КІСЯЛЁЎ (Генадзь Васілевіч) (н. 19.3.1931, г. Каломна Маскоўскай вобл.),

бел. гісторык, літ.-знавец, пісьменнік, археограф. Канд. гіст. н. (1964), д філал. н. (1994). Скончыў Маск. гісторыка-архіўны ін-т (1953). У 1953—56, 1960—71 працаваў у архіўных установах Вільнюса. З 1971 у Ін-це л-ры Нац. АН Беларусі. Даследуе гісторыю грамадскай думкі і нац.-вызв. руху на Беларусі 19 ст., жыццё, дзейнасць К.​Каліноўскага і яго паплечнікаў: «Сейбіты вечнага» (1963), «З думай пра Беларусь» (1966), «Паплечнік Каліноўскага» (1976), «Радаводнае дрэва: Каліноўскі — эпоха — наступнікі» (1994). Аўтар прац па гісторыі бел. культуры 19—20 ст., напісаных у жанры займальнага літ.-знаўства, у т. л. «Загадка беларускай «Энеіды» (1971), «Пошукі імя» (1978), «Расшукваецца класік...» (1989) пра аўтарства ананімных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». Даследуе жыццё і творчасць В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ф.​Багушэвіча, А.​Вярыгі-Дарэўскага, П.​Шпілеўскага і інш. Распрацаваў тэарэт. асновы археаграфіі і літ. крыніцазнаўства як асобнай навук. дысцыпліны («Ад Чачота да Багушэвіча», 1993). Складальнік і рэдактар зб-каў гіст.-архіўных дакументаў «Рэвалюцыйны пад’ём у Літве і Беларусі 1861—1862 гг.» (1964), «Паўстанне ў Літве і Беларусі 1863—1864 гг.» (1965), зб-каў па гісторыі бел. л-ры 19—20 ст. «Пачынальнікі» (1977), «Пуцявінамі Янкі Купалы» (1981), «З жыццяпісу Якуба Коласа» (1982). Распрацаваў канцэпцыю і склаў гіст.-літ. зб. «Шляхам гадоў» (1990). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1990.

Тв.:

Героі і музы: Гіст.-літ. нарысы. Мн., 1982;

Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча. Мн., 1988;

На пераломе дзвюх эпох: Паўстанне 1863 г. на Міншчыне. Мн., 1990.

Літ.:

Александровіч С. Плён навуковага пошуку // Александровіч С. Слова — багацце. Мн., 1981;

Мальдзіс А. У пошуках залатых самародкаў // Мальдзіс А.І. ажываюць спадчыны старонкі. Мн., 1994;

Батвіннік М.Б. Г.​В.​Кісялёў — даследчык жыцця, дзейнасці і светапогляду К.​Каліноўскага // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1995. № 3;

Кароль факта // Бел. мінуўшчына. 1996. № 6.

В.​У.​Скалабан.

Г.В.Кісялёў.

т. 8, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСАЗНА́ЎСТВА,

навука пра лес, яго фарміраванне, структуру, экалогію, біялогію, развіццё, сувязь з навакольным асяроддзем; тэарэтычная аснова лесаводства. Уключае лясную тыпалогію. Карыстаецца метадамі глебазнаўства (пры вывучэнні лясных глеб), кліматалогіі (пры вывучэнні фітаклімату ў лесе), фізіялогіі раслін (пры даследаванні фізіял. працэсаў у фітацэнозах), біяхіміі (пры вывучэнні кругавароту рэчываў паміж ляснымі фітацэнозамі і глебай), дэндралогіі, матэм. статыстыкі і інш. навук.

На Беларусі тыпалагічныя даследаванні лясоў праводзілі рас. лесаводы Н.​К.​Генко у Белавежскай пушчы (1902—03) і А.​А.​Крудзенер (1909). Асновы Л. як навукі закладзены ў 1920-я г. ў Горацкім с.-г. ін-це і Бел. ін-це сельскай і лясной гаспадаркі (пасля іх аб’яднання — БСГА), на Мінскай, Жорнаўскай і Цэнтр. лясных доследных станцыях (В.​І.​Пераход, Г.​М.​Высоцкі, С.​П.​Мельнік, Д.​І.​Таўсталес). Вяліся гідралагічныя і тыпалагічныя даследаванні лясоў, вывучэнне сезоннага развіцця дрэвавых і кустовых відаў і інш. У 1930 створаны Бел. НДІ лясной гаспадаркі (з 1993 Ін-т лесу Нац. АН Беларусі) і Бел. лесатэхн. ін-т (з 1993 Бел. тэхнал. ун-т). Даследаванні па Л. праводзяцца таксама ў Ін-це эксперым. батанікі і Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі, у запаведніках.

Распрацаваны тэарэт. асновы класіфікацыі тыпаў лесу, іх эколага-фітацэнатычная характарыстыка, метады вывучэння тыпаў лесу па цэнаэлементах, вызначана фармавая разнастайнасць лесаўтваральных парод, вывучаны пытанні плоданашэння і прыроднага аднаўлення лесу, прапанаваны класіфікацыя дрэў у насаджэннях і спосабы іх біял. ацэнкі. Даследаваны глебавыя працэсы пад лесам, біял. кругаварот азоту і попельных элементаў у сістэме лес — глеба, экалагічнае і фітакліматычнае асяроддзе ў лесе, уплыў кіслотнасці глебы, вільготнасці і светлавога рэжыму на дрэвавыя пароды. Выяўлены ўздзеянне экалагічных фактараў на фізіял. і біяхім. працэсы, заканамернасці ўплыву рэжыму і балансу грунтавых вод і глебавай вільготнасці на прадукцыйнасць лясных фітацэнозаў, эколага-фізіял. працэсы ўзаемадзеяння раслін у фітацэнозах. Вядзецца комплекснае вывучэнне ўзаемасувязі кампанентаў лясных біягеацэнозаў, вызначэнне і мадэліраванне гал. эколага-фітацэнатычных параметраў, экалагічны і радыялагічны маніторынг лясных біягеацэнозаў і інш.

т. 9, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАТО́НАЎ (Расціслаў Пятровіч) (н. 15.4.1930, г. Слуцк Мінскай вобл.),

бел. гісторык, публіцыст. Д гіст. н. (1982), праф. (1984). Скончыў БДУ (1955). Працаваў у друку, камсам. і парт. органах, мінскіх ВНУ. У 1973—80 сакратар Мінскага абкома КПБ, у 1980—91 дырэктар Ін-та гісторыі партыі пры ЦК КПБ. З 1992 у Бел. НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы, з 1999 нам. дырэктара ін-та, старшыня Археагр. камісіі Дзяржкамархіва Рэспублікі Беларусь, з 2000 гал. рэдактар «Беларускага археаграфічнага штогодніка». Даследуе праблемы дзярж. будаўніцтва, паліт. гісторыі Беларусі, КПБ, барацьбы бел. народа супраць ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну. Працуе ў галіне крыніцазнаўства і практычнай археаграфіі. Адзін з аўтараў калектыўных прац: «Усенародная барацьба ў Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85), «Старонкі гісторыі Кампартыі Беларусі: меркаванні, аргументы, факты» (1990), «Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944)» (1995), «Дзяржаўнасць Беларусі: Праблемы фарміравання ў праграмах палітычных партый» (1999), «Вышэйшыя органы дзяржаўнай улады і цэнтральнага кіравання БССР (1965—1991 гг.)» (ч. 1—3, 2000), «Беларусь на мяжы тысячагоддзяў» (2000) і інш. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1980—89.

Тв.:

Пропаганда научного атеизма: Ист.-социол. исслед. на материалах Компартии Белоруссии. Мн., 1982;

Авангардная сила советского общества. Мн., 1986;

На крутом переломе: Очерк основных направлений деятельности Компартии Белоруссии по осуществлению перестройки Мн., 1989 (разам з Ю.​П.​Смірновым);

Палітыкі. Ідэі. Лёсы: Грамадзян. пазіцыі ва ўмовах нарастання ідэолага-паліт. дыктату ў Беларусі 20—30-х гг. Мн., 1996;

Лёсы: Гіст.-дак. нарысы аб людзях і малавядомых падзеях духоўнага жыцця ў Беларусі 20—30-х гг. Мн., 1998;

На крутым павароце: Ідэолага-паліт. барацьба на Беларусі ў 1929—1931 гг. Мн., 1999;

Белоруссия, 1941-й: известное и неизвестное. Мн., 2000.

Літ.:

Р.​П.​Платонаў: (Да 70-годдзя з дня нараджэння): Бібліягр. паказ. Мн., 2000;

Міхальчанка А. і інш. Вучоны, грамадскі дзеяч, журналіст // Бел. гіст. часоп. 2000. № 2.

т. 12, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАМА́ТЫЯ (франц. diplomatie),

сукупнасць прыёмаў, форм і метадаў, з дапамогай якіх праводзіцца ў жыццё знешняя палітыка дзяржавы. У паняцце «Д.» ўваходзіць афіц. дзейнасць на міжнар. арэне кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, мін-ваў замежных спраў, дыпламат. прадстаўніцтваў у замежных дзяржавах і пры штабах-кватэрах міжнар. і міжурадавых арг-цый, урадавых дэлегацый на міжнар. канферэнцыях і на сесіях кіруючых органаў міжнар. арг-цый па рэалізацыі знешнепаліт. намаганняў дзяржавы, абароне яе правоў і інтарэсаў, а таксама па абароне правоў і інтарэсаў яе ўстаноў і асобных грамадзян. З паняццем «Д.» звязана майстэрства вядзення перагавораў у мэтах прадухілення і ліквідацыі міжнар. канфліктаў, дасягнення на міжнар. арэне прынцыповых кампрамісаў і агульнакарысных рашэнняў, паглыблення ўсебаковага міжнар. супрацоўніцтва. Д. рэалізуецца з дапамогай замежных візітаў кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, міністраў замежных спраў, інш. афіц. дзярж. асоб, двухбаковых і шматбаковых перагавораў, афіц. перапіскі, заключэннем дагавораў, канвенцый і пагадненняў. Дыпламат. дзейнасць кожнай дзяржавы павінна ажыццяўляцца з улікам патрабаванняў агульнапрынятых прынцыпаў і норм сучаснага міжнар. права. Паводле арт. 18 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь бел. дыпламаты прытрымліваюцца знешнепаліт. курсу, які адпавядае прынцыпам роўнасці суверэнных дзяржаў, невыкарыстання сілы ці пагрозы ўжыць сілу, непарушнасці дзярж. граніц, мірнага ўрэгулявання міждзяржаўных спрэчак і канфліктаў, неўмяшання ва ўнутр. справы інш. дзяржаў, дабіваюцца ўмацавання міру ва ўсім свеце, хутчэйшага і поўнага раззбраення пад эфектыўным міжнар. кантролем, поўнай забароны выкарыстання ядз. зброі і інш. зброі масавага знішчэння, спынення вытв-сці такой зброі, усебаковага раўнапраўнага міждзярж. супрацоўніцтва, якое накіравана на вырашэнне самых розных паліт., эканам., сац., культ., экалагічных, навук.-тэхн. і інш. праблем, што стаяць перад сучаснай міжнар. супольнасцю.

Літ.:

История дипломатии. Т. 1—3. 2 изд. М., 1959—65;

Левин Д.Б. Дипломатия: Ее сущность, методы и формы. М., 1962;

Никольсон Г. Дипломатическое искусство: Пер. с англ. М., 1962;

Сатоу Э. Руководство по дипломатической практике: Пер. с англ. М., 1961.

Ю.​П.​Броўка.

т. 6, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЫЗВАЛЕ́ННЕ ПРА́ЦЫ», Група «Вызваленне працы»,

першая руская с.-д. арг-цыя. Існавала ў 1883—1903. Створана ў Жэневе Г.В.Пляханавым, В.А.Засуліч, П.​Б.​Аксельродам, Л.​Р.​Дэйчам, В.​М.​Ігнатавым. Мела на мэце пераклад на рус. мову, выданне і распаўсюджванне твораў К.​Маркса і Ф.​Энгельса, крытыку тэарэт. асноў народніцтва і інш. У 1883—85 выпрацавала праект праграмы рас. сацыял-дэмакратаў, у якім канчатковай мэтай лічыла захоп паліт. улады і ажыццяўленне камуніст. рэвалюцыі, а бліжэйшай — звяржэнне самадзяржаўя і заваёву дэмакр. канстытуцыі. Устанавіла сувязі з многімі с.-д. арг-цыямі ў Расіі, з Пецярбургскім «Саюзам барацьбы за вызваленне рабочага класа» і інш.

Група «Вызваленне працы» мела цесныя сувязі з рэвалюцыянерамі Беларусі і зрабіла на іх значны ўплыў, садзейнічала іх пераходу на ідэйныя пазіцыі марксізму. Члены мінскай групы «Чорны перадзел» І.​Н.​Гецаў, С.​Л.​Ляўкоў, С.​Л.​Грынфест працавалі ў друкарні, удзельнічалі ў дапрацоўцы праграмы, дастаўцы ў Расію марксісцкіх выданняў. Выданні групы атрымлівалі бел. народнікі, якія друкавалі ў Пецярбургу час. «Гомон», а таксама «Гурток моладзі польска-літоўскай, беларускай і маларускай» і пецярб. «Рабочы саюз» (Бруснева група), восенню 1892 яе ўзначальваў беларус М.В.Алюшкевіч.

Група «Вызваленне працы» ўдзельнічала ў падрыхтоўцы II з’езда РСДРП (1903), на якім узмацніліся рознагалоссі паміж У.​І.​Леніным і Пляханавым і РСДРП раскалолася на бальшавікоў і меншавікоў, а «Вызваленне працы» перастала існаваць.

В.​М.​Чарапіца.

т. 4, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЫ́ЧНЫЯ ГУ́КІ,

гукі чалавечай мовы, пры вымаўленні якіх на шляху паветра, што выдыхаецца з лёгкіх, узнікае перашкода. У бел. мове якасці З.г. залежаць ад характару перашкоды і яе месца ў галасавым тракце.

Пры ўтварэнні шумных зычных асн. з’яўляецца шумавая або імпульсна-шумавая крыніца гуку, што ўзнікае ў раёне перашкоды для паветр. плыні. Калі дзейнічае толькі шумавая крыніца, узнікаюць глухія фрыкатыўныя зычныя «ф», «с», «ш», «х», пры адначасовым дзеянні галасавых звязак — звонкія фрыкатыўныя тыпу «з», «ж», «г»; калі дзейнічае імпульсна-шумавая крыніца, узнікаюць глухія выбухныя «п», «т», «к», пры папярэднім уключэнні галасавых звязак — адпаведныя ім звонкія «б», «д», «г» (выбухны). Афрыкаты «дз», «ц», «дж», «ч» характарызуюцца рэзкім пачаткам (як выбухныя) і больш працяглым шумам (як фрыкатыўныя). Пры ўтварэнні санорных «р», «л», «й», «м», «н», «в», «ў» гукавая хваля галасавой крыніцы як у галосных гукаў сустракае перашкоду (як у шумных) з адначасовым узнікненнем пабочнага свабоднага праходу для яе. Санорныя ніколі не аглушаюцца. У залежнасці ад месца перашкоды гукавой хвалі З.г. падзяляюцца на губныя «п», «б», «ф», «в», «ў», «м», зубныя «т», «д», «с», «з», «ц», «дз», «н», «л», «р», пярэдне-сярэднепаднябенныя «ш», «ж», «ч», «дж», сярэднепаднябенны «й», заднепаднябенныя «к», «г» (выбухны і фрыкатыўны), «х». З.г. акрамя «дж», «ж», «р», «ц», «ч», «ш» маюць адпаведныя парныя мяккія. Гук «й» не мае адпаведнага парнага цвёрдага.

Літ.:

Падлужны А.І., Чэкман В.М. Гукі беларускай мовы. Мн., 1973.

А.​І.​Падлужны.

т. 7, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЖЭ́ЙКА (Зінаіда Якаўлеўна) (н. 6.12. 1933, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. этнамузыколаг. Засл. дз. маст. Беларусі (1987). Д мастацтвазнаўства (1992). Скончыла Бел. кансерваторыю (1961). Прадстаўнік навук. школы Я.Гіпіуса. З 1966 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Працуе ў галіне тэарэт. этнамузыкалогіі і практычнай фалькларыстыкі. Асн. даследаванні па сістэмнай тыпалогіі бел. песеннага фальклору, яго арэальным, сац. і экалагічным аспектах; муз. кампаратывістыцы, гісторыі этнамузыкалагічнай навукі. Вядзе праграму аўдыёвізуальнай антрапалогіі (сцэнарыст і палявы рэж. 7 муз.-этнагр. фільмаў, 1972—99; «Беларусьфільм»). Аўтар манаграфій «Песенная культура беларускага Палесся» (1971), «Песні беларускага Паазер’я» (1981), «Песні Беларускага Палесся» (вып. 1—2, 1983—84), «Каляндарна-песенная культура Беларусі» (1985), працы «Народна-песенная культура Беларусі ў агульнаславянскім кантэксце» (выд. 1998; матэрыялы 12-га Міжнар. з’езда славістаў, 1998). Адзін з аўтараў і рэдактар кн. «Беларуская этнамузыкалогія: Нарысы гісторыі (XIX—XX стст.)» (1997). Падрыхтавала грампласцінкі аўтэнтычнага фальклору, у т. л. «Музычны фальклор Беларускага Палесся» (Гран-пры ЮНЕСКА 1988). Чл. камісіі слав. фальклору пры Міжнар. к-це славістаў, Еўрап. семінару этнамузыколагаў, Міжнар. асацыяцыі па нар. творчасці і інш. Прэмія імя Б.​Асаф’ева ў галіне музыказнаўства 1991 (Расія). Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

Тв.:

Проблемы методов сравнительных славяно-балканских исследований в современной этномузыкологии // Македонски фолклор. Година XIX, Cкoпje, 1986. Бpoj 37;

Белорусский песенный фольклор в европейском контексте // Weißrußland und der Westen. Dresden, 1998.

Літ.:

Мухарынская Л.С. Творчы шлях фалькларыста // Мастацтва Беларусі. 1984. № 11;

Якіменка Т. Песенная культура Беларусі ў ракурсах сістэмнай тыпалогіі і візуальнай культурнай антрапалогіі: Да пытання метаду накірункаў даследчай дзейнасці З.​Я.​Мажэйка // Музычная культура Беларусі: Дыялог часоў. Мн., 1997.

А.​А.​Саламаха.

З.Я.Мажэйка.

т. 9, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЙВЫШЭ́ЙШАЯ РА́ДА БЕЛАРУ́СКАЙ НАРО́ДНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ,

палітычная структура Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1919—20. Створана 13.12.1919 у Мінску ў выніку расколу Рады Беларускай Народнай Рэспублікі з-за супярэчнасцей паміж яе дзеячамі па пытанні аб адносінах да Польшчы. Прадстаўнікі Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) і Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф) абвінавачвалі с.-д. кіраўніцтва Рады БНР у згодніцтве і супрацоўніцтве з польск. ўладамі. У выніку большасць Рады (50 чал.) абвясціла сябе Народнай радай Беларускай Народнай Рэспублікі, меншасць, якая арыентавалася на Польшчу (37 чал.) — Н.р. БНР. Старшынёй абраны сацыял-дэмакрат Я.​Лёсік. Польск. ўлады прызналі Н.р. БНР, аднак мала лічыліся з ёй. У крас. 1920 Н.р. БНР прапанавала Польшчы заключыць дагавор аб федэрацыі, паводле якога ў Беларусі і Польшчы павінен быць супольны сейм, але асобныя заканадаўства, урады, войскі і фінансы. Польскі ўрад праігнараваў гэту прапанову. У чэрв. 1920 Н.р. БНР патрабавала ад Польшчы прызнаць незалежнасць БНР, мяркуючы, што да выбараў Устаноўчага сейма Беларусь будзе знаходзіцца пад пратэктаратам Лігі Нацый. З пач. наступлення сав. войск члены Н.р. БНР эвакуіраваліся ў Польшчу. Сярод іх пачаліся супярэчнасці. Прыхільнікі супрацоўніцтва з польск. урадам падтрымалі «бунт» ген. Л.​Жалігоўскага і ўтварэнне т.зв. Сярэдняй Літвы. У Варшаве быў створаны Бел. паліт. к-т пад кіраўніцтвам П.​П.​Алексюка. які пазней выконваў функцыі «беларускага ўрада» пры С.Н.Булак-Балаховічу. Зразумеўшы памылковасць арыентацыі на Польшчу, сацыял-дэмакраты прынялі ўдзел у нац. паліт. нарадзе ў Рызе (20.10.1920), якую праводзілі БПС-Р і БПС-Ф. Чл. прэзідыума Н.р. БНР К.​Цярэшчанка ад яе імя прызнаў Нар. раду БНР. Н.р. БНР спыніла існаванне.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 11, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАДАВО́ДСТВА БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ ІНСТЫТУ́Т (БелНДІП) Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1990 у пас. Самахвалавічы Мінскага р-на на базе галіновых аддзелаў і лабараторый БелНДІ бульбаводства і плодаагародніцтва.

БелНДІП правапераемнік Бел. аддзялення Усесаюзнага ін-та прыкладной батанікі і новых культур (створана 10.10.1925 на базе саўгаса «Лошыца 1-я» Мінскага р-на пад кіраўніцтвам М.І.Вавілава). У 1931 на базе Бел. аддзялення ў в. Лошыца 1-я засн. Бел. занальная плодаагароднінная доследная станцыя, рэарганізаваная ў 1956 разам з Русінавіцкай агароднінабульбаводчай селекцыйнай станцыяй у БелНДІ пладаводства, агародніцтва і бульбаводства (з 1964 у пас. Самахвалавічы; у 1972—90 БелНДІ бульбаводства і плодаагародніцтва).

Асн. кірункі навук. дзейнасці: селекцыя і інтрадукцыя пладовых, ягадных, малапашыраных культур, вінаграду і іх прышчэпаў; збор і захаванне генет. рэсурсаў пладовых і ягадных культур; распрацоўка і ўдасканаленне тэхналогій вытв-сці, захоўвання і перапрацоўкі пладоў і ягад, тэхналогій вытв-сці пасадачнага матэрыялу на аздароўленай аснове; селекцыйнае паляпшэнне плем. і прадукц. якасцей пчол, удасканаленне тэхналогій іх утрымання і выкарыстання; распрацоўка навук. і эканам. прагнозаў і комплексных праграм развіцця садоўніцтва і пчалярства на Беларусі; праектаванне і закладка шматгадовых пасадак і інш. У выніку селекцыі ін-там выведзена больш за 150 сартоў пладовых і ягадных культур (44 з іх раянавана на Беларусі), распрацаваны новыя тэхналогіі і методыкі размнажэння, вырошчвання і агратэхнікі; створаны новыя віды кансерваў з лячэбна-прафілакт. ўласцівасцямі. Аспірантура і савет па абароне канд. дысертацый з 1991. Выдае навук. зб. «Пладаводства». У ін-це працавалі і працуюць: Г.А.Баўтута, А.Р.Валузнёў, А.С.Дзевятаў, д-ры с.-г. н. Р.Э.Лойка і В.А.Мацвееў, Э.П.Сюбарава, А.Я.Сюбараў.

А.​М.​Крыварот.

т. 12, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАМО́ЛАЎ (Герасім Васілевіч) (17.3.1905, в. Слізнёва Сыноўскага р-на Смаленскай вобласці — 8.4.1981),

бел. геолаг. Акад. АН Беларусі (1960; чл.-кар. з 1947). Д геолага-мінералагічных н. (1940), праф. (1937). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1968). Скончыў Маскоўскую горную акадэмію (1929), працаваў у Маскве. З 1960 дырэктар Ін-та геал. навук АН Беларусі, з 1964 у Ін-це геахіміі і геафізікі АН Беларусі. Навук. працы па гідрагеалогіі (хім. метад замацавання плывуноў), прыкладной геалогіі (разведка і адкрыццё радовішчаў калійных соляў і нафты на Беларусі), геатэрміі і інш. Дзярж. прэміі СССР 1947, 1952. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

Тв.:

Геотермическая зональность территории БССР. Мн., 1972 (разам з Л.​А.​Цыбулем і П.​П.​Атрошчанкам);

Гидродинамика и геотермия нефтяных структур. Мн., 1975 (у сааўт.);

Гидрогеология с основами инженерной геологии. М., 1975.

Літ.:

Научные чтения: Тез. докл. Мн., 1995.

Г.В.Багамолаў.

т. 2, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)