ІЛЬМЁНАК,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 10 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 0,2 км², даўж. 640 м, найб. шыр. 470 м, найб. глыб. 6,2 м, даўж. берагавой лініі каля 2 км. Пл. вадазбору 2,5 км². Схілы катлавіны выш. 10—20 м, на Пд парослыя лесам, на З і Пн разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, месцамі зліваюцца са схіламі. Дно да глыб. 2 м пясчанае, ніжэй глеістае. Зарастае да глыб. З м. Упадаюць 2 ручаі, на З выцякае ручай у воз. Поцех.

т. 7, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПНАДЫЯ́ЛЬНЫЯ (Capnodiales),

парадак сумчатых грыбоў кл. аскаміцэтавых. 711 родаў, 4774 відаў. Пашыраны ў рэгіёнах з цёплым кліматам. Ва ўмераных зонах і на Беларусі трапляюцца віды Meliola nidularis (выклікае чарнату на брусніцах, дурніцах, чарніцах), Capnodium salicinum (захворванне вярбы), С. tiliae (захворванне ліпы). Развіваюцца за кошт выдзяленняў тлі.

Пладовыя целы (шара-, падушка-, шчыткападобныя) утвараюцца на паверхні лісця і сцёблаў. Сумкі знаходзяцца ў поласцях, адзіночныя ці нешматлікія з патоўшчанай абалонкай на верхнім канцы. Споры з некалькімі перагародкамі, бясколерныя або бурыя, акружаны слізістым чахлом. У цыкле развіцця некат. віды маюць недасканалыя стадыі.

В.​С.​Гапіенка.

т. 8, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВА́ЙНА,

возера ў Полацкім р-не, на мяжы з Глыбоцкім р-нам Віцебскай вобл., у бас. р. Нача, за 40 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,64 км², даўж. 1,8 км, найб. шыр. 560 м, найб. глыб. 9,1 м, даўж. берагавой лініі 6,2 км. Пл. вадазбору 2,6 км². Схілы катлавіны выш. 7—10 м (на ПдУ 4—5 м) параслі лесам, месцамі разараныя. Берагі пясчаныя, пад лесам, на Пн і З сплавінныя. Мелкаводдзе пясчанае, месцамі глеістае, глыбей дно сапрапелістае. З возера выцякае р. Быстрыца.

т. 8, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РСТАВЫЯ ВО́ДЫ,

падземныя воды ў трэшчынах, порах, каналах і інш. карставых поласцях у карбанатных або галагенных пародах. Адрозніваюцца ад інш. падземных вод тым, што расшыраюць свае шляхі руху за кошт растварэння парод. Фарміраванне К.в. адбываецца ў выніку інфільтрацыі атм. вод і паглынання паверхневых вадатокаў. У падземнай цыркуляцыі К.в. вылучаюць 3 зоны: пранікнення вады з паверхні па каналах і трэшчынах, вагання ўзроўню з перыядычным запаўненнем поласцей, пастаяннага насычэння вадой. К.в. ўтвараюць крыніцы з вял., але пераменным дэбітам, падземныя рэкі і азёры невял. памераў.

В.​І.​Бучурын.

т. 8, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЫЛАЗА́ЎРЫ (Cotylosauria),

падклас вымерлых найб. стараж. і прымітыўных паўзуноў. 2 атр., 4 падатр., каля 10 сям., 80 родаў, больш за 100 відаў. Вядомы з сярэдзіны карбону да трыясу (440—230 млн. гадоў назад). Былі пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Антарктыдзе, Афрыцы.

Даўж. ад 20 см да 3,5 м. Цела прысадзістае, галава невял., хвост кароткі. Чэрап з суцэльнай покрыўкай, зубы паднябенныя, шыя кароткая (звычайна з 2 пазванкоў), канечнасці кароткія, масіўныя. Большасць насякомаедныя, былі расліннаедныя і драпежныя. Па рэштках К. вызначаюць узрост выкапнёвых адкладаў.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 8, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫНСКАЯ МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ЦАРКВА,

помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1750-я г. за межамі г. Кобрын Брэсцкай вобл., на беразе р. Мухавец, у 1841 перавезена ў горад, перабудавана з элементамі позняга класіцызму. Складаецца з асн. зруба, 5-граннай апсіды і 4 чацверыковых аб’ёмаў, размешчаных па вуглах асн. зруба. Усе аб’ёмы накрыты агульным шматсхільным дахам, у сярэдзіне якога на чацверыковым пастаменце ўзвышаецца вял. 8-гранны светлавы барабан з купалам. Гал. фасад раскрапаваны па баках выступамі і аздоблены 2 калонкамі.

Т.​В.​Габрусь, А.​М.​Мартынаў.

Кобрынская Мікалаеўская царква.

т. 8, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЭ́РЫ ((Cary) Артур Джойс Люнел) (7.12.1888, г. Ландандэры, Вялікабрытанія — 29.3.1957),

англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це. Асн. тэмы раманаў «Містэр Джонсан» (1939), «Радасць і страх» (1949) і інш., трылогій «Сама сабе здзіўляюся» (1941), «Шляхам паломніка» (1942), «З першых рук» (1944), «З любові да бліжняга» (1952), «Акрамя Госпада» (1953), «Не палюбі я гонар вышэй за ўсё» (1954) — імкненне асобы да самарэалізацыі, сувязь індывід. лёсу з паліт., маральнымі і рэліг. аспектамі, шырокім сац. фонам. Аўтар зб-ка апавяд. «Вясенняя песня» (1960), аўтабіягр. кнігі пра дзяцінства. Пісаў вершы, кінасцэнарыі, публіцыстыку.

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГІ́РАВАНАЯ СТАЛЬ,

сталь, у якой акрамя звычайных дамешкаў ёсць т. зв. легіруючыя элементы, што ўводзяцца для надання сталі лепшых тэхнал. і эксплуатацыйных уласцівасцей. Увядзенне ў расплаўленую сталь легіруючых элементаў (легіраванне) робіцца з выкарыстаннем ферасплаваў і лігатур.

Л.с. бывае: нізкалегіраваная (сумарная доза ўведзеных легіруючых элементаў да 2,5%), сярэднелегіраваная (ад 2,5 да 10%) і высокалегіраваная (больш за 10%); канструкцыйная, інструментальная сталь і сталь з асаблівымі ўласцівасцямі — гарачатрывалая і гарачаўстойлівая (гл. Гарачатрывалыя матэрыялы, Гарачаўстойлівыя матэрыялы), нержавеючая сталь, электратэхнічная сталь і інш. З Л.с. робяць дэталі машын і канструкцый, інструменты, эл.-тэхн. апараты і г.д.

т. 9, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁВЕНДАА́ЛЬДЭР (ад галанд. Leeuvendaalder ільвіны талер),

лявок, таляр ляўко, першая талеравая манета, выпушчаная ў 1575 у Нідэрландах. На аверсе — рыцар у даспехах з гербавым шчытом з выявай ільва, на рэверсе — на ўсім полі выява льва; на абодвух баках кругавыя легенды. Агульная маса — 27,648 г. Спачатку Л. выпускалі для ўнутр. абарачэння, але хутка сталі біць толькі для Леванта. З 17 ст. многія краіны выпускалі перайманні Л., звычайна нізкапробныя. У Беларусі Л. таксама абарачаўся па больш нізкім за паўнавартасны талер рыначным курсе.

Лёвендаальдэр: 1 — Гельдэрн, 1641; 2 — Утрэхт, паўлёвендаальдэр, 1640.

т. 9, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУНМЫ́НЬ,

адзін з буйнейшых будыйскіх пячорных храмаў Кітая, за 15 км на Пд ад г. Лаян (прав. Хэнань). Высечаны ў 495—898 у вапняковых скалах на берагах р. Іхэ. Складаецца з некалькіх соцень пячор (галоўныя — Біньян, 500—523; Фынсянь, 627—675) са шматлікімі статуямі будыйскіх божастваў, у т. л. Буды Вайрачана (672—676, выш. каля 15 м), рэльефамі, што ўвасабляюць слуг, манахаў, нябесных танцоўшчыц, святочныя працэсіі. Для манум.-велічнай скульптуры храма характэрны вытанчанасць прапорцый, графічная дакладнасць дэталей у спалучэнні з пластычна-мяккай трактоўкай форм. Цяпер музей.

Лунмынь.

т. 9, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)