РЫ́ЧАРДСАН (Richardson) Оўэн Уіланс (26.4.1879, г. Дзьюсберы, Вялікабрытанія — 15.2.1959),
англійскі фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1913). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1900). З 1900 у Кавендышскай лабараторыі, з 1906 у Прынстанскім, з 1914 у Лонданскім ун-тах. Навук. працы па тэрмаэлектроннай эмісіі, электроннай і квантавай тэорыях, магнетызме, спектраскапіі, фізіцы рэнтгенаўскіх прамянёў і інш. Адкрыў тэрмаэлектронную эмісію (эфект Р.), устанавіў залежнасць шчыльнасці яе току ад т-ры паверхні металу (1901, формула Р.—Дэшмана). Эксперыментальна праверыў закон максвелаўскага размеркавання малекул па скарасцях (1908) і ўраўненне Эйнштэйна для фотаэфекту (1912). Нобелеўская прэмія 1928.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭА́ЛЬНАЯ ЗАРАБО́ТНАЯ ПЛА́ТА,
эканамічны паказчык, што вызначае аб’ём прадметаў спажывання і паслуг, які работнік можа набыць на свае грошы, атрыманыя ў форме аплаты працы; састаўная частка рэальных даходаў насельніцтва. Яе велічыня залежыць ад памеру аплаты ў адпаведнасці з колькасцю і якасцю працы і ад цэн на тавары і паслугі, падаткаў і інш. Вылічваецца ў працэнтах ці як каэфіцыент і вызначае суадносіны паміж намінальнай (грашовай) заработнай платай і індэксам цэн на тавары і паслугі ў дадзены перыяд за вылікам спагнаных падаткаў і ўзносаў. Памяншэнне Р.з.п. звязана з інфляцыяй, калі яна не кампенсуецца павелічэннем, індэксацыяй заработнай платы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́МЕК (Remek) Уладзімір (н. 26.9.1948, г. Чэске-Будзеёвіцы, Чэхія),
першы касманаўт Чэхаславакіі. Герой Чэхаславакіі (1978). Герой Сав. Саюза (1978). Лётчык-касманаўт Чэхаславакіі (1978). Палкоўнік-інжынер (з 1995 у адстаўцы).
Скончыў Вышэйшае авіяц. вучылішча ў г. Кошыцы (1970), Ваенна-паветр. акадэмію імя Ю.А.Гагарына (1976). З 1976 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў. 2—10.3.1978 з А.А.Губаравым здзейсніў (як касманаўт-даследчык) палёт на касм. караблі «Саюз-28» (першы ў свеце міжнар. экіпаж) па праграме «Інтэркосмас» і арбітальнай станцыі «Салют-6» (асн. экіпаж Ю.В.Раманенка, Г.М.Грэчка) з прыстыкаваным да яекасм. караблём «Саюз-27». Правёў у космасе 7,9 сут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ ПА́РТЫЯ РАДЫКА́ЛАЎ І РАДЫКА́Л-САЦЫЯЛІ́СТАЎ (Parti républican radical et radicalsocialiste),
найстарэйшая франц.паліт. партыя. Як паліт. плынь існавала з 1869, як паліт. партыя аформілася ў 1901. Адлюстроўвала інтарэсы сярэдніх колаў франц. горада і вёскі. Адыгрывала значную ролю ў паліт. жыцці Францыі перыяду Трэцяй рэспублікі (да 1940), да яе належалі найбуйнейшыя тагачасныя палітыкі, у т. л. Ж.Клемансо, Э.Эрыо, Э.Даладзье. У 1935—38 уваходзіла ў Народны фронт. Мела значны ўплыў у паліт. жыцці Чацвёртай рэспублікі (1947—58), удзельнічала ў большасці ўрадаў. Пасля абвяшчэння Пятай рэспублікі (1958) страціла сваё значэнне ў паліт. жыцці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ВІНЫ (Savigny) Фрыдрых Карл фон (21.2.1779, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 25.10.1861),
нямецкі юрыст; заснавальнік гістарычнай школы права. У 1810—42 праф. Берлінскага ун-та. У 1842—48 прускі міністр па рэформе заканадаўства. Аўтар прац па рымскім і цывільным праве. У праграмнай працы «Пра схільнасць нашага часу да заканадаўства і правазнаўства» (1814) трактаваў права як прадукт нейкага містычнага «народнага духу», які развіваецца спантанна. Выступаў супраць кадыфікацыі герм. цывільнага права, знаходзячы яе заўчаснай (лічыў, што права не зыходзіць ад дзярж. улады і таму не можа ўстанаўлівацца заканадаўцам). Задачу юрыстаў бачыў у выяўленні «свядомасці народа» і ўзгадненні з ім дзеючага заканадаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЗАНДАРА́Н Татэвік Тыгранаўна (н. 2.9.1916, с. Хндзорэск Гарыскага р-на, Арменія),
армянская спявачка (мецца-сапрана). Нар.арт.СССР (1956). Скончыла вак.-драм. студыю пры Доме культуры Арм. ССР у Маскве (1937). Да 1971 салістка Арм.т-ра оперы і балета. З 1961 выкладала ў кансерваторыі (з 1970 праф.) і адначасова з 1972 у Маст.-тэатр. ін-це ў Ерэване. У яе выкананні арганічна спалучаліся класічная і нац. манера выканання. Першая выканаўца партый у класічных і сучасных операх, у т. л. Алмаст («Алмаст» А.Спендыярава), Назелі («Гераіня» А.Сцепаняна). Дзярж. прэмія СССР 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЗЕРЛЕНД (Sutherland) Эрл Уілбур (19.11.1915, г. Берлінгейм, штат Канзас, ЗША —3.9.1974),
амерыканскі біяхімік і фармаколаг. Чл.Нац.АН ЗША. Скончыў мед. школу Вашынгтонскага ун-та ў г. Сент-Луіс (1942) і працаваў у ім. З 1953 у Зах. ун-це ў г. Кліўленд, у 1963—73 ва ун-це Вандэрбільда ў г. Нашвіл. Навук. працы па вугляводным абмене, механізмах уздзеяння гарманальных і лек. рэчываў на арганізм. Адкрыў у жывёльных тканках цыклічную адэназінманафосфарную к-ту і даследаваў яе ролю ў механізме дзеяння гармонаў, рэгуляванні актыўнасці нерв. клетак, экспрэсіі генаў у бактэрый. Нобелеўская прэмія 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАДУ́ХА,
у беларусаў кісла-салодкая мучная страва. Наз. таксама путра. Жыта замочвалі на суткі, потым сушылі і малолі ў жорнах; разводзілі вадой у гаршку, прыварвалі і вылівалі ў дзежку закісаць. Як укісне, елі з бульбай. Часцей С. рабілі з жытняй нясоладавай мукі. Тады яе даўжэй парылі, каб лепш усаладжала, або дадавалі мёд, цукар. С. разводзілі таксама з грэцкай або з сумесі жытняй (2 часткі) і грэцкай (1 частка) мукі. З С. рабілі квас, на ёй некат. рашчынялі хлеб. На Мядзельшчыне, Пастаўшчыне С. наз. ўсаладжалую закалоту з жытняй мукі, з якой разводзілі раўгеню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААДНАЎЛЕ́ННЕ,
працэс аднаўлення цэлага з разрозненых частак або надбудовы недастаючых яго элементаў пасля разбурэння цэлага ці страты ч. яго элементаў. У прыродных сістэмах — працэс бесперапыннага аднаўлення або ўзнаўлення структуры, уласцівасцей, колькаснага і якаснага складу прыродных сістэм, які адбываецца без удзелу чалавека; самастойнае вяртанне прыродных сістэм да стану дынамічнай раўнавагі, з якога яны былі выведзены ўздзеяннем прыродных ці антрапагенных фактараў. Напр., складанне занава гідры з фрагментаў яе цела, рэгенерацыя хваста ў яшчаркі, сукцэсія, якая вядзе да С. заканамернага шэрагу экасістэм і завяршаецца клімаксам як апошнім звяном паслядоўных змен біягеацэнозаў або фарміраваннем вузлавых згуртаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНАЦІ́НА (італьян. sonatina памяншальнае ад sonata),
інструментальны твор, блізкі да санаты, аднак меншы за яе і тэхнічна больш просты. Характарызуецца прастатой і яснасцю вобразнасці, нескладанай фактурай; яго санатная форма мае некат. асаблівасці: экспазіцыя лаканічная, распрацоўка невял. або адсутнічае, рэпрыза мала дынамізавана. Пашырана пераважна ў пед. рэпертуары (санаціны Ф.Кулаў, М.Клеменці, Л.Бетховена, А.Дворжака, М.Равеля, М.Мяскоўскага, А.Хачатурана, Дз.Кабалеўскага). У бел. музыцы С. для розных інструментаў ёсць у М.Аладава, Г.Вагнера, П.Падкавырава, М.Русіна, А.Туранкова, Э.Тырманд, Л.Шлег, М.Шнейдэрмана і інш.