П.Сініцкі, У.В.Шкатэлаў). Пабудаваны (1929—30) Барысаўскі каніфольна-шкіпінарны і Навабеліцкі каніфольна-мылаварны з-ды. Вывучалася аўтаакісленне шкіпінараў у прысутнасці розных каталізатараў, удасканальвалася тэхналогія лесахім. вытворчасцей (К.М.Караткоў).
Даследаваны састаў смалістых рэчываў, вылучаных з паверхневага і глыбіннага асмолу, тарфяных пакладаў, удасканальвалася тэхналогія працэсаў смола-шкіпінарнай вытв-сці (А.І.Скрыган). Вывучаліся састаў і рэакцыя нітравання смаляных к-т (П.С.Пішчымука), аўтаакісленне смаляных к-т і тэрпенаў (Б.В.Ерафееў, М.І.Міцкевіч), састаў смаляных к-т і іх ангідрыдаў рэнтгенаструктурным метадам (М.Я.Лазараў) і інш. З 1955 асн. даследаванні па хіміі тэрпеноідаў сканцэнтраваны ў Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац.АН Беларусі. Устаноўлены хім. састаў бальзамаў найб. важных айч. хвойных парод; вывучаны ізамерызацыйныя пераўтварэнні тэрпенаў і смаляных к-т; распрацаваны спосабы атрымання полімерызаванай, гідрыраванай, мадыфікаванай і дыспрапарцыянаванай каніфолі, многіх яе эфіраў, мед. камфоры, лесахім. ядахімікатаў, політэрпенаў і інш. прадуктаў (І.І.Бардышаў, Х.А.Чэрчас). З канца 1970-х г. сістэматычна вывучаюцца хім. пераўтварэнні індывід. монатэрпенавых злучэнняў — алефінаў, спіртоў, кетонаў і інш. Вызначаны асн. заканамернасці перабудовы вуглевадароднай асновы гэтых злучэнняў ва ўмовах кіслотнага каталізу. На аснове рэакцыі гідраамінавання, рэакцый Рытэра, Бекмана, Маніха і інш. знойдзены эфектыўныя спосабы сінтэзу цяжкадаступных азотзмяшчальных злучэнняў, што маюць разнастайныя фармакафорныя групоўкі. Распрацаваны падыходы да высокатэхнал. выкарыстання аднаўляемай лесахім. сыравіны, якія накіраваны на атрыманне паверхнева-актыўных рэчываў, біяцыдаў, аналагаў прыродных нізкамалекулярных біярэгулятараў, тэхнал. дадаткаў, духмяных рэчываў і інш. практычна каштоўных злучэнняў (І.І.Бардышаў, С.С.Кавальская, М.Г.Казлоў).
Нафтахімія. Хімію нафты на Беларусі пачалі даследаваць пасля адкрыцця на яе тэрыторыі першага радовішча нафты (Ельск, 1952). У Ін-це хіміі і Ін-це геал. навук АН Беларусі вывучалі асн. характарыстыкі бел. нафты. Пасля адкрыцця прамысл. радовішчаў (1964) фізіка-хім. і геахім. характарыстыкі нафты вывучаюцца ў Бел.н.-д. геолагаразведачным ін-це (В.А.Лапуць, Р.Я.Семячка), Ін-це геахіміі і геафізікі АН Беларусі (да 1971 Лабараторыя геахім. праблем; К.І.Лукашоў), хім. састаў, фізіка-хім. і тэхнал. характарыстыкі — у Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац.АН Беларусі (Ю.Р.Егіязараў, М.С.Казлоў, Г.М.Сянькоў). Прапанаваны новыя спосабы сінтэзу ненасычаных цыклічных вуглевадародаў, спіртоў, кетонаў і іх функцыянальных вытворных, атрыманы новыя палімеры, эпаксідныя смолы, іаніты, воднарастваральныя поліэлектраліты, дэпрэсары і пластыфікатары (Н.П.Емяльянаў, Б.В.Ерафееў, С.Ф.Навумава). Распрацаваны асновы тэрмакаталітычных працэсаў ператварэння нафтавых вуглевадародаў у рэакцыяздольныя манамеры і метады сінтэзу на іх аснове функцыянальных вытворных і высокамалекулярных злучэнняў (Я.М.Павушкін). Вядуцца даследаванні па паляпшэнні тэхніка-эканам. паказчыкаў прамысл. прадпрыемстваў: прапанаваны мадыфікаваныя каталізатары і метады рэактывацыі прамысл. каталізатараў працэсу дэгідравання цыклагексанолу (для Гродзенскага хім. камбіната) і працэсаў ізамерызацыі ксілолаў (для Полацкага нафтаперапр. з-да), новы спосаб сінтэзу 2- і 3-атамных фенолаў на аснове цыклагексену, біметал. каталізатары для каталітычнага рыформінгу бензінаў. У Ін-це агульнай і неарган. хіміі Нац.АН Беларусі прапанаваны адсарбенты і каталізатары для нафтаперапр. і нафтахім. працэсаў (У.С.Камароў); у Бел.тэхнал. ун-це створаны тэарэт. асновы падбору экстрагентаў для вылучэння араматычных вуглевадародаў з каталізатараў рыформінгу бензіну і з пірабензіну (Я.І.Шчарбіна). Тэрмадынаміка галагеназамешчаных вуглевадародаў нафты вывучалася ў БДУ (Дз.М.Андрыеўскі).
Літ.:
Бардышев И.И. Изучение химического состава сосновой живицы и полученных из нее канифоли и скипидара // Новое в лесохимии. М., 1973;
Егиазаров Ю.Г., Козлов Н.С., Куликов В.И. Химия промышленных нефтей Белоруссии. Мн., 1972;
Паушкин Я.М. Нефтехимическая наука и промышленность. Мн., 1972;