ЧУРЫ́ЛАВА,

возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мёрыца, каля в. Чурылава, за 8 км на ПнУ ад г. Міёры. Пл. 0,2 км², даўж. 920 м, найб. шыр. 250 м, найб. глыб. 14,4 м, даўж. берагавой лініі 2,38 км. Пл. вадазбору 2 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, выцягнутая з ПнУ на ПдЗ, яе схілы выш. 4—6 м, спадзістыя, пад с.-г. ўгоддзямі, на ПдУ пад лесам. Берагі высокія, пад хмызняком. Дно да глыб. 2 м пясчанае, ніжэй ілістае. Вада вызначаецца нізкай мінералізацыяй і празрыстасцю. Зарастае амаль трэць плошчы возера да глыб. 2 м.

т. 17, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАФРА́НАВА Тамара Аляксандраўна (н. 21.2.1946, г. Віцебск),

бел. выканаўца на балалайцы, дырыжор, педагог. Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыла Бел. кансерваторыю (1971, кл. М.​Прашко). У 1971—2002 выкладчык, адначасова з 1990 кіраўнік і салістка актэта балалаек, кіраўнік і дырыжор аркестра рус. нар. інструментаў муз. вучылішча ў Віцебску. Выканаўчай манеры Ш. уласцівы тонкае адчуванне стылістыкі твора, багатая палітра дынамічных адценняў, эмацыянальная выразнасць муз. вобразаў. У яе рэпертуары апрацоўкі бел. і рус. нар. песень, творы бел. кампазітараў, рус. і замежнай класікі. Лаўрэат Рэсп. і Усесаюзнага конкурсаў артыстаў эстрады (1974), рэсп. конкурсаў хар. і арк. калектываў (1977, 1981, 1984).

А.​В.​Скорабагатчанка.

т. 17, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКВА́ТАР (позналац. aequator ад лац. aequo раблю роўным) геаграфічны, зямны, лінія сячэння зямнога шара плоскасцю, якая праходзіць праз цэнтр Зямлі перпендыкулярна ўяўнай восі яе вярчэння. Э. падзяляе зямны шар на Паўн. і Паўд. паўшар’і. На Пн і на Пд ад Э. адлічваюцца геагр. шыроты (0—90°). Даўж. Э. (паводле Ф.​М.​Красоўскага) складае 40 075 696 м, даўж. 1° даўгаты па Э. — 111 321,4 м. Э. з’яўляецца лініяй пастаяннага раўнадзенства (адсюль назва). Сонца бывае над Э. у зеніце двойчы за год — у дні вясенняга (20—21 сакавіка) і асенняга (23 верасня) раўнадзенства.

т. 18, кн. 1, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКДЫЗО́НЫ (ад грэч. ekdysis лінька),

стэроідныя гармоны большасці членістаногіх; стымулююць ліньку кукалак і метамарфоз, удзельнічаюць у рэгуляцыі выпрацоўкі яец, адаптацыі да ўмоў навакольнага асяроддзя.

Ёсць α-Э. і β-Э. (экдыстэрон). Мяркуюць, што α-Э. стымулююць пераважна адслаенне старой кутыкулы і перабудову гіпадэрмы, β-Э. — адкладанне новай кутыкулы і яе зацвярдзенне. У насякомых α-Э. сінтэзуюцца ў некат. залозах, органах і клетках з халестэрыну, які паступае з кормам. У тлушчавым целе, кішэчніку, покрывах і інш. α-Э. ператвараецца ў β-Э. Э. ёсць і ў раслінах. некат. стымулююць іх рост (гароху, рысу).

т. 18, кн. 1, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭСТЛЯ́НДСКАЯ ПРАЦО́ЎНАЯ КАМУ́НА,

савецкая рэспубліка, якая існавала ў канцы 1918 — пач. 1919 на тэр. ўсх. раёнаў Эстоніі, занятых рас. Чырв. Арміяй. Сталіца — г. Нарва. Абвешчана 29.11.1918, 7.12.1918 СНК РСФСР прызнаў яе незалежнасць. Вышэйшы орган улады — Савет камуны (старшыня — Я.​Я.​Анвельт). У студз.—лют. 1919 тэр. Э.п.к. занята войскамі Эстоніі. Савет камуны працягваў дзейнасць на рас. тэр. ў г. Пскоў, пасля — у г. Луга, але запланаванае наступленне на Эстонію створанай 18.2.1919 Эстляндскай Чырв. Арміі было сарвана наступленнем рус. белагвардз. і эст. войск на Петраград. 5.6.1919 Савет камуны распушчаны, Э.п.к. юрыдычна спыніла існаванне.

т. 18, кн. 1, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Э́ТА,

каста або саслоўе парыяў (адрынутых) у феад. Японіі. Узнікла ў 4—7 ст. н.э. ў сувязі з пранікненнем будызму ў Японію. Уключала людзей, што займаліся «нячыстымі» (паводле будысцкіх канонаў) прафесіямі, звязанымі з забоем жывёлы, вырабам скур і інш., і іх сем’і. Э. былі цалкам бяспраўныя, іх жыццё жорстка рэгламентавалася: маглі жыць толькі ў асобных кварталах гарадоў і пасёлках (бураку), не мелі права ўступаць у шлюб з прадстаўнікамі інш. саслоўяў. У 1871 каста Э. афіцыйна скасавана, але дыскрымінацыя б. выхадцаў з яе пры выбары прафесіі і ў інш. выпадках захоўвалася і ў 20 ст.

т. 18, кн. 1, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Э́ТВЕШ (Eötvös) Лоранд (Роланд) фон (27.7.1848, Будапешт — 8.4.1919),

венгерскі фізік. Чл. Венгерскай АН (1883) і яе прэзідэнт (1899—1905). Вучыўся ў Будапешцкім і Гайдэльбергскім ун-тах. З 1871 у Будапешцкім ун-це (з 1872 праф.). Навук. працы па тэорыі капілярнасці, гравітацыі і геафізіцы. Устанавіў залежнасць малекулярнай паверхневай энергіі ад т-ры (1886; закон Э.). Вынайшаў гравітацыйны варыёметр, эксперыментальна ўстанавіў роўнасць гравітацыйнай і інертнай мас (1890—1906). Вывучаў размеркаванне мас у горных хрыбтах. Заснавальнік і першы прэзідэнт (з 1891) Венгерскага матэм. і фіз. т-ва. Яго імем названы Будапешцкі ун-т і пазасістэмная адзінка градыента сілы цяжару — этвеш.

т. 18, кн. 1, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯНША́О,

неалітычная культура, пашыраная ў 4—3-м тыс. да н.э. ў сярэднім цячэнні р. Хуанхэ паўн. Кітая. Яе носьбіты займаліся матычным земляробствам (чуміза), жывёлагадоўляй, паляваннем, рыбалоўствам і збіральніцтвам. Паселішчы размяшчаліся на лёсавых рачных тэрасах, мелі адкрыты характар, складаліся з круглых або прамакутных паўзямлянак, паглыбленых у грунт і абмазаных глінай. Кераміку выраблялі ўручную і размалёўвалі чорнай або чырвонай фарбай па жоўтым ангобе, з зааморфнымі і абстрактнымі матывамі. Вядомы таксама вырабы з расшчэпленага і паліраванага каменю. Нябожчыкаў хавалі ў доўгіх ямах.

Літ.:

Васильев Л.С. Проблемы генезиса китайской цивилизации. М., 1976.

В.​В.​Грынявецкі.

т. 18, кн. 1, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСАКО́Ў Сяргей Віктаравіч (н. 13.1.1948, г. Веймар, Германія),

бел. вучоны ў галіне буд. механікі. Д-р тэхн. н. (1997), праф. (2001). Скончыў Бел. нац. тэхн. ун-т (1972), дзе і працуе (з 1998 праф. кафедры). Навук. працы па разліку канструкцый на пругкай аснове і ўнутры яе. Абагульніў спосаб акад. Б.​М.​Жэмачкіна разліку канструкцый на пругкай аснове, развіў метад В.​Рытца ў адносінах да статыкі і ўстойлівасці стрыжняў і пліт на пругкіх асновах.

Тв.:

Метод Ритца в примерах и задачах по строительной механике и теории упругости. Мн., 2000;

Статистические расчеты плит на упругом основании. Мн., 2002.

т. 18, кн. 1, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ МАТЭМАТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

рэспубліканскае навук. грамадскае аб’яднанне. Засн. ў 1993 у Мінску. Аб’ядноўвае на добраахвотных пачатках спецыялістаў у галіне матэматыкі і яе дастасаванняў. Асн. мэты: садзейнічанне развіццю матэм. даследаванняў у Рэспубліцы Беларусь, павышэнне ўзроўню матэм. адукацыі і падрыхтоўкі навук. кадраў, умацаванне міжнар. сувязей і міжнар. аўтарытэту бел. матэматыкаў, абарона навук., прафес. і сац. інтарэсаў членаў аб’яднання. Ў сваёй дзейнасці кіруецца Статутам. Вышэйшы орган — з’езд т-ва. Выбарны кіруючы орган — савет. Прэзідэнт — І.В.Гайшун. Пры т-ве працуе пастаяннадзейны семінар «Матэматычныя даследаванні». Б.м.т. — чл. Еўрап. матэм. т-ва (з 1994).

Т.​Б.​Капейкіна.

т. 18, кн. 1, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)