УЗБРАЕ́ННЕ,

1) комплекс розных відаў ваен. зброі і сродкаў, што забяспечваюць яе выкарыстанне; асн. састаўная частка ваен. тэхнікі. Паводле прыналежнасці да пэўнага віду ўзбр. сіл, роду войск адрозніваюць У. сухап., ракетных войск, войск ППА, ВПС, ВМФ і інш.; паводле відаў носьбітаў — авіяц., карабельнае, танкавае і інш. Асобныя віды У. падзяляюцца паводле прынцыпаў дзеяння, прызначэння, канстр. асаблівасцей, спосабаў дастаўкі да цэлі і інш. 2) Працэс аснашчэння войск зброяй, а таксама колькасны рост і якаснае развіццё ваен. тэхнікі.

3) Сукупнасць элементаў аснасткі ветразевага судна (ветразевае У.) або сродкі аховы воіна ў баі (засцерагальнае У.).

т. 16, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНУ́ТРАНАЯ РЫ́ФМА,

рыфма, якая звязвае 2 паўрадкоўі аднаго вершаванага радка або словы, размешчаныя ў сярэдзіне 2 суседніх радкоў:

Хоць віхры шалеюць, хоць песні нямеюць,
Хоць страшна засмучаны ты,
За добрую справу, за шчасце і славу
Душу вырывай з цемнаты.
(Я.​Купала.«За праўду»)

У.р., як і рыфма ўвогуле, мае метрычна-кампазіцыйнае значэнне, чым вылучаецца з шэрагу ўнутрырадковых слоўных сугуччаў, якія па форме падобны да яе. Найб. часта сустракаецца ў нар. паэзіі і паэтаў, творчасць якіх звязана з фальклорам (Я.​Купала, Л.​Геніюш, Т.​Шаўчэнка і інш.). На выкарыстанні У.р. засн. леанінскі верш.

В.​П.​Рагойша.

т. 16, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНУ́ТРАНЫ ДОЎГ,

доўг, які ўтвараецца унутры краіны ў выглядзе сумы ўзаемнай запазычанасці розных сектараў эканомікі. Складаецца з наст. элементаў: дзяржаўны У.д., доўг карпаратыўнага сектара, доўг насельніцтва. Дзяржаўны У.д. утвараецца ў выніку дэфіцыту бюджэту, калі для яго пакрыцця выпускаюцца аблігацыі дзярж. пазыкі (дзяржава з’яўляецца даўжніком у адносінах да таго, хто набывае яе аблігацыі — кампаніі, карпарацыі, прадпрыемствы, усе віды крэдытна-фінансавых ін-таў, насельніцтва, замежныя кліенты). Доўг карпаратыўнага сектара — сума, якую кампаніі павінны адна адной, а таксама іх запазычанасць крэдытна-фінансавым ін-там. Доўг насельніцтва — сума запазычанасці насельніцтва крэдытна-фінансавым ін-там па спажывецкім крэдыце, іпатэчным крэдыце і інш. фін. паслугах.

т. 16, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРА́Н,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі бог, які ўвасабляў неба, першы валадар багоў і сусвету. Лічыўся сынам і мужам увасаблення зямлі — Геі, у шлюбе з якой ад яго нарадзіліся тытаны, німфы, кіклопы, старукія волаты, мора Понт. У. ненавідзеў сваіх дзяцей за іх жудасны выгляд і хаваў іх у чэраве Геі. Тая пакутавала ад гэтага і па яе падгаворы сын Кронас сярпом вылегчыў У. З кропель крыві У., што ўпалі пры гэтым на лона Геі, яшчэ нарадзіліся гіганты, багіні помсты эрыніі, німфы Меліі («ясеневыя») і Афрадыта. Пазбаўлены магчымасці працягваць род багоў, У. саступіў уладу над багамі і сусветам Кронасу.

т. 16, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«УРА́НІЯ»,

лічыльна-вырашальнае прыстасаванне, якое мадэліруе сутачнае вярчэнне Зямлі і яе арбітальны рух. Прызначана для вызначэння геагр. шыраты і даўгаты месца назірання, схілення і прамога ўзыходжання (гл. Нябесныя каардынаты), даты і моманту часу назірання, а таксама становішча аб’екта, што назіраецца (напр., зоркі, планеты). Гэтыя пераменныя велічыні нанесены на рухомых шкалах прыстасавання і ўводзяцца ці счытваюцца пры дапамозе стрэлак, візірнай трубкі, звязанай са шкалой схіленняў, і лініі Пн—Пд, нанесенай на дыск асновы прылады. Можа выкарыстоўвацца ў астраноміі, геадэзіі і навігацыі. Распрацавана і пабудавана пад кіраўніцтвам Я.У.Чайкоўскага (Мінск, 2001).

А.​Ю.​Колас.

«Уранія».

т. 16, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРО́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,

арганічныя аднаасноўныя к-ты, вытворныя монацукрыдаў, у якіх першасная спіртавая група акіслена да карбаксільнай. Уваходзяць у састаў біяпалімераў расл. і жывёльнага паходжання: гепарыну, геміцэлюлоз, камедзей, гіялуронавай к-ты. Найб. важныя У.к. — D-глюкуронавая, D-галактуронавая, D-мануронавая к-ты.

Цвёрдыя аморфныя або крышт. рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе. D-глюкуронавая і L-ідуронавая к-ты — кампаненты гепарыну. Пры полікандэнсацыі D-галактуронавай к-ты і яе вытворных утвараюцца пекцінавыя рэчывы фруктаў, ягад. У некат. жывёл і раслін з D-глюкуронавай к-ты сінтэзуецца аскарбінавая к-та. Удзельнічаюць у абясшкоджванні таксічных рэчываў.

І.​М.​Семяненя.

т. 16, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЯГРЭ́ЧАСКІ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНЫ РУХ,

палітычная партыя с.-д. кірунку ў Грэцыі. Засн. ў вер. 1974, пасля падзення ў Грэцыі ваен. дыктатуры. Выражае пераважна інтарэсы сярэдніх слаёў насельніцтва і інтэлігенцыі Грэцыі; выступае за дружалюбную і міралюбную знешнюю палітыку. У 1981—89 і з 1993 кіруючая партыя; прэм’ер-міністры ад партыі — А.Папандрэу (1981—89, 1993—96), К.​Сімітыс (з 1996). Фармальна вышэйшы парт. орган — з’езд, які выбірае ЦК і старшыню партыі, а таксама Кантрольны дысцыплінарны савет і Кантрольную камісію парламенцкай групы на чале са старшынёй. Фактычна паліт. лінію партыі, якая ажыццяўляецца праз дэпутатаў парламента і мясц. актывістаў, вызначае яе лідэр.

т. 16, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УТРЫМА́НЦЫ,

асобы, якія знаходзяцца на поўным утрыманні ў інш. асобы або атрымліваюць ад яе дапамогу, якая з’яўляецца пастаяннай і асн. крыніцай сродкаў для існавання. Юрыд. значэнне гэты факт набывае пры пенсіённым забеспячэнні, кампенсацыі шкоды, нанесенай смерцю карміцеля, наданню пераваг пры пакіданні на рабоце пры скарачэнні штатаў, пры падаткаабкладанні і ў інш. выпадках. Паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пенсіённым забеспячэнні» пры назначэнні пенсіі з выпадку страты карміцеля члены сям’і памерлага лічацца яго У. пры наяўнасці вышэйназваных умоў. Непаўналетнія дзеці памерлых бацькоў, як правіла, лічацца У., і гэты факт не патрабуе якіх-н. доказаў.

Ю.​Я.​Савельеў.

т. 16, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УХТО́МСКІ Аляксей Аляксеевіч (25.6.1875, с. Васлома Яраслаўскай вобл., Расія — 31.8.1942),

расійскі вучоны ў галіне фізіялогіі. Акад. АН СССР (1935, чл.-кар. 1932). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1906), дзе і працаваў (1922—42 заг. кафедры). Навук. працы па вывучэнні працэсаў тармажэння і ўзбуджэння, механізмах лабільнасці. Адкрыў адзін з асн. прынцыпаў дзейнасці ц. н. с., названы ім дамінантаю (1923), устанавіў сувязь яе з парабіёзам. Стварыў вучэнне аб засваенні органамі рытмаў знешніх раздражняльнікаў (1928). Прэмія імя У.​І.​Леніна 1932.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. Л., 1950—62.

Літ.:

Айрапетьянц Э.Ш. А.​А.​Ухтомский. Л., 1969.

А.А.Ухтомскі.

т. 16, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЭТО́Н,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі сын бога Сонца Геліяса і німфы Клімены. Каб даказаць сваё паходжанне ад Геліяса, Ф. напрасіўся кіраваць сонечнай калясніцай бацькі, але не справіўся з агнядышнымі коньмі. Калясніца панеслася ў небяспечнай блізкасці ад Зямлі і ледзь не спаліла яе. Каб выратаваць Зямлю, Зеўс маланкай забіў Ф. Міф пра Ф. адлюстраваны ў ант. мастацтве, у творчасці мастакоў Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, П.​Рубенса, Н.​Пусэна і інш.; кампазітараў Д.​Скарлаці, К.​Сен-Санса і інш. Найб. значны літ. твор пра міфалагічнага героя Ф. — п’еса П.​Кальдэрона дэ ла Баркі «Фаэтон, сын Сонца».

т. 16, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)