МІЛЬТЫЯ́Д (Miltiadēs; каля 550—489 да н.э.),

старажытнагрэчаскі дзярж. дзеяч, палкаводзец. Са знатнага афінскага роду Філаідаў. Бацька Кімана. Паміж 523—513 да н.э. сасланы тыранам Гіпіем на Херсанес Фракійскі, дзе атрымаў у спадчыну ўладу свайго брата Стэсагора і стаў тыранам. Удзельнік паходу супраць скіфаў (514—513 да н.э.). Падпарадкаваў Афінам Лемнас і інш. Кікладскія а-вы. Падтрымліваў грэч. гарады М. Азіі ў час іх паўстання супраць Персіі (500—494 да н.э.). Пасля задушэння паўстання гарадоў уцёк у Афіны, дзе прыцягваўся да суда як б. тыран, але быў апраўданы. У 490 да н.э. выбраны адным са стратэгаў і ўзначаліў грэч. войска ў час Марафонскай бітвы, у якой атрымаў перамогу. У 489 да н.э. ўдзельнічаў у экспедыцыі супраць астравоў, што адасобіліся ад Афін; за няўдалыя ваен. дзеянні на в-ве Парас прыгавораны да грашовага штрафу, які перавышаў яго маёмасць. Памёр у турме; паводле інш. звестак, памёр раней ад ран.

т. 10, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРА́ЛЬНЫЯ АЗЁРЫ, салёныя азёры,

азёры, вада якіх моцна мінералізавана (змяшчае вял. колькасць солей). Пры салёнасці вады да 1 г/л азёры прэсныя, ад 1 да 24,7 г/л саланаватыя або слабамінералізаваныя, больш за 24,7 г/л — салёныя або мінеральныя. Пры высокіх канцэнтрацыях солей воды М.а. з’яўляюцца насычанымі растворамі або блізкімі да насычэння, адбываецца крышталізацыя солей і іх выпадзенне ў асадак (самасадачныя М.а.), вада ў іх — рапа. М.а. — характэрны кампанент засушлівых ландшафтаў. Намнажэнне солей адбываецца за кошт наносаў у бяссцёкавыя катлавіны раствораных солей, газаў, біягенных элементаў рэкамі, падземнымі водамі і атм. ападкамі, інтэнсіўнага выпарэння вады з паверхні азёр. М.а. бываюць таксама марскога паходжання (ліманы, адасобленыя залівы і інш.). Паводле хім. саставу падзяляюцца на карбанатныя (содавыя), сульфатныя (горка-салёныя) і хларыдныя (салёныя). З М.а. здабываюць кухонную соль, соду, злучэнні брому, ёду, бору і інш. хім. элементаў; некаторыя іх донныя адклады (мінер., пераважна серавадародныя гразі) выкарыстоўваюцца ў лекавых мэтах.

т. 10, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛАТКО́ЎСКАЯ (дзявочае Коласава, паводле першага мужа Астракова) Любоў Іванаўна (1804 або 1805, г. Курск, Расія — 31.10.1866), расійская і ўкраінская актрыса. Дэбютавала каля 1823. Працавала ў т-рах рас. антрэпрэнёраў П.​Сакалова (1829, Варонеж), І.​Штэйна (пач. 1830-х г., Курск), Л.​Млаткоўскага (з 1836 у Харкаве, з 1850 Адэсе, з 1856 у Кіеве). Вял. ўплыў на творчасць М. зрабілі сумесныя выступленні з акцёрамі М.​Рыбаковым і К.​Саленікам, удзел у гастрольных спектаклях П.​Мачалава і М.​Шчэпкіна, тэатр. традыцыі якіх яна сцвярджала на правінцыяльнай сцэне. Выконвала трагедыйныя ролі класічнага рэпертуару, іграла ў вадэвілях, меладрамах, укр. быт. камедыі: Луіза («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Кардэлія, Афелія («Кароль Лір», «Гамлет» У.​Шэкспіра), Каробачка («Мёртвыя душы» М.​Гогаля), Верачка, Сусанна («Дачка рускага акцёра», «Сіротка Сусанна» П.​Грыгор’ева), Наталка, Тэцяна («Наталка-Палтаўка», «Маскаль-чараўнік» І.​Катлярэўскага), Насця, Ульяна («Козыр-дзеўка», «Сватанне на Ганчароўцы» Р.​Квіткі-Аснаўяненкі) і інш.

т. 10, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры барока ў г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Закладзены ў 1617 (паводле інш. звестак у 1637 ці 1638). Рэканструяваны ў 1746—50 арх. І.​К.​Глаўбіцам (перайначаны форма даху, дэкор гал. фасада і інтэр’ера, завяршэнні 3-ярусных вежаў) і часткова ў 1887. Касцёл — мураваная 3-нефавая 6-стаўповая базіліка з 2-вежавым фасадам і 5-граннай алтарнай апсідай, да якой з Пд прылягае кляштар — 2-павярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак, накрыты вальмавым дахам (у інтэр’еры захавалася размалёўка 19 ст.). Кляштар скасаваны ў 1832. Сцены касцёла атынкаваны, аздоблены пілястрамі. У інтэр’еры багатае аздабленне лепкай і фрэскамі (сярэдзіна 18 ст.). Захавалася каля 20 кампазіцый, у т. л. партрэт фундатара, сюжэты на гіст. тэматыку, панарама камяніц тагачаснага Мсціслава. Каля касцёла цагляная брама ў выглядзе рознавял. паўцыркульных арак. Па баках брамы ўзвышаюцца невял. пінаклі.

С.​А.​Друшчыц, В.​В.​Церашчатава.

т. 10, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКАЯ КА́ФЛЯ,

архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 14—17 ст. з г. Навагрудак Гродзенскай вобл. У 14 ст. выраблялі кафлю з цыліндрычным тулавам і круглым вусцем, у 15 ст. — гаршковую з крыжападобным, сэрцападобным і трохвугольным вусцем, у 15—16 ст. — невысокую гаршковую з прамавугольным вусцем і дном, аздобленым рэльефнымі кругамі. Кафля 16—17 ст. мела прамавугольную вонкавую пласціну з рамкай па краі і румпу выш. 7—9 см. Паводле прызначэння падзялялася на сценную, карнізную, фрызавую, вуглавую, а таксама «каронкі» і «гарадкі», якімі завяршалі печы. У яе дэкоры былі пашыраны геам. (квадраты, ламаныя лініі), расл. (званочкі, валошкі, ружы, рамонкі), геральдычныя (гербы і манаграмы ўладальнікаў) арнаменты, выявы анёлаў, грыфонаў і інш., на кафлі 17 ст. — «дывановы» арнамент са стылізаваным расл. узорам.

Літ.:

Панічава Л.Р. Навагрудская кафля // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 2.

А.​А.​Трусаў.

Да арт. Навагрудская кафля. Паліваная кафля з малюнкам дывановага тыпу. 17 ст.

т. 11, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАДЖЭ́ННЕ ПА́РЫ часціца-антычасціца,

адзін з відаў узаемапераўтварэння элементарных часціц, у якім у выніку эл.-магн. (ці інш.) узаемадзеяння адначасова ўзнікаюць часціца і антычасціца. Магчымасць Н.п. (і яе анігіляцыі) вынікае з рэлятывісцкага Дзірака ўраўнення. У 1933 І. і Ф.Жаліо-Кюры эксперыментальна выявілі Н.п. электрон-пазітрон гама-квантамі ад радыеактыўнай крыніцы.

Працэсы Н.п. адбываюцца ў кулонаўскім полі ядра атама пры энергіі фатона, якая перавышае падвоеную энергію спакою часціцы (паводле законаў захавання энергіі-імпульсу Н.п. адзінкавым фатонам немагчыма). Магчымы працэс Н.п. віртуальным фатонам (гл. Віртуальныя часціцы). Пры сутыкненнях часціц высокіх энергій назіраецца таксама працэс нараджэння мюонных пар. У адронных сутыкненнях Н.п. μ​+μ​ звязана з эл.-магн. анігіляцыяй кваркаў 1 антыкваркаў, якія ўваходзяць у склад адронаў, або з працэсамі канверсіі фатонаў тармазнога выпрамянення, утвораных пры сутыкненнях кваркаў з кваркамі ці глюонамі. Працэсы Н.п. μ​+μ​ вывучаюцца ў межах квантавай хромадынамікі і кваркпартоннай мадэлі (гл. Партоны).

В.​І.​Куўшынаў.

т. 11, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЫМО́НТ, Нарымунт,

Нарымант (у праваслаўі Глеб; каля 1294—2.2.1348),

князь у ВКЛ. Сын вял. кн. Гедзіміна. Служылы князь у Ноўгарадзе з 1333, дзе атрымаў «у кармленне» г. Ладагу, Арэшак, Карэлу, палову Капор’я. Каля 1335 з’ехаў з Ноўгарада, верагодна, каб заняць пасад у Полацкім княстве пасля смерці кн. Воіна. Каля 1338 разам з полацкім епіскапам Рыгорам падпісаў дагавор з Рыгай. Паводле завяшчання бацькі атрымаў Пінскае княства, якое заставалася за яго нашчадкамі да канца 14 ст. У час праўлення вял. кн. Яўнута [1341—45] Н. быў буйнейшым землеўладальнікам і, відаць, самым уплывовым князем у ВКЛ. Супраць яго і Яўнута ў 1345 выступілі браты Альгерд і Кейстут. Н. уцёк у Залатую Арду, каля 1346 вярнуўся, але страціў Полацкае княства. У 1347 удзельнічаў у паходзе супраць Тэўтонскага ордэна. Верагодна, узначальваў войска ВКЛ у бітве з крыжакамі на р. Стрэва, у якой і загінуў.

А.​В.​Белы.

т. 11, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІДЭРЛА́НДСКАЯ МО́ВА, галандская мова,

адна з германскіх моў (заходнегерманская падгрупа). Афіц. мова Нідэрландаў, адна з 2 (разам з франц.) афіц. моў Бельгіі. Пашырана таксама ў Вест-Індыі, ЗША. Асн. дыялектныя групы: паўн.-цэнтр. (паўд.-галандскія і утрэхцкія дыялекты), паўн.зах. (паўн.-галандскія), паўд.-цэнтр. (брабанцкія і ўсх.-фламандскія), паўд.-зах. (зах.-флам. і зеландскія), паўн.-ўсх. (саксонскія), паўд.-ўсх. (лімбургскія). У фанетыцы — глухія выбухныя зычныя p, t, k, дыфтонгі; націск сілавы, пераважна на каранёвым складзе. Паводле граматычнай будовы аналітычная. У словаўтварэнні пераважае словаскладанне. Сінтакс. адносіны выражаюцца пераважна парадкам слоў і прыназоўнікавымі канструкцыямі. Асновы адзінай нормы літ. мовы склаліся ў 17 ст. У пісьмовай і вуснай разнавіднасцях літ. мовы, а таксама паміж паўн. варыянтам (у Нідэрландах) і паўд. варыянтам (у Бельгіі) існуюць тэр. адрозненні. Пісьменства на аснове лац. графікі.

Літ.:

Миронов С.А. Нидерландский (голландский) язык. М., 1965;

Яго ж. История нидерландского литературного языка (IX—XVI вв.). М., 1986.

т. 11, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СТВАЛЬД ((Ostwald) Вільгельм Фрыдрых) (2.9.1853, Рыга —4.4.1932),

нямецкі фізікахімік і філосаф, адзін з заснавальнікаў фізічнай хіміі. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1896). Скончыў Дэрпцкі (Тартускі) ун-т (1875), дзе і працаваў. З 1881 праф. Рыжскага політэхн. вучылішча, з 1887 Лейпцыгскага ун-та, адначасова ў 1898—1905 дырэктар заснаванага ім Фіз.-хім. ін-та. З 1906 праводзіў даследаванні ва ўласнай хім. лабараторыі. Навук. працы па хім. кінетыцы і каталізе, тэорыі электралітычнай дысацыяцыі, вучэнні аб колерах, гісторыі хіміі. Вывеў суадносіны паміж электраправоднасцю разбаўленых раствораў бінарных слабых электралітаў і іх канцэнтрацыяй (закон разбаўлення О.; 1888). Распрацаваў спосаб каталітычнага акіслення аміяку да азотнай к-ты (1902). У 1889 распачаў выданне серыі «Класікі дакладных навук». Стваральнік філас. тэорыі энергетызму, паводле якой адзінай субстанцыяй сусвету з’яўляецца энергія. Нобелеўская прэмія 1909.

Літ.:

Родный Н.И., Соловьев Ю.И. Вильгельм Оствальд, 1853—1932. М., 1969;

Биографии великих химиков: Пер. с нем. М., 1981.

В.Оствальд.

т. 11, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАД’ЁМНАЯ СІ́ЛА,

складальная поўнай сілы ціску вадкага ці газападобнага асяроддзя на цела, што рухаецца ў ім, накіраваная перпендыкулярна да скорасці цела.

Існуе пры несіметрычным абцяканні цела асяроддзем. Напр., пры абцяканні крыла самалёта часцінкі асяроддзя, што абцякаюць ніжнюю паверхню, праходзяць за аднолькавы прамежак часу меншы шлях, чым часцінкі, што абцякаюць верхнюю, больш выпуклую паверхню, і, адпаведна, маюць меншую скорасць. Паводле законаў гідрадынамікі ціск у патоку большы там, дзе меншая скорасць, г.зн. што ціск знізу большы, чым зверху, што і прыводзіць да ўзнікнення П.с. Яна вызначаецца формулай: Y = ​1/2 Cyρν​2S, дзе ρ — шчыльнасць асяроддзя, ν — скорасць патоку, што набягае, S — плошча паверхні цела. Су — безразмерны каэфіцыент П.с., які залежыць ад формы цела, яго арыентацыі ў асяроддзі і інш.

Да арт. Пад’ёмная сіла. Абцяканне профілю крыла самалёта. Скорасць vн < vв , ціск pн > pв , Y — пад’ёмная сіла крыла.

т. 11, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)