УРАЧЭ́БНА-КАНСУЛЬТАЦЫ́ЙНАЯ КАМІ́СІЯ (УКК),

спецыяльная камісія ў арг-цыях аховы здароўя (амбулаторна-паліклінічных установах, бальніцах, дыспансерах і інш.) для экспертызы часовай непрацаздольнасці і кантролю за якасцю лячэння. Кантралюе дыягностыку і лячэнне, працаўладкаванне, накіроўвае хворага на медыка-рэабілітацыйную экспертную камісію (пасля 4—5 месяцаў пры ўстойлівай страце працаздольнасці), на санаторна-курортнае лячэнне, вырашае пытанні пры экспертызе працаздольнасці, дае заключэнне аб неабходнасці акад. водпуску, вызвалення ад перавадных і выпускных экзаменаў навучэнцаў школ, аб наяўнасці права на атрыманне дадатковай жылой плошчы; выдае лісты непрацаздольнасці па доглядзе за хворым членам сям’і. Склад УКК: нам. гал. ўрача па мед. рэабілітацыі і экспертызе, заг. аддзялення, урач.

Э.​А.​Вальчук.

т. 16, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УТРЫМА́ННІ З ЗАРАБО́ТНАЙ ПЛА́ТЫ,

устаноўленыя заканадаўствам падставы, пры якіх па распараджэнні наймальніка з работніка можа быць утрымана частка яго заробкаў. Паводле КЗаП Рэспублікі Беларусь утрыманні для пагашэння запазычанасці наймальніку могуць рабіцца: для вяртання авансу, выдадзенага ў кошт зарплаты, а таксама сум, што залішне выдадзены ў выніку падліковых памылак; для пагашэння непатрачанага авансу на службовую камандзіроўку або перавод у інш. мясцовасць, на гасп. патрэбы — калі работнік не аспрэчвае падставы і памер утрыманняў; пры звальненні работніка, які выкарыстаў працоўны водпуск, — за неадпрацаваныя дні водпуску; пры пакрыцці шкоды, нанесенай наймальніку па віне работніка. Памеры ўтрыманняў рэгламентуюцца заканадаўствам і не могуць перавышаць 50% пры кожнай выплаце зарплаты.

Ю.​Я.​Савельеў.

т. 16, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕДАСЕ́НКА Васіль Сцяпанавіч (н. 8.4.1944, в. Наркі Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1992), праф. (1993). Скончыў БДУ (1965), дзе працуе з 1980 (з 1993 заг. кафедры). Навук. працы па тэорыі распаўсюджвання вымушаных хваль і патокаў у пругкіх асяроддзях. Распрацаваў метады даследавання нелінейных устойлівых ваганняў пруткіх пласцін на паверхні вадкасці. Аўтар дапаможнікаў па матэматыцы для сярэдніх школ.

Тв.:

О влиянии вязкости на неустановившиеся внутренние волны // Математическое моделирование волновых процессов в океане. Севастополь, 1988;

Нелинейные установившиеся колебания упругой пластины, плавающей на поверхности жидкости конечной глубины (разам з А.​М.​Гладуном) // Изв. АН СССР. Механика жидкости и газа. 1989. №3.

т. 16, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛЬМ (ад англ. film плёнка),

асобны кінатвор (кінафільм). У прафес. кінематаграфіі вызначаюцца катэгорыі Ф.: маст. (гл. Мастацкае кіно), анімацыйныя (гл. Анімацыйнае кіно), хранікальна-дакумент., навук.-папулярныя і навучальныя (гл. Навукова-папулярнае кіно). Адрозніваюцца Ф. па жанрах, маст. кірунках, тэхн. асаблівасцях здымкі і праекцыі (нямы, гукавы, чорна-белы, каляровы, шырокаэкранны, панарамны, стэрэаскапічны), па даўжыні праекцыі (поўна- і кароткаметражны). З развіццём тэлебачання сфарміравалася катэгорыя тэлевіз. Ф. (гл. Тэлефільм). Вылучаюцца Ф. аматарскія (Аматарскае кіно). Ф. наз. таксама матэр. ўвасабленне кінатвора — сукупнасць выяў, паслядоўна зафіксаваных на кінаплёнцы ці інш. носьбіце і аб’яднаных у тэматычнае цэлае з мэтай перадачы на экране. Гл. таксама Кінадраматургія, Кінамастацтва.

т. 16, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛО́РЫ (Florey) Хоўард Уолтэр (24.9.1898, г. Адэлаіда, Аўстралія — 21.2.1968),

англійскі вучоны ў галіне паталогіі і мікрабіялогіі. Чл. (1941) і прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва (1960—65). Замежны чл. АН СССР (1966). Скончыў Адэлаідскі (1921) і Оксфардскі (1924) ун-ты. З 1926 у Кембрыджскім, з 1931 у Шэфілдскім ун-тах. У 1935—62 у Оксфардскім ін-це У.​Дана, у 1962—68 рэктар Каралеўскага каледжа г. Оксфард. Навук. працы па паталогіі капілярнага кровазвароту, запаленчых працэсах, функцыі лімфацытаў, антыбіётыках мікробнага паходжання. Узначаліў работы па ачыстцы пеніцыліну (з Э.Б.Чэйнам) і выкарыстаў яго (1940) для лячэння жывёл і чалавека. Нобелеўская прэмія 1945 (з А.Флемінгам і Чэйнам).

В.​Ф.​Ермакоў.

Х.У.Флоры.

т. 16, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫ́ДМЕН (Friedman) Мілтан (н. 31.7.1912, Нью-Йорк),

амерыканскі эканаміст, прадстаўнік чыкагскай школы ў палітэканоміі. Скончыў ун-т Ратгерс (1932). Д-р філасофіі (1946) і права (1968). З 1948 праф. Чыкагскага ун-та. У 1971—74 саветнік прэзідэнта Р.​Ніксана па эканам. пытаннях. Навук. працы ў галіне тэорыі і практыкі грашовага абарачэння. Распрацаваў канцэпцыю чалавечага капіталу, сфармуляваў гіпотэзу перманентнага даходу, прынцып натуральнага ўзроўню беспрацоўя. Метадалагічна абгрунтаваў пазітыўную эканам. тэорыю і лібертарыянскую ідэалогію. Аўтар (з Г.​Шварц) манументальнай гісторыі грашовага абарачэння ў ЗША, якая стала асновай для колькаснай тэорыі грошай. Аўтар прац «Нарысы па пазітыўнай эканоміцы» (1953), «Грошы і эканамічнае развіццё» (1973) і інш. Нобелеўская прэмія 1976.

М.Фрыдмен.

т. 16, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕ́РШБАХ (Herschbach) Дадлі Роберт (н. 18.6.1932, г. Сан-Хасэ, ЗША),

амерыканскі фізікахімік. Чл. Нац. АН ЗША (1967), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1964). Скончыў Гарвардскі ун-т (1958), дзе і працаваў з 1963 (у 1977—80 дэкан ф-та). Навук. працы па малекулярнай дынаміцы хім. рэакцый, па ўдасканаленні метаду малекулярных пучкоў. Распрацаваў метады разліку энергет. узроўняў унутрымалекулярнага вярчэння. Вынайшаў метад перакрыжаваных малекулярных пучкоў, які дазваляе вывучаць узаемадзеянне малекул у час хім. рэакцыі. Нац. навук. медаль ЗША (1991). Нобелеўская прэмія 1986 (з Лі Янам і Дж.Ч.Полані).

Тв.:

Рус. пер. — Молекулярная динамика элементарных химических реакций: Нобелевская лекция. М., 1988.

М.​М.​Касцюковіч.

Д.Р.Хершбах.

т. 17, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІ́ЛАРЫ (Hillary) Эдмунд Персіваль (н. 20.7.1919, г. Окленд, Новая Зеландыя),

альпініст, палярнік, грамадскі дзеяч. У 1953 разам з Н.Тэнцынгам выканаў першаўзыходжанне на Джамалунгму. У 1955—58 кіраваў групай новазел. даследчыкаў у складзе Трансантарктычнай экспедыцыі краін Брытанскай садружнасці, дасягнуў Паўд. полюса (1958). У 1960—61 узначальваў экспедыцыю ў Гімалаях па вывучэнні працэсаў акліматызацыі ва ўмовах доўгатэрміновага знаходжання на вял. вышынях; у 1967 зрабіў першаўзыходжанне на г. Гершэль (Антарктыда, выш. 3335 м); у 1977 у часе экспедыцыі па р. Ганг упершыню падняўся да яе вытокаў. Займаецца арганізацыяй буд-ва школ, бальніц, аэрадромаў для шэрпаў, у т. л. на ўласныя сродкі.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 17, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІКО́ЦКІ Міхаіл Яўгенавіч (н. 20.2.1922, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. мовазнавец, журналіст. Сын Я.К.Цікоцкага. Д-р філал. н. (1972), праф. (1973). Скончыў БДУ (1950). З 1950 працаваў у друку, У 1953—89 у БДУ (з 1965 заг. кафедры). Даследуе пытанні стылістыкі бел. мовы і стылістыкі газетных жанраў: «Некаторыя выпадкі стылістычнага выкарыстання сінтаксічных сродкаў беларускай мовы» (1958), «Практычная стылістыка беларускай мовы» (ч. 1—2, 1962—65), «Стылістыка публіцыстычных жанраў» (1971), «Сугучнасць слоў жывых...; Нататкі па стылістыцы мастацкай літаратуры» (1981). Аўтар кн. па тэорыі і практыцы журналістыкі «З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст.» (1960) і інш.

Тв.:

Стылістыка беларускай мовы. 2 выд. Мн., 1995;

Стылістыка тэксту. Мн., 2002.

т. 17, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯЛЕ́ГІН Дзмітрый Якаўлевіч (н. 26.10.1919, с. Плысавое Лазаўскога р-на Харкаўскай вобл., Украіна),

украінскі археолаг. Д-р гіст. н. (1967), праф. (1976). Скончыў Чарнавіцкі ун-т (1949). У 1952—89 працаваў у Ін-це археалогіі АН Украіны. Даследуе старажытнасці каменнага, меднага і бронзавага вякоў Украіны і сумежных тэрыторый, у т. л. паўд.-ўсх. Беларусі. Аўтар больш як 300 навук. прац, у т. л. па мезаліце Украіны, днепра-данецкай культуры, па энеаліце Падняпроўя. Дзярж. прэмія Украіны 1977.

Тв.:

Дніпро-донецька культура: До історії населення епохи неоліту — ранньго металу півдня Східної Европи. Київ, 1968;

Памятники эпохи мезолита на территории Украинской ССР. Киев, 1985.

М.​М.​Чарняўскі.

т. 17, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)