МЁЗЕР (Möser) Іаган Георг, архітэктар і будаўнік 2-й пал. 18 ст. Немец. З 1738 жыў і працаваў у г. Гродна, у 1765—74 на службе ў гродзенскага старосты А.​Тызенгаўза. Паводле яго праектаў узведзены Гродзенскі палац Тызенгаўза (1760—70-я г.), корчмы «Галеча», «Выгода» (знесены ў канцы 19 ст.), «Раскоша» (усе 1770-я г., з арх. Дж.​Сака; знішчана пад час рэканструкцыі вул. Ажэшкі), Гродзенскі тэатр Тызенгаўза (1780-я г.). Аўтар тыпавых праектаў жылых дамоў для майстроў (1760-я г., гл. Гарадніца), якія працавалі на мануфактурах Тызенгаўза, і вайсковай варты Гродзенскай каралеўскай эканоміі (пабудаваны ў 1768—73). Выкладаў у школе будаўнікоў на Гарадніцы ў Гродне.

В.​Ф.​Марозаў.

т. 10, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАЛЁНАК (Іван Адамавіч) (6.6.1891, г. Маладзечна Мінскай вобл. — 24.7.1967),

удзельнік устанаўлення сав. улады на Беларусі, камбрыг (1935). Чл. РСДРП(б) з 1917. Скончыў Ваен. акадэмію РСЧА (1927). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1917 старшыня палкавога і чл. карпуснога к-таў 10-й арміі Зах. фронту, чл. Паўн.-Зах. абл. к-та РСДРП(б). У час ням. акупацыі ў 1918 на падп. рабоце ў Маладзечне, потым старшыня рэўкома. З 1919 у паліт. аддзелах 17-й і 54-й дывізій, 4-й арміі, Мазырскай групы войск Чырв. Арміі, чл. Віцебскага пав. рэўкома. З 1921 камісар 4, 8, 7-й Самарскіх дывізій, 5-га стралк. корпуса. У 1927—34 у штабе РСЧА.

т. 10, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЦАТА́КІС ((Mitsotakis) Канстанцінас) (н. 18.10.1918, г. Ханья, Грэцыя),

грэчаскі паліт. і дзярж. дзеяч. Адвакат. Скончыў Афінскі ун-т. Удзельнік руху Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну. У 1946—67 дэп. парламента. З 1963 міністр фінансаў, з 1965 на інш. міністэрскіх пасадах. У час ваен. дыктатуры (1967—74) двойчы зняволены (1967, 1973—74). жыў у эміграцыі ў Парыжы. У 1977 заснаваў Неаліберальную партыю, якая ў 1980 злілася з партыяй Новая дэмакратыя. З 1977 зноў дэп. парламента. З 1978 міністр каардынацыі і планавання ва ўрадзе К.​Караманліса, з 1980 міністр замежных спраў, выступаў за членства Грэцыі ў Еўрап. эканам. супольніцтве. У 1984—93 старшыня партыі Новая дэмакратыя. У 1990—93 прэм’ер-міністр Грэцыі.

т. 10, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЯГЛАБІ́Н (ад мія... + глабін),

складаны бялок мышцаў чалавека і жывёл, які звязвае малекулярны кісларод, што пераносіцца гемаглабінам ад лёгкіх і перадае яго акісляльным сістэмам клетак. Паводле саставу і ўласцівасцей блізкі да гемаглабіну. Ёсць пераважна ў мышцах, якія працуюць рытмічна (напр., сэрца, дыяфрагма, мускульны страўнік птушак). Многа М. ў водных млекакормячых, якія доўгі час не дыхаюць (напр., у дэльфінаў, цюленяў). М. чырв. колеру. Мал. м. 17 000. Малекула М. складаецца з аднаго поліпептыднага ланцуга (каля 150 амінакіслотных рэшткаў) і жалезапарфірынавага комплексу — гема. З кіслародам злучаецца лягчэй за гемаглабін, утварае оксіміяглабін (рэакцыя абарачальная). У чалавека ў складзе оксіміяглабіну да 14% кіслароду ад агульнага яго запасу ў арганізме, у цюленя — 47%.

т. 10, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛАДАТУ́РКІ,

удзельнікі ліберальна-канстытуцыйнага руху ў Асманскай імперыі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Рух М. пачаўся са стварэння ў 1889 навучэнцамі ваен.-мед. вучылішча ў Стамбуле тайнай арг-цыі «Яднанне і прагрэс», якая ставіла на мэце ўсталяванне ў імперыі канстытуцыйнага ладу, спрыянне развіццю краіны шляхам выкарыстання дасягненняў еўрап. цывілізацыі. М. ўзначалілі Младатурэцкую рэвалюцыю 1908. На аснове арг-цый «Яднанне і прагрэс» была створана аднайм. партыя, якая атрымала б.ч. месц у парламенце, скліканым восенню 1908. У час 1-й сусв. вайны ўсталявалі ў краіне сваю дыктатуру (трыумвірат: Энвер-паша, Талаат-паша, Джэмаль-паша). Пасля паражэння Турцыі ў вайне партыя М. забаронена, а іх лідэры ўцяклі за мяжу.

У.​У.​Куніцкі.

т. 10, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНАГАМЕ́РНАЯ ПРАСТО́РА,

прастора, размернасць якой перавышае 3. Напр., Мінкоўскага прастора-час мае размернасць 4. Мае дастасаванні ў матэм. аналізе, фізіцы. Выкарыстоўваюцца больш агульныя М.п. — n-мерныя вектарныя прасторы, n-мерныя мнагастайнасці і інш.

Паняцці звычайнай 3-мернай эўклідавай прасторы абагульняюцца на выпадак большага ліку вымярэнняў. Напр., у n-мернай эўклідавай прасторы En пункт задаецца каардынатамі x1, x2, ... , xn, якія могуць прымаць любыя сапраўдныя значэнні. Адлегласць паміж пунктамі M(x1, x2, ..., xn) і M′(x′1, x′2, ..., x′n) вызначаецца паводле формулы MM = ( x1 x1 ) 2 + ( x2 x2 ) 2 + ... + ( xn xn ) 2 Y En уводзяцца таксама паняцці лініі, прамой, адрэзка прамой, паверхні, k-мернай плоскасці і інш.

т. 10, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЗЕР ((Moser) Лукас) (каля 1390, г. Вейль-дэр-Штат, Германія — пасля 1434),

нямецкі жывапісец. Працаваў у Швабіі. Аўтар алтара св. Марыі Магдаліны ў царкве ў Тыфенброне каля г. Бадэн (жывапісныя кампазіцыі «Падарожжа па моры», «Сон святых, якія прыбылі ў Марсель», «Яўленне св. Магдаліны жонцы князя», «Апошняе прычашчэнне св. Магдаліны ў саборы Экса», «Св. Марта», «Св. Лазар», «Магдаліна выцірае ногі Хрысту ў час балю ў Сімона», «Хрыстос з дзевамі разумнымі і неразумнымі», усе 1432). Вял. дакладнасцю і назіральнасцю вызначаецца перадача тыпажу персанажаў, арх. і пейзажнага фону, светлавых эфектаў, што сведчыць пра блізкасць мастака да жывапісных прыёмаў ранняга нідэрл. Адраджэння.

Я.​Ф.​Шунейка.

Л.Мозер. Алтар св. Марыі Магдаліны ў царкве ў Тыфенброне. 1432.

т. 10, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНЖ ((Monge) Гаспар) (10.5.1746, г. Бон, Францыя — 28.7.1818),

французскі матэматык, інжынер і грамадскі дзеяч, стваральнік нарысоўнай геаметрыі, адзін з заснавальнікаў Вышэйшай нармальнай і Політэхн. школ у Парыжы (1794). Чл. Парыжскай АН (1780). Навук. працы па геаметрыі, матэм. аналізе, хіміі, оптыцы, метэаралогіі і практычнай механіцы. Стварыў агульны метад перадачы відарысаў прасторавых фігур на плоскасці. У час Франц. рэвалюцыі ўдзельнічаў у камісіі па ўсталяванні сістэмы мер і вагі, займаў розныя пасады ва ўрадзе, загадваў парахавымі і гарматнымі з-дамі. У перыяд Рэстаўрацыі пазбаўлены ўсіх правоў, выгнаны з Політэхн. школы і АН.

Літ.:

Боголюбов А.Н. Гаспар Монж, 1746—1818. М., 1976;

Демьянов В.П. Геометрия и Марсельеза. 2 изд. М., 1986.

Г.​Монж.

т. 10, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́Ў УСЕ́ВАЛАДАВІЧ,

князь гродзенскі ў 12 ст. Сын Усевалада Давыдавіча. У 1167 дапамог валынскаму кн. Мсціславу Ізяславічу заняць кіеўскі пасад. У 1168 (1167?) удзельнічаў у паходзе Мсціслава на полаўцаў. Пасля таго як у 1169 Андрэй Багалюбскі захапіў Кіеў, М.У. у 1170 дапамог Мсціславу на кароткі час аднавіць уладу над горадам: верагодна, хадзіў на полаўцаў, бо яго тысяцкі быў імі захоплены ў палон. У 1173 (1174?), пэўна, быў сярод гродзенскіх князёў, якіх Багалюбскі прымусіў удзельнічаць у паходзе на Кіеў. Хадзіў на полаўцаў у 1183 (1184?) у складзе войска вял. князя кіеўскага Святаслава Усеваладавіча. Адны даследчыкі атаясамліваюць Гарадзен, якім валодаў М.У., з сучасным г. Гродна, другія — з в. Гарадная Столінскага р-на або лакалізуюць яго на Валыні.

т. 10, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́КА (Mucke, Muka) Арнашт (10.3.1854, г. Угіст, Германія — 10.10.1932), лужыцкі мовазнавец-славіст, культ. і грамадскі дзеяч. Чл. Пецярбургскай АН, АН у Празе, Заграбе і інш. З 1870-х г. адзін з лідэраў серба-лужыцкага нац.-культ. руху, належаў да групы «младасербаў». З 1882 заснавальнік і рэдактар літ.-грамадскага час. «Lužica» («Лужыца»), з 1894 — рэдактар навук. «Časopis Mačicy Serbskeje» («Часопіса Маціцы Сербскай»), Асн. працы ў галіне мовазнаўства, краязнаўства, дэмаграфіі, літзнаўства, гісторыі, фалькларыстыкі лужыцкіх сербаў, у т. л. «Статыстыка лужыцкіх сербаў» (1884—86), «Параўнальная і гістарычная фанетыка і марфалогія ніжнелужыцкай мовы» (1891), «Слоўнік ніжнелужыцкай мовы і яе дыялектаў» (т. 1—3, 1911—28). Выдавец «Тэатральнай лужыцкай бібліяТЭЧКІ» (1876).

Дз.​І.​Лазарава.

т. 11, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)