ПСІХАЛАГІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ПРА́ВА,

кірунак прававой навукі, у якім права разглядаецца як прадукт рознага роду псіхал. установак, інстынктаў, эмоцый. Склалася ў пач. 20 ст. адначасова з паяўленнем псіхал. кірункаў у сацыялогіі і інш. сац. навуках. З пункту гледжання прадстаўнікоў П.ш.п., прычыны, якія абумоўліваюць існаванне і дзеянне права, карэняцца ў псіхалогіі асобы ці сац. групы, а не ў сац.-эканам. і паліт. умовах дзяржаўна-арганізаванага грамадства. Адзін з пачынальнікаў П.ш.п. — франц. сацыёлаг і правазнавец Г.​Тард лічыў, што ў аснове ўсіх каштоўнасцей і норм, у т. л. прававых, ляжыць інстынкт пераймання. Найб. яркім прадстаўніком П.ш.п. быў рас. юрыст Л.​І.​Петражыцкі. У ням. л-ры пад уплывам фрэйдызму і бергсаніянства склалася канцэпцыя «прававога пачуцця», паводле якой гал. у праве з’яўляюцца судовыя рашэнні, у аснове якіх ляжаць інтуіцыя, падсвядомыя перажыванні, глыбінныя псіхал. ўстаноўкі суддзі, а не нормы права. У 1930-я г. гэта канцэпцыя, якая, парушаючы прынцып законнасці, пашырала т.зв. «свабоднае судзейскае гледжанне», была ўспрынята ў ЗША рэалістычнай школай права.

т. 13, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́РЖА ПРА́ЦЫ,

установа, пасрэдніцкае звяно паміж працадаўцамі і наёмнай рабочай сілай. На сучасным этапе біржа працы — як правіла, дзярж. структура, з дапамогай якой дзяржава аказвае ўплыў на рынак працы, рэгулюе праблемы працаўладкавання беспрацоўных і тых, хто жадае змяніць прафесію. Біржы працы рэгіструюць свабодную рабочую сілу, вывучаюць попыт на яе ў розных рэгіёнах краіны і свету, даюць інфармацыю аб тым, якія прафесіі і дзе патрэбны, ажыццяўляюць навучанне работнікаў новым прафесіям і прафес. арыентацыю моладзі, а ў некат. краінах выдаюць дапамогу па беспрацоўі.

Узніклі біржы працы ў 1-й пал. 19 ст. ў Германіі і Вялікабрытаніі, затым у Францыі і інш. краінах. На пач. 20 ст. ў Вялікабрытаніі створана агульнанац. Біржа працы. У Расіі з’явіліся на пач. 20 ст. пры гар. управах буйных прамысл. цэнтраў; дзейнічалі і платныя прыватныя пасрэдніцкія канторы. У 1918 дэкрэтам «Аб біржах працы» прыватныя бюро і канторы па найме рабочай сілы ліквідаваны і створаны бясплатныя біржы працы (спынілі сваё існаванне ў сувязі з ліквідацыяй беспрацоўя ў 1930-я г.). На Беларусі на сучасным этапе праблемы працаўладкавання вырашаюць дзярж. цэнтры занятасці.

т. 3, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАВА́ЦКАЯ (Алена Пятроўна) (псеўд. Рада-Бай; 30.8.1831, г. Днепрапятроўск, Украіна — 8.5.1891),

пісьменніца, заснавальніца тэасофіі. Шмат вандравала па краінах Еўропы, Амерыкі, Азіі. У 1873 прыняла грамадзянства ЗША. У 1875 стварыла ў Нью-Йорку тэасофскае т-ва, праграма якога ўключала арганізацыю агульначалавечага брацтва без адрознення нацыянальнасці і рэлігіі, вывучэнне таямнічых невытлумачальных з’яў прыроды і развіццё звышадчувальнасці ў чалавеку. Выдавала газ. «The theosophist» («Тэасафіст», Індыя), час. «La revue théosophique» («Тэасафічны агляд») і «Lotus bleu» («Блакітны лотас»), абодва ў Парыжы, «Lucifer» («Люцыфер», Лондан). У цэнтры вучэння Блавацкай ляжыць ідэя пра існаванне эзатэрычных ведаў, якія складаюць адзіную патаемную сутнасць усіх язычніцкіх культаў, сусв. рэлігій і найб. глыбокіх філас. сістэм. Гэтыя веды, на яе думку, маюць універсальна-касм. характар, усебакова раскрываюць духоўную сутнасць і прызначэнне чалавека, тлумачаць логіку і змест існавання чалавечай цывілізацыі. Яны зашыфраваны ў міфалагічных сімвалах і сюжэтах, ант. містэрыях, акультных тэкстах. Блавацкая — аўтар манаграфій «Сакрэтная дактрына», (1888), «Ключ да тэасофіі» (1889) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Тайная доктрина: Синтез науки, религии и философии. Т. 1—2, [кн. 1—4]. Мн., 1993—94;

Теософский словарь. М., 1994.

т. 3, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСКАНЕ́ЧНАЕ І КАНЕ́ЧНАЕ,

філасофскія катэгорыі, якія выражаюць непарыўна звязаныя паміж сабой процілеглыя бакі аб’ектыўнага свету. Бесканечнае характарызуе неабмежаваную разнастайнасць прасторавых структур матэрыі, яе ўласцівасцяў і ўзаемасувязяў, колькасную невычарпальнасць у глыбіню, існаванне бясконцага мноства якасна адрозных узроўняў яе структурнай арганізацыі. У гісторыі навукі напачатку ўвага канцэнтравалася на колькасных аспектах бесканечнага, якія вывучаліся матэматыкай (гл. Бесканечна вялікая, Бесканечна малая, Бесканечнасць у матэматыцы). Ідэі бесканечнасці сустракаліся ўжо ў выказваннях стараж. індыйцаў. Большасць стараж.-грэч. філосафаў лічыла, што свет канечны і абмежаваны цвёрдым нябесным купалам. Такога ж пункту погляду прытрымліваецца хрысціянства. Толькі Нікалай Кузанскі і Дж.​Бруна ў 15—16 ст. зноў загаварылі пра бесканечнасць свету. Канечнае з’яўляецца адмаўленнем бесканечнага і ўяўляе сабой усякі абмежаваны ў прасторы і часе аб’ект. Усякая канкрэтная якасць у свеце канечная, існуе ў пэўных межах меры. Канечнае азначае таксама абмежаванасць і часовасць зямнога быцця наогул, у гэтым значэнні яно дапускае прынцыповую магчымасць далейшага, незямнога быцця.

Літ.:

Кармин А.С. Познание бесконечного. М., 1981;

Бурова И.Н. Развитие проблемы бесконечности в истории науки. М., 1987;

Жуков Н.И. Философские основания математики 2 изд. Мн., 1990.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 3, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІРА́К ((Dirac) Поль Адрыен Марыс) (8.8.1902, г. Брысталь, Вялікабрытанія — 20.10.1984),

англійскі фізік-тэарэтык, адзін са стваральнікаў квантавай механікі і квантавай тэорыі поля. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1930), замежны чл. АН СССР (1931). Скончыў Брыстольскі (1921) і Кембрыджскі (1926) ун-ты. У 1932—69 праф. Кембрыджскага ун-та, з 1971 праф. ун-та штата Фларыда (ЗША). Навук. працы па квантавай механіцы, квантавай электрадынаміцы, квантавай тэорыі поля, тэорыі электрычных часціц і тэорыі гравітацыі. Распрацаваў матэм. апарат квантавай механікі — тэорыю пераўтварэнняў, прапанаваў метад другаснага квантавання (1926—27). Незалежна ад Э.​Фермі ў 1926 распрацаваў статыстыку часціц з паўцэлым спінам (гл. Фермі—Дзірака статыстыка), разам з В.​Гайзенбергам адкрыў абменнае ўзаемадзеянне (1928). Развіў рэлятывісцкую тэорыю руху электрона (гл. Дзірака ўраўненне) і прадказаў існаванне пазітрона (1928). Выказаў гіпотэзы аб існаванні элементарнага магн. зараду (1931) і антырэчыва (1933). Нобелеўская прэмія 1933 (разам з Э.Шродынгерам).

Тв.:

Рус. пер. — Лекции по квантовой теории поля. М., 1971;

Общая теория относительности. М., 1978;

Принципы квантовой механики. М., 1979.

Літ.:

Поль Дирак и физика XX века: Сб. науч. тр. М., 1990.

М.​М.​Касцюковіч.

П.Дзірак.

т. 6, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМАНЕ́ЎСКІ (Даманоўскі) Язэп

(2-я пал. 16 ст. — 1-я пал. 17 ст.),

бел. мысліцель і гуманіст, паэт эпохі позняга Адраджэння і барока. Сын Ф.Даманеўскага. З пазіцый сацыніянства (гл. Сацыніяне) удзельнічаў у 1594 у Навагрудку ў дыспуце з філосафам-схаластам М.​Сміглецкім пра спрадвечнасць Хрыста. У канцы 1590-х г. схіляўся да атэізму, адмаўляў бессмяротнасць душы, існаванне замагільнага свету, за што быў выключаны з сацыніянскай абшчыны. Займаўся паэт. творчасцю, пісаў на польск. і лац. мовах. Свае філас.-этычныя погляды адлюстраваў у вершаваных творах «Жыццё сельскае і гарадское», «Перасцярога і заахвочванне тым, хто многа гаворыць і думае, але нічога не робіць», «Суцяшэнне тым, каму мужы перашкаджаюць паводзіць сябе з годнасцю», «Некаторыя эмблемы», «Афарызмы Саламона ў паэтычным выкладанні» і інш. (1620—23). Апяваў працавітасць, памяркоўнасць, сумленнасць, імкненне да ведаў, чалавечы розум. Ідэалізаваў вясковае жыццё як увасабленне «натуральнага стану» чалавека. Каларытна апісаў жыццё бел. горада пач. 17 ст.

Літ.:

Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990.

С.​А.​Падокшын.

т. 6, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМБРО́ЎСКАЯ ((Dąbrowska) Марыя) (6.10.1889, г. Русаў, Польшча — 19.5.1965),

польская пісьменніца. У 1907—14 вучылася ў Лазанскім і Брусельскім ун-тах. Літ. дзейнасць пачала ў 1910-я г. Першыя зб-кі апавяданняў «Дзеці радзімы» (1918), «Галінка чарэшні» (1922) і «Усмешка дзяцінства» (1923) прысвечаны дзецям з іх своеасаблівым успрыманнем свету. У зб. навел «Людзі адтуль» (1926) паказаны жыццё і ўнутр. свет вясковай беднаты ў пач. 20 ст., у зб. «Прыкмета жыцця» (1938) — нялёгкае існаванне чалавека ў грамадстве. Самы вядомы твор Д. — эпічная тэтралогія «Ночы і дні» (1932—34), у якой намалявана гісторыя жыцця адной сям’і з 1860-х г. да 1-й сусв. вайны. Аўтар гіст. драм «Геній-сірата» (1939) і «Станіслаў і Багуміл» (1945), рамана-эпапеі «Прыгоды думаючага чалавека» (незакончаны, выд. 1970), «Дзённікаў» (1—5, выд. 1988), літ.-крытычных артыкулаў (зб. «Думкі аб падзеях і людзях», 1956).

Тв.:

Pisma wybrane. T. 1—3. Warszawa, 1956;

Бел. пер. — у кн.: Ад Буга да Одры: Апавяданні пол. пісьменнікаў. Мн., 1969;

Рус. пер. — Избранное. М., 1974.

М.​М.​Хмяльніцкі.

т. 6, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫКАНА́ЎЧЫ КАМІТЭ́Т РА́ДЫ УСЕБЕЛАРУ́СКАГА З’Е́ЗДА,

орган улады, створаны 3.1.1918 Радай Усебеларускага з’езда 1917.

Першапачаткова быў правобразам урада Беларусі. У яго ўвайшлі Я.​Я.​Варонка (старшыня), П.​А.​Бадунова, Т.​Т.​Грыб, М.​М.​Касцевіч, А.​У.​Прушынскі (А.​Гарун), С.​А.​Рак-Міхайлоўскі, І.​М.​Серада, Л.​І.​Заяц, Я.​Л.​Дыла, І.​В.​Лагун. Пасля выезду з Мінска Аблвыкамзаха і СНК Зах. вобласці і фронту 19.2.1918 Выканком стаў легальным органам улады. 20.2.1918 ён выдаў Першую Устаўную грамату, у якой абвяшчаў сябе найвышэйшай часовай уладай Беларусі «для кіравання краем і склікання, як можна хутчэй, Усебеларускага Устаноўчага Сойму». 21.2.1918 сфарміраваў урад — Народны сакратарыят Беларусі на чале з Варонкам — і ўсклаў на яго выканаўчую ўладу. 9.3.1918 Выканком выдаў Другую Устаўную грамату, якая абвясціла стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР).

Рада Усебел. з’езда абвясціла сябе Радай БНР і т.ч. узяла на сябе функцыі парламента. У перыяд паміж пленарнымі пасяджэннямі Рады БНР вышэйшым органам дзярж. улады быў яе Прэзідыум на чале са старшынёй Рады. Выканком спыніў існаванне.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 4, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎС ((Gauß) Карл Фрыдрых) (30.4.1777, г. Браўншвайг, Германія — 23.11.1855),

нямецкі матэматык, астраном і фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1804), акад. Парыжскай (1820) і Пецярбургскай (1824) АН. Вучыўся ў Гётынгенгскім ун-це (1795—98), з 1807 праф. і дырэктар астр. абсерваторыі гэтага ун-та. Навук. працы па матэматыцы, астраноміі, фізіцы і геадэзіі. Даказаў асн. тэарэму алгебры пра існаванне хоць бы аднаго кораня ва ўсякім алгебраічным ураўненні, прапанаваў метад вылічэння эліптычнай арбіты нябеснага цела Сонечнай сістэмы па трох назіраннях. У 1832 стварыў абс. сістэму адзінак (міліметр, міліграм, секунда), разам з В.​Веберам пабудаваў першы ў Германіі эл.-магн. тэлеграф (1833). Вывучаў зямны магнетызм, распрацаваў тэорыю патэнцыялу і сфармуляваў асн. тэарэму электрастатыкі (гл. Гаўса тэарэма). Заклаў матэм. асновы вышэйшай геадэзіі, прапанаваў найменшых квадратаў метад. Распрацаваў тэорыю пабудовы відарысаў у складаных аптычных сістэмах (1840), выказаў думку пра канечнасць скорасці распаўсюджвання эл.-магн. узаемадзеянняў, прыйшоў да высновы аб магчымасці існавання нееўклідавай геаметрыі.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. тр. по земному магнетизму. Л., 1952.

Літ.:

Карл Фридрих Гаус. М., 1956.

К.Ф.Гаўс.

т. 5, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛІЯБІЯЛО́ГІЯ (ад гелія... + біялогія),

раздзел біялогіі, які вывучае сувязі сонечнай актыўнасці з рознымі з’явамі ў біясферы Зямлі. На існаванне такіх сувязей указваў у канцы 19 ст. Арэніус, навукова абгрунтаваў гэтую з’яву ў 1915 А.Л.Чыжэўскі — адзін з заснавальнікаў геліябіялогіі. Сонца ўплывае на жывыя арганізмы непасрэдна (электрамагнітныя выпрамяненні і пратоны высокіх энергій сонечных успышак) або ўскосна праз уплыў сонечнай радыяцыі на іанасферу, магнітасферу і атмасферу Зямлі. Геліябіялогія вывучае ролю гэтых фактараў у функцыянаванні біял. сістэм, іх заканамернасці і механізмы дзеяння. Выяўлена перыядычнасць біял. працэсаў, звязаная з 11-гадовым і больш працяглымі цыкламі сонечнай актыўнасці, а таксама з 27-сутачным абарачэннем Сонца вакол сваёй восі. Лічаць, што сонечная актыўнасць уплывае на ваганні ўзроўню захваральнасці, смяротнасці і функцыянальны стан нервовай сістэмы людзей, на ўраджайнасць раслін, інтэнсіўнасць размнажэння і міграцыі жывёл і інш. Гэтыя з’явы могуць перыядычна паўтарацца або мець аперыядычны характар, які звязваюць з уплывам геамагнітных бур, што ўтвараюцца пасля ўспышак на Сонцы. Вывучэнне прыроды і прагназаванне з’яў геліябіялогіі важныя для экалогіі, касм. біялогіі, сельскай гаспадаркі, медыцыны і інш.

т. 5, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)