СУ́НА (ад араб. звычай, паводзіны, лад дзеянняў),

свяшчэннае пісанне ісламу, выкладзенае ў 2-й пал. 7 — пач. 8 ст. ў апавяданнях (хадысах) пра ўчынкі і выказванні прарока Мухамеда. У ісламе С. надаецца значэнне крыніцы, якая тлумачыць і дапаўняе Каран і служыць другой (пасля Карана) асновай мусульм. права. Шэсць зборнікаў С. кананічныя; гал. з іх складзены аль-Бухары (810—870) і Муслімам (817—875). Побач з пераважна легендарным матэрыялам у С. ёсць гіст. звесткі, якія характарызуюць працэсы развіцця ісламу і становішча розных сац. слаёў у першыя 2 ст. Халіфата. Сучаснае мусульм. багаслоўе пры тлумачэнні С. звычайна мадэрнізуе яе.

т. 15, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУПЯРЭ́ЧНАСЦІ ЗАКО́Н, закон несупярэчнасці, прынцып адмаўлення супярэчнасці,

асноўны лагічны закон, згодна з якім пэўнае меркаванне і яго адмаўленне не могуць адначасова быць сапраўднымі. Сімвалічна запісваецца ў выглядзе формулы A&Ā, дзе A — пэўнае меркаванне, Ā — адмаўленне A, & — знак кан’юнкцыі, рыса над усёй формулай — яе адмаўленне. Упершыню С.з. сфармуляваны Арыстоцелем; сучасную фармулёўку набыў у працах Г.​Лейбніца. Закон не закранае супярэчнасцей аб’ектыўнай рэчаіснасці (гл. Супярэчнасць дыялектычная), але выключае лагічныя супярэчнасці ў доказах, тэорыях і навуках. Тэорыі, для якіх С.з. справядлівы, з’яўляюцца несупярэчлівымі; у процілеглых выпадках тэорыі наз. супярэчлівымі, г.зн. непрымальнымі. Гл. таксама Несупярэчлівасць.

т. 15, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СФЕ́РА МАТЭРЫЯ́ЛЬНАЙ ВЫТВО́РЧАСЦІ,

тэрмін, што ўжываўся ў эканам. навуцы сав. перыяду і азначаў сукупнасць галін нар. гаспадаркі, дзе ствараліся матэрыяльныя каштоўнасці, якія задавальнялі асабістыя і грамадскія патрэбы чалавека. Да яе адносіліся: прам-сць, буд-ва, сельская, лясная і водная гаспадаркі, грузавы транспарт, вытв. сувязь, гандаль, грамадскае харчаванне, мат.-тэхн. забеспячэнне, збыт і інш. Да С.м.в. адносілася і навук. дзейнасць, што ўвасаблялася ў матэрыяльныя даброты: канструктарскія, праектныя, навук. ўстановы, якія непасрэдна абслугоўвалі вытв. дзейнасць. Лічылася, што адмежаванне С.м.в. ад інш. відаў дзейнасці патрэбна для правільнага вызначэння аб’ёмаў сукупнага грамадскага прадукту і нацыянальнага даходу.

т. 15, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЫКТЫЎКА́Р,

горад, сталіца Рэспублікі Комі ў Расіі, прыстань на р. Сысала (пры яе ўпадзенні ў Вычэгду). Вядомы з 1586. 230 тыс. ж. (2000). Чыг. станцыя. Буйны лесапрамысл. комплекс: цэлюлозна-папяровая і кардонная вытв-сць, гідролізна-дражджавы з-д, лесапільна-дрэваапр. камбінат, мэблевае ВА «Поўнач»; з-ды: суднабуд. і суднарамонтны, доследна-суднамех., ляснога машынабудавання; ф-ка нятканых матэрыялаў; прадпрыемствы буд. матэрыялаў, лёгкай і харч. прам-сці. Комі філіял Расійскай АН, 3 ВНУ, у т. л. ун-т. Тэатры: музычны, драматычны. Музеі: маст., гіст.-краязн., геал., літ.-мемарыяльны паэта-дэмакрата І.​А.​Куратава.

Сыктыўкар.

т. 15, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЬЕНФУЭ́ГАС ГАРЫЯРА́Н (Cienfuegos Gorriarán) Каміла (6.2.1932, Гавана — 28.10.1959),

кубінскі рэвалюцыянер. Вучыўся ў Акадэміі мастацтваў у Гаване. З 1954 удзельнік студэнцкага руху супраць дыктатуры Ф.​Батысты-і-Сальдывара. У 1956 эмігрыраваў у Мексіку, дзе далучыўся да групы Ф.Кастра Рус, удзельнічаў у яе высадцы на У Кубы ў снеж. 1956. Адзін з камандзіраў паўстанцкай арміі, са жн. 1958 камандуючы паўстанцкай 2-й калонай, якая сумесна з атрадамі Э.Гевары дэ ла Серны ў студз. 1959 авалодала Гаванай (гл. Кубінская рэвалюцыя 1959). Са студз. 1959 камандуючы Рэв. ўзбр. сіламі прав. Гавана, потым — нач. Гал. штаба арміі Кубы. Загінуў у авіякатастрофе.

т. 15, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАПАГРАФІ́ЧНАЯ ЗДЫ́МКА,

сукупнасць работ па вызначэнні становішча характэрных пунктаў мясцовасці для атрымання графічнай ці аналітычнай яе мадэлі — тапаграфічнай карты. Падзяляецца на аэрафотатапагр., фотатэадалітную, мензульную і тахеаметрычную. Палявыя работы пры Т.з. ўключаюць: выпрацоўку планава-вышыннага абгрунтавання на аснове геад. сетак (пракладка тэадалітных і нівелірных хадоў, мікратрыянгуляцыя, геадэзічныя засечкі), здымку характэрных пунктаў сітуацыі і рэльефу; камеральныя работы — вылічэнні, апрацоўку аэра- і фотатэадалітных здымкаў і пабудову арыгінала карты. Асн. Т.з. — аэрафотатапаграфічная, якая ўключае камбінаваную і стэрэатапаграфічную здымку. Камбінаваная здымка выконваецца мензульным спосабам на фотапланах, якія вырабляюць з аэраздымкаў. Гл. таксама Аэрафотаздымка, Аэрафотатапаграфія, Тапаграфія.

П.​П.​Явід.

т. 15, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАСКА́НСКІ О́РДЭР,

адзін з архітэктурных ордэраў; разнавіднасць дарычнага ордэра, ад якога адрозніваецца адсутнасцю канелюраў, большай таўшчынёй калон і гладкім фрызам. Назва ад вобласці Таскана ў Цэнтр. Італіі (стараж. Этрурыя). Нясучыя часткі — гладкі ствол калоны з капітэллю і базай. Капітэль складаецца з шыйкі, якая злучае яе са ствалом калоны, эхіна і абака; антаблемент — з архітрава, гладкага фрыза і карніза. Як маст.-выразная форма Т.о. склаўся ў архітэктуры Стараж. Рыма. На Беларусі выкарыстоўваўся ў архітэктуры класіцызму (Мінская кірха, сядзібны дом у в. Нача Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. і інш.).

В.​Ф.​Валошын.

Тасканскі ордэр.

т. 15, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАФАРЭ́Т (ад італьян. trafaretto прадзіраўленае),

1) пласцінка з выразанымі рысункамі, літарамі ці лічбамі, праз якія фарба наносіцца на любую паверхню. Выкарыстоўваецца для арнаментацыі сцен і столей будынкаў, маркіроўкі тары, прамысл. вырабаў і інш. 2) Друкарская форма трафарэтнага друку. Пласціна з металу, дрэва, кардону, пластмасы і інш., друкавальныя элементы якой прапускаюць фарбу, а прагальныя — непранікальныя для яе.

3) Прыстасаванне для паскарэння чарцёжна-графічных работ. Пласціна з адтулінамі, выкананая па форме і з памерамі дэталей або іх элементаў, знакаў, умоўных абазначэнняў, схем і г.д., якія паўтараюцца ў чарцяжах.

4) Раз і назаўсёды прыняты ўзор чаго-небудзь, якога слепа прытрымліваюцца; шаблон.

т. 15, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫЧЫ́НКА,

мужчынскі генератыўны орган кветкі, гамалагічны мікраспарафілу. Тыповая Т. складаецца з тычынкавай ніткі, дзе знаходзіцца праводны пучок, пыльніка, у якім размешчаны мікраспарангіі, і звязніка, што іх злучае. Сукупнасць Т. у кветцы складае яе андрацэй. На кветаложы Т. размяшчаюцца па спіралі (казяльцовыя), кругамі (ружавыя), дасягаюць вял. колькасці (да 300 у кактусаў), зрастаюцца ці склейваюцца пыльнікамі (складанакветныя) або поўнасцю (гарбузовыя), у пучкі (святаяннікавыя), а таксама з інш. ч. кветкі. У аднаполых жан. кветках Т. трацяць сваю асн. функцыю і ператвараюцца ў стэрыльныя стамінодыі, часам у нектарнікі. Лічыцца, што з Т. утварыліся пялёсткі венчыка. Форма Т. з’яўляецца сістэм. адзнакай.

т. 16, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭХНІ́ЧНЫЯ ІНСПЕ́КЦЫІ ПРА́ЦЫ,

спецыяльныя органы прафсаюзаў, якія ажыццяўлялі нагляд і кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы, правіл і норм па яе ахове. З утварэннем Камітэта па інспекцыі працы пры Мін-ве працы Рэспублікі Беларусь 11.4.1997 функцыі Т.і.п. перайшлі да дзярж. інспектараў працы, якім дадзены правы правяраць на аб’ектах наймальніка выкананне заканадаўства аб працы, становішча бяспекі і гігіены працы, ажыццяўляць праверкі мін-ваў і інш. органаў дзярж. кіравання, выканаўчых і распарадчых органаў і наймальнікаў, выдаваць наймальніку і службовым асобам адпаведныя прадпісанні аб устараненні парушэнняў, накладваць на іх штрафы за парушэнне заканадаўства і да т.п.

т. 16, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)