ГА́НА (Ghana),

Рэспубліка Гана (Republic of Ghana), дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З з Кот-д’Івуар, на Пн з Буркіна-Фасо, на У з Тога; на Пд абмываецца водамі Гвінейскага зал. Падзяляецца на 10 абласцей. Пл. 238,5 тыс. км². Нас. 16 446 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Акра. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (6 сак.).

Дзяржаўны лад. Гана — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсім насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нац. сходу, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, прызначаны прэзідэнтам.

Прырода. Большая ч. краіны — раўніна, выш. 150—300 м. Уздоўж узбярэжжа нешырокая паласа нізін. На Пн ад яе плато Ашанці і Кваху выш. да 788 м (г. Аквава). На У горы Тога. Нетры Ганы багатыя золатам, алмазамі, баксітамі, марганцам; знойдзены нафта і газ. Клімат экватарыяльны мусонны, на ПдЗ пераходны да экватарыяльнага. Т-ра паветра 24—28 °C у ліп., каля 24 °C у студзені. Ападкаў за год ад 1000 мм на Пн, дзе ёсць сухі перыяд з кастр. да лют., да 1500—2000 мм на Пд. Рэкі больш мнагаводныя на Пд, багатыя гідраэнергіяй. Найбольшая р. Вольта, на ёй вадасховішча пл. 8480 км². Б. ч. тэр. Займаюць саванны, тыповыя на Пн, высакатраўныя ў сярэдняй ч. краіны. На ПдЗ вільготныя вечназялёныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў — чырвоным, сапеле, баку і інш. Па ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. Жывёльны свет багаты і разнастайны, асабліва ў малаасвоеных раёнах. Нац. паркі: Моле, Дыг’я і інш.

Насельніцтва. Каля 75% складаюць народы гвінейскай моўнай групы. Найбольшыя па колькасці народы падгрупы акан (уваходзяць ашанці, фанці, аквапім і акім, жывуць на Пд краіны), блізкія да іх анья і бауле жывуць на ПдЗ. У наваколлі г. Акра жывуць народы га, адангме, эве. Пн населена народамі групы гур (мосі, гурма, грусі, тэм). Жывуць таксама хаўса, сангаі, фульбе і інш. У гарадах невял. групы еўрапейцаў (у асноўным англічан), сірыйцаў, індыйцаў. Пераважаюць мясц. традыц. вераванні (каля 40%), на Пн — мусульмане (каля 30%), на Пд і ў гарадах — хрысціяне (пратэстанты і католікі, каля 24%). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 69 чал. на 1 км². Каля 70% яго сканцэнтравана на Пд, дзе шчыльнасць дасягае 300 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 35%. Самыя вял. гарады (1993, тыс. ж.): Акра — 950, Кумасі — 385, Тамале — 151, Тэма — 132, Секанды-Такарады — 104. У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята 54,7% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 18,7, у абслуговых галінах — 26,6%.

Гісторыя. Да з’яўлення еўрапейцаў (15 ст.) на тэр. Ганы існаваў шэраг раннефеад. дзярж. утварэнняў. У 17—18 ст. пачалі стварацца буйныя цэнтралізаваныя дзяржавы, найб. з іх — Ашанці. Першымі еўрапейцамі на тэр. Ганы былі партугальцы, якія ў 1482 на тэр. племя фанту пабудавалі крэпасць Эльміна. З-за багатых радовішчаў золата яны назвалі краіну Залатым Берагам. Пазней тут заснавалі свае факторыі купцы з Галандыі, Даніі, Швецыі, Прусіі, Англіі. Апошняя здолела выцесніць сваіх канкурэнтаў. У 1844 губернатар, прызначаны брыт. урадам, заключыў з правадырамі плямён фанці дагавор аб прызнанні імі брыт. пратэктарату. Народ ашанці доўгі час адстойваў сваю незалежнасць (у 19 ст. адбылося 7 англа-ашанційскіх войнаў) і толькі ў 1896 заваяваны Вялікабрытаніяй. У 1901 Ашанці і тэр. на Пн ад яе аб’яўлены брыт. калоніяй і ўключаны ў склад Залатога Берага. Асновай эканомікі калоніі стала вытв-сць какавы-зярнят. Да 1937 Залаты Бераг ператварыўся ў найбуйнейшага іх пастаўшчыка на сусв. рынку. Народы Ганы не спынялі барацьбы супраць калан. прыгнёту. У 1920 заснаваны Нац. кангрэс Зах. Афрыкі, які імкнуўся да дэмакратызацыі калан. кіравання. У 1947 створана першая масавая нац. арг-цыя — Аб’яднаны канвент Залатога Берага, у 1949 — Народная партыя Канвента (НПК) на чале з К.Нкрума. Асн. лозунг яе праграмы: «Незалежнасць — неадкладна». Пад націскам нац.-вызв. руху ў 1951 у Гане ўведзена абмежаванае самакіраванне. На выбарах 1951 НПК заваявала большасць у заканад. сходзе. У 1952 створаны 1-ы нац. ўрад, Нкрума стаў прэм’ер-міністрам. У 1954 уведзена ўсеагульнае выбарчае права. У 1956 Залаты Бераг атрымаў статус дамініёна, да яго далучана зах. (брытанская) ч. Тога.

6.3.1957 абвешчана незалежнасць Ганы (у рамках брыт. Садружнасці). Краіна ўзяла назву сярэдневяковай дзяржавы Гана. З 1.7.1960 Гана — рэспубліка, Нкрума яе прэзідэнт. Пачалася афрыканізацыя дзярж. апарату, нацыяналізавана некалькі брыт. кампаній. У 1962 НПК абвясціла, што выбірае ў якасці арыенціра марксісцкі сацыялізм. У 1964 НПК аб’яўлена адзінай партыяй, усе астатнія забаронены. Гігантаманія ў эканоміцы, шматлікія сац. праграмы прывялі да велізарнага бюджэтнага дэфіцыту. Шырокіх маштабаў дасягнула карупцыя дзярж. апарату. У выніку рэзкага паніжэння цэн на какаву на сусв. рынку эканоміка Ганы апынулася ў крытычным стане. У 1966 адбыўся ваен. пераварот; улада перайшла да Нац. Савета Вызвалення на чале з ген. Дж.​Анкра. У 1969 уведзена ў дзеянне новая канстытуцыя, Гана абвешчана парламенцкай рэспублікай. Улада перайшла да грамадз. ўрада. У выніку новага ваен. перавароту (1972) ён скінуты. У 1979 група маладых афіцэраў на чале з капітанам Дж.​Ролінгсам здзейсніла новы пераварот, улада перайшла да Рэв. Савета Узбр. Сіл. На парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах перамагла Народная нац. партыя. Яе кандыдат Х.​Ліман стаў прэзідэнтам. Але ён не здолеў вырашыць сац.-эканам. праблемы краіны, што выклікала яшчэ адзін пераварот на чале з Ролінгсам, які ўзначаліў Часовы Савет нац. абароны. У 1983 прынята праграма ўздыму нац. эканомікі, у 1992 — новая канстытуцыя, дазволена шматпартыйнасць. На прэзідэнцкіх выбарах 1992 перамог Ролінгс. Гана — чл. ААН з 1957, эканам. супольнасці дзяржаў Зах. Афрыкі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 5.6.1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Нац. дэмакр. кангрэс, Нац. патрыят. партыя і інш. Цэнтр. прафс. аб’яднанне — Кангрэс прафсаюзаў Ганы.

Гаспадарка. Гана — аграрная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Сельская гаспадарка дае каля 50% валавога нац. даходу. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — земляробства. Гана займае адно з першых месцаў у свеце па зборы і экспарце какавы-зярнят. Штогадовы збор 200—300 тыс. т. Асн. раён вырошчвання на Пд краіны. Там жа вырошчваюць ямс, тара, маніёк, кукурузу, бабовыя, агародніну, садавіну (у т. л. цытрусавыя), каву, чай, цукр. трыснёг, імбір, арэхі кола, какосавую пальму, гевею, тытунь, кенаф і інш. На Пн краіны, у зоне саванны, вырошчваюць проса, сорга, рыс (на арашальных землях), кукурузу, земляны арэх, пашырана алейнае дрэва карытэ (дзікарослае і ў культуры). Жывёлагадоўля развіта слаба, што звязана з распаўсюджаннем мухі цэцэ (асабліва на Пд). Буйн. раг. жывёлу (каля 800 тыс. галоў), коз і авечак (каля 4 млн. галоў) гадуюць на Пн і У, свіней і птушку — у асноўным на Пд. Развіта марское і рачное рыбалоўства (каля 250—300 тыс. т у год). У прам-сці гал. месца займае горназдабыўная галіна (1992): золата 29 т, алмазаў 620 тыс. каратаў, марганцавай руды 360 тыс. т, баксітаў 370 тыс. т. Здабыча золата пераважна на Пд і ПдУ, радовішчы Ашанці, Прэстэа, Тарква, Дунква. Асн. радовішчы алмазаў каля г. Акватыя, развіваецца здабыча ў бас. р. Бірым. Марганцавую руду здабываюць на радовішчы Нсута, баксіты ў Аваса. Разведаны і эксплуатуюцца радовішчы жал. руды (на Пд і Пн), запасы нафты і газу (у нетрах шэльфа), няруднай сыравіны і солі. Буйнейшае прадпрыемства энергетыкі — ГЭС Акасомба на р. Вольта (магутнасць 976 тыс. кВт), якая выпрацоўвае каля 80% электраэнергіі ў краіне. Меншае значэнне маюць ГЭС Кпонг і ЦЭС у значных гарадах. На базе таннай гідраэнергіі працуе буйнейшы ў Афрыцы з-д першаснага алюмінію ў г. Тэма (штогод каля 200 тыс. т алюмінію з імпартнага гліназёму). Да буйнейшых прадпрыемстваў належаць сталеліцейны (каля г. Акра), 2 цэм. з-ды (у Тэме і Такарады), дрэваапр. камбінаты, шынны з-д. Ёсць прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. тытунёвай), шкляной, гумава-тэхн. прам-сці, электралямпавы, мылаварны, трактара- і аўтазборачны, радыё- і электратэхнічны, ядахімікатаў і мыйных сродкаў з-ды, абутковыя і гарбарныя ф-кі, прадпрыемствы па вытв-сці алмазных інструментаў. Харч. прам-сць: какаваперапр. комплекс, шакаладныя ф-кі, рыбакансервавы камбінат, рыбахаладзільнікі ў Тэме, Акры, Кумасі, Такарады, вытв-сць агароднінных і фруктовых кансерваў, пальмавага алею (на Пн з пладоў алейнага дрэва карытэ, на Пд з какосавых арэхаў), цукру. Прадпрыемствы баваўнянай, джутавай, швейнай, трыкат. Прам-сці. Развіта лясная прам-сць, асабліва лесапілаванне, вытв-сць фанеры, запалак. Апрацоўчая прам-сць у асноўным сканцэнтравана на Пд, прадпрыемствы пераважна ў Акры, Тэме, Такарады. У сельскай мясцовасці развіта саматужная вытв-сць прадметаў хатняга ўжытку, маст. вырабаў з серабра, золата, дрэва, косці. Транспарт пераважна аўтамаб. і чыгуначны. Даўж. аўтадарог 32,2 тыс. км, з іх 6,1 тыс. км з бітумным пакрыццём. Чыгункі абслугоўваюць паўд. ч. краіны, даўж. іх 953 км. Асн. трансп. вузлы Акра, Кумасі, Такарады. Развіты ўнутр. водны транспарт. Для суднаходства шырока выкарыстоўваецца вадасх. Вольта. У краіне 10 аэрапортаў, гал. з іх у Акры, Такарады, Кумасі, Тамале. Знешні гандаль ідзе праз парты Такарады (экспарт), Тэма (імпарт), у меншай ступені праз Акру. Экспарт: какава (каля 50% па кошце), золата, драўніна, баксіты, алюміній. Імпарт: нафтапрадукты, тавары нар. спажывання і харчовыя, машыны і абсталяванне, гліназём. Гал. гандл. партнёры: Германія, Вялікабрытанія, ЗША, Японія. Грашовая адзінка — седзі.

Літаратура. Пісьмовая л-ра ў народаў Ганы з’явілася ў канцы 19 — пач. 20 ст. пераважна на англ. мове. Папулярная была публіцыстыка А.​Ахума, А.​Аджае, Дж.​Каслі-Хейфарда, С.​Д.​Менса, Р.Е.​Г.​Армату і інш. Публікацыі на мовах народаў Ганы фанці, эве, га, адангме, дагбані, хаўса і інш. з’явіліся ў сярэдзіне 20 ст. Асноўныя тэмы літ. твораў 1920—50-х г.гіст. і этнагр. праблемы. Эпічныя паэмы «Народ фанці» і «Звычаі фанці» Г.​Р.​Акуа, раманы і п’есы Дж.​Х.​Нкетыя, п’есы «Трэцяя жанчына» Дж.​К.​Данква, драмы «Пятая лагуна», «Старонкі гісторыі Анла» К.​Фіяву, вершы Армату (зб. «Запаветныя думкі чорнага»), Е.​Аму, К.​А.​Акрафі і інш. мелі вял. значэнне для абуджэння самасвядомасці народаў Ганы. У гэты перыяд назіраецца цікавасць да перакладаў твораў сусв. л-ры на мовы народаў Ганы. Пасля абвяшчэння незалежнасці Ганы ў л-ры ўзнікаюць новыя сац. і паліт. тэмы. На аснове нац. традыцый развіваюцца паэзія, проза, драматургія. З сярэдзіны 1960-х г. больш інтэнсіўна развіваецца жанр рамана («Лепшыя яшчэ не нарадзіліся» А.​К.​Армы, «Анова» К.​А.​Айда, «Муж для Есі Элуа» К.​Бедыяка, «Свавольнікі» К.​Дуоду і інш.). Папулярныя ў Гане пісьменнікі Э.​Т.​Сазерленд, Нкетыя, І.​Хо, Х.​Сетсаафія, Дж.​Акай, Айда. Літаратараў аб’ядноўваюць літ. саюзы. Існуе Асацыяцыя пісьменнікаў Ганы, засн. ў 1960-я г.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Традыцыйнае жыллё Ганы — круглыя і прамавугольныя ў плане глінабітныя хаціны з канічнымі ці 2-схільнымі дахамі з драўляных жэрдак, крытыя пальмавымі галінкамі, саломай, шыферам. Значнага ўзроўню дасягнула маст. апрацоўка каштоўных металаў: дэкар. ўпрыгожанні, парадная зброя, вазы, фігуркі чалавека і дэкар. скульпт. групы гумарыстычнага характару. Здаўна развіты ганчарная справа, выраб нац. вопраткі («кентэ») з вытканымі або штампаванымі каляровымі ўзорамі, арнаментальная разьба па дрэве на прадметах побыту; з чырвонага і чорнага дрэва выразалі стылізаваныя слупападобныя статуэткі. Пасля абвяшчэння незалежнасці ў Гане фарміруецца прафес. мастацтва, праводзяцца маст. выстаўкі. Арг-цыі мастакоў (Ганская асацыяцыя мастакоў «Аквапім-6») імкнуцца да асваення афр. і сусветнай маст. спадчыны, да выпрацоўкі сучаснага нац. стылю (скульптар О.​Ампофа). З нар. традыцыямі звязана творчасць Кафі Антубама, В.​Кафі. Разнастайныя паводле ідэйна-маст. строю і тэхнікі работы жывапісцаў — ад дэкар. стылізатарства да еўрап. рэаліст. манеры.

Літ.:

История Ганы в новое и новейшее время. М., 1985;

Мазов С.В. Парадоксы «образцовой» колонии: Становление колониального о-ва Ганы, 1900—1957 гг. М., 1993.

Ю.​В.​Ляшковіч (прырода, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Ганы.
Да арт. Гана. Узбярэжжа Гвінейскага заліва.
Да арт. Гана. Порт Такарады.
Да арт. Гана. ГЭС Акасомба на рацэ Вольта.

т. 5, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЙЕ́МЕН, Йеменская Рэспубліка (Аль Джумхурыя аль Йаманія),

дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, на Пд Аравійскага п-ва. Абмываецца водамі Чырвонага і Аравійскага мораў. Мяжуе на Пн з Саудаўскай Аравіяй, на У з Аманам (б.ч. мяжы не дэмаркіравана). Пл. 532 тыс. км². Нас. 13972,5 тыс. чал. (1997). Сталіца — г. Сана (з 1990), статус эканам. сталіцы мае г. Адэн. Падзяляецца на 17 правінцый. Дзярж. мова — арабская, б.ч. насельніцтва размаўляе на йеменскім дыялекце. Дзярж. рэлігія — іслам. Нац. свята — Дзень йеменскага адзінства (22 мая).

Дзяржаўны лад. Й. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1994 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Палаце прадстаўнікоў (301 дэпутат, выбіраюцца насельніцтвам), выканаўчая ўлада — ураду на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Й. пераважна горная краіна. На З — Йеменскія горы (Джэбель) выш. да 3600 м, г. Эн-Набі-Шаіб, складаюцца з высокіх плато, расчлянёных глыбокімі далінамі. Шмат патухлых вулканаў. На Пд і ў цэнтр. ч. горы выш. да 2513 м, паўн. схілы якіх павольна зніжаюцца да пустыні Руб-эль-Халі. На У — невысокія пласкагор’і і пластавыя ўзвышшы. Уздоўж узбярэжжа Чырвонага м. і Адэнскага зал. паласой у 50—60 км цягнецца пустыня Тыхама. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, золата, серабро, каменны і буры вугаль, жал., поліметал. і уранавыя руды, графіт, сера, бітумінозныя сланцы, фасфарыты, соль, гіпс, паўкаштоўныя камяні (онікс, агат, халцэдон). На ўзбярэжжы клімат трапічны, гарачы і сухі. Тыхама — адна з самых спякотных і сухіх пустынь у свеце. Сярэдняя т-ра студз. 24 °C, чэрв. 31 °C, ападкаў менш за 100 мм. У гарах лета ўмерана цёплае і вільготнае, зіма халаднаватая і сухая, у снеж.—лютым бываюць замаразкі. Каля г. Сана (на выш. 2400 м) сярэдняя т-ра чэрв. 21 °C, студз. 14 °C, ападкаў 700—1000 мм за год. Рэкі невялікія. Частка рэк (Мур, Забід, Масіла, Тыбан і інш.) у верхнім і сярэднім цячэнні мае пастаянны вадасцёк, большасць перасыхае. Глебы чырвона-бурыя, зрэдку саланчаковыя. Расліннасць на раўніне пустынная і паўпустынная, на схілах гор калючыя хмызнякі і невял. дрэвы (акацыя, мімоза), па далінах лістападныя і вечназялёныя лясы, на ўнутр. плато сухія стэпы, месцамі саванна. У аазісах пустынь і паўпустынь фінікавыя і какосавыя пальмы. Жывёльны свет: газелі, шакалы, гіены, паўзуны, шмат малпаў, эндэмічны драпежнік мускусны кот (в-аў Сакотра); з птушак — пеліканы, фламінга, цацаркі. У прыбярэжных водах — тунец, сардзіны, скумбрыя, лангусты, амары, крэветкі, крабы і інш.

Насельніцтва. Й. — этнічна аднародная краіна, каля 90% складаюць йеменскія арабы. Жывуць таксама індыйцы, пакістанцы, іранцы, самалійцы і інш. Каля 100 тыс. чал. вядуць качавы спосаб жыцця на У і ПнУ. Большасць насельніцтва належыць да сектаў шыітаў-зейдзітаў і сунітаў-шафіітаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 26 чал. на 1 км², найб. ў Джэбелі — каля 100 чал. на 1 км², у Хадрамаўце і вакол г. Адэн — 45 чал. на 1 км², на Пн — каля 1 чал. на 1 км². У гарадах жыве 34% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс. ж.): Сана — 972, Адэн — 562 (1995), Таіз — 178, Хадэйда — 155, Эль-Мукала — 50 (1986).

Гісторыя. Дзярж. ўтварэнні на тэр. Й. існавалі са стараж. часоў. На рубяжы 2—1-га тыс. да н.э. тут складвалася своеасаблівая паўд.-аравійская цывілізацыя, узніклі дзяржавы Хадрамаўт, Катабан, Саба, пазней — Маін, якія дасягнулі найб. росквіту ў 2—1 ст. да н.э. (гэта тэрыторыя атрымала ад ант. географаў назву «Arabia felix» — «Шчаслівая Аравія»). Іх развіццю спрыяў гандаль з краінамі Міжземнамор’я і Індыяй. У пач. 4 ст. н.э. тэр. Й. ўключана ў Хім’ярыцкае царства, тут пашырыліся іудаізм і хрысціянства. У 525 Й. заваяваны эфіопамі, у 575 — Сасанідамі (гл. Сасанідаў дзяржава). У канцы 6 — пач. 7 ст. на тэр. Й. існавала шмат дробных уладанняў, якія каля 630 уключаны ў склад Араб. халіфата. Паступова пануючай рэлігіяй стаў іслам. У 10 ст. частка тэр. Й. апынулася пад уладай шыіцкай секты зейдзітаў. Некалькі стагоддзяў тут ішлі міжусобіца і барацьба паміж рознымі дынастыямі. У пач. 16 ст. Й. падпарадкавалі туркі-асманы, але ў выніку агульнайеменскага паўстання яны мусілі ў 1633 пакінуць краіну. Утварылася незалежная тэакратычная дзяржава на чале з зейдзіцкімі імамамі. У 1839 англічане захапілі раён Адэна (Паўд. Й.), дзе пазней былі створаны брыт. калонія і пратэктараты Адэн (Усходні і Заходні). У Паўн. Й. аднавілася тур. панаванне (1872).

У выніку антыасманскага паўстання 1904—11 Паўн. Й. дамогся аўтаноміі, у 1918 абвешчаны каралеўствам на чале з імам Ях’я ібн Мухамедам. Паводле англа-йеменскага дагавора 1934 Вялікабрытанія прызнала незалежнасць Паўн. Й., але пакінула за сабой Адэн. У 2-ю сусв. вайну Й. захоўваў нейтралітэт, у 1943 разарваў дыпламат. адносіны з Італіяй. У 1948 у выніку змовы забіты Ях’я. Да ўлады прыйшоў яго сын Ахмед, які часткова адышоў ад палітыкі самаізаляцыі дзяржавы: быў створаны савет міністраў, Й. прыняў удзел у Бандунгскай канферэнцыі 1955. У 1962 у выніку антыманархічнай рэвалюцыі скінута ўлада імама і абвешчана Йеменская Араб. Рэспубліка (ЙАР). Новы ўрад прапанаваў шырокую праграму сац.эканам. рэформ, ажыццяўленне якой прыпыніла грамадз. вайна (скончана ў 1970). У 1971 адбыліся першыя ў гісторыі Паўн. Й. ўсеагульныя выбары паводле канстытуцыі 1970. У 1978 прэзідэнтам ЙАР выбраны Алі Абдала Салех.

У выніку ўзбр. нац.-вызв. барацьбы народаў Паўд. Й. ў 1967 абвешчана незалежная Нар. Рэспубліка Паўд. Йемена (з 1970 Нар. Дэмакр. Рэспубліка Йемен, НДРЙ). Кіраўніцтва абвясціла сацыяліст. арыентацыю краіны і ажыццявіла шэраг рэформ, скіраваных на мадэрнізацыю феад.-плем. структуры грамадства. У 1972 успыхнуў узбр. канфлікт з ЙАР, які скончыўся падпісаннем пагаднення аб аб’яднанні 2 дзяржаў (не рэалізаваны). У 1978 створана Йеменская сацыяліст. партыя, ген. сакратаром у 1980 выбраны Алі Насэр Мухамед (адначасова кіраўнік дзяржавы і прэм’ер-міністр). Партыя выступала за развіццё дзярж. сектара ў эканоміцы, стварэнне калект. гаспадарак, цеснае супрацоўніцтва з СССР і інш. сацыяліст. краінамі. У 1979 адбыўся новы ўзбр. канфлікт з ЙАР. У 1980-я г. ўнутр. канфлікты, частыя змены кабінетаў, непаразуменні ў кіраўніцтве па пытаннях ўнутр. і знешняй палітыкі перашкаджалі працэсу сац.-эканам. развіцця НДРЙ. У 1989 ва ўмовах крызіснай эканам. сітуацыі кіраўніцтва краіны адмовілася ад сацыяліст. праграмы. Перагаворы паміж урадамі абедзвюх йеменскіх дзяржаў скончыліся падпісаннем 22.5.1990 дагавора пра стварэнне аб’яднанай Рэспублікі Йемен (РЙ). Прэзідэнтам яе выбраны Алі Абдала Салех. У канцы 1993 адносіны паміж Паўн. і Паўд. Й. рэзка пагоршыліся, у крас. 1994 пачалася маштабная вайна. У маі 1994 у Адэне абвешчана Дэмакр. Рэспубліка Йемен. У ліп. 1994 войскі РЙ устанавілі кантроль над усёй тэр. Паўд. Й. Вясной 1997 адбыліся выбары новага парламента РЙ. Й. — чл. Лігі араб. дзяржаў (з 1945), ААН (з 1947). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў жн. 1995.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Усеагульны нар. кангрэс, Йеменскае аб’яднанне ў абарону рэформ, Йеменская сацыяліст. партыя. Прафс. аб’яднанне — Усеагульная федэрацыя прафсаюзаў рабочых Йеменскай Рэспублікі.

Гаспадарка. Й. — аграрная краіна. Яе эканоміка перажывае цяжкі крызіс як вынік баявых дзеянняў у 1994. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 37,1 млрд. дол. ЗША, на душу насельніцтва — 2520 дол. ЗША. Доля ВУП (%): прам-сці — 24, сельскай гаспадаркі — 21, сферы паслуг — 55. У сельскай гаспадарцы занята 54% працаздольнага насельніцтва. Гал. галіна — земляробства. Пасяўная пл. каля 3210 тыс. га. Асн. раёны — Джэбель (на тэрасаваных багарных землях), Тыхама, Хадрамаўт, Лахдж (на арашальных землях). Прыродныя ўмовы дазваляюць атрымліваць па 2—3 ураджаі за год. Гал. экспартная культура — кава. У аазісах — фінікавая пальма. Асн. збожжавыя: дура (афр. проса), сорга, пшаніца, ячмень. кукуруза; тэхн. — індзіга, кунжут, бавоўнік, тытунь, хна, кат (наркатычная расліна), імбір. Традыцыйна развіта садоўніцтва (бананы, персікі, абрыкосы, гранаты, цытрусавыя, манга, інжыр). У цэнтр. раёнах развіта вінаградарства (больш за 40 сартоў). На паліўных землях агародніцтва, бахчаводства. Бульбаводства. Жывёлагадоўля пашавага характару. Гадуюць (млн. галоў, 1996): авечак — 3,7, коз — 3,2, буйн. раг. жывёлу (пераважна зебу) — 1,1, коней, аслоў, вярблюдаў. У Хадрамаўце і Джэбелі — пчалярства. У прыбярэжных раёнах — рыбалоўства; улоў рыбы (1995) складае 86,8 тыс. т. Здабываюць жэмчуг, каралы, перламутр. Вядучая галіна прам-сці — здабыча і перапрацоўка нафты. Запасы нафты — 550 млн. т у раёне Марыб і прав. Хадрамаўт (Масіла), газу — 130—170 млрд. м³. Штогод на Марыбскім радовішчы здабываюць каля 10 млн. т нафты. Нафтаперапрацоўка на з-дах у Адэне і Марыбе (магутнасць каля 9 млн. т). Нафта і нафтапрадукты складаюць каля 90% экспарту краіны. Здабываюць таксама кухонную соль (запасы ў Саліфе 300—500 млн. т), жал. руду, гіпс, паўкаштоўныя камяні. Вытв-сць электраэнергіі (1995) 1,9 млрд. кВтгадз. З-ды металаапрацоўчай прам-сці: суднарамонтны (Адэн), зброевы (Сана), па вытв-сці тары для нафтапрадуктаў (Хадэйда) і алюмініевага посуду (Таіз). Прадпрыемствы лёгкай прам-сці: бавоўнаачышчальныя (у Сане, Хадэйдзе, Забідзе, Лахджы), тэкст. (у Сане, Адэне), швейныя, гарбарныя. Ёсць з-ды хім. прам-сці (лакафарбавы ў Адэне і пластмасавых вырабаў у Таізе). Развіты галіны харч. прам-сці (кандытарская, алейная, кансервавая, рыбная, малочная, тытунёвая). Вытв-сць буд. матэрыялаў у Таізе, Сане (цэментны з-д), мэблі ў Сане, запалак у Адэне. Развіта саматужна-рамесніцкая вытв-сць дываноў, тэкстылю, абутку, упрыгожанняў з золата, серабра, ганчарных вырабаў. Ва ўнутр. перавозках асн. з’яўляецца аўтамаб. транспарт. Даўж. аўтадарог з асфальтавым пакрыццём 11 тыс. км. Аўтапарк больш за 510 тыс. машын, у м. 282 тыс. грузавых. Шырока выкарыстоўваецца ўючны транспарт на стараж. караванных шляхах. 11 аэрапортаў, з іх 4 міжнар. (у Сане, Адэне, Таізе, Хадэйдзе). Знешнегандл. марскія перавозкі — на замежных суднах. Гал. парты: Хадэйда (вываз кавы, сухафруктаў, скуры, бавоўны), Адэн (транзітны порт), Моха, Саліф, Эль-Мукала. Экспарт складае 1,1 млрд. дол. ЗША (1994): нафта і нафтапрадукты, кава, бавоўна, фінікі, рыбапрадукты, соль і інш. Імпарт — 1,8 млрд. дол. ЗША (1994): нафта, машыны і абсталяванне, тавары нар. ўжытку, хім. прадукцыя. Асн. гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Японія, Расія, краіны бас. Індыйскага ак. Грашовыя адзінкі — йеменскі рыял і йеменскі дынар.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Паўн. Й. выяўлены рэшткі стараж. гарадоў (з 2-га тыс. да н.э., Марыб, Маін), умацаваных мурамі з вежамі, ірыгацыйных пабудоў (Марыбская плаціна, 7 ст. да н.э.), каменных храмаў з рэльефамі, статуямі, размалёўкамі (храм Авам каля Марыба, 8 ст. да н.э.). Знойдзены каменная і бронз. скульптура. творы гліптыкі, кераміка. З І. ст. н.э. вядомы г. Сана, дзе паводле літ. крыніц, быў 20-павярховы замак Гумдан. З пашырэннем ісламу (7 ст.) будаваліся мячэці, напачатку «дваровага» тыпу (аль-Джама аль-Кебір у Сане), пазней — у выглядзе купальных залаў (аль-Ашрафія ў Таізе, 13 ст.); мінарэты звычайна ярусныя, круглыя ці шматгранныя, з невял. купалам. Традыц. жылыя дамы ў гарадах 3—7-павярховыя, каменныя ці цагляныя, з міжпаверхавымі паясамі (у Сане), ажурнымі балконамі (у Хадэйдзе); у селішчах — высокія сырцовыя і каменныя, часам вежавыя дамы ці чарацяныя хаціны на драўляным каркасе. У Паўд. Й. захаваліся руіны сталіцы царства Катабан г. Тымна (9—1 ст. да н.э., рэшткі каменных умацаванняў, вял. будынкаў з высечанымі на сценах надпісамі, надмагільныя стэлы некропаля з квадратнымі пліткамі, са схематычнымі выявамі твараў, насценныя бронз. рэльефы і статуі эліністычнага характару); у Хадрамаўце — руіны гарадоў 5—4 ст. да н.э. з абарончымі мурамі з часанага каменю (Шабва) і рэшткамі дамоў, скальныя грабніцы і вадаёмы (Адэн). У розных раёнах знойдзены прадрапаныя і нанесеныя вохрай выявы канца 1-га тыс. да н.э.: фігуркі людзей і жывёл з бронзы і золата, кераміка з геам. арнаментам. У нешматлікіх сучасных гарадах (Шыбам, Тарым) захавана ў асноўным стараж. аблічча: сырцовыя 6—7-павярховыя да мы вежавага тыпу, якія шчыльна прымыкаюць адзін да аднаго і ствараюць знадворку непрыступны мур з адзінай брамай, што вядзе ў горад. Фасады высокіх дамоў часта аздоблены шматколернай размалёўкай. Каля г. Адэн захаваліся ўмацаванні сярэдзіны 19 ст. (і фрагменты 16—17 ст.). Для культавай архітэктуры характэрны мячэці з плоскім ці купальным перакрыццем галерэй, якія абкружаюць двор, Мінарэты з паясамі зубчастай муроўкі з цэглы сырцу, маўзалеі-«куба» з яйкападобным купалам і ажурным парапетам, што завяршае сцены. У архітэктуры сучаснага Й. новыя канструкцыі спалучаюцца з традыц. элементамі. Развіваецца выяўл. мастацтва. Захоўваюцца стараж. віды нар. мастацтва: інкрустацыя па дрэве і метале, філігрань, вышыўка, дыванаткацтва і інш.

Г.​С.​Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Йемена.
Да арт. Йемен. Традыцыйная забудова гарадоў на паўночным усходзе краіны.
Да арт. Йемен. Ландшафт у даліне Хадрамаўт.

т. 7, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАО́С (Lao),

Лаоская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (Сатхаланалат Пасатхіпатаі Пасасон Лао), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, у цэнтр. частцы п-ва Індакітай. Мяжуе на Пн з Кітаем, на У з В’етнамам, на Пд з Камбоджай, на З з Тайландам і М’янмай. Пл. 236,8 тыс. км². Нас. 5,1 млн. чал. (1997). Дзярж. мова — лаоская (лаацянская). Сталіца — г. В’енцьян. Краіна падзяляецца на 16 правінцый (кхуэнгаў) і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Рэспублікі (2 снежня).

Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на сесіі парламента на 5 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган — Нар. сход, дэпутаты якога выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прызначанаму прэзідэнтам.

Прырода. Каля 90% тэрыторыі занята сярэдневышыннымі гарамі. У цэнтры — плато Сіянгкхуанг (выш. да 2820 м, г. Бія), на Упаўд.-зах. схілы хр. Чыангшон, на Пд — плато Балавен. Раўнінныя ўчасткі размешчаны на З уздоўж р. Меконг. Карысныя выкапні: алавяныя, жал., медныя руды, каштоўныя камяні, золата, каменная соль, буд. матэрыялы. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Сярэдняя т-ра студз. ад 15 °C на Пн да 23 °C на Пд. У ліп. т-ра 28—30 °C. Ападкаў ад 1500—1700 мм на раўнінах да 3000 мм у гарах; дажджлівы сезон з чэрв. да кастрычніка. Рэкі мнагаводныя, парожыстыя. Найб. рака — Меконг. Лясы займаюць каля 60% тэрыторыі. Пераважаюць лістападныя і вечназялёныя трапічныя лясы з каштоўнымі відамі дрэў (цік, сал, палісандравае, эбенавае, сандалавае, ружовае, жалезнае); у верхнім поясе гор — дубовыя і хваёвыя лясы. Участкі саваннаў. Жывёльны свет: слон, алені, малпы, фазаны, шмат змей. Лясныя рэзерваты Донгсіенгтхонг, Донгхыасау і інш.

Насельніцтва. Жыве больш за 60 народнасцей. Большая ч. насельніцтва адносіцца да тайскай моўнай групы: лао (больш за 60%), тай, горныя тай і інш. Да аўстраазіяцкай моўнай групы (каля 25%) належаць кхмеры і горныя монкхмерскія народы. Жывуць таксама кітайцы, в’етнамцы, індыйцы і інш. Вернікі пераважна будысты (85%) і прыхільнікі розных рода-племянных вераванняў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 21,6 чал. на 1 км². У далінах шчыльн. дасягае 500 чал. на 1 км², у гарах месцамі каля 1 чал. на 1 км². У гарадах жыве 25% насельніцтва. Найб. горад — В’енцьян (каля 500 тыс. ж., 1995). Каля 100 тыс. ж. у гарадах Луангпрабанг, Паксе і Саванакхет. У сельскай гаспадарцы занята каля 80% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — каля 5%. Адзначаецца часовая эміграцыя працоўных у Тайланд пераважна на с.-г. работы.

Гісторыя. Найбольш стараж. сляды чалавека на тэр. Л. адносяцца да верхняга палеаліту. З 9 ст. даліну р. Меконг засялілі лао, якія да 11—13 ст. стварылі тут некалькі княстваў. У 1353 кароль Фа Нгун аб’яднаў іх у дзяржаву Лансанг, якая дасягнула найб. росквіту ў 17 ст. Пануючай рэлігіяй стаў будызм. У пач. 18 ст. Лансанг распаўся на залежныя ад Сіяма (гл. Тайланд) і В’етнама княствы Луангпрабанг, В’енцьян і Цямпатсак. У 19 ст. ў выніку войнаў частка лаоскіх тэрыторый адышла да Сіяма і В’етнама. У 1893 Л. захоплены Францыяй і ў 1898 уключаны ў Франц. Індакітай (Луангпрабанг абвешчаны каралеўствам пад франц. пратэктаратам). У 2-ю сусв. вайну Л. акупіраваны Японіяй (1941—45). У гэты час узнік нац.-вызв. рух Лао Ісара (Вызваленне Лаоса) на чале з прынцамі Сувана Фумам і Суфанувонгам. Пасля капітуляцыі Японіі 12.10.1945 абвешчана незалежная Патэт-Лао (краіна Лао). Аднак Францыя прызнала незалежнасць Л. толькі 22.10.1953 у выніку нац.-вызв. барацьбы, якая вялася пад кіраўніцтвам Фронту вызвалення Л. (з 1956 Патрыятычны фронт Л., ПФЛ). Гал. ролю ў фронце адыгрывала Нар. партыя Л. (вылучылася ў 1955 з Камуніст. партыі Індакітая, з 1972 Нар.-рэв. партыя Л., НРПЛ).

Паводле Жэнеўскіх пагадненняў 1954 (гл. Жэнеўскія нарады 1954—59) Л. абвешчаны нейтральным каралеўствам, створаны ўрад на чале з Сувана Фумам (з 1957 — кааліцыйны з удзелам прадстаўнікоў ПФЛ, нейтралістаў і правых). Спробы правых сіл у 1958—62 захапіць усю ўладу ў Л. прывялі да грамадз. вайны. Пасля Жэнеўскай нарады па ўрэгуляванні лаоскага пытання ў 1962 створаны ўрад на чале з Сувана Фумам, які ўключаў усе паліт. сілы Л. У выніку моцных унутр. супярэчнасцей у крас. 1963 ПФЛ выйшаў з яго і разгарнуў на У Л. ўзбр. барацьбу. Ён атрымаў дапамогу ад Дэмакр. Рэспублікі В’етнам, якая ў час В’етнамскай вайны 1964—73 выкарыстоўвала тэр. Л. для забеспячэння сваіх войскаў у Паўд. В’етнаме ў абход дэмаркацыйнай лініі. Са жн. 1964 ЗША пачалі бамбардзіроўкі тэрыторыі, што кантраляваў ПФЛ. 21.2.1973 у В’енцьяне падпісана пагадненне аб аднаўленні міру і дасягненні нац. згоды ў Л. 5.4.1974 створаны Часовы ўрад нац. адзінства і Нац. паліт. савет з усіх паліт. сіл Л. Да лета 1975 войскі ПФЛ усталявалі свой кантроль над усёй тэр. Л. 29.11.1975 кароль Саванг Ватхана [1959—75] адрокся ад прастола. 2.12.1975 абвешчана Лаоская Нар.-Дэмакр. рэспубліка (ЛНДР) на чале з прэзідэнтам Суфанувонгам (1975—86) і прэм’ер-міністрам К.Фамвіханам (1975—91), узяты курс на пабудову ў Л. сацыялізму. 14.8.1991 прынята канстытуцыя ЛНДР, якая, захоўваючы кіруючую ролю НДПЛ, дазваляла прыватную маёмасць. Прэзідэнтам Л. быў выбраны Фамвіхан (да ліст. 1992, з 1992 Н.​Фумсаван), прэм’ер-міністрам — ген. К.​Сіфандон. Л. — чл. ААН (з 1955), Арг-цыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН, з 1998). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1994.

Дзейнічаюць Нар.-рэв. партыя Л., Фронт за нац. будаўніцтва Л.

Гаспадарка. Л. — слабаразвітая агр. краіна са шматукладнай эканомікай. Штогадовы даход на 1 чал. каля 200—300 дол. Дзяржаве належаць дзяржгасы, многія прамысл. прадпрыемствы, транспарт. У сельскай гаспадарцы пераважаюць кааператывы. С.-г. угоддзяў каля 2 млн. га, палавіна іх пад ворывам, палавіна пад пашай і лугамі. Найб. развіта земляробства. У далінах і на раўнінах пераважае арашальнае земляробства, здымаюць 2 ураджаі за год. У горных раёнах пашырана лядна-агнявое земляробства. Каля 90% пасяўных плошчаў займае рыс, штогадовы яго збор да 2 млн. т. Вырошчваюць таксама кукурузу (горныя раёны на Пн), проса, бульбу, батат, маніёк, сою і інш. бабовыя, алейныя, агародніну, бавоўнік, тытунь, рамі, цукр. трыснёг. Экспартныя культуры: кава, опіумны мак, чай, каўчуканосы, кардамон, перац. Трапічнае садоўніцтва (цытрусавыя, бананы, ананасы, манга). Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Буйн. раг. жывёлы і буйвалаў каля 2,1 млн. галоў, выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла. Коней каля 50 тыс. галоў, свіней 1,7 млн. галоў, авечак і коз 1,1 млн. гал. У лясной гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 1 тыс. прыручаных сланоў. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 30—50 тыс. т рыбы штогод), паляўніцтва. Лясныя промыслы: нарыхтоўка драўніны каштоўных парод, гумілаку, бензойнай смалы, сыравіны для атрымання бетэлю і інш. У прам-сці вылучаецца здабыча алавянай руды (каля 5 тыс. т штогод), каменнай солі, гіпсу, золата, каштоўных камянёў (сапфіры, чырвоная шпінель). У энергетыцы пераважаюць невял. ЦЭС на імпартным паліве. Працуе ГЭС Нам Нгум (магутнасць 150 тыс. кВт) на р. Нгум, пастаўляе электраэнергію на экспарт у Тайланд. Агульная вытв-сць электраэнергіі 900 млн. кВтгадз. (1995). Аснову апрацоўчай прам-сці складаюць лесапілаванне і рысаачыстка, вытв-сць буд. матэрыялаў; ёсць невял. цукр., алейныя, вінна-гарэлачныя, піваварныя, тытунёвыя, керамічныя, тэкст. (у т. л. шаўкаткацкія), швейныя, трыкат., гарбарна-абутковыя, металаапр., мэблевыя прадпрыемствы. Шырока развіты маст. рамёствы, у т. л. ювелірныя вырабы з золата і серабра, слановай косці, каштоўных камянёў. Горад В’енцьян — асн. прамысл. цэнтр, вылучаецца таксама вырабам лакавых маст. прадметаў хатняга ўжытку; г. Саванакхет — цэнтр суднабудавання (дробныя рачныя судны) і суднарамонту; гарады Луангпрабанг і Кхонг — цэнтры саматужна-рамесніцкіх промыслаў. Транспарт унутр. водны і аўтамабільны. Рака Меконг і яе асн. прытокі на асобных участках даступныя для невял. суднаў. Унутр. водных шляхоў 4,6 тыс. км. Аўтадарог 27,5 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 2 тыс. км. У краіне 20 тыс. аўтамашын (1997). Авіятранспарт выкарыстоўвае 10 аэрапортаў, у т. л. міжнар. аэрапорт каля В’енцьяна. У 1995 экспарт склаў 348 млн. дол., імпарт — 628 млн. долараў. У экспарце пераважаюць драўніна і піламатэрыялы (33%), электраэнергія (14%), волава, кава, гіпс, натуральныя смолы і інш. У імпарце гал. роля належыць нафтапрадуктам, прамысл. і харч. таварам. Гал. гандл. партнёры: Тайланд (41% экспарту, 45% імпарту), В’етнам (25% экспарту), Японія (11% імпарту), Кітай, Сінгапур. Дадатковыя крыніцы даходаў — замежны турызм (штогод Л. наведвае каля 120—150 тыс. турыстаў пераважна з Тайланда) і грашовыя пераводы грамадзян краіны, якія працуюць за мяжой. Л. штогод атрымлівае замежную дапамогу ў памеры 180—240 млн. долараў. Знешні доўг зах. краінам перавышае 1,2 млрд. долараў. Грашовая адзінка — кіп.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць (1998) больш за 200 тыс. чал., у т. л. 100 тыс. чал. у мясц. войсках. Камплектаванне — па прызыве. У сухап. войсках каля 195 тыс. чал. асабовага складу, на ўзбраенні 55 танкаў, 70 бронетранспарцёраў, каля 100 гармат палявой артылерыі і інш. У ВПС каля 3,5 тыс. чал., 30 баявых самалётаў, 15 верталётаў. У ВМС 16 патрульных катэраў.

Літаратура. Найб. раннія помнікі эпіграфікі Л. датуюцца 13 ст. Пасля ўтварэння дзяржавы Лансанг (14 ст.) і пашырэння будызму з’явіліся першыя рэліг. і свецкія творы: паэма «Прынц Хунг» і «Паданне пра Кхуна Балому» (13—15 ст.). На фарміраванне л-ры Л. паўплывала стараж.-інд. л-ра (паэма «Рамаяна» і будыйскі канон «Тыпітака»), Пад уплывам мясц. фалькл. традыцый сюжэты стараж.-інд. л-ры перапрацоўваліся і пераасэнсоўваліся. Вяршыня развіцця сярэдневяковай л-ры — паэма «Сінсай» Панкхама (16—17 ст.). Развіваліся рэлігійна-дыдактычныя і дыдактыка-быт. творы: «Настаўленне Інтыяна» і «Настаўленне дзеда ўнукам» Кэу Дангта; ананімныя аповесці «Путасен», «Мунла Тантай». У выніку распаду дзяржавы Лансанг (1707) і страты незалежнасці (канец 19 ст.) л-ра Л. заняпала. Адрадзілася пасля 2-й сусв. вайны і ў перыяд росту нац.-вызв. руху. Пасля ўзнікнення Лаоскай Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (1975) пануючым стаў рэаліст. кірунак. Пераважалі творы малых форм (невял. аповесці, апавяданні, вершы, песні) і публіцыстыка. Асн. тэмы — барацьба за незалежнасць, пабудова новага грамадства Найб. вядомыя паэты — Д.​Самсі («Рэвалюцыйная паэзія», 1977), Сісан, празаікі — Чантхі Дыянсаван (раман «Дарогі жыцця», 1970), Сувантхонг Буфанувонг (раман «Другі батальён», 1976—80), К.​Фалсена (раман «Каханне», 1980) і інш.

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. раннія помнікі мастацтва Л. — вялізныя гранітныя «пасудзіны», згрупаваныя пераважна ў Даліне Збаноў (нагор’е Транінь, пач. н.э.). З сярэдзіны 1-га да пач. 2-га тыс. н.э. мастацтва развівалася пад уплывам культуры кхмераў (свяцілішчы каля Саванакхета). З 14 ст. пачала пашырацца будыйская культура. Забудова гал. гарадоў (В’енцьян, Луангпрабанг) была рэгулярнай. Амаль да 20 ст. тут пераважалі драўляныя на палях і глінабітныя дамы. Для культавага буд-ва характэрны храмы-ваты — прамавугольныя ў плане цагляныя будынкі з 3 нефамі, высокімі двухсхільнымі дахамі (Сіенг-Тхонг у Луангпрабангу, 1561; Фра-Кео ў В’енцьяне, 1565). У складзе вял. ватаў былі малельні, б-кі, свяцілішчы (тхаты). Тхаты паўсферычнай, звонападобнай ці ступеньчатай формы ставілі і асобна, спалучалі з тэрасамі, галерэямі (пагада тхат Луанг у В’енцьяне, 1586). Архітэктура 19 ст. адзначана ўплывам Сіяма (ват Сісакет у В’енцьяне, 1820). Сярод сярэдневяковых помнікаў выяўл. мастацтва — каменныя, драўляныя, бронзавыя статуі Буды (вядомы з 14 ст.), у якіх кананічнасць кампазіцыі суіснуе з выразнай пластыкай форм і ліній. У 16—19 ст. створаны ватыўныя рэльефныя выявы на будыйскія сюжэты з выкарыстаннем жывапісу — пхаботы і пхакесоны. З 20 ст. відавочны ўплыў еўрап. архітэктуры (больш рэгулярная планіроўка вуліц і кварталаў гарадоў). У архітэктуры 2-й пал. 20 ст. спалучаюцца сучасныя канструкцыі і формы класічнага дойлідства (комплекс ват Сіенг Кун, манумент Анусавары ў В’енцьяне, 1960-я г.). У 1950—80-я г. развіваюцца станковы жывапіс (мастакі Нуараонг, Вілівонг), графіка (Самнан), скульптура, у нар. мастацтве — ткацтва, апрацоўка металу, разьба па дрэве. Працягваюцца традыцыі насценнай размалёўкі і лакавага жывапісу «лайкхіян» і «лайсуай», жывапісу па трафарэце «лайпхок».

Літ.:

Иоанесян С.И. Лаос: соц.-экон. развитие (конец XIX — 60-е г. XX в.). М., 1972;

Кожевников В.А. Очерки новейшей истории Лаоса. М., 1979;

Симонов В.В. Экономическое развитие Лаоса (50—80-е гг.). М., 1988.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), С.​А.​Сергачоў, В.​Я.​Буйвал (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Лаоса.
Да арт. Лаос. Даліна р. Меконг.
Да арт. Лаос. Уступленне войск Народна-вызваленчай арміі ў г. Саванакхет. 1975.
Да арт. Лаос. Пагада тхат Луанг у В’енцьяне.
Да арт. Лаос. Скульптура Буды кхафон у ваце Пхакео ў В’енцьяне. 17—18 ст.

т. 9, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЛІЯ, Рэспубліка Карэлія,

у складзе Расійскай Федэрацыі. Мяжуе на З з Фінляндыяй, на У абмываецца Белым м., на Пд Ладажскім і Анежскім азёрамі. Пл. 172,4 тыс. км². Нас. 795 тыс. чал. (1997), гарадскога 75%. Сярэдняя шчыльн. 4,6 чал. на 1 км². Жывуць карэлы (10%), рускія (74,3%), беларусы (7%), украінцы (3,6%), фіны (2,3%), вепсы (0,8%) і інш. Сталіца — г. Петразаводск. Найб. гарады: Кондапага, Сегежа, Костамукша, Сортавала, Беламорск, Кем, Мядзведжагорск.

Прырода. Размешчана на ПнЗ еўрап. ч. Расіі. Паверхня К. — узгорыстая раўніна, якая сфарміравалася ў выніку дзейнасці ледавіка; прымеркавана Да Балтыйскага шчыта. Шматлікія грады і ўзгоркі чаргуюцца з нізінамі і западзінамі. На ПнЗ хрыбет Манселькя (выш. да 576 м), з Пн на Пд цягнецца Заходне-Карэльскае ўзв. (да 417 м), на Пд — Алонецкае ўзв. (да 313 м). Узбярэжжы Белага м., Ладажскага і Анежскага азёр заняты нізінамі. Карысныя выкапні: тытанамагнетытавыя і жал. руды, граніт, мармур, слюда, кварцыты, пегматыты, даламіты, палявы шпат, торф. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага: мяккая працяглая зіма, халаднаватае кароткае лета. Сярэдняя т-ра студз. ад -9 °C да -13 °C, ліп. 14—16 °C. Колькасць ападкаў павялічваецца з Пн на Пд ад 400 да 600 мм за год. Рэкі парожыстыя, кароткія, з быстрым цячэннем, багатыя гідраэнергіяй. Гал. рэкі — Кем, Водла, Выг, Суна, Шуя. На р. Суна — вадаспад Ківач. Больш за 40 тыс. азёр (18% тэрыторыі). Буйныя азёры: Ладажскае, Анежскае, Тапвозера, Сегвозера, Пявозера, Выгвозера і інш. Беламорска-Балтыйскі канал. Шмат балот. Пераважаюць падзолістыя, падзоліста-глеевыя і тарфяна-балотныя глебы. Пад лесам каля 53% тэрыторыі. Запасы драўніны 849 млн. м³ (1996). На Пн і ў цэнтры пашыраны хваёвыя лясы, на Пд — яловыя і лісцевыя (карэльская бяроза, вольха, асіна). Разнастайны жывёльны свет. Водзяцца буры мядзведзь, лось, паўн. алень, воўк, ліс, заяц-бяляк і інш. На азёрах, рэках і ўзбярэжжы Белага м. шмат вадаплаўных птушак. Запаведнікі: Костамукшскі і Ківач.

Гісторыя. Тэр. К. заселена ў 7—6-м тыс. да н.э. У 3—2-м тыс. да н.э. гал. заняткамі жыхароў былі рыбалоўства і паляванне. Першыя пісьмовыя звесткі пра плямёны карэлаў (гл. Карэла) адносяцца да канца 1-га тыс. н.э. У 9 — пач. 12 ст. К. ўваходзіла ў склад Кіеўскай Русі, пасля яе распаду падпарадкавана Ноўгараду. З 12 ст. ў К. зараджаюцца феад. адносіны, у 12—15 ст. складваецца карэльская народнасць. З 13 ст. К. — аб’ект агрэсіі шведаў, якія ў пач. 17 ст. захапілі Прыладажжа (вернута Расіі паводле Ніштацкага мірнага дагавора 1721). У Паўночную вайну 1700—21 на тэр. К. пабудаваны Алонецкі і Пятроўскі металург. з-ды, якія забяспечвалі рас. армію і флот гарматамі. У 1769—71 адбылося буйное выступленне горназаводскіх сялян (Кіжскае паўстанне). У 1811 зах. К. ўключана ў склад Вял. княства Фінляндскага. Пасля адмены прыгоннага права (1861) з’явіліся лесапільныя заводы з паравымі рухавікамі, павялічылася колькасць прамысл. і сезонных рабочых, пашырыліся нарыхтоўкі і сплаў лесу; па Анежскім воз. і Белым м. пачаўся рух параходаў.

У 1917—18 у К. ўстаноўлена сав. ўлада. Зах. К. ў 1917—40 была ў складзе Фінляндыі. 8.6.1920 з населеных карэламі мясцовасцей Алонецкай і Архангельскай губ. утворана аўт. вобласць — Карэльская прац. камуна, ператворана 25.7.1923 у Карэльскую АССР у складзе РСФСР. У выніку савецка-фінляндскай вайны 1939—40 зах. К. ўключана ў СССР. 31.3.1940 утворана Карэла-Фінская ССР. У Вял. Айч. вайну б.ч. К. акупіравана ням. і фін. войскамі. 16.6.1956 Карэла-Фінская ССР ператворана ў Карэльскую АССР. З ліст. 1991 наз. Рэспубліка К. У сак. 1992 падпісаны новы федэратыўны дагавор з Рас. Федэрацыяй.

Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці — лясная, дрэваапр. (лесанарыхтоўкі, лесапілаванне, вытв-сць мэблі, буд. дэталей, лыж) і цэлюлозна-папяровая. На долю ляснога комплексу прыпадае каля 43% агульнага аб’ёму. прамысл. прадукцыі. У 1996 нарыхтавана 3,2 млн. шчыльных м³ дзелавой драўніны, выпрацавана 428 тыс. м² піламатэрыялаў, 242 тыс. т цэлюлозы, 552 тыс. т паперы. Асн. цэнтры дрэваапр. прам-сці: Петразаводск, Сортавала, Мядзведжагорск, Беламорск, Сегежа, Кем. Цэлюлознапапяровыя прадпрыемствы ў гарадах Кондапага, Сегежа, Піткяранта. Вял. значэнне мае здабыча жал. руды (6,1 млн. т, 1996, Костамукшскі горнаабагачальны камбінат), мармуру, граніту, пегматытаў, кварцытаў, слюды. Вытв-сць электраэнергіі 4,7 млрд. кВтгадз (1995). ГЭС на рэках Суна, Выг, Кем і інш.; Петразаводская ЦЭЦ. Машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць абсталявання для лясной, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці, трактароў, суднаў, станкоў, радыё- і выліч. тэхнікі, рамонт суднаў і інш. трансп. сродкаў) у гарадах Петразаводск, Беламорск, Мядзведжагорск, Вяртсіля. Каляровая металургія прадстаўлена Надвоіцкім алюмініевым з-дам. Прадпрыемствы прам-сці буд. матэрыялаў у гарадах Кондапага, Петразаводск, Піткяранта, Сортавала. З галін харч. прам-сці найб. развіты рыбная, мясная, малочная, хлебабулачная. Ёсць прадпрыемствы лёгкай прам-сці (швейная, трыкат., абутковая, валюшна-лямцавая ф-кі). Саматужныя промыслы (вырабы з карэльскай бярозы, вышыўкі). Пад с.-г. ўгоддзямі 207 тыс. га (1,2% тэрыторыі), у т. л. пад ворывам 79 тыс. га. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Збор (тыс. т. 1995) збожжавых — 4, бульбы — 154,4, агародніны — 19,1. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1995) буйн. раг. жывёлы — 82,1, свіней — 37,9. Авечкагадоўля. Птушкагадоўля. Пушны промысел. Рыбалоўства (селядзец, навага, сігавыя). Даўж. чыгунак 2,1 тыс. км, аўтадарог 13,4 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 7,5 тыс. км. Па тэр. К. праходзяць чыгункі С.-Пецярбург—Петразаводск—Мурманск, Сортавала—Суаярві—Костамукша; аўтадарогі С.-Пецярбург—Петразаводск—Мурманск, Сортавала—Костамукша. Суднаходства па Белым м., Ладажскім і Анежскім азёрах, Беламорска-Балтыйскім канале. Даўж. ўнутр. суднаходных шляхоў 3,6 тыс. км. Порт — г. Беламорск. Курорты: Марцыяльныя Воды, Сортавала. Турызм (Кіжы, Валаамскія а-вы і інш.).

Літаратура. Развіваецца з пач. 1920-х г. на фінскай і рускай мовах. Фарміравалася на своеасаблівым спалучэнні вусна-паэт. традыцый спевакоў рунаў і казачнікаў, карэла-фін. эпасу «Калевала» і рус. фальклору. У яе станаўленні ўдзельнічалі карэльскія, рус. і фін. пісьменнікі. У 1926 засн. Карэльская асацыяцыя пралет. пісьменнікаў з рус., фін. і карэльскай секцыямі. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў К. Адзін з заснавальнікаў л-ры К. — паэт Я.Віртанен. У 1930-я г. адбывалася інтэнсіўнае станаўленне розных літ. жанраў: лірычнай паэзіі [Л.​Хело (Т.​Гутары), М.​Рутанен, І.​Кутасаў], драмы [Р.​Руска (Нюстрэм)], рамана (О.​Іагансан), аповесці (В.​Чэхаў), нарыса і апавядання (С.​Норын). Маст. асэнсаванне гіст. мінулага, падзей рэвалюцыі і грамадз. вайны — асн. змест даваен, і пасляваен. л-ры К. Шматграннасць жыцця сучаснікаў, непаўторнасць і самабытнасць карэльскага краю ў творах пісьменнікаў-фінаў У.​Вікстрэма (раманы «Уперад, працоўны народ», 1954; новая рэд., кн. 1—3, 1957—65; «Суомі ў полымі», 1968), І.​Саарынена (зб. паэзіі «Мая Карэлія», 1965; «Лісткі памяці», 1969), Т.​Суманена (кн. паэзіі «Простыя словы», 1968; «Сэрца чалавечае», 1980), пісьменнікаў-карэлаў Я.Ругоева, М.​Якала (тэтралогія «Водападзел», 1949—66), М.​Лайне (зб-кі вершаў «З пакалення ў пакаленне», 1974; «Ветраны вечар», 1981), А.Тыманена, рус. пісьменнікаў А.​Лінеўскага (гіст. тэтралогія «Беламор’е», 1952—65), А.​Сцяпанава (раманы «Сваякі», 1969; «Яака Саку — чалавек з народа», 1973; «Удовы», 1983), Дз.​Гусарава («За мяжой міласэрнасці», 1977), А.​Аўдышава (зб-кі вершаў «Край азёрны, край лясны», 1964; «Заанежжа», 1984) і інш. Л-ра апошніх дзесяцігоддзяў скіравана на раскрыццё сац.-этычных праблем, ёй уласцівы эпічнасць, паглыблены псіхалагізм, філасафічнасць, нац. каларыт: паэзія І.​Сіманенкава, В.​Сергіна, Ю.​Лінніка, проза П.​Перту, Сцяпанава, драматургія П.​Барыскова, А.​Іванова, Сцяпанава, Тыманена, публіцыстыка У.​Усланава. Развіваюцца дзіцячая л-ра (Ю.​Ніканава, У.​Данілаў), фалькларыстыка, літ.-знаўства, перакладчыцкая дзейнасць.

Творчыя сувязі л-р Беларусі і К. зарадзіліся ў 1930-я г.: асабістыя кантакты Купалы і Віртанена, публікацыі твораў Купалы на фін. мове ў перыяд, друку. Адзін з першых перакладчыкаў эпасу «Калевала» — бел. пісьменнік М.​Машара. На фін. мову перакладзены асобныя творы Я.​Коласа, В.​Быкава (перакладчык У.​Руханен). На бел. мове выдадзены кніга карэльскіх нар. казак «Чаму вада ў моры салёная» (1984), асобныя творы Вікстрэма, Лайне, Ругоева, Суманена, А.​Хійры і інш. у перакладах Я.​Лапаткі, У.​Правасуда, Я.​Сіпакова і інш.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Ад эпохі неаліту і бронз. веку на тэр. К. захаваліся наскальныя малюнкі з выявамі жывёл, чалавека, антрапаморфных істот, сцэн палявання і бітваў выразаныя з рогу галовы ласёў і схематычныя фігуркі чалавека. Пасля ўваходу ў склад Стараж. Русі маст. культура К. развівалася ў рэчышчы агульнарасійскай. У культавым і жыллёвым буд-ве дамінавала драўлянае дойлідства: клецепадобныя цэрквы з гарыз. кампазіцыйнай воссю (Лазараўская Мурамскага манастыра, канец 14 ст.), вертыкальна арыентаваныя шатровыя (Успенская ў Кондапазе, 1774), маляўнічыя шматкупальныя (цэрквы комплексу Кіжы) і інш. Жылыя дамы будаваліся «брусам» (прамавугольны ў плане дом-двор пад агульным дахам) і «кашалём» (квадратны ў плане дом-двор з 2-схільным рознай даўжыні дахам). Пабудовы багата аздабляліся разьбою. З 14 ст. вядомы іканапіс, які развіваўся як архаізаваная галіна наўгародскай школы іканапісу («Апостал Пётр»). У 15—16 ст. вызначыліся мясц. асаблівасці: стрыманасць манеры пісьма і колеравай гамы, спрошчанасць малюнка і кампазіцыі, абагульненасць і лаканізм трактоўкі формы, эмацыянальная адухоўленасць вобразаў («Пётр і Павел», 15 ст.; «Вогненнае ўзыходжанне прарока Ільі», 16 ст.). У 16—19 ст. пад уплывам растова-суздальскай і маск. іканапісных школ склалася некалькі кірункаў іканапісу К. ад манументальна-лапідарных да вытанчаных па малюнку. У 18 ст. пачалося мураванае буд-ва, якому ўласцівы ўплывы барока, пазней класіцызму (ансамбль Круглай плошчы ў г. Петразаводск, 1775, арх. Е.​С.​Назараў; перабудовы 1787—89 і 1839). У архітэктуры канца 1930—50-х г. выкарыстоўваліся ордэрныя элементы (Рус. муз.-драм. т-р К. ў Петразаводску, арх. С.​Бродскі і інш., скульпт. С.​Канёнкаў) і дэкар. матывы нар. архітэктуры. У 1960—80-я г. ўзводзіліся простыя па кампазіцыі прамысл. і грамадскія будынкі. У 1920—30-я г. пачало фарміравацца прафес. выяўл. мастацтва. У жывапісе 1950—80-х г. найб. пашыраны пейзаж, часта з жанравымі матывамі (В.​Аўдышава, Б.​Паморцаў, С.​Юнтунен), партрэт (Г.​Стронк, Ф.​Ніемінен), нацюрморт (Л.​Ланкінен). З 1950-х г. развіваецца графіка (Стронк, Т.​Юфа і інш.), з 1960-х г. — партрэтная і жанравая скульптура (Л. і Г.​Ланкінены, Э.​Акулаў і інш.). У дэкар.-прыкладным і нар. мастацтве здаўна развіта выемчастая і ажурная разьба па дрэве, што ўпрыгожвае дамы, гасп. пабудовы, храмы, мэблю, посуд і інш. Пашырана вышыўка.

Музыка. Адзін з найб. стараж. пластоў муз. фальклору К. — рунічны (песні-руны; сямейна-быт., эпічныя, гіст. песні, балады, галашэнні, песні-імправізацыі іойку і інш.). Вядомы таксама лірычныя песні, прыпеўкі. Сярод гар. жанраў — піірылейкі (кругавыя песні), рытмаінтанацыйнай асновай блізкія да еўрап. танцаў (вальс, полька, мазурка). Сярод інструментаў — струнна-смычковыя ёўхіка, версіканель; струнна-шчыпковы кантэле; духавыя торві (пастухоўская труба з бяросты), ліру; званочкі. Прафес. муз. культура развіваецца з пач. 1920-х г. Сярод кампазітараў: Г.​Вавілаў, Л.​Вішкароў, А.​Голанд, Р.​Зялінскі, П.​Казінскі, В.​Канчакоў, В.​Кошалеў, Б.​Напрэеў, Э.​Патлаенка, Р.​Пергамент (аўтар першай нац. камічнай оперы «Кумоха», 1959), К.​Раўтыо, Г.-Р.Сінісала (аўтар першага нац. балета «Сампо», 1959), кампазітар і фалькларыст В.​Гудкоў. У К. працуюць: Муз. т-р (з 1955), сімф. аркестр Карэльскага радыё і тэлебачання (з 1933), ансамбль песні і танца «Кантэле» (з 1936), Карэльская філармонія (з 1939), філіял С.-Пецярбургскай кансерваторыі (з 1967), муз. вучылішча (з 1938). У 1937 засн. Саюз кампазітараў.

Тэатр У 1918—22 у Петразаводску працаваў рус. т-р (Нац. т-р драмы). У 1920—30-я г. паявіліся шматлікія самадз. рус., фін. і карэльскія драм. гурткі, аматарскія т-ры («Карэльская сцэна і інш.). У 1929 створаны т-р рус. драмы, у 1932 — фін. драм. т-р (заснавальнік Р.​Нюстрэм), які ставіць спектаклі сусв., у т. л. фін. і рус., класікі, творы сучасных драматургаў. Працуюць таксама драм. т-р Карэліі, Рус. драм. т-р, Т-р лялек і інш. Сярод тэатр. дзеячаў: Л.​Томберг, Д.​Карпава, Т.​Ланкінен, Т.​Ромпайнен, В.​Суні, В.​Тамашэўская, С.​Туарыла, В.​Фінагеева, Ю.​Хумпі, П.​Чаплыгін, А.​Шыбуева.

Літ.:

Плотников В.И. Изобразительное искусство Советской Карелии. Л., 1961;

Смирнова Э.С. Живопись Обонежья XIV—XVI вв. М., 1967;

Савватеев Ю.А. Рисунки на скалах. Петрозаводск, 1967;

Орфинский В.П. Деревянное зодчество Карелии. Л., 1972;

Православные храмы Карелии. М., 1998;

Музыкальное искусство Карелии: Сб. науч. тр. Л., 1983.

С.​І.​Сідор (прырода, гаспадарка).

Да арт. Карэлія. Востраў у Белым моры.
Да арт. Карэлія. Рака Поньгама.

т. 8, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ВІЯ, Сацыялістычная Народная Лівійская Арабская Джамахірыя (араб. Аль-Джамахірыя аль-Арабія аль-Лібія аш-Шаабія аль-Іштыракія),

дзяржава на Пн Афрыкі, на паўд. узбярэжжы Міжземнага м. Мяжуе на З з Тунісам і Алжырам, на Пд з Нігерам і Чадам, на У з Суданам і Егіптам. Пл. 1759 тыс. км². Нас. 5648,4 тыс. чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам суніцкага толку. Сталіца — г. Трыпалі. Краіна падзяляецца на 25 муніцыпалітэтаў. Нац. свята — Дзень рэвалюцыі (1 верасня).

Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1977 заканадаўчая ўлада належыць 178 мясц. сходам і нар. к там. Вышэйшы заканадаўчы орган — Усеагульны нар. кангрэс (УНК, 1112 чл.). Функцыі кіраўніка дзяржавы выконвае Ген. сакратарыят УНК (5 чл.), урада — Генеральны нар. к-т УНК (ген. сакратар — прэм’ер-міністр). Фактычна ўлада належыць М.Кадафі, які мае тытул «лідэр лівійскай рэвалюцыі».

Прырода. 98% тэр. займаюць пустыні і паўпустыні — асобныя часткі Сахары. На ПнЗ і ПнУ уздоўж узбярэжжа цягнецца нізінная паласа з перарывістым поясам аазісаў. На З — вапняковае плато Эль-Хамра (выш. да 960 м), на Пд — адгор’і Тыбесты (г. Бетэ, 2286 м), паміж імі — шырокія пясчаныя катлавіны Ідэхан-Убары і Ідэхан-Мурзук, на УЛівійская пустыня, на ПнУ — плато Эль-Ахдар (выш. да 878 м). У Л. вял. запасы нафты (каля 5,9 млрд. т, 9-е месца ў свеце, 1-е — у Афрыцы), ёсць прыродны газ (1296 млрд. м³, 16-е месца ў свеце), фасфарыты, калійная соль, жал. руда. Клімат пустынны трапічны, на Пн пераходны да міжземнаморскага, сухі. Сярэдняя т-ра студз. на Пн 11—12 °C, на Пд 15—18 °C, ліп. адпаведна 27—29 і 32—35 °C. За год выпадае менш за 50 мм ападкаў, на плато Эль-Ахдар — каля 500 мм ападкаў, у раёне г. Трыпалі — каля 300 мм. Рэк няма. У асобных раёнах ёсць запасы падземных і артэзіянскіх вод. 91% тэрыторыі займаюць голыя пяскі і камяністыя грунты. Месцамі сухалюбныя хмызнякі і злакі. Жывёльны свет бедны, прадстаўлены пераважна паўзунамі (змеі, яшчаркі), з млекакормячых — грызунамі, драпежнікамі (шакалы, гіены, ліс-фенек), парнакапытнымі (антылопы); шматлікія насякомыя і павукападобныя. Нац. парк Куф, некалькі прыродных паркаў.

Насельніцтва. Лівійскія арабы і блізкія да іх невял. групы бербераў складаюць 97%. Жывуць таксама грэкі, мальтыйцы, італьянцы, егіпцяне і інш. У краіне працуе больш за 300 тыс. замежных грамадзян. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 3,6%. Сярэдняя шчыльн. 3,2 чал. на 1 км². На ўзбярэжжы жыве 90% насельніцтва, у асобных аазісах шчыльн. дасягае 100 чал. на 1 км². У гарадах жыве больш за 60% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж.,1997); Трыпалі — 1681, Бенгазі — каля 1000, Місурата — каля 500. Каля 25% насельніцтва качэўнікі і паўкачэўнікі. У прам-сці заняты 31% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 18%, у кіраванні — 24%, у абслуговых галінах — 27%.

Гісторыя. Л. — адзін са стараж. цэнтраў цывілізацыі. Гісторыя лівійцаў, продкаў сучасных бербераў, цесна звязана з гісторыяй Стараж. Егіпта. У пач. 1-га тыс. да н.э. фінікійцы заснавалі на ўзбярэжжы Л. шэраг калоній, з 6 ст. да н.э. ў складзе Карфагена. У 7 ст. да н.э. ў Кірэнаіцы ўзніклі грэч. калоніі. З 2 ст. да н.э. Л. — рым. ўладанне. У 5 ст. н.э. яе заваявалі вандалы, потым візантыйцы. У 7 ст. ў выніку арабскіх заваяванняў Л. ўключана ў Араб. халіфат, пазней яна пад уладай мусульм. дынастый Аглабідаў, Фатымідаў, Альмахадаў, мамлюкоў і інш. У 16 ст. — 1912 у складзе Асманскай імперыі. У выніку італа-турэцкай вайны 1911—12 Л. стала калоніяй Італіі. Барацьбу супраць італьян. акупацыі ўзначаліла секта сенусітаў (узнікла ў 19 ст.).

У час 2-й сусв. вайны Л. стала тэатрам ваен. дзеянняў. Пасля выгнання ў 1943 ням.-італьян. войск на тэр. Л. захавалася англ-франц. ваен. прысутнасць, ваен. база ЗША Паводле рашэння Ген. асамблеі ААН ад 21.11.1949 Л. атрымала незалежнасць.

24.12.1951 абвешчана Злучанае каралеўства Л. на чале з каралём Ідрысам I [1951—69]. У лют. 1952 адбыліся першыя парламенцкія выбары. 1.9.1969 група армейскіх афіцэраў на чале з М.​Кадафі скінула манархію, абвясціла Лівійскую Араб. Рэспубліку і ўзяла курс на ўзмацненне незалежнасці, пашырэнне ролі Л. на Б. Усходзе і ў Паўн. Афрыцы. У 1970 ЗША і Вялікабрытанія эвакуіравалі свае ваен. базы. Былі нацыяналізаваны замежныя банкі і кампаніі, усталяваны кантроль над нафтавай прам-сцю. Мэта Кадафі — аднаўленне адзінства араб. свету (няўдалыя спробы стварэння ў 1971 федэрацыі Егіпта, Сірыі і Л., Туніса і Л. ў 1974). У 1973 Кадафі абвясціў сваю грамадска-паліт. праграму, т.зв. трэцюю сусв. тэорыю (апубл. ў 1976—79 у т.зв. «Зялёнай кнізе»), паводле якой узяты курс на выцясненне прыватнага капіталу. У сак. 1977 абвешчана Сацыяліст. Нар. Лівійская Араб. Джамахірыя (літар.араб. ўлада мас). У 1979 Кадафі фармальна адмовіўся ад усіх дзярж. пасад, але захаваў рэальную ўладу як «лідэр лівійскай рэвалюцыі». У знешняй палітыцы ажыццяўлялася актыўная дапамога рэв. рухам і рэжымам. Краіны Захаду абвінавачвалі Л. ў падтрымцы міжнар. тэрарызму. Урад ЗША неаднаразова выкарыстоўваў супраць Л. ваен. акцыі; у выніку ракетна-бомбавых атак (1986) краіне прычынены вял. матэрыяльныя страты. З 1988 пачалася паступовая рэалізацыя ліберальных паліт. і эканам. рэформ. У 1989 Л. ўступіла ў саюз араб. Магрыба. У час Кувейцкага крызісу 1990—91 яна заняла памяркоўную пазіцыю: асудзіла як агрэсію Ірака супраць Кувейта, так і выкарыстанне ваен. сілы супраць Ірака. Л. — чл. ААН (з 1955), Лігі араб. дзяржаў (з 1953). Дыпламат. зносіны паміж Л. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў жн. 1996.

Гаспадарка. Л. ўваходзіць у лік дзяржаў з параўнальна высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. — 6570 дол. (1995), адзін з найб. у Афрыцы. У прам-сці ствараецца 55% валавога нац. прадукту, у сельскай гаспадарцы — 5%, у абслуговых галінах — 40%. Аснова эканомікі — нафтавая і газавая прам-сць. Дзяржава кантралюе больш за 80% здабычы і перапрацоўкі нафты і газу. Асн. промыслы на Пд і ПдУ ад зал. Сідра, эксплуатуецца больш за 70 нафтаных радовішчаў, найб. з іх — Серыр, Зельтэн, Джалу, Амаль. У 1994 здабыта 66,9 млн. т нафты (2,2% сусв. здабычы). Прыродны газ здабываецца на 26 радовішчах, штогод каля 10 млрд. м³ газу (0,3% сусв. здабычы). Здабываюцца таксама кухонная соль, гіпс, вапняк, мел, жал. руда, азбест. Вытв-сць электраэнергіі 16,7 млрд. кВтгадз. (1994). Усе электрастанцыі цеплавыя. Гал. галіна апрацоўчай прам-сці — перапрацоўка нафты. На 8 нафтаперапр. з-дах і нафтахім. прадпрыемствах штогод перапрацоўваюць каля 15 млн. т нафты. Акрамя паліўна-змазачных прадуктаў яны выпускаюць аміяк, мачавіну, пластмасы, каўстычную соду і інш. Гал. цэнтры перапрацоўкі нафты: Рас-эль-Ануф, Эз-Завія, Марса-эль-Бурэйка, Трыпалі, Табрук, Эз-Зувайтына. Прадпрыемствы па звадкаванні газу ў Эз-Завіі, Марса-эль-Бурэйцы, Эз-Зувайтыне. Працуюць сталеплавільны і сталепракатны з-д у г. Трыпалі, металургічны комплекс у г. Місурата (1,5 млн. т сталі і пракату, 1995), алюмініевы з-д у г. Зувара, прадпрыемствы па вытв-сці стальных труб у гарадах Бенгазі і Эль-Каварыша. Ёсць з-ды па зборцы трактароў і аўтобусаў (Таджура), аўтазборачны (Трыпалі). Вырабляюцца электраправады і кабелі (Бенгазі), акумулятары (Трыпалі і Таджура), трансфарматары, электрарухавікі і сухія батарэі (Трыпалі). Есць прадпрыемствы па выпуску буд. матэрыялаў, цэменту (штогод 5—7 млн. т), шкла, цэглы; домабуд. камбінаты. Харч. прам-сць прадстаўлена малочнымі, рыбакансервавымі з-дамі, макароннымі і мукамольнымі ф-камі, прадпрыемствамі па перапрацоўцы агародніны і садавіны, з прадпрыемстваў лёгкай прам-сці — тэкст. камбінат (Трыпалі), воўнапрадзільная (Бенгазі) і ткацка-прадзільная (Эль-Мардж) ф-кі, швейныя і гарбарныя прадпрыемствы (Дэрна). Рамёствы (выраб прадметаў побыту, адзення, тканін, абутку, посуду, упрыгожанняў). Сельская гаспадарка дае 25% неабходных харч. прадуктаў; выкарыстоўваецца каля 9% тэрыторыі, у т. л. для земляробства каля 1% (1,8 млн. га). 470 тыс. га арашаецца. Земляробства развіта на ўзбярэжжы Міжземнага м. і ў аазісах. Ёсць дробныя сялянскія гаспадаркі, кааператывы, дзяржгасы. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, бабовыя, бульбу, памідоры, цыбулю, бахчавыя, тытунь, арахіс. Пашыраны фінікі, аліўкі, вінаград, цытрусавыя, міндаль і інш. Асн. традыцыйны занятак качавога і паўкачавога насельніцтва — жывёлагадоўля. Выкарыстоўваецца каля 15 млн. га пустынь і паўпустынь на Пн краіны. Пагалоўе (млн. галоў): авечак — каля 3,5, коз — каля 1,5, буйн. раг. жывёлы — каля 1, вярблюдаў — каля 0,1. Збор травы альфа. Рыбалоўства. Транспарт пераважна аўтамабільны. Аўтадарог 19,2 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 10,7 тыс. км. У краіне 4,4 тыс. км нафтаправодаў, 0,4 тыс. км прадуктаправодаў, 1,9 тыс. км газаправодаў. Знешнегандл. сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Асн. парты: Трыпалі і Бенгазі (разнастайныя грузы), Табрук, Эс-Сідэр, Рас-эль-Ануф, Марса-эль-Бурэйка (экспарт нафты і звадкаванага газу). Л. мае гандл. флот грузападымальнасцю 690 тыс. бруга-рэг. т. Развіты авіяц. транспарт. У краіне 131 аэрапорт, у т. л. міжнар. аэрапорты ў Трыпалі і Бенгазі. Гандл. баланс дадатны. У 1995 экспарт 8,4 млрд. дол., імпарт 7,3 млрд. дол. Больш за 95% экспарту складаюць нафта, нафтапрадукты, звадкаваны газ. У імпарце пераважаюць машыны, абсталяванне, харч. і прамысл. тавары. Гал. гандл. партнёры: Італія, Германія, Іспанія, Францыя. Л. ўваходзіць у лік краін экспарцёраў капіталу. Яна актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці рэгіянальных міжарабскіх банкаў і фондаў, практыкуе вываз дзярж. капіталу ў форме прадастаўлення крэдытаў і пазык, набыцця акцый буйных канцэрнаў. Грашовая адзінка — лівійскі дынар.

Літаратура. Пасля араб. заваяванняў у 7 — пач. 9 ст. л-ра развівалася ў агульным рэчышчы арабскай культуры/. У перыяд тур. панавання (з 16 ст.) заняпала. Нац.-вызв. ўздым 1-й пал. 20 ст. выклікаў рух за яе адраджэнне. У пач. 20 ст. ў паэзіі вызначальнымі сталі антыкалан., асветніцкія і сац матывы (касыды А. аш-Шарыфа, М.​Бен Зікры, С. аль-Баруні). Перыяд італьян. каланізацыі (1912—43) — час росквіту патрыят. і вызв. л-ры (паэзія А.Р. аль-Махдаўі, I. аль-Уста Умара). Пасля атрымання незалежнасці (1951) вядучае месца ў л-ры занялі маладыя паэты (А.​С.​Абд аль-Кадзер, А. ар-Рукейн). У 1940—50-я г. зарадзілася проза. Асн. літ. жанр — навела, гал. тэмы — барацьба за сац. роўнасць, асуджэнне прымхаў і забабонаў. Найб. вядомыя навелісты — А.К Абу Харус, М. аль-Місураці, X. ат-Цікбалі, А.М. аль-Кувейры, А.І. аль-Факіх, 1 аль-Куні, Б. аль-Бахі. У 1959 створана Асацыяцыя дзеячаў культуры і мастацтва. У 1977 засн. Саюз пісьменнікаў Л.

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Л. выяўлены неалітычныя наскальныя размалёўкі са сцэнамі палявання на сланоў, бізонаў і інш. (г. Эль-Увейнат). У 1-м тыс. да н.э. створаны помнікі фінікійскага мастацтва: скульптура з гліны, размаляваная чарналакавая кераміка, шкляныя пасудзіны, каралі. Захаваліся руіны стараж.-грэч. і стараж.-рым. пабудоў з мазаікамі і скульптурай (т-р у Лептыс-Магна, 1 ст.), творы візант. часу (мазаічная падлога базілікі Юсцініяна ў Сабраце). Пасля араб. заваявання на тэр. Л. фарміравалася араба-берберская культура. Умацаваныя сярэдневяковыя гарады (медыны) з вузкімі вуліцамі забудоўвалі 1—2-павярховымі дамамі з унутр. дварамі, мячэцямі з мінарэтамі. У 18—19 ст. узводзілі шматкупальныя мячэці, якія ўнутры аздаблялі арнаментальнай разьбой, размалёўкай, паліхромнай маёлікай (мячэць у г. Дэрна), у аддаленых раёнах мячэці — глінабітныя, прамавугольныя ў плане пабудовы крапаснога тыпу. У перыяд італьян. каланізацыі (1912—43) ствараліся еўрап. кварталы ў Трыпалі, Бенгазі. З 2-й пал. 20 ст. ў Л. вядзецца жыллёвае і грамадскае буд-ва з выкарыстаннем сучасных канструкцый і матэрыялаў, рэстаўрыруюцца рым. акведукі, цыстэрны, плаціны. Развіваецца выяўл. мастацтва, пераважна жывапіс і графіка. Нар. майстры ствараюць дываны са стракатымі ўзорамі, вырабы са скуры з ціснёным ці вышываным арнаментам, медныя пасудзіны з чаканкай, ювелірныя ўпрыгожанні і інш. Комплекс археал. запаведнікаў Лептыс-Магна, Сабрата і Кірэна, наскальныя малюнкі Тадрарт і вузел караванных шляхоў г. Гадамес уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя), В.​Я.​Буйвал (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Лівіі.
Да арт. Лівія. Лівійская пустыня.
Да арт. Лівія. Руіны рымскага тэатра ў Лептыс Магна. 1 ст.

т. 9, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРДО́ВІЯ, Рэспубліка Мардовія,

у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 26,2 тыс. км². Нас. 950 тыс. чал. (1997), гарадскога 59%. Сярэдняя шчыльнасць 36,3 чал. на 1 км². Жывуць мардва (групы эрзя і мокша, 32,5%), рускія (60,8%), татары (4,9%), украінцы (0,7%), беларусы (0,2%) і інш. Сталіца — г. Саранск. Найб. гарады: Рузаеўка, Кавылкіна, Краснаслабодск, Ардатаў.

Прырода. Размешчана на У Усходне-Еўрап. раўніны. На З Окска-Данская раўніна з акумулятыўнымі формамі рэльефу, на ПдУ Прыволжскае ўзв. (выш. да 322 м), парэзанае сеткай яроў і лагчын. Карысныя выкапні: мергель, фасфарыты, даламіты, вапнякі, мел, гліны, кварцавы пясок і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -11 °C, ліп. 19 °C. Гадавая колькасць ападкаў 420—525 мм. Гал. рэкі: Мокша (з прытокамі Вад, Саціс, Сівінь, Іса) і Сура з прытокам Алатыр. Глебы чарназёмныя (на З ападзоленыя, на У вышчалачаныя), шэрыя лясныя, дзярнова-падзолістыя, па далінах рэк алювіяльныя і тарфяна-балотныя. Лясы займаюць 24% тэрыторыі (дуб, хвоя, бяроза, ліпа, асіна). На Пд стэпавыя ўчасткі, поўнасцю разараныя. З жывёл пашыраны воўк, лось, барсук, бабёр, мядзведзь, дзік, ліс, зайцы русак і бяляк, з птушак — цецярук, шэрая курапатка, глушэц. Мардоўскі запаведнік.

Гісторыя. Чалавек на тэр. М. вядомы з мезаліту (8—5-е тыс. да н.э.). У неаліце (5—3-е тыс. да н.э.) тут жылі плямёны волга-камскай і балахнінскай культур. У 1-м тыс. н.э. першабытна-абшчынны лад распадаўся, складвалася абшчына, узніклі этн. асаблівасці мардоўскіх плямён эрзя і мокша. Першая пісьмовая згадка пра плямёны з агульнай назвай мардва датуецца 6 ст. На мяжы 1—2-га тыс. пачалося фарміраванне феад. адносін. У 11—12 ст. мардва паступова ўключалася ў паліт. і эканам. жыццё Стараж. Русі, у пач. 13 ст. частка яе зямель уваходзіла ў склад Разанскага і Ніжагародскага княстваў. У выніку Мангольскіх заваяванняў б.ч. зямель М. ўвайшла ў склад Залатой Арды, а з 1348 — Казанскага ханства. Мардоўскія атрады ўдзельнічалі на баку рус. войск у Кулікоўскай бітве 1380. Пасля ліквідацыі Казанскага ханства (1552) мардоўскія плямёны прызналі ўладу рас. цара. Вялікадзярж. палітыка царызму выяўлялася ў прымусовым увядзенні праваслаўя. З 17 ст. буйным цэнтрам рамяства і гандлю становіцца г. Саранск (засн. ў 1641). Насельніцтва М. ўдзельнічала ў сял. войнах пад кіраўніцтвам С.​Разіна (1670—71) і Е.​Пугачова (1773—75). З 1796 тэр. М. ўваходзіла пераважна ў склад Пензенскай, Тамбоўскай і Сімбірскай губерняў. У вайну 1812 каля 50 тыс. чал. з ліку насельніцтва М. былі залічаны ў апалчэнне, Саранскі і Інсарскі палкі ўдзельнічалі ў замежных паходах рас. арміі 1813—14. У выніку рэформы 1861 сяляне страцілі лепшыя ворныя землі, беззямельныя сяляне масава перасяляліся ў Сібір і Казахстан. У 1890-я г. праз тэр. М. пракладзены чыгункі, але край заставаўся пераважна аграрным са слаба развітой прам-сцю. У рэвалюцыю 1905—07 на станцыі Рузаеўка ў снеж. 1905 адбылося паўстанне чыг. рабочых і існавала «Рузаеўская рэспубліка». Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у М. ўзніклі Саветы. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 улада да вясны 1918 належала меншавікам і эсэрам, потым перайшла да бальшавікоў. З-за вял. рассейвання мардвы нац.-дзярж. будаўніцтва ў М. зацягнулася.

У 1928 у складзе Сярэдняволжскай вобл. РСФСР вылучана Мардоўская нац. акруга, якая 10.1.1930 пераўтворана ў Мардоўскую аўт. вобл., а 20.12.1934 — у Мардоўскую Аўт. Сав. Сацыяліст. Рэспубліку. На тэр. М. з 1930-х г. існавалі лагеры прымусовай працы. Шмат мардвы пражывала па-за межамі М. (агульная колькасць у 1979 у СССР 1154 тыс.). У снеж. 1990 Вярх. Савет М. прыняў дэкларацыю аб дзярж.-прававым суверэнітэце рэспублікі ў складзе Расіі. У 1991 уведзена пасада прэзідэнта. 31.3.1992 М. разам з інш. рэспублікамі падпісала федэратыўны дагавор з Расіяй. З 1994 афіц. назва — Рэспубліка Мардовія.

Гаспадарка. Структура валавой прадукцыі прам-сці (%): машынабудаванне і металаапрацоўка — 39., электраэнергетыка — 14, харчовая — 18, хімічная — 8, буд. матэрыялаў — 8 і інш. Маш.-буд. прадпрыемствы вырабляюць электралямпы (291 млн. шт., 50% ад аб’ёму вытв-сці Расіі, 1996), электравакуумныя прыборы, электрабранякабель, экскаватары, трактарныя прычэпы, грузавыя вагоны, веласіпеды, электрасокавыціскалкі, металаапр. інструмент, хім. і мед. абсталяванне. Металаапрацоўка прадстаўлена вытв-сцю вузлоў і дэталей для аўтамаб. прам-сці (Саранск, Рузаеўка, Кавылкіна, Ардатаў, Ацяшава).

Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ. Хім. (вытв-сць сінт. смол, гумава-тэхн. вырабаў) і мед. (лек. прэпараты, мікрабіял. кармавыя бялкі) прам-сць у Саранску, Рузаеўцы. Вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент — 873 тыс. т, шыфер, цэгла, сілікатныя і азбестацэментавыя блокі) у Чамзінцы, Цемнікаве, Кавылкіне, Камсамольскім і інш. Прадпрыемствы лёгкай прам-сці ў Рузаеўцы, Інсары, Краснаслабодску, Саранску і інш. Развіта харч. прам-сць (масларобная, мясная, цукр., мукамольная, кансервавая). Лесапілаванне і вытв-сць мэблі (Саранск, Кемля), дрэваапр. (Кавылкіна, Ардатаў, Зубава Паляна), папяровая (Цемнікаў) прам-сць. Пашыраны саматужныя промыслы (вышыўка, разьба па дрэве, метал. ўпрыгожанні). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжа і малочна-мясной жывёлагадоўлі. С.-г. ўгоддзі займаюць 1670 тыс. га, у т. л. ворныя землі 1235 тыс. га. Доля раслінаводства ў валавой с.-г. прадукцыі 39%, жывёлагадоўлі 61%. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, жыта, ячмень, грэчка), тэхн. (цукр. буракі, сланечнік, махорка, каноплі) і кармавыя культуры. М. — буйны вытворца бульбы і пастаўшчык яе ў суседнія вобласці. Агародніцтва. Садоўніцтва. Збор (тыс. т, 1997) збожжа — 474,8, бульбы — 584,9, агародніны — 71,1. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998) буйн. раг. жывёлы 382,7, свіней 168,8, авечак і коз 102,4. Птушкагадоўля. Пчалярства. Вытв-сць (1997) малака — 461,7 тыс. т, мяса — 59,8 тыс. т, яец — 244,9 млн. шт. Развіты чыг. і аўтамаб. транспарт. Даўж. чыгунак 543 км. Тэрыторыю М. з 3 на У перасякае электрыфікаваная чыгунка Масква—Самара, з Пн на Пд — Ніжні Ноўгарад—Пенза, на У Красны Вузел—Казань. Даўж. аўтадарог 6,6 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 5,6 тыс. км (1997). М. звязана аўтадарогамі з Масквой, Ноўгарадам, Ульянаўскам, Пензай. Аэрапорт у г. Саранск. Рэспубліка пастаўляе ў інш. раёны Расіі і за мяжу прадукцыю машынабудавання, цэмент, шыфер, мед. прэпараты, цукар, бульбу; завозіць паліва, металы, лес, тавары лёгкай і харч. прам-сці.

Літаратура. М. развіваецца на макшанскай і эрзянскай мовах. Першыя творы мардоўскіх пісьменнікаў (З.​Дарафееў, Ф.​Завалішын) апублікаваны ў 1912 на рус. мове. У 1920-я г. — перыяд станаўлення розных жанраў: верша, апавядання, нарыса, драмы і інш. (творы М.​Безбародава, Ф.​Бяздольнага, А.​Дарагойчанкі, Дз.​Марскога, Ф.​Часнакова і інш.). Выйшлі калектыўныя зб-кі «Светлы шлях» (1928, на макшанскай мове) і «Першыя іскры» (1929, на эрзянскай мове). У 1930—40-я г. важную ролю ў развіцці нац. паэзіі адыгралі Безбародаў (паэмы «Казка-быль», 1930; «За волю», 1935), Я.​Грыгошын (зб-кі «Песні новай вёскі», 1931; «Новая сіла», 1933; «Па калгасных палях», 1934), А.​Мора (зб-кі «Гул грому», 1931; «Шырэй дарогу», 1932; «Мой шлях», 1934), Н.​Эркай (зб. «Зямля абнавілася», 1932), П.​Кірылаў (гіст. драма «Літова», 1940, лібрэта першай муз. драмы Л.​Кірукова); у прозе вызначаліся Ц.​Раптанаў (раман «Пад Чыхан-гарой», 1934), В.​Каламасаў (аповесць «Яхім Лаўгінаў», 1936), А.​Куторкін (раман «Чорны слуп», 1934), П.​Ляўчаеў (зб-кі «Злосць», 1935; «Апавяданні», 1936); у драматургіі — К.​Пятрова, Каламасаў і інш. Пачала развівацца дзіцячая л-ра. Вядучы жанр паэзіі Вял. Айч. вайны — верш. У пасляваен. перыяд пашырыліся абсягі прозы і паэзіі, развіваліся літ. крытыка і літ.-знаўства. Асэнсаванне гісторыі і сучаснасці — тэмы раманаў Ц.​Кірдзяшкіна «Шырокая Мокша» (1953), І.​Антонава «У сям’і адзінай» (1954), А.​Лук’янава «Светлы шлях» (т. 1—2, 1955—58), К.Абрамава «Найман» (1957—64), М.​Бябана «Вясеннія птушкі» (1959), Куторкіна «Яблыня каля гасцінца» (вершаваны, 1958), С.​Ларыёнава, М.​Кяшкіна, М.​Сайгіна; у паэзіі — Эркая, С.​Вячканава, І.​Дзевіна і інш. Л-ра сучаснай М. адметная надзённасцю тэматыкі і праблематыкі, шматжанравасцю і маштабнасцю: п’есы Антонава, Каламасава, Г.​Мяркушкіна, раманы Абрамава, вершаваныя аповесці Ф.​Ацяніна, А.​Мартынава, Моры, паэмы Вячканава, Дзевіна, А.​Малькіна, П.​Таропкіна, А.​Цяпаева і інш. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў М. На бел. мову перакладзены асобныя творы Эркая, А.​Косава (перакладчыкі М.​Калачынскі, У.​Скарынкін), на мардоўскую мову (эрзя мову) — верш Я.​Купалы «А хто там ідзе?» (перакладчык І.​Калінкін).

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. М. знойдзены багата арнаментаваны посуд эпохі бронзы. У эпоху ранняга жалеза паявіліся ўмацаваныя паселішчы (Ош-Пандо ў даліне р. Сура). У могільніках 9—11 ст. выяўлены бронзавыя нагрудныя ажурныя бляхі, падвескі з «качынымі лапкамі», засцежкі-«сюльгамо» з геам. і расл. узорам. Забудова старых паселішчаў гнездавая, з 18 ст. — вулічная. Дэталі сял. хат аздаблялі глухой, барэльефнай ці ажурнай (прапілаванай) разьбой, у якой спалучаліся геам. і расл. матывы, стылізаваныя выявы чалавека, звяроў і птушак. У 17 ст. як умацаваныя пункты ўзніклі гарады Саранск, Інсар, Краснаслабодск і інш., у 18—19 ст. у іх будавалі дамы і цэрквы на ўзор рускіх. Сярод помнікаў драўлянага дойлідства 19 ст. — пяцікупальная царква ў в. Жураўкіна, якая вызначаецца складанасцю арх. форм і багатым разным дэкорам. З пач. 20 ст. гарады забудоўваліся паводле генпланаў. Старая ч. Саранска рэканструявана, узведзены жылыя і грамадскія будынкі (Дом Саветаў, 1940, арх. І.​А.​Меерзон; Музей выяўл. мастацтва, 1976, арх. В.​І.​Барысаў). У станаўленні выяўл. мастацтва М. важную ролю адыгралі рус. мастакі К.​А.​Макараў (у 2-й чвэрці 19 ст. стварыў жывапісную школу ў Саранску) і Ф.​В.​Сычкоў. У пач. 20 ст. атрымалі вядомасць работы скульпт. С.​Дз.Эрзі (Няфёдава). З 1970-х г. у галіне тэматычнай карціны працуюць В.​А.​Панкоў, А.​А.​Радыёнаў, І.​І.​Сядзельнікаў, В.​Дз.​Хрымаў, партрэта — У.​Дз.​Ілюхін, Я.​А.​Наздрын, пейзажа — В.​А.​Бядноў, А.​А.​Мухін, В.​А.​Петрашоў, скульптуры — М.​М.​Абухаў, графікі — А.​І.​Каровін, М.​С.​Макушкін, Л.​С.​Трамбачэўская-Шаніна. Традыц. нар. рамёствы — ювелірнае мастацтва, вышыўка (найб. пашырана), узорыстае ткацтва, шыццё бісерам, маст. апрацоўка дрэва, ліццё і інш. У 1935 засн. Саюз мастакоў М.

Музыка. Муз. фальклор М. мае развітыя формы вак. і інстр. музыкі. Найб. стараж. нар. песні — земляробчыя (калядкі, вяснянкі) і сямейна-абрадавыя, якія характарызуюцца вузкааб’ёмнай мелодыкай, унісоннай і гетэрафоннай формамі сумесных спеваў. Музыка М. адметная распеўнасцю, варыяцыйным развіццём, ладавай пераменнасцю, рысамі поліфанічнага складу. У эпічных і лірычных песнях пашырана шматгалоссе, развіты калектыўнае і сольнае выкананне, часта з суправаджэннем. Сярод нар. інструментаў: духавыя нюдзі (падвойны кларнет), фам (дуда), вяшкома (свістковая флейта), кевень тутушка (пустацелая свістулька); струнныя — гарзе (скрыпка), балалайка; ударныя — шавома (драўляны барабан), кальдэрма (бразготка), кальцаемат (разнавіднасць ксілафона), пайганят (званочкі), куцюфт (лыжкі); гармонік. Пашыраны інстр. ансамблі. На станаўленне прафес. культуры М. паўплывалі рас. музыканты В.​Сярова, Б.​Трошын, М.​Душскі. Сярод прадстаўнікоў муз. культуры М.: заснавальнік прафес. кампазітарскай школы Л.​Кірукоў (муз. драма «Літова», 1943; оперы «Несмяян і Ламзур», 1944; «Нармальня», 1962; хары, песні, інстр. п’есы і інш.), аўтар і выканаўца ўласных твораў на балалайцы Л.​Воінаў, Г.​Сураеў-Каралёў, Г.​Удовін, Н.​Кошалева, М.​Міцін; дырыжор М.​Фралоўскі; спевакі Р.​Бяспалава, М.​Антонава, А.​Кулікова, В.​Кіушкін, Дз.​Ерамееў, І.​Яўшаў і інш. У М. працуюць (1999): Т-р муз. камедыі (з 1969), ансамбль песні і танца «Умарына», філармонія (з 1979), фалькл. ансамбль «Келу» (з 1963). Муз. вучылішча, муз. школы. У 1955 створана аб’яднанне кампазітараў Мардоўскай АССР, з 1982 Саюз кампазітараў М.

Тэатр. Вытокі нар. тэатр. мастацтва ў нар. абрадах і гульнях. З пач. 20 ст. ствараліся самадзейныя тэатр. калектывы. У пач. 1930-х г. узніклі калг.-саўгасныя тэатры. У 1930 у Саранску арганізавана Мардоўская муз.-драм. студыя, рэарганізаваная ў 1932 у Мардоўскі драм., у 1959 — муз.-драм., у 1969 — драм. т-р. Пад маст. кіраўніцтвам Маскоўскага Малога т-ра (1935—38) у ім пастаўлены п’есы А.​Астроўскага, М.​Гогаля і інш. З канца 1950 ставяцца творы мардоўскіх драматургаў, рус. і замежная класіка. З 1935 у Саранску працуе тэатр лялек. Сярод тэатр. дзеячаў А.​Аржадзеева, В.​Далгоў, Н.​Іваноў, С.​Калганаў, І.​Кудзелькіна, Г.​Мялехін і інш.

Літ.:

История мордовской советской литературы. Т. 1—2. Саранск, 1968—71;

Кирюшкин Б.Е. Мордовский советский роман. Саранск, 1965;

Бояркин Н.И. Мордовское народное музыкальное искусство. Саранск, 1983;

Яго ж. Становление мордовской профессиональной музыки. Саранск, 1986;

Памятники мордовского народного музыкального искусства. Т. 1. Саранск, 1981.

Г.​С.​Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), І.​А.​Літвіноўскі (гісторыя).

Да арт. Мардовія. Мардоўскі запаведнік.
Да арт. Мардовія. Рака Сура.

т. 10, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬНЮС (Vilnius; да кастр. 1939 Вільня),

горад, сталіца Літвы. Размешчаны на р. Нярыс (Вілія). 582 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (стэрэамагнітафоны, персанальныя камп’ютэры, металаапр. станкі, паліўная апаратура, радыёвымяральныя прылады, электрарухавікі, гандл. абсталяванне, с.-г. машыны, інструменты і тэхнал. аснастка і інш.), лёгкая (тэкст., абутковая, футравая, трыкат., швейная), хім. (смолы, мыйныя сродкі), хім.-фармацэўтычная, харч. (мясная, малочная, кандытарская і інш.), дрэваапр. (піламатэрыялы, вытв-сць мэблі), шкляная (вітражы, посуд) прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў.

На думку літ. даследчыка К.​Бугі, славяне-крывічы з’явіліся тут у 6—7 ст. і жылі цераспалосна з мясц. балцкім насельніцтвам. У 11—12 ст. тут існавала заснаванае крывічамі паселішча гар. тыпу пад назвай Крывы (ці Крывіч-горад), які пазней паводле слав. традыцыі атрымаў назву Вільня (ад р. Вільня). У 2-й пал. 11 ст. горад стаў цэнтрам Віленскага княства — феад. ўдзела Полацкай зямлі. У 1070 тут княжыў полацкі кн. Расціслаў Рагвалодавіч, пасля 1129 — яго сыны. Сярод тагачасных жыхароў Вільнюса пераважала ўсх.-слав. насельніцтва; жылі таксама тубыльцы-аўкштайты. У часы княжання Гедзіміна [1316—41] Вільнюс стаў сталіцай Вялікага княства Літоўскага. Як сталічны горад з замкам і велікакняжацкім палацам Вільнюс упершыню ўпамінаецца ў мірным дагаворы ВКЛ з Лівонскім ордэнам і г. Рыга ад 2.10.1323. У 1387 горад атрымаў права на самакіраванне паводле магдэбургскага права. З 1413 цэнтр Віленскага ваяводства. З 1416 у Вільні знаходзілася рэзідэнцыя правасл. мітрапаліта; існавалі правасл. цэрквы, адна з якіх — Мікалаеўская — пабудавана пры Гедзіміне. У канцы 15 — пач. 16 ст. ў Вільнюсе каля 10 тыс. ж. У 1511 тут дзейнічалі 14 цэркваў і 7 касцёлаў, што сведчыць пра колькасную перавагу праваслаўнага, г.зн. бел., насельніцтва. У пач. 16 ст. ў Вільнюсе (Вільні) бел. першадрукар Ф.Скарына абсталяваў друкарню, у якой выдаў «Малую падарожную кніжку» (1522) і «Апостал» (1525). Паслядоўнік Скарыны бел. друкар П.Мсціславец у 1569 заснаваў у Вільні друкарню з кірылічным шрыфтам. Тут дзейнічала друкарня Мамонічаў, у якой на царк.-слав., старабел., лац. і польск. мовах выдаваліся падручнікі, рэліг. л-ра, законы ВКЛ, у т. л. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, інш. творы бел. пісьменства. У 1579 езуіты заснавалі Віленскую акадэмію (гл. Віленскі універсітэт). У Вільні быў створаны саюз бел. і літ. шляхты супраць палітыкі абсалютызму караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II — Віленская канфедэрацыя 1716. У 1773 тут заснавана Адукацыйная камісія. З 1795 Вільня у складзе Рас. імперыі, цэнтр Літоўскай, пазней Віленскай губерні, Віленскага генерал-губернатарства. Пасля вайны 1812 у Вільні існавалі патрыят. т-вы шубраўцаў, філаматаў, філарэтаў, «прамяністых». З Вільняй звязаны пэўныя перыяды жыцця і дзейнасці А.​Міцкевіча, Я.​Чачота, Т.​Зана, А.​Кіркора, С.​Манюшкі, Ф.​Багушэвіча і інш. З 1855 працавала Віленская археалагічная камісія, з 1864 — Віленская археаграфічная камісія. У час паўстання 1863—64 у Вільні дзейнічаў Выканаўчы аддзел Літвы на чале з К.Каліноўскім. У 1894—95 у горадзе 286 прадпрыемстваў. Паводле перапісу 1897, у Вільні 154 532 ж. У 1902—03 культ.-асв. гурткі бел. вучнёўскай і студэнцкай моладзі Вільні ўдзельнічалі ў стварэнні бел. рэв. грамады (гл. Беларуская сацыялістычная грамада). З 1906 тут выдаваліся першыя бел. легальныя газ. «Наша доля», «Наша ніва», пазней — час. «Саха», дзейнічалі Беларускае выдавецкае таварыства, выдавецкае т-ва «Наша хата», Кухты М. друкарня. У 1906—15 у Вільні жылі бел. пісьменнікі Я.​Купала, Я.​Колас, Цётка, К.​Буйло, З.​Бядуля, Ядвігін Ш. і інш. У галіне бел. адраджэння працавалі каардынацыйныя органы бел. паліт. і грамадскіх арг-цый Беларускі народны камітэт, Віленская беларуская рада, Беларускі нацыянальны камітэт, знаходзілася кіраўніцтва Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групы, адбылася Беларуская канферэнцыя 1918, выдаваліся газ. «Гоман» і інш. 1.1.1919 заснавана Віленская беларуская гімназія. З 27.2 да 21.4.1919 Вільня — адм. цэнтр Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 9.10.1920 войскі пад камандаваннем ген. Л.​Жалігоўскага занялі Вільню, што выклікала Віленскі канфлікт 1920—39. З кастр. 1920 Вільня у складзе Сярэдняй Літвы. У выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 Вільня стала паліт. і культ.-інтэлектуальным цэнтрам Заходняй Беларусі. У горадзе ствараліся і дзейнічалі бел. паліт. партыі, гасп.-эканам., асветныя арг-цыі, установы і т-вы. Актыўнасцю вызначаліся Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, Беларускі пасольскі клуб, Блок нацыянальных меншасцяў і інш. У 1920—30-я г. ў Вільні дзейнічалі Беларускі музей, управа Таварыства беларускай школы, Беларускі студэнцкі саюз, Беларускі сялянскі саюз, Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый. У сярэдзіне 1920-х г. тут знаходзіліся Гал. сакратарыят і ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады, выдавалася больш за 100 беларускамоўных газет і часопісаў. У Вільні жылі і працавалі А.​Луцкевіч, М.​Гарэцкі, Б.​Тарашкевіч, У.​Самойла, А.​Станкевіч, С.​Рак-Міхайлоўскі, І.​Дварчанін, Р.​Шырма, Г.​Цітовіч, М.​Танк, П.​Сергіевіч, Я.​Драздовіч і інш. 19.9.1939 Вільнюс заняты сав. войскамі. 10.10.1939 паводле сав.-літ. дагавора аб узаемадапамозе Вільня і Віленскі край перададзены Літве. У ліст. 1939 літ. адміністрацыя ўзяла Вільнюс пад кантроль. 21.7.1940 абвешчана Літоўская ССР, з 3.8.1940 яна ў складзе СССР. 25.8.1940 Вярх. Савет Літвы абвясціў Вільнюс сталіцай. Адбыўся моцны прыток у Вільнюс літ. насельніцтва. У Вял. Айч. вайну 24.6.1941 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. Аднавілася дзейнасць дасав. літ. адміністрацыі ў асобе т.зв. Літ. самакіравання. У 1941 у Вільнюсе ўзнікла бел. паліт. арг-цыяБел. нац. к-т; выдавалася газ. «Беларускі голас». Дзейнічалі бел. гімназія, настаўніцкая семінарыя, Бел. музей. Акупанты стварылі ў Вільнюсе яўр. гета (каля 42 тыс. чал.), вязні якога былі знішчаны ў 1942. Вызвалены 13.7.1944 у ходзе Вільнюскай аперацыі 1944. Пры адступленні фашысты знішчылі каля 40% жыл. фонду горада, 30% буйных прамысл. прадпрыемстваў. За час акупацыі загінула каля 70 тыс. жыхароў горада. У Вільнюсе быў створаны адзін з трох рэгістрацыйных пунктаў для жыхароў горада, якія жадалі выехаць у Польшчу. Да 10.8.1946 у Польшчу выехалі 86,9 тыс. жыхароў горада і наваколля, пазней — яшчэ каля 24 тыс. Адначасова праводзілася масавае перасяленне ў Вільнюс сялян, пераважна з этнічнай Літвы. Да пач. 1950 у горад прыбыло каля 150 тыс. новых жыхароў. Нац. склад жыхароў мяняўся ў бок паступовага павелічэння колькасці літоўскага насельніцтва. Адначасова праводзілася масавая паланізацыя беларусаў-католікаў. У пасляваен. перыяд бел. культ. і паліт. жыццё ў Вільнюсе было амаль поўнасцю спынена. Практычна ўсе бел. дзеячы і іх сем’і трапілі пад арышты і дэпартацыю.

З канца 1980-х г. Вільнюс — гал. цэнтр руху за незалежнасць Літвы (абвешчана 11.3.1991). У Вільнюсе створаны Т-ва бел. культуры (1987), клуб аматараў бел. нар. творчасці «Сябрына» і інш. З 1989 у Вільнюсе вядуцца беларускамоўныя перадачы на літ. тэлебачанні і радыё, у 1991 адноўлена выданне газ. «Наша ніва», на ф-це славістыкі Віленскага пед. ун-та дзейнічае кафедра бел. мовы, л-ры і этнакультуры. У 1993 адноўлена Т-ва бел. школы, адкрыта бел. сярэдняя школа. Дзейнічае Каардынацыйная рада Бел. згуртавання ў Літве (1992).

Цэнтр горада мае рэгулярную, новыя раёны — радыяльна-змешаную планіроўку. Стары горад (пл. 256,14 га; адзін з самых вялікіх ва Усх. Еўропе) — помнік горадабудаўніцтва і археалогіі, дзе сканцэнтравана большасць помнікаў архітэктуры, 7 плошчаў (гал. — Кафедральная), рэшткі культавага будынка сярэдзіны 13 ст. пад цяперашнім Кафедральным саборам і рэшткі вежы 13 ст. пад званіцай сабора. Арх. помнікі: Пятніцкая царква (13 ст.), Верхні замак (замак Гедзіміна, 2-я пал. 14 — пач. 15 ст.), гатычныя касцёлы св. Мікалая (1387), св. Яна (1387—1429, 16 ст.), св. Ганны (1501—80), бернардзінцаў (канец 15 ст. — 1581) і інш. Помнікі рэнесансу: Вострая Брама (1503—22) з рэшткамі гар. сцяны, Вял. двор ун-та (1570—18 ст.), алюмнат (пансіён; 1582—1622); касцёлы францысканцаў (канец 15 ст. — 1610), св. Міхала (1594—1625); св. Стафана (1600—12); жылыя дамы 16 — пач. 17 ст. на вул. Замкавай (Пілес). Помнікі барока: касцёлы св. Казіміра (1604—18, рэканструяваны 1749—55), Усіх святых (1620—31), св. Тэрэзы (1633—50), святых Пятра і Паўла на Антокалі (1668—75); палацы Слушкаў (1690—1700), Сапегаў (1691—97) і інш. У канцы 17 — сярэдзіне 18 ст. сфарміраваўся стыль т.зв. віленскага барока (арх. І.Глаўбіц, Т.Жаброўскі і інш.), да якога адносяцца касцёлы св. Кацярыны (1619—22, перабудаваны ў 1741—43) і місіянераў (1695—1730), брама Базыльянскіх муроў (1761). Будынкі класіцызму: Кафедральны сабор (перабудаваны ў 1777—1801), ратуша (1781—99, цяпер Маст. музей), палац у Верках (Вяркяй; 1781—1810, усе арх. Л.​Гуцэвіч); палацы Тызенгаўзаў, Агінскіх, Тышкевічаў (18 — пач. 19 ст.). Помнікі ў стылях ампір — б. губернатарскі палац (1824—32, арх. В.​Стасаў), неаготыкі — палац Радушкевічаў (1896, цяпер Дом архітэктараў), рус.-візант. — Знаменская царква (1899—1903), неабарока — дом Вілейшы (1904—06, цяпер Ін-т літ. мовы і л-ры). У 1920—30-я г. пераважала забудова ў стылях мадэрну, канструктывізму, функцыяналізму: будынак гар. т-ра (1926—29, цяпер Рускі драм. т-р Літвы), мікрараён на Антокалі (1933—35, арх. Л.​Вітан-Дубейкаўскі), будынак банка (1938) і інш. Пасля 1950-х г. будынкі ўзводзіліся па тыпавых і індывід. праектах. Індывід. праекты, захоўваючы функцыян. мэтазгоднасць, прапаноўваюць больш свабодную планіроўку, пластычнасць формаў, гарманічную сувязь з наваколлем, арыгінальныя па вырашэнні інтэр’еры (Выставачны палац, арх. В.​Чэканаўскас; Т-р оперы і балета Літвы, арх. Э.​Бучутэ; Палац спорту і Палац шлюбу, арх. Г.​Баравікас; Т-р драмы Літвы і гасцініца «Летува», арх. А. і В.​Насвітысы; жылыя раёны Жырмунай, Каралінішкес, Лаздзінай і інш). Стары горад уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

У Вільнюсе знаходзяцца АН Літвы, 5 ВНУ, у т. л. ун-т, кансерваторыя. Б-кі: Літоўская Нацыянальная бібліятэка імя Мажвідаса, Бібліятэка цэнтральная Акадэміі навук Літвы, Вільнюскага універсітэта бібліятэка. 12 музеяў, у т. л. этнагр., архітэктуры, мастацкі з філіяламі — Карціннай галерэяй, Музеем т-ра і музыкі і інш. Філармонія. Т-ры: оперы і балета, драмы, рус. драм., моладзі, лялечны.

З 14 ст. Вільнюсу належыць важная роля ў развіцці бел. мастацтва. Працы бел. мастакоў з Вільні, абразы віленскага паходжання сведчаць пра існаванне ў 15 ст. жывапіснай школы візант. арыентацыі. Закладзеныя Скарынам традыцыі маст. афармлення кнігі прадоўжыла Віленская школа гравюры. З віленскай брацкай Святадухаўскай друкарняй звязана дзейнасць гравёраў П.​Камара, Я.​Лапацінскага, Я.​Перлі. Многія віленскія архітэктары і мастакі працавалі на Беларусі (І.​Глаўбіц, Л.Гуцэвіч, П.Перці, І.Шрэтар, М.Шульц і інш.), майстры з бел. зямель — у Вільнюсе (архітэктар і матэматык Т.​Жаброўскі, разьбяр Г.​Кунтцан, архітэктары Т.Лянкевіч і К.Падчашынскі, мастак Т.​Макоўскі). З 16 ст. ў В. існавала першая на Беларусі школа маст. адукацыі ў езуіцкай Віленскай акадэміі, пры ёй М.​Радзівілам Сіроткам была створана друкарня. На маст. кафедрах Віленскага ун-та ў канцы 18 — 1-й трэці 19 ст. атрымалі адукацыю многія мастакі, выхадцы з Беларусі (гл. Віленская мастацкая школа). У 1866—1914 існавала Віленская школа малявання. Значны ўклад у маст. жыццё Вільні зрабілі Віленскі мастацкі гурток (1901—08) і Віленскае мастацкае таварыства (1908—15). У гэты час ладзіліся маст. выстаўкі з удзелам многіх мастакоў з Беларусі, найб. значная з іх (1910) паказала творы навучэнцаў школ Полацка, Віцебска, Маладзечна, Гродна, Слоніма і інш. На з’ездзе настаўнікаў графічных мастацтваў і рамёстваў Віленскай навуч. акругі (1912) прыняты зварот-прапанова да навучэнцаў школ Беларусі і Літвы рабіць замалёўкі помнікаў архітэктуры і памятных мясцін. У 1920—39 у Вільні канцэнтравалася маст. жыццё Зах. Беларусі. Тут жылі і працавалі мастакі М.Васілеўскі, Я.Горыд, Я.Драздовіч, Н.​Сасноўская, Р.Семашкевіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, В.​Сідаровіч, К.​Чурыла, П.​Южык і інш., у творчасці якіх выявіўся бел. рамантызм, звязаны з ідэямі нац. адраджэння. Выдаваліся шматлікія ілюстраваныя перыяд. выданні і кнігі. Значную ролю адыгрываў сатыр. часопіс «Маланка» (1926—28), дзе змяшчаліся малюнкі бел. мастакоў. Цэнтрам падрыхтоўкі маст. кадраў быў ф-т прыгожых мастацтваў Віленскага ун-та, якім кіраваў праф. Ф.Рушчыц. У фондах Беларускага музея імя І.​Луцкевіча ў Вільні была сабрана вял. калекцыя твораў стараж. бел. мастацтва. У 1950—90-я г. ў Літоўскай АМ атрымалі адукацыю педагогі і мастакі А.​Аблажэй, І.Васільеў, А.Куцікаў, А.Лось, Д.Раманюк і інш. У Вільнюсе жывуць і працуюць бел. мастакі: А.​Аблажэй, А. і К.​Балаховічы, С.Зялёнка, У.Кузьменка, У.​Падбярэзскі, А. і С.​Поклады і інш. З 1991 дзейнічае Аб’яднанне бел. мастакоў краін Балтыі «Маю гонар». Рэгулярна адбываюцца маст. выстаўкі.

Літ.:

Архитектура Вильнюса: [Альбом]. Вильнюс, 1982.

Ю.​Шаўцоў (гісторыя пасля 1939), С.​В.​Харэўскі (архітэктура, бел. мастацкае жыццё ў Вільнюсе).

Герб Вільнюса 16 ст.
Панарама Вільнюса. Невядомы мастак 17 ст.
Да арт. Вільнюс. Панарама горада.
Да арт. Вільнюс. Знаменская царква. 1899—1903.
Да арт. Вільнюс. Вострая Брама (1503—22) з рэшткамі гарадской сцяны.
Да арт. Вільнюс. Касцёл св. Ганны. 1501—80.
Да арт. Вільнюс. Верхні замак (замак Гедзіміна). 2-я пал. 14 — пач. 15 ст.
Да арт. Вільнюс. Касцёл Усіх святых. 1620—31.
Да арт. Вільнюс. Касцёл св. Казіміра. 1604—18.
Да арт. Вільнюс. Выставачны палац. 1967. Арх. В.​Чэканаўскас.

т. 4, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРО́ПА,

частка свету, зах. ч. мацерыка Еўразія. Пл. каля 10 млн. км², у т. л. пл. астравоў каля 730 тыс. км². Крайнія пункты кантынентальнай Е.: на Пн — мыс Нордкін, 71°08 паўн. ш., на Пд — мыс Маракі, 36° паўн. ш., на З — мыс Рока, 9°34 зах. д., на У — Палярны Урал (паблізу Байдарацкай губы), 67°30 усх. д. Мяжу з Азіяй умоўна праводзяць па ўсх. падножжы Урала, рэках Эмба, Каспійскім м., рэках Кума і Маныч, Азоўскім, Чорным і Мармуровым морах, прал. Басфор і Дарданелы. Абмываецца морамі Паўн. Ледавітага і Атлантычнага ак.: на Пн і ПнЗ Карскім, Баранцавым, Белым і Нарвежскім, на З — Балтыйскім і Паўночным, на Пд — Міжземным, Мармуровым, Чорным і Азоўскім, на ПдУ бяссцёкавым возерам Каспійскім морам. Берагі моцна парэзаныя, асабліва на З і Пд. Даўж. берагавой лініі каля 38 тыс. км. На долю паўастравоў прыпадае каля ​1/4 тэрыторыі, самыя вялікія Кольскі, Скандынаўскі, Пірэнейскі, Апенінскі, Балканскі. Найб. а-вы: Новая Зямля, Ісландыя, Вялікабрытанія, Ірландыя, Корсіка, Сардзінія, Сіцылія, Крыт. Найб. аддаленасць ад мораў каля 1600 км.

Рэльеф. Па сярэдняй (каля 300 м) і максімальнай вышыні (г. Манблан — 4807 м) Е. саступае інш. часткам свету, акрамя Аўстраліі. У будове паверхні пераважаюць раўніны. Горы займаюць каля 17% тэр. Палавіну плошчы займае Усходне-Еўрапейская (Руская) раўніна і яе працяг на З — Сярэднееўрапейская раўніна. На раўнінах ёсць узвышшы да 300—400 м над узр. м. (Сярэднярускае, Прыволжскае, Валынскае, Падольскае, Валдайскае і інш.) і нізіны да 150—200 м (Прычарнаморская, Прыдняпроўская, Прыкаспійская і інш.). Для паўн. ч. характэрны ледавікова-акумуляцыйныя і водна-ледавіковыя формы рэльефу. У цэнтр. і паўд. ч. Рускай раўніны пераважаюць эразійнарасчлянёныя паверхні (яры, лагчыны і інш.). На Пд — маладыя марскія акумуляцыйныя нізіны — Прычарнаморская і Прыкаспійская. Найб. значныя горы: Альпы, Карпаты, Пірэнеі, Апеніны, Скандынаўскія, горы Балканскага п-ва (Радопы, Рыла, Пірын). Уздоўж усх. граніцы — Уральскія горы. Да Е. зрэдку адносяць Каўказ. Дзеючыя вулканы ёсць у Ісландыі (Гекла, Лакі, Аск’я) і Міжземнамор’і (Этна, Везувій, на Ліпарскіх а-вах і а-вах Тыра).

Геалагічная будова. У фундаменце Е. ляжыць Еўрап. платформа, якая займае ўсю Усх. Е. і паўн.-зах. ч. Зах. Е.

На большай ч. платформы дакембрыйскі крышт. фундамент перакрыты гарызантальна залягаючымі асадкавымі пародамі магутнасцю ад 1—2 да 5 км. З З і ПнЗ платформу акаймоўваюць каледонскія структуры (Скандынаўскія горы, Паўн.-Шатландскае нагор’е, Паўд.-Шатландскае ўзв., горы Уэльса). На У Еўрап. платформа абмежавана Уральскімі гарамі герцынскага ўзросту. Шырока прадстаўлены герцыніды ў Зах. Е.: Пд Брытанскіх а-воў, Цэнтр. Французскі масіў, Вагезы, Шварцвальд, Рэйнскія Сланцавыя горы, Чэшскі масіў з Судэтамі, Руднымі гарамі, Шумавай, Чэшскі Лес і Калецка-Сандамірскі краж. З Пд герцыніды акаймоўваюцца маладым альпійскім поясам (Альпы, Карпаты, Стара-Планіна). На Пд Е. альпійскія структуры прадстаўлены Андалускімі, Пірэнейскімі, Апенінскімі гарамі, Дынарскім нагор’ем, Паўн.-Албанскімі Альпамі, хр. Пінд, горнымі ўтварэннямі на астравах. Перадгорныя прагіны займаюць Паданская і Ніжнедунайская раўніны. Значную ролю ў геалаг. гісторыі Е. мелі чацвярцічныя зледзяненні. Асноўнымі цэнтрамі фарміравання ледавіковага покрыва былі Фенаскандыя і Шатландыя. Ледавікі пакінулі ледавікова-экзарцыйныя і ледавікова-акумуляцыйныя формы рэльефу. Чацвярцічныя зледзяненні адзначаліся і ў гарах на Пд.

Карысныя выкапні. У Е. буйныя радовішчы нафты і прыроднага газу (шэльф Паўночнага м., перадгор’і Каўказа, Волга-Уральская нафтагазаносная вобл., Прыкаспійская нізіна), каменнага вугалю (в-аў Вялікабрытанія, Рурскі, Верхнесілезскі, Данецкі, Пячорскі басейны), жал. (Скандынаўскі і Кольскі п-вы, Латарынгія, Курская магнітная анамалія, Крывы Рог, Керч), марганцавых (Нікапаль), алюмініевых (Кольскі п-аў, Венгрыя, Грэцыя), поліметал. (Германія, Іспанія, Балгарыя, Польшча), нікелевых, кобальтавых, медных руд. Германія, Беларусь і Францыя багатыя калійнымі солямі. Ёсць кухонная соль, разнастайныя буд. матэрыялы і інш.

Клімат. Е. знаходзіцца ў 4 кліматычных паясах: арктычным. субарктычным, умераным і субтрапічным. Розная аддаленасць ад акіянаў і ўплыў рэльефу абумоўліваюць ваганні кліматычных умоў. Цыркуляцыя паветр. мас вызначаецца цэнтрамі атм. ціску: Ісландскім мінімумам, Азорскім і Азіяцкім максімумамі, арктычным поясам высокага ціску.

Найб. тэрыторыі ляжаць ва ўмераным поясе, для якога характэрны заходні перанос паветра. З-за ўплыву цёплых атл. паветр. мас большая ч. Зах. Е. мае акіянічны клімат. У студз. тут дадатныя т-ры паветра (да 6 °C). Пры руху на У павялічваецца кантынентальнасць, паветра выхалоджваецца, ва Усх. Е. часта пранікае арктычнае паветра. Гэта выклікае паніжэнне т-р да -10, -24 °C. Ва Усх. Е. ўтвараецца ўстойлівае снегавое покрыва на 4—8 месяцаў. Летам тэрмічны рэжым у асноўным адпавядае занальнаму размеркаванню сонечнага цяпла. На Пн Е. т-ра самага цёплага месяца (ліпень—жнівень) 5 °C. Самыя высокія т-ры адзначаюцца ў Міжземнамор’і (26—28 °C). Колькасць ападкаў ад 1000—1500 мм на З да 400 мм на У. Найменш іх выпадае ў Прыкаспійскай нізіне — 150—200 мм. Найб. колькасць ападкаў на З выпадае ўвосень і ў пачатку зімы, на У улетку, у Паўд. Е. — зімой.

Унутраныя воды. Па велічыні слоя сцёку (каля 300 мм) Е. займае 2-е месца пасля Паўд. Амерыкі, але з-за малых памераў сушы аб’ём сцёку невялікі (каля 2950 км² за год). Е. багатая паверхневымі водамі. Большасць рэк належыць да бас. Атлантычнага ак. або яго мораў (Нява, Зах. Дзвіна, Нёман, Вісла, Одра, Эльба, Рэйн, Сена, Луара, Гарона, Дуэра, Таха, Эбра, Рона, По, Дунай, Дняпро, Дон). Самая доўгая р. Волга ўпадае ў Каспійскае м. Да бас. Паўн. Ледавітага ак. адносяцца Пячора і Паўн. Дзвіна. Большасць рэк мае павольнае цячэнне, малыя нахілы рэчышчаў, моцнае меандраванне. Для іх рэжыму характэрны веснавы максімум, летне-асенні і зімовы мінімумы, зімовы ледастаў. Не замярзаюць толькі рэкі на крайнім 3 і Пд. Большасць рэк суднаходныя, многія з іх злучаны паміж сабой каналамі. Рэкі Паўд. Е. з’яўляюцца важнай крыніцай арашэння. Многія рэкі выкарыстоўваюцца ў гідраэнергет. мэтах. Буйныя вадасховішчы на Волзе, Дняпры, Доне. Шмат азёр у раёнах чацвярцічнага зледзянення. Найбольшыя з іх — Ладажскае (пл. 18,4 тыс. км²), Анежскае (9,9 тыс. км²), Венерн, Ветэрн, Меларэн, Ельмарэн, Інары, Імандра — маюць ледавікова-тэктанічнае паходжанне. Шмат запрудных ледавіковых азёр: Сайма, Мюрыц, Снярдвы, Мамры. Каля падножжа Альпаў падпруджаныя стараж. марэнамі далінных ледавікоў азёры Жэнеўскае, Фірвальдштэцкае, Кома, Гарда, Лага-Маджорэ. Ёсць тэктанічныя, вулканічныя і карставыя азёры. У лясной зоне шмат балот. Агульная пл. сучасных ледавікоў каля 100 тыс. км², у т. л. на астравах Арктыкі (каля 75 тыс. км²), у Ісландыі (11,8 тыс. км²), Скандынаўскіх гарах (5 тыс. км²), Альпах (3,2 тыс. км²).

Глебы і расліннасць. На раўнінах Усх. Е. добра акрэслена шыротная занальнасць глеб і расліннасці; у гарах вышынная пояснасць. На астравах Паўн. Ледавітага ак. — арктычныя пустыні з мохава-лішайнікавай расліннасцю на маламагутных арктычных глебах. На Пн Усх.-Еўрап. раўніны і Фенаскандыі — тундравая зона з мохава-лішайнікавым і хмызняковым покрывам, якая на Пд пераходзіць у лесатундру; глебы тундравыя, глеевыя, часткова ападзоленыя. На Пд да Ладажскага воз. і Паўн. Увалаў, а таксама на большай ч. Фенаскандыі — ялова-піхтавыя, хваёвыя і лістоўнічныя таежныя лясы на падзолістых моцна забалочаных глебах. Мяшаныя (хвойна-шыракалістыя) лясы займаюць Пн Вялікабрытаніі, Пд Скандынавіі, У Сярэднееўрап. раўніны, а на Рус. раўніне дасягаюць 52—54 паўн. ш., паступова выкліньваюцца да Урала. Занальным тыпам глебы з’яўляюцца дзярнова-падзолістыя. Ва ўмовах акіянічнага ўмеранага клімату ў Зах. Еўропе пашыраны шыракалістыя лясы (бук, граб, каштан, на У — дуб). Пераважаюць бурыя лясныя глебы. На ўзбярэжжах развіваюцца верасоўнікі. У гарах вышынная пояснасць. У Альпах дубова-букавыя лясы перадгор’яў зменьваюцца хвойна-шыракалістымі лясамі сярэднягор’яў (да выш. 1700—2100 м). Вышэй субальпійскія і альпійскія лугі. Зоны лесастэпаў і стэпаў прымеркаваны да ўмоў умеранага кантынентальнага клімату на Прыдунайскіх раўнінах і на Пд Рус. раўніны. Пераважаюць разнатраўна-злакавыя і злакавыя стэпы на чарназёмных і каштанавых глебах. На Пд Ніжняга Паволжа пашыраны паўпустыні з перавагай ксерафітных хмызнякоў, салянак, палыноў. У міжземнаморскім клімаце атрымала развіццё зона вечназялёных субтрапічных ксерафітных лясоў (каменны і коркавы дуб, італьян. хвоя і інш.) і ксерафітныя фармацыі з вечназялёных і лістападных хмызняковых; у гарах шыракалістыя і мяшаныя лясы.

Жывёльны свет. Тэр. Е. ўваходзіць у склад Арктычнай (у межах арктычнай, тундравай і лесатундравай зон), Еўрап.-Сіб. (з лясной, лесастэпавай і стэпавай зонамі) і Міжземнаморскай падабласцей Палеаарктычнай біягеагр. вобласці. Самы бедны відамі жывёльны свет на паўн. акіянічных узбярэжжах і ў зоне тундры (пясец, гарнастай, паўн. алень, лемінгі, з птушак — палярная сава і курапатка, гусі, качкі і інш.). На ўзбярэжжах трапляецца белы мядзведзь, у морах маржы, цюлені, розныя віды рыб. Для лясной зоны характэрны лось, дзік, ліс, воўк, буры мядзведзь, бабёр, заяц, з птушак — рабчыкі, глушцы, курапаткі. На У у лясах водзяцца собаль, расамаха, вавёрка, бурундук, лясная пяструшка. У зах.-еўрап. лясах — высакародны алень, казуля, дзік, заяц. У лесастэпах і стэпах Е. пераважаюць суслікі, суркі, тушканчыкі, палёўкі, хамякі. на У трапляюцца сайгакі. У міжземнаморскай зоне — дзікабраз, вівера-генета, шматлікія птушкі (блакітная сарока, каменны дрозд, фламінга, белагаловы сіп, сіваваронка), паўзуны і земнаводныя (яшчаркі, хамелеоны, чарапахі, вужы, гадзюкі і інш.), насякомыя. У гарах захаваліся горныя каалы, серны, муфлоны.

Насельніцтва. У Е. жыве больш за 700 млн. чал. Шчыльнасць нас. вагаецца ад 5 чал. у Паўн. Е. да 250—300 чал. у Цэнтр. Е. У некат. краінах (Нідэрланды, Бельгія) шчыльнасць перавышае 300 чал. на 1 км². У Е. самы высокі (73%) працэнт гар. насельніцтва (Бельгія — 97%, Ісландыя — 91, Вялікабрытанія і Нідэрланды — па 89, Германія — 86, Швецыя — 83%). Найб. нізкі працэнт гар. насельніцтва на ПдУ (Албанія — 37%, Югаславія — 47, Малдова — 50, Харватыя — 51%). У Е. 59 гарадоў з нас. больш за 1 млн. ж., Мінск знаходзіцца прыкладна на 30-м месцы. Найб. гарады Е.: Лондан, Парыж, Масква, Санкт-Пецярбург, Берлін. Для большасці краін Е. ў канцы 20 ст. характэрны нізкі прырост насельніцтва — каля 0,1—0,3% за год. У некат. краінах (Венгрыя, Украіна, Германія, Беларусь) натуральны прырост адмоўны. Насельніцтва Е. належыць да вял. еўрапеоіднай расы, большасць народаў гаворыць на мовах індаеўрап. сям’і. Славянская група моў гэтай сям’і падзяляецца на 3 падгрупы: усх. (беларусы, рускія, украінцы), зах. (палякі, чэхі, славакі, лужыцкія сербы), паўд. (балгары, сербы, харваты, славенцы, македонцы, баснійцы, чарнагорцы). Блізкія да славян мовай і культурай народы балт. моўнай групы — літоўцы і латышы. Паўн.-Зах. і Цэнтр. Е. насяляюць народы герм. моўнай групы, якая падзяляецца на паўн. (шведы, датчане, фарэрцы, нарвежцы, ісландцы) і зах. (немцы, аўстрыйцы, германа-швейцарцы, эльзасцы і латарынгцы, люксембуржцы, галандцы, фламандцы, фрызы, англічане, шатландцы, ольстэрцы) падгрупы. У Зах. і Паўд.-зах. Е. жывуць народы раманскай моўнай групы (італьянцы, французы, іспанцы, партугальцы, каталонцы, галісійцы, валоны, франка-швейцарцы, італа-швейцарцы, карсіканцы, рэтараманскія народы — фрыулы, ладзіны, раманшы). У раманскую групу таксама ўваходзяць блізкія да славян культурай малдаване, румыны, арамуны (влахі). Да кельцкай моўнай групы адносяцца ірландцы, уэльсцы (валійцы), гэлы, брэтонцы; асобныя моўныя групы складаюць албанцы і грэкі; цыганы належаць да інд. моўнай групы. На тэр. Е. жывуць народы уральскай сям’і: да фінскай групы гэтай сям’і адносяцца фіны, карэлы, эстонцы, лівы, іжорцы, вепсы, саамы, комі і комі-пермякі, удмурты, марыйцы, мардва, да угорскай — венгры, мансі, да самадыйскай — ненцы. У цюркскую моўную групу алтайскай сям’і моў уваходзяць чувашы, татары, башкіры, туркі, гагаузы, у мангольскую — калмыкі. Адасобленае становішча займаюць баскі, якія жывуць на ўзбярэжжы Біскайскага зал. ў Францыі і Іспаніі. Да семіта-хаміцкай моўнай сям’і належаць мальтыйцы. Яўрэі карыстаюцца мовамі тых народаў, сярод якіх жывуць. і мовамі ідыш і іўрыт. Е. — радзіма 2 асноўных галін хрысціянства — праваслаўя і каталіцтва, а таксама шматлікіх пратэстанцкіх цэркваў і плыней, якія ўзніклі ў 16—17 ст. Большасць веруючага насельніцтва Е. вызнае хрысціянства: праваслаўе (усх. і паўд. славяне, усх.-раманскія народы, грэкі, мардва, удмурты і інш.), каталіцызм (амаль усе раманскія народы, зах. славяне, ч. паўд. славян, літоўцы, ірландцы, аўстрыйцы, фламандцы. венгры, ч. немцаў і інш.), пратэстанцтва (палавіна немцаў, галандцы, англічане, шатландцы, уэльсцы, датчане, шведы, нарвежцы, фіны). Частка насельніцтва Е. (туркі, татары, башкіры, казахі, ч. баснійцаў, большасць албанцаў, выхадцы з мусульманскіх краін) вызнае іслам. Невял. групы насельніцтва вызнаюць іудаізм (яўрэі), будызм (калмыкі) і інш.

Палітычны падзел. На тэр. Е. размешчаны дзяржавы: Албанія, Андора, Аўстрыя, Балгарыя, Беларусь, Бельгія, Боснія і Герцагавіна (складаецца з 2 самаст. ч.), Ватыкан, Вялікабрытанія, Венгрыя, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Іспанія, Італія, Казахстан (еўрап. частка), Латвія, Літва, Ліхтэнштэйн, Люксембург, Македонія, Малдова, Мальта, Манака, Нарвегія, Нідэрланды, Партугалія, Польшча, Расія (еўрап. частка), Румынія, Сан-Марына, Славакія, Славенія, Турцыя (еўрап. частка), Украіна, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чэхія, Швейцарыя, Швецыя, Эстонія, Югаславія; Гібралтар — уладанне Вялікабрытаніі, Фарэрскія а-вы — аўтаномная ч. Даніі. Пра кожную дзяржаву і ўладанне гл. асобны артыкул.

М.​В.​Лаўрыновіч.

Да арт, Еўропа. Мінскае ўзвышша ў наваколлі Мінска.
Да арт. Еўропа. Тыповы ландшафт на Скандынаўскім паўвостраве.
Да арт. Еўропа. Краявід у цэнтральнай частцы вострава Сіцылія.
Да арт. Еўропа. Даліна Рэйна ў Германіі.
Да арт. Еўропа. Ландшафт у Падмаскоўі.

т. 6, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЯ АСЕ́ЦІЯ—АЛА́НІЯ, Рэспубліка Паўночная Асеція—Аланія. На Пд еўрап. ч. Рас. Федэрацыі. Мяжуе на Пд з Грузіяй. Пл. 8 тыс. км². Нас. 662,7 тыс. чал. (1999), гарадскога 68,6%. Сярэдняя шчыльн. 82,8 чал. на 1 км². Жывуць асеціны (53,9%), рускія (28,7%), інгушы (5,6%), армяне (2,1%), грузіны (1,8%), кумыкі (1,7%) і інш. Сталіца — г. Уладзікаўказ. Найб. гарады: Маздок, Беслан, Алагір.

Прырода. Рэльеф пераважна гарысты. Паўд. ч. займаюць хрыбты Вял. Каўказа — Галоўны, або Водападзельны (выш. да 5033 м, г. Казбек, на мяжы з Грузіяй), Бакавы (выш. да 4780 м, г. Джымара), Скалісты і інш. У цэнтры Асецінская раўніна, на Пн — Маздокская раўніна, паміж імі Сунжэнскі і Церскі хрыбты. У гарах больш за 100 ледавікоў (пл. 291 км², найб. Караўгом).

Карысныя выкапні: руды каляровых металаў (цынк, свінец, серабро), даламіты, мінер. буд. матэрыялы; ёсць невял. запасы нафты і прыроднага газу. Крыніцы мінер. вод. Клімат кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. на раўнінах -4 °C, ліп. 22—24 °C, у гарах (вышэй за 2000 м) сярэдняя т-ра студз. -12 °C, ліп. 13—15 °C. Ападкаў на раўнінах да 500 мм, у гарах да 800 мм за год. Гал. рака Церак з прытокамі Урух, Ардон, Фіягдон, Гізельдон, Сунжа і інш. Раўніны ў стэпавай і лесастэпавай зонах пераважна разараныя. Глебы на іх чарназёмныя і каштанавыя, у гарах горна-лугавыя і горна-лясныя. Пад лесам 23% тэрыторыі. У гарах шыракалістыя лясы (дуб, бук, граб) пераходзяць у субальпійскія і альпійскія лугі, у міжгорных катлавінах лясы з хвоі і бярозы. На тэр. П.А.—А. — Паўн.-Асецінскі запаведнік.

Гісторыя. Чалавек на тэр. П.А.—А. пасяліўся ў палеаліце. У 8 ст. да н.э. — 1 ст. н.э. абарыгенныя плямёны кабанскай культуры асіміляваны іранамоўнымі плямёнамі: скіфамі, сарматамі, пазней аланамі, частка якіх — паўн.-каўк. аланы сталі продкамі асецін. У 4 ст. аланаў заваявалі гуны, у 6 ст.авары. У 8—9 ст. у аланаў зараджаліся феад. адносіны, у пач. 10 ст. яны прынялі хрысціянства. У 10—12 ст. аланскі саюз плямён аформіўся ў раннефеад. дзяржаву Аланію, што займала цэнтр. частку Паўн. Каўказа. У 1222 і 1238—40 яна спустошана мангола-татарамі, у канцы 14 ст. — войскамі Цімура, насельніцтва амаль знішчана. Частка аланаў замацавалася ў вярхоўях р. Церак на паўн. схілах Гал. Каўк. хрыбта (горныя раёны сучаснай П.А.—А.), частка праз горныя перавалы перасялілася ў Грузію (гл. Паўднёвая Асеція). З 15 ст. ва ўмовах феад. раздробленасці і перажыткаў родаплем. арганізацыі аднавіўся працэс фарміравання асецінскай народнасці. У 1774 П.А.—А. паводле Кючук-Кайнарджыйскага рас.-тур. дагавора замацавана за Расіяй. Спыніліся феад. ўсобіцы, частка асецінаў зноў перасялілася з гор у перадгор’і і на прылеглую раўніну. У 1861 на тэр. П.А.—А. ўтворана Церская вобл. (адм. цэнтр г. Уладзікаўказ), у 1867 тут адменена прыгоннае права. У 2-й пал. 19 ст. ў П.А.—А. ўзнікла каляровая металургія. У 1875 чыгунка злучыла Уладзікаўказ з Растовам-на-Доне. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 узнік Уладзікаўказскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У студз.сак. 1918 устаноўлена Сав. ўлада. П.А.—А. ўваходзіла ў склад Церскай (сак. 1918 — лют. 1919) і адначасова Паўн.-Каўказскай (ліп. 1918 — студз. 1919) сав. рэспублік, са студз.сак. 1919 занята войскамі ген. А.І.Дзянікіна. У сак. 1920 Сав. ўлада адноўлена. З ліст. 1920 тэр. П.А.—А. ў складзе Уладзікаўказскай (Асецінскай) акругі Горскай АССР. 7.7.1924 П.А.—А. вылучана ў Паўн.-Асецінскую аўт. вобл., якая 5.12.1936 пераўтворана ў Паўн.-Асецінскую АССР у складзе РСФСР. У Вял. Айч. вайну Чырв. Армія пасля цяжкіх баёў (жн.снеж. 1942) спыніла ў П.А.—А. наступленне ням.-фаш. войск і ў пач. 1943 вызваліла акупіраваныя яе раёны. У 1944 да Паўн.-Асецінскай АССР далучаны суседнія раёны скасаванай Чэчэна-Інгушскай АССР, з якіх былі гвалтоўна выселены інгушы. У 1957 гэтыя землі, акрамя ўсх. часткі г. Арджанікідзе (назва г. Уладзікаўказ у 1931—44 і 1954—90) з невял. прылеглым раёнам, вернуты ў склад адноўленай Чэчэна-Інгушскай АССР. У снеж. 1990 Вярх. Савет Паўн.-Асецінскай АССР прыняў дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце. У кастр. 1992 у прылеглых да Інгушэціі мясцовасцях П.А.—А. адбыліся ўзбр. сутыкненні паміж асецінамі і інгушамі, выкліканыя тэр. прэтэнзіямі інгушоў (гл. раздзел Гісторыя ў арт. Інгушэція). У ліст. 1993 прынята назва Рэспубліка Паўн. Асеція—Аланія.

Гаспадарка. П.А.—А. — індустр.-аграрная рэспубліка. У прам-сці найб. доля агульнага аб’ёму прадукцыі прыпадае на прадпрыемствы каляровай металургіі (26,6%), электраэнергетыкі (19,7%), харч. (16,1%), машынабудавання і металаапрацоўкі (9,7%), буд. матэрыялаў (6,9%). Каляровая металургія прадстаўлена Садонскім свінцова-цынкавым камбінатам (руды свінцовыя, свінец, цынк у канцэнтраце, серабро), з-дамі «Пабядзіт» (сплавы і сумесі вальфрама-кобальтавых і тытана-вальфрамавых руд) і «Электрацынк» (цынк, свінец, каляровае ліццё) ва Уладзікаўказе. Вытв-сць электраэнергіі 348 млн. кВтгадз (1998), пераважна на ГЭС (Арджанікідзеўская, Гізельдонская і інш.). Машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць спец. абсталявання для птушкафабрык, газавых пліт, электралямпаў, запчастак для трактароў, аўтамабіляў, матацыклаў, паўпрычэпаў, трансфарматарных падстанцый, рамонт вагонаў і інш.) ва Уладзікаўказе, Беслане, Маздоку. Шкляная, фарфора-фаянсавая прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў. Лясная і дрэваапр. прам-сць прадстаўлена нарыхтоўкай драўніны. вырабам мэблі, гафрыраванага кардону (Дыгора, Уладзікаўказ, Алагір), хім. і нафтахім. вытв-сцю поліэтыленавай плёнкі, лакаў, растваральнікаў, вырабаў з пластмасы (Уладзікаўказ). Лёгкая прам-сць выпускае швейныя вырабы, абутак, цюль, гардзіны, трыкатаж, дываны (Уладзікаўказ, Беслан). Развіта харч. прам-сць (малочная, сыраробная, алейная, крухмальная, спіртавая, вінаробная, кансервавая, разліў мінер. вод). Вытв-сць цэльнамалочнай прадукцыі 12 тыс. т, гарэлкі 1,5 млн. дал, віна 398 тыс. дал. Народныя промыслы (разьба па дрэве, маст. апрацоўка металу, залатая вышыўка). Сельская гаспадарка збожжа-жывёлагадоўчага кірунку. Пад с.-г. ўгоддзямі 352,4 тыс. га (1998), у т. л. пад ворнымі землямі 200 тыс. га. Пасяўныя пл. займаюць 175,5 тыс. га, на долю збожжавых і зернебабовых культур прыпадае 46,9%, тэхн. — 5,1%, бульбы і агародніны — 6,5%, кармавых — 41,5%. Збор (тыс. т, 1998) збожжавых і зернебабовых — 123,6, цукр. буракоў — 0,8, сланечніку — 33,8, бульбы — 83,6, агародніны — 21,8, пладоў і ягад — 5,1. Раслінаводства пераважае ў раўнінных раёнах, вінаградарства ў раёне Маздока. Малочна-мясная жывёлагадоўля (70% кошту с.-г. прадукцыі). Пагалоўе (тыс. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлы — 128,2, свіней — 56,2, авечак і коз — 61,3. Настрыг воўны 135 т. Птушкагадоўля. Развіта пчалярства, вытв-сць мёду 141 т. Даўж. чыгунак 144 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2291 км. Гал. чыгункі Прахладны—Грозны—Гудэрмес і Беслан—Уладзікаўказ; аўтадарогі Нальчык—Уладзікаўказ, Ваенна-Грузінская і Ваенна-Асецінская дарогі. Аэрапорт у г. Уладзікаўказ. Газаправод Уладзікаўказ—Тбілісі. П.А.—А. — адзін з цэнтраў турызму і альпінізму. Курорты: Кармадон, Таміск, Цэй. Экспарт (1998) 85,6 млн. дол.: гарэлка, віно, крухмал, кансервы, прадукцыя машынабудавання: імпарт 56,2 млн. дол.: харч. прадукты, прылады, электратэхн. тавары, с.-г. машыны, паліва.

Культура. П.А.—А. развівалася ў рэчышчы агульнаасецінскай культуры. Вытокі яе літаратуры ў багатым фальклоры (Нарцкі эпас, казкі, казанні пра герояў-дарэдзанаў, прытчы, паданні, таурагі і інш.). У 1798 выдадзена першая кніга на асец. мове — «Кароткі катэхізіс». У 1860—70-я г. развівалася пераважна публіцыстыка. Найбуйнейшы прадстаўнік асец. л-ры 19 ст. і стваральнік літ. мовы — К.Хетагураў. У канцы 19 — пач. 20 ст. выступілі паэты Б.​Гурджыбекаў, С.​Гадзіеў, А.​Кубалаў, Нігер (І.​Джанаеў), Г.​Цаголаў і інш. Сярод заснавальнікаў нац. драматургіі і прозы Е.​Брытаеў, Ц.​Гадзіеў, Д.​Кароеў, А.​Кароеў, А.​Такаеў і інш. У 1930—40-я г. плённа развівалася паэзія, асабліва паэма (Б.​Бацыеў. Т.​Епхіеў, М.​Камбердзіеў, Нігер, Х.​Пліеў і інш.). У канцы 1940-х — 50-я г. з’явіліся буйныя эпічныя творы (раманы Епхіева, Е.​Бекоева, М.​Гаглоева, Д.​Джыоева, Д.​Мамсурава, Е.​Уруймагавай і інш.). Сярод буйнейшых літаратараў 2-й пал. 20 ст. А.​Агузараў, Р.​Асаеў, Г.​Гагіеў, Гафез, Н.​Джусойты, Г.​Дзугаеў, С.​Кайтаў, Г.​Кайтукаў, С.​Мерзоеў, Б.​Муртазаў, Г.​Пліеў, А.​Царукаеў і інш.

На тэр. П.А.—А. захаваліся помнікі архітэктуры бронз. веку (кромлехі), мураваныя абарончыя збудаванні 8—9 ст., помнікі хрысціянскай архітэктуры 11—16 ст. (капліца ў с. Нузал, свяцілішча «Рэком»), мячэці і мінарэты 14 ст. У 14—18 ст. пашырылася буд-ва жылых, абарончых і вартавых вежаў, якія часам аб’ядноўваліся ў велічныя арх. ансамблі (с. Лісры). У 18—19 ст. паселішчы горных раёнаў мелі тэрасападобную арх.-прасторавую кампазіцыю, пераважалі 2-павярховыя шматпакаёвыя каменныя саклі з плоскім земляным дахам, на раўніне — прамавугольныя ў плане саманныя, пазней цагляныя дамы з паддашкам, крытыя дахоўкай. Пачалі ўзнікаць гарады (Маздок, Уладзікаўказ і інш.). У арх. стылях канца 19 — пач. 20 ст. пераважалі эклектыка і мадэрн. У адпаведнасці з генпланамі 1930—40-х г. пачалася рэканструкцыя гарадоў. У 2-й пал. 20 ст. пераважала комплексная забудова ў спалучэнні з азеляненнем і добраўпарадкаваннем тэрыторый (арх. Т.​Бугаева, А.​Бтэміраў, Б.​Дзахоеў і інш.). У 1936 створана Паўн.-Асец. аддзяленне Саюза архітэктараў Расіі.

Найб. даўнія помнікі мастацтва адносяцца да 3-га тыс. да н.э. (посуд з чырвонай гліны). З бронз. веку захаваліся пасудзіны з адбіткамі шнура і штампаванымі ўзорамі, бронз. ўпрыгожанні. У 12—8 ст. да н.э. развівалася кабанская культура (чорнагліняныя пасудзіны з лінейным геам. узорам, бронз. сякеры з гравіраванымі выявамі і вырабы з элементамі «звярынага стылю»). У 10—13 ст. н.э. вылучалася мастацтва аланаў (кераміка, ювелірныя вырабы, арнаментаваныя тканіны і інш.). У 16—18 ст. узводзілі каменныя надмагільныя стэлы з высечанымі фігурамі людзей, жывёл, расл. і геам. арнаментам (стэлы некропаля каля с. Даргаўс — т.зв. Горад мёртвых). У 18—19 ст. развіваліся традыц. віды мастацтва: маст. апрацоўка металу, разьба па дрэве і камені; у арнаментыцы пераважалі расл. ўзоры, салярныя (разеткі, зоркі) і зааморфныя (галовы ці рогі казла, барана) матывы. У канцы 19 ст. — 1-й пал. 20 ст. пад уплывам расійскага ўзнікла прафес. мастацтва (жывапісцы М.​Кочатаў, К.​Хетагураў, М.​Туганаў, А.​Хохаў, графікі С.​Кусаў, Р.​Хасіева, скульптары С.​Тавасіеў, С.​Ендзіеў і інш.). У 2-й пал. 20 ст. працавалі жывапісцы Ш.​Бедоеў, У.​Гасіеў, Ю.​Дзантыеў, П.​Зарон, Б.​Калманаў, Э.​Сакаеў, Б.​Фідараў, графікі З.​Абоеў, Ю.​Бігаеў, А.​Джанаеў, скульпт. Н.​Балаева, Ч.​Дзанагаў, М.​Дзбоеў, С.​Санакоеў, Б.​Таціеў, Б.​Санаеў і інш. У 1939 створаны Саюз мастакоў П.А.—А.

Вытокі асец. тэатра ў нар. гульнях і паказах. У 1871 заснаваны Рус. драм. т-р, які паўплываў на станаўленне нац. тэатра. У пач. 20 ст. наладжваліся аматарскія тэатр. паказы (у 1908 першы асец. спектакль ва Уладзікаўказе). У 1920-я г. вял. работу па развіцці самадзейнага т-ра праводзіў акцёр Б.​Тотраў. У 1930 арганізаваны Т-р малых форм, дзе выступалі асец. акцёры. У 1935 у г. Арджанікідзе адкрыўся Паўн.-Асец. т-р (у 1959—72 працаваў як муз.-драм.). У рэпертуары п’есы асец. аўтараў, сусв. і рас. класікі, бел. драматургаў (А.​Макаёнка і інш.). У 1944 створаны т-р лялек «Сабі» (рус. і асец. трупы). Сярод тэатр. дзеячаў: З.​Брытаева, Дз.​Маміеў, М.​Саламаў, А.​Туменава, У.​Тхапсаеў, В.​Хугаева, М.​Цалікаў, М.​Цыхіеў і інш.

Нар. музыка дыятанічная, рытмічна разнастайная, у ёй пашырана 2- і 3-галоссе. Асн. песенныя жанры: зарджыта (песні), каджыта (быліны), кафты зарджыта (танц. песні). З нар. танцаў — сімд, хонга кафт. Сярод муз. інструментаў — дала-фандыр, дуадастанон (шчыпковыя), кісын-фандыр (смыковы), карцганаг (ударны). Прафес. музыка развіваецца з 1920—30-х г. Дзейнічала Горская нар. кансерваторыя (1924—26), з 1938 Асец. ансамбль песні і танца. Ствараюцца апрацоўкі нар. песень і рамансы (А.​Алікава, Т.​Какойці, Я.​Калеснікава, А.​Таціева). З 1940-х г. засвойваліся новыя муз. жанры (ад вак. і інстр. мініяцюр да опер і балетаў, разгорнутых сімф. і кантатна-аратарыяльных твораў). У 1944 створаны Паўн.Асец. дзярж. сімф. аркестр. Сярод кампазітараў: І.​Габараеў, А.​Какойці, Н.​Карніцкая, Л.​Куліеў, Ж.​Пліева, Х.​Пліеў, З.​Хабалава, Д.​Хаханаў, Э.​Цалагава, Р.​Царыёнці, спевакоў — К.​Суанаў, Т.​Тагоева, А.​Хасіева і інш. Працуюць: філармонія (з 1945), Харавое т-ва (з 1959), Муз. т-р (з 1972), муз. вучылішча і школы. У 1939 створана Паўн.-Асец. аддзяленне Саюза кампазітараў Расіі.

Літ.:

История Северо-Осетинской АССР. (Т. 1—2] М.;

Орджоникидзе, 1959—66;

Тедтоев А.А. Северная Осетия в Великой Отечественной войне. Орджоникидзе, 1968;

Чибиров Л.А. Древнейшие пласты духовной культуры Осетии. Цхинвали, 1984;

Калоев Б.А. Осетины: (Ист.-этногр. исслед.). 2 изд. М., 1971;

Яго ж. Материальная культура и прикладное искусство осетин. М., 1973;

Кузнецов В.А. Зодчество феодальной Алании. Орджоникидзе, 1977;

Джусойты Н.Г. История осетинской советской литературы. Кн. 1. Тбилиси, 1980;

Дзантиев А.А. Художники Северной Осетии. Орджоникидзе, 1982.

П.​І.​Рогач (прырода, гаспадарка).

Да арт. Паўночная Асеція—Аланія. Цэйская цясніна.

т. 12, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІТА́Й, Кітайская Народная Рэспубліка,

КНР (кіт. Чжунхуа жэньмінь гунхэго), дзяржава ў Цэнтр. і Усх. Азіі. Мяжуе на Пн з Расіяй і Манголіяй, на З з Казахстанам, Кыргызстанам, Таджыкістанам, Афганістанам, Пакістанам, на Пд з Індыяй, Непалам, Бутанам, М’янмай, Лаосам, В’етнамам, на У з Карэйскай Нар.-Дэмакр. Рэспублікай; абмываецца Жоўтым, Усходне-Кітайскім, Паўднёва-Кітайскім морамі. Пл. 9,6 млн. км² (3-е месца ў свеце пасля Расіі і Канады). Нас. 1210 млн. чал. (1997, 1-е месца ў свеце). Дзярж. мова — кітайская (7 асн. дыялектных груп). Сталіца — г. Пекін. Краіна падзяляецца на 23 правінцыі (у т.л. Тайвань), 5 аўт. раёнаў, 3 гарады цэнтр. падпарадкавання; Сянган (Ганконг) і Аамынь (Макао) — асобныя адм. раёны (гл. табл.).

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Кітая
Адміністрацыйна-
тэрытарыяльныя
адзінкі
Плошча, тыс. км² Насельніцтва (1993),
млн. чал.
Адміністрацыйны
цэнтр
1 2 3 4
Правінцыі
Аньхой 139,0 59,0 Хэфэй
Ганьсу 450,0 23,4 Ланьчжоў
Гірын 187,0 25,6 Чанчунь
Гуандун 186,0 66,1 Гуанчжоў
Гуйчжоў 170,0 34,1 Гуян
Ляанін 145,7 40,4 Шэньян
Сычуань 570,0 111,0 Чэнду
Фуцзянь 120,0 31,5 Фучжоў
Хубэй 187,4 56,5 Ухань
Хунань 210,0 63,1 Чанша
Хэбэй 190,0 63,3 Шыцзячжуан
Хэйлунцзян 469,0 36,4 Харбін
Хайнань 34,0 7,0 Хайкоў
Хэнань 167,0 89,5 Чжэнчжоў
Цзянсі 166,6 39,7 Наньчан
Цзянсу 102,6 69,7 Нанкін
Цынхай 720,0 4,7 Сінін
Чжэцзян 101,8 42,7 Ханчжоў
Шаньдун 153,0 86,4 Цзінань
Шаньсі 156,0 30,1 Таюань
Шэньсі 205,0 34,4 Сіянь
Юньнань 394,0 38,8 Куньмін
Тайвань 36,0 20,8 Тайбэй
Асобныя адміністрацыйныя раёны
Аамынь 0,02 0,5 Аамынь
Сянган 1,1 6,0 Сянган
Аўтаномныя раёны
Гуансі-Чжуанскі 236,3 44,4 Наньнін
Нінся-Хуэйскі 66,4 5,0 Іньчуань
Сіньцзян-Уйгурскі 1600,0 16,0 Урумчы
Тыбецкі 1220,0 2,3 Лхаса
Унутраная Манголія 1183,0 22,3 Хух-Хота
Гарады цэнтральнага падпарадкавання
Пекін 16,8 11,1
Шанхай 6,2 13,5
Цяньцзінь 11,3 9,3

Нац. свята — Дзень абвяшчэння КНР (1 кастр.).

Дзяржаўны лад. К. — сацыяліст. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1982. Кіраўнік дзяржавы — старшыня КНР. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган — Усекітайскі сход нар. прадстаўнікоў (УСНП) — аднапалатны парламент (2970 дэпутатаў), які выбіраецца ад правінцый, аўт. раёнаў, гарадоў цэнтр. падпарадкавання і арміі тэрмінам на 5 гадоў. Старшыню КНР выбіраюць на сесіі УСНП на 5 гадоў. У перыяд паміж сесіямі парламента кіраўніцтва дзяржавай ажыццяўляе Пастаянны к-т, які надзелены правам выдаваць дэкрэты і інш. нарматыўныя акты, ратыфікаваць міжнар. дагаворы і пагадненні, зацвярджаць прэм’ер-міністра і членаў урада. Выканаўчая ўлада належыць Савету міністраў, у склад якога, акрамя прэм’ер-міністра ўваходзяць 12 віцэ-прэм’ераў і 50 міністраў. Правасуддзе ажыццяўляюць Вышэйшы нар. суд, нар., ваен. і спец. суды. Старшыню Вышэйшага нар. суда выбірае УСНП. Вышэйшы нагляд за законнасцю належыць Ген. пракуратуры, кіраўніка якой таксама выбірае УСНП.

Прырода. Рэльеф на большай частцы тэр. К. горны. Нізкагор’і і сярэднягор’і (Наньлін, Уішань, Дабешань, Малы Хінган і інш.) выш. 1000—2000 м акаймоўваюць Вял. Кітайскую раўніну, раўніны Паўн. і Паўд. Усходу. На З ад раўнін хрыбты Вял. Хінган, Цыньлін (г. Тайбайшань, 4107 м), Юньнань-Гуйчжоўскае нагор’е, Лёсавае плато. На ПдЗ нагор’е Тыбет (выш. 4000—5000 м). На ўскраінах нагор’я распасціраюцца вял. горныя сістэмы з выш. 7000—8000 м і больш: Гімалаі (г. Джамалунгма, 8848 м, на мяжы з Непалам), Каракарум, Куньлунь, Наньшань і інш. На ПнЗ паміж Куньлунем і Цянь-Шанем Кашгарская ўпадзіна з пустыняй Такла-Макан, паміж Цянь-Шанем і Мангольскім Алтаем Джунгарская ўпадзіна. Паміж хрыбтамі Цянь-Шаня Турфанская ўпадзіна з адзнакай дна -154 м (самае нізкае месца Цэнтр. Азіі). Асн. геал. структурныя адзінкі тэр. К. — Кітайска-Карэйская і Паўднёва-Кітайская платформы, абмежаваныя на ПнЗ і ПнУ палеазойскімі структурамі, на ПдЗ, Пд і У мезазойскімі складкавымі структурамі. Нетры К. багатыя мінер. рэсурсамі. Разведаныя запасы кам. вугалю (3-е месца ў свеце) у асноўным знаходзяцца на Пн, нафты — на У і ПнУ, у т.л. ў шэльфавых радовішчах. Буйныя запасы жал. руды на ПнУ (Аньшаньскі бас.). К. уваходзіць у групу краін, якія займаюць вядучыя месцы ў свеце па запасах вальфраму, волава, сурмы, цынку, малібдэну, свінцу, рэдказямельных металаў. Буйныя запасы нафтаносных сланцаў, серы, баксітаў, солі, ртуці, тытану, золата, гіпсу, магнезіту, азбесту, графіту, плавікавага шпату і інш. Вялікая працягласць тэрыторыі, горны рэльеф, уплыў Ціхага ак. абумоўліваюць разнастайнасць кліматычных умоў. Клімат кантынентальна-мусонны з выражанай сезоннасцю. На б.ч. тэрыторыі зіма сухая і халодная пад уплывам Азіяцкага антыцыклону. Сярэдняя т-ра студз. на ПнУ (Вял. Хінган) -30 °C, на Пд (в-аў Хайнань) 18 °C, ліп. ад 20—24 °C (раўніна Сунляо) да 26—28 °C (узбярэжжа Паўд.-Кітайскага м.). У зах. К. клімат рэзка кантынентальны, на б.ч. Тыбета суровы, высакагорны. Ападкаў на У выпадае месцамі 2000 мм і больш, на З да 100—50 мм за год. Частыя засухі і навадненні. На У і ПнУ рачная сетка густая. Найб. значныя рэкі: Янцзы, Хуанхэ, Хуайхэ, Сіцзян, Ляахэ, Сунгары, пагранічныя Амур і Усуры. На тэр. К. вытокі рэк Меконг, Салуін, Брахмапутра, Інд. На У рэкі мнагаводныя, суднаходныя. Найб. высокі ўзровень вады летам. На Пн ад хр. Цыньлін зімой замярзаюць. На З рэк мала, яны малаводныя, найб.р. Тарым. Рэкі выкарыстоўваюцца для суднаходства, буд-ва ГЭС, на арашэнне. У К. шмат каналаў, найважнейшы Вялікі канал. Шмат азёр, з іх найбуйнейшыя прэснаводнае Паянху (2,7 тыс. км²), салёнае Кукунор (4,2 тыс. км²). Глебавае покрыва разнастайнае: на ПнУ у гарах глебы бурыя лясныя і дзярнова-падзолістыя, на раўніне Сунляо чарназёмы і чарназёмападобныя, на Вял. Кітайскай раўніне алювіяльныя і карычневыя, на Пд жаўтазёмы і чырваназёмы, ва ўнутр. раёнах каштанавыя, бурыя, шэра-бурыя, глебы высакагорных стэпаў і пустыняў (Тыбет). Расліннасць багатая. Шмат рэліктаў стараж. флоры. Каштоўныя пароды дрэў: ціс, тунг, гевея, лакавае, камфорнае. Шырока выкарыстоўваецца бамбук. Лясістасць каля 8%. Лясныя масівы захаваліся на ПнУ (тайга, кедрава-шыракалістыя і шыракалістыя лясы), Пд і ПдУ (субтрапічныя і трапічныя лясы). На ПнЗ пераважна пустынная і паўпустынная расліннасць (пустыні Такла-Макан, Алашань, Гобі). У Тыбеце нізкая травяністая расліннасць з тыбецкай асакі. Жывёльны свет багаты. Фауна пазваночных налічвае каля 3,5 тыс. відаў, у т.л. каля 400 відаў млекакормячых і больш за 1 тыс. відаў птушак. Ёсць прадстаўнікі трапічнай фауны (малпы, лемур, лоры), умеранай (маньчжурскі заяц, янотападобны сабака), сібірскай таежнай фауны (ізюбр, кабарга, вавёрка, рысь, собаль). Шматлікія рэзерваты (больш за 450, пераважна на У).

Насельніцтва. У К. жыве больш за 50 нацый і народнасцей. 91% складаюць кітайцы (хань, або ханьцы). Жывуць таксама хуэй, чжуаны, уйгуры, манголы, маньчжуры, тыбетцы, казахі, кіргізы, карэйцы, мяо і інш. Кітайцы пераважаюць ва ўсіх раёнах, асабліва на раўнінах на У і ПнУ. Нацыянальныя меншасці жывуць пераважна ў пагранічных раёнах на Пн, З, Пд. Вернікі вызнаюць будызм, даасізм, канфуцыянства, культ продкаў. Ёсць хрысціяне і мусульмане. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 128 чал. на 1 км². У раўнінных і прыбярэжных раёнах на У і Пд шчыльн. да 1000 чал. на 1 км². 94% насельніцтва пражывае на 46% тэрыторыі. Вял. тэрыторыі не прыдатныя для пражывання і вядзення сельскай гаспадаркі па прыродна-кліматычных умовах. Гар. насельніцтва 26%. Буйнейшыя гарады (млн. ж., з прыгарадамі, 1996): Шанхай — 13,6, Пекін — 11,3, Цяньцзінь — 9,4, Шэньян — 5,1, Гуанчжоў — 4,5. Яшчэ ў 39 гарадах насельніцтва перавышае 1 млн. ж. У сельскай і лясной гаспадарцы занята 60% працаздольных, у прам-сці і гандлі — 25%. Ажыццяўляюцца праграмы планавання сям’і.

Гісторыя. Кіт. цывілізацыя — адна з найб. стараж. у свеце. Чалавек з’явіўся тут у эпоху ранняга палеаліту (больш за 1.7 млн. гадоў назад; найб. вядомы сінантрап, які жыў больш за 500 тыс. гадоў назад). Выяўлены неалітычныя культуры Яншао і Луншань. У эпоху бронзы ўзнікла кіт. протадзяржава Інь, або Шан (16—11 ст. да н.э.), у якой існавала прымітыўнае рабства, з’явілася папярэдніца іерагліфічнага пісьменства. У перыяд праўлення дынастыі Чжоў (11—3 ст. да н.э.) паскорылася развіццё ірыгацыйнага земляробства, аформіліся асн. філас. школы (канфуцыянства, даасізм і інш.), вылучылася некалькі самаст. царстваў. Царства Цынь паступова заваявала астатнія царствы і стварыла адзіную Цыньскую імперыю (існавала ў 221—207 да н.э.). Пры першым яе імператару Цынь Шыхуандзі уніфікавана пісьменства, якое з невял. мадыфікацыямі захавалася да цяперашняга часу, разгарнулася буд-ва Вялікай кітайскай сцяны. У 206 да н.э. да ўлады прыйшла дынастыя Хань (заснавальнік Лю Бан, значныя дзеячы Ван Ман, Бань Чао, Бань Гу), у час праўлення якой актывізаваліся гандл. сувязі К. з Захадам па Вялікім шаўковым шляху, вынайдзена папера, адбылося «жоўтых павязак» паўстанне. Аслабленая міжусобіцамі, Ханьская імперыя ў 220 н.э. распалася на 3 царствы. З іх у 220—265 узвысілася царства Вэй, якое аб’яднала К. пад уладай дынастыі Цзінь (265—420). У 316 Паўн. К. заваявалі суседнія качавыя плямёны гунаў і сяньбі. У выніку тут склалася дынастыя Паўночная Вэй (правіла ў 386—534) са сталіцай у г. Нанкін. Перыяд 420—589 вядомы як «перыяд паўн. і паўд. дынастый». Першую спробу аб’яднаць К. зрабіла дынастыя Суй (581—618). Яе заснавальнік Ян Цзян (Вэньдзі) у 589 падпарадкаваў увесь Паўн. і Паўд. К., а яго пераемнікі намагаліся падпарадкаваць і Карэю. У 618 уладу захапіў Лі Юань і заснаваў дынастыю Тан (618—907). У пач. 10 ст. на Пн К. ўтварылася дзяржава кіданей, якія захапілі Маньчжурыю, ч. Манголіі, ч. Паўночнага К. і стварылі дзяржаву Ляо са сталіцай у г. Яньцзін (сучасны Пекін). Перыяд Пяці дынастый (907—960) змянілі дынастыі Паўн. і Паўд. Сун (960—1279), Ляо (916—1125), Зах. Ся (1034—1227), Цзінь (чжурчжэньская, 1115—1234). У 1279 імперыю Сун заваяваў унук Чынгісхана Хубілай, які заснаваў Мангольскую дынастыю (па-кіт. Юань). У 1272 яна аб’яднала К. і правіла ім да 1368. У гэты перыяд у К. пачалі вырошчваць бавоўну, вынайшлі наборны шрыфт. У часы дынастыі Мін (правіла з 1368 да 1644) яе ўлада паступова пашырылася на Тыбет, В’етнам, пачалося перасяленне кітайцаў у Інданезію і Індакітай; значнага росквіту дасягнулі вырабы шаўковых і баваўняных тканін, пісчай паперы, шкла і інш. У 16 ст. ў К. марскім шляхам пачалі пранікаць еўрапейцы — партугальцы (каланізавалі Аамынь), іспанцы і галандцы, з’явіліся езуіты (прапагандавалі хрысціянства, вывучалі краіну). У 1644—1912 у К. панавала маньчжурская дынастыя Цын, якая стварыла дэспатычную манархію і праводзіла палітыку знешняй ізаляцыі краіны. У 17 ст. пачаліся гандл. і дыпламат. адносіны К. з Расіяй (гл. Нерчынскі дагавор 1689, Кяхцінскі дагавор 1727).

У 1-й пал. 19 ст. ўзмацнілася калан. экспансія ў К. еўрап. дзяржаў, пераважна Вялікабрытаніі. Паражэнне К. ў англа-кітайскай вайне 1840—42 (т.зв. 1-я «опіумная» вайна) вымусіла яго паводле Нанкінскага дагавора 1842 перадаць пад уладу Вялікабрытаніі в-аў Сянган (Ганконг), адкрыць для англ. гандлю 5 партоў і інш. У 1844 ЗША і Францыя навязалі К. дагаворы аб гандл. і інш. прывілеях; ён стаў ператварацца ў паўкалонію. Рост падаткаў і спад рамеснай вытв-сці з-за наплыву замежных тавараў выклікалі ў сярэдзіне 19 ст. больш за 100 хваляванняў і паўстанняў, у т. л. Тайпінскае паўстанне сялян у 1850—64. Пасля англа-франка-кітайскай вайны 1856—60 (т.зв. 2-я «опіумная» вайна) у К. яшчэ больш узмацніліся калан. пазіцыі замежных дзяржаў, у т. л. Расіі (гл. Цяньцзіньскі трактат 1858, Пекінскія дагаворы 1860), паводле Айгунскага дагавора 1858 і Пекінскага трактата 1860 вызначана кіт.-рас. мяжа. У 2-й пал. 19 ст. ў К. пачалі ўзнікаць нац. прадпрыемствы ў ваен., горназдабыўной і лёгкай прам-сці, адзначаны спробы рэформаў па капіталіст. мадэрнізацыі кіт. грамадства (гл. Кан Ювэй, Лян Цічао, Тань Сытун). У выніку франка-кітайскай вайны 1884—85 К. страціў уплыў у В’етнаме. Экспансія Японіі (у 1874 спрабавала захапіць в-аў Тайвань, у 1879 — а-вы Рукю) прывяла да абвастрэння кіт.-яп. адносін і япона-кітайскай вайны 1894—95. Паводле Сіманасекскага дагавора 1895 К. страціў намінальны суверэнітэт над Карэяй, перадаў пад уладу Японіі Ляадунскі п-аў, Тайвань, а-вы Пэнхуледао. У канцы 19 ст. павялічылася эканам. пранікненне ў К. ЗША, якія абвясцілі «адчыненых дзвярэй» палітыку. Ва ўмовах падзелу краіны на сферы ўплыву паміж вядучымі дзяржавамі свету і абвастрэння сац.-эканам. праблем, сярод кітайцаў узмацніліся антыіншаземныя настроі, што стала адной з прычын Іхэтуаньскага паўстання (1899—1901, у Еўропе больш вядома як Баксёрскае паўстанне). Пасля яго задушэння К. канчаткова ператвораны ў паўкалонію (паводле «Заключнага дагавора» 1901 іншаземцы

маглі трымаць у К. свае войскі, флот і г.д.). З гэтай прычыны з пач. 20 ст. ў К. актывізаваўся нац.-вызв. рух пад кіраўніцтвам Сунь Ятсена і інш. лідэраў, які перарос у Сіньхайскую рэвалюцыю (1911—13). У ходзе яе ў К. скінута манархія, абвешчана рэспубліка з цэнтрам у Нанкіне (у снеж. 1911 — лют. 1912 яе часовым прэзідэнтам быў Сунь Ятсен, які потым перадаў уладу ген. Юань Шыкаю, што сфарміраваў урад у Пекіне), засн. нац. партыя — Гаміньданліст. 1913 забаронена), фактычна самаст. сталі Тыбет і Знешняя Манголія.

У пач. 1-й сусв. вайны К. захоўваў нейтралітэт. Але ў студз. 1915 Японія выступіла з 21 патрабаваннем — разгорнутай праграмай ператварэння К. ў залежную ад яе краіну, пагражаючы ў выпадку адхілення патрабаванняў выкарыстаць ваен. сілу. Урад Юань Шыкая ў маі 1915 мусіў прыняць б.ч. гэтага ультыматуму. Спроба Юань Шыкая абвясціць сябе імператарам (канец 1915) выклікала ў К. антыманархічны рух і адасабленне ад пекінскага ўрада паўд. правінцый (Юньнань, Гуйчжоў, Гуансі), дзе быў створаны ўрад на чале з Сунь Ятсенам (1917—19). Пасля 1-й сусв. вайны (у ёй К. сімвалічна ўдзельнічаў на баку Антанты) узнікла Камуністычная партыя Кітая (КПК), склаўся саюз Гаміньдана і КПК. Пад націскам рэв. руху (цэнтр — прав. Гуандун) пекінскі ўрад 31.5.1924 падпісаў пагадненне аб агульных прынцыпах для ўрэгулявання пытанняў паміж СССР і К., паводле якога паміж імі ўстаноўлены дыпламат. адносіны і сумеснае кіраванне Кітайскай Чанчуньскай чыгункай (пазней вакол яе адбыўся савецка-кітайскі канфлікт 1929). Пасля смерці Сунь Ятсена (1925) і рэвалюцыі 1925—27 у Кітаі ў г. Нанкін створаны гаміньданаўскі ўрад на чале з Чан Кайшы, распаўся саюз Гаміньдана і КПК. Камуністы стварылі ў паўд. і інш. раёнах (т.зв. вызваленыя раёны) атрады Чырв. Арміі К. (ЧАК) і мясц. органы ўлады — Саветы. Гаміньданаўскія войскі ў 1930—36 зрабілі 5 карных паходаў супраць ЧАК. У канцы 1931 Паўн.-Усх. К. акупіравалі яп. войскі, у 1932 тут утворана марыянетачная дзяржава Маньчжоў-Го на чале з імператарам Пу I (апошні з дынастыі Цын). Пасля Нацыянальна-вызваленчай вайны кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45 (выгнанню японцаў з краіны спрыялі поспехі войск СССР у ходзе савецка-японскай вайны 1945) у К. аднавілася грамадз. вайна (1946—49), якая скончылася паражэннем Чан Кайшы і яго прыхільнікаў (эмігрыравалі на Тайвань, дзе ў 1950 заснавалі Рэспубліку К., якая да 1971 была чл. ААН). Да ўлады прыйшла КПК. 1.10.1949 у Пекіне абвешчана Кіт. Нар. Рэспубліка (КНР). У краіне разгарнулася буд-ва сацыялізму на ўзор СССР, які аказваў ёй значную эканам. дапамогу. К. удзельнічаў (пасылка «добраахвотнікаў») у Карэйскай вайне 1950—53 на баку Паўн. Карэі, заняў Тыбет (1950, у 1959 ліквідавана паўстанне тыбетцаў, што вымусіла Далай-ламу 14-га эмігрыраваць у Індыю). Паліт. кіраўніцтва КНР на чале з Мао Цзэдунам у 1958—60 намагалася фарсіраваць эканам. развіццё краіны («вял. скачок»), у 1966 разгарнула «культурную рэвалюцыю» (гл. таксама Хунвэйбіны). Адначасова пагоршыліся кіт.-сав. адносіны (гл. Савецка-кітайскі канфлікт 1969). Пасля смерці Мао Цзэдуна (вер. 1976) да ўлады ў К. прыйшло прагматычнае і рэфарматарскае крыло КПК на чале з Дэн Сяапінам, якое ў 1978 пачало курс на рыначныя пераўтварэнні ў эканоміцы (у т. л. шляхам стварэння сумесных прадпрыемстваў і спец. эканам. зон), што дазволіла вырашыць або змякчыць харч. і інш. сац. праблемы. 2.8.1984 заключаны кіт.-брыт. дагавор аб вяртанні К. Ганконга (з 1.7.1997). 4.6.1989 на пл. Цяньаньмэнь у Пекіне адбылося значнае сац. выступленне пад лозунгам дэмакратызацыі кіт. грамадства (у сутыкненнях з войскамі і паліцыяй загінула каля 3 тыс. чал., пераважна студэнтаў). З 1993 кіраўнік дзяржавы (старшыня КНР) — Цзян Цзэмінь. К. пачаў перагаворны працэс па ўрэгуляванні спрэчных пытанняў з Тайванем (вакол яго статуса, крас. 1993), Індыяй (аб пагран. канфлікце ў Гімалаях, вер. 1993), В’етнамам (пагадненне аб мірным урэгуляванні пагран. канфлікту, кастр. 1993). У 1980-я г. нармалізаваны кіт.-сав. адносіны, у 1997—98 дэмаркіравана граніца К. з Рас. Федэрацыяй (правапераемніца СССР). К. — чл. ААН (з 1971), Азіяцка-Ціхаакіянскай эканам. кааперацыі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў студз. 1992.

У 1920—40-я г. ў г. Харбін (ПнУ К.) сярод рас. дыяспары быў значны бел. асяродак. Гал. ролю ў яго культ. дзейнасці адыгрывалі манахі ордэна марыянаў на чале з біскупам Ф.Абрантовічам і генералам ордэна А.​Цікотам. Пры місіі марыянаў меліся мужчынская гімназія з інтэрнатам, 2 жаночыя школы, выдаваўся час. «Католический вестник». У працы місіі актыўна ўдзельнічалі В.Адважны, Т.​Падзява, К.​Кайловіч і інш. манахі — дзеячы бел. культуры.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Правячая Камуністычная партыя Кітая. Яе падтрымліваюць ідэйна блізкія Рэв. к-т Гаміньдана, Дэмакр. Ліга, Асацыяцыя дэмакр. нац. буд-ва, Асацыяцыя садзейнічання развіццю дэмакратыі, Рабоча-сял. дэмакр. партыя, Партыя Чжыгундан, Т-ва «Цзюсань», Ліга дэмакр. аўтаноміі Тайваня. Найб. масавыя грамадскія арг-цыі: Усекіт. федэрацыя прафсаюзаў, Усекіт. федэрацыя моладзі і Усекіт. федэрацыя жанчын. Усе партыі і грамадскія арг-цыі аб’ядноўвае Нар. паліт. кансультатыўны савет К.

Гаспадарка. К. — індустрыяльна-агр. краіна з буйной шматгаліновай прам-сцю і развітой сельскай гаспадаркай. Значных поспехаў у эканам. і сац. развіцці яна дасягнула ў сувязі з правядзеннем з 1978 рэформ і палітыкі адкрытасці знешняму свету. За 1978—97 валавы нац. прадукт вырас у 5,7 раза (у сярэднім па 9,6% за год) і дасягнуў 2610 млрд. долараў, каля 2150 дол. на душу насельніцтва. Эканоміка шматукладная: дзейнічаюць дзярж., дзярж.-капіталіст., калектыўны, прыватны і індывідуальны сектары (пры кіруючым становішчы дзярж. эканомікі). Удзельная вага прам-сці (разам з буд-вам) у агульнай прадукцыі каля 50%, сферы паслуг, у т. л. транспарт, гандаль, фін. сфера, урадавыя расходы — каля 30%; доля сельскай гаспадаркі знізілася да 20%. Па вытворчасці многіх відаў прамысл. і с.-г. прадукцыі (збожжа, мяса, морапрадукты, вугаль, цэмент, бавоўна, тканіны, адзенне, веласіпеды, пральныя машыны, тэлевізары) К. займае вядучыя пазіцыі ў свеце; знаходзіцца сярод сусв. лідэраў па выпуску сталі, хім. валокнаў, электраэнергіі. Удасканальваецца тэр. структура гаспадаркі, паглыбляецца міжнар. падзел працы. У прыбярэжных раёнах створаны спецыяльныя эканам. зоны, у якія прыцягваецца замежны капітал, навука і індустрыя інтэгруюцца з гандлем, развіваецца экспартнаарыентаваная эканоміка. Прамысловасць. Побач з традыцыйна развітымі галінамі, якія шматразова павялічылі выпуск прадукцыі (тэкстыльная, вугальная, чорная металургія), паспяхова развіваюцца новыя, укараняюцца новыя і найноўшыя тэхналогіі. Каля палавіны ўсёй прамысл. прадукцыі выпускаюць дробныя прадпрыемствы. Энергетыка базіруецца пераважна на каменным вугалі (здабыча 1298 млн. т, 1995); асн. раёны яго здабычы на Пн і ПнУ (Кайлуань, Датун, Фушунь, Фусінь).

Расце здабыча нафты (149 млн. т у 1995) і прыроднага газу (17,6 млрд. м³ у 1995). Нафту здабываюць у паўн. раёнах (цэнтры Дацын, Шэнлі, Даган), газ — у прав. Сычуань. Выпрацавана электраэнергіі 1000 млрд. кВтгадз (1995), у т. л. на ЦЭС 75% (у асн. на вугалі). ГЭС працуюць у горных раёнах, найб. Гэчжоўба (магутнасць 2715 МВт). Ёсць АЭС, прыліўныя электрастанцыі. Ствараецца агульна-нац. энергасістэма. Выплаўка сталі 94 млн. т (1995). Буйнейшае прадпрыемства — Аньшаньскі камбінат (7 млн. т сталі за год) у правінцыі Ляанін (выкарыстоўвае жал. руду Аньшаньскіх руднікоў і каксавальныя вугалі Фушуня і Фусіня). Хутка расце вытв-сць каляровых металаў. Попыт на алюміній, медзь, свінец, цынк перавышае вытв-сць, і яны імпартуюцца. Асн. цэнтры каляровай металургіі ў правінцыях Ляанін, Юньнань, Хунань, Ганьсу. Прадпрыемствы машынабудавання выпускаюць розныя станкі (каля 1 млн. штогод) і прылады, у т. л. з лічбавым праграмным кіраваннем, трактары, аўтамабілі, судны, цеплавозы, абсталяванне для цяжкай і лёгкай прам-сці. Вырабляюцца таксама быт. тэхніка, с.-г. машыны і інш. Выпускаецца больш за 30 млн. веласіпедаў за год (1-е месца ў свеце). Значная вага цяжкага (Шэньян, Таюань, Лаян, Ухань, Цяньцзінь) і энергет. (Шэньян, Харбін, Пекін, Таюань, Шанхай) машынабудавання. Развіта аўтамабілебудаванне (штогод каля 1,5 млн. аўтамашын, палавіна з іх — грузавыя); асн. цэнтр — Чанчунь. С.-г. машынабудаванне арыентавана на стварэнне тэхнікі для апрацоўкі невял. зямельных участкаў. Вытв-сць трактароў (40—60 тыс. штогод) пераважна ў Лаяне. Марское і рачное суднабудаванне. Значная вытв-сць быт. тэхнікі: відэамагнітафоны, тэлевізары (больш за 30 млн. штогод, каля 22% сусв. вытв-сці), радыёпрыёмнікі, халадзільнікі і маразільнікі (каля 6 млн. штогод), электронныя гадзіннікі, пральныя машыны і інш. Развіваецца вытв-сць касм. тэхнікі. Цэнтры асн. вытворчасцей канцэнтруюцца ў прыморскіх раёнах. У хім. прам-сці вылучаецца вытв-сць хім. угнаенняў (24,5 млн. т, у пераліку на пажыўныя элементы, 1997), хім. валокнаў (каля 3 млн. т за год), аўтамаб. шын (больш за 70 млн. шт. за год), пластмас, сінт. смол; асн. цэнтры — Шанхай, Лаян, Баадзін. Тэкст. прам-сць займае 1-е месца ў свеце па выпуску тканін. Найб. вырабляюць баваўняных тканін — больш за 23 тыс. км² штогод. Выпускаюць таксама шарсцяныя (каля 350 км²), сінт., ільняныя, шаўковыя тканіны. Гал. цэнтры баваўнянай прам-сці — Шанхай, Цяньцзінь, Пекін, шаўковай — у ніжнім цячэнні р. Янцзы, у правінцыях Сычуань і Гуандун. Усюды развіты выраб разнастайных буд. матэрыялаў. Вытв-сць цэменту 401 млн. т (1995, каля 30% сусв. вытв-сці). У харч. і харчасмакавай прам-сці вядучыя вытворчасці — перапрацоўка збожжавых і алейных культур. Развіта перапрацоўка чаю (каля 25% сусв. вытв-сці) і тытуню (больш за 35% сусв. вытв-сці). Вядомы кіт. вырабы з лаку, фарфора-фаянсавыя і керамічныя, а таксама дываны, цыноўкі, вышыўкі і малюнкі на шоўку, разьбярства па косці, дрэве, камені і інш. Сельская гаспадарка. У арганізацыі вытв-сці выкарыстоўваецца дробнагрупавы, пераважна сямейны, падрад. Дзярж. ўласнасць прадстаўлена ў асноўным дзяржгасамі. Ворных зямель каля 100 млн. га (10% тэр. К.), з іх палавіна арашаецца. Раслінаводства дае каля 60% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, жывёлагадоўля каля 15%, дапаможныя промыслы — каля 25%. Асн. масівы апрацаваных зямель на раўнінах, у дэльтах і далінах рэк на У краіны. На ПнУ збіраюць адзін ураджай за год, у басейне р. Хуанхэ — 3 ураджаі за 2 гады, на Пд ад Янцзы — 2, а ў прав. Гуандун і на в-ве Хайнань — 3 ураджаі за год. Вялікая разнастайнасць культур: 50 відаў палявых, 80 — агароднінных і 60 — садовых. Склаліся арэалы вырошчвання пэўных культур. Паўн.-ўсх. раўніны (бас. рэк Сунгары і Ляахэ) заняты пшаніцай, кукурузай, сорга, сояй, цукр. буракамі і лёнам. Раўніны на У басейна р. Хуанхэ і навакольныя раёны пад пшаніцай, кукурузай, просам, сорга, бавоўнікам, яблыневымі і грушавымі садамі, вінаграднікамі. На Пд у пасевах пераважае рыс; вырошчваюць таксама бавоўнік, тытунь, арахіс, рапс, чай і інш. На Пд вырошчваюць трапічныя і субтрапічныя культуры, цукр. трыснёг, рамі. Шаўкаводства ў раёне Ханчжоў і ў дэльце р. Сіцзян. У структуры пасяўных плошчаў 75% займаюць збожжавыя. Іх валавы збор (1995) 416,8 млн. т (22% сусв. вытв-сці), у т. л. рысу 187,2 млн. т, кукурузы 112,3 млн. т, пшаніцы 102,2 млн. т. Меншае значэнне маюць ячмень, сорга (у т. л. гаалян), авёс, проса. Асн. раёны вырошчвання рысу: даліна р. Янцзы, Паўд. Кітай, Юньнань-Гуйчжоўскае нагор’е. Пшаніцу (пераважна яравую) вырошчваюць у бас. р. Хуанхэ і прав. Сычуань. Кукурузу сеюць на ПнУ, Пн, ПдЗ. З бабовых вырошчваюць сою (пераважна на ПнУ), кармавы боб, гарох, з клубневых культур — батат, бульбу (40—45 млн. т штогод), ямс, тара, маніёк. Бавоўнік (4,8 млн. т, 1996) вырошчваюць на раўнінах басейнаў рэк Хуанхэ і Янцзы. Збор алейных культур 22,4 млн. т (1996). Гал. з іх арахіс, рапс, кунжут. Цукр. трыснёг вырошчваюць на Пд, цукр. буракі — на Пн. Традыцыйная вытв-сць чаю (правінцыі Чжэцзян, Хунань, Аньхой, Фуцзянь), шаўковых коканаў (правінцыі Сычуань, Чжэцзян, Цзянсу), шматлікіх відаў і гатункаў агародніны і садавіны. У жывёлагадоўлі гал. галіна — свінагадоўля; меншае значэнне маюць развядзенне буйн. раг. жывёлы, авечак і інш. Пагалоўе (млн. галоў, 1995): свіней — 424,7 (47,2% сусв. пагалоўя), буйн. раг. жывёлы — 100,8 (7,7%), авечак — 110 (11%), коней — 10 (16,5%). Буйн. раг. жывёла пераважна мяснога кірунку, значная частка яе выкарыстоўваецца як цяглавая сіла. Агульная вытв-сць мяса 53 млн. т (25,6% сусв. вытв-сці, 1995), воўны — 260 тыс. т, малочнай прадукцыі — каля 5 млн. т штогод. Гадуюць таксама аслоў, мулаў, вярблюдаў (у пустынях і паўпустынях), якаў (у Тыбеце). Ва Унутранай Манголіі, Тыбеце і Сіньцзян-Уйгурскім аўт. раёне развіта пашавая жывёлагадоўля. Птушкагадоўля (куры, індыкі, качкі, гусі) пераважна ў прыгарадных раёнах. Штогадовая вытв-сць курыных яец каля 12 млн. т (30% сусв. вытв-сці). Улоў рыбы 20,7 млн. т (1996, каля 20% сусв. ўлову). Рыбу ловяць у навакольных морах, унутр. рэках і азёрах, вырошчваюць у садках на марскіх водмелях, у сажалках і на рысавых палях. Здабываюць таксама каракаціц, крэветак, крабаў, галатурый (пераважна трэпангаў), малюскаў. Збор больш за 200 відаў водарасцей. Пчалярства. К. дае каля /з сусв. экспарту мёду. Развіты лесанарыхтоўка, лесаразвядзенне, зверагадоўля, паляўніцтва (на ПнУ і З).

У эканам. адносінах К. падзяляюць на 3 зоны. Усх. зона (прыморскія правінцыі) — вядучая ў стварэнні і развіцці новых галін прам-сці, асабліва навукаёмістых, у прыцягненні замежных капіталаў і вытв-сці экспартных тавараў; цэнтральная — у вытв-сці электраэнергіі, хім. прадукцыі, сыравіны, паўфабрыкатаў, фарміраванні новых галін; у адносна слабаразвітой заходняй зоне развіваюцца сельская гаспадарка, горназдабыўная прам-сць і пач. апрацоўка сыравіны. Транспарт чыгуначны, аўтамаб., унутр. водны, марскі. Даўж. чыгунак 54 тыс. км, у т. л. 9 тыс. км электрыфікаваных (1994). Найб. аб’ём грузаперавозак на магістралях Пекін—Шэньян, Цяньцзінь—Шанхай, Пекін—Гуанчжоў. Аўтадарог 1,1 млн. км. Аўтамаб. транспарт адыгрывае значную ролю ў горных і пустынных раёнах на З, у многіх аддаленых ад чыгунак раёнах на У. Унутр. водных шляхоў 110 тыс. км. Гал. ўнутр. водная трансп. сістэма — р. Янцзы з асн. прытокамі. Вызначаецца Вял. канал паміж Пекінам і Ханчжоў. Развіты марскія кабатажныя перавозкі. Буйнейшыя знешнегандл. парты Далянь, Цяньцзінь, Цындао, Шанхай, Гуанчжоў, Чжаньцзян, Сянган. Авіяцыйны транспарт абслугоўвае ўнутр. (600 паветр. ліній) і знешнія (60 міжнар. паветр. ліній) перавозкі пасажыраў і грузаў. У краіне 113 аэрапортаў і аэрадромаў. Трубаправоды злучаюць месцы здабычы нафты і прыроднага газу з цэнтрамі перапрацоўкі і трансп. вузламі. Гал. з іх: Дацын—Далянь, Дацын—Пекін, Жэньцю—Нанкін, Юймынь—Ланьчжоў. У 1994 экспарт склаў 121 млрд. дол., імпарт — 115,7 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць гатовыя вырабы: тэкстыль, адзенне, электратэхніка, электроніка, каляровыя і легіруючыя металы, а таксама рыба, агародніна і садавіна, бавоўна, чай і інш. Імпартуюцца складаная тэхніка і камплектнае абсталяванне, самалёты, трактары, аўтамашыны, сталь, угнаенні, нафта і нафтапрадукты. Гал. гандл. партнёры: Японія, ЗША, Тайвань, Германія, Рэспубліка Карэя. У 1995 Беларусь экспартавала ў К. тавараў на 16 млн. дол., у 1996 — на 21,3 млн. дол., імпартавала адпаведна на 16,7 і 25,2 млн. долараў. К. наведваюць штогод каля 25 млн. замежных турыстаў, прыбытак ад турызму складае 7—10 млрд. долараў. Сярод турыстаў пераважаюць замежныя кітайцы, японцы, амерыканцы. Грашовая адзінка — юань.

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (ракетна-ядз. сілы, сухап. войскі, ВПС, ВМС) і нар. узбр. паліцыі. Агульная колькасць (1998) рэгулярных узбр. сіл каля 4 млн. чал., у т. л. Нар.-вызв. арміі Кітая 3 млн., нар. узбр. паліцыі 0,8 млн. чал. Непасрэдны кіраўнік — міністр абароны. Камплектаванне па прызыве. Ракетна-ядз. сілы ўключаюць часці, узброеныя балістычнымі ракетамі, і падраздзяленні самалётаў-носьбітаў. У сухап. войсках 2,09 млн. чал. асабовага складу, 24 агульнавайск. арміі (71 пях., 2 механізаваныя, 11 танк., 5 артыл. дывізій, 13 танк. і 20 артыл. брыгад, 7 верталётных палкоў), 3 паветр.-дэсантныя дывізіі (зведзены ў паветр.-дэсантны корпус), 50 інж. і 50 палкоў сувязі; на ўзбраенні каля 10,5 тыс. танкаў, каля 5,5 тыс. баявых браніраваных машын, 14,5 тыс. артыл. гармат і пускавых установак процітанк. кіроўных ракет, каля 2,3 тыс. сістэм рэактыўнага залпавага агню, больш за 120 верталётаў і інш. У ВПС 470 тыс. чал., у т. л. 220 тыс. у ППА, 3740 баявых самалётаў і каля 200 баявых верталётаў. У ВМС 280 тыс. чал., у т. л. 25 тыс. у марской авіяцыі, 5 тыс. у марской пяхоце і 29 тыс. у сілах берагавой абароны; 61 падводная лодка, 246 баявых караблёў, 165 дапаможных суднаў, 973 катэры, 535 баявых самалётаў і 25 баявых верталётаў.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 68, жанчын — 71 год. Смяротнасць — 7 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 378 чал., урачамі — 1 на 630 чал. Узровень нараджальнасці — 17 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 1%. Дзіцячая смяротнасць — 40 на 1 тыс. нованароджаных (1996).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі К. ўключае дашкольныя ўстановы (дзярж. і прыватныя) для дзяцей з 3-гадовага ўзросту, агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Сістэма адукацыі падпарадкавана Дзярж. к-ту адукацыі пры Дзяржсавеце КНР. Дзейнічае закон аб абавязковай 9-гадовай адукацыі дзяцей з 6-, а пры адсутнасці ўмоў з 7-гадовага ўзросту. На ўроках у школе павінна выкарыстоўвацца путунхуа (агульнакіт. мова, у аснове якой пекінскі дыялект). Абавязковая 9-гадовая адукацыя мае 2 ступені: пач. школа (тэрмін навучання 5—6 гадоў) і няпоўная сярэдняя (3 гады навучання; 7—9-ы кл.). Пасля атрымання абавязковай адукацыі можна працягваць вучобу ў поўнай сярэдняй школе вышэйшай ступені (10—12-ы кл.) або ў прафес.-тэхн. вучылішчы. Праграма навучання ў поўнай сярэдняй школе дадаткова ўключае класічную і сучасную кіт. л-ру, электра-тэхніку, ЭВМ, чарчэнне, другую замежную мову, тэорыю л-ры і мастацтва і інш.; штогод на працягу 4 тыдняў (6 гадз у дзень) праводзяцца прац. і практычныя заняткі; 240 гадз адведзена на факультатывы. Навучанне ў ВНУ, за выключэннем пед. ін-таў, платнае. Тэрмін навучання 4—5 гадоў, у мед. ін-тах 6 гадоў. У К. 1075 ВНУ (1990), у т. л. 611 універсітэцкага тыпу. Буйнейшыя ун-ты: Пекінскі (з 1898), Нанкінскі (з 1902), Фудань (з 1905) у Шанхаі, Цынхуа (з 1911) у Пекіне, Нанькай (з 1919) у Цяньцзіне, Сямыньскі (з 1921), Чжуншань (з 1924) у Гуанчжоў; Пекінскі мед. ін-т (з 1912). У К. існуюць розныя формы адукацыі дарослых (агульнаадук. пач. і сярэднія вячэрнія школы, завочныя і вячэрнія прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы). Буйнейшыя б-кі: Нац., Цэнтральная АН у Пекіне, Нанкінская. Буйнейшыя музеі: Шанхайскі, Музей гісторыі і б. Імператарскі палац (Гугун) у Пекіне. Н.-д. работу вядуць НДІ галіновых акадэмій, аддзяленняў АН (з 1949), галіновых мін-ваў і ВНУ. Вышэйшая навук. ўстанова К. — Акадэмія навук. якая каардынуе даследаванні па ўсіх галінах навук і кіруе многімі н.-д. арг-цыямі. Н.-д. ўстановы вядуць даследаванні ў галіне медыцыны, біял. і с.-г. навук, машынабудавання і металаапрацоўкі, ракетна-касм. тэхнікі і інш. Адзін з найважнейшых кірункаў даследаванняў — распрацоўкі ў галіне ядзернай фізікі і энергетыкі (пры Кіт. АН створаны Камітэт і Ін-т атамнай энергіі). У Пекінскай абсерваторыі вядуцца даследаванні ў галіне фізікі высокіх энергій. Вял. значэнне надаецца навук. працам, звязаным з вышукам і выкарыстаннем прыродных рэсурсаў (выяўлены вял. паклады жал. руды, каляровых і рэдкіх металаў, вугалю, радовішчы нафты), са стварэннем сінт. цвёрдых матэрыялаў — заменнікаў алмазаў. К. дасягнуў сусв. ўзроўню ў галіне электронікі, біяхіміі і вытв-сці лекавых сродкаў.

Друк, радыё, тэлебачанне. У К. выдаецца больш за 5 тыс. газет і часопісаў. Найб. тыраж сярод штодзённых газет маюць «Жэньмінь жыбао» («Народная газета», з 1948), «Чжунго цынянь бао» («Газета кітайскай моладзі», з 1951), «Гуанмін жыбао» («Святло», з 1949), «Гунжэнь жыбао» («Рабочая газета») і літ. газета «Вэнхуі бао» («Літаратурныя кірункі», з 1937). Інфарм. агенцтвы: Сіньхуа (засн. ў 1931, сучасная назва з 1937, афіц. агенцтва з 1949), Чжунго Сіньвеншы (з 1952, пераважна для кіт. эмігрантаў). Радыё з 1928. У 1940 створана радыёстанцыя Сіньхуа, якая дала пачатак сучаснай сістэме радыёвяшчання і тэлебачання (кіруецца і фінансуецца дзяржавай). Радыё трансліруе 2 агульнанац. праграмы, праграму для Тайваня, 25-мінутную праграму для нац. меншасцей на каз., кар., манг., тыбецкай і уйгурскай мовах, а таксама праграму на англ. мове ў 3 буйнейшых гарадах КНР. Радыёстанцыі: Цэнтральная нар., Кіт. міжнар., франтавая Фуянь, Голас Іньлінь, камерцыйная ў г. Гуанчжоў і каля 300 мясцовых. Тэлебачанне з 1958. Цэнтр. тэлебачанне трансліруе 2 агульнанац. праграмы і праграму для Пекіна, дзейнічаюць каля 300 тэлестанцый рознага ўзроўню. К. належыць да сістэмы Інтэлсат, з 1984 мае і ўласныя спадарожнікавыя сістэмы СТВ-1, СТВ-2; развіваецца кабельнае тэлебачанне.

Літаратура К. мае вял. пісьмовыя традыцыі (каля 3 тыс. гадоў). Іерагліфічныя помнікі (надпісы на касцях жывёл, панцырах чарапах) вядомы з 18 ст. да н.э. Сярод помнікаў кіт. пісьменства архаічнага перыяду «Шуцзін» («Кніга паданняў», 12—5 ст. да н.э.; прамовы гіст. асоб, клятвы, заклінанні, цырыманіяльныя апісанні), «Іцзін» («Кніга перамен», 12—8 ст. да н.э.; афарыстычныя трыграмы і гексаграмы), «Шыцзін» («Кніга песень», 11—6 ст. да н.э.; тэксты рытуальных і абрадавых песнапенняў, любоўнай, быт. і грамадз. лірыкі). На развіццё л-ры К. паўплывалі канфуцыянства і даасізм. Творы пісьменнікаў-канфуцыянцаў «Лунь юй» («Выказванні і гутаркі», 5 ст. да н.э.; першы помнік класічнай кіт. л-ры) і «Мэнцзы» (4 ст. да н.э.; палемічныя дыялогі); даасістаў — «Дао дэ цзін» («Кніга пра шлях і дабрачыннасць», 6 ст. да н.э.; вызначаецца рытмізаванай сімвалічнай мовай, магчымы яе аўтар Лао-цзы), «Паданне пра сына неба Му» (5 ст. да н.э.; нап. ў жанры «фантастычнага падарожжа»), трактаты «Сюнь-цзы», «Хань Фэй-цзы» (3 ст. да н.э.; байкі, заснаваныя на нар. легендах і міфах). У 4—3 ст. да н.э. на Пд Кітая ў царстве Чу зарадзіўся паэт. жанр «чускія строфы», прадстаўнік якога Цюй Юань — першы вядомы ў гісторыі кіт. л-ры паэт (аўтар «Дзевяці элегій», паэм «Журбота самотніка» і «Пытанні да неба»). У перыяд панавання дынастыі Цынь (канец 3 ст. да н.э.) вял. ч. канфуцыянскай л-ры была знішчана. У эпоху Хань адбылося станаўленне жанраў фу — квяцістай пышнай оды (Цзя I, Сыма Сянжу, Мэй Шэн, Дунфан Шо), юэфу — нар. песень, якія з 2 ст. да н.э. збіраліся спец. «Музычнай палатай». У прозе гал. дасягненні звязаны з гіст.-маст. л-рай («Гістарычныя нататкі» Сыма Цяня, 2 — пач. 1 ст. да н.э.; «Гісторыя Ханьскай дынастыі» Бань Гу, 1 ст. да н.э.). Пасля распаду Ханьскай імперыі пастаянныя міжусобныя войны стваралі атмасферу трывогі і няўпэўненасці людзей у заўтрашнім дні. На далейшае развіццё л-ры паўплывала пашырэнне будызму. У 2—3 ст. развівалася творчасць паэтаў-лірыкаў сям’і Цао (Цао Цао, Цао Пі, Цао Чжы — аўтар першага літ. трактата «Аб прыгожым пісьменстве»), паэтаў сац.-крытычнай тэматыкі Кун Юна, Цзі Кана, Жуань Цзі, празаікаў Чжан Хуа (зб. навелет-фацэцый «Нататкі пра розныя рэчы», 3 ст.), Гань Бао («Нататкі пра з’яўленне духаў», пач. 4 ст.). Найбуйнейшы паэт канца 4 — пач. 5 ст. Тао Юаньмін, аўтар утопіі «Персікавая крыніца», цыклаў вершаў «Вяртаюся да садоў і палёў» і «Пры віне», які першы апяваў чалавека працы. У 5—6 ст. фарміруюцца асновы класічнага вершаскладання з рэгулярным чаргаваннем 4 тонаў, уласцівых кіт. мове (Се Яо). З’явіліся зб. апавяд. прозы Лю Іцына «Аповесці майго часу», трактат Лю Се «Вычварны дракон літаратурнай думкі» пра погляды на літ. творчасць, заснаваныя на канфуцыянстве і будызме. У канцы эпохі Хань у прозе ўзнік «паралельны стыль» (пяньвэнь), у аснове якога правільнае чаргаванне сэнсавых і рытмічных фігур, шырокае выкарыстанне літ. і гіст. асацыяцый (Юй Сінь, Сюй Лін, Бао Чжао і інш.). У эпоху Тан (7 — пач. 8 ст.) дасканаласці дасягнулі формы 5- і 7-слоўных вершаў з двухрадковай страфой і пэўным чаргаваннем тонаў (Ван Вэй, Лі Бо, Ду Фу, Бо Цзюі, Ду Му). У прозе развіліся жанры навелы — чуаньці («Старажытная кніга гор і рэк» Лі Гунцзо, «Старажытнае люстэрка» Ван Ду, «Аповесць пра вечную тугу» Чэнь Хуна), будыйскага казання — бяньвэнь, блізкага да фальклору. На мяжы эпох Тан і Сун з’явіўся новы від песеннай паэзіі — цы (раманс; Аўян Сю, Су Шы, Лю Юн, Лі Цынчжао і інш.). У класічным жанры шы створаны вершы паэтамі Лу Ю і Сінь Цыцзі (12 — пач. 13 ст.). У прозе Сунскай эпохі (сярэдзіна 10—13 ст.) з’явіліся жанры гар. нар. аповесці хуабэнь, філас. прозы біцзі (фактаграфічных нататкаў). Драматургія 13 ст. адлюстроўвала жыццё эпохі, цяжкія войны з заваёўнікамі-манголамі (п’есы Гуань Ханьцына — аднаго са стваральнікаў драмы цзацзюй, Ма Чжыюаня, У Ханьчэна, Ван Шыфу, Бо Пу і інш.). У паэзіі 13—14 ст. значнае месца займала блізкая да фальклору песенная лірыка саньцюй (Чжан Кэцзю, Гуань Юньшы, Цяо Цзі), у прозе — жанры гіст. і авантурна-гіст. эпапеі («Гісторыя трох царстваў» Ло Гуаньчжуна, «Рачныя затокі» Шы Наяня). Пры дынастыі Мін (сярэдзіна 14—1-я пал. 17 ст.) літ. працэс запаволіўся, яго сярэдневяковы характар захоўваўся да канца 19 ст. Ананімны раман «Цзінь, П ш, Мэй» (16 ст.) стаў пачаткам быт. лініі ў кіт. прозе. У драматургіі таго часу ўзнікла «паўднёвая драма» («Меч» Лі Кайсяня, «Альтанка з півоняў» Тан Сяньцзу» і інш.). Прыход да ўлады маньчжурскай дынастыі Цын (сярэдзіна 17 ст.) абумовіў з’яўленне апазіцыйна настроеных паэтаў (Гу Яньу, Ван Фучжы, Гуй Чжуан і інш.). З’явіліся раманы, якія ўслаўлялі герояў мінулага («Сказанне Юэ Фэя» Цянь Цая), з’едлівая іронія на заганы грамадства выявілася ў навелах Пу Сунліна. У сатыр. рамане «Неафіцыйная гісторыя канфуцыянцаў» У Цзінцзы клеймаваў пошласць, кар’ерызм, кансерватызм інтэлігенцыі. Найвышэйшае дасягненне класічнага рамана — «Сон у чырвоным цераме» Цао Сюэцыня. Канец 18 — пач. 19 ст. — перыяд крызісу ўсіх жанраў кіт. л-ры. Прадстаўнікі «тунчэнскай школы» адстойвалі «высокія» жанры і артадаксальна-схаластычныя прынцыпы. Ім супрацьстаялі творы Дай Чжэня, Гун Цзычжэня, сатыр.-фантаст. раман з элементамі утопіі «Кветкі ў люстэрку» Лі Жучжэня, нар. п’есы, сказы, песні і інш. творы «нізкіх» жанраў позняга сярэдневякоўя. У апошнія гады маньчжурскай дынастыі выявіліся наватарскія тэндэнцыі, характэрныя для прозы, асн. тэмамі якой сталі выкрыццё сац. несправядлівасці («Дурнота, убачаная за 20 гадоў» У Вояо, «Наша чыноўніцтва» і «Кароткая гісторыя цывілізацыі» Лі Баюаня, п’есы У Мэя, «Будучыня новага Кітая» Лян Цічао); у паэзіі адчувальным стаў уплыў еўрап. паэтыкі (Тань Сытун, Цю Цзінь, Цзоў Жун, Гао Сюй). Падзенне манархіі ў К., уплыў рэвалюцый у Расіі і інш. суседніх краінах спрыялі хуткай эвалюцыі кіт. л-ры ў бок яе дэмакратызацыі і пэўнай еўрапеізацыі, узніклі літ. аб’яднанні. Рэаліст. тэндэнцыямі вылучалася проза Лу Сіня, рамант. і дэкадэнцкімі ўплывамі — творы празаіка Е Шэнтао, паэтаў Лю Дабая, Чжу Цзыцына, драматургаў Цянь Ханя, Хун Шэна і інш. Новыя літ. формы, жывая гутарковая мова да пач. 1920-х г. выцеснілі састарэлую лексіку, класічныя формы. У 1930-я г. кіт. проза адметная творамі Мао Дуня (трылогія «Зацьменне», раманы «Крама Ліня», «Перад світаннем»), Ба Цзіня (раман «Пагібель», трылогія «Каханне»), Лао Шэ (раманы «Развод», «Рыкша»), навеламі і апавяданнямі Юй Дафу, Шэнь Цунвэня, Цзінь І. З’явіўся жанр апавяданняў і сатыр. казак на міфалагічныя і гіст. тэмы (Лу Сінь, Чжэн Чжэньдо), набыла папулярнасць сац. драма (Хун Шэнь, Ся Янь, Цянь Хань). У антыяп. вайну 1930—40-х г. пашырылася патрыят. тэма (паэт. зб-кі Ай Цына «Поўнач» і «Палі», яго паэма «Паходня», аповесць Сяо Хун «Поле жыцця і смерці», «Аповесць пра першы этап» Мао Дуня, раман «Спаленне» Лао Шэ, апавяданні і нарысы Цю Дунпіна, Лю Баюя, п’есы Цянь Ханя, Хун Шэна і інш.). З 1949 л-ра К. павінна была развівацца ў рэчышчы сацыяліст. рэалізму. У 1953 створаны Саюз кіт. пісьменнікаў. У 1958 адзіным творчым метадам л-ры афіцыйна абвешчана «спалучэнне рэв. рамантызму з рэв. рэалізмам». У канцы 1940 — пач. 1960-х г. улады К. віталі творы, прысвечаныя новым парадкам на вёсцы (раманы Чжоў Лібо «Бура», «Вялікія змены ў горным сяле» і інш.), «рабочай» тэматыцы (раманы Чжоў Лібо «Сталёвы паток», Ай У «У агні нараджаецца сталь» і інш.), барацьбе супраць гаміньданаўцаў (раманы Лю Цына «Несакрушальны мур», У Цяна «Чырвонае сонца» і інш.). У выніку т.зв. культ. рэвалюцыі большасць літаратараў К. падверглася рэпрэсіям, перасталі выходзіць асн. літ. часопісы. Да сярэдзіны 1970-х г. літ. працэс у КНР быў спынены. У 1979 пачалася масавая рэабілітацыя рэпрэсіраваных дзеячаў культуры, у т. л. л-ры. Трагічныя падзеі «культурнай рэвалюцыі» адлюстраваны ў аповесцях Лэ Сіня, Чэнь Мяо, Чжан Сяньляна, зб. «Вершы з плошчы Цяньаньмэнь». У л-ры 1980—90-х г. па-ранейшаму панавала індустр. і вясковая тэматыка, тэорыя бесканфліктнасці, абстрактнае філасофстваванне замяніла маст. аналіз. Гуманіст. пафасам вылучалася паэзія Ай Цына, Цзоў Хафаня, Лі Іна, Лі Гана, проза Ба Цзіня, Дзін Ліна, Гу Хуа, драматургія У Ханя, Ян Ханьшэня, Чжэн Баці і інш. У 1980 створана Т-ва даследчыкаў сучаснай кіт. л-ры, выйшлі крытычныя манаграфіі Янь Цзяня, Ян I, Чжан Чжычжу і інш. Паза межамі К. набылі вядомасць творы паэтаў Ян Му, Ю Куанчуна, празаікаў Чэнь Чжаўсі, Бай Сяньюна, літ. крытыкаў Ху Шы, Лі Юйтана і інш. На кіт. мове друкаваліся творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, К.​Крапівы, М.​Танка і інш. бел. пісьменнікаў. У бел. перакладзе выйшлі кіт. казак, апавяданняў, твораў Лу Сіня, Мао Дуня, Чжао Шулі, Хуа Шаня, Чжоў Лібо; у зб-ках, альманахах, перыёдыцы друкаваліся творы Лі Бо, Ду Фу, Ван Вэя, Ду Му, Го Мажо, Мао Дуня, Сяо Піна, Юань Шуйпо і інш. Сярод перакладчыкаў на бел. мову — У.​Дубоўка, Р.​Барадулін, Я.​Сіпакоў, І.​Бабкоў, Р.​Кашуба, М.​Котаў, І.​Дабрыян, М.​Пазнякоў і інш.

Архітэктура. Захаваліся рэшткі неалітычных паселішчаў з глінабітнымі жытламі ямна-каркаснага тыпу і абарончымі равамі. У перыяд дзяржавы Шань-Інь (2-е тыс. да н.э.) з’явіліся гарады, абнесеныя сценамі, з прамавугольнай планіроўкай, храмамі і палацамі ўладароў (ванаў) на цэнтр. магістралі. Зарадзілася каркасная сістэма пабудоў (на глінабітным фундаменце ставілі слупы, перакрытыя гарыз. бэлькамі; рэшткі палаца каля г. Аньян). Узніклі падземныя пахаванні, якія складаліся з 2 размешчаных адно над адным памяшканняў (пл. да 500 м²), са сценамі, аздобленымі інкрустацыяй і размалёўкамі. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. пачынаюць складвацца прынцыпы архітэктуры і горадабудаўніцтва, якія леглі ў аснову сярэдневяковага кіт. дойлідства. Яны зафіксаваны ў пісьмовых трактатах («Чжоў-лі», 3 ст. да н.э.) з пазначэннем размяшчэння будынкаў, вышыні сцен і г.д. У 6 ст. да н.э. пачалося буд-ва Вялікага канала. Частыя міжусобныя войны выклікалі інтэнсіўнае буд-ва абарончых збудаванняў: сцены (захаваліся рэшткі ад стараж. сталіц Ліньцзы і Ханьданя), крэпасці, шмат’ярусныя дазорныя вежы («лоў») з некалькімі дахамі і абходнымі галерэямі. У перыяд дзяржавы Цынь (221—207 да н.э.) пачалі будаваць асн. частку Вялікай кітайскай сцяны. Пра разнастайнасць буд. прыёмаў перыядаў Цынь і Хань (206 да н.э. — 220 н.э.) сведчаць гліняныя мадэлі дамоў у пахаваннях знаці (моцна выцягнутыя ўверх 2—3-павярховыя дамы з выгнутымі дахамі, вежы «лоў», сядзібы з пабудовамі ў глыбіні прамавугольных замкнёных двароў). У сярэдневякоўі развіліся спецыфічныя канстр. і дэкар. прыёмы дойлідства (сістэма кранштэйнаў — доў-гунаў, арнаментацыя чарапічных навершаў дахаў). З пашырэннем будызму ў К. ўзніклі мемар. вежы-пагады (Сун’юэсы на гары Суншань, 520), драўляныя храмы і пячорныя манастыры, якія высякалі ў тоўшчы скал на ўзор індыйскіх (дасягалі некалькіх кіламетраў; Юньган, Дунмынь, Майцзішань). Квадратныя, прамавугольныя ці паўкруглыя ў плане манастырскія пячоры аздаблялі скульпт. выявамі Буды, яго вучняў, святых. Манументальнасцю і гармоніяй форм вылучалася архітэктура дзяржавы Тан (618—907). Пры вял. памерах гарады (Лаян, Чан’ань, цяпер Сіянь) захоўвалі выразнасць планіроўкі з падзелам на замкнёныя сценамі кварталы, сіметрычна размешчаныя па баках цэнтр. магістралі. У аснове кожнага палацавага ці храмавага будынка была простая ячэйка каркаса, утвораная 4 слупамі і сістэмай бэлечных перакрыццяў. Спалучэнне сістэмы бэлек стварала канстр. і прасторавую аснову розных будынкаў («дзянь» — 1-павярховы прамавугольны ў плане павільён; «лоў», ці «гэ» — шматпавярховыя будынкі з галерэямі; «тай» — невял. альтанка на высокім падмурку; «пін» — альтанка ў парку; «лян» — галерэя). Сцены не былі нясучым элементам; чарапічныя дахі, прыўзнятыя па краях, падтрымліваліся слупамі, бэлькамі і сістэмай «доў-гунаў» (храм Фагуан у гарах Утайшань, 857). Манум. выразнасць і рацыянальнасць уласцівы цагляным пагадам Даяньта («Вялікая пагада дзікіх гусей», 652, перабудавана 704), Сяаяньта («Малая пагада дзікіх гусей», 707—709, абедзве каля г. Сіянь). Горадабудаўніцтва перыяду Сун (10—13 ст.) звязана з пашырэннем гандлю, павелічэннем насельніцтва. Кварталы паўн. сталіцы Бяньлян (цяпер Кайфын) не мелі сцен, абапал гал. магістралей ставілі гандл. крамы, майстэрні рамеснікаў. Архітэктура гэтага часу адметная лёгкасцю, вытанчанасцю форм, зграбнасцю прапорцый; пагады сталі больш выцягнутыя, складаных планаў: Баочу (968) і Люхэта (970—1156) у Ханчжоў, Цета («Жалезная пагада», 1041—48) у Кайфыне, Бэйсыта (1031—62) у Сучжоў. Іх выкарыстоўвалі таксама як маякі, дазорныя вежы. У новай (з 1127) сталіцы — Ханчжоў і інш. раёнах на Пд ад р. Янцзы ствараліся імператарскія паркавыя рэзідэнцыі з натуральнымі ці штучнымі вадаёмамі. У іх дамінаваў гал. палацавы комплекс, астатнія пабудовы (павільёны, альтанкі, галерэі) размяшчаліся свабодна. У перыяд манг. дынастыі Юань (13—14 ст.) развіваліся традыцыі танскага і сунскага мастацтва, архітэктура набывала пераважна свецкі характар. У гэты час перабудаваны гар. ансамблі і пашырана тэр. сталіцы Даду (пазней Пекін); палацавыя комплексы, гал. будынкі якіх злучаліся галерэямі, утваралі шырокія квадратныя ў плане двары; чарапічныя дахі пакрывалі глазурамі багатых адценняў, вытв-сць якіх была запазычана ў Сярэдняй Азіі.

У перыяды дынастый Мін (1368—1644) і Цын (1641—1911) канчаткова сцвердзіўся прынцып рэгулярнай, строга сім. планіроўкі гарадоў з вял. комплексамі палацавых і храмавых будынкаў (Пекін, Нанкін). Амаль нанава быў адбудаваны Пекін, у цэнтры яго — «забаронены горад» з імператарскім палацам. Грандыёзныя маштабы ўласцівы пахавальным збудаванням: комплекс Шысаньлін каля Пекіна (15—17 ст.) са скульпт. «алеяй духаў» працягласцю 1 км. Тыпы пабудоў з удасканаленым стоечна-бэлечным каркасам заставаліся амаль нязменныя да канца 19 ст. Але шырэй выкарыстоўваліся камень і цэгла (цагляны бязбэлечны храм «уляндзянь» у Нанкіне, 1398; будынак абсерваторыі ў Пекіне, 15 ст.), збудаванні набывалі большую дынамічнасць і дэкаратыўнасць, сістэмы «доў-гунаў» займалі ўсю паддахавую прастору, размалёўваліся стракатымі фарбамі з пазалотай. Асаблівай пышнасцю вылучаліся пабудовы 18—19 ст., павялічылася роля іх дэкар. ўбрання: летняя рэзідэнцыя і пейзажны парк Іхэюань («Парк ціхамірнага адпачынку», пл. 270 га) з галерэяй Чанлан (даўж. 1,5 км) у Пекіне. У 2-й пал. 19 ст. буйныя гарады (Шанхай, Цяньцзінь, Нанкін) забудоўваліся ў духу эклектыкі на еўрап. ўзор, але стылізаваныя ў нац. традыцыях. Эклектычным было і т.зв. кіт. Адраджэнне, калі механічна спалучаліся рысы кіт. і еўрап. архітэктуры (палацавы павільён Цын’яньфан у форме мармуровага карабля ў парку Іхэюань, будынкі Дзярж. б-кі ў Пекіне і ун-та ва Ухані). У 1-й пал. 20 ст. дойліды К. сінтэзавалі традыц. дэкар. элементы і новыя буд. канструкцыі (будынак Усекіт. сходу нар. прадстаўнікоў, гасцініцы «Пекін» і «Дружба» ў Пекіне). Пабудовы 1950—80-х г. вызначаліся духам нац. рамантызму: шматпавярховыя атэлі (гасцініца «Міжнародная» ў Пекіне, 1988), масты, шматузроўневыя лініі руху, шматпавярховыя жылыя і грамадскія будынкі. Разнастайнасць кліматычных умоў адбілася на нар. дойлідстве К.: на Пд будуюць лёгкія драўляныя будынкі з высока паднятымі вугламі дахаў, на Пн — масіўныя пабудовы з глінабітнымі сценамі, у цэнтр. раёнах — прамавугольныя ў плане каркасныя хаціны, у гарах — дамы пячорнага тыпу, у стэпах — лямцавыя юрты. У 1958 засн. Саюз кіт. архітэктараў.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. раннія помнікі мастацтва К. вядомы з эпохі неаліту: кераміка Яншао (4—3-е тыс. да н.э.; вырабленыя на ганчарным крузе танкасценныя пасудзіны з паліхромным геам. арнаментам), кераміка Луншань (3—2-е тыс. да н.э.; чорныя гладкія пасудзіны без малюнка, трохножкавыя катлы «цінг», трохамфарныя спарышы «лі» і інш.). У 2-м тыс. да н.э. выраблялі бронз. рытуальны посуд разнастайных форм, аздоблены ўзорамі, мудрагелістымі гарэльефнымі выявамі звяроў, птушак, пачвар; вял. званы «нао» і інш. У пахаваннях выяўлены посуд з матавай белай гліны, бронз. зброя, інкруставаная золатам, малахітам і бірузой, разьбяныя вырабы з нефрыту, скульпт. выявы фантаст. жывёл. З пашырэннем канфуцыянства і даасізму (1-е тыс. да н.э.) формы бронз. пасудзін сталі больш мяккія і вытанчаныя, узоры больш графічныя і плоскія. Рэльефныя матывы змяніліся інкрустацыяй, у арнамент уключаліся жанравыя матывы, звязаныя з рытуаламі. Пачалі складвацца характэрныя для К. віды мастацтва: жывапіс тушшу на скрутках, лакавыя вырабы. У 3 ст. да н.э. — 3 ст. н.э. кіт. маст. традыцыі спалучаліся з рысамі культур суседніх народаў і былі звязаны пераважна з аздабленнем пахаванняў: рэльефы і размалёўкі на міфал., гіст., быт. тэмы, тэракотавыя скульпт. выявы воінаў (пахаванне імператара Цынь Шыхуана, 3 ст. да н.э.), пахавальнае адзенне з нефрытавымі пласцінкамі, злучанымі залатым дротам (магільнік кн. Лю Шэна і яго жонкі ў Маньчэне). Пашырэнне будызму ў 4—6 ст. абумовіла імкненне да больш манум. форм мастацтва (аздабленне храмаў, у т. л. алтарная скульптура), узніклі новыя тэмы і вобразы (выявы будыйскіх божастваў, святых і інш.). У станковым жывапісе на шоўку і паперы пашырыўся быт. жанр, створаны першыя пейзажныя фоны (Гу Кайчжы і інш.). З’явіліся тэарэт. работы (т.зв. 6 законаў жывапісу Се Хэ, 5 ст.). У стылістычным адзінстве з жывапісам развівалася каліграфія (Ван Січжы, Ван Сіньчжы, 4 ст.). 7—10 ст. — росквіт кіт. свецкага жывапісу, у якім выявіліся гуманіст. ідэалы эпохі і вызначыліся класічныя жанры: пейзаж, партрэт (Янь Лібэнь, Хань Хуан, У Даоцзы), быт. сцэны, «кветкі-птушкі» (Бянь Луань), анімалістычны жанр (Хань Гань). Самаст. значэнне набыў пейзаж «шань-шуй» («горы-воды»). Лінеарны характар жывапісу ўласцівы творчасці Лі Сысюня, Лі Чжаодао, Лі Чэна, Ван Вэя, імкненне да перадачы непасрэднасці ўражанняў — Чжоў Фана і Чжан Сюаня. Свецкі станковы жывапіс паўплываў на манум. культавыя размалёўкі ў храмах, у якія пачалі ўключаць быт. сцэны, партрэты чыноўнікаў, пейзажы. Манум. скульптура і пахавальная пластыка вызначаліся пластычнай прыгажосцю і жыццясцвярджальным ладам. Твары будыйскіх божастваў пры захаванні агульных іканаграфічных канонаў набылі кіт. этнічны тып, формы цела і адзення — мяккасць і аб’ёмнасць (25-метровая статуя Буды Вайрачана ў храме Лунмынь, 7 ст.). Рэльефы і дробная пластыка вызначыліся сюжэтнай разнастайнасцю, пластычнай выразнасцю (рэльефы з выявамі коней з пахавання Лі Шыміня каля г. Сіянь, 7 ст.). У 2-й пал. 10—13 ст. гармонія фіз. і духоўнага пачаткаў паступова страцілася, падоўжыліся прапорцыі фігур, з’явілася манернасць. У 10—11 ст. існавалі маст. акадэміі ў Нанкіне, Кайфыне, Ханчжоў і інш. Філас. скіраванасць пейзажнага жывапісу паўплывала на інш. яго жанры, у т. л. «кветкі-птушкі» (Сюй Сі, Хуан Цюань). Вял. значэнне меў жывапіс «навукоўцаў» (Су Шы, Вэнь Тун, Мі Фэй) — паэтаў, літаратараў, якія лічылі сябе незалежнымі ад акад. кірунку і пісалі ў свабоднай манеры, імкнуліся адлюстраваць у сваёй творчасці «дао» — схаваны сэнс з’явы, рух і душу Сусвету. Пейзажы 2-й пал. 10—1-й пал. 12 ст. перадавалі свет суровым і велічным, аддаленым ад чалавека (Го Сі, Фань Куань, Лі Чэн, Гуань Тун). У 2-й пал. 12—13 ст. характар пейзажа больш наблізіўся да чалавека, грандыёзныя ландшафты змяніліся на больш лірычныя матывы (Лі Тан, Лі Дзі, Ма Юань, Ся Гуй і інш.). У 10—13 ст. росквіту дасягнула дэкар.-прыкладное мастацтва: беласнежны фарфор з г. Сінчжоў; фарфор, размаляваны яркімі каляровымі палівамі; разнастайныя па форме і дэкоры керамічныя пасудзіны; тканіны «кэ-сы» з узорамі, якія пераймалі з жывапісных твораў, і інш. У 13—1-й пал. 14 ст. пад уплывам прыдворных густаў мангольскай дынастыі ў жывапісе пашырыліся сцэны ўрачыстасцей, палявання на конях і інш. (Чжао Мэнфу); традыцыі лірычнага пейзажа развівалі Ван Мэн, У Чжэнь і інш. У 2-й пал. 14—17 ст. ў акадэміях і прыдворнымі мастакамі маст. прыёмы кананізаваны. Больш свабоднай была творчасць мастакоў, што жылі далёка ад сталіцы і стварылі самаст. маст. школы: чжэ цзянскую (Дай Цзінь), сучжоўскую (Шэнь Чжоў, Вэнь Чжэнмін) і інш. Развіваліся быт. жанр (Чоў Ін, Тан Інь, Чэнь Хуншоў), «кветкі-птушкі» (Сюй Вэй), дрэварыт, нар. лубок, кніжная ілюстрацыя, скульптура (кампазіцыі з ваяроў і жывёл на «Дарозе духаў» пахавальнага комплексу Шысаньлін). У 17—19 ст. скульптура набыла другасны дэкар. характар, жывапіс вызначаўся эклектычнасцю (пейзажысты Ван Хой, Ван Шымінь, Ван Цзянь, Ван Юньцы, майстар жанру «кветкі-птушкі» Юнь Шоўпін і інш.). У дэкар.-прыкладным мастацтве 14—19 ст. пашырыўся выраб шматколернага фарфору з пейзажнымі, жанравымі і расл. матывамі, выкананымі падпаліўнай размалёўкай кобальтам, надпаліўнымі яркімі фарбамі («доўцзай» — барацьба колераў), белага фарфору; з’явілася перагародчатая эмаль. У традыц. манеры стваралі вырабы з чырв. разнога лаку (посуд, мэбля), вышыўкі, тканіны «кэсы», разьбу па камені, бамбуку і косці.

З канца 19 ст. пачалося адраджэнне традыц. стылю жывапісу, узнікла імкненне наблізіць мастацтва да жыцця, сцвердзіць прыгажосць прыроды (Жэнь Банянь, У Чаншы, Чэнь Шыцзэн, Гао Цзяньфу; гл. таксама Гохуа). З’явіўся алейны жывапіс еўрап. тыпу. Барацьба за незалежнасць у 1-й пал. 20 ст. паўплывала на развіццё мастацтва плаката, паліт. карыкатуры. Пашырылася гравюра на актуальныя тэмы (Гу Юань, Янь Хань, Ван Шыко і інш.). У 1938 створана АМ імя Лу Сіня, вакол якой сфарміравалася кола сучасных майстроў. У жывапісе 1950-х г. вял. ролю адыгрывала творчасць Цы Байшы, Пань Цяньшоў, Хуан Біньхуна, Сюй Бэйхуна, у якой прыёмы традыц. жывапісу гохуа спалучаліся з элементамі еўрап. жывапісу. У час «культурнай рэвалюцыі» мастацтва заняпала, найб. пашыраным стаў прапагандысцкі паліт. плакат. З пач. 1970-х г. адбываецца ажыўленне маст. жыцця. У канцы 1970—80-я г. ў рэчышчы традыц. кіт. жывапісу працавалі У Юнлян, Сун Чжун’юань (жанр «людзі»), Хо Чуньян, Юй Цзігао (жанр «кветкі-птушкі»), пейзажысты Сюй Сі, Цзя Юфу, Гуанжун і інш.

Музыка Муз. культура К. — адна з самых стараж. у свеце. Яна мае шырокі спектр мясц. муз. традыцый, форм і стыляў. Фарміравалася ў рэчышчы рэліг.-філас. плыняў (канфуцыянства, будызм, даасізм), якія абумовілі яе складаную і глыбокую духоўную сутнасць, сімвалічную і этыка-эстэт. абгрунтаванасць. Ужо ў 11—3 ст. да н.э. склаліся міфалагічныя ўяўленні аб паходжанні музыкі і муз. інструментаў. Адна з першых анталогій кіт. муз.-паэт. творчасці — «Шыцзін» («Кніга песень», 6 ст. да н.э.; верагодна, складзена Канфуцыем). У трактатах «Юэцзі» («Нататкі аб музыцы», каля 3—2 ст. да н.э.), «Шыцзі» («Гістарычныя нататкі», каля 1 ст. да н.э.) і інш. вяліся дыскусіі па праблемах эстэтыкі, тэорыі (ладагукарадныя сістэмы, рытм) і практыкі кіт. класічнай музыкі. Дынастычная абумоўленасць характару развіцця кіт. муз. культуры, якая дасягнула высокага ўзроўню ўжо ў перыяд дынастый Хань, Суй і Тан (206 да н.э. — 907 н.э.), спрыяла фарміраванню распрацаванай сістэмы прыдворна-цырыманіяльнай музыкі, абагульненай у катэгорыі я-юэ («элегантная музыка») і су-юэ (музыка свецкіх забаў). Першая ўключала музыку канфуцыянскіх рытуалаў, тэатр. і ваен. аркестраў, банкетную і вытанчаныя формы муз.-паэт. творчасці, другая — «простанародную музыку», што існавала ў шматлікіх лакальных відах. У К. шырока развіта інстр. музіцыраванне. Сярод найб. стараж. інструментаў: наборы бронз. званоў бяньчжун, літафоны бяньцынь, акарыны. Шырокі рэпертуар, зафіксаваны спец. натацыямі ў зборніках, маюць інструменты менавіта кіт. паходжання: цытры цынь і чжэн, гуслі сэ, лютня піпа, падоўжная флейта сяо, губны арган шэн, барабаны (вял. цзяньгу, гліняны ху, аднабаковы малы баньгу, тамбурын яагу), струнныя смычковыя эрху, баньху і інш. У 13—14 ст. у кіт. музыцы вылучыліся 2 традыцыі — паўночная (характэрны гераічная тэматыка, прастата муз. мовы, выкарыстанне 7-ступенных ладоў) і паўднёвая (перавага лірычных вобразаў, больш вытанчаныя тэхн. сродкі, пентатоніка, перавага драўляных муз. інструментаў). Сярод шматлікіх мясц. вак., інстр. і танц. стыляў — янгэ (нар. танцы са спевамі), лянжэньчжуань і лянжэньтай (п’есы-дыялогі), хуагу, хуадэн (традыц. песні і сцэнкі пад музыку), тыбецкая нанма (танец з рэчытатывам). Сярод пашыраных рэгіянальных форм муз. і муз.танц. т-ра найб. вядомы као-цзянь і куньцзю (прав. Куньшань, з 16 ст.), пекінская муз. драма цзінцзюй (т.зв. «пекінская опера», 18 ст.), якая атрымала статус агульнанац. жанру. Развіваюцца таксама розныя формы вак. музыкі ў суправаджэнні муз. інструментаў, спецыфіка інтанавання якой цесна звязана з танальным характарам кіт. мовы. У 16—17 ст. пачалася дэмакратызацыя кіт. музыкі. Яна зазнала ўплыў зах.-еўрап. муз. мастацтва, што ўзмацніўся з пач. 20 ст. Цэнтрам муз. культуры К. стаў г. Шанхай. Кіт. музыканты набываюць спец. муз. адукацыю ў Еўропе. У К. створаны муз. навуч. ўстановы і аркестры зах.-еўрап. тыпу. Муз. жыццё К. найб. актывізавалася ў 1950-я г. і з 1980-х г. Развіваецца самадз. творчасць, ствараюцца новыя прафес. муз. калектывы, удасканальваецца муз. адукацыя. Найб. вядомыя кампазітары — Лі Хуаньчжы, Лю Чжы, Цюй Сісянь, Цюй Вэй, Чжу Цзяньэр, Чжэн Цюфэн, Ван Мін, Шы Гуаньнань, У Цзучан, Ду Мінсінь і інш., выканаўцы — дырыжоры Лі Дэлунь, Ян Лянкун, Хуан Сяотунь, Цао Пэн, Чжэн Сяоінь, спевакі Чжоў Сяоянь, Вэй Чысянь, Ху Сунхуа, Чжан Юэнань, Лі Гуансі, Мян Нінь, Ван Кунь, піяністы Лю Шыкунь, Вэй Данвэн, Лі Чжэн, скрыпачы Шэн Чжунго, Ху Хуэн, Сюэ Вэй, выканаўцы на нар. інструментах Лю Дэхай (піпа), Чжан Чжэхуа (эрху), У Дзіньлюэ, У Вэнгуан (цынь). У К. дзейнічаюць Цэнтр. дзярж. т-р оперы і Кіт. оперны т-р (Пекін), т-ры балета (Пекін, Шанхай), сімф. аркестры (Пекін, Шанхай, Сіянь і інш.), т-ры пекінскай муз. драмы, Т-р кіт. песні і танца, Цэнтр. аркестр кіт. нар. інструментаў, Ансамбль песні і танца народаў Усходу, Цэнтр. нац. ансамбль песні і танца. Працуюць кансерваторыі (Пекін, Шанхай, Цяньцзінь), муз. ін-ты (Ухань, Шэньян, Сіянь, Чэнду), Ін-т кіт. нар. музыкі (Пекін), муз. вучылішчы і інш. У 1953 створаны Саюз кіт. музыкантаў.

Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва К. ў рытуальных абрадах і нар. святах, вядомых з 1-га тыс. да н.э. Адна з найб. стараж. тэатралізаваных форм — янгэ (песня маладых парасткаў), у якой сродкамі выразнасці былі музыка, спевы, танец, пантаміма. У 7 ст. н.э. на аснове прадстаўленняў танцораў, фокуснікаў, акрабатаў узнікла найб. простая тэатр. форма — фарс цаньцзюньсі, які не меў фіксаванай драматургіі і разыгрываўся 2 акцёрамі. У 10—13 ст. пашырыліся больш складаныя камічныя змешаныя прадстаўленні — цзацзюй (удзельнічалі 5 акцёраў, танцоры і музыканты, ствараліся лібрэта). Набылі папулярнасць песенна-танц. сцэнкі гэусі, песенна-сказавыя жанры гуцзыцы і чжугундзяо, шматлікія віды т-ра лялек (т-р на «каромысле», ценявы, марыянетак і інш.). У 11—12 ст. зарадзіўся сталы від тэатр. прадстаўлення, які ўключаў празаічныя дыялогі, паэтычныя арыі, пантаміму, абавязковае муз. суправаджэнне і дакладны рытмічны каркас. На Пд К. склаўся т-р наньсі — «паўднёвы т-р» («Чжан Се, пераможца на экзамене», «Сунь-мяснік», «Памылка знатнага юнака»). На Пн К. ў 1-й пал. 13 ст. ўзнікла новая тэатр. форма са старой назвай цзацзюй, т.зв. «юаньская драма», што дамінавала да 1368. Яна мела строга рэгламентаваную форму з абавязковымі правіламі: наяўнасць 4—5 актаў, цыклы арый на пэўны набор мелодый у адной танальнасці, якія звязаны адзінай рыфмай і выконваліся адным персанажам, строгі падзел на амплуа і інш. Вядомы каля 750 п’ес «юаньскай драмы» (захаваліся каля 160), у т. л. «Крыўда Доў Э», «Восень у Ханьскім палацы», «Шалёны Жэнь» Ма Чжыюаня, «Заходні флігель» Ван Шыфу. У канцы 14—17 ст. пашырыўся жанр чуаньці (апавяданне пра дзіўнае) — працяг наньсі ў больш познім «алітаратураным» варыянце. Гэта былі творы вял. аб’ёму з вял. колькасцю дзеючых асоб, складанай фабулай і некалькімі дзесяткамі карцін: «Апавяданне пра Нанькэ» Тан Сяньцзу, «Палац вечнага жыцця» Хун Шэна (1688), «Веер з персікавымі кветкамі» Кун Шанжэня (1698) і інш. Чуаньці ствараліся пераважна для чытання, для пастановак на сцэне з іх адбіраліся найб. яркія эпізоды. У гэты час узніклі 2 буйнейшыя кірункі кіт. т-ра: іянскі — іянцян (спектаклі-цыклы на аснове нар. мелодый і тэматыкі, блізкія да прадстаўленняў на плошчах, з перавагай рытму над мелодыяй), і куньшанскі — куньцюй (прыдворны т-р арыстакратыі, які вызначаўся высокім узроўнем акцёрскага майстэрства і вак. мастацтва, разнастайнасцю меладычных тэм). 18—19 ст. — росквіт кіт. т-ра. Удасканальвалася тэхніка выканання, узніклі новыя мясц. разнавіднасці т-ра. У рэпертуарах пераважалі п’есы на аснове стараж. легенд, міфаў, сюжэтаў класічных літ. твораў («Падарожжа на Захад» У Чэнэня, «Траяцарства» Ло Гуаньчжуна, «Рачныя затокі» Шы Наяня). У канцы 18 — пач. 19 ст. ў Пекіне сфарміраваўся т-р цзінсі, т.зв. Пекінская муз. драма. Спектаклі традыц. форм кіт. т-ра ішлі пераважна без дэкарацый (і цяпер таксама), месца дзеяння пазначалася ў тэксце персанажаў. Мужчынскія і жаночыя ролі выконвалі і акцёры і актрысы. Існаваў строгі падзел на амплуа. Выкарыстоўваліся кананізаваныя ўмоўныя прыёмы выразнасці, стылізаваныя рухі і жэсты, гульня з уяўнымі прадметамі, сімволіка грыму, касцюма, колеру. У пач. 20 ст. адбыліся спробы засваення еўрап. тэатр. сістэмы. У 1907 створана першая прафес. драм. трупа новага тыпу «Чуньяншэ» (узначальваў Ван Чжуншэн). У 1920-я г. ўзнікла вял. колькасць аматарскіх труп, шмат якія з іх спрабавалі засвоіць новую для кіт. т-ра «размоўную» драму. Цэнтр тэатр. мастацтва — Шанхай. У 1940-я г. на аснове стараж. нац. прадстаўленняў янгэ склалася новая форма муз. спектакля сінь гэцзю (новая опера) — муз.-драм. спектакль з адзінай кампазітарскай задумай і закончаным сюжэтам («Сівая дзяўчына» Хэ Цзінчжы і Дзін I і інш.). У 1958 асн. творчым метадам абвешчана «спалучэнне рэвалюцыйнага рамантызму з рэв. рэалізмам», гал. акцэнт рабіўся на калектыўную самадз. творчасць. У пач. 1960-х г. з’яўляліся і аўтарскія творы: п’есы Го Мажо («Цай Вэньцзі», «У Цзецянь») і Цао Юя («Меч мужнасці», «Яснае неба»), Крытычныя адносіны да кіт. рэчаіснасці ў іншасказальнай форме выяўляліся ў драматургіі Цянь Ханя («Гуань Ханьцын» і інш.) і У Ханя. Пасля 1976 тэатр. жыццё К. ажывілася. Рэабілітаваны многія дзеячы культуры. якія пацярпелі ў гады «культурнай рэвалюцыі». У сучасным К. большасць тэатр. труп працуе ў традыц. нац. жанрах. Асн. цэнтры тэатр. мастацтва — Пекін і Шанхай. Сцэн. калектывы розных жанраў ёсць у г. Гуанчжоў, Чунцын, Яньань і інш. Існуе шмат невял. перасоўных труп.

Кіно. Першая дэманстрацыя фільмаў адбылася ў 1896. Кінавытворчасць пачалася ў 1908 замежнымі кінематаграфістамі. Першы ўласна кіт. фільм зняты ў 1917. Уздым нац. кінематографа пачаўся ў 1920-я г. і звязаны з дзейнасцю шанхайскіх кінакампаній «Мінсін», «Наньго», «Ляньхуа». У 1934 зняты першы гукавы фільм «Гібель персікаў і сліў». Фільмы 1930 х г. ствараліся пераважна ў рэчышчы наследавання галівудскай кінапрадукцыі. У 1930-я — пач. 1940-х г. пашырыліся патрыят. фільмы «супраціўлення». У 1938 створана Усекіт. асацыяцыя кінематаграфістаў па адпоры ворагу. Пасля 1945 дэманстраваліся пераважна амер. стужкі. У 1949 створана Усекіт. асацыяцыя работнікаў кінамастацтва (з 1960 Саюз работнікаў кіно, з 1979 Саюз кіт. кінематаграфістаў). Асн. цэнтры кінавытворчасці — Пекін, Шанхай, Чанчунь. Гал. тэматычнымі кірункамі былі барацьба за вызваленне і сацыяліст. буд-ва: «Сівая дзяўчына» (рэж. Шуй Хуа і Ван Бінь), «Стальны салдат» (рэж. Чэн Інь; абодва 1950), «Зямля» (1954, рэж. Шуй Хуа), «Дачка партыі» (1958, рэж. Лінь Нун) і інш. Экранізавалася літ. класіка, у т. л. «Маленне аб шчасці» паводле Лу Сіня (1956, рэж. Сан Ху). На развіццё кіно К. паўплывалі ідэі «агульнадаступнасці», прымітывізму, скажонае разуменне прынцыпаў ідэалаг. перавыхавання творцаў. У 1958 уведзены жанр дакумент.-маст. фільма, які культываваў варожасць да мастацкасці. «Культурная рэвалюцыя» прывяла да скарачэння колькасці кінастудый, адмаўлення ад ранейшых дасягненняў кінамастацтва, забароны фільмаў, рэпрэсій супраць кінематаграфістаў, роспуску Саюза работнікаў кіно. Выпускаліся толькі дакумент. фільмы, што мелі адкрыта апалагетычны характар. З 1973 адноўлены выпуск ігравых фільмаў, якія ствараліся ў рэчышчы «рэв. рэалізму і рамантызму», у пракаце з’явіліся фільмы, забароненыя ў перыяд «культурнай рэвалюцыі», да работы вярнуліся рэпрэсіраваныя кінематаграфісты Се Цянь, Се Цзінь, Бай Ян, Чжао Дан і інш. У 1988 кіт. кінематограф дасягнуў свайго піка, але ў пач. 1990-х г. змяніўся спадам, скарацілася кінавытворчасць. У рэпертуары пераважаюць дэтэктывы, трылеры, камедыі, баевікі «кунг-фу». Сярод рэжысёраў: Чжан Імоў («Падымі чырвоны ліхтар», «Цзюцзю ідзе ў суд», абодва адзначаны «Залатым ільвом» Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі, 1991 і 1992), Чэнь Кайге («Развітанне з наложніцай», «Залатая пальмавая галіна» Міжнар. кінафестывалю ў Канах, 1993; «Жыць», прэмія за рэжысуру Міжнар. кінафестывалю ў Канах, 1994) і інш. Асн. стужкі 2-й пал. 1990-х г.: «Чырвоныя пацерачкі» (рэж. Хэ Цзяньцзюнь), «Дні» (Ван Сяошуай), «Імператарская наложніца Ян Юйхуань» (Чэнь Цзямінь), «Чырвоны феерверк, зялёны феерверк» (Хэ Пін), «Фантазія» (Лю Сяовэй), «Гісторыя Сінхуа» (Інь Лі), «Гімн імператару Цыньшыхуану» і інш. Праводзяцца Міжнар. кінафестывалі мультыплікацыйнага і навук.-папулярнага кіно (абодва ў Шанхаі), турыстычнага фільма ў г. Усі, дзіцячых фільмаў у Пекіне, Нац. конкурс сімпатыі гледачоў «Сто кветак» і конкурс Саюза кінематаграфістаў «Залаты певень».

Літ.:

Кучера С. Древнейшая и древняя история Китая: Древнекаменный век. М., 1986;

Васильев Л.С. Древний Китай. Т. 1. Предыстория, Шан-Инь, Западное Чжоу (до VIII в. до н.э). М., 1995;

Лубо-Лесниченко Е.И. Китай на Шелковом пути: Шелк и внешние связи древнего и раннесредневекового Китая. М., 1994;

Гумилев Л.Н. Хунны в Китае: Три века войны Китая со степными народами, III—VI вв. М., 1974;

Стужина Э.П. Китайский город XI—XIII вв.: экон. и соц. жизнь. М., 1979;

Бокщанин АА. Императорский Китай в начале XV в.: (Внутренняя политика). М., 1976;

Яго ж. Удельная система в позднесредневековом Китае: Период Мин, 1368—1644. М., 1986;

Малявин В.В. Китай в XVI—XVII вв.: Традиция и культура. М., 1995;

Ларин В.Л. Юго-Западный Китай во второй половине XVII — 70-х гг. XIX в.: Пробл. региональной истории. М., 1994;

Сидихменов В.Я. Маньчжурские правители Китая. М., 1985;

Забровская Л.В. Политика цинской империи в Корее, 1876—1910 гг. М., 1987;

Тихвинский С.Л. Движение за реформы в Китае в конце XIX в. 2 изд. М., 1980;

Непомнин О.Е. Социально-экономическая история Китая, 1894—1914. М., 1980;

Юрьев М.Ф. Революция 1925—1927 гг. в Китае. М., 1968;

Майстрова З.Е. Становление революционной власти в советских районах Китая, 1927—1937 гг. Новосибирск, 1988;

Мамаева Н.Л. Гоминьдан в национально-революционном движении Китая (1923—1927). М., 1991;

Сапожников Б.Г. Китай в огне войны (1931—1950). М., 1977;

Яго ж. Китайский фронт во второй мировой войне. М., 1971;

Mеликсетов АВ. Победа китайской революции, 1945—1949. М., 1989;

Социально-экономический строй и экономическая политика КНР 1949—1975. М., 1978;

КНР: Краткий ист. очерк (1949—1979 гг.). М., 1980;

Китай после «культурной революции»: (Полит. система, внутриполит. положение). М., 1979;

Идеологическая борьба в Китае (1976—1979 гг.). М., 1980;

Борисов О.Б. Внутренняя и внешняя политика Китая в 70-е гг: Полит. очерк. М., 1982;

Егоров К.А. Китайская Народная Республика: Полит. система и полит. динамика (80-е гг.). М., 1993;

Надеев И.М. «Культурная революция» и судьба китайской литературы. М., 1969;

Сорокин В.Ф., Эйдлин Л.З. Китайская литература. М., 1962;

Алексеев В.М. Китайская литература: Избр. тр. М., 1978;

Федоренко Н.Т. Китайское литературное наследие и современность. М., 1981;

Виноградова Н.А. Искусство средневекового Китая. М., 1962;

Яе ж Китайская пейзажная живопись. М., 1972;

Шнеерсон Г.М. Музыкальная культура Китая. М., 1952.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), Л.​П.​Баршчэўскі (літаратура), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.​М.​Гарахавік (музыка), А.​М.​Міхеева (тэатр), Г.​У.​Шур (кіно).

Герб і сцяг Кітая.
Да арт. Кітай. Лёсавае плато ў сярэднім цячэнні р. Хуанхэ.

Да арт. Кітай. Горны ландшафт на захадзе Цэнтральнага Кітая.

Да арт. Кітай. Афіцэры аб’яднанай еўрапейскай арміі ўваходзяць у Пекін. 1900. Тагачасны малюнак.
Да арт. Кітай. Мост цераз р. Янцзы ў г. Нанкін.
Да арт. Кітай. Рысавыя палі ў правінцыі Хунань.
Да арт. Кітай. Ляаянскі завод хімічнага валакна.
Да арт. Кітай. Краявід на Пн Тыбета.
Да арт. Кітай. Рака Хуанхэ каля г. Баатоў.
Да арт. Кітай. Будынак абсерваторыі ў Пекіне. 15 ст.
Да арт. Кітай. Галерэя Чанлан (фрагмент) у парку Іхэюань у Пекіне.
Да арт. Кітай. Будыйскі манастыр у г. Ухань.
Да арт. Кітай. Палацавы павільён Цын’яньфан у форме мармуровага карабля ў парку Іхэюань у Пекіне.
Да арт. Кітай. У цэнтры г. Шэньчжэнь.
Да арт. Кітай. Вуліца Люлічан (ганчарных майстэрняў) у Пекіне.
Да арт. Кітай. Гасцініца «Міжнародная» ў Пекіне. 1988.
Да арт. Кітай. Ваджрабхайрава (Ямантака). 17 — пач. 18 ст.
Да арт. Кітай. Бронзавыя астранамічныя прылады. 15 ст.
Да арт. Кітай. Размаляваная тэракотавая скульптура. 7 ст.
Да арт. Кітай. Вырабы з фарфору. 18 ст.
Да арт. Кітай. Гуанжун. Пейзаж.
Да арт. Кітай. Сюй Бэйхун. Конь.
Да арт. Кітай. Кадр з кінафільма «Гімн імператару Цыньшыхуану». 1990-я г.
Да арт. Кітай. Выступленне ўдзельнікаў Сіяньскага ансамбля «Чананьскай музыкі і танцаў».

т. 8, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)